Спецкурс “Семантыка-сінтаксічныя даследаванні беларускай мовы”




Дата канвертавання01.05.2016
Памер103.81 Kb.




Дысцыпліна: спецкурс “Семантыка-сінтаксічныя даследаванні беларускай мовы” (спец. “Беларуская філалогія”, 4 курс ФФ, 5 курс ЗФ)

Лекцыя па тэме: Паняцце семантычнага суб’екта ў лінгвістычнай літаратуры


Перш за ўсё неабходна ўспомніць асноўныя катэгорыі семантычнай структуры сказа і ў выглядзе табліцы суаднесці кампаненты семантычнай і граматычнай (традыцыйнай) структуры сказа.

Кампаненты (катэгорыі) семантычнай структуры сказа

Кампаненты (члены) граматычнай структуры сказа

1. Суб’ект

2. Прэдыкат

3. Аб’ект

4. Атрыбут

5. Канкрэтызатар


1. Дзейнік

2. Выказнік

3. Дапаўненне

4. Азначэнне

5. Акалічнасць

Дадзеная лекцыя прысвечана адной з асноўных катэгорый семантычнай структуры сказа – катэгорыі семантычнага суб’екта. Асноўная мэта заняткаў заключаецца ў тым, каб разгледзець погляды розных даследчыкаў-сінтаксістаў на паняцце семантычнага суб’екта і вызначыць месца гэтай семантычнай катэгорыі ў структуры беларускага сказа.


Пытанні:

1 Азначэнні семантычнага суб’екта рознымі даследчыкамі-сінтаксістамі

2 Месца суб’екта ў семантычнай структуры сказа

1 Азначэнні семантычнага суб’екта рознымі даследчыкамі-сінтаксістамі. На сучасным этапе развіцця мовазнаўства, калі назіраецца агульны працэс семантызацыі лінгвістычных даследаванняў, усё большая ўвага надаецца семантыцы сінтаксічных адзінак. Адной з такіх адзінак сінтаксісу з’яўляецца семантычны суб’ект. Погляды на гэтую моўную катэгорыю даволі спрэчныя. У кожнага даследчыка семантычнага сінтаксісу свой падыход і сваё разуменне гэтага паняцця.

У лінгвістычнай літаратуры адрозніваюць:



  • граматычны суб’ект, які адпавядае дзейніку і адносіцца да сінтаксічнай будовы сказа (плана выражэння);

  • семантычны суб’ект, які адносіцца да зместу сказа;

  • камунікатыўны суб’ект, які адпавядае тэме паведамлення;

  • псіхалагічны суб’ект – зыходнае ўяўленне;

  • лагічны суб’ект – частка сказа, якая адпавядае прадмету меркавання.

У Тлумачальным слоўніку беларускай мовы слова ‘суб’ект’ мае шэсць лексічных значэнняў:

1. У філасофіі – чалавек, які пазнае знешні свет (аб’ект) і ўздзейнічае на яго сваёй практычнай дзейнасцю.

2. Асоба, калектыў, арганізацыя, краіна і пад., якія актыўна выступаюць у якім-небудзь працэсе, акце, зносінах і пад.

3. Спец. Асоба або арганізацыя, якія валодаюць пэўнымі, дакладна акрэсленымі правамі і абавязкамі.

4. Разм. Чалавек як носьбіт якіх-небудзь уласцівасцей; асоба.

5. У логіцы – прадмет суджэння, лагічны дзейнік.

6. У граматыцы – дзейнік.

Мэтазгодна разгледзець погляды розных даследчыкаў-сінтаксістаў на паняцце суб’екта.

У сваіх працах Н.М. Арват дае наступнае тлумачэнне семантычнага суб’екта: «Семантычны суб’ект – другі вядучы кампанент семантычнай структуры сказа, які абазначае прадмет, што з’яўляецца носьбітам актыўнай, або статальнай, прэдыкатыўнай прыметы, прычынай, пачаткам або крыніцай якога-небудзь дзеяння, працэсу або стану, а таксама з арыентацыяй на які ацэньваецца прэдыкатыўная прымета сітуацыі».

У разуменні А.У. Бандаркі суб’ект – гэта «той элемент тыповай ‘суб’ектна-прэдыкатна-аб’ектнай’ сітуацыі, які выступае як субстанцыя, што з’яўляецца крыніцай прыпісваемай ёй непасіўнай прэдыкатыўнай прыметы». Даследчык канстатуе, што «якасць суб’екта «быць субстанцыяй, якая з’яўляецца крыніцай непасіўнай прэдыкатыўнай прыметы, што ёй прыпісваецца», змяшчае ў сабе дэнататыўна-паняційны аспект і аспект моўнай інтэрпрэтацыі». Адсюль вынікае, што пры аналізе катэгорыі суб’екта неабходна ўлічваць дэнататыўна-паняційны аспект і аспект моўнай інтэрпрэтацыі. Калі вырашаецца пытанне аб тым, які элемент сказа з’яўляецца семантычным суб’ектам, а які выконвае ролю семантычнага аб’екта, то вырашальным фактарам з’яўляецца адлюстраванне ў семантыцы сказа аб’ектыўнай рэчаіснасці. Гэта залежыць ад таго, хто ў пазамоўным свеце выконвае дадзенае дзеянне і што (або хто) з’яўляецца тым аб’ектам, на які накіравана дзеянне. А.У. Бандарка, параўноўваючы актыўную і пасіўную пабудовы Паляўнічы забіў мядзведзя; Мядзведзь забіты паляўнічым, сцвярджае, што ў абодвух выпадках суб’ектам дзеяння з’яўляецца ‘паляўнічы’, а аб’ектам – ‘мядзведзь’. Можна пагадзіцца з гэтым размеркаваннем семантычных роляў толькі ў першай канструкцыі. Але нельга вызначыць словаформу ‘мядзведзь’ у другой сінтаксічнай канструкцыі як аб’ект у чыстым выглядзе. Правамерна будзе разглядаць другую сінтаксічную канструкцыю як полісуб’ектную, дзе ‘мядзведзь’ – суб’ект-пацыенс (субстанцыя, якая адчувае ўздзеянне з боку агенса (лац. patiens – той, які трывае), а словаформа ‘паляўнічым’ – суб’ект дзеяння. Прычым у дадзенай пабудове можна назіраць прыклад так званай “спалучанай суб’ектнасці”, калі ў значэнне суб’екта ўваходзіць пэўная частка аб’ектнасці. Гэта тлумачыцца тым, што семантыка суб’екта не можа быць цалкам абыякавай у адносінах да моўнай інтэрпрэтацыі, паколькі суб’ект як катэгорыя сінтаксічнай семантыкі вылучаецца ў чалавечай свядомасці не толькі ў выніку адпаведнасці экстралінгвістычнай рэальнасці, але і ў выніку дыскрэтнага ўяўлення гэтых паняццяў у сінтаксічнай структуры мовы. У дадзеным выпадку мэтазгодна прывесці і канструкцыю Кніга знікла, якую разглядаў А.А. Шахматаў. У кожным меркаванні, на яго думку, «павінна быць тое, аб чым што-небудзь сцвярджаецца або адмаўляецца, а таксама і тое, што менавіта сцвярджаецца або адмаўляецца». Калі разглядаць прыведзеную сінтаксічную канструкцыю, то можна пагадзіцца, што кніга знікла не сама – яе схавалі або згубілі людзі, але ў дадзенай пабудове носьбітам прэдыкатыўнай прыметы (суб’ектам) выступае менавіта яна. Адсюль вынікае, што «пры злучэнні ўяўлення аб прадмеце з уяўленнем аб прымеце першае з іх, як пануючае ў адносінах да прыметы па самой сваёй прыродзе, будзе заўсёды суб’ектам, а другое прэдыкатам».

Пад семантычным суб’ектам Дз.Дз. Вароніна разумее «кампанент у семантычнай структуры сказа, які выступае як носьбіт прыметы, выяўленай прэдыкатам». Разглядаючы катэгорыю семантычнага суб’екта, даследчыца канстатуе, што «суб’ект па сваім дэнататыўным змесце можа быць не толькі агенсам» (лац. agens – дзеючы), дзеяч). На думку Дз.Дз. Варонінай, сродкам выражэння суб’екта могуць быць розныя склонавыя формы, значэнне якіх устанаўліваецца з боку іх адносін да прэдыката. Пагэтаму ў значэнне суб’екта ўключана семантыка той склонавай формы, якая ў семантычнай структуры сказа аказваецца ў становішчы суб’екта. Сістэма суб’ектных значэнняў паказвае, што змястоўна паняцце суб’екта значна шырэй паняцця агенса або любога іншага прыватнага значэння суб’екта. Такім чынам, агентыўнасць – гэта толькі адна з магчымых характарыстык суб’екта.

Г.А. Золатава разглядае семантычны суб’ект як «сінтаксічна незалежны субстанцыяльны кампанент суб’ектна-прэдыкатнай структуры, які абазначае носьбіта прэдыкатыўнай прыметы». Надзвычай важным з’яўляецца наступная заўвага Г.А. Золатавай: «Выразнікамі суб’екта не могуць быць любыя іменныя словаформы, мова мае пэўны набор сінтаксічных форм слова (сінтаксем) для выражэння суб’екта, а выбар той ці іншай формы залежыць ад разнавіднасці суб’ектна-прэдыкатных адносін, форма суб’екта ўзаемаабумоўлена звязана са значэннем і формай выражэння прэдыкатыўнай прыметы».

Сваё разуменне катэгорыі семантычнага суб’екта падае С.І. Какорына ў кнізе «О семантическом субъекте и особенностях его выражения в русском языке». Прызнаючы суб’ект адным з кардынальных паняццяў, без якога немагчымы аналіз семантычнай структуры сказа, Святлана Ільінічна лічыць, што пры азначэнні суб’ектнага кампанента выказвання з усіх фармальна-граматычных крытэрыяў працуе толькі адна сінтаксічная прымета – месцазнаходжанне словаформы ў пачатку сказа. Адсюль вынікае, што пры ўмове змены парадку слоў у сказе семантычны суб’ект або знікае, або яго функцыю пачынае выконваць іншы кампанент, які знаходзіцца на першым месцы. Таму семантычны суб’ект у даследчыцы часта не размяжоўваецца з тэмай як кампанентам актуальнага члянення сказа. Канешне, пазіцыя ў пэўнай меры ўплывае на вызначэнне кампанента з суб’ектным значэннем, аднак гэты паказчык з’яўляецца другасным. Акрамя таго, семантычны суб’ект можа знаходзіцца ў постпазіцыі і ў інтэрпазіцыі адносна семантычнага прэдыката.

На думку С.І. Какорынай, семантычны суб’ект не можа быць знойдзены пры апоры на фармальныя паказчыкі членаў сказа. Аднак асаблівасці яго граматычнага выражэння неабыякавыя для ладу сказа. Спецыфічнай рысай сінтаксісу з’яўляецца магчымасць выражэння семантычнага суб’екта любым ускосным склонам імені незалежна ад характару яго граматычнай сувязі са словам-прэдыкатам.

У працах Б.Ю. Нормана суб’ект азначаецца наступным чынам: «Суб’ект – гэта той (ці тое), хто (ці што) здзяйсняе дзеянне». Аднак такое вызначэнне суб’екта з’яўляецца даволі вузкім і недастаткова дакладным, паколькі суб’ект не заўсёды выступае як выканаўца дзеяння. Суб’ект можа быць носьбітам стану, прыметы і інш.

Б.Ю. Норман гаворыць пра суб’ект як пра прадстаўніка функцыянальна-сінтаксічнай пазіцыі. Функцыянальна-сінтаксічная пазіцыя – гэта «мінімальная двухбаковая адзінка сінтаксічнага ўзроўню мовы». Акрамя таго, функцыянальна-сінтаксічныя пазіцыі – гэта «састаўныя структурнай схемы сказа і, шырэй, граматычнай структуры выказвання як моўнага феномена. Гэта элементарныя адзінкі сінтаксічнага ўзроўню мовы; менавіта з такіх «атамаў» складаецца моўны твор». Сапраўды, тое, што суб’ект валодае пэўным наборам сродкаў фармальнага выражэння, дазваляе гаварыць пра яго як пра прадстаўніка функцыянальна-сінтаксічнай пазіцыі. Неабходна дадаць, што рэалізацыя сінтаксічнай пазіцыі ў тэксце абумоўліваецца сукупным дзеяннем як мінімум трох фактараў: сінтаксічнага, лексічнага і марфалагічнага.

Акрамя разгледжаных вышэй азначэнняў семантычнага суб’екта, існуюць і іншыя характарыстыкі гэтай катэгорыі семантычнага сінтаксісу:

а) Семантычны суб’ект – «такі кампанент сказа, які адказвае на пытанні «Аб кім (чым) ідзе гаворка ў сказе?» «З кім (чым) гэта адбываецца?» (Ямада Ціхару (Японія)).

б) Суб’ект – гэта «тып актанта, які характарызуецца прыметамі: 1. іерархічна першы або адзіны ўдзельнік; 2. які актыўна ўдзельнічае ў ажыццяўленні падзей, ступень актыўнасці і свядомасці можа быць пры гэтым рознай, параўн.: Ён падышоў і Ён спатыкнуўся… Суб’ект – адзін з самых складаных тыпаў актантаў, паколькі гэта паняцце, акрамя ўласна прапазіцыйнага, мае камунікатыўныя сэнсы» (Т.В. Шмялёва).

Такім чынам, пры разглядзе дадзенай адзінкі сінтаксісу і семантычнай структуры сказа ўвогуле трэба ўлічваць погляды ўсіх даследчыкаў-сінтаксістаў. Гэта тлумачыцца тым, што розныя азначэнні паняцця семантычнага суб’екта дапаўняюць адно аднаго.
2 Месца суб’екта ў семантычнай структуры сказа. Семантыка прысутнічае ўсюды, дзе ёсць знакі. А знак (у нашым выпадку – сказ) – гэта двухбаковая адзінка, і адзін з яго бакоў мае семантычную прыроду.

У лінгвістычнай літаратуры («Рускай граматыцы») адзначана, што цэнтральнымі семантычнымі катэгорыямі з'яўляюцца наступныя:



  1. прэдыкатыўная прымета, г. зн. «прымета, якая выражаецца ў аб'ектыўна-мадальным плане: у часе і ў тых ці іншых адносінах да рэчаіснасці; гэта катэгорыя рэалізуецца як «дзеянне» або «стан» (што разумеюцца ў шырокім сэнсе)». Семантычны прэдыкат (або прэдыкатыўная прымета) вызначаецца і як «асноўны кампанент семантычнай структуры сказа, які абазначае актыўную, або статальную, прымету, што з'яўляецца рэальнай асновай сказа і адносіцца або да прадмета, або да сітуацыі»:

Ці ж ты, міленькі, не знаеш,/ Што ты ў мяне пытаеш?

  1. суб’ект – «утваральнік дзеяння ці носьбіт стану». Гэтае вызначэнне паняцця суб'екта, на нашу думку, не з'яўляецца вычарпальным. На думку даследчыка У.Л. Керымава, цэнтрам любога выказвання ў форме простага сказа з’яўляецца суб’ект, а не прэдыкат. Семантычны суб’ект разумеецца як той «сінтаксічна незалежны субстанцыяльны кампанент суб'ектна-прэдыкатнай структуры, які абазначае носьбіта прэдыкатыўнай прыметы»:

А я, млада, не спрачалася,/ За вядзёрка ды памчалася.

  1. аб’ект – «той прадмет (таксама ў шырокім сэнсе), на які накіравана дзеянне або да якога накіраваны стан». Неабходна дадаць, што семантычны аб'ект – гэта «залежны кампанент семантычнай структуры сказа, што абазначае прадмет, пры дапамозе або пры ўдзеле, пасрэдніцтве, наяўнасці якога выяўляецца прэдыкатыўная прымета суб'екта»:

Ой, я тое знала, яшчэ раней устала,/ Яшчэ раней устала, волікі пагнала.

Акрамя вылучаных трох цэнтральных катэгорый семантычнай структуры сказа, Н.М. Арват уключае ў сістэму семантычных кампанентаў яшчэ атрыбут і канкрэтызатар дзеяння або стану. Семантычны атрыбут – гэта «залежны кампанент семантычнай структуры сказа, які абазначае непрэдыкатыўную прымету прадмета (паняцця) і функцыянуе як семантычны суб'ект, аб'ект або канкрэтызатар»:



Ой, ехаў мой мілы, ехаў з Украіны,/ Зачуў галасочак за чатыры мілі.

Паняцце семантычнага канкрэтызатара вызначаецца наступным чынам: гэта «залежны кампанент семантычнай структуры сказа, які абазначае розныя звязаныя з прэдыкатыўнай прыметай характарыстыкі»:



Як узяў сын плётку / А павёў жонку ў клеці.

Неабходна заўважыць, што семантычная структура сказа мае іерархічную будову. Абавязковымі і вядучымі кампанентамі з'яўляюцца семантычны суб'ект і прэдыкат, а перыферыйнымі, залежнымі ад галоўных кампанентаў – семантычны аб'ект, атрыбут і канкрэтызатар. Безумоўна, нельга адмаўляць той факт, што першапачаткова залежны і неабавязковы кампанент у той ці іншай сінтаксічнай пабудове мае сэнсавую нагрузку, а таму яго наяўнасць з'яўляецца неабходнай для рэалізацыі семантыкі сказа. Так, у канструкцыі Салавейка лугавы,/ Не пей рано на зары,/ Не пей рано на зары,/ Не будзі ты свякрові пераходны дзеяслоў ‘не будзі’ (прэдыкат) патрабуе наяўнасці аб’екта, на які накіравана дадзенае дзеянне. Пры адсутнасці гэтага семантычнага кампанента сэнс сінтаксічнай канструкцыі будзе недастаткова зразумелым і поўным. Таму ў сінтаксічных канструкцыях кожны з наяўных семантычных элементаў нясе пэўную сэнсавую нагрузку. А ўзаемадзеянне семантычных кампанентаў і складае семантычную структуру сказа.

Усе семантычныя кампаненты падзяляюцца на базавыя (вядучыя) і даданыя. Базавыя семантычныя кампаненты (суб'ект і прэдыкат) утвараюць семантычную аснову (ядро) сказа, а даданыя (аб'ект, атрыбут, канкрэтызатар) пашыраюць яго змест. Сярод семантычных кампанентаў, у сваю чаргу, выдзяляюцца пэўныя разнавіднасці (падкатэгорыі). Агульнапрынятым з'яўляецца той факт, што вядучымі, галоўнымі элементамі семантычнай структуры любога сказа з'яўляюцца семантычны суб'ект і прэдыкат. Асноўнай катэгорыяй, якую мы будзем даследаваць, з'яўляецца катэгорыя семантычнага суб'екта, якая мае асаблівае выражэнне ў мове беларускіх народных песень.

Некаторыя даследчыкі (напрыклад, Н.М. Арват, Ю.Дз. Апрэсян) лічаць, што цэнтральным, першым у семантычнай структуры сказа з'яўляецца семантычны прэдыкат, без якога немагчыма ніводная сінтаксічная канструкцыя. А другім, на іх думку, з'яўляецца семантычны суб'ект. Аднак не зусім правамерна азначаць семантычны суб'ект як другі кампанент пасля семантычнага прэдыката. Сапраўды, семантыка і форма выражэння прэдыката ўплываюць на семантыку і форму выражэння суб'екта, але гэты ўплыў двухбаковы, узаемны, паколькі калі няма суб'екта, то няма і дзеяння, якое можа ўтварыць толькі суб'ект. Акрамя таго, мэтазгодна прывесці выказванне Ц.П. Ломцева, згодна з якім неад’емнай уласцівасцю сказа з’яўляецца прэдыкатыўнасць. Прэдыкатыўнасць – гэта «адзіная агульная ўласцівасць выказвання любога і кожнага сказа… Прэдыкатыўнасць ёсць уласцівасць выказвання вылучаць зыходны прадмет адносін або суб’ект выказвання і проціпастаўляць яму ўсе іншыя элементы выказвання, апісваючы такім чынам ўласцівасці зыходнага прадмета або суб’екта».



Такім чынам, семантычны суб’ект, як і семантычны прэдыкат, займае цэнтральнае месца ў семантыычнай структуры сказа.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка