Современная белорусская культура: культура Беларуси в общемировом контексте




старонка3/12
Дата канвертавання18.03.2016
Памер0.94 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12

Культура Беларусі ў складзе Расійскай Імперыі


(1795-1917 гг.)
У канцы ХVIII ст. наступае новы перыяд у палітычным, эканамічным і культурным жыцці беларускага народа. Пасля трох раздзелаў Рэчы Паспалітай (1772г., 1793г. і 1795г.) да Расіі далучыліся амаль усё беларускія землі, насельніцтва якіх складала больш 3-х млн.чалавек. Рэшткі беларускай дзяржаўнасці былі зруйнаваны ў канцы 1830-х гг. пасля скасавання ўніі і Статута ВКЛ.

Гэты даволі складаны перыяд адноснага "зацішша" не быў поўным заняпадам культуры, як доўга лічылася ў айчыннай і замежнай гістарыяграфіі. Нягледзячы на ўсе катастрофы, усё ж захаваўся “генетычны фонд" нацыі – народная інтэлігенцыя, сялянства, дробная шляхта. Ядро нацыянальнай культуры складала народная (этнічная) культура – аўтэнтычны фальклор, абрады, гутарковая мова з рознымі дыялектамі, народнае дойлідства. У другой палове ХVIII – пaч.ХIХст. на беларускіх землях распаўсюдзіліся асветніцкія ідэі, цесна звязаныя з французкім, рускім, польскім, украінскім і літоўскім Асветніцтвам.

Асветніцтва – антыфеадальная па сваёй сацыяльна-палітычнай сутнасці ідэалогія перыяду станаўлення капіталізму. Прапаведавала прыярытэт асветы, навукі, розуму ў жыцці асобы, грамадства, дзяржавы.. Як плынь грамадска-палітычнай думкі Асветніцтва адлюстроўвала ўзмацненне супярэчнасцяў феадальнай сацыяльна-эканамічнай фармацыі ў эпоху буржуазных рэвалюцый.

У кожнай краіне ідэалогія Асветніцтва мела свае асаблівасці і храналогію, што было звязана з адпаведным узроўнем сацыяльна-эканамічнага развіцця. Раней усяго яно выявілася ў Галандыі, дзе ўжо ў ХVI ст. перамагла першая ў свеце буржуазная рэвалюцыя. У Англіі пасля перамогі буржуазнай рэвалюцыі ХVII ст. Асветніцтва набыло вальнадумны характар (Т.Гобс, Дж.Лок. Д.Гартлі і інш.) Ідэі Дж.Лока, які крытыкаваў феадалізм, выступаў за свабоду асобы, былі добра вядомыя на Беларусі.

Найвышэйшай ступені развіцця Асветніцтва дасягнула ў Францыі і з'явілася важнай часткай духоўнай культуры Заходняй Еўропы. Уся адукаваная Францыя, а таксама Еўропа (у тым ліку і Расія) жылi ідэямі і ідэаламі Асветніцтва. Асаблівая цікавасць у Беларусі выклікала філасофская і літаратурная творчасць Вальтэра. Папулярнасці яго твораў садзейнічала тое, што ён закранаў мясцовую тэматыку. Напрыклад, у "Гісторыі Карла ХII" расказваецца аб ваенных падзеях на Гарадзеншчыне, Магілёўшчыне. Добра вядомы на Беларусі былі таксама творы Русо. Мантэск’е і іншых французскіх асветнікаў, якія былі ў шматлікіх бібліятэках. Напрыклад, у Клімавічскім павятовым вучылішчы быў камплект энцыклапедыі Д.Дзідро, выданні Ф.Вальтэра і Ж.Ж.Русо.

П’есы Вальтэра, Русо ставіліся прыдворныміі тэатрамі ў Слоніме, Ружанах, Нясвіжы. Гарадзенскі мецэнат Тызенгаўз запрашаў Русо пераехаць на месца жыхарства ў Белавежскую пушчу, абяцаючы пабудаваць яму ідылічны домік, і толькі выпадак перашкодзіў ажыццяўленню гэтых планаў.

Значны ўплыў на інтэлектуальнае жыццё Беларусі аказалі рускія, польскія навукоўцы і пісьменнікі, якія часта былы пасрэднікамі ў кантактах з Заходняй Еўропай. У беларускіх бібліятэках былі творы М.Ламаносава, Д.Фанвізіна, А.Анічкава, З. Сташыца і інш.

У Беларусь вялі шляхі не толькі з суседніх, але і з далёкіх славянскіх і неславянскіх краін. Дастаткова назваць сербскіх пісьменнікаў і навукоўцаў Д.Абрадавіча, Э.Янкавіча і П.Негаша, якія ў 80-е г. ХVIII ст некаторы час жылі ў Шклове пры двары графа З.Зорыча і займаліся тут літаратурнай дзейнасцю. Беларусь таго часу наведвалі і заходнееўрапейскія літаратары, навукоўцы, мастакі і падарожнікі Г.Корб, У.Кокс, Г.Форстар, І.Бернулі і інш., якія вывучалі жыццё і побыт беларусаў.

Усё вышэйзгаданае аказвала ўплыў на распаўсюджанне ідэй Асветніцтва на Беларусі. Яны знайшлі адлюстраванне ў філасофіі, сацыялогіі, гісторыі, літаратуры, мастацтве.

Ідэйныя вытокі Асветніцтва ідуць ад творчасці прагрэсіўных мысліцеляў к.ХVII-пач.ХVIII ст. К.Лышчынскага, С.Полацкага, І.Капіевіча. Прадстаўнікі ранняга перыяду звязвалі навуковыя задачы з гуманістычнымі, свабоду слова лічылі абавязковай ўмовай развіцця навукі.

Філасофская і сацыялагічная думка знайшла адлюстраванне ў творчасці Б.Дабшэвіча, А.Доўгірда, Л.Бароўскага. Яе асаблівасць – сувязь з перадавымі прыродазнаўчымі тэндэнцыямі. На развіццё філасофскай думкі на Беларусі значны ўплыў аказалі ідэі Р.Дэкарта, Дж.Лока, Ф.Бэкана. У прыватнасці, А.Доўгірд – філосаф, псіхолаг, логік – быў паслядоўнікам вучэння Ф.Бэкана і Дж.Лока. Адным з першых беларускіх навукоўцаў ён вызначыў эстэтыку як "навуку аб прыгожым".

Гістарычныя погляды развіваліся ў рэчышчы асветніцкай тэорыі “натуральнага права", выкладзенай у працы Т.Млоцкага "Сведчанне з вытокаў натуральнага права" (1779г.). Зыходзячы з тэорыі Русо абараняўся прынцып роўнасці людзей. Спецыфічнай рысай Асветніцтва ў Беларусі была яго арыентацыя на вырашэнне сялянскай праблемы,: неабходнасць знішчэння прыгонніцтва, роўнасць сялян у палітычных правах з іншымі саслоўямі, стварэнне сістэмы адукацыі для сялянскіх дзяцей.

У другой палове ХVIII ст. працягвалася далейшае развіццё і мастацкай культуры. У архітэктуры завяршылася фарміраванне стылю барока. Самабытная стылістыка ранняга барока выявілася ў Дзятлаўскім касцёле Успення Багародзіцы, Нясвіжскім касцёле езуітаў (архітэктар Я.М.Бернардоні) і інш. Эстэтыка позняга барока ўвасобілася ў ансамблях грамадзянскай архітэктуры – гандлёвыя рады, ратушы, вадзяныя млыны, манументальныя сядзібы і палацы; у драўляным культавым дойлідстве (Георгіеўская царква ў в.Сынкавічы Лунінецкага р-на ХVIII ст.; Міхайлаўская царква ў Слуцку з элементамі барока і класіцызму ХVIII-ХIХст. і інш.)

У гэты ж час у архітэктуры развіваецца класіцызм, які грунтаваўся на такіх дамінантах, як антычная ордэрная сістэма, сінтэз расійскай, заходнееўрапейскай эстэтыкі ХVIII ст і мясцовых традыцый. Узоры гэтага стылю захаваліся і сёння – Гомельскі палац П.Румянцава (1785), Сноўскі палац у Нясвіжскім раёне (1827) і інш. Назіраецца росквіт садова-паркавага мастацтва якое гарманічна сплалучалася з палацавай арxітэктурай..

З 40-х гадоў назіраецца распад стылёвага адзінства і спалучэнне розных стыляў – рэнесанс, барока, готыка, а ў пачатку ХIХст дамінуе стыль мадэрн, адна з плыняў якога была арыентавана на сярэднявечча, другая – на готыку. У сярэдзіне ХVIII ст адраджаецца манументальны жывапіс у стылі барока (роспісы касцёлаў езуітаў у Нясвіжы, Гародні і інш.). Фарміраванне шляхецкага арыстакратычнага стылю жыцця, будаўніцтва палацаў, актывізацыя культурных сувязяў з еўрапейскімі краінамі спрыяла росквіту параднага партрэтнага жанру ў жывапісе (партрэты Ю.Радзівіла, К.Слуцкай, Я.Радзівіла, М.Кл. Агінскага і інш.)

У ХІХст. жылі і тварылі выдатныя мастакі І.Хруцкі, Н.Орда і многія іншыя. І.Хруцкі, выхадзец Полацкага ўезда, скончыў Пецярбургскую Акадэмію мастацтва. Плённа працаваў у жанры нацюрморту. Н.Орда – мастак, кампазітар зрабіў замалёўкі шматлікіх памятных месцаў Беларусі, большасць з якіх не захаваліся з-за мноства войнаў, рэвалюцый. Плённа працавалі беларускія мастакі і ў гістарычным жанры, адлюстроўваючы падзеі, звязаныя з гісторыяй Беларусі. Найболей вядомы мастак гэтага жанру – Я.Дамель ("Вызваленне Касцюшкі з няволі", "Адступленне французаў праз Вільню" і інш.)

У 60-90-я гады беларускае мастацтва вызваляецца ад умоўнасцей класіцызму і рамантызму і ў ім ўзмацняюцца рысы крытычнага рэалізму Гэта было звязана з узнікненнем беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі, перадавая частка якой выхоўвалася на ідэях рускіх рэвалюцыянераў-дэмакратаў..

Вывучаючы кантакты беларускай культуры з іншымі, неабходна добра ўсвядоміць, што развіццё асветніцкай думкі на Беларусі было выклікана, перш за ўсё, мясцовымі патрэбамі, бо не ідэі шукаюць людзей, а людзі ідэі. Калі няма адпаведных умоў, то "імпарт" ідэй нічога не дасць. На беларускай зямлі таго часу ўзышлі "парастакі" асветніцтва, а ўплыў іншых культур толькі стымуляваў іх рост. Высока цэнячы і творча пераносячы на сваю глебу замежнае, беларусы мелі магчымасць узбагаціць духоўны патэнцыял Бацькаўшчыны. А гэта, у сваю чаргу", з'яўлялася важнай перадумовай, каб і да яе культурных каштоўнасцей праявілі зацікаўленасць іншыя народы.

Жыццё беларусаў у складзе шматнацыянальнай расійскай імперыі дазваляла ім падтрымліваць трывалыя кантакты ў галіне культуры, акрамя рускага народа, і з іншымі,пераважна, – украінскім і польскім як блізкароднаснымі. Але існавала велізарная трагедыя ў культурным развіцці беларускага народа – калі іншыя народы развівалі сваю культуру і навуку на роднай мове, то беларусы былі пазбаўленыя гэтага яшчэ з 1696г. (афіцыйная забарона беларускай мовы ў РП) да 1906г., калі з'явілася першая легальная газета на беларускай мове "Наша доля". А гэта ж быў час, калі ў англійскай літаратуры тварылі такія геніі як В.Скотт і Г.Байран, у французкай – У.Гюго і А.Бальзак, у нямецкай – Ф..Шылер і І.Гётэ, у рускай – А.Пушкін і Л.Талстой, у польскай – А.Міцкевіч і інш. На жаль, беларуская культура на мяжы ХХ ст значна адстала ад перадавых культур народаў, якім беларусы не ўступалі ў перыяд сярэднявечча.

Але ўсё ж культурнае развіццё не спынялася. І гэта найбольш выразна выявілася на прыкладзе беларускай мастацкай літаратуры, спрыяльнай умовай для якой была наяўнасць у нашага народа багатага фальклору. Вусная народная творчасць на ўсіх этапах гісторыі народа была надзейнай яго апорай. Вымушаны любой цаной захаваць сваю адметнасць, непаўторнасць і мастацка-духоўнае багацце ў вуснай творчасці, беларускі народ асобныя яе віды развіў да такога ўзроўню, якога ці наўрад дасягнулі б іншыя этнасы, якія ніколі не мелі абмежаванняў з боку афіцыйнай палітыкі ў развіцці мастацкай літаратуры на роднай мове. Гэта адносіцца да беларускай казкі, абрадаў, калыханак і, безумоўна, да беларускай народнай песні. Вусная беларуская паэзія не толькі захоўвала нацыянальную культуру, але мела і больш шырокае значэнне. Яна наталяла жыватворнаю сілаю душы шматлікіх прадстаўнікоў суседніх культур, і сярод іх – роднасных землякоў Міцкевіча, Сыракомлі і іх паслядоўнікаў у польскай літаратуры.3

Асэнсоўваючы працэсы, якія адбываліся ў рускай, польскай, украінскай літаратуры, беларуская інтэлігенцыя імкнулася да стварэння перыядычнага друкаванага органа на роднай мове, з дапамогай якога можна было б спрыяць развіццю пісьменнасці, абудзіць народ да нацыянальнага адраджэння. Гэта ўдалося ажыццявіць у пач. ХХст, калі ў Вільні пачалі выдаваць газету "Наша доля" і "Наша ніва", на старонках якіх друкаваліся творы паэтаў і пісьменнікаў. Нацыянальная тэматыка была асновай абсалютнай большасці твораў новай беларускай літаратуры. Але ж, выйшаўшы з велізарным спазненнем на абсягі літаратур народаў свету, яна адчувала вострую патрэбу у кантактах з іншымі літаратурамі. Творчы пераносячы на сваю глебу лепшыя дасягненні і ўзоры сусветнай літаратуры, узбагачалі беларускае мастацкае слова, уплывалі на развіццё культур суседніх народаў. Аб гэтым пісаў М.Багдановіч: "Намагаючыся зрабіць нашу паэзію не толькі мовай, але і духам, і складам твораў шчыра беларускай, мы зрабілі б цяжкую памылку, калі б кінулі тую вывучку, што нам давала светавая (найчасцей еўрапейская) паэзія. Гэта апошняя праца павінна ісці поўным ходам. Было б горш, чым нядбальствам, нічога не ўзяць з таго, што сотні народаў праз тысячы год сабіралі ў скарбніцу светавой культуры". 4

Заявіўшы аб сабе на мяжы стагоддзяў беларускія літаратары пачалі актыўна знаёміць свой народ з мастацкімі творамі іншых літаратур. Найбольш плённа працаваў у галіне мастацкага перакладу Максім Багдановіч. Дзякуючы яму наш чытач змог пазнаёміцца на роднай мове з творамі старажытнарымскіх паэтаў Авідзія і Гарацыя, нямецкіх Ф.Шылера і Г.Гейне, французкага паэта П.Верлена, рускіх – А.Пушкіна і А.Майкава. Усяго на беларускай мове з 1859 па 1916гг было выдадзена 20 назваў перакладных мастацкіх кніг.5

Але ў працэсе запазычвання духоўных скарбаў іншых народаў неабходна было захаваць пачуццё меры. Аб гэтым справядліва адзначыў М.Багдановіч, што "занасіць толькі чужое, не развіваючы свайго, – гэта знача глуміць народную душу. Да таго ж адны жабракі могуць праз усё толькі браць. Трэба ж і нам, беручы чужое, калі-нікалі даць нешта сваё."6 У першую чаргу, беларуская літаратура была цесна звязаная з польскай, рускай і украінскай літаратурай. Спрыяў гэтаму той факт, што на Беларусі нарадзіліся, шмат пісалі аб ёй такія вядомыя прадстаўнікі польскай літаратуры як Я.Аношка, К.Буйніцкі, А.Міцкевіч і інш. Нямала было і такіх, якія пісалі як на польскай, так і на беларускай мовах – Ул. Сыракомля, Я.Барщэўскі, Я.Чачот. Напрыклад, Ул. Сыракомля зрабіў пераклад на польскую мову шмат беларускіх народных песень, напісаў уласныя вершы ў духу мясцовых вуснапаэтычных узораў.

Пад моцным уплывам польскай культуры адбывалася літаратурная дзейнасць Я.Лучыны (1851–1897гг.) Спачатку ўсе свае творы ён пісаў на польскай мове. Безумоўна, гэта садзейнічала пашырэнню твораў беларускай літаратуры сярод польскага і іншых народаў. Сярод прадстаўнікоў польскай прагрэсіўнай інтэлігенцыі асаблівую сімпатыю да беларускай культуры выказвала вядомая паэтэса, ураджэнка Гарадзеншчыны Э.Ажэшка. Яна высока ацэньвала творы Ф.Багушэвіча, напісаныя на беларускай мове.

Значны ўклад у развіццё беларускай літаратуры пач. ХХст. унёс М.Багдановіч – паэт, перакладчык, крытык, гісторык літаратуры. Яго творчасць – яркі ўзор служэння сацыяльнаму і нацыянальнаму вызваленню беларускага народа, яно прасякнута ідэямі роўнасці і братэрства, гуманістычнымі ідэаламі – цыклы вершаў "Старая Беларусь", "Старая спадчына" і інш.

М.Багдановіч вядомы і як літаратуразнавец і публіцыст, які ажыццявіў сістэматызаваны агляд гісторыі беларускай літаратуры ад ХІІ да пач.ХХст. ва ўзаемасувязі з агульнаславянскім і еўрапейскім гісторыка-культурным кантэкстам. Распрацоўваў праблемы этнічнай кансалідацыі беларускага народа, яго нацыянальна-вызваленчага руху ( арт. "Беларускае адраджэнне", "Беларусь" і інш.) Ён высока ацэньваў дасягненні беларускай культуры перыяду Вялікага княства Літоўскага, падкрэсліваючы ўплыў на яе заходнееўрапейскай культуры. У эпоху Адраджэння Беларусь займае адно з першых месцаў сярод культурнага славянства – адбыўся ўзлёт беларускай пісьменнасці, узніклі вышэйшыя навучальныя ўстановы (Полацкая акадэмія з правамі ўніверсітэта), адчыняліся друкарні і інш.

М.Багдановіч адзначыў супрацьлеглую ролю ў гісторыі Беларусі праваслаўнай і каталіцкай цэркваў, іх дачыненне да заняпаду старажытнабеларускай культуры, станоўча ўспрымаў уніяцтва як альтэрнатыву дэнацыяналізацыі беларусаў. Ён быў адным з тых прагрэсіўных прадстаўнікоў беларускай думкі, хто спрыяў замацаванню ў грамадскай свядомасці такіх паняццяў, якія суадносяцца з нацыянальным развіццём: "Беларусь", "беларускі народ", "Бацькаўшчына", "беларуская мова і культура" і інш.

М.Багдановіч ажыццявіў перыядызацыю нацыянальна-вызваленчага руху ХІХ-пач.ХХст., падкрэсліваючы велізарную ролю ў беларускім адраджэнні газет "Наша доля", "Наша ніва", якія праводзілі значную асветніцкую працу, асноўная мэта якой – адраджэнне беларускай культуры. Да беларускага селяніна "Наша ніва" са сваіх старонак звярнулася на роднай мове, выклікаючы пачуццё гонару і павагі да сабе і мовы. Разам з тым яна заклікала шырока карыстацца досягненнямі польскай, рускай, украінскай культур.

Выключнае значэнне М.Багдановіч надаваў фарміраванню беларускай інтэлігенцыі (арт. "Новая інтэлігенцыя"), падкрэсліваючы яе грамадскую і культуратворчую ролю.

Такім чынам, жыццё і творчасць М.Багдановіча – узор патрыятычнага служэнння народу, сваёй Радзіме, імкненне зрабіць усё магчымае для росквіту краіны.

Дабратворны ўплыў на стан беларускай мастацкай літаратуры аказвала прагрэсіўная руская літаратура, якая мела сусветнае прызнанне. Уздзеянне пушкінскага генія адчулі тыя, хто стаяў у вытокаў новай беларускай літаратуры. Аб гэтым пісаў Я.Колас: "Цяжка вымераць і ацаніць уплыў Пушкіна на нашу беларускую літаратуру. Янка Купала наследаваў высокія пушкінскія традыцыі ў лепшых сваіх творах. Да Пушкіна ўзыходзіць імкненне і ўменне Купалы выказаць думку проста і строга, без папяровых кветак прыхарошвання.

Спелы паэт і майстра, Максім Багдановіч зазнаў плённы ўплыў пушкінскага верша, што дазволіла яму стварыць выдатныя санеты і зрабіць пачатак перакладам Пушкіна на беларускую мову.

Шматгранны характар насілі беларуска-украінскія літаратурныя сувязі. У прыватнасці, Тарас Шаўчэнка заўсёды цікавіўся дасягненнямі беларускай літаратуры, народнымі песнямі. У сваю чаргу, шматлікія яго творы былі вядомыя на Беларусі амаль кожнаму адукаванаму чалавеку. Велізарную ролю для папулярнасці беларускай літаратуры меў украінскі часопіс "Украінская хата", дзе друкаваліся творы М.Багдановіча. Яго пяру належыць арыгінальны артыкул "Краса і сіла (Вопыт даследавання верша Шаўчэнкі), які некаторыя літаратуразнаўцы адносяць да фундаментальных прац шаўчэнказнаўства. Беларускія аўтары таксама пачалі ўсё часцей звяртацца да мастацкага перакладу з украінскай мовы. Так, напрыклад, у перакладзе на беларускую мову асобным выданнем выйшла паэма Т.Шаўчэнкі "Кацярына" ў 1911г.

Такія плённыя сувязі з польскай, рускай, украінскай культурай у значнай ступені спрыялі развіццю беларускай мастацкай літаратуры, стварэнню выдатных твораў на беларускай мове, нягледзячы на жорсткі рэжым сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту. На сваёй роднай мове беларусы атрымалі такія творы як "Гапон" В.Дуніна-Марцынкевіча, зборнікі "Дудка беларуская" Ф.Багушэвіча, "Жалейка" Я.Купалы, "Вянок" М.Багдановіча і інш.. У прапагандзе дасягненняў беларускай літаратуры велізарную ролю адыграла газета "Наша ніва".

Уздым беларускай мастацкай літаратуры спрыяў развіццю культуры славянскіх народаў. Таму на іх мовы (польскую, рускую, украінскую, чэшскую) былі перакладзены найбольш цікавыя беларускія творы. Даволі часта і розныя артыкулы аб беларускай літаратуры з'яўляліся на старонках славянскай перыёдыкі. Усё гэта дае падставу сцвярджаць аб пэўным укладзе беларускай літаратуры ў духоўную спадчыну славянскіх народаў.. У сваю чаргу, на беларускую мову былі зроблены літаратурныя пераклады са славянскіх моў. На ёй былі надрукаваныя шэраг твораў А.Міцкевіча, У.Сыракомлі, А.Пушкіна, М.Някрасава, І.Франко і інш.

Расла цікавасць літаратурнай інтэлігенцыі і да лепшых мастацкіх твораў далёкіх ад нас народаў. Так, у газеце "Наша ніва" (1910, № 23,24,28) былі надрукаваны пераклады кітайскіх казак. Гэты пераклад – вынік творчай садружнасці пецярбургскага прыват-дацэнта В.Аляксеева з тымі, хто ўдзельнічаў у выданні "Нашай нівы". Матэрыялы пра беларускую культуру час ад часу друкаваліся на старонках часопіса "Архіў славянскай філалогіі",які выдаваўся ў Германіі. Словам, беларускі народ, хоць і запознена, але прабіваў сабе шлях у Еўропу, дзе яму належала пачэснае месца ў перыяд сярэднявечча, калі ён меў сваю дзяржаву, развітую культуру.

Дваццатае стагоддзе – новы і завяршальны этап станаўлення беларускай культурнай традыцыі, яе паступовай інтэграцыі ў рэгіянальна-славянскім і агульнаеўрапейскім кантэкстах.

1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка