Слова аўтара




Дата канвертавання01.04.2016
Памер225.96 Kb.
Стварэньне канцэпцыяў нацыянальнай адукацыі з улікам нацыянальнай традыцыі, патрэбаў новастворанай незалежнай беларускай дзяржавы й агульнаэўрапейскіх адукацыйных падыходаў з канца 90-х гадоў было прыпыненае, гэтаксама як была гвалтам спыненая практыка іх укараненьня. Адукацыйная практыка зноў пачала вызначацца адміністрацыйнымі захадамі, адрывацца ад міжнароднага досьведу й нацыянальных традыцыяў.
Зь іншага боку, у недзяржаўнай сфэры пашырыліся ініцыятывы, зьвязаныя з грамадзянскай адукацыяй. Яны арыентуюцца як на пазашкольную практыку й адукацыю дарослых, гэтак і на пэдагогаў навучальных установаў. Аднак почасту падыходы гэтых ініцыятываў пераносяць на беларускую глебу іншаземны досьвед мэханічна, без уліку нацыянальна-культурных і сацыяльна-палітычных асаблівасьцяў беларускага грамадзтва.
Прапануем для знаёмства й дыскусіі пераклад фрагмэнту кнігі літоўскага філёзафа, тэоляга, пэдагога Антанаса Мацяйны (Antanas Maceina, 1908—1987) “Tautinis auklėjimas” (“Нацыянальнае ўзгадаваньне”, Kaunas, 1934). Перш падамо зьмест кнігі, які дае ўяўленьне пра сыстэмны падыход мысьляра да аб’екту дасьледзінаў.
Зьмест


Слова аўтара

Уводзіны

НАЦЫЯ Й АЙЧЫНА

І. Чыньнікі ўзьнікненьня нацыяў

1. Раса

2. Жыцьцёвае асяродзьдзе

3. Гістарычны лёс

ІІ. Сутнасьць нацыі

1. Нацыя як адзінка

2. Нацыянальная індывідуальнасьць

3. Нацыя як супольнасьць

ІІІ. Айчына

Уводная заўвага: Разьвіцьцё паняцьця айчыны

1. Бацькаўшчына

2. Айчына




Першая частка

НАЦЫЯНАЛЬНАЕ ЎЗГАДАВАНЬНЕ ЯК ПЭДАГАГІЧНАЕ ЎЗЬДЗЕЯНЬНЕ

І. Паняцьце й мэта нацыянальнага ўзгадаваньня

1. Пачаткі нацыянальнага ўзгадаваньня

2. Мэты й задачы нацыянальнага ўзгадаваньня

ІІ. Чыньнікі нацыянальнага ўзгадаваньня

1. Сям’я

2. Школа

3. Дзяржава

4. Царква

5. Прынагодныя чыньнікі

ІІІ. Сродкі й мэтады нацыянальнага ўзгадаваньня

1. Сродкі

2. Мэтады

3. Месца нацыянальнага ўзгадаваньня ў сыстэме пэдагогікі




Другая частка

НАРОДНАЕ ЎЗГАДАВАНЬНЕ

І. Паняцьце народнасьці й народнага ўзгадаваньня

1. Сутнасьць народнасьці

2. Паняцьце й задачы народнага ўзгадаваньня

ІІ. Удасканаленьне этнічнага тыпу нацыі

1. Сэнс этнічнага тыпу й яго ўдасканаленьня

2. Утрыманьне этнічнага тыпу

3. Паляпшэньне этнічнага тыпу

ІІІ. Практыкаваньне народнага спосабу мысьленьня

1. Дачыненьні нацыі з моваю

2. Сэнс вывучэньня роднае мовы

3. Практыка вывучэньня роднае мовы

IV. Эстэтычнае разьвіваньне нацыі

1. Уплыў нацыі на мастацтва

2. Сродкі эстэтычнага разьвіваньня нацыі

V. Узгадаваньне рэлігійнай народнасьці

1. Нацыя як рэлігійная адзінка

2. Завяршэньне народнасьці рэлігійным узгадаваньнем




Трэцяя частка

ПАТРЫЯТЫЧНАЕ ЎЗГАДАВАНЬНЕ

І. Асновы патрыятызму

1. Пачаткі патрыятызму

2. Вымаганьні патрыятызму

3. Паняцьце й задачы патрыятычнага ўзгадаваньня

ІІ. Патрыятычнае ўсьведамленьне

1. Патрыятызм ці касмапалітызм

2. Пазнаньне нацыянальнае мінуўшчыны

3. Узнаўленьне нацыянальнае мінуўшчыны

4. Пазнаньне нацыянальнае цяпершчыны

ІІІ. Патрыятычная дзейнасьць

1. Узгадаваньне бараніць айчыну

2. Падставы нацыяналізму

3. Наступствы нацыяналізму

IV. Пасьвячэньне патрыятызму

1. Рэлігійныя падставы патрыятызму

2. Хрысьціянства й патрыятызм




Чацьвертая частка

УЗГАДАВАНЬНЕ КУЛЬТУРНАЕ НАЦЫІ

І. Ператварэньне нацыі ў культурную нацыю

1. Паняцьце й прыкметы культурнае нацыі

2. Сутнасьць і задачы ўзгадаваньня культурнае нацыі

ІІ. Узгадаваньне дзеля нацыянальнае культуры

1. Праблема нацыянальнасьці культуры

2. Культурная дзейнасьць нацыі

ІІІ. Узгадаваньне дзеля нацыянальнага пакліканьня

1. Паняцьце нацыянальнага пакліканьня

2. Рыхтаваньне нацыі да ейнага пакліканьня

IV. Узгадаваньне дзеля наднацыянальных праблемаў

1. Патрэба культурных дачыненьняў паміж нацыямі

2. Задачы й сродкі ўзгадаваньня дзеля наднацыянальных праблемаў




ЗАКЛЮЧЭНЬНЕ

Культурная нацыя й чалавецтва

1. Культурная нацыя як пераход ад нацыі да чалавецтва

2. Пераход нацыянальнага ўзгадаваньня да міжнацыянальнага ўзгадаваньня


Тэрміналягічная заўвага. Верны нямецкай філязофскай традыцыі зь яе трыядамі, Мацяйна сыстэматызаваў наяўную ў літоўскай мове тэрміналёгію, зьвязаную з адукацыяй, выхаваньнем, тэорыяй нацыі, філязофіяй культуры, надаючы ранейшым сынонімам адрознае тэрміналягічнае значэньне. Ад перакладніка на беларускую гэта вымагала адэкватнага, часам творчага падыходу:


auklėjimas

узгадаваньне




liaudis

народ

lavinimas

практыкаваньне / адукаваньне




tauta

нацыя

ugdymas

выхаваньне




nacija

культурная нацыя1







tautiškas ‘народны’

tautinis ‘нацыянальны’

patriotinis ‘патрыятычны’




nacionalinis

‘нацыянальна-палітычны’ / ‘нацыянальна-культурны’


і інш.


Перакладнік.

НАЦЫЯНАЛЬНАЕ ЎЗГАДАВАНЬНЕ

ЯК ПЭДАГАГІЧНАЕ ЎЗЬДЗЕЯНЬНЕ

(...)

ІІ. ЧЫНЬНІКІ НАЦЫЯНАЛЬНАГА ЎЗГАДАВАНЬНЯ

(...)


2. Школа
а) нацыянальнае ўзгадаваньне ў школе
Сям’я нацыянальнае ўзгадаваньне пачынае, але яна ня ў змозе яго разьвіць нагэтулькі, наколькі вымагае няпростае жыцьцё ў наш час. На дапамогу ёй прыходзіць школа. Паміж сям’ёй і школай у нацыянальным узгадаваньні ёсьць арганічная сувязь і пасьлядоўная пераемнасьць. Чым лепш сям’я падрыхтуе індывіда, чым здаравейшыя й выразьнейшыя нацыянальныя асаблівасьці яна яму прышчэпіць, тым праца школы лягчэйшая й больш плённая. I наадварот, чым нацыянальнае ўзгадаваньне ў сям’і слабейшае, тым для школы яно становіцца цяжэйшае й адначасна больш патрэбнае. Чалавек павінен быць узгадаваны з нацыянальнага гледзішча, бо інакш ён ня будзе споўненым чалавекам. Калі, такім чынам, сям’я гэтае працы не выконвае, за яе мае ўзяцца школа. Школа мае запоўніць прагалы працы сям’і.
Патрэба нацыянальнага узгадаваньня ў школе грунтуецца на немачы сям’і нашых часоў. Сёньня сям’я адпаведна не рыхтуе новае пакаленьне да жыцьця нацыі ня толькі таму, што яна часам не выконвае сваіх абавязкаў, але й таму, што ня ў стане іх адпаведна выканаць. Жыцьцё сучасных нацыяў такое разнастайнае, такое складанае й зьмястоўнае, што сямейнае колка занадта вузкае й занадта звыклае, каб зь яго выйшаў чалавек, здольны плённа працаваць у шырокіх і складаных галінах жыцьця нацыі.
Гэтыя прычыны якраз і вымушаюць школу нашых часоў стаць у шэраг чыньнікаў нацыянальнага ўзгадаваньня. Сучасная школа мае быць больш нацыянальная, чым ранейшая. Калі раней нацыя ня ўдзельнічала ў жыцьці, тады й школа магла займацца толькі выхаваньнем наагул. Але сёньня, калі нацыя абвясьціла сваю моц, школа ня можа абмежавацца толькі выхаваньнем самога чалавека. Яна мае выхоўваць чалавека і як чальца нацыі. Мае яго падрыхтаваць ня толькі да наагул людзкага, але й да нацыянальнага жыцьця. Як ня можа сёньня быць поўнага жыцьця без удзелу нацыі, як ня можа быць поўнае чалавечнасьці без разьвіцьця нацыянальнай індывідуальнасьці, гэтаксама поўнага адукаваньня [išsilavinimo]), да якога імкнецца школа, ня можа быць без нацыянальнага выгадаваньня [išauklėjimo]. “Нацыянальнае ўзгадаваньне неабходнае ня толькі нацыі, але яго ажыцьцяўленьне ўзбагачае і агульную адукацыю”2. Кажучы пра народнае й патрыятычнае ўзгадаваньне, пабачым, што яго зьдзяйсьненьню служыць родная мова, гісторыя нацыі, нацыянальная літаратура, маляваньне ды іншыя выкладаныя ў школе прадметы, якія адначасова ёсьць і агульнаадукацыйнымі дысцыплінамі. Выключыць іх азначала б пакінуць вялікі прагал у адукацыі чалавека. Таму ўжо сам падбор выкладаных прадметаў вымушае школу парупіцца пра нацыянальнае ўзгадаваньне.
Тое самае й з мэтадам адукацыі. Сучасная пэдагогіка асноўным прынцыпам лічыць вымаганьне пачынаць адукацыю з прадметаў, зьвязаных з родным атачэньнем дзіцяці. Гэта так званы прынцып бацькаўшчыны (Heimatprinzip). Бацькаўшчына, кажа Фр. Эґерсдорфэр, “дапамагае ў выкладаньні плённа засвойваць навучальны прадмет”, бо яна “дае падставу вобразнасьці навучаньня”3. Такім чынам, сама хада адукаваньня уводзіць школу ў нацыянальныя прадметы й робіць яе абавязковым чыньнікам нацыянальнага ўзгадаваньня. Безь сям’і нацыянальнаму ўзгадаваньню бракавала б грунту. Бяз школы яно засталося б неразьвітае і ягоныя дасягненьні былі б нетрывалыя. Вось чаму ва ўсіх краінах, дзе толькі зьдзяйсьняецца нацыянальнае ўзгадаваньне, перадусім зьвяртаецца ўвага на школу. Публічная школа, сказаў пэўны амэрыканец, ёсьць лябараторыя нацыянальнага адзінства й гарантыя нацыянальнае будучыні.

б) нацыянальнае ўзгадаваньне як навучальны прынцып
Гаворка пра нацыянальнае ўзгадаваньне ў школе найперш выклікае пытаньне: ці нацыянальнае ўзгадаваньне ёсьць навучальным прадметам, ці прынцыпам, які перадвызначае навучаньне. Навучальным прадметам ёсьць выкладаны ў школе аб’ект (напр., гісторыя, геаграфія, мовы й г.д.). Навучальным прынцыпам ёсьць кірунак, паводле якога выкладаюцца ўсе альбо некаторыя школьныя аб’екты. Ветлівасьць і акуратнасьць – не навучальныя прадметы. Але кожны ўрок мае весьціся так, каб чалавек, які выйдзе з школы, быў ветлівы й акуратны. Калі гэтых якасьцяў яму бракуе, у гэтым вінаваты не адзін пэўны настаўнік, але ўвесь кірунак школы.
Да якой катэгорыі трэба залічыць нацыянальнае ўзгадаваньне? На гэтае пытаньне адказвае сама сутнасьць нацыянальнага ўзгадаваньня. Нацыянальнае ўзгадаваньне ёсьць споўненае разьвіцьцё нацыянальнай індывідуальнасьці. Тут дасканаліцца ня нейкая адна чалавечая рыса, ня нейкая адна ягоная здольнасьць, але ўвесь чалавек як чалец нацыі [tautietis]. Між тым, выкладаны прадмет у сутнасьці мае на мэце вучыць адной пэўнай здольнасьці. Iншых ён кранаецца толькі апасродкавана. Матэматыка не выхоўвае эстэтычнага ўспрыманьня, і ўрокі маляваньня не разьвіваюць матэматычных здольнасьцяў. Такога прадмету, які б абыймаў усяго чалавека, няма й ня можа быць. Нацыянальная індывідуальнасьць чалавека, якая ёсьць сапраўдным аб’ектам нацыянальнага ўзгадаваньня, абыймае ўсяго індывіда. Яна не дае яму адмысловае здольнасьці, але перадвызначае ўсе здольнасьці, таму й разьвіваецца ня пэўным адным аб’ектам, але ўсёю сыстэмаю выкладаных прадметаў. Нацыянальнае ўзгадаваньне, як разьвіцьцё быцьця нацыянальнага чалавека, у сутнасьці ёсьць навучальны й выхаваўчы прынцып. “Нацыянальнае ўзгадаваньне наймалодшага пакаленьня ёсьць часткаю агульных задачаў школы”4. Як прынцып, нацыянальнае ўзгадаваньне абыймае ўсе выкладаныя прадметы. Яно ня мае спэцыяльнага аб’екту. Але якраз таму яно вымагае, каб усе аб’екты ўзгодненым чынам разьвівалі й дасканалілі нацыянальную індывідуальнасьць. Нацыянальнае ўзгадаваньне мае адбывацца ва ўсёй адукацыйнай сыстэме.
Аднак ня ўсе выкладаныя прадметы аднолькава значныя для нацыянальнага ўзгадаваньня. Адны зь ім зьліваюцца толькі здалёк, толькі тым, што агулам адукоўваюць чалавека, напр., матэматыка ці лёгіка... Другія дапамагаюць вучню спазнаць свой народ праз пазнаньне чужых, напр., агульная гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства. Трэція, ня трацячы агульнаадукацыйнага характару, робяць беспасярэдні ўплыў на разьвіцьцё нацыянальнай індывідуальнасьці, напр., родная мова, гісторыя нацыі, нацыянальная літаратура й краязнаўства. Неаднолькавая значнасьць выкладаных прадметаў вымагае й неаднолькавага іх вылучэньня з гледзішча нацыянальнага ўзгадаваньня.

в) роля школы як адукацыйнай установы

ў нацыянальным узгадаваньні
Нацыянальнае ўзгадаваньне як прынцып абыймае ня толькі выкладаныя прадметы, але й саму школу як адукацыйную ўстанову. Яно вымагае, каб нацыянальная індывідуальнасьць разьвівалася ня толькі падчас лекцыяў, але каб пабуджальны ўплыў яго ішоў і ад усяе школы; ад яе ўладкаваньня, ад яе інтэр’еру, ад навакольля ды ўрэшце ад самога настаўніка. Школа як установа мае быць у згодзе з тым, чаго яна вучыць, і ў практыцы ўвасабляць тое, што яна абвяшчае.
Гэтай справе перадусім служыць сам расклад навучальных прадметаў. Нацыянальнае ўзгадаваньне ў школе ня можа абмяжоўвацца толькі прынагоднымі павучаньнямі. Яно павінна быць сыстэмным. Школьныя праграмы павінны быць падрыхтаваныя так, каб гарантаваць выкананьне ўсіх асноўных задачаў нацыянальнага ўзгадаваньня. Разьвіцьцю нацыянальнага пачуцьця служаць родная мова, нацыянальная літаратура, маляваньне, музыка й гімнастыка. Патрыятызм выхоўвае нацыянальная гісторыя, часткова нацыянальная літаратура й музыка. Нацыянальныя настроі разьвіваюць усе згаданыя прадметы й таксама нацыянальная частка грамадазнаўства. Але дзеля гэтага ў старэйшых клясах варта было б увесьці адзін спэцыяльны прадмет, а менавіта навуку пра нацыянальную культуру. Гэта была б своеасаблівая філязофія нацыянальнае гісторыі й культуры, якая б уводзіла вучняў глыбей у жыцьцё нацыі, знаёміла б іх з нацыянальнаю культураю, з нацыянальным пакліканьнем і з умовамі яго выкананьня. Гісторыя нацыі як навучальны прадмет гэтай ролі не выконвае. Яна жыцьцё нацыі ня гэтулькі тлумачыць, колькі апісвае. Між тым нацыянальныя настроі няможна сфармаваць інакш, як толькі праз глыбейшае зразуменьне нацыі, яе мінуўшчыны, цяпершчыны й пэрспэктывы ейнае будучыні.Таму звычайную гісторыю нацыі павінна было б дапоўніць глыбейшае тлумачэньне жыцьця нацыі, якое мы й завем навукаю пра нацыянальную культуру. Яна мела б ахапіць гэтыя найважнейшыя праблемы жыцьця нацыі.
1. Праблему нацыянальнай індывідуальнасьці: яе сфармаваньне, яе элемэнты, ролю расы, жыцьцёвага асяродзьдзя й гістарычнага лёсу. Нацыянальная індывідуальнасьць ёсьць падставовы творца жыцьця нацыі, таму вучні павінны быць пазнаёмленыя зь ёю найперш.
2. Праблему нацыянальнай культуры: сутнасьць яе формы, стасункі ейных чыньнікаў (інтэлігенцыі й народу) і асобныя ейныя галіны, як навуку пра нацыю, грамадзкі лад і мастацтва. Нацыянальнае мастацтва ёсьць аб’ектывацыя нацыянальнай індывідуальнасьці бачнымі вобразамі, аналіз якіх павінен падвесьці вучняў да яшчэ глыбейшага спазнаньня свае нацыі.
3. Праблему нацыянальнага пакліканьня: яго паходжаньне й падставы, яго сутнасьць, яго задачы, умовы выкананьня, ідэал, да якога яно імкнецца, і значэньне гэтага ідэалу ў жыцьці чалавецтва. Выкананьне нацыянальнага пакліканьня складае асноўную задачу жыцьця нацыі, таму вучні ўжо з самага юнацтва маюць быць добра зь ім пазнаёмленыя. Ня трэба тлумачыць, што зьмест навукі пра нацыянальную культуру ў кожнага народу будзе інакшы. Яго завяршае, як пабачым пазьней, краязнаўства, і таму ён у сутнасьці зрастаецца з адным пэўным народам. Такі глыбейшы позірк на праблемы нацыянальнага жыцьця, такая своеасаблівая гістарыязофія нацыі магла б сапраўды пасьпяхова падрыхтаваць вучняў да нацыянальнага жыцьця й дапамагчы разьвіцьцю іхнай нацыянальнай індывідуальнасьці. Між тым дакуль такога аб’екту ў нашых навучальных праграмах няма, датуль краязнаўства застаецца незавершаным, датуль вучням не ўдаецца ўглядзецца ў сутнасьць свае нацыі й датуль нацыянальнае ўзгадаваньне ў школах няпоўнае.
Iнтэр’ер і вонкавы выгляд школы можна ўпарадкаваць так, каб вучань нават міжволі ўзгадоўваўся з нацыянальнага гледзішча. Дзяржаўны герб, партрэты выбітных людзей нацыі, выявы найважнейшых нацыянальных падзеяў могуць аздабляць сьцены клясаў і калідораў. Побач зь імі, у публічных і прыкметных месцах, можна вывесіць пэўныя дыяграмы, якія выяўляюць прырост нацыі, фармаваньне ейных межаў, дачыненьні ейных гаворак, гаспадарчае, гандлёвае й прамысловае жыцьцё, уладкаваньне дзяржаўнага апарату, школьную сыстэму ды іншыя рэчы, датычныя нацыі. Школьны будынак павінен быць у стылі нацыянальнай архітэктуры, а ягоныя ўпрыгожаньні – быць выразам нацыянальнага густу й мастацкага ўяўленьня. Школьны сад, кветнік і наагул вольны ад спарудаў пляц гэтаксама лёгка можа выяўляць нацыянальны лад жыцьця. Няма нічога дзіўнейшага, як пабачыць у школьным садзе статую німфы ці сатыра. У школьным навакольлі павінны ўвасобіцца дух нацыі, традыцыі нацыі й прыхільнасьці нацыі.
Упараднік усіх гэтых справаў – настаўнік. Нацыянальнае ўзгадаваньне вымагае ад яго дзьвюх рэчаў: прыкладу й павучаньня. Калі наагул, паводле О.Вільмана, настаўнік вучыць ня тым, што ён кажа, але тым, хто ён ёсьць, дык гэтае правіла асабліва пасуе нацыянальнаму ўзгадаваньню. Настаўнік ня можа быць сапраўдным дзеячом нацыянальнага ўзгадаваньня, калі нацыянальная індывідуальнасьць яго самога бедная, калі ён ня ўмее нацыянальна мысьліць, ня мае густу да нацыянальных мастацкіх рэчаў, ня любіць свае нацыі й ня ўдзельнічае ў ейным культурным жыцьці. Нацыянальная ўкшталтаванасьць [išsiauklėjimas] асабліва вымагаецца ад тых настаўнікаў, якія выкладаюць непасрэдна зьвязаныя з нацыянальным узгадаваньнем дысцыпліны. Настаўнікі нацыянальнай гісторыі, нацыянальнай літаратуры, роднае мовы, музыкі, маляваньня й нават грамадазнаўства маюць быць суцэльнымі нацыянальнымі асабовасьцямі: і добрыя патрыёты, і рупныя культурныя працаўнікі. Iхны прыклад найбольш уплывовы, таму й вымаганьні да іх найбольшыя.
Настаўнік выхоўвае ня толькі прыкладам, але й словам. Нагоду для нацыянальных павучаньняў даюць перадусім навучальныя дысцыпліны, а далей – жыцьцё нацыі: нацыянальныя сьвяты, юбілеі ці пахаваньні выбітных людзей, міжнародныя перамогі ці паразы, больш значныя ўгоды зь іншымі дзяржавамі ды інш. Асабліва значныя падзеі жыцьця нацыі можна й нават трэба адзначаць спэцыяльна. Але гэтыя адзначэньні мусяць як найрадзей спалучацца з выходным днём у школе. Пагатоў яны не павінны заканчвацца абвешчаньнем гэтага выходнага. Школа, якая важную нацыянальную падзею адзначае толькі тым, што вызваляе вучняў ад заняткаў, кепска разумее нацыянальнае ўзгадаваньне. Вучань павінен зьведаць і перажыць значэньне важнага дня, а ня толькі адчуць палёгку ад скінутае ношы заняткаў. Тая ці іншая падзея нацыянальнага жыцьця, адзначаная пэдагагічна, мае вельмі вялікае значэньне. Але дрэнна зарганізаванае й дрэнна выкананае адзначэньне можа стаць для вучняў нудным ці сьмешным. I у адным, і ў другім выпадку чаканага плёну няма.
Калі школа выконвае гэтыя патрабаваньні, яна стае фактарам вялікае вагі ў нацыянальным узгадаваньні. Навучальнымі дысцыплінамі ды іхным раскладам, сваім нутраным уладкаваньнем і навакольлем, урэшце, сваімі вучнямі ды іхнаю чыннасьцю школа ўводзіць падрослага чалавека ў жыцьцё нацыі, будзіць ягоную сьвядомасьць як нацыянальную, разьвівае ягоныя нацыянальныя асаблівасьці, перадаючы нацыянальную культуру, урэшце, абуджае любоў і гатоўнасьць стаць у будучыні актыўным культурным працаўніком. Усе задачы нацыянальнага ўзгадаваньня абыймае сфэра школьнае працы, якая іх выконвае ў працяг сямейных дасягненьняў, дапаўняючы й дасканалячы апошнія.

(...)
ІІІ. СРОДКІ Й МЭТАДЫ НАЦЫЯНАЛЬНАГА ЎЗГАДАВАНЬНЯ


Дасьледаваўшы сутнасьць і чыньнікі нацыянальнага ўзгадаваньня, пасьлядоўна прыходзім да ягоных сродкаў, якія дапамагаюць рабіць працу дзеля выхаваньня нацыі, і мэтадаў, якія паказваюць, як гэтая праца робіцца. Праўда, нацыянальнае ўзгадаваньне, будучы інтэгральнаю часткаю выхаваньня наагул, ня мае сваіх сродкаў і сваіх мэтадаў. Тое, што выкарыстоўвае выхаваньне ў цэлым, пасуе й сюды. Але ўсё ж агульныя мэтады й агульныя сродкі тут набываюць своеасаблівае адценьне. Акрамя таго, адны зь іх могуць ужывацца больш пасьпяхова за іншыя. Таму й зьяўляецца патрэба агульныя прыёмы й агульныя мэтады разабраць з нацыянальнага гледзішча й дапасаваць іх да нацыянальнага ўзгадаваньня.
1. Сродкі
Сродкамі выхаваньня называюцца ўсе тыя канкрэтныя справы, з дапамогай якіх выконваюцца задачы выхаваньня. Імі звычайна лічацца: павучаньне, інсьпірацыя, прыклад, прывучэньне, ухваленьне, кары й узнагароды. Ня ўсе яны вымагаюць адмысловага разбору, бо характар бальшыні зь іх застаецца такі самы і ў выхаваньні наагул, і ў нацыянальным узгадаваньні. Прыклад мае аднолькавае значэньне і ў маральным, і ў нацыянальным узгадаваньні. Кара, ухваленьне, узнагароды, загад таксама не мяняюць свайго характару. Што пра іх кажа агульная пэдагогіка, тое пасуе й сюды. Але ёсьць тры сродкі, якія маюць для нацыянальнага ўзгадаваньня асаблівае значэньне, а менавіта павучаньне, інсьпірацыя й прывучэньне. Таму іх трэба разабраць адмыслова.
а) павучаньне
Павучаньне ад навучаньня розьніцца тым, што яно несыстэмнае й непастаяннае. Абодва яны служаць усьведамленьню вучня. Навучаньне гэтую працу выконвае плянамерна й безупынна. Павучаньне скарыстоўвае толькі нагоду. Само нацыянальнае ўзгадаваньне ня ёсьць адмысловая навучальная дысцыпліна, яго нельга выкладаць. Яму можна толькі павучаць, скарыстоўваючы нагоду. Таму павучаньне ў нацыянальным узгадаваньні стае асноўным сродкам укараненьня ў сьведамасьць нацыянальнай ідэнтычнасьці, патрыятызму й нацыянальных настрояў. Тое, чаго ў іншых галінах выхаваньня дасягаюць і навучаньнем, і павучаньнем, у нацыянальным узгадаваньні павінна дасягацца толькі павучаньнем. У хаду выкладаньня розных прадметаў маюць быць улучаныя нацыянальныя павучаньні, бо толькі такім чынам маладое пакаленьне можа быць усьвядомленае з нацыянальнага гледзішча. Розныя навучальныя дысцыпліны, як, напр., гісторыя нацыі, нацыянальная літаратура, родная мова, хоць і маюць беспасярэднюю сувязь з нацыянальным узгадаваньнем, але ня ёсьць нацыянальным навучаньнем, а толькі першай і найважнейшай нагодай дзеля нацыянальнага павучаньня. Самі сабою яны вучаць не народнасьці альбо патрыятызму, але гісторыі, літаратуры й мовы. I толькі таму, што яны вучаць гісторыі нацыі, нацыянальнае літаратуры, роднае мовы, -- толькі таму яны значныя й для нацыянальнага ўзгадаваньня. Настаўнік гэтых дысцыплінаў выканаў бы толькі палову сваіх абавязкаў, каб выкладаў іх без нацыянальных павучаньняў.
Павучаньне для нацыянальнага ўзгадаваньня істотнае яшчэ й таму, што ў ім ёсьць выразны момант волі. Мэтаю павучаньня ёсьць ня толькі практыкаваньне розуму, але й актывізацыя волі. Павучаньне без маральнага моманту ёсьць дрэннае павучаньне. У нацыянальных павучаньнях момант волі асабліва варты падкрэсьленьня, бо й само нацыянальнае ўзгадаваньне абапіраецца на маральны падмурак. Дзе няма маральнага стаўленьня да свайго народу, там наўрад ці можна казаць пра сапраўднае нацыянальнае ўзгадаваньне. Таму вызначаць маладому пакаленьню ягоныя нацыянальныя абавязкі, падахвочваць яго гэтыя абавязкі выконваць, робячы сваю прафэсійную працу, -- ёсьць сутнасныя задачы нацыянальнага павучаньня. Чым пабуджэньне волі мацнейшае, тым павучаньне больш плённае й больш значнае для нацыянальнага ўзгадаваньня. Тэарэтычных ведаў гадаванец чэрпае даволі з навучальнага прадмету. З боку настаўніка ён мае адчуць практычныя пабуджэньні. Навучальны прадмет практыкуе ягоны розум, настаўнік жа мае актывізаваць ягоную волю.
Нагодаў для нацыянальнага павучаньня вельмі шмат. Найбольш нагодаў ствараюць самі выкладаныя ў школе прадметы, асабліва тыя, якія непасрэдным чынам датычаць жыцьця нацыі: гісторыя нацыі, родная мова, нацыянальная літаратура, краязнаўства, музыка, маляваньне й г.д. Руплівы настаўнік ужо загадзя прадбачыць, якое павучаньне дзе трэба ўставіць, каб яно было натуральнае (штучны характар павучаньня, яго ўстаўка не да месца яго псуе) і плённае. Паразы й памылкі нацыі ў мінуўшчыне можна злучаць з абяцаньнем цьвёрдага намеру выправіць іх у цяпершчыне й унікаць іх у будучыні. Аналіз твораў літаратуры можа даць нагоду зьвярнуць увагу вучняў да эстэтычных уласьцівасьцяў нацыі. Лекцыі мовы, асабліва калі ў іх выкарыстоўваецца параўнальны мэтад, могуць паказаць своеасаблівасьць нацыянальнага спосабу мысьленьня. Геаграфія можа зьвярнуць увагу вучняў на нескарыстаныя сілы прыроды. Грамадазнаўства можа ўзьняць рашучасьць дасканаліць лад грамадзкага жыцьця нацыі. Нават тыя прадметы, якія, здавалася б, ёсьць чыста наднацыянальныя, як матэматыка, лёгіка й псыхалёгія, могуць даць нямала нагодаў падняць тое ці іншае нацыянальнае пытаньне й гэткім чынам зрабіць тое ці іншае нацыянальнае павучаньне. Напр., матэматыка можа падбіраць задачы не з фантазіі, але з рэальнага жыцьця нацыі: павелічэньне прыросту насельніцтва (у прапорцыях), падлік тэрыторыі краіны ці яе частак (геамэтрыя), дачыненьні розных статыстычных зьвестак і г.д. Лёгіка ў якасьці прыкладаў сылягізмаў можа падабраць народныя прымаўкі й такім чынам раскрыць вучням улюбёную нацыяй сьцісласьць высновы. Псыхалёгія можа даць канкрэтныя прыклады, гаворачы пра спосаб успрыманьня, пра ўяўленьне, пра ўзаемаўплыў цела й душы, бо ўсе гэтыя рэчы ў нацыяў маюць заўважныя адрозьненьні. Празарліваму настаўніку такія прыклады і павучаньні, якія зь іх вынікаюць, няцяжка знайсьці.
Акрамя навучальных прадметаў, для нацыянальных павучаньняў даюць нагоду яшчэ й разнастайныя нацыянальныя ці ўсясьветныя падзеі, разнастайныя ўрачыстасьці, сьвяты, угодкі, экскурсіі, наведваньні ды іншыя справы, якія цяжка ўсе прадугледзець, але якія, калі яны адбываюцца, лёгка могуць быць выкарыстаныя для нацыянальнага ўзгадаваньня. Зьвязаныя зь імі нацыянальныя павучаньні надаюць сэнс і самім падзеям. Інакш ад іх бы засталася толькі пустая й нудная форма. Для бальшыні падзеяў (напр., нацыянальных сьвятаў, урачыстасьцяў, угодак) сэнсам і мэтаю ёсьць не само іх ажыцьцяўленьне, але іхны ўзгадаваўчы ўплыў на нацыю.
Пэдагагічныя патрабаваньні для павучаньня тычацца й нацыянальнага павучаньня. Нацыянальнае павучаньне мае быць вобразнае, плянамернае, яснае, простае, зразумела данесенае, сьціслае, завершанае й цікавае. “Нудота – найбольшы вораг павучаньня”2. Між тым разнастайныя павучаньні з нагоды нацыянальных падзеяў і сьвятаў вельмі часта нудотныя, бо задоўгія й дрэнна данесеныя.
б) інсьпірацыя
Інсьпірацыя блізкая да павучаньня. Маральны момант павучаньня абуджае ў волі асаблівую рашучасьць. Інсьпірацыя гэтую рашучасьць ператварае ў зачараванасьць і пашырае яе на ўсю істоту чалавека. Павучаньне закранае толькі розум і волю, інсьпірацыя запальвае ўсяго чалавека. У павучаньні чалавек пазнаé й мерыцца, у інсьпірацыі ён перажывае й дзейнічае. Інсьпірацыя робіць павучаньне плённым. “Інсьпірацыя – гэта сонца, якое ўсе сфэры жыцьця апладняе, жывіць і сьпеліць”3.
Дзякуючы вялікаму актывізацыйны ўплыў інсьпірацыя ёсьць значным сродкам і ў нацыянальным узгадаваньні. Нацыянальныя справы мусяць перажывацца больш, чым якія іншыя. Таму й натхняць на іх больш патрэбна, чым, напрыклад, на практыкаваньні. Інсьпірацыя сьпеліць і раскрывае прыхаваныя завязі нацыянальнага павучаньня. Рашучасьць волі працаваць дзеля нацыі яна пералівае ва ўсе сілы чалавека, усе іх абуджае й актывізуе. Засваеньне нацыянальных здабыткаў і рашучасьць волі стаецца найглыбейшым перажываньнем чалавека й пабуджэньнем ягонае волі да чыну. У такім разе нацыянальнае дзеяньне вырастае з найглыбейшае прыроды чалавека. (…)
в) прывучэньне
Прывучэньне завяршае і павучаньне, і інсьпірацыю. Павучаньне будзе бясплённым, і натхненьне толькі змарнуе момант, калі прывучэньне не ператворыць іх у пастаянныя схільнасьці гадаванца. Павучаньне пабуджае волю да рашучасьці, інсьпірацыя штурхае яе ажыцьцявіць гэтую рашучасьць, але толькі прывучэньне рашучасьць і дзеяньне робіць пастаяннымі. Яно ўводзіць іх у пэўныя формы,й крышталізуе ў пэўных абліччах. Нацыянальнае павучаньне можа быць вельмі ўплывовым, нацыянальная інсьпірацыя можа быць вельмі глыбокай, але калі яны не сфармуюцца ў абліччы нацыянальных звычак, іхны ўплыў будзе слабы й іхныя вынікі ўбогія. Таму прывучэньне якраз і дапамагае сфармаваць тое, што абуджаюць нацыянальнае павучаньне й інсьпірацыя.
Каб нацыянальныя звычкі былі пастаянныя, іх трэба ўкараняць праз паўтарэньне нацыянальных учынкаў. Каб яны былі глыбокія й сьвядомыя, іх трэба злучаць зь перажываньнем зробленых учынкаў. Мэханічнае паўтарэньне безь перажываньня карыснае для авалоданьня тэхнікай, але бескарыснае там, дзе звычай закранае вышэйшыя сілы душы, бо іх учынкі ў такім разе абяртаюцца аўтаматычнымі рухамі. У такім выпадку “прывучэньне абяздушвае (entseelt)”4. Між тым абяздушваньне вышэйшых сфэраў жыцьця не праходзіць для чалавека бясшкодна. Тое самае трэба сказаць пра нацыянальную сфэру. Нацыянальныя звычкі не павінны быць быць мэханічныя. Праўда, тэхнічнае іх выкананьне заўсёды будзе аўтаматычнае. Але тэхніка не павінна зацерці сэнсу робленага ўчынку. Хто выконвае нацыянальны танец, ня можа й ня мае думаць пра свае рухі. Але ён мусіць ведаць, дзеля чаго выконвае гэты танец. Звычка танчыць, ясна, мае быць мэханічная. Але звычка танчыць нацыянальныя танцы мае быць сьвядомая. У гэтым сэнсе мы й патрабуем сьвядомасьці нацыянальных звычак. Аўтаматызм іхнае тэхнікі не павінен загубіць іхнага нацыянальнага сэнсу. Маладое пакаленьне мусіць нацыянальна дзейнічаць (гаварыць, тварыць і нават маліцца) ня толькі таму, што яно так звыкла, але й таму, што яно сьвядома вызначылася й сваё самавызначэньне сфармавала ў выглядзе звычак.
Прывучэньне ня толькі робіць нацыянальную рашучасьць і дзеяньне пастаяннымі, але адначасова ўводзіць новае пакаленьне ва ўжо існыя звычаі нацыі як аб’ектыўныя формы жыцьця. Нацыянальнае прывучэньне ў сутнасьці ёсьць ня што іншае, як ператварэньне нацыянальнага звычаю (mos) ў нацыянальную звычку (consuetudo). Чаму нацыя ўжо надала пэўнае аблічча, што яна ўжо сфармавала ў вонкавых формах, у тое павінен быць уведзены й да таго прывучаны індывід. З гэтага гледзішча прывучэньне ёсьць найлепшы сродак перадаць новым пакаленьням аб’ектыўныя формы жыцьця нацыі. Нацыянальныя традыцыі й нацыянальныя звычаі ідуць з пакаленьня ў пакаленьне шляхам прывучэньня новых генэрацыяў да таго, што стварылі папярэднія. Павучаньне й інсьпірацыя могуць пераказаць нацыянальную мінуўшчыну тэарэтычна, але практычна яе зьберагае й працягвае прывучэньне. Праз складаньне нацыянальных звычак і захаваньне нацыянальных звычаяў інсьпірацыя стае значным сродкам нацыянальнага ўзгадаваньня.
г) спэцыяльныя сродкі
Акрамя агульных сродкаў, для нацыянальнага ўзгадаваньня маюць значэньне й спэцыяльныя сродкі выхаваньня – друк, кінэматограф, радыё, законы й г.д. Друк, беручы ўдзел у разьвіцьці нацыянальнае мовы й пашыраючы ў нацыі здабыткі мастацтва, становіцца добрым сродкам выхаваньня нацыянальнага характару. Праз зацікаўленьне нацыі сваёю мінуўшчынай і паказ пэрспэктываў будучыні ён узгадоўвае патрыятызм і пабуджае нацыю разьвівацца ў кірунку культурнае нацыі. Нашыя „Aušra“, „Varpas“, „Tėvynės Sargas“ былі сапраўднымі школамі літоўскага патрыятызму. Кінэматограф праз сваю вобразнасьць можа быць карысным сродкам азнаямленьня вучняў з прыродаю краіны, зь мінулым ейным жыцьцём і з больш значнымі падзеямі сучаснага жыцьця нацыі. Радыё можа служыць эстэтычнай адукацыі нацыі й для шырокіх пластоў нацыі можа замяняць друк. Сёньня радыяфон усё больш становіцца ўстановаю нацыянальнага ўзгадаваньня.
Асаблівае значэньне для нацыянальнага ўзгадаваньня маюць законы. Калі яны не прынесеныя з чужыны, як наш кодэкс Напалеона, а паходзяць са звычаяў жыцьця нацыі, з праўных традыцыяў нацыі, – яны ёсьць юрыдычным удасканаленьнем і фармуляваньнем гэтых звычаяў ды традыцыяў. Праўная сьвядомасьць нацыі ў законах выяўляецца ў відавочным абліччы. Законы становяцца аб’ектывацыяй праўнае сьвядомасьці нацыі. З гэтага гледзішча яны й маюць вялікае ўзгадаваўчае значэньне: яны стаяць поруч з роднаю моваю, якая ёсьць аб’ектывацыяй нацыянальнага ладу мысьленьня, і поруч з нацыянальным мастацтвам, якое ёсьць аб’ектывацыяй творчых сілаў нацыі. Нацыя сваімі звычаямі й традыцыямі дае законам матэрыял, а ў законах яна спасьцігае сябе самую. Законы ў пэўным сэнсе паходзяць з нацыі й вяртаюцца ў нацыю. Разьвіцьцё нацыі спараджае законы, а тыя, у сваю чаргу, звычайна ўдасканальваюць само разьвіцьцё. Узаемадзеяньне законаў і нацыі такое самае, як мовы й нацыі або мастацтва й нацыі.
Каб гэты ўзгадаваўчы ўплыў законаў быў рэальны, трэба, каб яны сапраўды паходзілі альбо прынамсі іх паходжаньне выводзілася з нацыі. Дзяржава будзе дрэнна ўзгадоўваць нацыю, капіюючы законы з чужых кодэксаў ці творачы іх паводле ідэяў, прынесеных з чужыны. Законы ня мусяць быць накінутыя нацыі звонку, але пасьлядоўна разьвітыя знутры. Гэтае патрабаваньне асабліва павінна стасавацца да асноўных законаў нацыянальнага жыцьця. Канстытуцыя нацыянальнае дзяржавы павінна мець нацыянальны характар. Дэмакратычны рух нашага стагодзьдзя якраз і зрабіў быў памылку, бо ён быў касмапалітычны ня толькі самімі сутнаснымі прынцыпамі, якія паходзяць з чалавечае прыроды, але й юрыдычнаю сваёю формаю, якая аказалася для бальшыні нацыяў цалкам чужая. Нацыянальны рух у сутнасьці ня нішчыць прынцыпаў, якія ўзялі верх цягам разьвіцьця чалавецтва, але толькі імкнецца касмапалітычную іхную форму памяняць на нацыянальную. Законы, а таксама дзяржаўны лад, мусяць вырастаць з нацыі. Толькі тады яны становяцца сапраўды плённым сродкам нацыянальнага ўзгадаваньня ў руках дзяржавы.

1 Для трэцяга роўню сталеньня нацыі магчыма ўжываць тэрміны палітычная нацыя й дзяржаўная нацыя, але сам Мацяйна ў разьдзеле “Tautos tapimas nacija” (“Ператварэньне нацыі ў культурную нацыю”) падкрэсьлівае: “Слова nacija сёньня ўжываецца ў падвойным сэнсе. У адным выпадку ёю называецца нацыя [tauta] як палітычная адзінка, злучвом якое ёсьць дзяржава. З гэтага гледзішча кожная нацыя [tauta], дасягнуўшы незалежнасьці, становіцца nacija. У іншым выпадку nacija азначае культурную адзінку, чыім злучвом ёсьць высокая нацыянальная культура. У гэтым сэнсе ня кожная tauta ёсьць nacija, хоць кожная ёю можа й мусіць стаць. Першае разуменьне nacija больш ужываецца палітыкамі й праўнікамі, другое – філёзафамі культуры й гісторыкамі. У гэтым апошнім сэнсе ўжывацьмем гэтае слова й мы”. (С. 294. Заўвага перакладніка.)

2 M.Grossmann, Nationale Forderungen an die schweizerische Mittelschule, 25 p. Zürich 1915.

3 Jugendbildung, 213 p. München 1933. – Пра сам прынцып бацькаўшчыны ў нацыянальным узгадаваньні будзе гаворка пазьней (у III ч.).

4 M.Grossmann, op. cit. 7 p.

2 E.Abb, Lehrbuch der allgemeinen Erziehungs und Bildungslehre, 214 p. Paderborn u. Würzburg 1932.

3 Zedlitz, cit. Lexicon der Pädagogik, I, 374 p. hrsg. v. M. Roloff, Freiburg i. Brsg. 1913.


4 E.Abb, op. cit. 193 p.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка