Смалявіччыны творчы вянок (народныя і ўзорныя калектывы)




Дата канвертавання30.04.2016
Памер197.4 Kb.


Аддзел культуры Смалявіцкага райвыканкама

Смалявіцкі раённы метадычны цэнтр народнай творчасці


Смалявіччыны

творчы вянок

(народныя і ўзорныя калектывы)

г.Смалявічы

Культура беларусаў непарыўна звязана з жыццём народа, яна – жывы помнік народнай творчасці, плён натхнення многіх калектываў.

Гэта веліч мастацкага генія, прыгажосць яго маральнага аблічча, высакароднасць ідэалаў. Гэта важны духоўны набытак нацыі, адзін са сродкаў выхавання самасвядомасці.

З даўніх часоў славілася Смалявіччына незвычайнай мелодыкай беларускай песні, чысцінёй і непасрэднасцю музычных твораў, шматколернай гамай вясёлкі ўрачыстага карагода, таленавітымі майстрамі – стваральнікамі самабытных твораў з гліны, дрэва, лазы, саломы.

Сярод самадзейных калектываў сваёй стабільнасцю, ўзроўнем выканальніцкага майстэрства выдзяляюцца “народныя” і “узорныя” калектывы, якіх незалежна ад ведамаснай прыналежнасці на Смалявіччыне налічваецца 15.

У раёне ёсць цэлае суквецце гучных імён, якія дзякуючы свайму таленту, творчаму натхненню, намаганням, утрымліваюць выдатныя самадзейныя калектывы, якія стваралі і ствараюць культуру Смалявіччыны, якія складаюць гонар яе: Алена Дзедавец, Юрый Навінскі, Сяргей Пятроўскі, Алена Мыцько, Надзея Навінская, Вікторыя Колісава, Ірына Ходас, Марыяна Кіслых, Іна Мурашка, Канстанцін Герашчанка, Людміла Кляніцкая, Тамара Пятровіч і інш.

Беларусы любяць народную творчасць, ашчадна захоўваюць, шануюць яе, таму што адначасова з’яўляюцца і творцамі, і захавальнікамі ўсяго каштоўнага, вечнага.

Час няўмольна бяжыць, мастацтва спадарожнічае гісторыі. І кожны з нас у гэтым складаным працэсе адлюстроўвае рэчаіснасць эпохі, адчуваючы і ўсведамляючы сваю нацыянальную годнасць.



Народны духавы аркестр

Смалявіцкага гарадскога Дома культуры
Народны духавы аркестр гарадскога Дома культуры быў створаны ў 1957 годзе. з 1978 года аркестр носіць ганаровае найменне “народны”.

Мастацкі кіраўнік - Сяргей Феліксавіч Пятроўскі, які з’яўляецца незменным кіраўніком на працягу 20 год.

Канцэртмайстар - Леанід Красінскі.

За доўгі час свайго існавання не адно пакаленне аркестра даказала, што па праву носіць званне “народны”. Праз сотні рэпетыцый, індывідуальных заняткаў прайшлі аркестранты, каб дабіцца зладжанага гучання інструментаў, злітага ў адно цэлае.

У гісторыі кожнага творчага калектыва ёсць свой зорны час. Такім часам для аркестра можна лічыць 1977 год. За ўдзел у IV фестывалі песні і танца Эстонскай ССР аркестр са Смалявіч быў удастоены Вялікага залатога медаля фестывалю.

На рахунку аркестра дыплом III ступені за ўдзел у IX конкурсе народных калектываў Мінскай вобласці, дыплом за ўдзел у Міжнародным фестывалі “Моладзь Беларусі і Расіі ў XXI-м стагоддзі - разам!”, дыплом III ступені за ўдзел у XX-м абласным фестывалі духавой музыкі “Майскі вальс”. Аркестр з’яўляецца дыпламантам I фестывалю народнай творчасці Беларусі “Беларусь - мая песня”. За ўдзел у XXI абласным фестывалі духавой музыкі “Майскі вальс” аркестр узнагароджаны дыпломам лаўрэата III ступені, за ўдзел у XXII абласным фестывалі духавой музыкі “Майскі вальс” аркестр узнагароджаны дыпломам лаўрэата III ступені

Народны духавы аркестр гарадского Дома культуры вядзе актыўную канцэртную дзейнасць. Ён нязменны ўдзельнік раённых, гарадскіх, абласных свят, конкурсаў, фестываляў.

Арганізацыя рэпетыцый, канцэртная дзейнасць, асаблівасці падбору рэпертуару і канцэртных праграм – вось той няпоўны спіс мерапрыемстваў, якія праводзіць кіраўніцтва калектывам.






Народны ансамбль песні “СМАЛЯНАЧКА”

Смалявіцкага гарадскога Дома культуры

Калектыў створаны ў 1985 годзе. І.С.Жэлтак – першы кіраўнік ансамбля. З 1991г. кіраўніком калектыву становіцца А.Д.Пыталеў, які даў яму назву “Смаляначка” і падрыхтаваў канцэртную праграму ансамбля на прысваенне наймення “народны”. 22 лютага 1993г. ансамбль атрымлівае ганаровае найменне “народны”. У розныя гады кіраўнікамі калектыва былі: М.А.Патаповіч, В.Г.Кур’ян, А.А.Нітчанка. З лістапада 2000г. калектыў узначальвае Алёна Міхайлаўна Дзедавец.

У калектыў уваходзяць удзельнікі розных спецыяльнасцей і прафесій. Але ўсіх іх аб’ядноўвае добрая народная песня, жаданне пець і прыносіць задавальненне гледачам. Зараз у ансамблі спяваюць 12 чалавек

Калектыў змяніў стыль свайго выканання: музычнае суправаджэнне стала стылізацыяй пад народныя песні і выкананнем ў сучаснай манеры, але акампанемент баяна ансамбль не запамятаваў і працягвае выкарыстоўваць у асобых сітуацыях.

Народны ансамбль песні “Смаляначка” выступае не толькі на сцэне ГДК. Яго удзельнікі прапагандуюць беларускую народную песню на розных пляцоўках краіны. Ансамбль заўсёды ўдзельнічае ў розных мерапрыемствах горада. У рэпертуары калектыву звыш 60 твораў. Візітнымі карткамі ансамбля сталі песні “Смалявіцкія званочкі” і “Край Смалявіцкі” (муз. І.Алешка, сл. А.Марозава).

Выступленні “Смаляначкі” кранаюць сваёй эмацыянальнасцю і лірызмам. Калектыў быў ўдзельнікам перадач “Спявай, душа народная!” (2002г.) на беларускім радыё і “Спявай, душа!” на канале “Лад” (2004г.) і на Першым канале (2006г.) Белтэлерадыёкампаніі. Ансамбль узнагароджаны ганаровымі граматамі, дыпломамі, каштоўнымі падарункамі.

У 2005г. ансамблю народнай песні “Смаляначка” споўнілася 20 гадоў. Да свайго юбілею ўдзельнікі калектыву падрыхтавалі вялікую канцэртную праграму, у склад якой увашлі ўжо вядомы рэпертуар калектыва і таксама шэраг новых песень.

За апошнія тры гады адбылося звыш 80-ці канцэртаў для жыхароў раёна, на прадпрыемствах, кірмашах і розных пляцоўках краіны..

“Смаляначка” мае калектыў-спадарожнік – гэта дзіцячы ансамбль народнай песні “Смолачкі”, які займаецца на базе ДШМ г.Смалявічы. У красавіку 2006г. ён атрымаў ганаровае найменне “узорны”.





Народны ансамбль песні “Вяжынка”

Будагоўскага сельскага клуба

Ансамбль песні “Вяжынка” Будагоўскага сельскага клуба быў створаны ў 1986 годзе. Мастацкі кіраўнік – Ходас Ірына Анатольеўна, акампаніятар – Палякоў Сяргей Сцяпанавіч.

У 1997 годзе ансамбль калектыў атрымаў ганаровае найменне “народны”. Ансамбль вядзе актыўную канцэртную дзейнасць. Больш за шэсцьдзесят канцэртаў за апошнія тры гады было дадзена для жыхароў горада, раёна, вобласці.

Народны ансамбль песні “Вяжынка” ў 2006 годзе двойчы быў госцем праграмы на беларускім тэлебачанні “Спявай, душа”, прымаў удзел у Міжнародным фестывалі праваслаўных песнапенняў, у Міжнародным фестывалі моладзі “Моладзь Расіі і Беларусі ў XXI стагоддзі – разам!”, рэгіянальных кірмашах г.Барысава, г.Жодзіна.

На рахунку народнага ансамбля песні “Вяжынка” дыпломы, ганаровыя граматы, каштоўныя падарункі.

З 2001 года свае веды і вопыт, песенную культуру “Вяжынка” перадае дзіцячаму ансамблю-спадарожніку “Свяціца”.





Народны ансамбль песні “Ад шчырага сэрца”

Смалявіцкай дзіцячай школы мастацтваў

Народны ансамбль песні “Ад шчырага сэрца” пачаў сваю дзейнасць у 1992 годзе. У снежні 1997 года ансамбль атрымаў ганаровае званне “народны”.

Адметнай рысай калектыва з’яўляецца ансамблевае гучанне, пошук, імкненне да новага і разнастайнага як у рэпертуары так і ў стылі выканання: ад народнага да класічнага, ад свецкага да ўзнёслага духоўнага, ад акадэмічнага да эстраднага. Калектыў выступае са шматлікімі канцэртамі не толькі ў роднай школе, але і на сцэнах ГДК, розных прадпрыемстваў і арганізацый горада і раёна.

На працягу апошніх год ансамбль “Ад шчырага сэрца” актыўна прымаў удзел у шэрагу творчых мерапрыемстваў абластнога і міжнароднага маштабу. Сярод іх: удзел у Рэспублiканскiм аглядзе-конкурсе метадычных i творчых работ у г. Маладзечна, дзе атрымаў узнагароду – дыплом II ступенi, Міжнародным фестывалі “Моладь Расіі і Беларусі ў 21 стагоддзі разам”.




Народны ансамбль песні “Пліса”

Дома культуры птушкафабрыкі
Сваю творчую дзейнасць ансамбль песні “Пліса” пачаў у 1972 годзе, яшчэ будучы калектывам мастацкай самадзейнасці “Раніца”. За дзесяцігоддзі творчага жыцця было дадзена мноства канцэртных праграм на самых розных пляцоўках і сцэнах раёна, горада, суседніх раёнаў, вобласці.

Шырыўся рэпертуар, шліфавалася выканаўчае майстэрства, адно было нязменным – прыхільнасць да беларускай народнай песні. З 1997 года ансамбль узначаліў Канстанцін Герашчанка. З яго прыходам калектыў набыў назву “Пліса”. Беларускія народныя песні загучалі па-новаму. Канстанцін Герашчанка – кіраўнік ансамбля – сам піша мелодыі і робіць цікавыя апрацоўкі песень. У рэпертуары з’явіліся музычныя творы самадзейных аўтараў.

У 2001 годзе ансамблю песні “Пліса” было прысвоена ганаровае найменне “народны”. Сёння ансамбль “Пліса” – удзельнік раённых і абласных конкурсаў, фестываляў, святаў. Вядзе актыўную канцэртную дзейнасць. На рахунку калектыва ганаровыя граматы, дыпломы, каштоўныя падарункі. Калектыў неаднаразова рабіў запісы на беларускім радыё і тэлебачанні, выступаў з канцэртнымі праграмамі ў г.Мінску, ў палацы ветэранаў, на выставе дасягненняў народнай гаспадаркі. Гледачы заўсёды цёпла прымаюць калектыў і з задавальненнем слухаюць беларускую народную песню.



Ўзорная студыя бальнага і сучаснага

танца “Шарм” Смалявіцкага гарадскога Дома культуры.
Студыя эстраднага бальнага танца была заснавана ў 2000 годзе. У 2002 годзе студыі прысвоена ганаровае найменне “узорная”. За кароткі час “Шарм” вельмі палюбіўся гледачу. Калектыў прымаў удзел Міжнароднаым фестывалі моладзі “Моладзь Беларусі і Расіі ў XXI-м стагоддзі – разам!”, дзе быў узнагароджаны граматамі і дыпломамі за ўдзел, у Рэспубліканскім свяце “Дажынкі - 2005”, абласных фестывалях і конкурсах, беларускім фестывалі мастацтваў “Мірскі замак – 2004”, фестывалі народнага мастацтва “Напеў зямлі маёй” (дыплом II ступені), абласным конкурсе “Лидер – 2006”, конкурсе харэаграфічнага мастацтва “Карагод сяброў – 2006” (дыплом I ступені), абласным фестывалі ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны”.

З выступленнямі студыя пабывала ў Прыбалтыцы, Францыі. На рахунку калектыва граматы, дыпломы, каштоўныя падарункі. Гэта яшчэ раз даказвае, што ў маладых танцораў шматлікія перамогі яшчэ наперадзе, а таксама многа няздзейсненых пастановак і нерэалізаваных сюжэтаў. Час і натхнёная праца дапамогуць адбыцца самым смелым задумам.









Народны фальклорны калектыў “ЖЫВІЦА” Барсукоўскага цэнтра традыцыйнай культуры
Народны фальклорны калектыў “Жывіца” Барсукоўскага цэнтра традыцыйнай культуры быў створаны ў 1990 годзе. Мастацкі кіраўнік Косарава Іна Юр’еўна, акампаніятар Казлоўскі А.М.

У клектыве сабраліся людзі, якія сябруюць з песняй, умела прапагандуюць яе, нясуць іншым радасць зносін з мастацтвам і самі маюць задавальненне.

Жанчыны з Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці ўнеслі ў самадзейнае мастацкае жыццё своеасаблівы палескі каларыт - у песнях, абрадах, у афармленні свят і канцэртных касцюмаў. З мясцовымі ўдзельнікамі самадзейнасці яны падзяліліся вопытам, пазнаёмілі з асаблівасцямі народных звычаяў і абрадаў сваіх родных мясцін. А мастацтва, якое прышло з сапраўдных народных глыбінь нікога не можа пакінуць раўнадушным.

Ганаровае найменне “народны” было прысвоена калектыву ў 1997 годзе. Удзельнікі калектыву паставілі перад сабой мэту адрадзіць забытыя народныя традыцыі, вярнуць людзям павагу да старадаўніх абрадаў. “Жывіца” ў сваёй праграме мае абрад “Радзіны”, “Каляды”, “Юр’е”, “Купалле”, ”Дажынкі”, “Зажынкі”, “Хрэсьбіны”, “Сёмуха”, “Масленіца” і інш. У 2003 годзе калектыў запісаў “Вясельны” абрад у праграме “Лад” на беларускім тэлебачанні.

“Жывіца” - лаурэат III Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці ў г.Маскве, дыпламант свята фальклору “Глыбокія крыніцы”, дыпламант свята фальклорных калектываў “Траецкі фэст”, удзельнік абласных і раённых святаў. Калектыў вядзе актыўную канцэртную дзейнасць не толькі ў раёне , але і за яго межамі.



Узорны духавы аркестр Смалявіцкай дзіцячай школы мастацтваў

Духавы аркестр Смалявіцкай дзіцячай школы мастацтваў створаны ў 1996 годзе. Мастацкі кіраўнік – Навінскі Юрый Аляксандравіч, канцэртмайстар – Юхнель Аляксандр Віктаравіч.

У 1996 годзе пакладзены пачатак творчай дзейнасці, якая праходзіла першы час толькі ў межах школьных канцэртаў дзіцячай школы мастацтваў. З кожным годам калектыў рос у колькасных, а таксама ў выканальніцкіх адносінах.

Аркестр дзіцячай школы мастацтваў з’яўляецца калектывам-спадарожнікам народнага духавога аркестра гарадскога Дома культуры, дзе 50% нязменных удзельнікаў – выпускнікі дзіцячага аркестра школы мастацтваў.

У 2005 годзе калектыву прысвоена ганаровае найменне “узорны”.

Дзіцячы духавы аркестр дасягнуў значных вынікаў.

У кастрычніку 2006 года – на абласным фестывалі творчых калектыаў “Напеў зямлі маёй” у г. Мар’іна Горка аркестр узнагароджаны дыпломам I ступені;

у красавіку 2007 года –на гарадскім конкурсе духавых аркестраў у г.Мінску “Звучат фанфары” аркестр заняў I месца;

у маі 2007 года на абласным фестывалі духавой музыкі “Майский вальс” аркестр удастоены дыплома лаўрэата I ступені;

у міжнародным фестывалі дзяцей і моладзі “Свята вясны – 2008” (Чэхія) калектыў стаў лаўрэатам I ступені.

Дзіцячы духавы аркестр школы мастацтваў г.Смалявічы вядзе актыўную канцэртную дзейнасць. Ён нязменны ўдзельнік раённых, гарадскіх, абласных свят, конкурсаў, фестываляў.




Узорны танцавальны калектў “Ніка”

Барсукоўскага цэнтра традыцыйнай культуры

Танцавальны калектыў “Ніка” быў створаны ў 2001 годзе. Мастацкі кіраўнік – Колісава Вікторыя Анатольеўна.

У рэпертуары калектыву эстрадныя, рускія, беларускія, украінскія, усходнія танцы, харэаграфічныя кампазіцыі, звыш 40 разнапланавых танцавальных пастановак.

Узроставая група “Нікі” – гэта дзеці і падлеткі ад 6 да 18 гадоў. Усяго ў калектыве займаюцца 40 чалавек.

Танцавальны калектыў “Ніка” вядзе актыўную канцэртную дзейнасць. Ён удзельнік раённых, абласных, рэспубліканскіх і Міжнародных фестываляў, конкурсаў, святаў. Для жыхароў горада і раёна калектыў даў больш за 60 канцэртных выступленняў.

У “Нікі” і яе кіраўніка Вікторыі Анатольеўны Колісавай наперадзе шмат перамог, няздзейсненых пастановак і нерэалізаваных сюжэтаў.




Узорны аркестр народных інструментаў Смалявіцкай дзіцячай школы мастацтваў.
Аркестр народных інструментаў дзіцячай школы мастацтваў створаны ў 2001 годзе.

Мастацкі кіраўнік – Кіслых Марыянна Міхайлаўна.

У 2001 годзе да ансамбля баяністаў-акардыяністаў, створанага годам раней, далучыліся домра, балалайка, кантрабас, раяль, ударныя і духавыя інструменты.Так пачаў сваё існаванне дзіцячы аркестр народных інструментаў.

Рэпертуар калектыва яркі і разнастайны. Ў яго ўваходзяць творы замежных, рускіх, савецкіх кампазітараў, п’есы сучасных аўтараў, апрацоўкі народных песень, эстрадныя кампазіцыі, інструментоўкі.

У 2005 годзе малы састаў аркестра быў удзельнікам конкурса ансамбляў у г.Барысаве. Добрае выступленне было адзначана ганаровай граматай.

Ў 2006 годзе калектыў атрымаў дыплом 1-ай ступені на межрэгіянальным фестывалі акардыённай музыкі у п.Дружны Пухавіцкага раёна.

2007г.:


  • Дыплом фестывалю інструментальнай музыкі “Гоячие пальцы” г.Мінск,

  • XVIII фестываль юных музыкантаў “Сымон-музыка” г.Стоўбцы – дыплом I-ай ступені,

2008г.:

  • I адкрыты Мінскі гарадскі агляд-конкурс баяннай і акардэоннай музыкі “Весенняя россыпь” – дыплом III супені;

  • XIX фестываль юных музыкантаў “Сымон-музыка” г.Стоўбцы – дыплом II-ай ступені,

  • Рэгіянальны адборачны тур абласнога конкурса ансамбляў г.Барысаў – грамата ў намінацыі “Іграем класіку”;

  • Абласны конкурс ансамбляў г.Салігорск: граматы за ўдзел, за арыгінальную аранжыроўку

На працягу свайго існавання аркестр прымаў актыўны ўдзел у канцэртнай дзейнасці школы, горада, раёна.


Клуб самадзейных майстроў “Землякі”

Смалявіцкага раённана цэнтра рамёстваў
Клуб самадзейных майстроў “Землякі” Смалявіцкага раённана цэнтра рамёстваў працуе з 2002 года. Кіраўнік клуба - Пецюкевіч Валянціна Анатольеўна. Удзельнікі клуба - людзі розных узростаў, розных прафесій, яны займаюцца рознымі відамі дзейнасці народнай творчасці: вышыўка, фларыстыка, саломапляценне, лозапляценне, жывапіс, выраб з прыроднага матэрыялу і іншыя, але ўсіх іх аб’ядноўвае энтузіязм і вялікая любоў да беларускай нацыянальнай спадчыны, народнай творчасці.

У плён сваіх рук майстры ўкладваюць цеплыню і чысціню сваіх сэрцаў. І таму іх вырабы становяцца сапраўднымі творамі мастацтва, сведчаннем невычэрпнага народнага таленту. Іх самабытныя творы з нязменным поспехам экспануюцца на самых розных выставах, выклікаюць не толькі захапленне, а і жаданне многіх, асабліва моладзі, далучыцца да творчасці, авалодаць дзівосным умельствам. І майстры рады падзяліцца сваімі сакрэтамі, перадаць свой вопыт нашчадкам. Многія члены клуба “Землякі” з’яўляюцца кіраўнікамі гурткоў па дэкаратыўна-прыкладному мастацтву.

Ніводнае раённае, абласное свята не абыходзіцца без удзелу народных майстроў Смалявіччыны.

За асабісты ўклад у захаванне і развіццё традыцыйнага мастацтва ўдзельнікі клуба ўзнагароджаны ганаровымі граматамі аддзела культуры Смалявіцкага райвыканкама, ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкома, дыпломамі.

Вялікая работа праводзіцца па арганізацыі вольнага часу і адпачынку майстрамі клуба. Сумесна з імі праводзяцца агеньчыкі, вечары адпачынку, вечары-сустрэчы з майстрамі, ўшанаванне майстроў і г.д. Майстры не толькі прапагандуюць свае творы, але знаёмяцца з работамі новых майстроў, абменьваюцца вопытам і проста цудоўна адпачываюць.

На базе клуба майстроў “Землякі” пастаянна вядзецца вучоба кіраўнікоў гурткоў па дэкаратыўна-прыкладному мастацтву па розных відах дзейнасці: саломапляценне, мяккая цацка, саломка, вышыўка, фітадызайн і г.д, акрамя гэтага праводзяцца семінары-практыкумы.

Шмат чаму можна навучыцца ў майстроў, але перш за ўсё захоўваць традыцыі, рамёствы і духоўную культуру даравітых продкаў.




Народная студыя выяўленчага мастацтва “Спектр”

Азярыцка-Слабадской дзіцячай школы мастацтваў
Студыя створана 1 кастрычніка 1998 года. Нязменным яе кіраўніком з’яўляецца Пятровіч Тамара Уладзіміраўна.

Студыя вядзе работу з навучэнцамі па розных накірунках мастацкай творчасці. Асноўнымі з’яўляюцца дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і станковы жывапіс. Наведвальнікі студыі – дзеці і падлеткі ва ўросце ад 6 да 17 гадоў. На сённяшні дзень у калектыве займаюцца 30 чалавек.

За час свайго існавання студыя неаднаразова ўдзельнічала ў міжнародных конкурсах у Польшчы (гг. Саснавец, Торунь), Расіі (гг. Масква, Міхайлаўскае, Навасібірск) і інш. Творчая актыўнасць неаднаразова адзначалася ганаровымі граматамі і дыпломамі. Так,на абласным конкурсе “Юныя таленты Міншчыны” навучэнка студыі Пятровіч Марта ўзнагароджана дыпломам І ступені. Кіраўнік студыі надае шмат увагі выхаванню адказных, самасвядомых, грамадска актыўных асобаў. Не абмінаюць увагай студыйцы выстаўкі, прысвечаныя вострым сацыяльным тэмам, напрыклад прафілактыцы СНІДу. Традыцыяй стала правядзенне мерапрыемстваў для ветэранаў вайны да свят 23 лютага і Дня Перамогі.

Пастаянная экспазіцыя работ студыйцаў арганізавана ў памяшканні праўлення УП “Азярыцкі-Агра”, перыядычна праходзяць выставы ў дзіцячым садку в. Азярыцкая Слабада і сельскай бібліятэцы. Своеасаблівай справаздачай для навучэнцаў з'яўляецца штогадовая выстаўка да заканчэння навучальнага года.

Да кожнага ўдзельніка студыі кіраўнік мае індывідуальны падыход. Таленавіты педагог адразу заўважае адораных дзяцей, дапамагае юным талентам у ракрыцці іх патэнцыялу. Так, у Азярыцка-Слабадской дзіцячай школе мастацтваў і агульнаадукацыйнай школе прайшлі персанальныя выставы вучаніцы школы Мультан Таццяны.

Добрым паказчыкам якаснай работы студыі з'яўляецца тое, што ў перыяд з 2002 па 2007 гады 5 выпускнікоў студыі паступілі ў профільныя вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы, у тым ліку ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт на архітэктурны факультэт, Архітэктурна-будаўнічы каледж і інш.






Народны аркестр народных інструментаў Пліскай дзіцячай музычнай школы
Пачатак творчай дзейнасці аркестра народных інструментаў Пліскай дзіцячай музычнай школы пакладзены ў 2001 годзе. Мастацкі кіраўнік Іна Анатольеўна Мурашка, канцэртмайстар Койпіш Ірына Анатольеўна.

Аркестр народных інструментаў – гэта не толькі згрунтаваны, дружны калектыў, але і творчая лабараторыя, дзе пазнаюцца і прывіваюцца навыкі ансамблевага выканання музычных твораў.

За час свайго існавання аркестр набыў багаты і цікавы рэпертуар, мае свайго слухача. У рэпертуары рускія і замежныя творы арыгінальнай апрацоўкі інструментальных мелодый і сучасных твораў.

Аркестр адразу стаў запатрабаваны ў межах Пліскай дзіцячай музычнай школы і пасёлка Кастрычніцкі. Калектыў з’яўляецца ўдзельнікам усіх мерапрыемстваў Пліскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы, выступае на сцэнічных пляцоўках п.Кастрычніцкі, г.Смалявічы і Смалявіцкага раёна.

Ні адно мерапрыемста у горадзе, раёне, школе не абыходзіцца без удзелу гэтага цікавага калектыву.

У 2004 годзе склад аркестра змяніўся. Ён папоўніўся маладымі спецыялістамі. Практычна ўсе ўдзельнікі маюць вышэйшую адукацыю ці з’яўляюцца студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў. Гэта дазволіла калектыву павысіць выканальніцкі ўзровень.

Творчых вынікаў у сваёй дзейнасці аркестр народных інструментаў Пліскай дзіцячай музычнай школы змог дабіцца дзякуючы вялікай зацікаўленасці і любові да музыкі, высокай працаздольнасці і прафесійнаму выканальніцкаму майстэрству.






Узорны ансамбль народнай песні “Смолачкі” Смалявіцкай дзіцячай школы мастацтваў
У 1995 годзе ў дзіцячай школе мастацтваў г.Смалявічы адкрылася харавое аддзяленне з выкладаннем народнай манеры выканання, а пазней удзельнікі аддзялення аб’ядналіся ў ансамбль народнай песні “Смолачкі”. Назва гэта звязана і з горадам Смалявічы, і з назвай лясной кветачкі смолачкі, пунсовай па колеру і ліпкай, як смала. Дзеці ў ансамблі вучацца не толькі добра валодаць сваім голасам, але і засвойваюць традыцыйны народна-песенны матэрыял, праз які яны далучаюцца да аўтэнтычнага фальклору і абрадавых дзеянняў. У пастаноўках абрадаў каляндарна-земляробчага цыкла выкарыстоўваюцца элементы тэатралізацыі, гульні, танца. Аснову рэпертуару складаюць традыцыйныя запісы і апрацоўкі Г.Цітовіча, А.Аляхновіча, М.Сіраты, У.Каструлёва, А.Рашчынскага, А.Кашпура, А.Клеванца і інш.

Адметныя выступленні ансамбля “Смолачкі” адбываліся на Міжнародных фестывалях “Моладзь Расіі і Беларусі ў ХХІ стагоддзе разам!”, якія традыцыйна ладзяцца кожны год і збіраюць пад свае фестывальныя сцягі моладзь Барысава, Жодзіна, Смалявіч, Баранавіч, Мыцішч і інш. гарадоў. У 2003 і 2006 гадах ансамбль прыняў ўдзел у запісах перадачы “Спявай, душа!” на каналах “Лад” і “БТ” Белтэлерадыёкампаніі. У красавіку 2006г. ансамбль народнай песні “Смолачкі” атрымаў ганаровае званне “узорны”. У чэрвені 2006г. ансамбль стаў удзельнікам І абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Фальклорная талака” у г.Нясвіжы, дзе быў узнагароджаны Дыпломам за ўвасабленне дзіцячай тэматыкі, адраджэнне і пераемнасць нацыянальных традыцый. У верасні 2006г. быў удзельнікам Рэспубліканскага экалагічнага форума (г.Мядзель).

У 2008г. скарбонка ансамбля “Смолачкі” папоўнілася і перамогамі у конкурсах: на І абласным конкурсе вакальнага мастацтва “Музычныя пацеркі” у г.Барысаве (люты, 2008) калектыў атрымаў дыплом лаурэата ІІІ ступені і на адкрытым традыцыйным конкурсе дзіцячай творчасці “Вікторыя-2008” у г.Мінску (снежань, 2008) – дыплом ІІ ступені.

З дня заснавання ансамбля яго кіраўніком з’яўляецца Алёна Міхайлаўна Дзедавец, выпускніца Беларускага універсітэта культуры і мастацтваў, канцэртмайстар калектыва з 2008г. – Цевасян Віталій Канстанцінавіч, выпускнік Мінскага колледжа мастацтваў.






Народны ансамбль песні “Пасаг”

Зяленаборскага сельскага Дома культуры
Народны ансамбль песні “Пасаг” Зяленаборскага сельскага Дома культуры створаны ў 1980 годзе, мастацкі кіраўнік – Кляніцкая Людміла Віктараўна, акампаніятар - Гусеў Валерый Віктаравіч. У 1997 годзе калектыў атрымаў ганаровае найменне “народны”.

За гады свайго існавання істотна мяняўся творчы склад і рэпертуар калектыва. Спачатку спявалі маладыя жанчыны. Ішлі гады і да сваіх мацярок далучыліся падрастаючыя дзеці. Адсюль і пайшла назва ансамбля “Пасаг”.

Зараз у народнага ансамбля песні “Пасаг” малады твар. Маладое пакаленне зберагло духоўны скарб старэйшых, зберагло свой “Пасаг”.

Натуральна, што час адбіўся на стылі выканання і рэпертуары. І побач з роднымі беларускімі песнямі сёння гучаць са сцэны творы аўтараў з усяго свету.

За апошнія тры гады ансамбль песні “Пасаг” прымаў удзел у шэрагу творчых мерапрыемстваў раённага, абласнога ўзроўню. Сярод іх удзел у абласным фестывалі харавога мастацтва “Пеўчае поле” (г.Мядзель), у IV абласным фестывалі народнага мастацтва “Напеў зямлі маёй” (г.Мар’іна Горка), раённых фестывалях, конкурсах, аглядах.

Калектыў вядзе актыўную канцэртную дзейнасць.






Народны фальклорны гурт “Маладзічкі” Усяжскага сельскага Дома культуры

Народны фальклорны гурт “Маладзічкі” дзейнічае на базе Усяжскага сельскага Дома культуры з 1980 года. З 2008 года яго ўзначальвае хормайстар Дома культуры Яўгенія Валер’еўна Макарэвіч, акампаніятар калектыву Марчэўскі Сяргей Анатольевіч.

У складзе гурта 12 чалавек – рабочыя, настаўнікі школы, супрацоўнікі дзіцячага сада, пенсіянеры, якія пражываюць на тэрыторыі Усяжскага сельскага Савета.

У рэпертуары калектыву шмат беларускіх народных песень, прыпевак, жартаў, паколькі асноўны накірунак творчай дзейнасці калектыву – гульнёвыя праграмы, сярод якіх “Будзе свята – будуць і жарты”, “Па працы і адпачынак”, “Ці на базар, ці на свята” і г.д. Важнай формай дзейнасці гурта з’яўляецца тэатралізацыя каляндарных і сямейных абрадаў з элеменамі гульні: “А ў нашай Васілінкі сёння радзінкі”, “Вяселле” і інш.

Калектыў заўсёды ў творчым пошуку новага і як мага больш разнастайнага рэпертуару. Гурт выступае са шматлікімі праграмамі не толькі ў пасёлку Усяж, але і на канцэртных пляцоўках горада Смалявічы, на прадпрыемствах і ў арганізацыях, за межамі раёна. “Маладзічкі” – нязменныя ўдзельнікі свята горада Смалявічы, святаў вёсак, кірмашоў, неаднаразовыя пераможцы раённага свята гульні і гумару “Смалявіцкія пацехі”.

На працягу апошніх гадоў “Маладзічкі” прымалі ўдзел у абласным фізкультурна-аздараўленчым свяце “Тыдзень моды на здароўе” (гарналыжны цэнтр Сілічы, 2007, 2008), ІІІ абласным фестывалі народнай музыкі “Грай, гармонік” (Нясвіж, 2008), Рэспубліканскім свяце гарбаты (гарналыжны цэнтр Сілічы, 2008), Рэспубліканскай выставе-кірмашы (Мінск, 2009), ІІІ і IV абласным фестывалі гульні і гумару “Капыльскія пацехі” (Капыль, 2008, 2011), Рэспубліканскім зімовым спартыўным свяце “Мінская лыжня-2009” (РЦАП “Раўбічы”), абласным семінары-практыкуме для спецыялістаў метадычных цэнтраў, кіраўнікоў фальклорных калектываў (Смалявічы, 2010), Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў сяла “Дажынкі-2011” (Маладзечна, 2011).

Фальклорны гурт “Маладзічкі” Усяжскага СДК надзвычай арыгінальны і запатрабаваны, паколькі далучае гледачоў да духоўных каштоўнасцяў народнага жыцця.



Народная студыя выяўленчага мастацтва “Карамель” Забалоцкага сельскага Дома культуры

Народная студыя “Карамель” існуе на тэрыторыі Забалоцкага СДК з 2008 года. У складзе студыі дзеці ад 4 да 10 гадоў. Жывапіс, кампазіцыя – асноўныя асноўныя творчыя напрамкі калектыву. Таксама вучні знаёмяцца з графікай і скульптурай. Вывучаюць творчасць знакамітых мастакоў.

Галоўнай ідэяй стварэння студыі “Карамель” з’явілася жаданне выявіць дзяцей у сельскай мясцовасці, здольных адлюстроўваць свет па-свойму, думаць нестандартна і перадаваць свае пачуцці цераз колер, фармат, дчуванне

святла. Кіраўніком студыі “Карамель” з’яўляецца педагог вышэйшай катэгорыі, загадчыца мастацкага адзялення Смалявіцкай дзіцячай школы мастацтваў – Камінская Наталля Аляксееўна.


Дырэктар раённага метадычнага

цэнтра народнай творчасці Вольга Іванаўна Барысенка





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка