Структурныя прынцыпы альтэрнатыўнага нацыятварэньня




Дата канвертавання10.05.2016
Памер88.51 Kb.
http://www.arche.by/by/8/10/121/

Уладзімер Фурс

Структурныя прынцыпы альтэрнатыўнага нацыятварэньня


1. ПАСТАНОЎКА ПЫТАНЬНЯ

Дзеля таго, каб на пытаньне можна было асэнсавана адказаць, яго неабходна карэктна паставіць (хрэстаматыйны прыклад «пытаньня з падвохам» з эратэтычнай лёгікі: «Вы яшчэ п’яцё каньяк ранкам?» — «Не, ну што Вы!» — «Ага, то бок раней усё-ткі пілі!»). Пытаньне нацыянальнай ідэнтычнасьці — з тых, якія кранаюць за жывое і патрабуюць вызначыць сваю пазыцыю практычна значным спосабам. Гэтае пытаньне – мабілізоўнае, і не выпадкова ім так часта злоўжываюць “ідэолягі” (ці то шчыра апантаныя ідэяй, ці то махляры), бо ўжо самой ягонай пастаноўкай яны набываюць уладу над тымі, хто адказвае, і ў значнай ступені перадвызначаюць адказ. Дзеля таго, каб пазьбегнуць схаванай ідэалягічнай індактрынацыі, важна карэктна вызначыць сэнс таго калектыўнага “мы, беларусы”, якое азначае ляяльнасьць індывідаў, ахопленых гэтым «мы».


Дзеля гэтага трэба найперш пераадолець «натуралізацыю ідэі нацыі» [1] — разуменьне нацыі як натуральных і пераважна чалавечых супольнасьцяў, паводле якога кожны чалавек ад пачатку амаль непазьбежна належыць да той ці іншай нацыі і ў вялікім сьвеце сутыкаецца зь іншымі людзьмі як прадстаўнік сваёй нацыі з прадстаўнікамі іншых. Пры гэтым лічыцца, што нацыянальная самасьвядомасьць — у адрозьненьне ад “натуральна” ўласьцівай усім людзям нацыянальнай прыналежнасьці, — гэта тое, ступень чаго можа зьмяняцца і што нацыянальнай эліце варта мэтанакіравана абуджаць; чалавек без разьвітай і недвухсэнсоўнай нацыянальнай самасьвядомасьці ўяўляецца як “недачалавек”, як істота, якая не ўсьведамляе сябе і свае карані, як пазбаўлены памяці «манкурт». Натуралізацыя ідэі нацыі (альбо «мэтадалягічны нацыяналізм» [2] зьяўляецца цэнтральным “тэарэтычным апірышчам” таго схаванага шантажу, які ўзьнікае пры некарэктнай пастаноўцы пытаньня пра нацыянальную ідэнтычнасьць (гл. пра «шантаж Асьветніцтва» ў Мішэля Фуко).


«Няхай жыве розум!» — у сучасных сацыяльна-навуковых ведах “мэтадалягічны нацыяналізм” дэзавуяваны, галоўным чынам дзякуючы асэнсаваньню таго складанага комплексу працэсаў, які звычайна пазначаецца словам «глябалізацыя» [3]. Нацыі — гэта ня нейкія меркаваныя сацыяльныя сутнасьці, якія заўсёды ўжо існуюць і якія натуральным чынам яднаюць вялікія групы людзей, а калектыўныя творы ці, больш дакладна, палітычныя праекты. Пры гэтым “палітыка” разумеецца тут не як барацьба за ўладу ці сыстэма кіраваньня, а як агульная справа вольных людзей: палітыка надае людзям дадатковае вымярэньне іх жыцьця, што належыць ужо не да парадку індывідуальнай біяграфіі альбо сямейнай генеалёгіі, а да парадку гісторыі. І нацыянальнае «мы» перастае быць фантомам дзякуючы ідэнтыфікацыі (усьвядомленай ці неўсьвядомленай) людзей з дынамічнай палітычнай супольнасьцю: людзі інвэстуюць сябе ў той ці іншы нацыянальны праект, і толькі дзякуючы гэтаму ён становіцца практычнай рэальнасьцю, характарыстыкай масавых сацыяльных паводзінаў, а ня толькі дэклярацыяй палітычных актывістаў.


Нацыянальная (сама)ідэнтыфікацыя сёньня — гэта ў значнай ступені прадмет свабоднага выбару, які, аднак, не азначае самавольства: чалавек ня здольны далучыцца да любой нацыі, да якой хоча — неабходнымі ўмовамі зьяўляюцца падзяляныя ім каштоўнасьці, перажываная салідарнасьць (небіялягічная роднасьць), адзінства ладу жыцьця. Я, напрыклад, не магу стаць кітайцам, але, у прынцыпе, мог бы стаць расейцам альбо літоўцам. Акрамя таго, трэба ўлічваць, што нацыя – не адзіны від дынамічных палітычных супольнасьцяў, якія дазваляюць «удзельнічаць у гісторыі» – цалкам магчымая ідэнтыфікацыя з транснацыянальнымі палітычнымі праектамі (не «я – беларус», а, напрыклад, «я – «зялёны» ці «я – змагар за гендэрную раўнапраўнасьць» і да т. п.); больш таго, магчыма таксама і сьвядомае ўхіленьне ад любой шырокамаштабнай палітычнай мабілізацыі, і няма рацыянальных падставаў для таго, каб лічыць людзей, якія абмяжоўваюць свае жыцьцёвыя праекты сфэрамі прыватнага і штодзённага жыцьця, «недачалавекамі».

 

2. АФІЦЫЙНАЯ ВЭРСІЯ БЕЛАРУСКАЙ ІДЭНТЫЧНАСЬЦІ

Сапраўдная сёньняшняя праблема – ня ў тым, што нацыянальны праект у Беларусі кволы альбо неразьвіты, а ў відавочным дамінаваньні афіцыйнай вэрсіі калектыўнага «мы, беларусы»: гэта вельмі магутны (ён умацоўваецца ідэалягічнымі і рэпрэсіўнымі апаратамі аўтарытарнай дзяржавы) і эфэктыўны ў сваім мабілізоўным узьдзеяньні нацыянальны праект. І гэтая праблема зьяўляецца найперш “тэарэтычнай”, а не практычнай: для таго каб выбудаваць жыцьцяздольную альтэрнатыву афіцыйнаму нацыянальнаму праекту, неабходна высьветліць ягоную будову і ўмовы магчымай альтэрнатывы.


А чым, уласна кажучы, гэты праект кепскі? Па-першае, тым, што ён зьяўляецца дэзарыентоўным і маніпулятыўным — ён будуецца на падмене паняткаў: ляяльнасьць нацыі як палітычнай супольнасьці свабодных людзей тут падмяняецца ляяльнасьцю аўтарытарнай дзяржаве; «сапраўдны беларус» — гэта паслухмяны жыхар дзяржавы, безумоўны патрыёт лукашэнкаўскай Беларусі.


Удакладнім: афіцыйны нацыянальны праект настолькі ўплывовы ня толькі таму, што ён навязваецца аўтарытарнай дзяржавай, але і (у вельмі значнай ступені!) таму, што ён пазытыўны: гэта «праект шчасьця» — шчасьлівага жыцьця для мільёнаў грамадзян Рэспублікі Беларусь, і, як такі, ён — пры адсутнасьці пераканаўчых альтэрнатываў — слушна атрымлівае масавую падтрымку. Тым ня менш, афіцыйны нацыянальны праект кепскі (па-другое) тым, што прапануе падманнае шчасьце, сьвядома ўрэзанае. І справа тут зусім ня ў тым, што прапануецца жыць па сродках (гэта непазьбежна), а ў тым, што ўмовай даступнасьці шчасьця зьяўляецца прызнаньне грамадзянамі сваёй фундамэнтальнай паднагляднасьці дзяржаве. Ідэнтыфікацыя з афіцыйным нацыянальным праектам патрабуе ад беларускіх грамадзян самаабмежаваньня самасьці (вменяемости) шляхам рэгрэсіўнага аднаўленьня ўласнага «Я».


Коратка патлумачым гэтую важную тэзу. З апорай на аналітычную псыхалёгію [4] можна вызначыць рэгрэсію як спэцыфічную рэакцыю асобы на шок уласнай неўладкаванасьці пры зьмене сытуацыі альбо ў сытуацыі сур’ёзнай няпэўнасьці. Бо чалавечае «Я» — гэта ў значнай ступені «Я магу (быць тым і тым, зьдзейсьніць тое і тое)», і калі раптам выяўляецца, што «не, аніяк не магу!», то выйсьцем з гэтай фрустрацыі («я — ніхто», «я — лопнутая мыльная бурбалка») можа быць, у прыватнасьці, зьніжэньне недарэчна завышаных патрабаваньняў і фармаваньня больш сьціплага вобразу «Я». Наагул, рэгрэсіўнае аднаўленьне сябе (уласнага «Я») — звычайная рэч у псыхічнай дынаміцы асобы (падкрэсьлім, што ў Юнга кароткатэрміновая рэгрэсія мае станоўчы сэнс: зваротны рух лібіда да больш раньняга спосабу адаптацыі, разьняволенае ўяўленьне можа быць перадумовай прасоўваньня наперад у сьвядомай адаптацыі да вонкавых умоваў, новай “прагрэсіі”). Іншая рэч — рэгрэсія затрыманая, патагенная, якая азначае ня простае зьніжэньне завышанага самаразуменьня, а структурную паталёгію асобы — самаабмежаваньне самасьці, перадавер (наўзамен на гарантыі бясьпекі і мінімальнага дабрабыту) камусьці іншаму (у выпадку Беларусі — аўтарытарнай дзяржаве) уласнага права дарослага чалавека разумець дабро і зло і адпаведным чынам рабіць вольны выбар.


У рамках афіцыйнай вэрсіі нацыянальнага праекту беларусы, падобна на псыхічна нездаровых людзей, маюць патрэбу ў фундамэнтальным наглядзе з боку дзяржавы, нібыта пакінутыя на волю лёсу яны абавязкова самі сабе нашкодзілі б (каб пазьбегчы непаразуменьня, падкрэсьлю, што пад “наглядам” тут разумецца не забесьпячэньне сацыяльных правоў грамадзянаў — гэта падставовы абавязак любой сацыяльнай дзяржавы, — а частковае прысвойваньне дзяржавай права дзеяздольных грамадзянаў самастойна меркаваць , што зьяўляецца добрым ці кепскім, і дзейнічаць адпаведна з гэтым меркаваньнем). Нават калі абстрагавацца ад маральнага боку справы, адзначым прынцыпова ўрэзаны характар шчасьця, якое прапануецца афіцыйным праектам беларускай ідэнтычнасьці. Бо сытуацыі рызыкі ня тоесныя зь небясьпекай — яны ўяўляюць сабой пэўныя суадносіны пагрозаў і новых магчымасьцяў, — і сутыкненьне зь імі мае вынікам такое творчае перавызначэньне сябе, якое дазваляе гэтыя новыя магчымасьці рэалізаваць, то бок быць шчасьлівым на шляху праяўленьня крэатыўнасьці і ўласных (індывідуальных і калектыўных) высілкаў. Але ў выпадку патагеннай рэгрэсіі гэты шлях ад пачатку блякаваны: шчасьце магчымае толькі ў межах «уяўленага» (у тым сэнсе, які гэтаму тэрміну надалі Карнэліюс Кастарыядзіс, Бэнэдыкт Андэрсан, Чарльз Тэйлар і Арджун Ападураі) сацыяльнага ляндшафту «сувэрэннай Рэспублікі Беларусь» і па ягоных унутраных «панятках».

 

3. МАГЧЫМАЯ АЛЬТЭРНАТЫВА

Такім чынам, афіцыйная вэрсія нацыянальнага праекту, нягледзячы на свае відавочныя вартасьці (пазытыўную скіраванасьць — на будаўніцтва, а не разбуральную барацьбу, кансалідацыю беларускага грамадзтва, забесьпячэньне мінімальнага прымальнага ўзроўню шчасьлівага жыцьця беларусаў), зьяўляецца прынцыпова непаўнавартаснай: па-першае, гэты нацыянальны праект падначалены задачы самазахаваньня беларускага аўтарытарнага рэжыму і не арыентаваны на фармаваньне паўнавартаснай нацыі, па-другое, ён збудаваны так, што блякуе крэатыўнасьць і таму, нягледзячы на свае часовыя посьпехі, зьяўляецца тупіковым шляхам разьвіцьця. Але калі карэктная пастаноўка пытаньня пра беларускую ідэнтычнасьць у сваім нэгатыўным складніку мае на ўвазе крытыку паноўнай афіцыйнай вэрсіі «мы, беларусы», то яе пазытыўны складнік павінен пазначаць абрысы жыцьцяздольнай альтэрнатывы.


Пачнем з абмаляваньня каштоўнасных арыентыраў апошняй. Для гэтага, найперш, неабходна вызваленьне ад нэалібэральных ідэалягічных шораў “постсацыялістычнага дэмакратычнага транзыту». Па-першае – таму, што «чорна-белая транзыталёгія» відавочна непераканаўчая як тэарэтычна, так і эмпірычна; постсацыялістычны арэал вельмі разнастайны і таму “транзыт” у розных краінах значыў рознае. Напрыклад, у краінах Балтыі гэта было “вызваленьне ад савецкай акупацыі і вяртаньне ў Эўропу (уступленьне ў Эўразьвяз)», у той час як у постсавецкім «ядры» (Беларусь, Расея, Украіна) — «траўматычны распад вялікай краіны, згубны грамадзкі хаос, безадказныя і бязглуздыя “дэмакратычныя” рэформы». Па-другое – таму, што які б зьмест ні набываў “постсацыялістычны транзыт”, “пераходная эпоха” практычна паўсюль ужо скончылася і насталі іншыя часы. Іхны прыход у глябальным маштабе, як падаецца, адзначаецца цяперашнім крызісам фінансавай сыстэмы: мяркуючы па ўсім, гаворка ідзе пра заканчэньне нэалібэральнай эпохі, якая пачалася пасьля пасьпяховага выхаду з тупіка «грамадзтва ўсеагульнага дабрабыту», якое пацярпела паразу ў канцы 60-х – пачатку 70-х гг. 20 ст. Хоць нэалібэралізм ужо даўно стаў прадметам крытыкі і быў памякчаны «палітыкай Трэцяга шляху», «мультыкультуралізмам», праектамі «радыкальнай дэмакратыі», дзяржаўным кантролем над «глябальнымі патокамі» і г. д., менавіта ён служыў палітыка-эканамічным аабгрунтаваньнем для глябальнай гегемоніі лібэральнага Захаду. Дзеля падмацаваньня сваіх дамарошчаных глябальных мудраваньняў спашлюся на нядаўні артыкул Фрэнсіса Фукуямы «Закат карпарацыі Амэрыка» (расейскі пераклад якога лёгка даступны ў Сеціве). Гэты сусьветна вядомы, хаця не такі ўжо і глыбокі мысьляр тым ня менш вельмі чуйна адчувае зьмены – калі і не Zeitgeist, то глябальнай каньюнктуры.


У прыватнасьці, у Беларусі ў канцы 1990-х гг. (а крыху пазьней — таксама ў Расеі і ва Ўкраіне) склалася арыгінальная грамадзкая «канстэляцыя» з уласным патэнцыялам разьвіцьця, і гэтае — пакуль малазразумелае — разьвіцьцё заслугоўвае самага ўважлівага сацыяльна-навуковага вывучэньня . А пакуль уласны каштоўнасны далягляд гэтага магчымага разьвіцьця не зусім зразумелы, даводзіцца задавальняцца вельмі абстрактна вызначанымі каштоўнасьцямі, асноўнай зь якіх зьяўляецца, натуральна, свабода. Ня трэба “змагацца за дэмакратыю” — усяго толькі трэба быць вольнымі людзьмі. Гэта цяжка (асабліва калі каленцы кволыя), але проста: «калі хочаш быць свабодным — будзь ім!”; адзіная рэальная перашкода — у табе самім.


Абстрактную ідэю свабоды датычна да грамадзтва можна канкрэтызаваць выкарыстаньнем панятку «грамадзкай дамовы», разьвітага ў палітычнай філязофіі Новага часу. Гэты панятак дазваляе зразумець пераход чалавечых супольнасьцяў з “натуральнага” стану ў “палітычны”. Ён відавочна некарэктны ў пляне гістарычнага тлумачэньня, але значны ў нарматыўным пляне: сапраўдная палітычная супольнасьць павінна ўтварацца шляхам узаемнай дамовы індывідаў і групаў на грунце падзяляных каштоўнасьцяў. Нацыя — гэта агульная справа аўтаномных (цалкам уцямных, непаднаглядных) грамадзянаў; навязьліваму наглядніку ў пытаньнях агульнага дабра і агульнага зла (дзяржаве) варта ветліва сказаць: “дзякуй, ня трэба, як-небудзь самі разьбярэмся”. Асноўным генэратарам і структурным прынцыпам альтэрнатыўнага нацыянальнага праекту зьяўляецца не апазыцыйная дзейнасьць і не прапаганда беларускай мовы і культурнай спадчыны, а гарызантальны грамадзкі дыялёг.


Аптымальнай жа формай гэтага праекту ўяўляецца інклюзіўны грамадзянскі нацыяналізм, які ўтвараецца альянсам індывідаў і груп, якія дзяржаўную незалежнасьць Беларусі лічаць каштоўнасьцю і якія скіраваныя на добраўпарадкаваньне роднай зямлі на аснове свайго ўласнага, а не накінутага кімсьці разуменьня. У адрозьненьне ад «эксклюзіўнага» этнакультурнага нацыяналізму, які прадугледжвае выключэньне «іншых», дадзены тып нацыяналізму характарызуеццаадкрытасьцю і прыцягваньнем «усіх тых, хто...» (зьяўляецца патрыётам незалежнай Беларусі і прымае каштоўнасьці індывідуальнай і калектыўнай аўтаноміі), пры гэтым належыць падкрэсьліць, што ў прапанаваным альянсе беларускі этнанацыяналізм цалкам здольны адыграць важную ролю. Каб не паўтараць ужо напісанага, падрабязьней пра гэта гл. у маім артыкуле тут (с. 53-57).


Зразумела, аднак, што нават калі значныя ідэйныя і арганізацыйныя складанасьці першапачатковага ўтварэньня падобнага альянсу (найперш беларускага этнанацыяналізму, расейскамоўнага беларускага нацыяналізму, “эўраінтэгратараў” і ”касмапалітычных лібэралаў”) будуць урэшце вырашаныя, дзеля таго, каб стаць уплывовай грамадзкай сілай, інклюзіўны беларускі нацыяналізм павінен стаць канкурэнтаздольным “праектам шчасьця” для беларусаў, а не ўсяго толькі элітысцкім «праектам годнасьці».

 

 

1. Calhoun C. Nationalism and the Contradictions of Modernity // Berkeley Journal of Sociology. Vol. XXXII. 1997-1998. P. 3.


2. Martins H. Time and Theory in Sociology // Approaches to Sociology / Rex J. (ed.). London: Routledge & Kegan Paul, 1974. P. 276; Smith A. D. 1979. Nationalism in the Twentieth Century. Oxford: Martin Robertson, 1979. P. 291.


3. Chernilo D. Social Theory’s Methodological Nationalism: Myth and Reality // European Journal of Social Theory. 2006. 9; 5.




4. Юнг К. Г. Психология бессознательного. Москва: Канон, 1996. C. 224–231.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка