Слоўнікі старабеларускай актавай мовы, выдадзеныя ў ХІХ стагоддзі: бібліяграфічныя звесткі, практычнае І навуковае значэнне




Дата канвертавання17.03.2016
Памер200.65 Kb.
Г. І. Кулеш
Слоўнікі старабеларускай актавай мовы,
выдадзеныя ў ХІХ стагоддзі:
бібліяграфічныя звесткі, практычнае і навуковае значэнне

У ХІХ стагоддзі беларуская мова ў заканадаўчай сферы не ўжывалася. Дасканала распрацаваная за папярэдні перыяд старабеларуская юрыдычная лексіка і фразеалогія не выкарыстоўваліся і не развіваліся. Нягледзячы на такую сітуацыю, гэтае стагоддзе адметнае тым, што яно стала падрыхтоўчым этапам для выпрацоўкі лінгвістычных сродкаў сучаснага беларускамоўнага заканадаўства. Паспрыяла гэтаму імкненне ўрада Расійскай імперыі сцвердзіць сваё бачанне гісторыі Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

1. Апублікаванне архіўных дакументаў Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. З сярэдзіны ХІХ ст. актыўна вывучацца гісторыя беларускіх і ўкраінскіх земляў, уключаных у склад Расійскай імперыі. Распачынаецца выданне шматлікіх гістарычных дакументаў Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Адбор і падрыхтоўка да выдання ажыццяўлялася некалькімі археаграфічнымі камісіямі.

Найбольшую колькасць дакументаў, якія датычаць гісторыі старажытных беларускіх земляў, выдала Віленская археаграфічная камісія, створаная пры Віленскім цэнтральным архіве. Гэтыя дакументы публікаваліся пад назвай “Акты, издаваемые Виленскою Археографическою комиссиею”. Усяго з 1865 по 1915 гг., акрамя іншых выданняў, выйшла 39 тамоў “Актаў”. Як адзначана ў Энцыклапедычным слоўніку Бракгаўза і Ефрона, перад камісіяй была пастаўлена задача са шматлікіх матэрыялаў Віленскага цэнтральнага архіва, які змяшчаў пісьмовыя крыніцы па гісторыі Вялікага княства Літоўскага за 1387–1812 гг., для выдання адбіраць “1) Акты, якія высвятляюць элемент праваслаўя ў Заходнім краі, 2) Акты, што датычаць адміністрацыі Заходняга краю ў розныя эпохі існавання Вялікага княства (быт сялян, мяшчан, яўрэяў і інш. саслоўяў), 3) Акты юрыдычныя і этнаграфічныя” [1].

Падбор дакументаў, якія пацвярджалі распаўсюджанасць праваслаўных цэркваў і манастыроў, меў на мэце даказаць, “што ВКЛ «спрадвечна руская зямля»” [2; 3]. Матэрыялы адміністрацыйныя і юрыдычныя павінны былі паказаць “што Заходні край ніколі не быў шчаслівы пад польскім урадам, што, нягледзячы на мноства судовых месцаў, ніхто не мог быць упэўнены ў правах сваёй уласнасці, ні ў асабістай бяспецы, […] што толькі пад рускім урадам Заходні край забыў свае пакуты, залячыў свае раны і пачаў сапраўднае палітычнае існаванне” [4].

У Вільні была створана і другая камісія для выдання гістарычных дакументаў. Гэта камісія, заснаваная пры Віленскай вучэбнай акрузе, з 1867 па 1874 г. выдала 10 тамоў дакументаў пад назвай “Археографический сборник документов, относящихся к историии Северо-Западной Руси, издаваемый при управлении Виленского учебного округа”.

Дакументы, якія мелі дачыненне да гісторы ВКЛ, хоць і ў меншай колькасці, выдавалі і Пецярбургская і Кіеўская археаграфічныя камісіі. Пецярбургская камісія была створана раней за іншыя – у 1834 годзе. З 1837 г. яе членам з’яўляўся вядомы беларускі гісторык, археограф і мовазнавец І. І. Грыгаровіч, які ў 1838 г. быў прызначаны галоўным рэдактарам актаў камісіі. Вынік яго працы – выхад на працягу 1846-1853 гг. 5-томнага выдання “Акты, относящиеся к истории Западной России…”, у якіх сабраны унікальныя дакументы па гісторыі Беларусі, Літвы і Украіны XIV–XVII стст. [5; 6]. Серыя дакументаў пад назвай “Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской, хранящихся в Центральном Витебском архиве” з 32 тамоў на працягу 1871-1906 гг. выдавалася ў Віцебску [7].

2. Неабходнасць тлумачэння “неудобопонятных” слоў і выразаў з апублікаваных дакументаў. У выдадзеных матэрыялах сустракалася нямала слоў і выразаў, у тым ліку і юрыдычнага зместу, “якія не ўсім могуць быць вядомыя, асабліва рускім” [8]. Гэта вымушала членаў камісій, якія займаліся публікацыяй старажытных дакументаў, рыхтаваць і друкаваць адпаведныя лексікаграфічныя даведнікі. Яны выдаваліся ў выглядзе алфавітных паказальнікаў да ўзноўленых старажытных дакументаў і ў выглядзе слоўнікаў актавай лексікі.

2.1. Афавітныя паказальнікі. Алфавітныя паказальнікі – своеасаблівыя тлумачальныя слоўнікі малазразумелай лексікі – выходзілі як без указання, так і з указанннем аўтараў-складальнікаў. Прыкладам першага тыпу паказальнікаў можна назваць “Алфавитный указатель к Актовой книге, изданной Виленской археографической комиссией в 1867 году: Ревизия пущ и переходов звериных в бывшем Великом княжестве Литовском Григория Богдановича Воловича, а также собрание привилегий, данных дворянам и священникам Пинского повета”, дзе тлумачальны слоўнік змешчаны побач з паказальнікамі імёнаў, прозвішчаў і геаграфічных назваў [9].

Слоўнікавы артыкул для пераважнай большасці рэестравай лексікі складаўся з тэрміна (або тэрміналагічнага словазлучэння), яго тлумачэння, ілюстрацыйнага матэрыялу і ўказання старонак, на якіх гэты тэрмін сустракаецца ў названай актавай кнізе. Напрыклад: Материзна, наследственное право от матери, “на тожъ онъ предъ нами (корол. Боною) доводъ слушный вчинилъ сведецтвомъ бояръ и присегою, ижъ тыя именья есть отчизна и дедицтво и материзна”, 273 (с. 110).

Выклікаюць цікавасць спробы патлумачыць паходжанне геаграфічных назваў, змешчаных ў “Алфавитном указателе”. Вось як тлумачыцца паходжанне, напрыклад, назвы Піна: Пина, река, течет по Пинскому повету... Пина, по всему вероятию, имеет литов.-латыш. происхождение, от пина, пинэсплетенная полоса, лента, когда говорят, напр., о сплетенном, но несвязанном еще венке и т. под., гирлянда. Такое название вполне соответствует существу дела и могло быть дано древними литовцами известной нам ныне реке Пине по ее сплетению из бесчисленного множества ручейков и речек, которые она в себя принимает, проходя через большие низменности и болотные места (с. 75).

Прыкладам аўтарскага паказальніка можна назваць рукапіс “Алфавитного указателя старинных слов, извлеченных из “Актов, относящихся к истории Западной России”, изданных в 1853 году”, падрыхтаваны І. І. Насовічам. Праца атрымала высокую ацэнку рэцэнзентаў. Ад камісіі Імператарскай акадэміі навук па прысуджэнні ўзнагарод графа Уварава рэцэнзентам паказальніка з'яўляўся акадэмік І. І. Сразнеўскі [10]. На падставе яго рэцэнзіі, прачытанай на публічным пасяджэнні акадэміі навук, праца І. І. Насовіча была прызнана вартай поўнай Увараўскай узнагароды (1500 рублёў) [11].

Рэцэнзія І. І. Сразнеўскага не была пазбаўлена заўваг, аднак прынамсі з адной з іх можна паспрачацца. У прыватнасці, падкрэсліваючы паўнату паказальніка, рэцэнзент тым не менш адзначае, што абсалютна поўным паказчыкам працу Насовіча назваць нельга, таму што ў ёй месцамі ёсць пропускі. Пад пропускамі маецца на ўвазе тое, што Насовіч спасылаецца ў асобных выпадках не на ўсе акты, у якіх сустракаецца тое або іншае рэестравае слова: “…пры слове грош ёсць спасылка на акты 1497 года; а між тым грош упамянуты і ва ўкладной грамаце княгіні Ульяніі 1377 года… темь"нщину на годъ по полъ копе грошей” [12]. Аднак думаецца, што Насовіч свядома не спасылаўся на грамату княгіні Ульяніі, паколькі адрозніваў значэнне слоў грош і грошы ‘як назву грашовай адзінкі’ і ‘сродак платы ўвогуле’.

Нягледзячы на навуковае прызнанне, рукапіс гэтага алфавітнага паказальніка не быў выдадзены. Цяпер ён захоўваецца ў рукапісным аддзеле бібліятэкі Расійскай акадэміі навук у Пецярбургу, што ўскладняе для беларускіх даследчыкаў вывучэнне гэтага збору старабеларускай актавай лексікі.



Агульнае ўражанне пра яго можна скласці, акрамя рэцэнзіі І. І. Сразнеўскага, з некаторых іншых публікацый, у прыватнасці, з артыкула А. І. Жураўскага і І. І. Крамко “Першы слоўнік старажытнай беларускай мовы” [13]. У ім адзначана, што юрыдычная лексіка суправаджаецца ў слоўніку спецыяльнай паметай – юрыд., аўтары прыводзяць прыклады асобных слоўнікавых артыкулаў. Цікава, што ў “Слоўніку беларускай мовы” Насовіч таксама вылучае спецыяльнай паметай юрыдычную лексіку [14]. Гэта дае магчымасць параўнаць слоўнікавыя артыкулы з адным і тым жа рэестравым словам у абодвух Насовічавых лексікаграфічных працах.

У “Алфавитном указателе”1

У “Слоўніку беларускай мовы”

Апелевати и апеллевати, -люю, дзеяс. юрыд. Пераносіць скаргу з ніжэйшага ў вышэйшае судовае месца. Вольно будетъ кождому отъ лентъ-войта до войта и отъ войта до насъ апеллевати. ІІІ, 1577 г., 204-2-5. Пар. 1581 г. 262-2-4. От декрету комисарского апелевати передъ паны поссесоры. IV, 1594 г., 72-2-22.

Апелеваць, люю, гл. ср. юрид. Приносить жалобу высшему судебному мhсту или лицу на неправильное рhшеніе тяжебнаго дhла въ низшемъ; подавать апеляцію. И апелевала, а ўсе прайграла. (Употр. шляхтами). (с. 6-7)

Бонда, н. Доля, участак, асабліва зямлі, дадзенай за выслугу каму-небудзь. Выслужаная ўласнасць. Коли паробокъ чіи украдуть што у кого, то заплатити бондою его, а не будеть бонды, ино осподаръ за него заплатитъ. І, 1468 г., 82-2-12...

Бонда, ы, с. ж. 1) Бочка, кадь. 2) Хлhбъ печеный. 3) Въ нhкоторыхъ западныхъ частяхъ Бhлой Руси. Выслуженная доля земли. Выслужоная бонда. (с. 30)

Можна меркаваць, што пэўная частка рэестравай лексікі “Алфавитного указателя” адлюстравана ў “Слоўніку беларускай мовы”. Як вядома, І. І. Насовіч збіраць матэрыял для слоўніка пачаў у 1847 г., а скончыў у 1863 г. [15]. Значыць, праца над паказальнікам, якая працягвалася з 1853 да 1857 года [16], вялася або паралельна, або з прыпыненнем збору матэрыялу для “Слоўніка беларускай мовы”. У любым выпадку ўзаемасувязь складу гэтых даведнікаў адчуваецца, хоць адрозненні ў падачы матэрыялу выразныя.

3. Слоўнікі старажытнай актавай лексікі. У ліку апублікаваных – “Справочный словарь юридических терминов древнего актового языка юго-западной России” І. П. Навіцкага і “Словарь древнего актового языка Северо-Западного края и Царства Польского” М. І. Гарбачэўскага.

3.1. “Справочный словарь юридических терминов древнего актового языка юго-западной России”, складзены ўраджэнцам Кіеўскай губерні этнографам і гісторыкам, аўтарам шматлікіх публікацый па гісторыі, этнаграфіі, статыстыцы І. П. Навіцкім, быў апублікаваны ў кіеўскіх “Университетских известиях” [17]. Хоць у яго загалоўку ўказваецца на “паўднёва-заходнюю Расію”, г. зн. частку Украіны, якая ў ХІХ ст. (калі рыхтаваўся і друкаваўся слоўнік) уваходзіла ў склад Расійскай імперыі, гэты слоўнік, па сутнасці, змяшчае старабеларускую юрыдычную лексіку. Гэта пацвярджаецца і тым, што ў прадмове ўкладальнік слоўніка ўжывае тэрміны “заходнярускае права” (“дапаможнікаў для азнаямлення з заходнярускім (так званым літоўскім) і польскім правам на рускай мове вельмі мала”) і “заходнярускія акты” (“заходнярускія акты пісаліся на мовах рускай (г. зн. старабеларускай мовай, паводле сучаснай тэрміналогіі – Г. К.), польскай і лацінскай”) ды і самім складам рэестравай часткі слоўніка.

У адрозненне ад іншых збораў лексікі з выдадзеных старажытных актаў, дзе змяшчалася не толькі юрыдычная, але і агульнаўжывальная лексіка, у слоўніку Навіцкага змешчана строга спецыяльная лексіка – каля 600 (582) рэестравых слоў, якімі абазначаліся прававыя ўстановы, службовыя асобы, прававыя адносіны. Агульнаўжывальныя словы ўключаны толькі тыя, якія набывалі ў актах спецыяльнае юрыдычнае адценне.

Прыведзены тэрміны старабеларускія, польскія і лацінскія. Размешчаны яны ў парадку кірылічнага алфавіта: Делница – удhлъ, часть именія, приходящаяся на долю одного изъ участников; Dzierżawca – владhлец, арендатор именіе, лицо, во владеніи котораго имhніе находится в данное время; Dimissio – уступка (с. 8). Нярэдка тэрміны ўказаны на дзвюх або трох мовах: Оповедати, opowiadać – жаловаться на кого, заносить жалобу (с. 17); Баниція, banitio, banicya – приговоръ къ лишенію правъ (с. 3). Гэта не ўказвае на якуюсьці заканамернасць або частату выкарыстання тэрмінаў у залежнасці ад моўнай прыналежнасці. На якой мове і якой графікай ужыты яны ў актах, гэтак жа ўзнаўляюцца і ў слоўніку. Дарэчы, І. П. Навіцкі не называе тыя дакументы, якія сталі крыніцай змешчанай у слоўніку юрыдычнай тэрміналогіі, хоць і піша ў прадмове, што мае намер у выглядзе дапаўнення да слоўніка выдаць збор узораў юрыдычных актаў, матэрыял для якога ім паступова рыхтуецца. Укладальнік слоўніка дае толькі тлумачэнне юрыдычнага тэрміна або тэрміналагічнага словазлучэння, не ілюструючы яго прыкладамі з актавых дакументаў. Гэта, на наш погляд, з’яўляецца істотным недахопам слоўніка, бо пазбаўляе яго карыстальніка магчымасці прасачыць асаблівасці выкарыстання таго або іншага тэрміна; урэшце, ды і ўпэўніцца ў дакладнасці вытлумачэння яго сэнсу. Тым больш што некаторыя тлумачэнні не з’яўляюцца вычарпальнымі. Напрыклад:

Придать – если судъ посылалъ своего урядника для присутствованія при какомъ-нибудь юридическомъ дhйствіи, то урядникъ этот назывался “приданнымъ” тому, по чьей просьбh былъ посланъ (с. 20).

Такое тлумачэнне магло б адпавядаць тэрміну урядникъ приданный, а не придать. А дзеяслоў придать можна было б патлумачыць, напрыклад, так: ‘прызначыць урадніка для прысутнасці пры якім-небудзь юрыдычным дзеянні’.

Тлумачэнні некаторых тэрмінаў вельмі сціслыя, нават аднаслоўныя: Вывестися присягою – оправдаться посредствомъ очистительной присяги (с. 6); Зложити рокъ назначить срокъ (с. 11); Злочинца – преступникъ (с. 11); Поводъ – истецъ (с. 18).

Сустракаюцца і вельмі падрабязныя тлумачэнні, з апісаннем разнастайных юрыдычных тонкасцей: Дhтскій (дhцкій) – урядник, имhвшій по преимуществу власть исполнительную; онъ посылался за отвhтчикомъ, если тотъ не являлся на позовъ, ему поручалось иногда взысканіе нhкоторыхъ сборовъ и наблюденіе за правильнымъ отбываніем повинностей. Вознагражденіе въ его пользу, взыскивавшееся съ виновнаго, называлось децкованьемъ. Дhтскіе исчезли одновременно съ замhною вижей возными (с. 9).



3.2. Найбольш грунтоўна і кваліфікавана створаны слоўнік – “Словарь древнего актового языка северо-западного края и Царства Польского”, складзены М.І.Гарбачэўскім. Ён уключае, паводле звестак аднаго з рэцэнзентаў гэтай лексікаграфічнай працы прафесара Варшаўскага універсітэта М. П. Барсава, звыш 5000 рэестравых слоў, з якіх не больш за 380 з “уласна заходнярускай мовы” [18]. З упэўненасцю можна сцвярджаць, што колькасць старабеларускіх тэрмінаў значна большая, чым налічыў М. П. Барсаў. Можна меркаваць, што да “заходнярускіх” залічаны толькі словы, напісаныя кірыліцай. Напрыклад, такі прыведзены ў слоўніку тэрмін, як юргельт, хутчэй за ўсё не ўключаны ў старабеларускія: Jurgielt, годовая плата, назначаемая иногда королем. Vol.leg. а. 1647 v. IV f. 119. (с. 168). Аднак гэты тэрмін прыводзіць І. І. Насовіч у “Слоўніку беларускай мовы” нават без спецыяльнай паметы юрыд., што гаворыць аб яго колішняй агульнаўжывальнасці: Юргельт (Нhм. Gelt – деньги). Платежъ, взимаемый по условию за содержаніе каких-либо угодьевъ от Юрьева до Юрьева дня. За прошлый годъ еще юргельту не выплацивъ. Слово нынh рhдко уже употребляемое (с. 725). Або слова струг ‘драўлянае рачное судна’, тым больш што Гарбачэўскім яно пазначана як польскае: p. Strug, struh, судно на рhкh, род большой галеры (с. 343), якое ёсць і ў “Тлумачальным слоўніку беларускай мовы” з паметай уст. (т. 5, кн. 1, с. 344). Тое ж можна сказаць адносна слова ятка: p. Jatki, мясныя лавки или мясныя ряды (с. 66). У “Тлумачальным слоўніку” яно таксама прыводзіцца як устарэлае (т. 5, кн. 2, с. 506).

У прадмове да слоўніка М. І. Гарбачэўскі піша пра пэўныя цяжкасці ў вытлумачэнні старажытнай юрыдычнай лексікі. Часам некаторыя тэрміны тлумачыліся ў саміх актах, але “што патлумачана ў адным з іх, у некалькіх дзесятках або нават сотнях актаў пакінута без тлумачэння” [19]. І таму з мэтай найбольш дакладнага выяўлення семантыкі ўкладальнік слоўніка палічыў неабходным звярнуцца да польска-лацінскага заканадаўства. Як вынікае з прадмовы, ён выкарыстоўваў заканадаўчыя дакументы, тэарэтычныя працы па заканадаўстве, даступныя яму лацінскія і польскія лексікаграфічныя даведнікі.

Сярод крыніц, да якіх звяртаўся для ўстанаўлення значэння старажытных слоў, самай надзейнай Гарбачэўскі называе васьмітомны збор законаў “Volumina legum”. Такую назву атрымаў “збор законаў, сеймавых пастаноў, прывілеяў і інш. заканадаўчых актаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Польшчы, Беларусі, Літвы і правабярэжнай Украіны з 1347 да 1793-95 гадоў” [20]. Ён быў складзены варшаўскімі ксяндзамі-піярамі (лац. paters scholarum piarum – айцы набожных школ) – членамі каталіцкага манаскага ордэна, мэтай якога была не палітычная ці місіянерская дзейнасць, а выхаванне і навучанне юнацтва [21]. У 1859-60 гг. “Валюміна легум” і паказальнікі да васьмі тамоў гэтага збору законаў перавыдаў у Пецярбургу ўдзельнік грамадскага руху 1860-х гадоў, выдавец і журналіст Іасафат Агрызка, ураджэнец Лепельскага павета Віцебскай губерні [22]. Вось гэта пецярбургскае выданне, відаць, і выкарыстоўваў М. І. Гарбачэўскі. Акрамя “Валюміна легум”, укладальнік слоўніка звярнуўся да трох рэдакцый Статута ВКЛ. З тэарэтычных прац М. І. Гарбачэўскі вывучаў “Prawo cywilne narodu polskiego, ułożone przez T. Ostrowskiego” (Warshawa, 1787) і некаторыя іншыя. Праца Тодара Астроўскага, правазнаўца і гісторыка, які ў сваіх працах побач з польскім правам разглядаў і права ВКЛ [23], прывабіла Гарбачэўскага, па-першае, тым, што ў ёй “відаць строгая паслядоўнасть і навуковы парадак або сістэма; па-другое, што аўтар быў сучаснікам старажытнага судаводства” [24]. Звяртаўся М. І. Гарбачэўскі і да лексікаграфічных крыніц, у прыватнасці да слоўніка Ліндэ і Оргельбранда.

У адрозненне ад слоўніка Навіцкага, у “Словарь древнего актового языка” ўключаны і словы агульнаўжывальныя, якія не маюць у тэксце актавых кніг спецыяльнага юрыдычнага значэння. Напрыклад: Цатки, насhчки, украшеніе лошадиной сбруи и латъ (с. 55); p. Jazy, езы, перегородки, которые дhлали из дерева… чтобы рыба не переходила изъ одного мhста в другое. Ихъ дhлали на рhкахъ, прудахъ и затокахъ. Сперва было постановлено закономъ, чтобы езы имhли широкія ворота для свободного проhзда судовъ; но послh вовсе запрещено было устроивать езы на судоходныхъ рhкахъ. Vol. leg. I, f. 151,258. В 1564 году велhно уничтожить езы по всhмъ судоходнымъ рекамъ подъ оспасеніем штрафа въ 200 марокъ. Vol. leg. II, f. 640 (с. 166).

Іх увядзенне ў рэестравую частку абумоўлена задачамі, заяўленымі ў прадмове, адной з якіх з’яўлялася вытлумачэнне значэння малазразумелых і незразумелых слоў, калі цяжка яго ўстанавіць з кантэксту самога акта.

Лексіка размешчана паводле лацінскага алфавіта. Пад яго падведзены і словы, напісаныя кірыліцай.

Знайшлі адлюстраванне ў слоўніку і ўстойлівыя выразы, уласцівыя актавай мове. Напрыклад: Далъ се сдать, такъ говорили о позванномъ въ судъ, который хотя явился на срокъ, но при вызове его черезъ возного, не вышелъ, и потому добровольно осудилъ себя на потерю своего дhла или процесса (с. 83-84).

З мэтай даць чытачу больш поўнае ўяўленне аб асаблівасцях старажытнай актавай мовы М. І. Гарбачэўскі палічыў неабходным змясціць у слоўніку фрагменты дакументаў на лацінскай мове з перакладам на рускую, якія не ілюструюць рэестравыя словы. Вытрымкі з дакументаў на старабеларускай мове кароткія і выкарыстоўваюцца толькі як ілюстрацыі да рэестравых слоў.



4. Значэнне апублікаваных у ХІХ ст. збораў актавай лексікі. Названыя лексікаграфічныя працы не страцілі навуковай значнасці да нашага часу. Пацвярджэннем гэтага можа паслужыць перавыданне ў 1992 годзе ў Мюнхене слоўніка М. І. Гарбачэўскага з прадмовай вядомага славіста, даследчыка ўкраінскай мовы Алексы Горбача [25]. Вельмі каштоўным было б і выданне “Алфавитного указателя старинных слов, извлеченных из “Актов, относящихся к истории Западной России”, изданных в 1853 году”, рукапіс якога быў падрыхтаваны І. І. Насовічам, іншых тагачасных рукапісных слоўнікаў.

4.1. Зборы старабеларускай лексікі, выдадзеныя ў ХІХ ст., з’явіліся важнай крыніцай на пачатковым этапе выпрацоўкі юрыдычнай тэрміналогіі сучаснай беларускай мовы. Аб іх актуальнасці аўтар 10-га выпуску Беларускай навуковай тэрміналогіі “Тэрміналогія права” юрыст Мікалай Гуткоўскі пісаў так: “Калі мы разгледзім толькі “Указатель” да І тома Літоўскай Метрыкі, то можам без памылкі сказаць, што 25 прац. (энтаў – Г. К.) змешчаных там слоў жывуць і да гэтага часу ў народзе” [26]. Такое меркаванне падтрымліваў беларускі і ўкраінскі гісторык і правазнавец Леў Акіншэвіч. Больш за тое, ён лічыў, што не толькі ўжываныя народам старыя юрыдычныя тэрміны, але і “шэраг іншых старых слоў можна было б зноў увесці ў юрыдычную тэрміналогію, бо яны сугучныя беларускай мове і іх шмат хутчэй засвоіць народ, чым спехам прыладжаныя да беларускае мовы словы з іншых моў ці выдуманыя тэрміны” [27]. Рэцэнзуючы выпуск “Тэрміналогіі права”, замест прыведзенага там слова ўчастак прапануе, спасылаючыся на слоўнік Гарбачэўскага (яно адзначана і ў слоўніку Навіцкага – Г. К.), выкарыстаць дзяльніца, вядомае і народнай мове; замест таможная пошлінамытны збор, паколькі таможня – тэрмін не беларускі, утвораны ад слова тамга ‘даніна, якую ўвялі ў Маскоўскай Русі татары’; побач з тэрмінам арэнда “паставіць і стары беларускі” пасэсія.

Неаднаразова спасылаўся на слоўнік Гарбачэўскага і Уладзімір Дубоўка. У прыватнасці, ён лічыў неабгрунтаваным ужыванне ў беларускай мове слова наследнік у значэнні ‘той, хто мае права на спадчыну, атрымлівае спадчыну’, паколькі паводле “Словаря древнего актового языка” “дакладны сэнс слова “наследнік” у беларускай мове – «гончая собака, которая идет по стопам зверя»” [28].



4.2. Матэрыял слоўнікаў ХІХ ст. дае магчымасць прасачыць, як мяняецца семантыка слова ў беларускай мове, а ў залежнасці ад гэтага – якія зрухі адбываюцца ў складзе лексікі заканадаўства. Напрыклад, у слоўніку І. П. Навіцкага melioratio тлумачыцца як ‘поправка, исправленіе; при разбирательствh жалобъ и тяжбъ за основаніе къ разбирательству принимался позовъ, имhвшій поэтому значеніе обвинительнаго акта; манифестаціи же и протестаціи могли быть дополняемы и исправляемы, почему въ концh каждой вносилась обычная формула, что жалобщикъ оставляетъ за собой право “поправеня” или “melioraticіі” своей жалобы (с. 16). У наш жа час меліярацыя не спалучаецца са словам скарга і не з’яўляецца юрыдычным тэрмінам, паколькі мае значэнне ‘сістэма мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне зямель шляхам асушэння або арашэння’.

Іншае значэнне ўласцівае цяпер і такім словам, як рэлаксацыя (‘расслабленне’, ‘зняцце нервовага напружання’) і субстанцыя (‘тое, што ляжыць у аснове’). А ў слоўніку Навіцкага: Relaxacya – королевская грамота, возвращающая права лицу, приговоренному къ баниціи (аб’яўленне асобы па-за законам і выгнанне за межы краіны – Г. К.) или инфаміи (судовае пазбаўленне гонару і грамадзянскіх правоў – Г. К.), если это лицо предоставило доказательства, что оно удовлетворило тhхъ, по дhлу съ кhмъ пали на него баниціи (с. 22); Substantia – имущество, собственность (с. 26).



4.3. Тапанімічныя назвы – неад’емны кампанент мовы дакументаў. Былыя юрыдычныя тэрміны дапамагаюць растлумачыць паходжанне некаторых сучасных тапонімаў. А разуменне сутнасці назвы населенага пункта або пэўнай мясцовасці, магчыма, засцеражэ гэту назву ад страты, ад не заўсёды апраўданай замены яе на больш сучасную.

У мястэчку Новы Свержань Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці адну з вуліц здаўна называюць Юрздыкай. Нязвыклая для нашага часу назва. Такое найменне мелі і цэлыя паселішчы. Не ўсе яны захавалі сваю даўнюю назву: “Пасёлак Альберцін, што сёння ўваходзіць у гарадскую рысу Слоніма, калісьці быў невялічкай вёсачкай Юрздыка” [29]. Да 1978 г. існавала вёска Юрздыка ў Чэрвеньскім раёне Мінскай вобласці [30]. Як жа ўзнікла гэта назва? Узыходзіць яна да даўняга слова юрысдыка (юрыдыка), якое М. І. Гарбачэўскі тлумачыць так: Jurysdyka, jurydyka, заселенная мhстность, подлежащая особому какому-нибудь вhдомству и особому суду, напр. юрисдика какого-нибудь епископства, юрисдика городская, юрисдика шляхетская (с. 174–175). Значыць, юрздыка – гэта тэрыторыя, насельнікі якой падпарадкоўвалася не прыватнаму ўладальніку пэўнай мясцовасці (феадалу), а заставаліся падданымі Вялікага князя Літоўскага, “дзяржаўнымі людзьмі” [31].

На тэрыторыі Івацэвіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Брэсцкай вобласці ёсць населеныя пункты з назвай Волька. Да жаночага імя гэтая назва адносін не мае. Гэта памяншальная форма ад Воля. Тапонім Воля сустракаецца, напрыклад, у Івацэвіцкім, Камянецкім, Пружанскім раёнах [32]. А ў слоўніку Гарбачэўскага значэнне слова воля тлумачыцца так: Воля, дозволеніе или право, данное вотчинникомъ свободному человhку пользоваться какою-нибудь частію пахотной земли на опредhленный срокъ. И теперь еще встрhчаются названія небольшихъ поземельныхъ владhній под именами – воли, вольки, волицы. Въ Статутh. Лит., въ разд. ІХ, арт. 29 говорится: “Уставуемъ, коли бы чhловекъ вольный пришолъ за котораго князя або пана и за земенина и селъ на воли, а выседевши волю, або и не высидевши до конца, хотhлъ за се прочъ пойти; тогды первей маетъ заслужити тому пану своему только, колько на воли седелъ. А естли бы не хотhлъ заслужити, тогды маетъ пенези заплатити за кождую недhлю по шести грошей” (с. 387). Як бачым, назва права карыстацца зямельным уладаннем перайшла і на само зямельнае ўладанне, якім карысталіся. А ў некаторых беларускіх мясцовасцях гэтая агульная назва ператварылася ў тапонім.

5. Падагульненне. Ажыццёўленае ў ХІХ стагоддзі перавыданне старабеларускіх юрыдычных дакументаў выклікала неабходнасць падрыхтоўкі і апублікавання алфавітных паказальнікаў і слоўнікаў малазразумелай (пераважна для рускамоўнага карыстальніка) старабеларускай лексікі. Іх практычная і навуковая вартасць, зразумела, неаднолькавая. З апублікаваных найбольш дасканалым, прафесійна складзеным з’явіўся “Словарь древнего актового языка северо-западного края і Царства Польского” М. І. Гарбачэўскага.

Першапачаткова слоўнікам актавай мовы, выдадзеным у ХІХ ст., адводзілася роля быць дапаможнымі для разумення старабеларускіх дакументаў. Аднак з цягам часу іх значэнне набыло большую важкасць, пашырылася сфера іх прымянення. У 20-я гг. ХХ ст. слоўнікі актавай мовы ўспрымаліся як важная крыніца папаўнення лексікі, служылі арыенцірам дакладнасці словаўжывання. На слоўнік Гарбачэўскага, напрыклад, неаднаразова спасылаліся тагачасныя стваральнікі беларускай юрыдычнай тэрміналогіі – як лінгвісты, так і правазнаўцы. Лексікаграфічная спадчына ХІХ ст., успрымалася мастком лексічнай пераемнасці паміж старым і новым перыядамі ў развіцці літаратурнай мовы, дапамагала ў дапушчальных межах скарыстаць багатую, дасканала распрацаваную старабеларускую заканадаўчую тэрміналогію замест неапраўданага запазычвання ці выкарыстання няўдалых наватвораў. Гэта дае падставы разглядаць ХІХ стагоддзе як перадгісторыю выпрацоўкі лінгвістычных сродкаў сучаснага беларускамоўнага заканадаўства.

Для гісторыкаў мовы слоўнікі актавай лексікі да нашага часу маюць навуковую вартасць, у сувязі з чым не страчвае актуальнасці неабходнасць апублікавання не выдадзеных у свой час лексікаграфічных прац, перадусім “Алфавитного указателя старинных слов, извлеченных из “Актов, относящихся к истории Западной России”, изданных в 1853 году”, падрыхтаванага І. І. Насовічам.
Літаратура

1. Археографические комиссии // Энциклопедический словарь / Под ред. И. Е. Андреевского. Издатели Ф. А. Брокгауз и И. А. Ефрон. Спб, 1890. – Т. 2 (3) : Араго — Аутка. — С. 223.

2. Улащик Н. Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода / Н. Н. Улащик. – М.: Наука, 1973. – С. 10.

3. Грыцкевіч А. П. Віленская археаграфічная камісія // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 2. – Мінск: БелЭН, 1994. – С.278.

4. Андреев В. “Словарь древнего актового языка Северо-Западного Края и Царства Польского. Составлен Н. Горбачевским. Вильна 1874 года” // Филологические записки. Воронеж, 1874. – Вып. 5. (Библиография). – С. 9.

5. Археографические комиссии // Энциклопедический словарь  — С. 222-223.

6. Хаўратовіч І. П. Грыгаровіч Іван Іванавіч // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл.даведнік – Мінск: БелЭн, 1995. – С. 399.

7. Улащик Н. Н. Очерки по археографии и источниковедению – С. 170.

8. Горбачевский Н. И. Словарь древнего актового языка Северо-Западного края и царства Польского. – Вильна, 1874. – С. І.

9. Алфавитный указатель к актовой книге, изданной Виленскою археографическою комиссиею в 1867 году: Ревизия пущ и переходов звериных в бывшем Великом княжестве Литовском Григория Богдановича Воловича, а также собрание привилегий, данных дворянам и священникам Пинского повета. – Вильна: Тип. А. Г.Сыркина. 1873. – 125 с.

10. Срезневский И.И. Разбор сочинения И. Носовича «Алфавитный указатель старинных слов, извлеченных из «Актов, относящихся к истории Западной России», изданныхв 1853 году” // Отчет о восьмом присуждении наград графа Уварова, читанный в публичном заседании Императорской академии наук 25 сентября 1865 г. – Спб, 1866. – С. 14-16.

11. Общий отчет о тридцать четвертом и последнем присуждении Демидовских наград, читанный в публичном заседании Академии 25 июня 1865 года // Записки Императорской академии наук. Спб., 1965. Т. 8. Кн. 1-2. – C. 6.

12. Срезневский И. И. Разбор сочинения И. Носовича – С. 15.

13. Жураўскі А. І., Крамко І. І. Першы слоўнік старажытнай беларускай мовы // Весці Акадэміі навук Беларускай ССР. Серыя грамад. навук. 1963. № 4. – С. 100-110.

14. Насовіч І. І. Слоўнік беларускай мовы. – Факс.выд. – Мінск: Бел. сав. энцыкл., 1983. – 792 с.

15. Хаўратовіч І. П. Насовіч Іван Іванавіч // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл.даведнік – Мінск: БелЭн, 1995. – С. 512.

16. Жураўскі А. І., Крамко І. І. Першы слоўнік старажытнай беларускай мовы – С. 110.

17. Новицкий И. П. Справочный словарь юридических терминов древнего актового языка юго-западной России // Университетские известия. Киев, 1871. Вып. 8. С. 1-12 – 1872. – Вып. 3. – С. 13-31.

18. Барсов Н. П. “Словарь древнего актового языка Северо-Западного края и Царства Польского. Составлен Н. Горбачевским. Вильна, 1874” // Отчет о восемнадцатом присуждении наград графа Уварова. – Спб., 1876. – С. 42.

19. Горбачевский Н. И. Словарь древнего актового языка – С. VІ.

20. Галенчанка Г. Я. Валюміна легум // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т.2. – Мінск: БелЭН, 1994. – С.217.

21. Самусік Андрэй. Піяры // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т.5. – Мінск: БелЭН, 1999. – С. 510.

22. Кісялёў Г. В. Агрызка Іасафат Пятровіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 1. – Мінск: БелЭН, 1993. – С. 41.

23. Юхо І. А. Астроўскі Тодар // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 1. – Мінск: БелЭн, 1993. – С. 225.

24. Горбачевский Н. И. Словарь древнего актового языка – С. VІІ.

25. Горбачевский Н. И. Словарь древнего актового языка Северо-Западного края и царства Польского. – Munchen: Yerlag Otto Sagner, 1992. – 397 с. – (Specimina philologiae slayicae).

26. Гуткоўскі М. Беларуская праўная тэрміналогія // Працы БДУ. – 1927. – № 14-15. – С.85.

27. Окіншэвіч Л. Да пытання пра беларускую юрыдычную тэрміналогію // Полымя. 1928. № 4. С. 187 – 195.

28. Дубоўка У. Натакі для сяброў // Узвышша. – 1929. – № 5. – С. 107.

29. Ануфрыева Вольга. Поступам Белай панны // Беларускі час. 2006. 23 чэрв.

30. Рапановіч Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунтаў Мінскай вобласці – Мн.: Навука і тэхніка, 1981. – С. 194.

31. Петкевич Алексей, Полянский Алексей. Новый Свержень за шесть веков. [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://novisverzen.narod.ru/ isver.htlm.



32. Рапановіч. Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Брэсцкай вобласці – Мн., Навука і тэхніка, 1980. – С. 30.


1 Прыклады з “Алфавитного указателя” прыводзяцца паводле публікацыі Жураўскага А.І. і Крамко І.І., у якім аўтарскі тэкст слоўнікавага артыкула падаецца ў перакладзе на беларускую мову.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка