Спектакль «пане коханку»: «караль, якi не стау каралём»




Дата канвертавання10.05.2016
Памер39.34 Kb.
20.03.2010. СПЕКТАКЛЬ «ПАНЕ КОХАНКУ»: «КАРАЛЬ, ЯКI НЕ СТАУ КАРАЛЁМ»
«КУЛЬТУРА»

Ларыса ЦІМОШЫК
Чаму? – Адкажуць Курэйчык з Кавальчыкам
Аўтар п'есы "Пане каханку" і галоўны рэжысёр Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Горкага патлумачылі, чым іх так прывабіў вобраз беларускага магната Караля Радзівіла, што нават спектакль пра яго захацелася стварыць. Аказалася, што не столькі пра яго самога, колькі пра краіну, якую ён мог уратаваць. Краіну далёкую – гістарычна, бо больш за 200 гадоў прайшло пасля канчатковага падзелу Рэчы Паспалітай. І краіну далёкую... Бо калі Андрэй Курэйчык думаў пра лёс яе нашчадкаў, то знаходзіўся ў Амерыцы. Над заказам рэжысёра Кавальчыка, які замовіў яму п'есу менавіта пра гэтую рэальную асобу, драматург працаваў адчуваючы глыбокую тугу – па той самай радзіме.
Яна трымае і прываблівае тым, што ўсё яшчэ захоўвае загадкі, якія трэба разгадаць, каб пазбавіцца прывідаў мінулага. Так лічыць Курэйчык:
- Мне хацелася ў гэтай п'есе гаварыць пра сутнасныя рэчы для нашай краіны. Таму быў абраны момант у біяграфіі Караля Радзівіла – сустрэча з апошнім каралём Рэчы Паспалітай Станіславам Аўгустам Панятоўскім. Гэта было, па сутнасці, напярэдадні поўнага разгрому краіны, пасля чаго яна наогул перастала існаваць. І тыя людзі, якія на яе тэрыторыі жылі, аказаліся разарванымі паміж іншымі дзяржавамі. Хацелася знайсці разуменне, з-за чаго ў нейкі момант загінула гэтая краіна – незалежная, у цэнтры Еўропы? Чаму яна аказалася не падрыхтаванай, чаму не здолела знайсці сябе ў нейкіх новых рэаліях? На гэтыя пытанні я імкнуўся знайсці адказ праз вобраз канкрэтнага чалавека. Хацелася стварыць рознабаковы вобраз нашага беларускага героя. Паказаць чалавека, якому ўласцівая вялікая колькасць станоўчых рысаў беларусаў – гасціннасць, цікаўнасць, захапляльнасць. Але ж ён валодае і вялікай колькасцю адмоўных якасцяў. А ў нашай беларускай нацыі шмат як станоўчых рыс, так і адмоўных. Я гэта адчуваў, параўноўваючы беларусаў з амерыканцамі, еўрапейцамі, расіянамі ці ўкраінцамі. Што ў нас адмоўнага? Калі быць шчырымі перад сабой, то нам, на мой асабісты погляд, абсалютна напляваць на ўсіх астатніх, акрамя сябе. На Гаіці землятрус, людзі гінуць. Усе дапамагаюць, а мы, беларусы, надта далёка... У нас жа свае праблемы. Так, калі да нас прыедуць у госці, мы накормім, апранём. Але самі па сабе мы не будзем дапамагаць нікому па сваёй ініцыятыве. Такія людзі, якія дбаюць пра сваю хатку. Нас таму і рвалі на кавалкі ўсю нашу гісторыю. Калі б мы захацелі своечасова дапамагчы Каліноўскаму, то гісторыя пайшла б інакш. Але не хацелі. Мы сядзелі ў нашых лясах, арыстакратыя сядзела ў замках. Сядзелі і думалі: няхай іншыя народы паміж сабой б'юцца, а мы пачакаем... Я ўпэўнены, што гэтая рыса была і ў Радзівілаў. Яны даўно б маглі стаць каралямі – вартыя былі таго. Але ім дастаткова было мець падуладныя гарады, вялікую частку насельніцтва ў падпарадкаванні, багацце. Практычна яны заставаліся феадаламі да ХІХ стагоддзя, але не сталі сапраўднымі дзяржаўнымі дзеячамі, якія аб'ядналі б беларускую нацыю. Таму ў п'есе ёсць момант, калі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі кажа Пане Каханку: "Я кароль. У мяне няма грошай, войска, каб супрацьстаяць Сувораву, аўстрыйцам. Дапамажы". А той кажа: "Не дапамагу. Ты дрэнны кароль, я не буду з табой весці справу". Гэта беларуская рыса. Мы гатовыя патраціць на застолле мільярд, усіх прыняць. Але калі трэба даць рубель суседзям – гэта не да нас. Гэта мой боль наконт нашай нацыі. Я хацеў яго выказаць. Для мяне гэта – сучасная п'еса. Таму што як тады людзі не вызначыліся, хто яны, так і цяпер мы яшчэ не да канца разумеем, хто мы і дзе мы. І як нам, з улікам урокаў гісторыі, зноў не правароніць сваю краіну.
Праблемы героя для аўтара не існавала – яе падказаў "заказчык" – рэжысёр Сяргей Кавальчык. Кіраўнік тэатра імя Горкага сам вырашыў звярнуцца да беларускай гісторыі, абраўшы з яе самую неардынарную асобу – Караля Радзівіла. Пана-дзівака. Ці міф пра яго, які дагэтуль жыве ў народзе. І дапамагае цяпер паставіць пытанне: а чаму беларусы не лятаюць? Як птушкі... Дзе іх крылы? Па-тэатральнаму глядзіць на гэта Кавальчык:
- Я падкрэсліваю, што мы бяром толькі фабулу для разваг пра сённяшні дзень. Мы не падыходзім з пункту гледжання гістарычнага дакумента. Таму што гэта вымысел. Мы мелі права на аснове фактаў зрабіць сваю мастацкую версію таго, што адбылося. Вядома, што такое гісторыя: у адзін перыяд трактуецца так, у другі – інакш. Гэта вялікае поле для спрэчак. Але хто ведае насамрэч, пра што размаўлялі сам-насам два чалавекі за зачыненымі дзвярыма? Усе размовы ў спектаклі прыдуманыя. Самі персанажы рэальныя, але не выключана, што яны маглі быць іншымі па характары. Нам трэба было з дапамогай гістарычнага міфу задаць сённяшнія пытанні.
За міфамі ездзілі ў Нясвіж – натуральна, і байкамі пра прывідаў цікавіліся, якія ўсё яшчэ распавядаюць мясцовыя жыхары. Аднак паглыбіцца ў гістарычны матэрыял прыйшлося ўсё-такі сур'ёзна – перачытаць літаратуру, сустрэцца з гісторыкамі і даследчыкамі, напрыклад, з Адамам Мальдзісам.
Дзякуючы рэальнай гісторыі ў спектаклі будуць акрамя галоўных герояў іншыя рэальныя персанажы – сястра Караля Тэафілія, Мацей Радзівіл. Апошні, дарэчы, меў дачыненне да сустрэчы Панятоўскага ў Нясвіжы – стварыў лібрэта да оперы Яна Голанда "Агатка", якая насамрэч гучала тады ў палацы. Эпізоды оперы Голанда створаць музычны фон таго часу. Музычны кансультант Віктар Скорабагатаў не знайшоў вялікай крамолы ў тым, што згодна з сюжэтам Пане Каханку атрымлівае ліст ад Ёзафа Гайдна з партытурай. Чаму і не? Вядома, што Міхал Клеафас Агінскі перапісваўся з Гайднам, які дасылаў яму партытуры. Сам Агінскі сябраваў з Пане Каханку. Такім чынам, ноты Гайдна маглі патрапіць і ў Нясвіж. Такое адчуванне, што ўсе беларускія шляхі вядуць сюды... Кола замыкаецца, калі пустоты запоўненыя і асэнсавана ўсё, што агучана. Калі мы ўсё гаворым і гаворым пра насельнікаў Нясвіжа, калі яны нам цікавыя, то, значыць, не ўсе высновы з іх жыцця зробленыя. Ды ці толькі з іх? Наша гісторыя багатая на падзеі, якія могуць падкінуць глебу для разважанняў. У тым ліку ў тэатры. Як падкрэслілі аўтары спектакля, прэм'ера якога рыхтуецца да Дня тэатра, ён распачне дыялог для беларусаў праз беларускі твор. Што асабліва важна для нацыянальнага тэатра, якім з'яўляецца тэатр імя Горкага. Тэатра, які і надалей збіраецца працаваць з творамі беларускіх аўтараў.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка