Славяна Шамякіна Функцыянальна-мэтавы кампанент у структуры мастацкага вобраза чарадзейных казак




Дата канвертавання17.05.2016
Памер117.23 Kb.
Славяна Шамякіна

Функцыянальна-мэтавы кампанент у структуры мастацкага вобраза чарадзейных казак
Пры даследаванні змястоўнай структуры вобразаў-персанажаў, вобразаў-локусаў і вобразаў-магічных рэчаў у чарадзейных казках мы імкнуліся высветліць, з якіх кампанентаў складаецца вобраз, якія прырашчэнні сэнсу павінны з’явіцца ў лексічнай адзінкі (зразумела, што кожны вобраз у казках абазначаны пэўнай лексемай), каб яна стала вобразам, а не проста словам з агульнапрынятым значэннем. Мы высветлілі, што адзін з такіх кампанентаў можна абазначыць як функцыянальна-мэтавы: кожны вобраз выконвае ў сюжэце пэўныя функцыі і мае свае мэты (у дачыненіі да неадушаўлёных вобразаў – локусаў і магічных рэчаў – гэты тэрмін умоўны). Інакш кажучы, кожны вобраз займае адпаведнае, толькі яму адведзенае, месца ў сістэме. Так, Н.Д. Тамарчанка адзначае: “…Персанаж – гэта найперш пэўная сюжэтная функцыя (ці некалькі функцый), што і вызначае яго змястоўнае “напаўненне”[3, 178]. Даследчыца Анціпава піша: “У кожнага героя і гераіні пэўна вызначаная задача, роля…” [1, 8]. Не толькі ў казачных персанажаў, але і ў локусаў (вобразаў прасторы) і магічных рэчаў галоўнае не слова, якім яны названы (гэта ўмоўнасць), а функцыі, якія яны выконваюць, і характарыстыкі, якімі валодаюць. Ім магчыма даць іншае імя, іншую назву, а іх усё роўна магчыма будзе пазнаць. У вобразаў-магічных рэчаў увогуле часта немагчыма сказаць, ці суадносіцца вобраз, абазначаны пэўнай лексемай, з адпаведным рэальным прадметам (напрыклад, магічная рэч “грабёнка” стварае лес ці горы, калі кінуць яе за спіну – ці магчыма сказаць, што гэтая функцыя неяк звязана з грабёнкай як рэальным прадметам?), і тады функцыя ўвогуле застаецца адзіным, па чым такія вобразы-рэчы можна ідэнтыфікаваць і аддзяліць адзін ад аднаго. Мэта ж – гэта тое, што па-сутнасці рухае сюжэт казкі.

Такім чынам, функцыі персанажаў у нашай працы – статычныя з’явы, пастаянныя характарыстыкі персанажаў, локусаў, рэчаў, унутраныя якасці, якія ім уласцівы (відавочна, якія праяўляюцца ў дзеяннях і станах вобразаў, служаць як бы асновай гэтых дзеянняў і станаў). А вось мэты – дынамічныя з’явы, тое, да чаго імкнецца аб’ект (нават неадушаўлёны) на працягу казкі ці яе часткі, тое, чаго ён імкнецца дасягнуць. Такім чынам, мэты і функцыі складаюць адзіны сэнсавы кампанент, суадносячыся паміж сабой, таму што выяўляюць унутраныя істотныя якасці вобразаў, якія вызначаюць іх ролю і месца ў сюжэце; адрозніваюцца яны ў апазіцыі дынаміка/статыка. На гэтай падставе многія мэты перасякаюцца з адпаведнымі функцыямі.

У нашай працы функцыі – гэта кампаненты структуры вобраза, стабільныя характарыстыкі вобраза, уласцівыя яму на працягу ўсяго сюжэта ці яго часткі, якія вызначаюць характар дзеянняў і стану вобраза. Кожная асобная функцыя разглядаецца ў сувязі з адным пэўным вобразам. Некалькі вобразаў у казцы могуць выконваць адну і тую ж функцыю, але не сумесна, а кожны паасобку. Напрыклад, функцыю забеспячэння можа выконваць дарыльшчык (паводле У. Пропа) (Баба-Яга дорыць герою клубочак), памочнік (воўк здабывае для героя яблыкі), сам галоўны герой (ліквідуючы першапачатковую недастачу, прывозячы цару маладзільныя яблыкі). Функцыю выпрабавання выконвае дарыльшчык (першая функцыя дарыльшчыка, паводле Пропа), будучы памочнік (удзячныя жывёлы сваім з’яўленнем фактычна выпрабоўваюць героя на наяўнасць розных станоўчых маральных якасцей), антыгерой (што такое двубой, як не выпрабаванне?), царэўна ці яе бацька (калі задаюць цяжкія задачы), сам галоўны герой (у двубоі з ворагам таксама выпрабоўвае яго, і пры “пазнанні” яго царэўнай – ці здолее яна яго пазнаць).

Трэба звярнуць увагу таксама на суадносіны паміж функцыямі і мэтамі ў казках. Адно і тое ж дзеянне ці стан вобраза можа як выяўляць яго функцыю, так і падкрэсліваць мэту. Напрыклад, маёмасная функцыя суадносіцца адразу з некалькімі мэтамі: завалодаць магічнай рэччу, завалодаць магічнай жывёлай-персанажам, забяспечыць іншага персанажа рэччу ці жывёлай, мець маёмасць. З аднаго боку, наяўнасць у пэўных персанажаў (Бабы-Ягі, чараўніка, цара трыдзесятага царства і г.д.) магічнай маёмасці з’яўляецца іх істотнай прыкметай, пэўным чынам характарызуе названыя вобразы, таксама як і спробы і магчымасці героя завалодаць гэтымі рэчамі складаюць адну з яго характарыстык як Героя. З другога боку, станы і дзеянні, звязаныя з маёмасцю, з’яўляюцца дынамічнымі, зменлівымі з’явамі, тым, да чаго імкнуцца персанажы на працягу некаторай часткі сюжэта.

Мэты вобразаў-персанажаў у казках прадстаўлены вялікай колькасцю – мы вылучылі 48 (магчыма, можна знайсці і яшчэ): быць ахвярай шкодніцтва, быць шкоднікам, быць дарыльшчыкам, атрымаць магічны сродак ці памочніка, выкрываць/караць ілжэгероя, быть пакараным, пазнаць героя, быць пазнаным у якасці сапраўднага героя, узнагародзіць героя, атрымаць узнагароду, быць выкрадзеным, быць выкрадальнікам, дапамагаць герою, атрымаць дапамогу ад іншых персанажаў і інш. Лёгка заўважыць, што вельмі многія з іх аб’ядноўваюцца ў бінарныя апазіцыі тыпу “дзеянне-процідзеянне”: пэўны ўчынак з боку аднаго персанажа выклікае адказ на яго з боку іншага персанажа; ці ўчынак аднаго выклікае ў іншага стан, знаходжанне ў якім таксама з’яўляецца мэтай дадзенага персанажа на працягу часткі сюжэта. Такім чынам, мэты персанажаў выяўляюцца шляхам узаемадзеяння паміж вобразамі. Напрыклад, мэта “задаваць цяжкія задачы” выклікае процідзеянне “выканаць цяжкую задачу”. У казцы “Іван Васільевіч – стралок” [5, 34-51] пан загадвае Івану прынесці ворана “залатое пяро і сярэбранае”, а Іван выконвае гэты загад з дапамогай сваёй жонкі-чараўніцы. Як бачым, у “жывым” функцыянаванні ў тэксце мэты персанажаў уступаюць у больш складаныя ўзаемадачыненні, чым падаецца ў фармальных схемах даследчыкаў. Так, у дадзеным прыкладзе да бінарнай апазіцыі мэт пана і героя далучаецца мэта жонкі “дапамагчы герою”. Але калі разглядаць толькі накіраванасць дзеянняў пана і Івана на пэўны вынік (адзін хоча нешта загадаць, другі – выканаць загад, не мае значэння, сам ці з дапамогай каго-небудзь), то гэтыя дзве мэты складаюць бінарную апазіцыю.

Існуюць таксама і адзінарныя мэты, якія не маюць апазіцый. Напрыклад, мэта “дайсці да пэўнага локуса” (што можа трансфармавацца ў “знайсці пэўны локус”), якая сустракаецца амаль ва ўсіх чарадзейных казках (у казцы “Шкляныя горы” [5, 64-79] адна з галоўных мэт героя ў сюжэце – дайсці да гэтых гор, а потым – да дома Бабы-Югі).

Функцыі персанажаў могуць выяўляцца на працягу ўсяго дзеяння ў сюжэце ці толькі яго частцы. Іншая сітуацыя назіраецца адносна галоўных герояў ці дастаткова значных персанажаў, якія маюць у казцы адразу некалькі функцый. Напрыклад, у казцы “Шкляныя горы” “лясны хазяін” (лесавік?) – прыёмны бацька героя – паслядоўна выконвае наступныя функцыі: функцыю дапамогі (калі знаходзіць героя ў лесе і росціць яго), інфармацыйную функцыю (калі паведамляе герою каштоўную інфармацыю аб тым, дзе і як можна здабыць жонку), функцыю забеспячэння (калі дорыць герою чароўны клубочак), функцыю пасрэдніцтва (калі клікае да сябе птушак, якія маглі б паведаміць герою пра месцазнаходжанне Шкляных Гор).

Персанажы, якія маюць у сюжэце толькі адну функцыю, валодаюць ёю, зразумела, на працягу ўсяго свайго дзеяння. Як правіла, гэта менш значныя, эпізадычныя персанажы. Напрыклад, кавалі, якія куюць для героя незвычайную булдаву ці меч (“Іван Сучкін сын Залатыя пугавіцы” [4, 48-62]), валодаюць крэатыўнай функцыяй (функцыяй стварэння новага, вельмі рэдкай у казках).

Вышэй мы гаварылі аб тым, што адзін персанаж можа выконваць у казцы некалькі функцый. Існуе і процілеглая сітуацыя – калі адну і тую ж функцыю выконваюць у казцы некалькі персанажаў. Напрыклад, у казцы “Шкляныя горы” транспартацыйную функцыю (перамяшчэння ў прасторы) маюць воўк і конь, а функцыю выпрабавання – жонка героя і Баба-Юга. Тое ж назіраецца і з мэтамі персанажаў. У казцы “Няшчасны Егар” [5, 23-34] мэту “заключыць брак з іншым персанажам” выконваюць Егар і яго будучая жонка, а мэту “дапамагчы герою” – жонка і Мурза.

Паколькі чарадзейныя казкі поўныя ўсялякіх міфалагічных і іншых культурных падтэкстаў і іх сэнс для сучаснага чытача да канца не зразумелы, можна гаварыць пра такія “дзіўныя” мэты персанажаў як, напрыклад, “быць ахвярай”, “загінуць”, “быць падманутым”. Можа узнікнуць пытанне: як гэта персанаж можа мець на мэце загінуць? Але ж некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што прыхаваны сэнс забойства казачнага антыгероя – нейтралізацыя накопленай энтрапіі, таму атрымліваецца, што ў міфалагічным сэнсе ён павінен мець жаданне выканаць сваю сакральную функцыю. Так, расійскі навуковец А.Платаў піша: “ У баі на Калінавым мосце бог магіі выступае супраць бога магіі, Одзін супраць Одзіна, Вялес супраць Вялеса, Луг супраць Луга… Старое павінна памерці, каб новае заступіла на яго месца…” [2, 19].

Як мы казалі вышэй, паміж мэтамі і функцыямі існуе ўзаемасувязь. Па сутнасці, некаторыя функцыі выяўляюцца праз мэты. Напрыклад, інфармацыйная функцыя звязана з мэтай “паведаміць іншаму персанажу каштоўную інфармацыю”. Так, у казцы “Іван Прыкрасны і князь Ладымяр” [5, 51-53] персанаж Алёшка выконвае інфармацыйную функцыю – паведамляе інфармацыю, гэта яго сутнасць, устойлівая якасць, якая выражаецца ў здольнасці і жаданні выконваць гэтае дзеянне. А праяўляецца названая функцыя праз мэту персанажа паведаміць некаму пэўную інфармацыю – дынамічнае жаданне, якое з’яўляецца ў яго некалькі разоў на працягу сюжэта.

Можна зрабіць выснову, што мэты і функцыі вобразаў-персанажаў праяўляюцца ў казках праз дзеянні персанажаў у сюжэце і праз узаемадзеянне з іншымі вобразамі – не толькі персанажамі, але і локусамі, і магічнымі рэчамі (напрыклад, маёмасная функцыя і мэты “завалодаць магічнымі рэчамі”, “выкарыстоўваць магічныя рэчы”, “ахоўваць магічную рэч”).

Мэты і функцыі вобразаў-локусаў у большасці сваёй так ці інакш звязаны з вобразамі персанажаў. Хоць сёння ўжо немагчыма сказаць, што было галоўным тады, калі казкі ствараліся, – функцыі, якасці локусаў ці якасці герояў, якія ў іх трапляюць. Можа быць, калі экстрапаліраваць нашы сённяшнія ўяўленні на стваральнікаў казак, некалі мелася на ўвазе, што некаторыя якасці персанажаў праяўляліся якраз таму, што яны трапілі ў пэўны локус? Напрыклад, у казцы “Як тры змяі тры кралеўны на той свет пахваталі” [4, 29-34] змеі крадуць дзяўчын у лесе заўсёды на адным і тым жа месцы, куды тыя прыходзяць кожны дзень, нягледзячы на небяспеку. Магчыма, крадуць іх менавіта таму, што яны зайшлі ў нейкае недазволенае месца. Локус “лес” у гэтай казцы мае адразу дзве мэты – “служыць месцам адлучкі персанажаў” і “служыць месцам шкодніцтва антыгероя” і выконвае функцыю спрыяльнага асяроддзя для якога-небудзь дзеяння.

Існуюць таксама функцыі і мэта локусаў, звязаныя з вобразамі магічных рэчаў, – гэта прадметная (локус – месца захавання ці выкарыстання магічных рэчаў) і маёмасная (локус – месца, дзе можна нешта набыць, у тым ліку магічную рэч) функцыі і мэта “служыць месцам захоўвання, здабывання ці выкарыстання магічных рэчаў”. Напрыклад, у казцы “Прыгажуня-жонка” [5, 53-60] названую мэту і функцыі мае сад у пекле. Сустракаецца і межавая функцыя локусаў, што непасрэдна ні з персанажамі, ні з рэчамі не звязана, якую локусы маюць як бы самі па сабе. З ёю спалучана мэта “служыць месцам перахода з аднаго свету ў другі”. У абодвух апошніх выпадках мы вылучылі пары элементаў, у якіх мэта і функцыя ідэнтычныя па сваёй сутнасці. Функцыя тут – стабільная якасць локуса, незалежная ад дзеянняў персанажаў, а вось мэта з’яўляецца ў адпаведнага локуса ў сувязі з намерамі персанажаў. Так, у згаданай вышэй казцы “Як тры змяі тры кралеўны на той свет пахваталі” ёсць локус, які прама названы “двор на граніцы другога свету”. Пра яго сказана: “А ў том дварэ жыла слуга змяёў, старая ведзьма, і без яе пазвалення не можна было перайсці на той свет… Так да тае ведзьмы зайшоў кралевіч, бо не было іншай радачкі: краз той двор анно адна дарога ішла на той свет” [4, 30]. Тут ясна бачна, што дадзены локус выконвае сваю межавую функцыю заўсёды і не толькі для галоўнага героя казкі. Але калі да яго падыходзіць герой, локус як бы пераходзіць у актыўны стан, і ў яго з’яўляецца і мэта – “служыць месцам перахода з аднаго свету ў другі”.

Мы сказалі, што межавая функцыя не звязана непасрэдна з персанажамі. Гэта, на наш погляд, лёгка ўбачыць, калі параўнаць яе з іншымі функцыямі локусаў. Напрыклад, у казцы “Малады юнгер” [5, 85-94] герой не можа апынуцца ў сваім царстве з-за мора, якое тут выконвае функцыю перашкоды. Зразумела, што перашкодай мора з’яўляецца толькі для героя, а не само па сабе. Ці рабочая функцыя – калі локус служыць рабочым месцам для персанажа (напрыклад, у казцы “Суччын сын” [4, 62-66] гэта кузня для каваля), турэмная функцыя – локус служыць месцам заключэння для персанажа (будачка для Кашчэя ў казцы “Шкляныя горы”) і г.д.

Так жа, як і персанажы, вобразы-локусы могуць выконваць у адной казцы адразу некалькі функцый і мець некалькі мэт. Напрыклад, ужо згаданы “двор на граніцы другога свету” з казкі “Як тры змяі тры кралеўны на той свет пахваталі” выконвае функцыі: межавую (месца перахода з аднаго свету ў другі), жыллёвую (месца жыхарства для ведзьмы), ініцыяльную (месца выканання цяжкіх задач, правядзення і праходжання выпрабаванняў); і мае адпаведныя мэты: “быць месцам перахода з аднаго свету ў другі”, “служыць месцам жыхарства”, “служыць месцам правядзення выпрабаванняў, выканання цяжкіх задач”.

Вобразы-локусы з’яўляюцца ў казках лакалізаванымі ўчасткамі прасторы, на якіх сканцэнтравана казачнае дзеянне. Яны цесна ўзаемазвязаны паміж сабой і з вобразамі персанажаў і магічных рэчаў; маюць, як правіла, традыцыйную суаднесенасць з адпаведнымі функцыямі і мэтамі; увогуле – маюць большае значэнне для сюжэта, чым вобразы прасторы ці пейзажы ў большасці жанраў літаратуры. Толькі ў літаратурнай казцы і фэнтезі, якія шмат што ўзялі ад чарадзейнай казкі, назіраецца падобная сітуацыя. Вобразы-локусы шчыльна ўключаны ў структуру сюжэта – у многім дзякуючы сваім мэтам і функцыям. Праяўляюцца гэтыя кампаненты структуры вобразаў-локусаў у тэксце праз суадносіны паміж рознымі локусамі і іх узаемасувязі з вобразамі персанажаў і магічных рэчаў. Так, межавая функцыя праяўляецца праз суадносіны трох локусаў – аднаго свету, другога свету і мяжы паміж імі. Прадметная функцыя праяўляецца праз сувязь з магічнымі прадметамі. Мэта “служыць месцам двубою паміж персанажамі” выяўляецца праз сувязь локуса з героем і антыгероем.

Магічныя рэчы, у адрозненне ад персанажаў і локусаў, маюць у канкрэтнай казцы, як правіла, толькі адну функцыю. Напрыклад, кіёчак з казкі “Сірата-Іван, дзявіца-чараўніца і пан” [5, 60-64] мае дэструктыўную функцыю, а сякерка з той жа казкі – крэатыўную.

А вось мэты рэчаў у адносінах да персанажаў могуць змяняцца на працягу казкі, у залежнасці ад таго, каму з персанажаў рэч належыць у дадзены момант. Так, у казцы “Як Іван-дурак паймаў у рэпе лятучага старыка” [5, 178-187] група магічных рэчаў крэмень і мысат маюць мэту “дапамагаць герою”, калі яны належаць галоўнаму герою казкі, а калі трапляюць да адмоўнага персанажа-караля, дык іх мэта змяняецца на “дапамагаць антыгерою”.

Мы вылучаем мэты магічных рэчаў не толькі ў адносінах да персанажаў, але і саміх па сабе – таксама, як у вобразаў-локусаў, але гэтыя мэты будуць, на наш погляд, цалкам супадаць з функцыямі: крэатыўная функцыя = мэта “ствараць нешта новае”, функцыя трансфігурацыі = мэта “змяняць фізічны стан персанажа”, інфарматыўная функцыя = мэта “дапамагаць персанажу выведваць каштоўную інфармацыю” і г.д.

Да мэт магічных рэчаў у адносінах да персанажаў магчыма таксама дадаць мэту іх у адносінах да локусаў – “замяняць сабою локус”. Яе мае, напрыклад, хустка з казкі “Іван Васільевіч – стралок”, у якую можна схаваць карабель, ці хустка з казкі “Медзяны воўк” [5, 148-157], у якую можна схаваць, а потым зноў аднавіць возера; у казцы “Вячорка, Паўношнік і Заравы” [4, 114-123] дамы скатваюцца ў яечкі, калі тры разы махнуць на іх хусткай.

Акрамя гэтай мэты ёсць у магічных рэчаў і локусная функцыя, але яна мае зусім іншы сэнс – праяўляецца тым, што сама магічная рэч выконвае функцыю локусу, служыць месцам жыхарства для якой-небудзь істоты. Гэтую функцыю выконвае, напрыклад, шар у казцы “Салдат і чорт” [5, 192-194] – у шары жыве чорт. Шар з-за сваіх памераў і адсутнасці стабільнага месца знаходжання ў прасторы (герой носіць яго з сабой паўсюль) не можа лічыцца вобразам-локусам, а з’яўляецца менавіта магічнай рэччу з локуснай функцыяй.

Вышэй мы казалі, што канкрэтная магічная рэч, як правіла, выконвае ў казцы толькі адну функцыю. А вось адваротныя выпадкі – калі адну і тую ж функцыю выконваюць у казцы некалькі рэчаў – сустракаюцца часцей. Напрыклад, у казцы “Малады юнгер” гіпнатычную функцыю (здольнасць прымушаць персанажаў рабіць нешта) выконваюць вада, яблыкі і віно (яны прымушаюць героя засынаць). У казцы “Гора і бяда” [5, 80-85] функцыю трансфігурацыі выконваюць трасцінка (чалавеку, якога ператварылі ў дрэва ці жывёлу, вяртае сапраўдны выгляд) і капялюш (робіць чалавека нябачным).

Мэты і функцыі вобразаў магічных рэчаў у казках праяўляюцца шляхам суадносін іх з вобразамі персанажаў і локусаў – праз тое ўздзеянне, што яны аказваюць на персанажаў (ператварэнне іх у жывёл, наданне маладосці ці фізічнай сілы і г.д.) і праз узаемадзеянне з персанажамі (дапамога ім і г.д.) і локусамі (замена локуса магічнай рэччу). Для магічных рэчаў існуе і яшчэ адзін цікавы шлях выяўлення функцыянальнага кампаненту ў тэксце, які нехарактэрны для персанажаў і локусаў, – гэта характарыстыкі-эпітэты, якія дадаюцца да назвы магічнай рэчы, напрыклад: капялюш-невідзімка, дыван-самалёт, самаграйныя гуслі. У гэтых выпадках атрымліваецца, што кампанент структуры рэчыўнага вобраза выяўляецца з дапамогай вобраза-тропа.



Такім чынам, кожны вобраз (як адушаўлёны, так і неадушаўлёны) у казцы выконвае свае функцыі і мае сваю мэту. У іншых відах мастацтва вобразы таксама маюць свае мэты і функцыі. Аўтар для нечага прызначае кожны вобраз, і мэты з функцыямі служаць для уключэння яго ў структуру тэксту. У фальклорнай казцы магчымыя мэты і функцыі для вобразаў закладзены традыцыяй, значыць – тое, якія мэты і функцыі будзе мець дадзены вобраз у казцы, спрадвечна, самімі законамі жанру закладзена ў структуры дадзенага вобраза.

Літаратура:

  1. Антипова, Н.Е. Степени свободы в русских и цыганских сказках / Славянскія літаратуры ў сусветным кантэксце: праблемы развіцця беларускай і рускай літаратур: Матэрыялы VІ Міжнар.навук.канф. Мінск, БДУ, 8-10 кастрычніка 2003 г. У 2 ч. Ч.2: Тыпалогія. Кантакталогія. Тэорыя літаратуры і культуры / Пад агул.рэд.І.А.Чароты. – Мн.: РІВШ БДУ, 2003. – с.6-9.

  2. Платов А. Бой на Калиновом мосту, или Прогулка тропою мёртвых // Мифы и магия индоевропейцев. Вып. 5. – М., 1994.

  3. Теория литературы: Учеб. пособие для студ. филол. фак. высш. учеб. заведений: В. 2 т. / Под ред. Н.Д. Тамарченко. – Т.1 Н.Д. Тамарченко, В.И. Тюпа, С.Н. Бройтман. Теория художественного дискурса. Теоретическая поэтика. – М.: Изд-ский центр «Академия», 2004 – 512 с.

  4. Чарадзейныя казкі, ч. І. Рэд. В.К. Бандарчык. – Мн.: “Навука і тэхніка”, 1973. – 648 с. (АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Беларус. нар. творчасць).

  5. Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. – Мн.: “Навука і тэхніка”, 1978. – 696 с. (АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Беларус. нар. творчасць).


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка