Современная белорусская культура: культура Беларуси в общемировом контексте




старонка4/12
Дата канвертавання18.03.2016
Памер0.94 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12

Сучасная беларуская культура ў кантэксце сусветнай культуры (ХХ – пач. ХХI ст.)

Асабліва значныя падзеі ў развіцці беларускай культуры звязаны з сацыяльна-палітычнымі пераўтварэннямі, якія адбыліся на Беларусі пасля рэвалюцый 1917 года – спачатку лютаўскай, а потым Кастрычніцкай. Народ Беларусі атрымаў магчымасць развіцця сваёй культуры на аснове дзяржаўнага суверэнітэту. У гэтых умовах нацыянальна-культурнае адраджэнне набыло новы, магутны стымул.

20-я гады ўвайшлі ў гісторыю культуры Беларусі як час беларусізацыі. Прыняцце ў 1924 годзе Пастановы ЦВК БССР "Аб практычных мерапрыемствах па правядзенню нацыянальнай палiтыкi" надало беларусізацыі сілу закона.

Палітыка беларусізацыі прадугледжвала наступнае:

• Развіццё беларускай культуры: стварэнне школ, тэхнікумаў, ВНУ на беларускай мове навучання, адкрыццё культурна-асветных устаноў, развіццё беларускай літаратуры, выданне на беларускай мове кніг, газет, часопісаў, разгортванне навукова-даследчай працы па ўсебаковым вывучэнні гісторыі Беларусі;

• Вылучэнне беларусаў на партыйную, савецкую, прафсаюзную і грамадскую работу;

• Пераклад справаводства партыйнага, савецкага, прафсаюзнага, кааператыўнага апарата і часцей Чырвонай Арміі на беларускую мову ;

Як бачна, асноўным пытаннем беларусізацыі, якая адбывалася ў 20-я гады, з'яўлялася развіццё і пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы. Папярэднія гістарычныя ўмовы не толькі не спрыялі гэтаму, але і наадварот, у гады паланізацыі (у рамках Рэчы Паспалітай) і русіфікацыі (у царскай Расіі) прывялі да таго, што беларуская мова амаль знікла з ужывання, асабліва ў афіцыйным асяроддзі.

Гэта істотна адбілася на стане самой мовы, развіццё якой штучна стрымлівалася на працягу некалькіх стагоддзяў. Пашырэнне жа сферы навуковых даследаванняў, пераўтварэнне сістэмы адукацыі, развіццё культуры ў цэлым ставіла пытанне аб абнаўленні, развіцці беларускай мовы, пашырэнні яе лексікі і тэрміналогіі, якія павінны былі адпавядаць сучасным патрабаванням.

З гэтай мэтай у 1921 годзе была створана Навукова-тэрміналагічная камісія, пераўтвораная ў 1922 годзе ў Інстытут Беларускай культуры. Інбелкульт арганізаваў ўсебаковую навукова-даследчую дзейнасць па вывучэнню гісторыі і культуры Беларусі, яе геаграфіі і эканомікі, гісторыі беларускай мовы і літаратуры і г.д. У розны час дзейнасці Інбелкульта у ім працавалі Я.Купала, Я.Колас, Я.Карскі, Я.Лёсік, М.Грамыка, С.Некрашэвіч (першы старшыня), В.Игнатоўскі, М.Гарэцкі. З Інбелкультам супрацоўнічалі А.Цвікевіч, В.Ластоўскі, якія вярнуліся на Беларусь з эміграцыі. Актыўна працавалі разам з імі і прадстаўнікі бальшавіцкай партыі – Д.Жылуновіч, А.Баліцкі, П.Ільючонак і інш. Такім чынам, высакародная справа адраджэння і развіцця беларускай культуры збірала вакол сябе прадстаўнікоў розных палітычных плыняў.

Шырыня навуковых даследаванняў, якая характарызуе дзейнасць Інбелкульта, паставіла на парадак дня пытанне аб стварэнні на яго базе Беларускай Акадэміі навук (БАН), што і адбылося ў 1929 годзе. Першым прэзідэнтам БАН быў зацверджаны В.Ігнатоўскі. Сярод першых правадзейных членаў Акадэміі былі Я.Купала, Я.Колас, В.Пічэта, И.Замоцін, С.Матулайціс, А.Ясінскі. БАН працягвала навукова-даследчую працу Інбелкульта ў галінах грамадскіх і прыродазнаўчых навук, эканомікі, літаратуры, мастацтвазнаўства.

Філасофскія і сацыяльна-этычныя погляды ў беларускай літаратурнай творчасці

Пачатак 20 стагоддзя – гэта перыяд далейшага развіцця філасофскай думкі на Беларусі, у цэнтры ўвагі якой, як гэта склалася раней, заставалася сацыяльна-этычная праблематыка. Эпіцэнтр яе пошукаў – ідэал агульначалавечай праўды, асноўная тэма – сэнс і прызначэнне чалавека.

Выдатныя дзеячы беларускай культуры ад Ф.Скарыны да Я.Купалы былі, перш за ўсё, сацыяльна арыентаванымі мысліцелямі, разглядалі грамадскія і філасофскія праблемы ў аспекце дасягнення сацыяльнай і нацыянальнай роўнасці. Філасофская думка таго часу – гэта не столькі абстрактна-тэарэтычная рэфлексія, колькі філасофскі складальнік агульнакультурнай, літаратурна-мастацкай і публіцыстычнай творчасці. У пачатку мінулага стагоддзя філасофская думка Беларусі найбольш ярка выявілася ў культуралагічнай і сацыяльна-этычнай праблематыцы.

У 20-я гады ХХ стагоддзя з'яўляюцца творы, аўтары якіх фармулююць спецыфічна беларускі адказ на адвечныя пытанні чалавечага існавання, яго духоўнага быцця. Найбольш арыгінальныя працы гэтага часу – філасофскае эсэ Ігната Абдзіраловіча "Адвечным шляхам (Дасьледзiны беларускага сьветагляду)" – 1921 г. і Сулімы (Ул.Самойлы) – "Гэтым пераможаш. Нарыс крытычнага аптымiзму "- 1924г.

І.Абдзіраловіч – псеўданім паэта, філосафа і публіцыста Ігната Канчэўскага (1896-1923 гг.), А Суліма – псеўданім сябра і настаўніка маладога Я.Купалы, публіцыста і крытыка Уладзіміра Самойлы (1878-1941 гг.)

Аснова светапогляднай і жыццёвай пазіцыі І.Абдзіраловіча – служэнне беларускай культуры, любоў да Айчыны і самаахвяраванне на карысць беларускага народа. Ён з'яўляецца спадчыннікам эстэтычных і сацыяльных ідэалаў Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа. Аднак яго творчасць не з'яўляецца другаснай рэфлексіяй, яно ўяўляе маральна-філасофскае падвядзенне вынікаў гістарычнага і духоўнага вопыту народа з улікам найноўшых дасягненняў філасофіі таго часу. У філасофскім эсэ "Адвечным шляхам" ён паказаў драматызм гістарычнага лёсу беларусаў і ў той жа час падкрэсліў іх імкненне захаваць незалежнасць, "ісці нароўні з іншымі народамі да стварэння новага агульначалавечага ідэалу". Галоўным у беларускім адраджэнні І.Абдзіраловіч лічыў дзяржаўную незалежнасць, якую расцэньваў як агульначалавечы ідэал. Ён верыў у творчыя патэнцыі народа і з аптымізмам ацэньваў імкненне славянскіх народаў да салідарнасці.

Варта адзначыць, што наш выдатны суайчыннік не цалкам прымаў існуючы дзяржаўны лад, а менавіта – яго класавую аснову, з якой вынікала пралетарскае месіянства. Ён успрымаў яго як імкненне перайначыць усё грамадскае жыццё ў інтарэсах пралетарскіх слаёў насельніцтва, для чаго неабходна было здзейсніць сусветную рэвалюцыю. У артыкуле "Кооперацыя", напісанай у 1922 годзе І.Абдзіраловіч абгрунтаваў філасофскую канцэпцыю беларускай сацыяльна-эканамічнай ідэі, сутнасць якой бачыў у выбары трэцяга (паміж капіталізмам і сацыялізмам) сялянска-рамесніцкага шляху да свабодных таварыстваў і народнай кааперацыі, што, у сваю чаргу, павінна было садзейнічаць свабодзе творчасці, у тым ліку – і паэта, мастака. Гэты шлях разглядаўся ім у якасці парадыгмы будучага грамадства, рознабаковага ў сваіх нацыянальна-самабытных культурах.

Такім чынам, этычна-філасофская канцэпцыя І.Абдзіраловіча – гэта філасофія універсальнай жыццёвай творчасці.

Сацыяльна-этычная канцэпцыя У.Самойлы – філосафа, публіцыста – крыніца гістарычнага аптымізму. Ён піша пра неабходнасць развіцця роднай мовы, нацыянальнай культуры, што з'яўляецца паказчыкам духоўнага здароўя нацыі. Асіміляцыя, выміранне нацыянальных культур азначае найвялікшыя страты для сусветнай культуры.

Філосаф разглядае і такую, не менш значную для грамадства праблему, як неабходнасць выхавання духоўна развітай асобы ў якасці гаранта таго, што ў аснову сацыяльнай практыкі будуць закладзены маральныя прынцыпы.



1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка