Скіндзеры герба «шранява»: нарысы да гісторыі І генеалогіі старажытнага шляхецкага роду




Дата канвертавання17.03.2016
Памер256.05 Kb.
В.К. Крэсс

СКІНДЗЕРЫ ГЕРБА «ШРАНЯВА»:

НАРЫСЫ ДА ГІСТОРЫІ І ГЕНЕАЛОГІІ СТАРАЖЫТНАГА

ШЛЯХЕЦКАГА РОДУ (XIV–XVIII стст.)
Старажытным родам, які прымаў чынны ўдзел у фарміраванні дзяржаўных асноў ВКЛ, уплываў на палітычныя, эканамічныя і культурныя працэсы ў рэгіёнах, з’яўляецца род Скіндзераў. Першыя яго прадстаўнікі разам з першымі Радзівіламі, Кязгайламі, Завішамі, Шэметамі, Гаштольдамі, Гедройцамі па-сутнасці фарміравалі дзяржаўна-палітычную эліту ВКЛ у XIV–XV ст. Мэта працы – агульная рэканструкцыя гісторыі і генеалогіі літоўска-беларускага рода, даволі ўплывовага і знакамітага у ВКЛ, але сёння практычна забытага. У адрозненні ад многіх згаслых на сённяшні дзень шляхецкі радзін Скіндзеры паспяхова перажылі гістарычныя ператрусы і многія іх прадстаўнікі пражываюць сёння ў Беларусі, Польшчы, Літве, а таксама далёка за іх межамі. Гэты факт надае даследаванню асаблівую актуальнасць.

Пачатак старажытнага літоўскага роду Скіндзераў, які ў сваёй гісторыі карыстаўся некалькімі шляхецкімі гербамі, сягае сваімі каранямі ў часы праўлення Вялікага князя Вітаўта (1392–1430). Важна адзначыць, што гісторыя гэтага прозвішча хавалася за прыдомкамі, другімі прозвішчамі, магчыма за гістарычнымі памылкамі, таму слушна агучыць версіі, якія адпрацоўваліся ў ходзе пошуку.



Версіі вытокаў роду Скіндзераў. Першая версія грунтуецца на паведамленні «Хронікі Быхаўца» пра князя Івана Дзмітрыевіча Скіндыра, удзельніка бітвы на р. Ворскла ў 1399 г., які называецца нашчадкам друцкага князя Рагвалода Барысавіча, унука Ўсяслава Чарадзея. Такая моцная ў гістарычным сэнсе версія аб пачатках генеалогіі Скіндзераў натыкаецца на неправільны варыянт напісання мянушкі князя, якую належыць перадаваць як Кіндыр. У працы польскага гісторыка і геральдыста графа Юліюша Астроўскага гэтая гістарычная памылка падаецца як сапраўдны факт паходжання Скіндзераў ад Рагвалодавічаў [28, s. 354, 579].

Паводле другой версіі продкамі роду з’яўляліся крымскія татары. У 1397 і 1398 гг. падчас сумесных з ханам Тахтамышам паходаў пад Азоў і Крым князь Вітаўт прывёў у ВКЛ некалькі тысяч татарскіх перасяленцаў, якім за вайсковую службу ў новай айчыне даваў землі ў ваколіцах Вільні, Ліды, у Ашмянскім, Берасцейскім, Новагародскім паветах. Частка татараў, апынуўшыся ў Літве, змяніла мусульманскае веравызнанне, прыняўшы хрысціянства праз каталіцкі абрад, тым самым даўшы пачатак такім ліцвінскім родам як Булгакі, Скірмунты, Глінскія, Солтаны і іншыя. Даследчык гісторыі старажытных татарскіх радзін у Рэчы Паспалітай гісторык-генеалог Станіслаў Дзядулевіч у сваёй кнізе «Гербоўнік радзін татарскіх у Польшчы» паведамляе: «…Скіндзеры гербаў «Ляліва», «Равіч» і «Шранява» на Валыні, Жмудзі і Літве. Радзіны са старых часоў хрысціянскія, а прозвішча іх паказвае паходжанне татарскае, ад пратапластаў, якія носяць імя Скіндзер…» [26, s. 436]. Тое ж самае сцвярджае «Польская Шляхецкая Энцыклапедыя»: «…Скіндзер герба «Ляліва», успамін за 1550 г., брацлаўскія татары-хрысціяне; Скіндзер герба «Равіч», успамін за 1500 г., Скіндзерышкі віленскія, татары-хрысціяне; Скіндзер герба «Шранява», успамін за 1500 г., Скіндзер-Сакольскі, татары хрысціяне…» [39, s. 71].

Больш звестак па згаданай тэме падае польскі гісторык Антон Прахаска [24, s. 196]. Распавядаючы аб унутрыпалітычных справах вялікага князя Вітаўта ў дачыненні да татарскіх перасяленцаў ён спасылаецца на ксяндза Вінцэнта Пшыялгоўскага, які пад 1424 г. згадвае аб заснаванні Станіславам і Андрэем Праставілавічамі Скіндзерамі касцёла ў Ляцку Віленскай дыяцэзіі (цяпер – вёска Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.) [41, s. 48].

Бацька братоў Праставіл Скіндзер (Скиндир, Скинъдир, Скиндар, Скиндзеревич; умоўныя гады жыцця: 1380–1445) можа лічыцца заснавальнікам роду Скіндзераў. Згаданае паселішча, якое пазней увайшло ў склад Лідскага павета Троцкага ваяводства, да канчатковага трэцяга падзела Рэчы Паспалітай у 1795 г., з’яўлялася вотчынай шматлікіх пакаленняў Скіндзераў герба «Шранява», іх надзейным родавым гняздом.

Асноўная прычына чаму А. Прахазка і С. Дзядулевіч згадалі аб Скіндзерах як татарах можа засноўвацца на іх беспадстаўнай думцы аб магчымай сувязі з імем Іскандэр. Аднак імя па-бацьку братоў – Праставілавічы – адназначна сведчыць аб іншым, зусім не татарскім, паходжанні. Так, імя Праставіл належыць да ліку паганскіх імёнаў літоўцаў-жамойтаў. Яго можна паставіць у адзін шэраг з такімі гучнымі імёнамі як Радзівіл, Маставіл, Таўцівіл, Войшвіл. Такім чынам, гэтае імя не магло быць нададзена пры каталіцкім хросце неафіту-татарыну.

Прарадзіма Скіндзераў. У старарускім напісанні прозвішча «Скиндиръ» прасочваецца лацінскі корань дзеяслова «scindo» (раздзіраць, разрываць), сэнс якога магчыма звязаць з мяцежным характарам уладальніка імя. Выводнае адсюль літоўскае слова «скіндзіліс» азначае рванае адзенне. Сугучнае яму «skinti» са значэннем «вырубаць» можна аднесці да чалавека, які з’яўляецца лесарубам [18]. Таксама пацвярджальным фактам у адносінах да жамойцкай версіі з’яўляецца дакументальна зафіксаванае месца пражывання Праставіла. Прывілей вялікага князя Казіміра за 1442 г., завераны ўрадовымі панамі Кязгайлам, Судзівоем і Сапегай, паведамляе аб наданні яму трох сялян у Пенянскай воласці (Рамейку, Стрыпейку і Трыгіса). Аб яе месцы знаходжання нагадвае маленькая літоўская вёска Пенянкай (Peniankai), якая лакалізуцца за 100 кіламетраў на поўнач ад Вільні, у землях гістарычнай Жамойці, дзе, дарэчы, не было татарскіх пасяленняў [29, s. 67].

Нашчадкі Праставіла, Крыштаф і Мікалай Станіслававічы Скіндзеры, у 1569 г. трымалі дзедзічныя маёнткі Пашушвенскае на рацэ Шушва і Падубісе на рацэ Дубіса, якія знаходзіліся ў Ясвонскай і Айракгольскай валасцях Троцкага ваяводства, у цэнтры этнічнай Жамойці. Меў сваю частку ў гэтых уладаннях і іх аддалены сваяк Ян Мікалаевіч Скіндзер [12, с. 1, 12, 22, 63, 96, 158–160].

Варта адзначыць, што на перыяд XVI ст. прыходзіцца апагей працэсу фарміравання шляхецкіх прозвішчаў у рэгіёне. У гэты час за адным родам нярэдка замацаваны кангламерат родавых празванняў, што паходзяць ад назваў населеных пунктаў і імён па бацьку. Так, дзед вышэйзгаданых жамойцкіх баяр Крыштафа і Мікалая Станіслававічаў Скіндзераў – Мітка (Матца, Мацей) па назве свайго ўладання, маёнтка Пашушвы, нярэдка пісаўся як Пашушвенскі, тым самым заклаўшы галіну роду Скіндзераў-Пашушвенскіх-Міткавічаў. Яго сын Шыман, харунжы земскі ў 1523 г., згадваўся ў дакументах як Міткавіч- Пашушвенскі і як Скіндзер. Унукі, дзеці Шымана, пісаліся як Скіндзеры-Міткавічы (Мікалай і Станіслаў), Пашушвенскія (Зоф’я, жонка цівуна рэтаўскага Марка Ўнучка), Міткавічы (Дарота, жонка кухмістра літоўскага Станіслава Шэмета). Такі прыклад ужывання трох прозвішчаў у адной сям’і характарызуе складаную антрапанімічную сітуацыю, у якой апынаецца даследчык шляхецкай генеалогіі згаданага перыяду.

Пачаткі роду і першыя пакаленні. У пачатку XV ст. ад Праставіла і яго сыноў Станіслава, Андрэя, Івашкі (Івана) Праставілавічаў Скіндзераў запачаткаваліся два асобных роды: Скіндзеры і Міткавічы-Пашушвенскія. Уласна Скіндзеры маюць працяг і на сённяшні дзень. Родапачынальнікам Міткавічаў-Пашушвенскіх з’яўляецца Мацей Станькавіч Праставіловіч, унук Івашкі Праставілавіча, згаданы ў 1488 г.

Імёны па бацьку і па дзеду схіляюць да думкі, што ад Мацея-Матцка-Міткі-Міцкі (так ён пазначаўся ў дакументах) пайшла галіна Станкевічаў-Праставіловічаў, але яе цяжка адсачыць, бо ў XV–XVI стст. антрапонім «Станкевіч» надта распаўсюджаны. У перапісе войска ВКЛ 1528 г. згадваецца некалькі дзясяткаў носьбітаў варыяцый гэтага ўтварэння: Станкевіч, Станькевіч, Станьковіч. Але з вялікай доляй верагоднасці можна вылучыць у гэтым дакуменце баярына васілішкаўскага Мацея Станьковіча, які ставіць аднаго вершніка, і яго жонку Мацееву Станковічаву, якая ставіць шэсць вершнікаў [16, c. 93]. У тым жа дакуменце згадваецца баярын Бельскага павета Станіс Праставіловіч, які ставіў аднаго вершніка паводле перапіса войска ВКЛ 1528 г. [16, c. 57]. Сляды Станкевічаў-Праставіловічаў губляюцца напрыканцы XVI ст. у сувязі з іх пераходам на прозвішчы Станкевіч або Скіндзер. Генеалагічная інфармацыя аб прадстаўніках гэтай лініі прадстаўлена ў прывілеі караля Жыгімонта Аўгуста баярам Праставілавічам на правы шляхецтва за 5 лістапада 1569 г.: «Земяне нашие повету Слонимского, люди добрые, шляхта, Миколай Станкевичъ Проствиловичъ а Богушъ Машковичъ Проствиловичъ тыми словы зезнавали, ижъ продкове ихъ были Проствилы, а пять рожоные братья народу шляхецкого зъ Проствила вышли, два сыны Станько и Анисько, зъ Станька вышовъ сынъ Миколай, а зъ Миколая онъ сынъ его Богушъ, а тые Ленецъ Ивановичъ, Марко Климовичъ, Василий Борисовичъ и Пётръ Ходоровичъ зъ Проствиловичовъ рожоного брата Ивана пошли и суть стрыечные имъ братья» [5, ?].

Пра хрышчэнне Праставіла, уласніка тыпова жамойцкага паганскага імя, невядома, але яго сыны Станіслаў і Андрэй ужо мелі хрысціянскія імёны. Прыналежнасць да каталіцкага веравызнання пацвярджаецца фактам закладання касцёла Св. Станіслава ў в. Ляцк у 1424 г. Прымаючы пад увагу імя старэйшага сына Праставіла можна дапусціць, што выбар апекуна для Ляцкага касцёла быў невыпадковым. Івашка (Іван), трэці сын Праставіла, разам з Пятром Лелюшам, ваяводай троцкім (1433–1440), і Івашкам Вяжэвічам, у будучым маршалкам гаспадарскім (1452–1470), фундаваў будаўніцтва Шчучынскага касцёла Найсвяцейшага Сэрца Ісуса і Святой Тэрэзы ў 1436 г. [22, s. 210].

У першай палове XV ст. уплыў каталіцтва на землях Панямоння быў неістотным. Знаходжанне братоў сярод прадстаўнікоў буйной літоўскай шляхты ў справе распаўсюджання каталіцтва сведчыла аб значным статусе сям’і ў ВКЛ і адмысловым канфесійным напрамку іх дзейнасці як прадстаўнікоў дзяржаўна-палітычнай эліты. Верагодна, Івашка Праставілавіч быў паяднаны з Лелюшам і Вяжэвічам і ўнутрыпалітычнай канфрантацыяй з Жыгімонтам Кейстутавічам.

Пасля заступлення на вялікае княжанне ў 1440 г. Казімір Ягелончык пачаў замірэнне з ворагамі Жыгімонта Кейстутавіча, а менавіта ажыццявіў наданне ім новых земляў з сялянамі. Свідрыгайле надаў Валынскае княства, вышэй згаданым Праставілу і Біліусу падараваў людзей у Пенянскай воласці. 17 кастрычніка 1441 г. кароль і вялікі князь перадае Івашку Праставілавічу ўладу над даннікамі Вяшкуцевічамі ў Астрыне [36, s. 111].

Наступнае падараванне для прадстаўнікоў сям’і вялікі князь Казімір зрабіў у 1449 г. [29, s. 61]. Агульны пералік сямейных маёмасцяў у Ваўкавыскім, Васілішкаўскім і Астрынскім паветах прыводзіцца ў пацвярджэнні вялікага князя Аляксандра Казіміравіча дваранам Станіславу, Яну, Венцлаву Андрушкавічам і іх дзядзькавічу (дваюраднаму брату) Матцу Станковічу ад 5 кастрычніка 1499 г. [32, s. 221–222].

Усе пералічаныя вышэй землі і маёнткі знаходзіліся ў дзяржанні Праставіловічаў-Скіндзераў доўгія часы. Напрыклад, радавое гняздо Ляцк трымалася ў руках роду да часу ліквідацыі ВКЛ як дзяржавы ў 1795 г. Імя па бацьку Праставілавіч у XVII ст. стала прыдомкам «Праставіловіч» і пэўны час ужывалася Скіндзерамі герба «Шранява», як напрыклад гродскім суддзёй Лідскага павета (1645–1649), у такім парадку: «Самуэль Крыштаф Паўлавіч Праставіловіч Скіндзер».

Прааналізаваўшы працу літоўскага гісторыка Яўгена Савішчава, у якой ён распісаў генеалогію асноўных баярскіх родаў Жамойці ў XV–XVI ст., мы выявілі шэраг жамойцкіх баярскіх родаў, якія перакрыжоўваюцца з родам Праставіловічаў-Скіндзераў. Такім чынам, прадстаўнікам згаданай фаміліі знайшлося месца сярод Білевічаў, Станкевічаў, Пашушвінскіх, Міткавічаў, чые роспісы былі распрацаваны ў гэтай кнізе раней [40, p. 397, 405–407]. Надалей мы будзем разглядаць род Скіндзераў ад пратапласты Праставіла Скіндзера, пакінуўшы ў баку радзіны, якія паходзяць ад яго братоў Біла і Маставіла, апісаныя Савішчавым.

Першым вядомым прадстаўніком роду прынята лічыць жамойцкага баярына Жадзейку, бацьку Біла, Маставіла і Праставіла, які ўпершыню згадваецца ў 1418 г. Польскі гісторык-генеалог Войцах Каяловіч прыпісвае яму шлюб з сястрой вялікага князя Вітаўта Малушай (Міклоўсай) [27, s. 166–167], што найверагодней з’яўляецца міфам, бо сястра Вітаўта, хрышчаная Марыяй, была ў шлюбе за князем Іванам Цвярскім.

Андрэй Івашкавіч Скіндзер, сын Івашкі Праставілавіча, застаўся вядомым у гісторыі, дзякуючы так званаму «разбору шляхты» на нізавым узроўні, які ён учыніў Марціну Мішкавічу 30 ліпеня 1510 г., напрыканцы свайго жыцця [34, s. 370].

Пра яго пляменніка, Мацея Станькавіча Праставіловіча, сведчыць дакумент за 1488 г., паводле каторага пан Мацей атрымліваў прыбытак у памеры шасці коп з корчмаў ваўкавыскіх і шасці коп з мыта ў Берасці [30, s. 56].

Прадстаўнік пятага пакалення Андрэй Іванавіч Скіндзер пакінуў сыноў Станіслава, Яна, Венцлава, Марціна і Мікалая. Найбольш удалую кар’еру ў гэтай сям’і зрабіў Станіслаў Андрэевіч Скіндзер, пасол ад ВКЛ у Крымскае ханства ў 1511–1516 гг., намеснік астрынскі, маршалак ВКЛ з 1516 г. [33, s. 336]. Яго жонкай, ужо да 1502 г., была Ганна Якубаўна з уплывовага магнацкага роду Кішак-Ціханавецкіх, дачка Якуба Мацеевіча з Ціханаўца Кішкі. Аднак пасаг Ганны Якубаўны Кішкі, маёмасць Яблань Сверчава ў Падляшшы, быў больш сціплым у параўнанні з яе траюраднымі сёстрамі Ганнай і Барбарай Станіславаўнамі Кішкамі, выдадзенымі замуж адпаведна за Яна і Юрыя Радзівілаў. У шлюбе са Станіславам Скіндзерам яна нарадзіла сына Мікалая, суддзю троцкага ў 1553–1554 гг., і дачку Ядвігу, якая была ў шлюбе за Станіславам Пясецкім. Памерла Ганна Якубаўна пасля 1546 г. [23, s. 43–44].

Станіслаў Скіндзер адыграў вялікую ролю ў дыпламатычных зносінах з Крымскім ханствам у 1511–1516 гг. і, адпаведна, неаднойчы згадваецца ў матэрыялах ліставання вышэйшых урадавых асоб абодвух дзяржаў [33, s. 258–259, 264–265, 301–302, 352]. Ён з’яўляўся каралеўскім паслом і кіраўніком пасольства ВКЛ у палітычных перамовах караля і вялікага князя Жыгімонта Старога з крымскімі ханамі Менглі Гірэем і яго сынам Махмет Гірэем падчас вайны ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай за ўсходнія памежныя землі ў 1512–1522 гг., у кантэксце якой адбылася вялікая перамога літвінскага войска пад кіраўніцтвам найвышэйшага гетмана ВКЛ Канстанціна Іванавіча Астрожскага ў бітве з маскоўцамі пад Оршай у 1514 г. Перад гэтай бітвай і пасля яе, пасольскімі місіямі, якія ўзначальваў Скіндзер, вяліся дыпламатычныя перамовы з крымскімі ханамі, мэтай якіх была арганізацыя сумесных ваенных дзеянняў супраць Маскоўскага княства.

Станіслаў Анрэевіч Скіндзер памёр на дзяржаўнай службе ў восень 1516 г., выконваючы пасольскія абавязкі ў Перакопе Крымскага ханства, як аб тым годам пазней паведамляе Махмет-Гірэй у сваім лісце да Жыгімонта І [33, s. 353–354]. Аб тым жа паведамілі вялікаму князю Астафей Дашкевіч, староста чаркаскі і канеўскі, і Андрэй Няміровіч, ваявода кіеўскі [33, s. 350–351]. Пасля смерці Станіслава Скіндзера пасольскае прызначэнне ў Крым атрымаў Іван Гарнастай.

Займаючы пасаду намесніка астрынскага Станіслаў Скіндзер прымаў у Астрыне татарскага царэвіча Узубек-салтана, сына Дэўлеш-салтана з дынастыі Гірэяў, якому вялікі князь Жыгімонт у 1514 г., падараваў сялян і пусташ каля Астрыны (з таго часу пачалі называцца царэвічамі Астрынскімі). Дзякуючы сваяцтву з крымскай дынастыяй род Астрынскіх некаторы час займаў ганаровае становішча пры двары вялікага князя і быў найбольш уплывовым татарскім родам у ВКЛ [10, c. 263–264]. Выбар вялікага князя Жыгімонта І адносна месца пасялення царэвіча быў не выпадковым. Будучы літоўскім паслом у Крымскім ханстве Станіслаў Скіндзер быў асабіста знаёмы з прадстаўнікамі роду Гірэяў, карыстаўся даверам і павагай, а таму мог спрыяць іх інкарпарацыі ў шляхецкую супольнасць ВКЛ [35, s. 144].

Нерухомая маёмасць Станіслава Скіндзера складалася з асобных паселішчаў (спадчыннае сяло Пялевічы) і зямельных валоданняў (землі ў Ляцку і Камянцы) у Астрынскай воласці. Акрамя гэтага, у 1509 г. яго гадавы прыбытак з мытаў менскіх складаў 15 коп грошай. Пасля яго смерці вёску Пялевічы з сялянамі набывае Мікалай Мікалаевіч Радзівіл, канцлер ВКЛ.

Ян Андрэевіч Скіндзер, як і старэйшы брат Станіслаў, быў уплывовым чалавекам таго часу. Пра яго Каспар Нясецкі ў «Польскім гербоўніку» піша: «…Ян Скіндзер, дваранін каралеўскі, у 1507 г. пасольства да Масквы здзяйсняў … пад час заключэння міра паміж Жыгімонтам I, каралём польскім, і князем Маскоўскім» [25, s. 380]. Ян Скіндзер знаходзіўся ў Маскве па пасольскіх справах і ў 1508 г. [14, с. 102–103]. Пазней, у 1529–1533 гг., Ян Андрэевіч Скіндзер займаў пасаду суддзі, верагодна, Троцкага ваяводства [32, s. 80, 134].

Адным з асноўных гістарычных дакументаў перыяду Вялікага Княства Літоўскага са звесткамі масавага генеалагічнага характару з’яўляецца «Перапіс войска ВКЛ» за 1528 г. Гэта адна з найбольш значных крыніц па гісторыі кіруючых эліт згаданай дзяржавы, з якой можна даведацца пра маёмасны стан рыцараў-шляхты. У ёй зафіксаваны: 1) імя і прозвішча шляхціча; 2) прыналежнасць да сацыяльнай катэгорыі (князь, пан, баярын-шляхціч ці проста баярын); 3) назва павета пад харугвай якога ён запісаны, г.зн. месца пражывання або знаходжання ўласнасці; 4) ступень заможнасці – колькасць «коней», якіх ён мог выставіць на гэты ваенны попіс. Пад «канём» разумеўся па-ваеннаму экіпіраваны ваяр на кані са зброяй. Адзін конны вершнік выстаўляўся ад васьмі сялянскіх дымоў, г.зн. сялянскіх гаспадарак. Той, хто не меў уласных сялян альбо меў меньш за восем дымоў, павінен быў сам станавіцца на перапіс, ці ставіць свайго сына або брата ці слугу. Перапіс прадастаўляе звесткі аб валоданні Янам Андрэевічам Скіндзерам сялянскімі гаспадаркамі ў колькасці 144-х: «…Пан Ян Андреевич Скиндер мает ставити 15 коней. Он же маеть ставити з людеи закупных 3 кони…» [16, s. 56]. Марцін і Мікалай Андрэевічы Скіндзеры, родныя браты Яна, выстаўлялі тры кані на дваіх. Жонка памерлага на тот час Станіслава, Ганна Якубаўна з Кішак Скіндзер, ставіла ад баяр астрынскіх чатыры кані. Другі іх сваяк, баярын Андрэй Скіндзер з Віцебскай зямлі, ставіў аднога каня [16, c. 53, 156].

Матэрыялы ваенных перапісаў ВКЛ 1528 і 1565–1567 гг., а таксама запісы Літоўскай Метрыкі XV–XVI ст. зрабілі магчымым вызначэнне геаграфіі ўладанняў і прыкладнага рассялення роду Скіндзераў у прасторы дзяржавы. Так, асноўная частка прадстаўнікоў мела ўладанні ў Лідскім і Ваўкавыскім паветах, астатнія – у Менскім павеце, Віцебскай зямлі, Жамойці.

Герб «Шранява», які належыў большай частцы Скіндзераў, быў атрыманы імі пасля Гарадзельскай уніі 1413 г. Тады, у замку Гарадло на р. Заходні Буг, у дзьвух граматах, выдадзеных для замацавання братэрства паміж Каралеўствам Польскім і Вялікім Княствам Літоўскім, 47 польскіх феадалаў надзялілі 47 феадалаў- каталікоў ВКЛ сваімі гербамі і тым самым прынялі іх у сваё гербавае брацтва. У сваю чаргу 45 феадалаў-каталікоў прынялі гербы польскіх феадалаў і абяцалі быць з імі ў вечнай дружбе і саюзе. У трэццяй грамаце (т.зв. Гарадзельскі прывілей 1413 г.) польскі кароль Ягайла і вялікі князь літоўскі Вітаўт абяцалі прызначаць на дзяржаўныя пасады феадалаў-каталікоў, якія прынялі польскія гербы, і дазволіць ім свабодна распараджацца маёмасцю ў сваіх маёнтках. Такія крокі садзейнічалі павышэнню грамадскага становішча літоўскага баярства, якое фактычна ўраўноўвалася правамі з князямі Рурыкавічамі і Гедзімінавічамі [21, c. 495]. Можна меркаваць, што менавіта гэтымі абставінамі тлумачыцца пераход Праставіловічаў-Скіндзераў з паганства ў каталіцтва. Павелічэнне правоў спрыяла павелічэнню матэрыяльнага дабрабыту роду і зрабіла магчымай фундацыю касцёлаў у Ляцку і Шчучыне.

Скіндзеры, якія жылі ў Жамойці, з канца XVI ст. сталі карыстацца і прыналежыць да шляхецкага герба «Равіч». Верагодна да іх адносіцца галіна жамойцкага баярына Шымона Міткавіча Пашушвенскага Скіндзера, прадстаўнікі якой у пачатку XVI ст. карысталіся гербам «Ліс». Галіна яго брата Станіслава Міткавіча Скіндзера, баярына гаспадарскага воласці Ясвенскай і Айракгольскай, які згадваецца ў 1541 г. [32, s. 228–229, 268–269], а таксама яго нашчадкі, як і большасць астатніх Праставіловічаў Скіндзераў, абралі герб «Шранява». Таксама ў гісторыі Рэчы Паспалітай згадваюцца Скіндзеры герба “Ляліва”.

У шостым пакаленні пасольскую справу сваіх продкаў Станіслава і Яна Андрэевічаў Скіндзераў прадоўжыў іх унучаты пляменнік Мікалай Міткавіч Пашушвенскі Скіндзер, які ў 1558 разам з ваяводам падляскім і старастам менскім Васілём Тышкевічам, узначальваў пасольства ад караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста да рускага цара Івана Васільевіча Грознага [14, c. 208–210]. Менавіта гэтым годам адзначаецца пачатак Лівонскай вайны (1558–1582 гг.), у якой давялося ўдзельнічаць Станіславу Скіндзеру, роднаму брату Мікалая. У 1561–1562 гг. у званні каралеўскага ротмістра ён з’яўляўся камендантам і начальнікам гарнізона Волмерскага замка, які складаўся са 100 вершнікаў.

У XV–XVI cтст. род Скіндзераў герба «Шранява» парадніўся з княжацкімі родамі Лукомскіх і Масальскіх. Ганна Янаўна Скіндзер, дачка Яна Андрэевіча, стала жонкай князя Андрэя Іванавіча Лукомскага (прыкладныя гады жыцця: 1500–1530), які ў 1528 г. ставіў дзевяць вершнікаў ад Полацкай зямлі [16, c. 155]. У гэтым шлюбе нарадзіліся сыны Багдан і Балтазар Андрэевічы Лукомскія. Яе сваячка Дарота Скіндзер была жонкай князя Сяргея Лукомскага. Згодна перапісу войска ВКЛ ад 9 ліпеня 1565 г., які адбыўся ў Ракаве, «…Княгиня Сергеевная Лукомская Дорота Скиндеровна выслала коней чотыры конно, збройно, по-козацку» [17, c. 244]. Згаданыя шлюбы былі невыпадковымі, бо ў Астрынскім павеце князі Лукомскія на гэты час мелі суседнія са Скіндзерамі ўладанні. Пародненне з родам князёў Масальскіх адбылося праз шлюб Якуба Скіндзера з княгіняй Сафіяй, дачкой князя Фёдара Іванавіча Масальскага, маршалка Гарадзенскага павета. У сваім тастаменце за 1617 г. ён загадаў пахаваць яго ў сямейнай праваслаўнай царкве Святога Спаса ў Алексічах, збудаванай яго бацькам. Згодна з тым жа дакументам, сваёй дачцэ княжне Зафіі Якубавай Скіндзеравай ён пакінуў 600 коп літоўскіх грошай і частку маёмасці Чэрнеў у Берасцейскам павеце [4, c. 41–47].

З родам Ваньковічаў герба «Ліс» род Скіндзераў звязала Ганна Янаўна, дачка Яна Мікалаевіча Скіндзера, зямяніна Менскага павета, які ў 1582 г. валодаў вёскай Перажыры пад Ракавым (цяпер – Пярэжары Валожынскага р-на Мінскай вобл.). Яна выйшла замуж за Адама Ваньковіча, войскага менскага з 1624 г., нарадзіўшы дзяцей Стэфана і Пятра. Паміраючы ў сваім маёнтку Сліжын Менскага павета яна пакінула тастамент, датаваны 30 мая 1600 г. Адметнасць гэтага шлюбу ў тым, што ад Стэфана Ваньковіча з пачатку XVII ст. вядзецца весь далейшы радавод гэтай радзіны. Таму Ганну Янаўну Скіндзер паўнавартасна можна лічыць прабабуляй роду Ваньковічаў герба «Ліс», які даў свету вядомага мастака Валентыя Ваньковіча. Пасля смерці Ганны Адам Ваньковіч ажаніўся другі раз. Яго жонкай стала Ева Дуброўская, якая нарадзіла яму дачок Крысціну і Элеанору [19, c. 36].

На пачатку XVII ст. род перастае згадвацца ў дачыненні да Віцебскага павета. Верагодна, няспынныя войны з Маскоўскім княствам паўплывалі на пераход радзіны на захад Вялікага княства ў больш спакойныя мясціны, падалей ад усходніх межаў з ваяўнічым суседам. У пазнейшы час асноўная частка Скіндзераў пражывала ў Ваўкавыскім і Лідскім паветах, дзе прадстаўнікі роду займалі важныя дзяржаўныя пасады. Асабліва гэта тычыцца Лідскага павета, дзе Скіндзеры здаўна трымалі пасады гродскіх і земскіх суддзяў, пісараў і мечнікаў.

Скіндзеры і рэлігія. У сваім выбары веравызнання Скіндзеры адштурхоўваліся ад інтарэсаў таго грамадска-палітычнага кола, якое прадстаўлялі. Да якой рэлігійнай плыні адносілася большасць літоўскіх магнатаў – той жа плыні трымаліся і яны. Так, адзін з пачынальнікаў роду Праставіл Скіндзер, як і большасць жамойцкіх баяраў у пачатку XV ст., заставаўся язычнікам, аднак ужо яго сыны і нашчадкі засведчылі сваю прыналежнасць да каталіцкай царквы.

З надыходам у XVI ст. эпохі Рэфармацыі Скіндзеры не засталіся ў баку і разам з буйнымі літоўскімі феадаламі таго часу Радзівіламі, Гаштольдамі і Кішкамі прынялі кальвінізм, ідэі якога прыходзілі ў Літву з тэрыторыі суседняй Усходняй Прусіі. Вызнавала кальвінізм Зофія Шымонаўна Пашушвенская Скіндзер, жонка Марка Лаўрэнцьевіча Унучка, рэтаўскага цівуна і таксама кальвініста. Разам з мужам яна фундавала і збудавала ў сваім маёнтку Пашушвы кальвініскі збор, дзе ў 1588 г. пахавала свайго мужа згодна з яго апошняй воляй [13, с. 16, 39]. У канцы XVI ст. радзіна Скіндзераў з Лідскага павета перарабіла свой родавы касцёл Св. Станіслава ў Ляцку ў пратэстанцкі збор. Пры гэтым, як сведчыць у сваёй працы «Гісторыя старажытнага літоўскага народа» гісторык і ваенны інжынер Тэадор Нарбут у, пераход Скіндзераў у пратэстантызм адбыўся праз злачынства. «У павеце Лідскім, у Ляцку, Скіндзеры, прыняўшы самі рэформу, захацелі тамтэйшы касцёл парафіяльны, імі пабудаваны, на збор перарабіць кальвінскі, пры гэтым плябану, які гэтай справе перашкаджаў, жыццё ў самой святыні аднялі, калі ён адважыўся пячатку ад дзвярэй касцёльных адарваўшы прыступіць да алтара» [38, с. 478]. Пасля гэтага трагічнага выпадку перароблены касцёл некалькі дзясяткаў гадоў з’яўляўся пратэстанцкім зборам. Яшчэ адзін прадстаўнік роду – пісар земскі лідскі Войцах Скіндзер – прымаў удзел у падпісанні Віленскага Ўніверсала 1599 г., у якім пратэстанты і праваслаўныя вернікі ВКЛ, на чале з князем Канстанцінам Астрожскім, патрабавалі ад караля і вялікага князя Жыгімонта III Вазы роўных правоў з каталікамі. Пасля смерці князя Мікалая Радзівіла Чорнага (1515–1565), галоўнага правадніка і мецэната ідэй пратэстантызма ў ВКЛ, Рэфармацыя на Літве пачала згасаць. Яе далейшаму заняпаду спрыяла актывізацыя езуітаў на землях ВКЛ.

Пасля паступовага згасання моды на пратэстантызм Скіндзеры Лідскага павета ў XVII ст. вяртаюцца да каталіцтва. Але ідэі рэфармацыі і свабоды веравызнання працягваюць сваё існаванне ў сэрцах жыхароў Лідскага павета. У 1689 г. у Варшаве пакаралі смерцю філосафа Казіміра Лышчынскага, берасцейскага падсудка, афіцыйнай правінай якога было прызнана адмаўленне існавання Бога. Галоўным прадстаўніком абвінаваўчага боку і прыхільнікам вынясення суровага выраку вальнадумцу выступаў на тым судовым працэсе віленскі біскуп Канстанцін-Казімір Бжастоўскі. Пазней, падчас яго прыезда ў Скіндзераўскі Ляцк і правядзення службы ў Ляцкім касцёле Св. Станіслава, «… абывацелі Лідскага павета ўвайшлі ў прытворы касцёла і так збілі …нявіннага праз заклінанні чартоўскія…, што бедны біскуп ледзь не пазбавіўся жыцця… небяспечна ўпаўшы, разбіўшы галаву і без памяці доўгі час знаходзіўшыся…». Да гэтай гучнай справы былі прыцягнуты таксама ўладальнікі маёнтка Ляцк Караль Самуэльевіч Праставіловіч Скіндзер са сваёй жонкай Петрунэлай Солтан [1, арк. 767].

У канцы XVIII ст., у час з’яўлення ў ВКЛ масонаў, альбо як іх называлі «вольных муляроў», на беларускіх землях закладзены першыя масонскія ложы. На пачатку XIX ст., дзякуючы згодзе расійскага імператара Аляксандра I, які таксама быў масонам, у 1816 г. утварыліся ложы «Паўночная паходня» ў Менску і «Добры пастар» у Вільні, а ў 1817 г. пачалі сваю дзейнасць яшчэ тры ложы: «Вузел еднасці» ў Навагрудку, «Палямон» у Расенях і «Сябры чалавецтва» ў Гародні. Да гарадзенскай ложы «Сябры чалавецтва», якая налічвала каля 150 удзельнікаў, належаў Ігнат Міхайлавіч Скіндзер, масон ІІІ-й ступені (1817–1821 гг.) [7, с. 67, 107]. У 1812 г., падчас праўлення Напалеона на былых землях ВКЛ, Ігнат Скіндзер займаў пасаду падпрэфекта Лідскага павета. Пра гэты час у цэлым і настрой літвінскага грамадства ў прыватнасці, у тым ліку і Скіндзераў, цудоўна апавядаецца ў апісанні святкавання дня нараджэння Напалеона, якое арганізоўваў і праводзіў уласна сам лідскі падпрэфект [20, с. 113–114].

Ігнат Міхайлавіч Скіндзер карыстаўся павагай у шляхты Лідскага павета і пасля прыходу рускай арміі і вяртання Лідчыны пад крылы імперскага двухгаловага арла. Так, ён быў абраны маршалкам шляхты Лідскага павета ў 1816–1819 і 1824–1827 гг., а яго сваяк Антон Скіндзер быў маршалкам лідскім у 1819–1824 гг. [37, s. 6].

У 1790-х гг. ксяндзом і плябанам Блоньскага езуіцкага касёла быў Тадэвуш Скіндзер.



Скіндзеры Лідскага павета. На пачатку XVII ст. у Лідскім павеце пражывалі сем’і Скіндзераў герба «Шранява», якія паходзілі ад двух стрыечных братоў Лукаша Мікалаевіча (згадваецца ў 1608 г.) і Паўла Андрэевіча Скіндзераў. Сынамі Лукаша з’яўляліся Мікалай, Канстанцін, Даніэль, Аляксандр- Казімір, Станіслаў, Адам, Ян. Сыны Паўла – Самуэль-Крыштаф, Стэфан, Балтазар, Нікадзім. У сваю чаргу, большасць з пералічаных мелі свае сем’і, а таму ў другой палове XVII ст. сям’я Скіндзераў на Лідчыне была ці не самай вялікай па колькасці і даволі ўплывовай па прысутнасці ва ўладзе Лідскага павета. Такі стан рэчаў пацвярджае наступны прыклад.

Аляксандр-Казімір Лукашавіч Праставіловіч Скіндзер, мечны лідскі ў 1662–1676 гг., прымаў удзел у вайне з маскавітамі 1654–1668 гг. Знаходзіўся на чале Белай харугвы старосты жамойцкага Ежы Глябовіча ў 1655 г., затым патрапіў у палон і быў накіраваны ў Свіяжскую крэпасць (размяшчалася ў месцы зліцця рэк Волга і Свіяж, цяпер у межах рэспублікі Татарстан). На той час Свіяжскі і Казанскі замкі былі месцамі масавага ўтрымання палоннай літвінскай шляхты. У 1662 г. ужо знаходзіўся ў Смаленскім замку, дзе разам з другімі вязнямі чакаў абмену палоннымі альбо выкупу роднымі. Кожны шляхціч, які выходзіў на волю ў выніку абмена ці выкупу, станавіўся перад сваімі таварышамі па зброі, якія заслухоўвалі яго аповяд аб сваім жыцці. Шляхту цікавіла: хто ён, адкуль, як змагаўся з ворагам, як апынуўся ў палоне. Гэтыя працэсы называліся соймікамі палонай шляхты, казанскімі, свіяжскімі, смаленскімі (адпаведна месцам вызвалення). Паведаміўшы аб сабе шляхціч атрымліваў атэстат, у якім гэты аповед быў занатаваны, з подпісамі баявых таварышаў, пастаўленымі па старшынству. Вярнуўшыся дамоў ён падаваў гэты атэстат у гродскі суд. Дзякуючы гэтай працэдуры сталі вядомымі акалічнасці той цяжкай і крывавай вайны, пад час якой насельніцтва Вялікага княства зменьшылася ўдвая… «Мы сидящие в плену до Смоленска на обмен отправленные, потверждаем, что Мартин Новицкий, земянин Пинского повета, товарищ хоругви Мацея- Казимира Эйсмонта ротмистра… в 1660 году попал в плен вместе с ротмистром в Казанский замок, где Эйсмонт и умер… Подписались в Смоленске 8 сентября 1662 года: Александр Скиндер мечный Лидский, Караль Лисовский полковник…» [6, c. 245–246, 380]. Трэба дадаць, што Караль Лісоўскі камандаваў Блакітнай харугвай, быў баявым таварышам Аляксандра Скіндзера і, верагодна, сваяком легендарнага Аляксандра Лісоўскага, пад кіраўніцтвам якога атрады «лісоўшчыкаў» рабілі глыбокія рэйды па рускіх землях у смутныя часы 1600-х гг. Камендантам Белай харугвы у бытнасць Аляксандра Скіндзера, харунжага гэтай харугвы, быў Багуслаў-Казімір Маскевіч, які пакінуў для гісторыі «Дыярыюш Руска-польскай вайны», дзе падрабязна апісаў падзеі таго часу.

Шляхцічаў, якія патрапілі падчас вайны ў рукі маскавітаў, прымушалі даваць прысягу рускаму цару. У большасці выпадкаў гэта адбывалася пад пагрозай вынясення смяротнага прысуду. Царом Аляксеем Міхайлавічам 19 кастрычніка 1655 г. была выдадзена грамата баярыну і князю Сямёну Андрэевічу Урускаму на прывядзенне палонных да прысягі. У ліку іншых яе здзейснілі Лукаш Скіндзер з сынамі Канстанцінам, Аляксандрам і Янам [15, ?].

Па вяртанні з палону Аляксандр Скіндзер прыбыў у родны Лідскі павет, у свой маёнтак Ляцк. Першым шлюбам быў жанаты з Кацярынай Быхоўскай, другім – з Кацярынай Шыманскай. Напрыканцы жыцця, у 1675 г., зрабіў пазыку ў памеры 3 000 польскіх злотых у лідскіх кармелітаў пад заставу ў пасессію свайго маёнтка Ляцк Скіндзероўскі-Пісароўскі. З умовай кожны год дадаваць айцам-кармелітам да гэтай сумы 260 злотых. Гэта умова выконвалася да 1690 г., часу смерці Аляксандра. Яго сын Францішак-Уладзіслаў, таксама як і бацька займаў пасаду мечнага лідскага у 1668–1707 гг., гэтыя грошы стаў выплочваць нерэгулярна, а потым і зусім перастаў. Доўг пачаў павялічвацца, з кожным годам узрастаючы на 260 злотых. Так, у 1696 г. лідскія кармеліты нагадалі Францішку Аляксандравічу і яго сыну Аляксандру, крайчаму ваўкавыскаму, што іх пазыка складае 3 960 злотых [1, арк. 429]. 7 кастрычніка 1706 г. у справе ксяндза Дзіянізія Гільвіцкага, прэёра канвента лідскіх кармелітаў, з Аляксандрам Скіндзерам, крайчым ваўкавыскім, было адзначана, што ўмовы пагаднення паміж імі не выконваюцца, бацька Францішак Скіндзер грошай не сплочвае, пазыка ўзрастае. Вырак суда прадугледзіў для Аляксандра Скіндзера два верагодных варыянты паводзін: адданне ўсіх грошай або вечная баніцыя (выгнанне з краіны). Паколькі Скіндзер на суд не з’явіўся, то быў асуджаны на баніцыю [9, арк. 374].

Вельмі верагодна, што менавіта згаданая гучная судовая справа паспрыяла змяненню Францішкам Скіндзерам месца свайго жыхарства. З маёнтка Ляцк у 1707 г. ён перасяліўся ў другое сваё валоданне – Мацеевічы ў Менскім ваяводстве. Маёнтак Мацеевічы, набыты дзядзькам Францішка, Даніэлем Скіндзерам у 1647 г., відаць з-за бяздзетнасці апошняга перайшоў у двух роўных частках (па 10 дымоў кожная) да яго братоў Аляксандра і Адама Лукашавічаў Скіндзераў. Гэта вынікае з падымнага перапісу Менскага ваяводства 1667 г. У 1707 г. валоданне цалкам належыла Францішку Аляксандравічу Скіндзеру, згаданы сын якога Аляксандр, нягледзячы на баніцыю, застаўся ў Лідскім павеце. Іншыя сыны Францішка, Адам і Канстанцін, пераехалі ў маёнтак Мацеевічы разам з бацькам.

У 1703 г. яшчэ аднаму прадстаўніку роду Скіндзераў, менавіта Марціну, належыў блізкі да Мацеевіч маёнтак Арэшкавічы. Марцін увайшоў у гісторыю мясцовасці сваімі наездамі на суседнюю маетнасць Лапічы [2, арк. 62, 473]. Такім чынам у валоданні сям’і Скіндзераў апынуўся значны абшар зямлі ў межах Менскага павета Менскага ваяводства.



Суцінская галіна. Далейшы радавод Скіндзераў ад пачатку XVIII ст. вядомы дзякуючы дакументам, сабраным гэтай радзінай для прызнання свайго шляхецтва (пастанова Мінскага ДДС ад 10.06.1824) і зацвярджэння ў дваранстве Расійскай імперыі (указ Сената ад 31.10.1858 пад № 7467) [8].

Гэту галіну рода Скіндзераў мы назвалі суцінскай паводле назвы суседняга з іх Мацеевічамі маёнтка Суцін, частка якога ў першай палове XVIII ст. належала Базылю Панятоўскаму герба «Юноша» і яго сынам Дамініку, Міхалу і Яну. Сацыяльная роўнасць і геаграфічная набліжанасць спрыяла шлюбам паміж Панятоўскімі і Скіндзерамі. Так, Міхал Янавіч Панятоўскі з Суціна (1740–1813) меў за жонку Эльжбету Скіндзер. Таксама Скіндзеры мелі пародненне са шляхецкімі сем’ямі Вернікоўскіх і Карзюкоў, якія валодалі або арандоўвалі землі ў Суціне. Такім чынам, на пачатку XX ст., большасць Скіндзераў суцінскай галіны жыла менавіта ў гэтай шляхецкай аколіцы (цяпер – вёска Суцін Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці Рэспублікі Беларусь).

У 1733 г. браты Скіндзеры падзялілі мацеевіцкія землі. Старэйшаму Міхалу, войскаму старадубскаму, адышлі Мацеевічы. Юзаф, Станіслаў, Ян і Браніслаў узялі сабе Арэшкавічы і Слабодку [11, c. 68]. У 1739 г. сыны Міхала Скіндзера, войскага старадубскага, Дамінік і Антон, ужо спасля смерці бацькі пачалі захады па продажу маёнка Мацеевічы Казіміру Пятровічу і Бенядзікце з Віндарскіх Янішэўскім, падстоліям оўруцкім. У 1742 г. яны прадалі ім палову маёнтка, пакінуўшы падрабязны план падзелу зямлі і здабыўшы сабе новых суседзяў [3, арк. 964–977 адв.]. Да сённяшняга дня ў паселішчы існуе мікратапонім Скіндзераўскае поле. У рэшце рэшт Мацеевічы цалкам адышлі Янішэўскім, якія пабудавалі ў некалькіх кіламетрах ад маёнтка, у маляўнічым лясным кутку пад назвай Сарафінава гара, драўляны францысканскі касцёл Святога Антонія. У 1762 г. у Мацеевічах складзены і падпісаны фундуш на яго. Сведкамі выступалі судовы стараста Рэчыцкага павета князь Альбрэхт Радзівіл, падстолі менскі Язэп Прушынскі і Ігнат Янішэўскі [11, с. 89–93]. З 1790-х гг. плябанам езуіцкага касцёла ў суседняй Блоні з’яўляўся Тадэвуш Скіндзер, які адпаведна фундушовага запісу таксама прамаўляў казанні ў Сарафінскім касцёле, выконваў абрады хросту, шлюбу, пахавання прадстаўнікоў радзіны Скіндзераў і іншай мясцовай шляхты.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. уладанні Скіндзераў у Менскім ваяводстве апынуліся ў складзе Расійскай імперыі.



Дадзены артыкул, у якім мы прывялі асобныя звесткі аб паходжанні, канфесійнай прыналежнасці і рассяленні Скіндзераў на землях ВКЛ у XIV–XVIII ст., з’яўляецца першай спробай у беларускай гістарыяграфіі прасачыць гісторыю гэтага старажытнага роду, аднаго з нямногіх праслаўленых родаў літвінскай шляхты, які мае працяг і цяпер. Яго гісторыя цесна пераплятаецца з гісторыяй дзяржаўнага ўтварэння Вялікае Княства Літоўскае, паказвае ролю антрапалагічнага чынніка ў палітычных, сацыяльна-эканамічных і культурніцкіх працэсах у межах рэгіёна. Перспектыўным напрамкам у генеалогіі Скіндзераў з’яўляецца даследаванне далейшага працэсу разрастання сем’яў і маёмаснага драблення ў часы Расійскай імперыі, а таксама сацыяльных і свядомасных змен у дачыненні да яго прадстаўнікоў у савецкія часы.
Крыніцы і літаратура

  1. Актавая кніга Лідскага гродскага суда за 1695 г. // Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). – Ф. 1722. – Воп. 1. – Спр. 8.

  2. Актавая кніга Мінскага гродскага суда за 1703–1706 гг. // Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). – Ф. 1727. – Вопіс 1. – Спр. 4.

  3. Актавая кніга Мінскага гродскага суда за 1752–1757 гг. // Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). – Ф. 1727. – Вопіс 1. – Спр. 12.

  4. Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией (АВАК). – Т. 2 : Акты Брестского земского суда (1431–1793 гг.). – Вильна, 1867. – X+361 c.

  5. Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией (АВАК). – Т. 12 : Акты Главного Литовского трибунала. – Вильна, 1883. – XL+651+67 с.

  6. Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией (АВАК). – Т. 34 : Акты, относящиеся ко времени войны за Малороссию (1654–1667). – Вильна, 1909. – LII+588 с.

  7. Вольныя муляры ў беларускай гісторыі. Канец XVIII – пачатак ХХ ст. / уклад. А.Ф. Смалянчук. – Вільня : Gudas, 2005. – 280 c.

  8. Вывадовая справа аб паходжанні роду Скіндзераў, 10.06.1824 // Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). – Фонд 319. – Вопіс 2. – Спр. 2991.

  9. Дэкрэтавая кніга Лідскага гродскага суда за 1700–1709 гг. // Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). – Ф. 1722. – Воп. 1. – Спр. 69.

  10. Думін, С. Астрынскія / Станіслаў Думін // Вялікае Княства Літоўскае : энцыклапедыя. – Т. 1. – Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2007. – С. 263–264.

  11. Ільініч, Н. Талька і наваколлі : Краязнаўчыя нататкі пра Тальку, Арэшкавічы, Блужу, Мацеевічы, Суцін / Наталля Ільініч. – Мінск : Беларускі кнігазбор, 2004. – 131 с.

  12. Опись документов Виленского центрального архива древних актовых книг. Вып. 1 : Акты Росcиенского земского суда 1575– 1586 гг., №№ 14575–14586. – Вильна, 1901. – VI, 251 c.

  13. Опись документов Виленского центрального архива древних актовых книг. Вып. 2 : Акты Роcсиенского земского суда 1588– 1591 гг., №№ 14587–14592 / [предисловие И. Я. Спрогиса]. – Вильна, 1903 г. – V, 217 c.

  14. Памятники истории Восточной Европы : источники XV–XVII вв. – T. ІІ: «Выписка из посольских книг» о сношениях Российского государства с Польско-Литовским за 1487–1572 гг. / сост. Б. Н. Морозов. – М.–Варшава, 1997. – 330 с.

  15. Памятники истории Восточной Европы: источники XV–XVII вв. – Т. IV : «Крестоприводная книга шляхты Великого княжества Литовского 1655 г.» / сост. Е. Е. Лыкова. – М.–Варшава, 1999. – 261 с.

  16. Перапіс войска Вялікага княства Літоўскага 1528 года : Метрыка Вялікага княства Літоўскага / Нац. акад. Навук Беларусі. Ін-т гісторыі; Рэдкал. : Галенчанка Г.Я. (адказ. рэд.) і інш. Кн. 523, Кніга публічных спраў 1. – Мінск : Беларуская навука, 2003. – 444 с.

  17. Русская историческая библиотека, издаваемая Археографической комиссией. – Т. 33. – СПб., 1915. – 702 с.

  18. Форум о Вильнюсе / Гедройц, Гарасевич, Гранатовский, Нарбут, Скиндер. – Режим доступа: http://vilnius.borda.ru/?1-1-0-00000179-000-20-0. – Дата доступа: 19.03.2014.

  19. Чарняўскі, Ф.В. Ураднікі Менскага ваяводства XVI–XVIII стст. : біяграф. давед. : Выпуск ІІ : (скарбнікі, стражнікі) / Ф. В. Чарняўскі, нав. рэд. З. Л. Яцкевіч. – Мінск : Зміцер Колас, 2012. – 544 с.

  20. Швед, В.В. Заходні рэгіён Беларусі ў часы напалеонаўскіх войнаў, 1805–1815 гг. / В. Швед, С. Данскіх. – Гродна : ГрДУ імя Я. Купалы, 2006. – 250 с.

  21. Юхо, Я. Гарадзельская унія / Язэп Юхо // Вялікае Княства Літоўскае : энцыклапедыя. – Т. 1. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2007. – С. 495.

  22. Biskupstwo Wilenskie / Opr. ks. Jan Kurczewski. – Wilno, 1912.

  23. Dzieje rodziny Ciechanowieckich herbu Dąbrowa (XIV–XXI wiek) / pod red. A. Rachuby. – Warszawa : DiG, 2013. – 614 s.

  24. Dzieje Witolda W. Księcia Litwy / A. Prochaska. – Wilno, 1914.

  25. Herbarz Polski Kaspra Niesieckiego powiększony dodatkami z późniejszych autorów, rekopismów, dowodów urzędowych i wydany przez J. N. Bobrowicza. – T. 8. – Lipsk, 1841. – 664 s.

  26. Herbarz rodzin tatarskich w Polsce / S. Dziadulewicz. – Wilno, 1929.

  27. Kojałowicz, W. Herbarz rycerstwa Wielkiego Księstwa Litewskiego, tj. Compendium 1650 oraz Nomenclator 1656. – Kraków, 1897. – II, 526 c.

  28. Księga herbowa rodów polskich / J. Ostrowski. – Warszawa, 1897. – 620 s.

  29. Lietuvos Metrika. Kn. 3 : (1440–1498). – Vilnius, 1998. – 167 p.

  30. Lietuvos Metrika. Kn. 4 : (1479–1491). – Vilnius, 2004. – 285 p.

  31. Lietuvos Metrika. Kn. 6 : (1494–1506). – Vilnius, 2007. – 517 p.

  32. Lietuvos Metrika. Kn. 6 : (1528–1547). – Vilnius, 1995.

  33. Lietuvos Metrika. Kn. 7 : (1506–1539). – Vilnius, 2011. –1010 p.

  34. Lietuvos Metrika. Kn. 8 : (1499–1514). – Vilnius, 1995. – 710 p.

  35. Lietuvos Metrika. Kn. 9 : (1511–1518). – Vilnius, 2002. – 615 p.

  36. Lietuvos Metrika. Kn. 25 : (1387–1546). – Vilnius, 1998. – 460 p.

  37. Malewski, C. Rody szlacheckie w powiecie lidzkim na Litwie w XIX wieku / Czesław Malewski. – Wilno : Wydawnictwo Czas, 2002. – 113 с.

  38. Narbutt, T. Dzieje narodu litewskiego / przez Teodora Narbutta. – T. 9 : Panowania Zygmuntów. – 1841. – 492.

  39. Polska Encykłopedja Szlachecka / oprac. Dr.fił. S. J. Starykoń- Kasprzyckiego, ks. M. Dworskiego. – T. 11 : Sarnowski– Trąmpczyński. – Warszawa, 1938. – 380 s.

  40. Žemaitijos savivalda ir valdžios elitas 1409–1566 metais / Eugenijus Saviščevas. – Vilnius, 2010. – 461 p.

  41. Żywoty biskupów wilenskich / W. Przyałgowski. – Petersburg, 1860.


Артыкул паступіў у рэдакцыю 29.01.2014





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка