Славянская касмагонія І яе вобразная трансфармацыя ў беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя




Дата канвертавання30.03.2016
Памер95.25 Kb.
УДК 821.161.3.09 (045)

Сігаева Святлана Аляксандраўна

Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, Мінск


Славянская касмагонія і яе вобразная трансфармацыя ў беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя
Грамадства і навука сёння імкнуцца пазбавіцца ідэалагічных догмаў і шукаюць новых падыходаў у асэнсаванні жыцця, падзей, а таксама літаратуры. На першы план паўстаюць агульначалавечыя, гуманістычныя матывы і, перш за ўсё, праблемы суадносін чалавека і прыроды. Не толькі таму, што экалагічная праблема адна з самых вострых. Пад уплывам створанай цывілізацыяй масавай культуры, чалавек ператвараецца з творцы ў назіральніка, адрываецца ад сваіх каранёў, ад жыватворных крыніц фальклору, абраднасці, роднай мовы, пазбаўляецца гістарычнай памяці. Між тым, па-за памяццю, па-за традыцыямі гісторыі і культуры няма асобы. Памяць узмацняе духоўную сутнасць чалавека. Удумлівага, нераўнадушнага чалавека, які заклапочаны лёсам прыроды і яе народа, які бачыць і шукае сваё месца ў роднай стыхіі, прыцягваюць і філасофія прыроды, і нацыянальная душа, ментальнасць, сфармаваная геапалітычным становішчам краіны, ды спалучэнне вітальных сіл прыроды і матчынай мовы – беларуская паэзія.

Міфалагічная аснова беларускага мастацтва, магчыма, адна з самых каласальных і маналітных у свеце, калі меркаваць па шматтомных зборах і запісах беларускага фальклору, пачынаючы ад працаў П.Шэйна, І.Насовіча, Я.Чачота, Е.Раманава, М.Федароўскага, А.Сержпутоўскага, і да выдання такіх фундаментальных шматтомных збораў, як "Беларуская народная творчасць", зборнікаў фалькларыста У.Васілевіча, прысвечаных прымхам, павер’ям і забабонам, нарэшце, энцыклапедыі "Беларуская міфалогія". "Беларуская фальклорна-міфалагічная спадчына вабіць не толькі сваім аб’ёмам, багаццем фантастычных сюжэтаў, аўтэнтыкай, разнастайнасцю форм алегарызму і іншасказальнасці, але і сваімі крэатыўнымі рэсурсамі. Міфалогія і фальклор нязменна жывілі беларускі нацыянальна-культурны рух". [1, c.33].

У цэлым беларуская міфалагічная сістэма падпарадкоўваецца універсальнай і, у прыватнасці, еўрапейскай мадэлі: у ёй прысутнічаюць матывы гадавога кола, сімволіка лічбаў, анталагічная і экзістэнцыйная іншасказальнасць, звязаная з нараджэннем, жыццём і смерцю, сімволіка Сусвету, зораў і прыродных стыхіяў.

Заходнееўрапейскі Рэнесанс быў перадусім вяртаннем да антычнасці, рэабілітацыяй запачаткаванага ў тую эпоху, а пасля страчанага эстэтычнага абсалюту. Беларускія нацыянальна-культурныя адраджэнні, якіх, паводле падлікаў сучасных культуролагаў, было да десятка, звярталіся не столькі да антычнасці, колькі да фальклорна-міфалагічных вытокаў нашай культуры.

І нездарма менавіта ў паэзіі Багдановіча з найбольшай паўнатой і сілай увасобілася светапоглядна-эстэтычная, сусветна універсальная і нацыянальна непаўторная ідэя адраджэння. Адраджэння "зачарованага царства" касмаганічных міфаў, паданняў, песень і вечнае дыялектычнае абнаўленне прыроды, жыцця (цыклы "У зачарованым царстве", "Згукі бацькаўшчыны"); адраджэнне роднага краю, яго гісторыі, культуры, мастацтва ("Старая Беларусь", "Места", "Думы"); адраджэнне імгненняў быцця і непаўторных зрухаў душы ў мастацтве ("Вольныя думы", "Старая спадчына"). І нарэшце – вобраз Мадонны як ідэал Адраджэння, канцэптуальны рэнесансны вобраз-ідэя ("Мадонны") увасоблены ў зямной жанчыне, якая за кошт свайго жыцця перамагае смерць і не проста працягвае род, а адраджае быццё, асвечанае каханнем, прыгажосцю, бессмяротнай духоўнасцю ("Каханне і смерць").

Наватарства "Вянка" звязана менавіта са сцвярджэннем уласна лірычнага пачатку ў паэзіі, пераключэння развіцця маладой беларускай паэзіі пачатку ХХ ст. з асноў сумарнасці на індывідуалізацыю, на выяўленне асабістага, інтымнага, а цераз іх – агульначалавечага.Сем цыклаў першай часткі "Вянка" – гэта сем выхадаў паэта ў кола жыццёвых абставін чалавечага жыцця, у кола матываў і праблем, што ўзнікаюць у стасунках чалавека з прыродай, чалавека з грамадствам. Зборнік "Вянок" М.Багдановіча – імкненне пазнаць Сусвет у яго дыялектычнай сутнасці, гарманічнасці, развіцці.

Паэт выяўляе духоўную існасць Беларусі, на аснове нацыянальнай міфалогіі ўзнаўляе светапогляд нашых продкаў. Перад чытачом з’яўляецца касмагонія заснаваная на чатырох натурфіласофскіх стыхіях: агонь, зямля, вада, паветра. Кожная з такіх стыхій стварае як бы асобную паэтычную тэму. Натурфіласофія як распрацаваная сістэма існавала яшчэ ў класічнай антычнасці: Арыстоцель лічыў асноўнымі пачаткамі свету чатыры прыродныя стыхіі. Да той жа думкі схіляліся натурфілосафы Індыі, Кітая, Месапатаміі. Нашы продкі, разумеючы еднасць Сусвету, таксама ўшаноўвалі розныя стыхіі. Натурфіласофскі падыход заснаваны на ідэі адзінства Космасу ва ўсіх яго элементах і праявах. Прырода выступае адухоўленай, адбываецца персаніфікацыя прыродных стыхій. Кожная з’ява разглядаецца ў сваіх сувязях з першаэлементамі Космасу. Космас уключае розныя структурныя ўзроўні: прыроду, грамадства, чалавека і сакральнае (звышчалавечы пачатак Космасу, звышнатуральнае, боскае). Усе названыя элементы ўзаемадзейнічаюць і фарміруюць адзіны Космас – свет, светабудову, дзе адно выяўлена праз другое, дзе ўсё звязана паміж сабой.

Увасобленая ў старажытнай міфалогіі касмаганічная карціна стварэння Свету паўстае ў зборніку "Вянок" Максіма Багдановіча ў якасці канцэптуальнага светапогляду, які адбівае стасункі мікракосмасу (чалавека) і макракосмасу (Сусвету), закранаючы ўсе кола філісофскіх пытанняў чалавека (жыццё і смерць, дабро і зло, каханне і інш.)

Касмічная стыхія Вады – гэта ўяўленне пра жыццё, рух яе – рытм гэтага жыцця. Прыродная стыхія персаніфікуецца ў канкрэтныя вобразы возера, ракі, русалак, вадзянікоў. У паэзіі Багдановіча прысутнічае "люстэрка" міфа – "люстэрка лесуна", якое

Як у нязнаны свет акно,

Ляжыць, халоднае, яно,

Жыццё сабою адбівае

І ўсё, што згінула даўно,

У цёмнай глыбіні хавае. [2, т.1, c.53].

Як дакладна заўважыў І.Замоцін, паэзія Багдановіча – “асяроддзе зачараваных люстраў”. Гэта адзін з скразных вобразаў у яго паэзіі, своеасаблівы архетып. У вершы “Возера”, “Над возерам”, “Вадзянік” і іншых вершах возера – “люстэрка лесуна” не толькі злучае-раздзяляе дзве прасторавыя бездані – вышыню і глыбіню, неба і зямлю. Яно нібы чацвёртае вымярэнне, мяжа судакранання часоў – мінулага і будучыні. На дне возера, у “залюстэркавай” прасторы спіць мінулае, што стала міфам, - вадзянік, русалкі, змяіны цар. У люстэрку возера адбіваюцца зоркі і месяц (гэта ўжо іншая прыдная стыхія Агню, агню нябеснага). Месяц “цягне з возера срэбныя сеці”, у якіх заблыталіся русалкі; у сваю чаргу ў люстэрку месяца адбіваецца сонца – заўтрашняе сонца, сонца-будучыня. Па сутнасці, у “люстэрку лесуна” ўвесь Сусвет у яго складанай прасторава-часавай узаемасувязі. Цыкл “У зачарованым царстве” прадстаўляе нам два вершы з назвай “Возера”. Гэтыя вершы-блізняты – рэч невыпадковая, бо праз вобразную трансфармацыю архетыпа (у адным вершы возера – "у нязнаны свет вакно", а ў другім сімвал жыцця – чаша з віном) перад чытачом узнікае загадка жыцця і смерці. Багдановіч бачыць свет у адзінстве адлюстраванняў. У гэтым кантэксце верш "Самнамбул" як імкненне паэта пераадолець рамкі рэальнай прасторы і часу, услед за Дантэ "пайсці аж да дна" – адначасова ўвысь, па светлым месячным шляху, і ўніз, у схаваныя ад вока глыбіні быцця і спасцігнуць загадку жыцця і смерці.



Месяц выплыў над змрочнай, заснуўшай зямлёй,

І павёў яго ў цёмную даль за сабой,

І прывабіў да мглістай халоднай вады, -


Сэрца білася рыбкай у сеці тады.

Але месяц правёў праз раку светлы шлях.

……………………………………………………….



І пайшоў ён па шляху, пайшоў аж да дна:

Агарнула яго цішына, глыбіна. [2, т.2, c.66].

Тонкім паэтычным чуццём творца ўлоўлівае касмічную закадзіраванасць міфа, дзеянне, якое адбываецца у двух вымярэннях, у двух супрацьлеглых стыхіях – адначасна ў Небе, якое ўвасабляе стыхію Паветра і на Зямлі. Яскравым прыкладам з’яўляецца верш "Змяіны цар", заснаваны на старажытным беларускім паданні:



У цёмным небе – хараводы

Сіняватых зорак,

У цёмным небе свеціць месяц

Залатым сярпом…

Мы выходзім з цесных, душных

Падзямельных норак,

На зімовы цёплы вырай

Цягнемся – паўзём. [2, т.1, c.56].

Як ніхто іншы паэт разумеў спрадвечную мару чалавека наблізіцца да Неба, да нябеснага агню "ўсе мы разам ляцім да зор". Касмічны пейзаж не проста паэтычная ўмоўнасць, эстэтычная карціна гармоніі, а сапраўдная касмагонія. Суаднясенне Неба і Зямлі найперш канцэптуальна-светапогляднае:



Блішчыць у небе зор пасеў;

У полі – рунь і ў небе рунь. [2, т.1, c.61].

І зноў сустракаемся з магутнай натурфіласофскай стыхіяй Вады ў старажытным міфапаэтычным павер’і пра тое, што ў цёмнай глыбіні калодзежа можна і днём убачыць зоркі. Павер’е мае глыбінную светапоглядную аснову, у ім адбіліся міфалагічныя ўяўленні аб будове Сусвету: нездарма ў шматлікіх казках герой або гераіня, спускаючыся ў студню, нібы пераходзяць прасторава-часавую мяжу, трапляюць за гарызонт, у іншы свет. Метафарычна пераасэнсоўваючы артэфакт студні, паэт сцвярджае гуманістычную думку аб далучанасці да неба, да зораў, да глыбінных ісцін быцця чалавека, які ідзе праз жыццёвыя выпрабаванні, пакуты, боль, слёзы.



Загляніце жа, будзь ласка, Вы у студню:

Ужо даўно яна счарнела і згнівае,

Але дно яе і ў ночы і ў палудню

У вадзе люстранай зоры адбівае. [2, т.1, c.130].

У самога Багдановіча прарыў да высокага, да святла, да неба і зор таксама вядзе праз духоўныя пакуты, намаганні, балючыя падзенні і ўдары:



І ўспоўніў я час: срэдзь асенняй пахмурнай ночы

Музыка зайграла, агні ў вышыне запалалі,

І дыхалі грудзі шырока, свяціліся вочы…

Мы к светлу ўзляцелі… і шкло ўкруг яго напаткалі. [2, т.1, c.98].

У гэтых радках тройчы ўзнікае матыў прарыву да святла: як абяцанне сусветнай гармоніі, якая парушаецца касмічнай катастрофай – падзеннем зорак; як побытавая замалёўка – мітусня і "тамленне машкары", што ляціць на святло ліхтароў і гіне, як высокі ў сваім драматызме і нязбытнасці чалавечы парыў да святла, да ідэалу. Да гэтай трагедыі мы назіралі падманную гармонію ў свеце ўяўных каштоўнасцей і штучнага святла, дзе і трамвайныя іскры могуць здавацца зоркамі, і вулічны ліхтар – сонцам, дзе душа "к светлу прабіцца не можа…і томіцца марна". [8, ст.98].

Спасціжэнне гэтай гармоніі – найвялікшае шчасце для чалавека, магчымасць дакрануцца да вечнасці быцця:



Заварожаны вячэрняй цішынёй,

Я не цямлю, дзе рука, дзе глава;

Бачу я, з прыродай сліўшыся душой,

Як дрыжаць ад ветру зоркі нада мной,

Чую ў цішы, як расце трава. [2, т.1, c.62].

Адзін з самых старажытных матываў міфалогіі – шлюб Зямлі і Неба, якое апладняе Зямлю струменнямі дажджу:



Плакала лета, зямлю пакідаючы;

Ціха ліліся слязінкі на поле.

Але прыгожаю восенню яснаю

Там, дзе упалі яны, вырасталі

Кветкі асеннія, кветкі успаённыя… [2, т.1, c.67].

Найбольш пашырана ідэя ўзнікнення зямлі з вады, дакладней, з хаосу – эквіваленту яе. Трывалы выраз маці-сырая зямля падкрэслівае сувязь з вадою і адначасова дае арыентацыю на жаночы, мацярынскі пачатак прыроды. У касмаганічных міфах Зямля ўтвараецца або непасрэдна з вады (шляхам згушчэння), або ўздымаецца з дна мора. У Багдановіча Зямля паўстае магутнай стыхіяй, якая забяспечвае кругазварот жыцця і смерці, не стамляецца нараджаць новае жыццё і нават само быццё. Са здзіўляючай сілай пераўвасаблення ўзнаўляе паэт земляробчае, язычніцка-сялянскае светаадчуванне вясковага дзеда, яго смерць – растварэнне ў прыродзе, зліццё са светам, якое вызваляе ад трагізму індывідуальнай смяротнасці:



Сінеўся бор, цякла вада,

Скрозь пахла мёдам і травою…

А дзеду нат і не шкада,

Што хутка будзе ён зямлёю. [2, т.1, c.259].

Творца пераадольвае трагізм нявечнасці не толькі праз мастацтва, прыгажосць, гармонію, але ён узіраецца ў міфалагічны вечны час, дзе няма смерці, каб убачыць, што няма там і жыцця, бо няма ўсвядомленай, вылучанай з прыроды матэрыі, якая адчувала б хаду часу. Ёсць адвечны сон – так дрэмлюць яго лесуны і паўсонныя нямоглыя русалкі, так спіць на дне ракі Вадзянік:


Сівавусы, згорблены, я залёг між цінай


І гадамі грэюся – сплю на дне ракі.

…………………………………………...



Над вадой ля берага ціха спіць асока,

Ды лаза зялёная жаліцца-шуміць,

Хвалі ціха коцяцца і бягуць далёка,-

І усё навокал сном адвечным спіць. [2, т.1, c.55].

М.Багдановіч на аснове нацыянальнай міфалогіі стварае велічны міф аб зачараваным царстве народнага духу і яго непазбежным абуджэнні. "Смерць і ўваскрашэнне Беларусі – вось цэнтральны скразны матыў нацыянальнай міфалогіі, ён пранізвае нашу літаратуру і зводзіць яе ў адзіны ланцуг народнага лёсу". [3, c.132].

Увасобленая ў старажытнай міфалогіі душа народа, нібы казачная царэўна, заснула на стагоддзі і можа знікнуць, калі не будзе абуджана, "адчарована" паэзіяй. Таму так чуйна ўслухоўваецца паэт у ледзь чутны гул даўняга міфа.

Неба, якое паядноўвае стыхіі Агню і Паветра, да якога імкнецца ў сваім духоўным росце М.Багдановіч, прадстаўляе нам яшчэ адзін спрадвечны зорны міф пра каханне – сілу цягнення між Зямлёй і Небам. Тут месяц зорцы голас падае, зорцы Венеры – багіні кахання. Пад знакам месяца жыў сам паэт. Архетып месяца выяўляецца як сімвал лёсу: амаль ва ўсіх вершах ён суправаджае лірычнага героя ў вобразе маладзіка, якому не суджана стаць поўняй. І не суджана сустрэцца з зоркай Венерай – на сваім нябесным шляху сустракаючыся з усімі планетамі, яна не сустракаецца толькі з Месяцам, іх раздзяляе Млечны Шлях (у міфалогіі вядомы як артэфакт шляху ў Вырай або рака смерці)



Але растацца нам час наступае;

Пэўна, ўжо доля такая у нас. [2, т.1, c.77].

Аднак нязбытнае і нявечнае каханне – бессмяротнае, яго высокая духоўная энергія, скіраваная да зор, застаецца не толькі пасля смерці асобнага чалавека, але і пасля знікнення жыцця на Зямлі.



Аб'ектыўнае адлюстраванне і суб'ектыўнае перажыванне, жыццё прыроды і духоўны свет чалавека знаходзяцца ў гарманічнай раўнавазе, што надае мастацкую дасканаласць і класічную закончанасць паэзіі М.Багдановіча. Зборнік "Вянок" – гэта выява універсуму нацыянальнай касмагоніі, якая паўстае праз артэфакты нацыянальнай міфалогіі, натурфіласофскія стыхіі, падзеі нацыянальнай гісторыі і сягае ў прастору здабыткаў агульначалавечай думкі сусветнай культуры. У кожным з цыклаў і ў кнізе ў цэлым ёсць еднасць глыбока ўнутраная, канцэптуальна-светапоглядная, гарманічная. Менавіта яна стварае адчуванне пругкай, жывой, рухомай цэласнасці. Гэта цэласнасць жывога, здольнага да развіцця і самаўзнаўлення арганізма нацыянальнай культуры.

ЛІТАРАТУРА


  1. Васючэнка П.В. Беларуская літаратура ХХ стагоддзя і сімвалізм. Мн.: МДЛУ, 2004. – 154 с.

  2. Багдановіч М. Поўны збор твораў: У 3 т. – Мн.: Навука і тэхніка, 1991. – Т.1. – 752 с.

  3. Калеснік У. Тварэнне легенды. Мн.: Мастацкая літаратура, 1988. – 303 с.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка