Спектакль «пане коханку»: «падвойнае дно пане каханку» «культура» Дар'я амяльковiч




Дата канвертавання15.03.2016
Памер35.05 Kb.
27.03.2010. СПЕКТАКЛЬ «ПАНЕ КОХАНКУ»: «ПАДВОЙНАЕ ДНО ПАНЕ КАХАНКУ»
«КУЛЬТУРА»

Дар'я АМЯЛЬКОВIЧ
Сёння, 27 сакавіка, на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага – прэм'ера спектакля "Пане Каханку" ў пастаноўцы Сяргея Кавальчыка. Аўтар п'есы – Андрэй Курэйчык. У галоўнай ролі Караля Станіслава Радзівіла (Пане Каханку) – Расціслаў Янкоўскі. Зазначым, вакол спектакля "Пане Каханку" яшчэ на золку яго стварэння кіпелі страсці. А кожная навіна пра будучую пастаноўку нязменна выклікала хвалю цікаўнасці і здзіўлення.
Завітаўшы на тэатральную пляцоўку напярэдадні прэм'еры, карэспандэнт "К" трапіў у гэткі ж віхур страсцей: спектакль "Пане Каханку" праходзіў апошні этап свайго ажыццяўлення, і кожны з яго ўдзельнікаў знаходзіўся на стадыі пагружэння ў іншае прасторава-эмацыйнае вымярэнне. Народную артыстку Беларусі Бэлу Масумян, выканаўцу ролі сястры Станіслава Радзівіла – Тэафіліі, мы сустрэлі па дарозе з касцюмернай у грымёрную. – Штосьці там распалася, – грацыёзна ўзмахнуўшы рукой і ўсміхнуўшыся, Бэла Амаўна ўказала на сваю пышную прычоску. Пакуль спецыялісты завяршалі сваю сапраўды чароўную справу, яна падзялілася перажываннямі наконт сваёй ролі: – Цяпер самае галоўнае- скласці бачанне, разуменне маёй Тэафіліі ў адзіную карціну. Яе характар – вельмі складаны: грымучая сумесь любові, нянавісці, сямейнага абавязку, свайго разумення стасункаў з братам... Збіраеш па крупінках усё, што было напісана, сказана пра Тэафілію ў гісторыі роду Радзівілаў. Усё ўжо, здавалася б, зразумела, але хвалюешся: а куды ўставіць той ці іншы нюанс, адценне? Тая ж самая сітуацыя, як і з прычоскай, – зноў элегантна правяла паралель Бела Амаўна. – Думаеш пра адно, атрымліваецца – другое, а хочацца – трэцяе. Грымёр Людміла Вячаславаўна міжволі далучылася да нашай гаворкі наконт стварэння абліччаў, адзначыўшы, што, да прыкладу, вобраз Тэафіліі прыдумалі непасрэдна ў тэатры: – Мы са свайго боку- працы грымёраў,- кажа яна, – стваралі абліччы персанажаў паводле эскізаў мастачкі Марыі Герасімовіч.

Пад час працы карысталіся, вядома, і спецыяльнай літаратурай. Але прычоску Бэлы Амаўны прыдумалі самастойна, абапіраючыся на характар гераіні і ўмоўны час. Тое, што дзеянне не будзе шчыльна прывязана да дакладных гістарычных падзей, часоў, пацвердзіла нам і сцэнограф спектакля Ала Сарокіна, якую мы сустрэлі на сцэне ў час падрыхтоўкі да апошняга прагону. – Сцэнаграфія вырашана такім чынам, – тлумачыць яна. – Мы даём толькі эскіз часу, праз дэталі робячы адсыл да мінулых стагоддзяў. Перад намі не хроніка падзей, а- мастацкая выдумка (П'еса пазначана менавіта ў гэтым жанры. – Д.А.), таму прынцып пабудовы дэкарацый у спектаклі- абрысавы. Можна было б "узвесці" Нясвіжскі замак з сотнямі пакояў, але навошта? Мы ствараем прытчу, таму і касцюмы герояў пэўнымі дэталямі трошкі нагадваюць адзенне сучаснай эпохі, і афармленне сцэны – дазіраванае ды фантазійнае. Пакрочыўшы далей, мы падышлі да грымёркі выканаўцы ролі галоўнага героя пастаноўкі – Пане Каханку – народнага артыста СССР Расціслава Янкоўскага. Расціслаў Іванавіч ужо быў гатовы да выхаду на сцэну. У эфектным касцюме акцёр сядзеў у крэсле. А напрыканцы размовы ён, ужо "асабіста для нас", выдаў некалькі маналогаў з п'есы. – Хачу адразу адзначыць, – паведаміў майстар, – мне вельмі прыемна, што ў пары са мной ролю Пане Каханку іграе Іван Мацкевіч. Для мяне вельмі важная ягоная падтрымка. Грунтоўна падышоў да працы над спектаклем Сяргей Кавальчык: ён дапытлівы рэжысёр, улюбёны ў сваю справу. Ішоў насустрач маім прапановам і Андрэй Курэйчык. Калі я стаў удумвацца ў ход мыслення свайго героя, – працягвае дзяліцца сакрэтамі "акцёрскай кухні" Расціслаў Іванавіч, – мяне прывабіла не толькі яго незвычайнасць, тыя ж яго выхадкі, калі Пане Каханку пасыпаў дарогі соллю, каб пакатацца на санях, а зусім іншае: ягоны боль за свае зямлю і народ. "Мы хочам застацца самімі сабой, а не будаваць імперыю ад мора да мора", – кажа ён Панятоўскаму. І самае галоўнае: ён марыў навучыць беларусаў лятаць.



Вядома, ён быў дзіўны чалавек (праводзіў своеасаблівыя вопыты, да прыкладу, прымушаў сялян скакаць з лятальнымі апаратамі з вышыні), але ягоным імкненне было – узняць чалавека над мітуснёй, дапамагчы яму ўбачыць свет адтуль. Тое, што Пане Каханку не такі просты, што ў яго ёсць "падвойнае дно", робіць гэтага чалавека надзвычайным, выклікае да яго сімпатыю, цікавасць. Ён складаны і сапраўдны – вось што мяне прываблівае!.. Страсці па Радзівілах пачалі "набіраць абароты", калі на сцэне Расціслаў Янкоўскі сустрэў Аляксандра Суцкавера ў ролі Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Аляксандр Сямёнавіч цалкам пагрузіўся ў "іншае вымярэнне" і на нашы пытанні адказваў ужо толькі як кароль Рэчы Паспалітай, які прыехаў да Радзівіла прасіць грошай (так развіваецца ход дзеяння паводле п'есы): – Я зусім не разумею гэтага чалавека! Яго нельга зразумець! – распальваецца Яго Вялікасць. – Пане Каханку- вулкан, які выкідвае... вату, вось што я магу пра яго сказаць. Толькі жарты і кпіны! У час гэтай "прамовы" на сцэне пагасла святло, і рэальнасць адступіла перад тэатральнай дзеяй. Такім чынам, нечакана і паступова, і мы пагружаліся ў страсці легендарных продкаў. Чыя праўда больш моцная: Панятоўскага ці Радзівіла? Хто выйграе ў гэтым спаборніцтве? Усе разважанні, прагучаўшыя з вуснаў герояў пастаноўкі, прымушалі застацца тут, у "іншым вымярэнні", і паспрабаваць знайсці адказы. А што ж рэжысёр, які ажыццявіў пастаноўку-фантазію паводле гісторыі? Ён – як той самы сапраўдны летуценнік і, адначасова, практык – знаходзіўся ў такім жа творчым палёце, не спыняючыся ні на хвіліну: аддаваў загады, тлумачыў апошнія нюансы, рабіў заўвагі, літаральна разрываючыся на часткі, здзяйсняючы цудоўную справу – спектакль, які прымушае думаць.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка