Слова пра Шляхту… ( гістарычны экскурс)




Дата канвертавання01.05.2016
Памер116.11 Kb.
Слова пра Шляхту…

( гістарычны экскурс)

І. Слова настаўніка.



( слайд 1)

Эпіграф:



«Гэта кажа Госпад: Спыніцеся на шляхах вашых і разгледзцеся,
і запытайцеся пра шляхі старадаўныя, дзе шлях добры,
і ідзіце па яму, і знойдзеце супакой душам вашым».
Біблія, Кніга прарока Ярэміі, 6,16

Нас звязваюць мова, дзяржава, гісторыя… Мы—народ. Народ з багатым мінулым і незвычайнай спадчынай. Гэта вядома ўсім. Іншая справа, што часам наша спадчына прадстае прад намі, як зніклая некалі таямнічая Атлантыда.

Якая яна, наша зямля?

( слайд 2)

Краіна напаўразбураных замкаў і палацаў, у якія ніколі ўжо не вернуцца гаспадары?..



( слайд 3)

Краіна сіняга неба і сініх снягоў, сярод якіх маўкліва ўзвышаюцца сведкі нашай мінуўшчыны?..



( слайд 4).

Краіна былой велічы, якой сённы мы можам толькі захапляцца?..



( слайд 5-6)

Краіна таямніц і загадак, на якія мы ўжо не зможам знайсці адказы?..



( слайд 7)

Што мы ведаем пра нашых продкаў? Якімі яны былі? Пра што марылі?



( слайд 8)

На што спадзяваліся?



( слайд 9)

Якія духоўныя каштоўнасці мелі?



( слайд 10)

Сёння, як ніколі, нам патрэбныя адказы на гэтыя пытанні. Сёння, як ніколі, мы павінны адчуць сябе Беларусамі. Бо, як казаў І. Абдзіраловіч—філосаф пачатку ХХст.— “разам з беларускасцю мы губляем лепшую частку чалавечнасці”.

Зараз нам неабходна адшукаць сваю беларускую Атлантыду, бяздумна страчаную калісьці. І таму сёння мы будзем гаварыць пра Беларусь, амаль невядомую нам,—пра Беларусь ( слайд 11) шляхетную.

ІІ. Ул. Караткевіч “Таўры”



Таўры

Таўры жылі, як і ўсе народы:

Ваявалі,

Кахалі,


Гарэлку пілі.

Мудравалі,

Зліваліся з маці-прыродай...

Насваволілі,

Навершавалі,

Пайшлі.


Але так,

Без слядоў,

Нішто не знікае.

І дасюль,

Па абшарах сваёй стараны,

Між людзей,

Непазнаныя, таўры блукаюць

І не ведаюць самі,

А хто яны?

На муры, што нязнанымі продкамі ўзведзены,

Пазіраюць, як козы на новы плот:

"Ані д'ябла пра вас мы, браточкі, не ведаем.

Што вас несла ў горы?

Унізе ж - цяпло!"

Дрэмле Кошка-гара,

Дрэмлюць таўраў руіны.

Я стаю і ўяўляю,

Што я не ізгой,

Не паэт з беларускіх узгоркаў сініх,

А апошні таўр

Народа свайго.

О, якая ганебнасць у гэтых згадках!

О, які атрутны бяспамяцтва дым!..

Крый нас божа, калі і на нас

Нашчадкі

Паглядзяць,

Як мы

На таўраў



Глядзім.
ІІІ. Асноўная частка

Вядучы 1: даўно склалася думка, што Беларусь—краіна выключна сялянскай культуры. Пры гэтым ігнаруецца не менш цікавы і важны ў гістарычным плане пласт шляхецкай культуры, пра які мы амаль нічога не ведаем. Але менавіта шляхецкі стан адыгрываў калісьці значную ролю ў ВКЛ.



Паведамленне пра шляхту

( слайд 12)

Шляхта Беларусі мае сваю доўгую і славутую гісторыю.


Гэта саслоўе канчаткова аформілася ў XIV—XVI стст. У яе быў толькі адзін абавязак: выступаць у паход, бараніць Бацькаўшчыну, выганяць ворага са сваёй роднай зямлі туды, адкуль прыйшоў. Нездарма слова «шляхта» паходзіць ад нямецкага “біць”. Даслоўны пераклад слова азначае: “людзі бою, ваякі, ваяры”.

( слайд 13)

На бясконцых войнах выхоўвалася пачуццё годнасці. Валоданне тэхнікай блізкага бою, фехтаванне не толькі халоднаю зброяй, але і агнястрэльнай, тактыка коннага і пешага бою з маладых гадоў загартоўвала шляхціца, развівала пачуццё мужнасці, адказнасці, патрыятызму.


Адметная рыса беларускае шляхты— гэта шматлікасць. Калі ў суседніх дзяржавах — Расеі, Прусіі, Аўстрыі —удзельная вага дваранства складала каля 1 % насельніцтва, то на Беларусі шляхты было 10—12%, што тлумачыцца пастаяннымі войнамі і неабходнасцю мець шырока прадстаўленае вайсковае саслоўе.

Да XVI ст. уся шляхта дзяржавы, у тым ліку вялікія князі літоўскія, карысталася выключна беларускай мовай.



( слайд 14)

Са шляхты выйшлі такія ўсім вядомыя дзеячы беларускай гісторіі і культуры як А. Міцкевіч—аўтар паэмы “Пан Тадэуш”, Я. Купала—пясняр беларускага Адраджэння п. ХХ ст., М. К. Агінскі—удзельнік паўстання 1794 года і аўтар славутага паланеза «Развітанне з Радзімай”, Т. Касцюшка—адзін з кіраўнікоў згаданага паўстання, Ул. Караткевіч, якога называюць гістарычнай памяццю беларусаў, Ян Чачот—паэт 19 ст. і ўдзельнік аб’яднання філаматаў. Гэты пералік можна працягваць бясконца…


( слайд 15)

Вядучы 2: для шляхты заўсёды на першым месцы быў гонар. Гонар чалавека, мужчыны і воіна. Менавіта гонар, мужнасць і высакароднасць складаюць паняцце шляхетнасці. Нездарма сваё паходжанне беларуская шляхта выводзіла ад рымскага патрыцыя Палемона.



Легенда пра Палемона

Сталося ест воплощене божого от духа святого з благословенное девицы чыстое Марыи от початку сотворэння свету лета пятитысячного пятьсотного дваццаць шостого.

Одного часу панство Рымское было под цэсаром Августом, который же не толко одному Рыму, ино и всему свету пановал. Яко ж вышэй писано, иж часу цэсарства Августова сын Божы воплотился, а часу Тиверия, цэсара второго по Августе, на кресте волную муку принял для збавення роду человеческого. По смерти Тіверия цэсара был цэсарам Гаиос, а по Гаиосе—Клавдий, а по Клавдии сын его Нерон. Нерон же был пан окрутный и колко раз казал место Рымскае запалить ни для чаго иншага , а толко иж бы ся тому дивовал и потеху мел. Князям і панам рымскім, шляхте і ўсяму люду паспалітаму розныя крыўды чыніў. І ніхто не быў пэўны ў жыцці сваім і ніхто не адчуваў сябе ў бяспецы. І многія, пакідаючы іменні і скарбы свае, шукалі іншых земляў, спадзеючыся знайсці спакой і справядлівасць. Так жа і князь Палемон, які цару Нерону быў крэўны, сабраўся з жонкай, дзецьмі і падданымі сваімі земляў шчаслівых шукаць. Так дайшлі яны да Міжземнага мора, а потым да Немана. І пайшлі Нёманам уверх, і знайшлі землі свабодныя і багатыя. І сталі жыць там. І пайшла ад Палемона ўся шляхта Вялікага княства Літоўскага.
Вядучы 1: шляхецкі гонар быў натуральны і неад’емны для шляхціца. Але з бегам часу, калі ўжо змянілася не адно пакаленне шляхты, пачуццё асабістага гонару стала ледзь не хваробай. Усякае, нават нязначнае адхіленне ў тытулярным звароце, асабліва калі шляхціц займаў нейкую службовую пасаду, тут жа выклікала негатыўную рэакцыю. Гэта заўважалі нават чужаземцы. Адно няўдала сказанае слова ці намёк маглі прывесці да такога выяснення адносін, пры якім кроў - звычайная справа.

Вядучы 2: «Але ж затое ніхто ў свеце так хутка не мірыцца, як нашы людзі», - апраўдваліся мясцовыя «нашчадкі рымлян». Не дзіва, што з часам пра гэты славуты шляхецкі гонар пачалі з’яўляцца сатырычныя творы накшталт п’есы Д.-Марцінкевіча “Пінская шляхта” ці п’есы Я. Купалы “Паўлінка”. У гэтых творах высмейвалася залішняя фанабэрыстасць і задзірыстасць шляхты.


А народ не мог не адгукнуцца анекдотамі. Кажуць, што ў казцы народ фармуляваў сваю мару, у паданні - веру, а ў анекдоце - забаўляўся як хацеў. І тут шляхце дасталося спаўна.

Анекдоты пра шляхту.

Сустрэліся раз шляхціцы на сваім сойміку, і зайшла ў іх гаворка пра старажытнасць і значнасць роду кожнага з прысутных. Што толькі не навыдумлялі яны, каб перасягнуць адзін аднаго! Пераможцам стаў той, што прывёў наступны доказ: «Ехаў я аднойчы на кані полем. Раптам бачу, як з неба спускаецца белае-белае воблака, а з яго выходзіць... Маці Боская. Я саскокваю з каня і падаю перад ёю на калені, скінуўшы шапку. А яна кажа на гэта: «Устань, дарагі кузен!».

Нейкі шляхціц так набраўся ў карчме, што, ледзь выйшаўшы адтуль, ніяк не мог узабрацца на свайго каня. Тады стаў прасіць то аднаго, то другога святога:

- Святы Антоні, дапамажы!.. Э-э-х, хвароба! Ну, тады святы Мікалай... Што за чорт! Т-а-а-к... Святы Валенты!

І ніводзін са святых, да якіх ён звяртаўся, не праявіў інтарэсу да ягоных спраў. Нарэшце шляхціц крыкнуў у адчаі:

- У імя госпада Бога, усе святыя, дапамажыце!

І калі пасля гэтага перакуліўся цераз каня на другі бок, то прабурчэў:

- Не, не ўсе адразу...

У нейкім сяле, дзе пражывала адна збяднелая шляхта, гаспадыня-шляхцянка паслала сваю дзеўку-прыслугу да суседкі-шляхцянкі з просьбай пазычыць мяшок. Тая адказала: «Кланяйся сваёй пані і перадай прабачэнне, што мяшка пазычыць не магу, бо адзін мяшок накінуў на сябе старэйшы сын і пагнаў свіней у поле, пад другім - спіць малодшы паніч, а больш мяшкоў няма».
Вядучы 1: але досыць ужо насміхацца са шляхты. Хто ж, акрамя яе, бараніў нашу зямлю, а да гэтага яшчэ каріміў сябе і сям'ю, бо шляхта не была аднароднай у матэрыяльным плане. Часам у шляхціца было адно багацце: конь, зброя ды гонар.

Вядучы 2: З гістарычных крыніц вядома, што ў ВКЛ напярэдадні ці падчас ваенных дзеянняў аб'яўлялася так званае паспалітае рушэнне, калі кожны воін павінен быў з'явіцца ў прызначанае месца пры поўным ўзбраенні, каб адразу выступіць у паход. А магнаты і заможная шляхта павінны былі за свой кошт узброіць яшчэ і пэўную колькасць воінаў, якая залежала ад велічыні маёнтка і колькасці падданых.

Вядучы 1: Наша гісторыя, на жаль, багатая на войны. І нам вядомыя імёны славутых князёў, гетманаў і ваяводаў, якія бясстрашна вялі свае раці ў бой.

( слайд 16)

Гэта і Канстанцін Астрожскі, які праславіўся перамогай над маскоўскім войскам пад Оршай у 1514 годзе. Гэта і Міхал Глінскі, які праславіўся перамогай над татарамі пад Клецкам у 1506 годзе. Гэта і Юры Радзівіл, які за перамогі ў 30 бітвах быў празваны “Пераможцам” і “Літоўскім Геркулесам”. І Мікалай Радзівіл Руды, які вядомы перамогай над войскам Пятра Шуйскага пад Улай у 1564 годзе. І многія іншыя.

Вядучы 2: Але разам з тым, не змяншаючы заслуг вялікіх гетманаў, хочацца ўбачыць і простага воіна, шляхціца, без мужнасці і смеласці якога ніякі палкаводзец не здабыў бы ніводнай перамогі.

( слайд 17)

Пра што думаў гэты просты чалавек, гледзячы ў вочы смерці? Можа, ён успамінаў сям’ю, блізкіх і родных людзей, якія засталіся ў небяспецы?



( слайд 18)

Можа, проста глядзеў на сонца і неба, думаючы, што бачыць гэта ў апошні раз? А можа, ціха маліўся, спяваючы “Багародзіцу”?..


Гучыць “Багародзіца”, каментарый да яе.

Песнь о велебной девици панне Марии” ці “Багародзіца”—вайсковы духоўны гімн 14-16 стст. Словы і музыка невядомага аўтара. Іх з’яўленне адносяць да 13ст. У 15 ст. “Багародзіцу” называлі “Песняй Айчыны”, ужо тады яе лічылі вельмі старой.

Словы беларускага варыянта “Багародзіцы” запісаны, як гімн, у Статуце ВКЛ 1529 года. Багародзіца спявалася перад бітвамі войскам ВКЛ, на цырымоніях і ўрачыстасцях, пры пахаванні і асвяшчэнні беларускіх святых. Яна была напісана на змешанай старабеларускай і стараславянскай мове. Гэта малітва да Багародзіцы, просьба дапамагчы ў цяжкі час, даць на свеце “збожны прэбыт”, а пасля смерці “райскі побыт”.

З 15 ст. песня была перароблена палякамі, якія зрабілі яе гімнам і Кароны Польскай.



( слайд 19)

“Хроніка” Яна Длугаша сцвярджае, што гэты вайсковы духоўны гімн выконваўся і падчас Грунвальдскай бітвы 1410 года, калі войскі ВКЛ і Польшчы атрымалі перамогу над крыжакамі.



( слайд 20)

На пачатку бітвы ўсё войска Літоўскае і Польскае заспявала “Багародзіцу”, а потым патрасаючы дзідамі рушыла ў бітву.



( слайд 21)

На чале літоўскага войска быў вялікі князь Вітаўт, час княжання якога лічыцца “залатым векам” у гісторыі нашай краіны.


Вядучы 1: сапраўды, быў у нашай гісторыі час, які называўся “залатым”. Але гэта не значыць, што ён быў бездакорным. Адбываліся войны, гінулі людзі, падманвалі надзеі, і разам з тым існавала пачуццё Радзімы і былі людзі, гатовыя яе абараняць.
Урывак з паэмы “Песня пра зубра”

Княжанне Вітаўта лічаць усе летапісцы

Росквітам княства Літоўскага, нашага краю,

І называюць той век залатым.

Мне так здаецца, што гэтай шаноўную назвай

Век той названы па простай прычыне: дзяржаўца

Перад багаццем і шчасцем зямным пастаянна

Ставіў багацце духоўнае—злата дзяржавы.

Ён, двуадзіны ў асобе вялікага князя—

Факельшчык войнаў са слабым, а з дужым—анёл-міратворац

Ставіў аголены меч свой, як слуп пагранічны,

Перад нашэсцямі ворагаў з поўдня і ўсходу.

Нават татарын, пакорліва ўнурыўшы голаў,

Лук свой зламаны яму аддаваў і тлумачыў,

Што спаганяўшы ясак каля вотчын літоўскіх,

Сам станавіўся пачварнай здабычай ліцвінаў.

Быў літасцівы да тых уладарцаў, якіх ён

Ставіў на княства па выбары ўласным, і нават

Грознай Ардзе мог прыцыкнуць: знай меру, татарын!

Як знакаміты багаццем і сілай Масковіі землі,

Ўсё ж і яны прымірэння прасілі з ліцвінам.

Турак з Таўрыды заўсёды цюкі падарункаў

Вітаўту слаў, прыхаваўшы свой клопат таемны:

Як бы задобрыць, улесціць і гнеў не наклікаць

На галаву сваю з боку Літоўскай дзяржавы.

Тры каршуны, што наводзілі жах на паўсвета,

Як пылюкі, перад ім нават і ціўкнуць не смелі.

Кім бы і чым бы ні быў ён пры іншых заслугах,

Нават за гэта адно я пяю яму славу.

Густа ён справамі век насяліў свой, і водгук

Спраў тых вячыстых патрапіў і ў гэтую песню.
( слайд 22)

Вядучы 2: “Дзяржава абапіраецца больш на мужнасць духу, чым на сілу цела,”—казаў М. Гусоўскі ў далёкім 16 стагоддзі. Чым была шляхта ў нашай гісторыі—“мужнасцю духу”, якая рабіла чалавека высакародным, а краіну велічнай, ці “сілай цела”, якая не дазваляла панаваць на нашай зямлі чужынцам? А можа, мы не маем права ТАК ставіць пытанне? Шляхта была ў нашай гісторыі. Шляхта калісьці вызначала наш шлях. І таму сёння мы павінны ўзяць ад яе самае лепшае: воінскую мужнасць, высакароднасць, гонар, любоў да свабоды і Радзімы.



Маналог К. Каліноўскага

Вялікі мой народ, зямля мая!

Гняздо пакут, змагання і свабоды,

Зямля маіх нябёс, маёй каханай,

Маіх сяброў, маёй пявучай мовы...

Я толькі што памёр. І ў гэты час

Аддаў табе, зямля, сябе самога,

Каб ведала, як я цябе люблю

Аддаў азёрам – вочы, чуб – ільнам,

Смех – ручаінам, песні – цёмным пушчам

Закатам – кроў, мужыцкім бунтам – гнеў

А душу – кожнаму з братоў сапраўдных

Каб кожны меў хоць трохі ад мяне.

Што бачу я ў далечыні? Пажары,

Паўстанні, сечы, зарыва, нашэсці,

Меч ворага амаль ля сэрца пройдзе.

Ты будзеш паміраць. Ды толькі ведай,

Бяссмертны ты, як фенікс, мой народ.
Вядучы 1: Яшчэ ў 19 стагоддзі на Беларусі існаваў звычай прысвячэння хлопчыка-падлетка ў мужы. Пасля гэтага ён меў права прымаць важныя рашэнні разам з дарослымі мужчынамі і насіць зброю. Гэты звычай апісаны і ў рамане Ул. Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім…”

Інсцэніроўка з рамана Ул. Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім…”

-- Княжацкі сын Аляксандр Загорскі, сын Георгія, унук Данііла, праўнук Акіма і прапраўнук Пятра, схілі апошні раз сваю галаву. ( схіляе)

Ты пастрыгаешся днесь у падлеткі, як загадваюць звычаі гэтай зямлі. Ты насіў дзіцячыя доўгія валасы, з якіх сёння ўпадзе адна пасма. Пасля гэтага ты не будзеш дзіцём і зможаш сядзець з мужамі, бо сам займееш імя мужа…

З гэтай хвіліны памятай, князь, душа твая належыць толькі Богу і гэтым палям, шабля—ваяводзе справядлівай вайны, жыццё—усім добрым людзям, сэрца—каханай. Але гонар належыць толькі табе і больш нікому.

Цябе пастрыгаюць у мужы, каб ты быў незалежны з моцнымі, братні—з роўнымі, памяркоўны і добры— з ніжэйшымі. Каб ты быў добры да дзяцей і жанчын, верны для сяброў і страшны для ворагаў, бо ты-- муж і зброя дадзена табе для таго, каб ты быў мужам…

-- Я клянуся, што ніколі не саступлю з гэтага шляху і буду вартым гэтага моманту і гэтай зямлі…
ІІІІ. Заключэнне

Гэтыя словы можна аднесці да кожнага з нас, бо яны маюць духоўную сілу. Яны абуджаюць нас, яны робяць нас шляхетнымі і не даюць стаць бяздумнымі таўрамі, што забыліся на сваю Радзіму. Дык памятайце ўсе, людзі простага роду і шляхецкага, што душа наша належыць Богу і гэтым палям, жыццё—усім добрым людзям, сэрца—любімым, а гонар належыць толькі кожнаму з нас і больш нікому…



Такім атрымалася наша Слова пра Шляхту…




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка