Склад слова і словаўтварэнне




Дата канвертавання12.05.2016
Памер37.61 Kb.



Склад слова і

словаўтварэнне

Пры вызначэнні спосабу словаўтварэння трэба мець на ўвазе, што наяўнасць у аснове вытворнага слова той або іншай словаўтваральнай марфемы (прыстаўкі, суфікса) не заўсёды з’яўляецца паказчыкам таго, што слова ўтворана іменна з дапамогай гэтай марфемы. Разгледзім гэта сцвярджэнне на прыкладах.



1. Назоўнікі, што абазначаюць адцягненыя дзеянні і прыметы або прадметы (тыпу бег, разрыў, пераход, плач, сінь, чырвань, блакіт), з’яўляюцца вытворнымі ад адпаведных дзеясловаў і прыметнікаў: бегчы → бег, пераходзіць → пераход, сіні → сінь і г.д. Такі спосаб словаўтварэння называюць бязáфіксным. Iнакш кажучы, пералічаныя назоўнікі ўтвораны з дапамогай нулявога афікса – суфікса. Падставай для гэтага сцвярджэння з’яўляецца, па-першае, той факт, што аддзеяслоўныя і адпрыметнікавыя назоўнікі ўтвараюцца з дапамогай суфіксаў (чытаць → чыта-нне(е), чорны → чарн-ат(а), стары → стар-асць); па-другое, вытворныя належаць да іншых часцін мовы, чым утвараючае слова, і іншым чынам змяняюцца: бегчы, бягу, бяжыш – бег, бéгу, бéгам. Такім чынам, назоўнікі, якія абазначаюць адцягненыя дзеянні і прыметы або прадметы, утвораны бяссуфіксным спосабам ад асноў дзеясловаў і прыметнікаў.

2. Наяўнасць у аснове, напрыклад, прыстаўкі не з’яўляецца сведчаннем таго, што слова ўтворана прыставачным спосабам. Так, у словах падбор, нáступ, напéў, надпіс, накáз аснова складаецца з кораня і прыстаўкі. Аднак усе гэтыя назоўнікі ўтварыліся ад прыставачных дзеясловаў падбіраць, наступаць, напяваць, надпісаць, напамінаць з дапамогай нулявога суфікса (г.зн., бяссуфіксным спосабам).

3. Ёсць група прыметнікаў, утвораных з дапамогай прыстаўкі і нулявога суфікса, напрыклад: галава → без-галов(ы), зуб → бяз-зуб(ы), рука → бяз-рук(і). Нулявы суфікс вылучаецца тут на тых жа падставах, што і ў бяссуфіксных утварэннях (гл. папярэднія абзацы): 1) прыстаўка не мяняе прыналежнасць слова да пэўнай часціны мовы — гэта функцыя суфіксаў; 2) новыя словы змяняюцца па іншаму тыпу: рука, рукí, (у) руцэ – бязрукі, бязрукага, бязрукаму і г.д. Такі спосаб утварэння слоў называецца прыставачна-бяссуфіксным.

4. Трэба адрозніваць словы, утвораныя шляхам асноваскладання (тыпу параход, снегапад, лесавод, тэхнолаг) ад тых, што ўтвораны складана-суфіксальным спосабам, сутнасць якога ў тым, што асноваскладанне суправаджаецца суфіксацыяй, напрыклад: Ціхі акіян → ціх-а-акіян-ск(і), мыць рукі → рук-а-мый-нік, трактар будаваць → трактар-а-будаў-ніч(ы), многа ствалоў – мнагастволь-н(ы).

5. Пры вызначэнні спосабу словаўтварэння слоў, якія маюць у сваім саставе дзве асновы, трэба мець на ўвазе: некаторыя такія словы ўтвораны суфіксальным спосабам. Прааналізуйце: паравозны ← паравоз, газазваршчык ← газазвар-к(а), водаправодчык ← водаправод, вербалозавы ← вербалоз.

6. Словы з аднолькавым наборам марфем могуць быць па-рознаму ўтвораны. Напрыклад, словы бяздомны, бязмежны, бяс-следны, бясснежны, бяссонны, бяссрашны супадаюць па свайму марфемнаму саставу: яны складаюцца з прыстаўкі, кораня, суфікса і канчатка. Аднак калі словы бяздомны, бязмежны, бясследны, бяссонны, бясстрашны (ад асновы назоўніка страх) утвораны прыставачна-суфіксальным спосабам, то іншыя з’яўляюцца толькі прыставачнымі ўтварэннямі: бясснежны ← снежны, бясспрэчны – спрэчны. Параўнайце таксама: між-акон-н(ы), між-гарод-н(і), але: між-нацыянальны, між-раённы.

Такім чынам, для таго каб правільна вызначыць спосаб утварэння кожнага канкрэтнага слова, неабходна правільна вызначыць, ад якой асновы яно было ўтворана. Цяжкасці могуць узнікнуць пры словаўтваральным аналізе пар слоў тыпу агітаваць – агітатар, плаваць– плаванне, а таксама фізік – фізіка, хімік – хімія. Падрабязныя і разам з тым даступныя тлумачэнні можна знайсці ў выданні “Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі”(пад рэдакцыяй А.I.Падлужнага). Паколькі гэты дапаможнік выдадзены даўно і не кожны мае магчымасць працаваць з ім, дазволім сабе пераказаць матэрыял, які тлумачыць, чым варта кіравацца пры словаўтваральным аналізе названых вышэй пар слоў.

У сучасным словаўтварэнні агульнапрынятай лічыцца думка, што сярод такога тыпу слоў “утвараючымі выступаюць дзеясловы… Назоўнікі агітацыя, інкрустацыя, ізаляцыя матываваны адпаведнымі дзеясловамі. Гэтыя ж дзеясловы матывуюць таксама назоўнікі, якія абазначаюць назвы асоб па іх дзейнасці: агітатар, інкрустатар і г.д.” Такое сцвярджэнне апраўдана таму, што асноўнай часцінай мовы, якая называе дзеянні, выступае дзеяслоў. Назоўнікі, якія называюць адцягненыя дзеянні, лічацца вытворнымі ад адпаведных дзеясловаў. Параўн.: пісаць → пісанне, чытаць → чытанне, плаваць → плаванне і г.д. Гэтак жа сама ў беларускай мове і назоўнікі, што называюць асобу, якая выконвае дзеянне, найчасцей з’яўляюцца вытворнымі ад дзеясловаў, напрыклад: слухаць → слухач, купляць → пакупнік, выхоўваць → выхавацель, кіраваць → кіраўнік, кавáць → каваль.

Аналагічныя цяжкасці ўзнікаюць пры словаўтваральным аналізе пар слоў фізік – фізіка, хімік – хімія, гісторык – гісторыя. Каб вызначыць, якія словы ў прыведзеных парах з’яўляюцца ўтвараючымі, а якія вытворнымі, варта разгледзець семантычныя (сэнсавыя) сувязі паміж імі. Назоўнік фізік можна растлумачыць праз слова фізіка: “Фізік, спецыяліст у галіне фізікі. // Разм. Студэнт, які вучыцца на факультэце фізікі”1. Слова ж фізіка немагчыма растлумачыць праз слова фізік. Такім чынам, відавочна, што слова фізік утварылася ад асновы слова фізіка бяссуфіксным спосабам. Прааналізуйце таксама наступныя словы: матэматыка → матэматык, біялогія → біёлаг, батаніка → батанік. Некаторыя падобныя словы ўтвараюцца суфіксальным спосабам, напрыклад: хім(ія) → хім-ік, гістор(ыя)→ гістор-ык, артылер(ыя) → артылер-ыст, архітэктур(а) → архітэкт-ар, гімназ(ія) → гімназ-іст, скрып-к(а) → скрып-ач.




1 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы, т.5, кн.2, 1984. — С. 269.





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка