Структурна-граматычны аналіз гадонімаў гомельшчыны




старонка1/26
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.94 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   26


СТРУКТУРНА-ГРАМАТЫЧНЫ АНАЛІЗ

ГАДОНІМАЎ ГОМЕЛЬШЧЫНЫ
Шматмернае паняцце “структурна-граматычная характарыстыка” ўключае комплексную сістэму розных відаў аналізаў: разгляд урбанонімаў па структуры, часцінамоўнай аформленасці, будове, словаўтваральны аспект, які ўлічвае семантыку ўтваральных асноў. Патрэбна зазначыць, што словаўтваральны аспект онімаў і апелятываў поўнасцю не супадае. Ва ўтварэнні апелятыўнай лексікі ўлічваюцца непасрэдныя адносіны паміж матываваным і яго матывавальным (школьная бібліятэка – бібліятэка, якая абслугоўвае школу). Матыва-ванасць ва урбананіміі “даволі часта ўмоўная“ [63, с. 93], уласныя назвы могуць суадносіцца з “гатовымі” ўтваральнымі апелятывамі (вул. Школьная – найменне паходзіць ад прыметніка школьны, што дапасуецца ў родзе, ліку і склоне з абавязковым кампанентам вуліца, на якой размяшчалася ці размяшчаецца школа). Онімы не ўзнікаюць самі па сабе, ізалявана, таму ў іх словаўтварэнні “вялікае значэнне мае тапанімічны рад, у які ўваходзіць тапонім” [63, с. 93].

Словаўтварэнне гадонімаў Гомеля двух сінхронных зрэзаў (1914 і 1988 гг.) было аб’ектам увагі даследчыцы Г.М. Мезенка [61, с. 80-87], аднак даследаванне сучаснай урбананіміі ўсёй тэрыторыі Гомельшчыны застаецца актуальным.

Па структуры гадонімы падзяляюцца на аднаслоўныя і шматслоўныя.

5.1 Аднаслоўныя гадонімы
Да аднаслоўных гадонімаў мы адносім тыя, што складаюцца з аднаго слова-ўласнага імя. Такія найменні, як правіла, утрымліваюць абавязковыя кампаненты. У якасці кампанентаў у сучасным гаданіміконе Гомельшчыны выкарыстоўваюцца геаграфічныя тэрміны алея, вуліца, завулак, плошча, праспект, бульвар, праезд, тупік, спуск, шаша, месца якіх строга не фіксуецца, але часцей за ўсё ў групе слоў яны займаюць прэпазіцыю і значна радзей – постпазіцыю: вуліца Прывакзальная (Рэчыца), Прывакзальная плошча (Гомель), плошча Прымаставая (Мазыр), Падгорны завулак (Гомель), завулак Падгорны (Петрыкаў, Рагачоў), Ветраны праезд (Гомель), праезд Чырвона-армейскі (Добруш), бульвар Юнацтва (Мазыр), праспект Касманаўтаў (Гомель). Згодна з даследаваннямі Г.М. Мезенка, колькасць абавяз-ковых кампанентаў на працягу развіцця урбананіміі Беларусі складала звыш 30-і лексем, але іх выкарыстанне суадносілася з канкрэтнымі гістарычнымі перыядамі краіны. Адны з іх з’яўляюцца універсальнымі (вуліца, завулак), іншыя функцыянавалі ў XVI – XVIII стст., затым выйшлі з ужытку (дарога, канава). У апошнія два стагоддзі з агульнай колькасці ўжываецца 17 тэрмінаў, прычым ступень іх удзелу па рэспубліцы ў цэлым і асобна па населеных пунктах не супадае [62, с. 58]. На Гомельшчыне задзейнічана 10 такіх кампанентаў.

Геаграфічная наменклатура, якая суправаджае найменні, не пера-твараецца ва ўласнае імя, а выконвае “чыста канструктыўную ролю” [63, с. 96]. І толькі ў рэдкіх выпадках яны ўключаюцца ў склад наймення, змяняючы пры гэтым яго структуру (вул. Плошча Перамогі – в. Хальч Ветк. р-на, вул. Лельчыцкая шаша – г. Мазыр, вул. Рэчыцкая шаша – г. Гомель). Аднаслоўныя гадонімы сярод зафіксаваных складаюць 83,7% і выражаны прыметнікамі, назоўнікамі, лічэбнікамі.



5.1.1 Гадонімы-прыметнікі
Самы прадуктыўны тып адпрыметнікавых гадонімаў – атрыбутыўны, што ўключае ў назву лінейных аб’ектаў вытворныя простыя, складаныя і невытворныя прыметнікі (57,9%). Тэматычныя групы матываваных прыметнікаў разнастайныя.

Вытворныя простыя прыметнікі-назвы аформлены пры дапамозе афіксаў. Найбольш часта выкарыстоўваюцца суфіксальныя ўтварэнні, але арсенал суфіксаў абмежаваны, задзейнічаны ў асноўным суфіксы -н-, -ск- (яны могуць ускладняцца іншымі элементамі), -ов-, што выразна выяўляюць ва урбананіміі свае марфематычныя сувязі.



Суфікс -н- далучаецца толькі да асновы апелятыўнай лексікі 12-і тэматычных груп, якія мы пададзім з улікам іх ступені прадуктыўнасці. Гэта лексемы: 1) матываваныя назвамі аб’ектаў, устаноў, што размяшчаліся ці размяшчаюцца на лінейных аб’ектах або блізка каля іх (вул. Абсерваторная – Гомель, вул. Авіяцыйная – Светлагорск, вул. Аэрадромная – Хойнікі, вулБазарная – Жлобін і інш., завул. Бальнічны – Ельск, завул. Банны – Рагачоў, вул. Вакзальная – Гомель, Рагачоў, Хойнікі, Іпадромны завул. – Гомель, вулКлубная – в. Яроміна, вул. Мебельная – Рэчыца, вул. СтадыённаяЖыткавічы, вул. Спартыўная – Буда-Кашалёва, завул. Швейны – Мазыр, вулШкольная – амаль у кожным населеным пункце, вул. Фабрычная – Нароўля) (колькасную характарыстыку назваў усіх лексічных груп тут і далей адлюстроўвае слоўнік урбанонімаў, гл. Дадатак № 5); 2) гадонімы, названыя ў гонар сімвалаў савецкай эпохі (вул. Інтэр-нацыянальная, вул. Камуністычная, вул. Маладзёжная – паўсюдна, вул. Мірная – Мазыр, вул. Народная – Гомель, вул. Працоўная – паўсюдна, вул. Рэвалюцыйная – Добруш, Калінкавічы, вулУдарная – Гомель, вул. Юбілейная – паўсюдна); 3) паводле арганізацый і форм іх працы: вул. Арцельная – Гомель, вул. Кааператыўная, вул. Калгасная – паўсюдна, завул. Калектыўны – Мазыр, Нароўля, вул. Прафсаюзная – Гомель, вул. Саўгасная – Жлобін, Петрыкаў, Рэчыца; 4) паводле шляхоў зносін, у першую чаргу чыгуначных (вул. Лакаматыўная – Гомель, Жлобін, вул. Сарціровачная, вул. Таварная, вул. Станцыйная – Жлобін, вул. Чыгуначная – Ельск, Хойнікі і інш.). Назвы аўтамабільных шляхоў зносін знаходзяцца ў аснове наступных гадонімаў: вул. Да-рожная – Добруш, Нароўля, Светлагорск, вул. Прасёлачная – Гомель, вул. Шасейная – вв. Дабрынь, Галоўчыцкая Буда Нар. р-на. Асобныя гадонімы ўказваюць на агульную назву галіны народнай гаспадаркі, звязаную з перавозкай людзей: вул. Магістральная – Гомель, завул. Магістральны – Мазыр, вул. Транспартная – Гомель, Рагачоў, завул. Транспартны – Калінкавічы, Мазыр; 5) матываваныя ландшафтам мясцовасці: вул. Азёрная – Ветка і інш., вулБалотная – в. Кароткавічы Жл. р-на, вул. Выгонная – в. Азершчына Рэч. р-на, вул. Крынічная – Рэчыца, вул. Пясочная – Жлобін, Светлагорск, вул. Рачная – Жлобін, Карма, в. Чонкі, вул. Цалінная – Гомель; 6) па напрамках размяшчэння лінейных аб’ектаў: вул. Заходняя – Гомель, Брагін, Рэчыца, Светлагорск, Чачэрск, вул. Паўночная – Добруш, Жыткавічы, Калінкавічы, Рагачоў, Тураў, Хойнікі, вулУсходняя – Ельск, Петрыкаў, Хойнікі, Чачэрск; 7) па асаблівасцях размяшчэння аб’ектаў: вул. Аб’язная, Верхняя, Дальняя, Крайняя – Гомель, вулЛінейная – Рэчыца, в. Яроміна Гом. р-на, вул. Ніжняя – Гомель, вулПад’язная – Жлобін, вул. Папярочная – в. Карма Добр. р-на, вул. Прабойная – Стрэшын, завул. Праразны – Мазыр, вул. Сустрэчная – Петрыкаў, вулЦэнтральная – паўсюдна; 8) матываваныя назвамі флоры: вул. Вінаградная – Жыткавічы, Жытны завул. – Гомель, вул. Лясная – паўсюдна, Мурожны завул. – Гомель, вул. Сянная – Гомель, Жыткавічы, вул. Ягадная – Гомель; 9) назоўнікамі з абстрактна-сімвалічным значэннем: вул. Жамчужная – Гомель, вул. Лазурная – Гомель, Жлобін, вул. Сонечная Акцябрскі, Ельск, Жыткавічы, Лоеў, Нароўля і інш.; 10) паводле прафесій жыхароў або асоб, што пасяліліся першымі: вулАграрная – Гомель, вул. Інжынерная – Акцябрскі, Інжынерны завул., Інжынерны пр-зд – Гомель, вул. Кузнеч-ная – Жлобін, Рагачоў, вул. Саматужная – Жлобін, вул. Сталярная – Гомель; 11) матываваныя касмічнай тэрміналогіяй: вул. Касмічная – Гомель, Жыткавічы, вул. Ракетная – Рэчыца; 12) паводле пор года: вул. Асенняя – Петрыкаў, вул. Вясенняя – Гомель, Жыткавічы; 13) паводле мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне зямель: вул. Меліярацыйная – Ельск, Калінкавічы, Карма, Нароўля, Хойнікі. Простыя вытворныя прыметнікі, аформленыя пры дапамозе суфікса -н-, складаюць 36, 4%.

Суфікс -ск- прымыкае да асноў прыметнікаў, раўнамерна матываваных апелятывамі і онімамі.

Адапелятыўныя прыметнікі-гадонімы складаюць 6 груп, якія паўтараюць у асноўным папярэднюю тэматыку матываваных асноў, аднак адметнасць іх у тым, што яны выяўляюцца амаль у кожным населеным пункце. Гэта матывацыя :1) мемарыяльнымі назвамі (вул. Брацкая – Гомель, вул. Кастрычніцкая, вулСавецкая – прадуктыўна, вул. Майская – Жыткавічы; 2) назвамі арганізацый: вул. Камсамольская – прадуктыўна, вул. Мапроўская – Рэчыца, вул. Піянерская – прадуктыўна; 3) назвамі аб’ектаў, устаноў, служб, што размяшчаюцца на вуліцах або паблізу іх: вул. Гомсельмашаўская – Гомель, вул. Дэпоўская – Гомель, Жлобін, вул. Заводская – прадуктыўна, вул. Камбінацкая – Чачэрск, вулМедыцынская, вул. Універсітэцкая – Гомель; 4) сацыяльным становішчам асоб: вул. Пралетарская, вул. Сялянская – прадуктыўна; 5) назвамі прафесій, роду заняткаў: вул. Артылерыйская – Гомель, Добруш, вул. Афіцэрская – Рэчыца, вулГвардзейская, вул. Кавалерыйская – Гомель, вул. Настаўніцкая – Хойнікі, вул. Студэнцкая – Мазыр, Студэнцкі пр-зд – Гомель; 6) агульнымі назвамі ўдзельнікаў або месц барацьбы: вул. Валачаеўская – Гомель, вулПартызанская – прадуктыўна, вул. Панфілаўская – Жлобін, бульвар Страканіцкі – Мазыр. Адзінкавыя найменні з абстрактна-сімвалічным значэннем (зав. Серабранскі – Акцябрскі), звязаныя з флорай (вул. Рошчынская – Гомель), са старажытнымі святамі (вул. Купальская – Гомель).

Онімныя прыметнікі-гадонімы паходзяць ад 5-і класаў анамастычнай лексікі, але пераважаюць адайконімныя дэрываты. Іх узнікненне абумоўлена тым, што гадонімы размешчаны ў накірунку да асобных населеных пунктаў (гарадоў, вёсак): вул. Беражэцкая – Тураў, ад в. Бярэжцы, вул. Бранская – Гомель, вулБукчанская – в. Прыбалавічы Лельч. р-на, ад в. Букча, вул. Іскраўская – Светлагорск, ад в. Іскра, некаторыя урбанізаваліся: вул. Белкаўская – в. Белка цяпер у мяжы Петрыкава, вул. Любенская, Ціценскі тупік – вв. Любны, Ціценка цяпер у мяжы Гомеля, многія названы ў гонар гарадоў нашай рэс-публікі, былога СССР: вул. Адэская – Калінкавічы, вул. Магілёўская – Гомель, Жлобін, Рагачоў, вул. Мазырская – в. Жгунь Добр. р-на, Жлобін, вул. Маскоўская – Добруш, Ельск, Жлобін, Калінкавічы, вул. Мінская – Гомель, в. Барсукі Карм. р-на, Добруш, Ельск, вул. Нараўлянская – Акцябрскі, вул. Пінская – Гомель, вул. Полацкая – в. Кароткавічы Жл. р-на, вул. Севастопальская – Калінкавічы, вул. Чачэрская, вул. Яраслаўская – Гомель.

Адантрапонімныя дэрываты гадонімаў ў форме субстантываваных прыметнікаў з’яўляюцца назвамі ў гонар знакамітых асоб: вул. Крупская – Добруш, Жлобін, вул. Ленінская – Акцябрскі, Ельск, Жлобін, Мазыр, Петрыкаў, вул. Ульянаўская – Гомель, Жлобін, вул. Гогалеўская, вул. Пушкінская – Жлобін.

Адзначаецца група гадонімаў-прыметнікаў, утвораных далучэннем суфікса -ск- да ўтваральнай асновы гідронімаў, у першую чаргу тых, на берагах якіх узніклі населеныя пункты: вул. Дняпроўская – Жлобін, Камарын, Лоеў, Рэчыца, г.п. Стрэшын, вул. Друцкая – Рагачоў, вул. Прыпяцкая – Петрыкаў, завул. Прыпяцкі – Мазыр, вул. Сожская – Гомель. Дадзеную групу пашырае матыў у гонар іншых аддаленых гідронімаў: вул. Амурская, вул. Балтыйская, вул. Дняпроўская – Гомель, вул. Прыпяцкая – Светлагорск.

Суфікс -ск- прысутнічае ў аснове прыметнікаў, што паходзяць ад назваў прыродных і адміністрацыйных харонімаў (вул. Беларуская – прадуктыўна, вулУкраінская – Гомель, вул. Палеская – прадуктыўна), этнонімаў (вул. Славянская – Жыткавічы, Светлагорск). Гадонімы, у аснове якіх знаходзіцца суфікс -ск-, складаюць 33,1%.

Марфематычныя сувязі суфікса -ов-(-ав,-ёв-) праяўляюцца ў адапелятыўных прыметніках, утваральныя асновы якіх складаюць 6 асноўных тэматычных груп, што ўключаюць назвы: 1) флоры: вул. Альховая – в.Мілашавічы Лельч. р-на, вул. Баравая – Гомель, вул. Бэзавая – Жыткавічы, вулБярозавая – п. Крынічны Маз. р-на, вул. Верасовая – Гомель, вул. Вішнёвая – Буда-Кашалёва, Добруш, Рэчыца, в. Урыцкае Гом. р-на, вул. Гваздзіковая – Гомель, завул. Каштанавы – Рагачоў, вул. Кляновая – Жыткавічы, вул. Ліпавая – в. Яроміна Гом. р-на, вул. Малінавая – Жыткавічы, вул. Паркавая – прадуктыўна, вул. Садовая – паўсюдна, вул. Сасновая – прадуктыўна, вул. Сунічная – Гомель; 2) геаграфічнай наменклатуры: вул. Берагавая – Гомель, Васілевічы, вул. Горная – Гомель, вул. Лугавая, вул. Палявая – паўсюдна, вул. Стэпавая – Буда-Кашалёва, г.п. Церахоўка; 3) аб’ектаў, устаноў, служб, што размяшчаліся ці размяшчаюцца на вуліцах, завулках або паблізу іх: вул. Базавая – Гомель, завул. Бытавы – Жыткавічы, вул. Замкавая – Чачэрск, вул. Маставая – Жлобін, Светлагорск, завул. Маставы – Мазыр, вул. Партовая – Гомель, Мазыр, вул. Паштовая – прадуктыўна, вул. Прамысловая – Жлобін, Мазыр, вул. Тарговая – Добруш, вулТанкавая – Рэчыца; 4) характа-рыстыкі размяшчэння саміх лінейных аб’ектаў: вул. Кальцавая – Калінкавічы, Кальцавы завул. – Гомель, вул. Канцавая – Гомель, завул. Канцавы – Мазыр, вул. Тупіковая – Рагачоў; 5) з абстрактна-сімвалічным значэннем: вул. Бірузовая – Гомель, вул. Мядовая – Жлобін; 6) накірункаў размяшчэння: вул. Паўднёвая – прадуктыўна. Адзінкавыя гадонімы захоўваюць назвы былых адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак (вул. Павятовая – Гомель), указваюць на статус населеных пунктаў (вул. Пасялковая – Жлобін, Жыткавічы), сведчаць аб урбанімізацыі населеных пунктаў (вул. Ласкавая – ад в. Ласка, што пасля аварыі на ЧАЭС увайшла ў мяжу г. Нароўля). Такія ўтварэнні складаюць 11%.

Іншыя суфіксы ў адпрыметнікавых аднаслоўных вытворных гадонімах далучаюцца звычайна да асноў адной тэматыкі, але даюць часцей за ўсё распаўсюджаныя онімы, якія абазначаюць: а) прафесіі іх жыхароў (вулБудаўнічая – у складзе суфікс -нік-); б) сацыяльны статус жыхароў (вулРабочая – суфікс -оч-); в) сімвалічныя назвы (вул. Сацыялістычная – суфікс -ычн-; вул. Светлая – суфікс -л-); г) назвы прамысловасці, формы гаспадарання (Індустрыяльны пр-зд Гомель, зав. Індустрыяльны – Мазыр, вулКамунальная – суфікс -альн-). Суфіксы -ок-(-ёк-), -ан-, -іст- спалучаюцца з лексемамі, што характарызуюць умовы размяшчэння аб’ектаў: вул. Ветраная – в. Пакалюбічы Гом. р-на, Ветраны пр-зд, вул. Высокая, вул. Далёкая, вулШырокая – Гомель, вул. Цяністая – в. Урыцкае Гом. р-на, Жыткавічы. З назвамі флоры зрэдку ўжываецца суфікс -ін-: вул. Тапаліная – Жыткавічы. Сярод аднаслоўных суфіксальных онімаў ім адведзена 4,7%.

У гадонімы пераходзяць таксама прыметнікі, утвораныя конфіксным спосабам (5,6%). Адзначаная група з’яўляецца назвамі-арыенцірамі. У ёй вылучаюцца наступныя мадэлі: 1) прэфікс за- + аснова апелятыва + суфікс -н- : вул. Заазёрная – в. Жгунь Добр. р-на, Тураў, вул. Загуменная – Рагачоў, вулЗалінейная – Буда-Кашалёва, Жлобін, Рэчыца, вул. Загарадная – Калінкавічы, вул. Зарэчная – прадуктыўна. Найменні сведчаць аб размяшчэнні онімаў за аб’ектамі, указанымі ва ўтваральнай аснове. На размяшчэнне гадонімаў непасрэдна на аб’ектах ці блізка каля іх указвае мадэль 2: прэфікс на- + аснова апелятыва + суфікс -н- (вул. Набярэжная – прадуктыўна, вул. Нагорная – Гомель, в. Баравое Лельч. р-на). 3) прэфікс пад- + аснова апелятыва + суфікс -н- : вулПадгорная – Гомель, Жлобін, в. Хальч Ветк. р-на, завул. Падгорны – Рагачоў, вул. Падлесная – Гомель, Жыткавічы. Значэнне мадэлі – ‘месцаразмяшчэнне перад аб’ектам’. Значэнне ‘каля аб’екта’адлюстроўвае мадэль 4: прэфікс пры- + аснова апелятыва + суфікс -н- (вул. Прыазёрная, в. Насовічы Добр. р-на, в. Прыбалавічы Лельч. р-на, в. Сырск Карм. р-на, Прывакзальная плошча – Гомель, вул. Прывакзальная – Рэчыца, Светлагорск, вул. Прыгарадная – Добруш, Жлобін, Светлагорск, вул. Прыдарожная – Жлобін).

Дзвюм мадэлям характэрны іншыя значэнні. Мадэль 5: прэфікс між- + аснова апелятыва + суфікс -н-: вул. Міжгародняя, Міжнародная – Гомель, Жлобін (паказвае на адносіны паміж аб’ектамі, суб’ектамі). Мадэль 6: прэфікс без- + аснова апелятыва + суфікс -н- мае значэнне ‘невядомае імя’(вулБезыменная – Гомель, Хойнікі).

Урбанімізуюцца вытворныя складаныя прыметнікі (6,2%), большасць з іх утворана складана-суфіксальным спосабам. Сярод іх прадуктыўнай з’яўляецца мадэль састаўны онім (ідэонім) + суфікс (мемарыяльныя найменні): вулПершамайская, завул. Першамайскі, вул. Чырвона-армейская – даволі распаўсюджаныя, вул. Маладагвардзейская – Гомель. Назвы галін народнай гаспадаркі ўвасабляе ў складаных гадонімах мадэль назоўнік + аснова дзеяслова + суфікс: вул. Дрэва-апрацоўчая – Гомель, вул. Земляробчая – Жлобін, вулМашына-будаўнічая, Станкабудаўнічы пр-зд – Гомель, вул. Суднабудаўнічая – в. Азершчына Рэч. р-на, адзінкавыя характарызуюць аб’ект: завул. Вадасцёчны – Чачэрск. Непрадуктыўныя ўтварэнні дае мадэль назоўнік + назоўнік + суфікс: завул. Ільнозаводскі – Рэчыца, вул. Лесапаркавая – в. Ліцвінавічы Карм. р-на. Утварэнне адзначанай групы суправаджаецца марфаналагічнымі з’явамі (інтэрфіксацыяй, чаргаваннем, усячэннем асноў).

Распаўсюджана і мадэль прыметнік (якасны, адносны) + гадонім. Прыметнікі могуць адлюстроўваць храналогію ўзнікнення аб’ектаў (вулНававетраная, вул. Навалюбенская – Гомель, вул. Новабазарная – в. Свяцілавічы Ветк. р-на, вул. Новабрылёўская – Гомель, вул. Нова-будаўнічая – Хойнікі, завул. Новадняпроўскі – Рагачоў, вул. Новакар-пілаўская – Жлобін, вулНовапалеская – Гомель, Новапрудкоўскі завул. і пр-зд, вул. Старабыхаўская – Гомель, сустракаюцца і палярызацыйныя пары: вул. НовачарнігаўскаявулСтарачарнігаў-ская, Гомель), арыентацыю (вул. Ніжагародская, вулНіжнедня-проўская – Рагачоў, вул. Правабярэжная – в. Баравое Лельч. р-на). Адзначаецца мадэль састаўны або складаны айконім + суфікс: вулНіжнебрылёўская, вул. Рудабельская – Светлагорск, вул. Пяці-дворская – Гомель, завул. Чырвонаніўскі – Хойнікі, вул. Чырвона-бярэжская – п. Чырвоны Бераг Чач. р-на. Найменне Чарнаморская (Гомель) адпавядае мадэлі састаўны гідронім + суфікс.

Прыставачныя прыметнікі ў ролі урбанонімаў – з’ява рэдкая (вулПаўкруглая – Гомель).

Анімізуюцца і простыя невытворныя прыметнікі (2,9%). Яны характарызуюць самі аб’екты па часе ўзнікнення (вул. Новая – прадуктыўна), памеры (вул. Кароткая, вул. Малая – Гомель), умовах размяшчэння (вул. Прамая – Гомель, вул. Роўная – Жлобін), могуць быць “каляровымі” (вул. Зялёная – прадуктыўна, вул. Чырвоная – Гомель, Жлобін), эмацыянальна-ацэначнымі (вулЦіхая, вул. Ясная – Гомель). Як бачна, у сучаснай гаданіміі Гомельшчыны ў якасці назваў лінейных аб’ектаў выступаюць у асноўным якасныя і адносныя прыметнікі.

Прааналізаваныя адпрыметнікавыя онімы складаюць атрыбутыўны тып, які, па даследаваннях Г.М. Мезенка, адносіцца да найбольш старажытнага ўтварэння тапонімаў [61, с. 82]. Уласныя назвы-прыметнікі і наменклатурныя тэрміны звязаны паміж сабой сінтаксічнай сувяззю поўнага дапасавання. Тэматычныя групы урбанонімаў і іх колькасная перавага сведчаць, што ўдзельная вага гэтага тыпу значная на працягу ўсёй гісторыі фарміравання урбананімікону Гомельшчыны. Адпрыметнікавыя гадонімы з’яўляюцца дэрыватамі марфолага-сінтаксічнага і марфемнага спосабаў.



5.1.2 Гадонімы-назоўнікі
Аднаслоўныя гадонімы, выражаныя назоўнікамі, складаюць 42%. Падчас іх разгляду мы захоўваем той жа прынцып падыходу да аналізу матэрыялу.

Найбольш высокай ступенню прадуктыўнасці валодаюць простыя назоўнікі ў генітыўнай форме адз. і мн. ліку (генітыўны тып).

Назоўнікі адз. ліку ў генітыўнай форме ў залежнасці ад матывіроўкі маюць дзве асноўныя мадэлі. Першая дае ўтварэнні па матыву ‘у гонар знакамітых людзей’(89% сярод назоўнікавых). Наменклатурныя тэрміны займаюць строга зафіксаванае месца (прэпазіцыю), а ў ролі назоўнікаў ужыты псеўданімы, прозвішчы асоб без імя, ініцыялаў імя і імя па бацьку: вул. Леніна – паўсюдна, вул. Крупскай – Гомель, Мазыр, в. Пакалюбічы Гом. р-на, вул. Горкага – паўсюдна, вул. Багдано-віча – Гомель, Светлагорск, вул. Багушэвіча – Ельск, вулГлебкі, вул. Куляшова, – Рэчыца, вул. Лупсякова – г.п. Стрэшын, вул.  Мака-ёнка – Гомель, вул. Мележа – Хойнікі, вул. Міцкевіча – Рэчыца, вулСурначова – Рагачоў. Гэты прынцып намінацыі ў 1914 годзе быў прадстаўлены толькі адной назвай [61, с. 86], але прозвішчы вядомых асоб у аснове гадонімаў дазваляюць канстатаваць, што ён асабліва шырока пачаў ужывацца з часоў перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі і прадуктыўны па сённяшні дзень (гл. Дадатак Д). У другой мадэлі ў якасці асноўнага кампанента ў форме Р. склону выступаюць апелятыўныя назоўнікі з абстрактным сімвалічным значэннем (6%): вул. Адраджэння – Карма, бульвар Дружбы – Мазыр, вулКультуры – Рэчыца, вул. Маладосці – Гомель, вул. Міру – паўсюдна, вулНадзеі, вул. Перамогі – паўсюдна (некаторыя матываваны назвам свята Перамогі), вул. Праўды, вул. Радасці – Гомель, пл. Свабоды – Карма, бульвар Юнацтва – Мазыр. Генітыўныя онімы (ідэонімы і айконімы) ужываюцца радзей (3-я мадэль): вул. Аўроры – Рэчыца, вул. Камінтэрна – Добруш, пр-т Кастрычніка – Гомель, вул. Перамогі, вул. Кастрамы – Рэчыца.

Генітыўныя назоўнікі ў форме мн. ліку (4,7%) таксама існуюць у дзвюх мадэлях. Першая ўключае апелятывы са значэннем прафесійнай дзейнасці людзей: вул. Будаўнікоў – прадуктыўна, вул. Воднікаў – в. Азершчына Рэч. р-на, пр-езд Геафізікаў – Гомель, вул. Геолагаў – Калінкавічы, Мазыр, Рэчыца, пр-кт Касманаўтаў – Гомель, вул. Ка-сманаўтаў – Ветка, Добруш, Жлобін, Карма, Рагачоў, вул. Меліяра-тараў – Лоеў, вул. Метызнікаў – Рэчыца, вулМеханізатараў – Брагін, в. Краснае Гом. р-на, вул. Нафтабудаўнікоў – Мазыр, вул. Нафтавікоў – Рэчыца, м-н Энергетыкаў – Гомель, вул. Энерге-тыкаў – Жлобін, Рэчыца, Светлагорск, вул. Юнатаў – Мазыр. У аснове другой мадэлі знаходзяцца апелятыўныя назоўнікі, што абазначаюць назвы ўдзельнікаў і арганізатараў вызваленчага руху ў розныя гістарычныя перыяды: вулДзекабрыстаў – Гомель, Добруш, Жлобін, вул. Зенітчыкаў – Мазыр, вулКамунараў – Гомель, в. Краснае Гом. р-на, в. Літвінавічы Карм. р-на, завул. Камунараў – Калінкавічы, вул. Партызан – Жлобін, Рэчыца, вул. Смугнараўцаў – Калінкавічы, пл. Танкістаў – Хойнікі. Фарміруецца мадэль 3, у якой назоўнікі надаюць асобам ідэалізаванае значэнне: вул. Рамантыкаў, вул. Энтузіястаў – Гомель. Генітыўны тып старажытны, аднак аднаслоўныя назоўнікі ў форме адз. і мн. ліку ў Р. склоне, як адзначае ў сваіх даследаваннях Г.М. Мезенка, у перыяд з 1914 па 1988 гг. не былі распаўсюджанымі, найбольш выкарыстоўваліся генітыўныя словазлучэнні [61, с. 85]. Наш матэрыял сведчыць, што такія ўтварэнні на сённяшні дзень складаюць ужо 99% сярод назоўнікавых.

У групе аднаслоўных гадонімаў-назоўнікаў адзначаецца непрадук-тыўная мадэль, якая ўтварылася шляхам транстапанімізацыі (пераходу онімаў розных класаў у форме Н. склону адз. або мн. ліку). Гэта айконімы (вул. Аляксандраўка – в. Пакалюбічы Гом. р-на, вул. Баравіца – Рагачоў, вул. Захаркі, вул. Сізаны – в. Скароднае Ельск. р-на, вул. Чэхі – в. Галоўчыцы Нар. р-на, м-н Прыбар – Гомель), гідронімы (м-н Беразіна – Светлагорск), харонімы (м-н Палессе – Светлагорск) (0, 8%).

Амаль адсутнічаюць найменні вуліц, утвораныя разнавіднасцямі марфемнага спосабу (вул. Падгор’е – Петрыкаў). Складаныя назоўнікі ў ролі урбанонімаў таксама адзінкавыя: вул. Воінаў-Інтэрнацыя-налістаў – Добруш, вул. Клермон-Феран – Гомель.



5.1.3 Гадонімы-лічэбнікі
Простыя лічэбнікі (колькасныя, парадкавыя) у сучаснай гаданіміі асобна урбанімізуюцца вельмі рэдка. Яны больш характэрны ў якасці матыватараў для ранняга перыяду фарміравання урбанімікону, аднак пазней гэтыя назвы былі перайменаваны. Такія гадонімы нясуць толькі інфармацыйнае значэнне (завул. №1, завул. №2, завул. №3 – в. Свяцілавічы Ветк. р-на, вул. Восьмая – Гомель, 5-ы м-рн – Рэчыца). Значную ўдзельную вагу яны маюць у складзе састаўных гадонімаў, іх мы будзем разглядаць ніжэй.

5.2 Шматслоўныя гадонімы
Канструкцыя шматслоўных онімаў уключае ва ўласную назву некалькі лексем, якія звязваюцца паміж сабой сінтаксічным спосабам. Звычайна ўтваральная база складаецца з двух ці трох слоў, што дазваляе вылучыць тры групы: генітыўныя, кваліфікацыйныя, прыназоўнікава-іменныя. Для гадонімаў таксама характэрны двух- і трохкампанентныя ўтварэнні, зрэдку – чатырохкампанентныя. Шматслоўныя гадонімы ў сучасным урбаніміконе Гомельшчыны складаюць 16,3%. Яны падзя-ляюцца на дзве групы: генітыўныя і кваліфікацыйныя.

5.2.1 Генітыўныя гадонімы
Састаў генітыўных словазлучэнняў-гадонімаў уключае апелятыўную і анамастычную лексіку ў форме адз. і мн. ліку Р. склону (60,1% сярод шматслоўных). Састаўныя назвы суправаджаюць, як звычайна, наменклатурныя тэрміны, але месца іх у канструкцыі строга фіксуецца прэпазіцыяй. У групе генітыўных гадонімаў адзначаюцца двух- і трохчленныя найменні. Разгледзім мадэлі.

Мадэль1: лічэбнік + онім (урбанонім). Ужыванне ў канструкцыі толькі аднаго суправаджальнага геаграфічнага тэрміна завулак сведчыць, што аб’ект знаходзіцца паблізу аднайменнай вуліцы, лічэбнік, як і ў астатніх мадэлях, фіксуе паслядоўнасць узнікнення гадонімаў: завул. 1-ы Бумажкова, завул. 2-і Бумажкова, завул. 3-і Бумажкова – Петрыкаў, завул. 1-ы Катаева, завул. 2-і Катаева, завул. 3-і Катаева, завул. 4-ы Катаева – Мазыр. Разнавіднасць мадэлі: спалучэнне лічэбніка і назоўніка ў форме Р. склону з’яўляецца найменнем агульнанародных свят і свят мясцовага значэння (у прыватнасці, дзень вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў): вул. 8 Сакавіка – прадуктыўна, вул. 1 Мая – п. Камунар Б.-К. р-на, вул. 17 Верасня – Мазыр, вул. 11 Ліпеня – Гомель, вул. 9 Мая – прадуктыўна, вул. 3 Верасня – Жлобін, вул. 18 Лістапада – Рэчыца, вул. 12 Красавіка – в. Краснае Гом. р-на, адзінкавыя – у гонар назваў палітычных арганізацый (вул. III Інтэрнацыянала – Петрыкаў).

Высокую ступень прадуктыўнасці выяўляе мадэль 2: імя або ініцыялы імя + прозвішча (матыў у гонар асоб): вул. К. Маркса – Акцябрскі, Ветка, Добруш, Ельск, вул. Карла Маркса – Жлобін, вул. З. Касмадзям’янскай – Калінкавічы, Нароўля, Рагачоў, вул. Грышы Падабедава – Чачэрск, вул. В. Харужай – Жыткавічы, Калінкавічы, вул. Веры Харужай – Мазыр, вул. Марыі Сяргеенка – в. Хальч Ветк. р-на, вул. Андрэя Серака – в. Азершчына Рэч. р-на. Практыка паказвае, што такія гадонімы існуюць і ў іншым абліччы: перад ініцыяламі імя і прозвішчам нярэдка знаходзіцца апелятыў імя, гэта прыводзіць да існавання варыянтных форм гадонімаў (вул. імя Я. Коласа, вул. імя Я. Купалы – Ветка, Лоеў, вул. Якуба Коласа, вул. Янкі Купалы – Мазыр, вул. Я. Коласа, вулЯ. Купалы – прадуктыўна). Адзначаныя ўтварэнні могуць мець варыянтныя мадэлі сярод аднаслоўных генітыўных: вул. Ф. Скарыны – Акцябрскі, Добруш, Ельск, Жыткавічы, Петрыкаў, Светлагорск, вул. Скарыны – Калінкавічы. Разнавіднасць мадэлі: ініцыялы імя і імя па бацьку + прозвішча (вулД.М. Еўлашова – в. Дзяржынск Нар. р-на, вул. В.С. Оськіна – Гомель). На жаль, гэта мадэль не атрымала пашырэння, хаця ўжыванне распаўсюджаных прозвішчаў пры намінацыі гадонімаў патрабуе ўдакладняльных элементаў. Без іх цяжка вызначыцца, у гонар якой знакамітай асобы названы аб’екты, напрыклад, вул. Андрэева – Петрыкаў, Бандарэнкі – Карма, Гарбачова – Рагачоў, Дабравольскага – Жлобін, Жыткавічы, в. Завайць Нар. р-на, Рагачоў, Светлагорск, Хойнікі, Кавалёва – Акцябрскі, Жлобін, Рагачоў, Казлова – Васілевічы, Жлобін, Рагачоў, Ятчанкі – в. Урыцкае Гом. р-на і інш. У такім выпадку неабходна кіравацца энцыклапедычнымі выданнямі [33].

Мадэль 3: прыметнік + назоўнік. У дадзеным выпадку урбана-німізуюцца ідэонімы – найменні арганізацый і аб’яднанняў: вул. Каму-ністычнай Роты – Рэчыца, вул. Парыжскай Камуны (варыянт вул. імя Парыжскай Камуны – Ветка) – прадуктыўна, вул. Народнага Апалчэння, вул. Чангарскай дывізіі – Гомель, вул. Юных Піянераў – Жлобін. Разнавіднасць мадэлі ўжыта са значэннем указання размяшчэння на аб’екце прадпрыемства і характару мясцовасці: вулЭлеватарнага спуску – Гомель (генітыўна-ад’ектыўны тып).

Мадэль 4: назоўнік + назоўнік. Канструкцыя ў форме адз. або мн. ліку. Другі кампанент (онім, апелятыў) захоўвае форму Р. склону, але першы (апелятыў) вар’іруецца ў формах Н., Р. склонаў: вул. Алея Маркса – Калінкавічы, вул. Гара Камунараў – Мазыр, вул. дзеда Талаша – Петрыкаў, вул. доктара Саета (існуе аднаслоўны варыянт вул. Саета)– Мазыр, пр-зд Спутнік Міру – Гомель, вул. братоў Лізюковых – Гомель, Чачэрск, вул. Герояў Падпольшчыкаў – Гомель.

Трохкампанентныя найменні складаюць 15,2% сярод шматслоўных генітыўных. У іх вылучаецца адна мадэль: лічэбнік + назоўнік + назоўнік. Мадэль адлюстроўвае юбілеі свят, арганізацый, прадпрыем-стваў, у гонар якіх названы лінейныя аб’екты. Колькасныя лічэбнікі ў форме Н. склону кіруюць назоўнікамі, першы з іх (апелятыў) з’яўляецца ў канструкцыі пастаянным, у ролі другога выступаюць онімы: вул. 30 год БССР – Гомель, Жлобін, вул. 40 год БССР – Добруш, Лоеў, вул. 50 год БССР – Чачэрск, вул. 60 год БССР – Калінкавічы, Нароўля, вул. 70 год БССР – Гомель, вул. 10 год Каст-рычніка – Рэчыца, вул30 год Кастрычніка, вул. 40 год Кастрычніка – Гомель, вул. 50 год Кастрычніка – Добруш, вул. 60 год Каст-рычніка – Жлобін, Камарын, вул. 70 год Кастрычніка – в. Асавец Маз. р-на, Хойнікі, вул. 30 год Перамогі – Б.-Кашалёва, вул. 50 год ВЛКСМ – Калінкавічы, вул. 50 год шклозавода – Гомель.

У гаданіміі Гомельшчыны зрэдку сустракаюцца апісальныя гені-тыўныя назвы, што выклікаюць нязручнасці ва ўжыванні: вул. 35-ай гвардзейскай мінамётнай брыгады – Рэчыца, вул. 60-і камсамольцаў-падпольшчыкаў – Хойнікі.

5.2.2 Кваліфікацыйныя гадонімы
Кваліфікацыйныя гадонімы – састаўныя назвы, злучаныя сінтаксічнай сувяззю поўнага дапасавання раўнапраўных кампанентаў, канструкцыя абмяжоўваецца формай Н. склону. Сярод шматслоўных іх удзельная вага складае 39,9%. У ролі кампанентаў у словазлучэнні выступаюць іменныя часціны мовы (назоўнікі, лічэбнікі, прыметнікі), якія могуць па-рознаму спалучацца адна з другой. Гэта дае падставу для вылучэння наступных мадэлей кваліфікацыйных гадонімаў.

Мадэль 1: парадкавы лічэбнік + урбанонім-прыметнік разнастайных тэматычных лексем (нумератыўна-атрыбутыўны тып). Геаграфічным тлумачальным тэрмінам у назве адводзіцца прэпазіцыя, аднак строгай яе фіксацыі няма (вул. 1-я Палеская, вул. 2-я Палеская, вул. 3-я Палеская – Васілевічы, завул. 1-ы Савецкі, завул. 2-і Савецкі, завул. 3-і Савецкі – Жлобін, 2-і Базарны завул. – Буда-Кашалёва, 1-ы Свярд-лоўскі пр-зд, 2-і Свярдлоўскі пр-зд, 3-і Свярдлоўскі пр-зд, 4-ы Свярдлоўскі пр-зд, 5-ы Свярдлоўскі пр-зд – Гомель). Прыметнікі паўтараюць назвы суседніх лінейных аб’ектаў, а лічэбнікі сведчаць аб парадку з’яўлення новых (параўн.: вул. Грамадзянская, вул. 2-я Грамадзянская, завул. Рабочы, зав. 2-і Рабочы, завул. 3-і Рабочы, Рабочы пр-зд, пр-зд 2-і Рабочы – Гомель, завул. Стадыённы, завул. 2-і Стадыённы – Рэчыца, вул. 1-я Транзітная, вул. 2-я Транзітная, вул. 3-я Транзітная, 1-ы Транзітны завул., 2-і Транзітны завул., 3-і Транзітны завул., 4-ы Транзітны завул., 5-ы Транзітны завул. – Гомель). Мадэль прадуктыўная (42,8%), аднак не выклікае ў лінгвістаў станоўчай ацэнкі. Мы далучаемся да думкі тых даследчыкаў, якія лічаць такія ўтварэнні “немілагучнымі, няўдалымі, нязручнымі для выкарыстання”, яны “губляюць сваю індывідуальнасць, інфарма-тыўнасць і нагадваюць хутчэй казарменныя засяленні, чым жылыя раёны” [22, с. 42]. З’ява “люстраной” урбананіміі характэрна амаль для ўсіх буйных населеных пунктаў рэгіёна і адзначаецца ва ўсіх мадэлях, у склад якіх уваходзяць лічэбнікі.

Мадэль 2: прыметнік + назоўнік (10,2%).У залежнасці ад тэматыкі словаўтваральных лексем мадэль мае разнавіднасці: а) усе кампаненты словазлучэння з’яўляюцца састаўнымі онімамі (айконімамі, што зліліся з больш буйнымі пасяленнямі або адселенымі ў выніку аварыі на ЧАЭС, самімі урбанонімамі): вул. Белы Бераг – у гонар адселенай у Нар. р-не в. – в. Скрыгалаў Маз. р-на, вул. Новы Двор – Гомель, вул. Новы Свет – Рэчыца, вул. Чырвоная Слабодка – Чачэрск, вул. Чырвоная Ніва – Хойнікі, вул. Чырвоны Востраў – в. Галоўчыцы Нар. р-на (ад назваў вёсак, што зніклі), вул. Чырвоная Плошча – Ветка, вул. Чырвоны праезд – Гомель; б) першым кампанентам з’яўляецца адносны пры-метнік + назоўнік : вул. Лельчыцкая шаша – Мазыр, вул. Рэчыцкая шаша – Гомель, вул. Светлагорская шаша – Рэчыца (вядуць у накірунку да адпаведных айконімаў), вул. Банная Алея, вул. Гаспадарчая Алея – Гомель (указваюць на наяўнасць на іх гаспадарчых служб), вул. Хмяльніцкі Лог – Гомель (указвае на асаблівасці ландшафту побач з вул. Б.Хмяльніцкага), зав. Вакзальны тупік – Рагачоў, Заходні Блок-Пост – Гомель (найменні-арыенціры); в) якасны прыметнік + назоўнік: вул. Новы Пасёлак – в. Бывалькі Лоеўск. р-на, вул. Новы Праспект – Карма (часавае значэнне аб’ектаў). Мадэль адносіцца да атрыбутыўна-субстантыўнага тыпу.

Мадэль 3: лічэбнік + назоўнік (вул. Подаўж 1, вул. Подаўж 2 – Жыткавічы, завул. 1-ы Тупік, завул. 2-і Тупік, завул. 3-і Тупік –Рэчыца) (5,8%%). Асноўныя кампаненты ў мадэлі маюць свабодныя пазіцыі, урбананімізуюцца онімы (айконімы) і апелятывы (наменкла-турныя тэрміны), лічэбнікі адлюстроўваюць храналогію ўзнікнення гадонімаў (субстантыўна-нумератыўны тып). Апошнія дзве мадэлі непрадуктыўныя.

Мадэль 4: прыметнік + прыметнік (вул. Вялікая Садовая, вул. Малая Садовая – Рэчыца, вул. Новая Заходняя – в. Яроміна Гом. р-на, вул. Сярэдняя Ліцейная – Гомель. У назвах закладзена характарыстыка гадонімаў па памеры, часе, месцы размяшчэння адносна іншых аб’ектаў. Гэта атрыбутыўна-ад’ектыўны тып (1,8%).

У старажытнай урбананіміі існавалі прыназоўнікава-іменныя канструкцыі з аднаго-, двух-, трох-, чатырох-, пяці і больш кампа-нентаў. Гэта былі гадонімы-арыенціры. Сродкам сувязі з кампанентам ці кампанентамі выступалі прыназоўнікі, якія аб’ядноўвалі сінтаксічную сінтагму ў адно сэнсавае цэлае і не парушалі структуру адна-, двух- і шматкампанентных словазлучэнняў. “Сінтаксічна арганізаваная група з прыназоўнікам двухчленная, але не двухслоўная” [43, с. 83] (іншымі словамі, структура бінарная, аднак трохслоўная). Прыназоўнікі ў такіх найменнях паказвалі на размяшчэнне вуліц, завулкаў паблізу іншых геаграфічных аб’ектаў: вул-ы Под горой, Подле двора, Под Николаем [64, с.190], Под окопами [64, с. 191], Под самым валом [64, с. 192]; непасрэдна на іх або вышэй іх: вул-ы На берегу Немана [64, с. 160], На городечье [64, с.161], На Замке [64, с. 163], Над ставом [64, с. 162]; на другім баку аб’ектаў: вул-ы За Воробьем [64, с. 162], За Мухавцом, За Немецким рынком [64, с.100], Малая за кляштором [64, с. 147]; накірункі ў бок аб’ектаў або ад іх: вул-ы До лавов идущая [64, с. 87], До Несвижа, До рва Оструменского, До реки Пины, До реки Ясельды [64, с. 89], К Гумнам, К Дворам, К Дубровне [64, с. 162], Ко Бервам над Бугом [64, с.118], Ковальская к гостинцу Козыринскому [64, с.119], К Пине [64, с.131], Мимо церковь Михайловскую [64, с.154], Крестовая от школы Жидовской [64, с. 131], На Подол [64, с. 251], С улицы Святодуховской [64, с. 256]. Гэтыя значэнні перадаваліся і апісальнымі канструкцыямі тыпу: вул-ы Улица, которая идёт мимо дома Яна Хойновского [64, с. 127], Малая к воде подле кляштора [64, с. 148], Над Кобринкою выше моста [64, с. 162], С рынка на восход солнца [64, с. 251]. У складзе сінтаксічных прыназоўнікавых спалучэнняў у якасці іншых аб’ектаў-арыенціраў выступалі дамбы, насыпы, равы, пабудовы, рынкі, шляхі зносін, іншыя вуліцы, рэкі, гарады, манастыры, саборы, антрапонімы – прозвішчы землеўласнікаў. Такая сістэма не захавалася ў сучасным урбананіміконе (на Гомельшчыне выяўлена толькі адно найменне апісальнай мадэлі: вул. Да вінзавода Рэчыца), аднак з’яўляецца адносна маладой у мікратапаніміі, дзе ўключае 7 тыпавых мадэей [6, с. 117-120].

Шматслоўныя гадонімы ўтвораны сінтаксічным спосабам, пры якім кампаненты звязваюцца паміж сабой сувяззю кіраванння і дапасавання і з’яўляюцца “прыкметай паслякастрычніцкай гаданіміі і асабліва перыяду пасля Вялікай Айчыннай вайны” [61, с. 85].

Такім чынам, аналіз сучаснай гаданіміі Гомельшчыны паказаў, што ў яе ўтварэнні ў якасці матывацыйнай базы задзейнічаны 24 тэматычныя групы лексікі, з іх з рознай ступенню прадуктыўнасці 17 – ад апелятываў і 7 – ад наступных класаў онімаў: антрапонімаў, айконімаў, гідронімаў, харонімаў, ідэонімаў, этнонімаў і саміх урбанонімаў. Большасць тэматычных груп мае частае ўжыванне і можа спалучацца з рознымі відамі словаўтваральных сродкаў. Для асобных вызначальным момантам з’яўляецца абмежаваны ўдзел у марфематычных сувязях афіксаў. Напрыклад, да лексем са значэннем сацыяльнага становішча асоб і агульных назваў асоб – удзельнікаў барацьбы далучаецца толькі суфікс -ск- (вул. Пралетарская, вул. Партызанская), суфікс -альн- выяўляе свае магчымасці ва урбана-німіі з адной тэматычнай групай (вулІндустрыяльная – формы гаспадарання).

Задзейнічаны чатыры спосабы ўзнікнення ўласных назваў лінейных аб’ектаў: марфолага-сінтаксічны, марфемны, сінтаксічны і транстапанімізацыя. Першыя тры не выходзяць за межы беларускага словаўтварэння, агульныя для ўтварэння апелятыўнай і анамастычнай лексікі, аднак апошні з’яўляецца ў тапонімаўтварэнні спецыфічным.

Дамініруюць аднаслоўныя назвы, выражаныя прыметнікамі, назоў-нікамі, зрэдку лічэбнікамі. У залежнасці ад часцінамоўнага выражэння для іх характэрны атрыбутыўны (вул. Расная, вул. Чачэрская) і генітыўны тыпы (вул. Макаёнка, плПаўстання), якія ўвасоблены ў 23-х мадэлях. Найбольшую разнастайнасць мадэлей даюць гадонімы-прыметнікі (16).

Шматслоўныя найменні ўтвораны сінтаксічным спосабам і падзяляюцца на дзве групы (генітыўныя, кваліфікацыйныя). У іх выяўлены наступныя тыпы: генітыўныя словазлучэнні (вул. Марыі Сяргеенка), генітыўна-ад’ектыўны (вулПарыжскай Камуны), нумератыўна-атрыбутыўны (вул. 1-я Авіяцыйная, 2-і Рабочы пр-зд), атрыбутыўна-субстантыўны (вул. Лельчыцкая шаша), субстантыўна- нумератыўны (вул. Подаўж 1), атрыбутыўна-ад’ектыўны (вулСярэд-няя Ліцейная). Адзначаныя тыпы знайшлі сваё выражэнне ў 10-і мадэлях. Старажытнае ўтварэнне урбанонімаў па мадэлі прыназоўнікава-іменныя канструкцыі – своеасаблівыя назвы-арыенціры, абазначаныя як апелятыўнай, так і анамастычнай лексікай, – не захавалася. Урбананімічная лексіка валодае характэрнымі словаўтваральнымі магчымасцямі апелятываў, іншых класаў онімаў, аднак мае і свае спецыфічныя ўласцівасці, у прыватнасці, урбанонімаўтваральныя тыпы і мадэлі. Структурна-граматычную характарыстыку сучасных гадонімаў рэгіёна дэманструе табліца № 6.

  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   26


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка