Што такое каменны век




старонка1/4
Дата канвертавання12.05.2016
Памер0.6 Mb.
  1   2   3   4
Што такое каменны век
Каменны век — самы старажытны перыяд у гісторыі чалавецтва. Да таго ж ён і самы працяглы, бо пачаўся больш як мільён гадоў таму назад, а скончыўся толькі ў канцы трэцяга тысячагоддзя да нашай эры.

Чаму век — «каменны»? А таму, што тагачасны чалавек ні медзі, ні жалеза яшчэ не ўмеў выплаўляць і амаль усе прылады працы вырабляў з крэменю або іншых парод каменю, з якіх пры разбіванні можна было атрымаць вострыя рэжучыя краі. Крамянёвымі былі ручныя секачы, нажы, скрабкі, скоблі, разцы, шылы, наканечнікі дзідаў і стрэлаў, сякеры, цяслы. У канцы каменнага веку паявіліся крамянёвыя сярпы. Некаторыя рэчы вырабляліся з косці і рога.

Вучоныя, якія даследуюць каменны век, падзяляюць яго на старажытны каменны век — палеаліт, сярэдні — мезаліт і новы — неаліт.

Выдзеліўшыся з жывёльнага свету як істоты, што жылі і працавалі калектыўна, размаўлялі і абстрактна мыслілі, людзі ў палеаліце авалодалі агнём, пачалі будаваць жыллё, апранацца ў звярыныя шкуры, вырабляць каменныя прылады працы.

Асноўным заняткам тады было паляванне на маманта, шарсцістага насарога, паўночнага аленя, дзікага каня і іншых жывёлін, а таксама збіральніцтва ядомых раслін, птушыных яек, малюскаў. У канцы палеаліту распаўсюджваецца і рыбалоўства.

Першыя людзі на зямлі жылі гуртамі. Так было лягчэй здабываць сабе ежу і абараняцца ад драпежнікаў. Пазней людзі пачалі аб'ядноўвацца ў родавыя абшчыны, якія складаліся з родзічаў. Жанчыны адыгрывалі вялікую ролю ў першабытным грамадстве, і вучоныя называюць такія калектывы мацярынскімі родавымі абшчынамі.

Члены родаў супольна палявалі і працавалі, а ўсё здабытае дзялілі пароўну. У каменным веку не было падзелу на бедных і багатых, не было прыгнёту аднаго чалавека другім.

У познім палеаліце зарадзілася і пачало развівацца першабытнае мастацтва, узнікла вера ў надпрыродныя сілы. Людзі не маглі правільна растлумачьшь прыродныя з'явы; яны лічылі, што змены пораў года, рухі нябесных свяціл, існаванне жывой і нежывой прыроды залежаць ад волі розных духаў і багоў. Гэтыя духі і багі ва ўяўленні першабытнага чалавека былі добрыя і благія, маглі шкодзіць або дапамагаць. Іх трэба было залагоджваць падарункамі, малітвамі. Свяшчэннымі лічыліся і розныя жывёлы, дрэвы, камяні, горы, нябесныя свяцілы. Магічная сіла прыпісвалася розным прадметам — зубам звяроў, бурштынавым вырабам, скульптурам людзей і жывёл. Існавала вера ў замагільнае жьгццё.

Палеаліт прыпаў на суровы для старажытнага чалавека час — ледавіковую эпоху, калі значную частку Паўночнага паўшар'я, у тым ліку і Беларусі, неаднаразова пакрывалі вялізныя ледавікі. У такіх цяжкіх умовах, змагаючыся з холадам і голадам, першабытныя людзі не толькі выжылі, але і развівалі сваю культуру.

Каля адзінаццаці тысяч гадоў назад з канцом ледавіковай эпохі пачаўся мезаліт. Паступова цяплеў клімат. Раслінны і жывёльны свет станавіўся падобным да сучаснага. Тэрыторыі, якія вызваляліся з-пад лядовага палону, засяляліся чалавекам. Для новага часу найболып характэрным стала распаўсюджанне лука са стрэламі, дробных крамянёвых вырабаў — мікралітаў, з якіх майстраваліся нажы, гарпуны, стрэлы. У мезаліце родавыя абшчыны пачынаюць аб'ядноўвацца ў плямёны.

Неаліт на Беларусі пачаўся ў пятым тысячагоддзі да нашай эры і вызначыўся перш за ўсё вынаходніцтвам глінянага посуду, зараджэннем жывёлагадоўлі і земляробства. Аднак і ранейшыя заняткі — паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва давалі чалавеку шмат харчавання.

Жывёлагадоўля і земляробства выклікалі паяўленне і адпаведных прылад — крамянёвых сярпоў для жніва і разакоў для нарыхтоўкі корму, зерняцёрак, матык. Высякаліся лясы і хмызнякі пад палі, а для гэтага трэба было шмат добрых сякер. Таму людзям стала недастаткова крэменю, які сустракаўся на паверхні. Яго пачалі здабываць шахтавым спосабам з крэйдавых радовішчаў.

Развіццё земляробства і жывёлагадоўлі павялічвала колькасць харчу. Адпаведна гзтаму вырасла і насельніцтва. Людзі ішлі на яшчэ не занятыя землі, будавалі там новыя паселішчы.

Ну а зараз, калі вы даведаліся, што такое каменны век, калі ласка, на наступныя старонкі кніжкі — на сустрэчу з людзьмі той эпохі...



Старажытны каменны век

ПРЫРУЧЭННЕ АГНЮ

Каля трох мільёнаў гадоў назад. Усходняя Афрыка
Пасля ціхай задушлівай спякоты накацілася цёмная хмара і пачалася навальніца — з ветрам, дажджом, маланкай. Калі ж хмару праганяла і дождж капаў рэдка, з аглушальным грукатам, быццам расшчапілася зямля і неба, ляснуў пярун.

3 пячоры выглянулі напалоханыя малпалюдзі і ўбачылі, як насупраць гарыць старое дрэва, ахопленае полымем ад сухой верхавіны ажно да таўшчэзнага камля.

Малпалюдзі ўжо былі знаёмыя з агнём у час лясных пажараў або калі вывяргаліся вулканы. I баяліся яго, бо не раз бачылі, як вогненная навала з ровам імчала па зямлі, знішчаючы ўсё на сваім шляху.

Дрэва гарэла моцна і роўна. Малпалюдзі асцярожна наблізіліся да палаючага дрэва і абкружылі яго. На валасатых тварах яны адчувалі гарачае дыханнё агню. Ён іх сляпіў, заварожваў.

Юнак, які колісь зблізку бачыў лясны пажар, падняў галіну і кінуў пад дрэва. Яна задымела і ўспыхнула. Нехта кінуў яшчэ галіну. I тая загарэлася. Тады пачаў збіраць голле і кідаць у агонь увесь гурт. Агню пабольшала. Малпалюдзі ўзбуджана ўскрыквалі, прытанцоўвалі — агонь «еў» голле, яго можна было «карміць» дрэвам, ад гэтага ён рос.

I так, падкладаючы дровы, падтрымлівалі агонь шмат дзён. А затым зноў прайшоў дождж, і агонь патух.


Каля трыццаці тысяч гадоў назад.

Непадалёку ад сучаснага Гомеля
У будане, накрытым мамантавымі шкурамі, гарыць вогнішча. Сіняватае полымя танцуе на расшчэпленых костках. Косткі гараць добра. А сапраўдных «драўляных» дроў няма, бо навокал тундра.

Зараз зіма. Лютуе завіруха, ажно ўздрыгваюць падпоры ў будане. Але ў ім цёпла. А дым? Што ж, яго можна перацярпець. Каля вогнішча заўсёды сядзяць старыя жанчыны — адна або дзве. Іх абавязак — шчапаць і падкідаць у агонь косткі. Нельга, каб агонь пагас. Зімою — гэта смерць для ўсяго статка першабытных людзей.

Вогнішча гарыць ужо шмат дзесяцігоддзяў. Не згасаючы. Пад ім набраўся таўшчэзны пласт шэра-сіняватага касцянога вугалю. Калі агонь пагасне, яго трэба пазычаць або здабываць сілай у суседзяў, якія

далёка-далёка адсюль. Агнём у той час людзі карысталіся пастаянна, хоць самі здабываць яго яшчэ не ўмелі. Але гэты агонь у будане не пагасне. Бо старыя даглядчыцы адказваюць за яго ўласным жыццём..


Каля трынаццаці тысяч

гадоў назад. На Прыпяці
Гарпун, выразаны з лапаткі паўночнага аленя, амаль гатовы. Бакі яго гладка абструганы, а зубцы завостраны. Засталося толькі зрабіць у насадзе дзірку, з дапамогай якой прылада прымацоўваецца да дрэўка.

Стары паляўнічы прыціснуў каленам гарпун да плашчака, прыставіў да насады палачку з крамянёвым свердлам і пачаў раскручваць яе далонямі то ў адзін, то ў другі бок. Пасыпалася касцяное шэрае пілавінне.

Але сёння нешта не працавалася старому. Хутка стамляліся рукі. Саслізгваў свердзел.

— Сынку! — гукнуў стары шыракаплечаму юнаку, які каля хаціны выстругваў для гарпуна дрэўка.— Дасвідруй, а я крыху адпачну.

Юнак, як і толькі што яго бацька, сагнуўся над гарпуном. Ен быў дужы і раскручваў свердзел так хутка, што толькі мільгацелі рукі. Захапіўшыся, ён нават перастараўся, і свердзел урэзаўся ў драўляны плашчак. Сутыкненне хуткарухомага крэменю з дрэвам выклікала моцнае награванне, і з плашчака пайшоў дым.

— Стой, што ты робіш? — спалохана закрычаў стары. Але сын і сам ужо спыніў працу і здзіўлена аглядаў абвугленую ямку ў дрэве. Потым памацаў яе пальцам і ўскрыкнуў — пячэ.

Што пры трэнні рэчы награваюцца, чалавек ведаў даўно. Напрыклад, награваўся скрабок,

якім здзіралі мяздру, каб зрабіць шкуру забіта жывёлы мяккай. Але калі вельмі моцна пацерці крэменем аб дрэва, то пойдзе дым — з такім яшчэ не сустракаліся.

Юнак не раз потым паказваў сваім аднагодкам гэты цуд са свердлам і сухім драўляным плашчаком. I кожны раз ішоў дым.

Можа аднойчы гэты юнак ці яго таварыш паспрабаваў так крутануць адной палачкай без крэменю. Дыму адразу пабольшала, і дрэва загарэлася!


Каля дванаццаці тысяч гадоў назад.

Можа дзесьці пад Мінскам
На ўскрайку паселішча на валуне сядзіць чалавек і аббівае кавалак крэменю — робіць нуклеус (археалагічны тэрмін для абазначэння крамяневага абабітага жаўлака). 3 яго потым можна будзе сколваць розныя адшчэпы і пласшнкі для таго, каб майстраваць наканечнікі стрэлаў, праколкі, разцы, скрабкі, нажы і шмат чаго іншага.

Удар, яшчэ ўдар. Адскокваюць ад крэменю розныя непатрэбныя выступы. Прыжмурваецца майстар, каб востры асколак не трапіў у вока. Ды, ай, якая няўдача! — такі зручны, як буслінае яйка, адбойнік з пясчанікавай галькі трэснуў і разваліўся.

Мужчына пачаў шукаць, што б прыстасаваць пад новы адбойнік. I тут успомніў, што яшчэ ўчора, збіраючы крэмень у рачной даліне, знайшоў камень, буры і цяжкі. Хацеў спачатку шпурнуць знаходку ў ваду, але ж вельмі камень быў нязвыклы. Падумаў і пакінуў сабе.

Чалавек пайшоў у хаціну і вярнуўся з учарашняй знаходкай. Зноў прысеў на валун, прымеркаваўся, стукнуў новым адбойнікам па крэменю... і анямеў, уражаны. Нярэдка бывала пры апрацоўцы камянёў, што з-пад адбойніка выляталі іскры. Але зараз пры ўдары бурым каменем аб крэмень вылецеў цэлы сноп іскраў. Доўгіх, сляпучых. Мужчына ўжо не думаў пра свой асноўны занятак, а раз-пораз біў адбойнікам па крэменю. I тут заўважыў, што сухая трава каля валуна, куды якраз траплялі іскры, задымілася, а потым успыхнуў і агеньчык. Чалавек зачаравана глядзеў на гэту незвычайную з'яву.

Вось агеньчык ператварыўся ў сапраўднае полымя, якое пачало падбірацца да хаціны. Як быццам прачнуўшыся, мужчына ўсхапіўся і затаптаў агонь. Затым чалавек адышоў далей ад паселішча, наскуб сухой травы і ўдарамі таго ж бурага каменю аб крэмень зноў запаліў агонь.

Што гэта быў за камень — метэарыт, жалезны калчадан або кавалак якога шшага жалезістага рэчыва? Увогуле гэта і не так важна. Галоўнае тое, што чалавек адкрыў яшчэ адзін спосаб здабывання агню.


ПЕРШЫ ЧАЛАВЕЧЫ СЛЕД
Сто тысяч гадоў назад. Ці можа

дзевяноста ? Недзе прыблізна ў гзты час...
Там, дзе зараз Сож, таксама цячэ нейкая рака, але шырэйшая. Шматлікія астравы. Поплаў з лазовымі кустамі. А дзе бераг вышэйшы — пачынаецца вялізны, дзікі, непраходны лес. Але гэта толькі так здаецца на першы погляд. Калі прыгледзецца лепш, то можна заўважыць там-сям шырокія і зусім вузенькія сцежкі і сцяжынкі. Па вузкіх сцяжынках палахліва прабіраюцца дробныя звяры, па сцежках ходзяць звяры большыя і зусім вялікія. Там, дзе быццам віхура праламала прагаліну, сцяжына мамантаў. Гэта ўжо нават не сцяжына, а сапраўдная дарога!

А дзе ж тая сцежка, па якой ходзіць чалавек? Яна яшчэ не пракладзена. Таму што чалавека ў наваколлі няма. I не было тут ніколі! Праўда, чалавек на зямлі ўжо ёсць. На поўдзень, там, дзе зараз Украіна, па берагах рэк можна сустрэць нешматлікія гурты першабытных людзей.

Паміж высокім берагам і вадой шырокая стужка белага пяску. Толькі спала навальнічная паводка, і пясок ляжыць роўна, як прыгладжаны. Але, хоць яшчэ раніца, тут ужо наслядзілі. Ланцужкамі звіваюцца сляды птушак, накапычана каля мелкаводдзя аленямі, а воддаль пралягла глыбокая разора ад вялізных капытоў — прыходзіў напіцца шарсцісты насарог. Якіх тут толькі слядоў няма! Калі прайсці крокаў дзвесце паўз бераг, можна было б знайсці такія «аўтографы» ўсяго ляснога жыхарства.

Нядаўняя навальніца вывернула каля берага старую хвою. Але дрэвы навокал раслі так густа, што хвоя не ўпала на зямлю, а павісла, на-хіленая, зачапіўшыся голлем за суседак. I стала, як брама, над звярынай сцежкай да вадапою.

Маладая рысь, паляўнічы ўчастак якой быў якраз тут, нагледзела гэты выварацень — цудоўная мясціна для засады! Спачатку проста прайшлася да ракі пахлябтаць халоднай з ночы вады і, вяртаючыся, хутчэй па звычцы, узбегла на выварацень. Затаілася, сочачы за сцежкай і рачным берагам: можа і трапіцца які ласунак.

Але на вадапой ужо ніхто не ішоў. Сонца прыўзнялося з-за лесу і свяціла якраз на выварацень. Прыгравала, і рысь расслабілася ад задавальнення, зажмурылася.

Ды вось у лесе пачаўся нейкі рух — рысь насцеражылася.

Па сцежцы ішло некалькі звяроў. Дзіўньіх. Рысь такіх бачыла ўпершыню і захвалявалася. Ішлі на задніх лапах. Так часам могуць мядзведзі. Але гэта былі не мядзведзі. I ростам меншыя. Хто б гэта мог быць?

...Група людзей — пяць мужчын, столькі ж жанчын і некалькі дзяцей выйшлі на бераг ракі. Скінулі з плячэй скураныя клункі і пачалі прагна піць ваду, набіраючы прыгаршчамі. Затым паселі на пясок. Былі відавочна стомленыя. Маўчалі нават дзеці. Дабіраліся сюды шмат дзён. Праз лес, якому, здавалася, не будзе канца. Прыйшлі з мясцін, дзе нарадзіліся, дзе застаўся іх гурт.

Пайсці трэба было, бо ў гурце стала зашмат народу, а дзічыны ў наваколлі паменшала. Тады старэйшыя сказалі: «Няхай частка маладых ідзе на поўнач. Там, дзе сонца хаваецца за край зямлі, дзе яно нараджаецца на раніцу зноў, і там, дзе яно на небе падымаецца найвышэй,— у тых кірунках жывуць другія гурты, там іх паляўнічыя ўладанні, і туды закрыты шлях. Толькі на поўнач, як бы далёка ні заходзілі паляўнічыя, не траплялася людзей. Там нічыйная зямля, а дзічыны шмат! Хай туды ідуць маладыя і засяляюць паўночную зямлю».

I маладыя пайшлі. Пяць сем'яў. I недзе ў пушчы ўпершыню перасеклі будучую праз шмат-шмат тысячагоддзяў мяжу Беларусі.

Першыя людзі. Каржакаватыя, моцныя постаці. Яшчэ даволі валасатыя. Загрубелая скура. Пальцы, як карані дуба, з пазногцямі-кіпцюрамі. Шырокі твар. Нізкі, пакаты лоб. Магутныя, скошаныя назад сківіцы з моцнымі зубамі, якімі можна зжаваць корань, раструшчыць костку, перагрызці праціўніку або зверу горла. А самі гэтыя істоты хіба не падобныя да звяроў? Вельмі! Але пад выступаючымі цяжкімі надброўямі вочы ўжо не звярыныя — у іх свеціцца думка. Вочы маркотныя, калі ўспамінаецца родны гурт; вясёлыя, калі глядзяць на дураслівых малых; прыязныя пры сустрэчы з родзічамі; цікаўныя, калі сочаць за палётам птушкі над рачной плынню; цёмныя ад гневу, калі бачаць драпежніка або ворага.

У чалавека на плячах накінуты шкуры — тагачаснае адзенне; у руках цяжкія палкі — дубіны, крамянёвыя вострыя секачы, якімі можна забіць жывёліну, адсячы кавалак мяса, выкапаць ядомы корань. Чалавек ужо валодае агнём — з дупла калоды, якую па чарзе неслі мужчыны, ідзе дымок, там тлеюць вугалі, узятыя з агнішча ў родным гурце. I акрамя ўсяго, чалавек можа членападзельна размаўляць. Не, далёка ўжо зверу да чалавека!

А вось і звер. 3 лесу выйшаў мядзведзь. Напярэдадні ён задраў лася, наеўся мяса, а зараз яго мучыла смага. Мядзведзь убачыў на беразе людзей. Як і рысь, упершыню. I здаліся яны яму дробнымі і слабымі. Мядзведзь саступаў толькі маманту і насарогу. 3 бізонам часам мог схапіцца на роўных, а тут на шляху да вады нейкая драбяза... Звер узняўся на заднія лапы і пагрозліва зароў: «Прэч з дарогі, ідзе гаспадар!»

Людзі збіліся ў гурт, але не ўцякалі. Гэта раз'юшыла мядзведзя, і ён кінуўся на іх.

Мужчына, які стаяў бліжэй да звера, шырока размахнуўся дубінай і выцяў яго па шырокай лабаціне. Загуло ў звярынай галаве, ды ён усё ж кіпцюрыстай лапай збіў чалавека з ног. Але іншыя мужчыны і жанчыны ўсе разам накінуліся на мядзведзя і ўдарамі дубін забілі яго.

Рысь глядзела, як людзі секачамі распаролі мядзведзю жывот, злупілі з яго шкуру як рассякалі здабычу на часткі і перацягвалі на вышэйшую мясціну на беразе. Там жанчыны ўжо ладзілі з галля і кары павець і раскладалі вогнішча.

Па ўсім было бачна, што людзі тут рашылі спыніцца надоўга. Рысь, незадаволена завуркатаўшы, саскочыла на зямлю і пайшла далей у гушчар. Трэба было шукаць іншы выварацень для засады.


ЦАР ЗВЯРОЎ ЛЕДАВІКОВАЙ ЭПОХІ
Каля дваццаці шасці тысячгадоў назад Ля сучаснай

вёскі Юравічы Калінкавіцкага раёна на Прыпяці
Мамант. Жывёліна вагою больш пяці тон і вышынёю каля трох з паловай метраў, з тоўстай скураю і густой бурай поўсцю. Падобны да слана. Але болыны і на спіне мае горб, у які назапашвае тлушч на зімовую бяскорміцу. А вушы меншыя за слановыя, каб не мерзлі халадамі.

Мамант — цар звяроў. Дужэйшага за яго няма. Але чалавек хітрэйшы і таму перамагае маманта. Выкопвае лоўчыя ямы на мамантавых сцежках, падсцерагае каля правалаў у вечнай мерзлаце, забівае дзідамі і камянямі маманцят і старых саслабелых асобін.

Сапраўднае свята пачынаецца, калі ўпаляваны мамант. Гэта — на шмат месяцаў смачнай ежы, косткі для паліва і будаўніцтва жылля, шкуры для стрэх на хацінах, тлушч для асвятлення памяшканняў. А біўні! 3 гэтага белага, як снег, цвёрдага і адначасова падатлівага крамянё-ваму інструменту матэрыялу можна вырабляць столькі неабходнага перша-бытнаму чалавеку: наканечнікі дзідаў, баявыя дубіны, кінжалы, іголкі, шылы, пацеркі, бранзалеты і, нарэшце, можна выразаць фігуркі звяроў і людзей.

На болынасці палеалітычных стаянак археолагі знаходзяць косткі мамантаў, часам ад соцень асобін. Можа дзякуючы паляванню на іх наш продак і выжыў у незвычайна суровым клімаце ледавіковай эпохі? А можа ён гэтым паляваннем у рэшце рэшт мамантаў і вынішчыў?

...Наступіла восень. Густымі касякамі пацягнуліся ў цёплыя краі гусі і качкі. Усё часцей з ледавіка павяваў халодны вецер. Ранкам іншы раз скрыпела пад нагамі падмарожаная бурая трава або з хмары пачынаў церушыць дробны снег. Днём іней і снег раставалі. Цяплела. Але старыя, паглядаючы на нізкае сонца, казалі, што хутка зіма.

Аднойчы паляўнічыя-разведчыкі заўважылі, што ў даліне ракі з'явіліся маманты. Яны ад'еліся за лета, таму былі ўкормленыя і павольныя.

Група мужчын, пабраўшы моцныя завостраныя калы і палкі-капалкі, пайшла на мамантаву сцежку каля рачнога берага. Адны пачалі падрываць каламі пясок і гліну пад краем абрыву, другія адграбалі накапанае.
Тры дні пайшло на тое, каб зрабіць ладную пячору. I калі калы глуха застукалі па вечнай мерзлаце, землякопы спынілі працу.

У старога маманта былі хворыя зубы. Адчуваючы пастаянны боль, які часам мацнеў і рабіўся невыносным, ён стаў злосны, пачаў задзірацца. Таму статак выгнаў свайго няўжыўчывага сародзіча. Днямі мамант-адзінец блукаў па схілах гліністых узгоркаў, еў лісце лазы і вярбы, ласаваўся грыбамі, а калі ж мучыла смага, спускаўся па звярынай сцежцы да ракі.

Сёння маманта нешта ўстрывожыла на сцежцы. Перад паваротам на поплаў ён спыніўся. і пачаў хобатам абнюхваць зямлю. Хоць ледзь улоўна, але пахла чалавекам! Не, лепш гэту мясціну абысці. Але тады трэба вяртацца назад, бо справа ўздымаўся стромкі бок рачной тэрасы, а злева свяціла пусткаю вялікая прамывіна. Пакуль звер нерашуча тупаў на месцы, на сцежку выбеглі людзі. Яны крычалі што было моцы, размахвалі паходнямі і кідалі іх у маманта. Мамант лёгка б раздушыў кожную з гэтых двухногіх істот, але страх перад пякучым агнём быў мацнейшы, чым злосць. Звер цяжкім трушком пабег па сцежцы... да ракі. I тут пад яго нагамі пачала правальвацца зямля. Мамант ірвануўся ўбок, але было позна, і ён усёй сваёй шматтоннай аграмадзінай абсунуўся ў яму — пастку.

Далёка па наваколлі прагучаў пераможны крык людзей. Жанчыны і дзеці, старыя і хворыя — хто толькі мог рухацца — пайшлі і пабеглі з паселішча да мамантавай сцежкі, дзе паляўнічыя ўжо кідалі на звера цяжкія камяні, калолі яго дзідамі.

Мамант яшчэ ўздымаў хобат і раз'юшана трубіў, яшчэ тузаўся ў пастцы, абрушваючы са сценак ямы зямлю. Але ўжо быў асуджаны...
МАЛАДЫ МАСТАК
Каля дваццаці шасці тысяч гадоў назад. На беразе ракі

Судасць каля сучаснай вёскі Елісеевічы, што на Браншчыне
Тёплы сонечны час перад паўднём. Пад пясчаным абрывам на беразе невялікага ручая сядзіць старая жанчына. Побач корпаецца ў пяску напаўголы хлопчык гадоў шасці — яе ўнук.

Уніз па цячэнню ручая праз хмызняк паблісквае на сонцы шырокая вада. Там рака. Калі зірнуць уверх на край абрыву, бачна голле ялін і вяршыні невялікіх бярозак. Далей нічога не відаць, але там крыху воддаль ад абрыву месціцца паселішча першабытных людзей. Старая жанчына і яе ўнук адтуль.

Бабуля спачатку не хацела браць з сабою малога. Але ж той вельмі прасіўся: пакажы ды пакажы, як выразаеш чалавечкаў.

3 маленькай пячоркі пад каменем старая дастала загорнутыя ў бяросту кавалкі мамантаэага біўня, крамянёвыя разцы, нож. Скоса зірнула на ўнука і завагалася — ці пачынаць. Тое, чым яна зараз зоймецца, трэба рабіць без сведкаў. Так патрабуе звычай. Ну, але ж можа духі і не будуць злавацца, бо ў малога вока чыстае, без уроку. Уздыхнула па-старэчаму і дастала з меншага скрутачка няскончаную статуэтку, у якой ужо ўгадвалася постаць жанчыны, маладой і дужай. Бабуля пачала зразаць з кавалка біўня лішнія выступы, затым саскрэбвала іх скрабком, рабіла выемкі крамянёвым разцом. Шчыравала жанчына над статуэткаю і краем вока бачыла, як усхвалявана сочыць за яе працай унук, ловячы кожны рух, стараючыся ўсё запомніць. А калі дробным пясочкам і шкуркай пачала паліраваць гатовую статуэтку, малы не вытрымаў:

— Як прыгожа! Старая ледзь прыкметна ўсміхнулася — усё ж прыемна, калі хто пахваліць. Хоць бы і дзіця. А што б ён сказаў, убачыўшы, якія фігуркі яна выразала, калі была маладзейшая, калі не дрыжэлі пальцы і было вастрэйшае вока?!

— А зараз, унучак, шаман скажа над статуэткай чароўныя словы, абкурыць дымам з замоўленых траў і ўвойдзе ў яе дух Вялікай жанчыны, ахоўніцы агнішча, прадаўжальніцы чалавечага роду...

— Бабуля, а табе не трэба гэты кавалачак? — нясмела зацытаў унук, паказ-ваючы на невялікі абломак косткі: — Вазьмі, унучак, пазабаўляйся,— пагладзіла яна малога па галаве.

Задумалася старая, грэючыся на сонцы. Нават крыху задрамала. Ці то мроіла, ці то ўспамінала яна сябе дзяўчынкай у мяккім кажуху з пясцовых шкурак і ў такіх жа сшыванках на нагах. Але ўсё адно часам мерзла. Асабліва зімою, калі ішлі бясконцыя снягі, калі пранізлівыя вятры, здавалася, адарвуць ад зямлі і панясуць на край свету ўсё, што не трымалася за перамёрзлую зямлю ўчэпістымі каранямі. Дрыжэў пад напорам ветру іх будан, трымцелі звярыныя шкуры на страсе. А калі ў шчыліны ўрываўся вецер, закручвала дымам з агнішча, пякло ў вачах і рваў грудзі кашаль. А ўсё роўна дзяцінства ўспаміналася, як добры і далёкі сон. Хоць было часамі і холадна, і голадна, і колькі разоў хвароба ледзь не забрала яе ў Краіну продкаў... Затым малюнкі дзяцінства пабляклі. Нешта зялёнае, быццам бяр-завыя галінкі, загайдалася перад вачамі, і старая зусім заснула. Прахапілася ад таго, што ўнук тузаў за плячо і гукаў у вуха:

— Бабуля, бабуля, зірні, што я зрабіў!

Жанчына шурпатай далонню правяла па твары, праганяючы сон, азірнулася па баках. Сонца стаяла так жа высока, значыць, заснула на хвілінку, а здалося — надоўга.

Унук працягваў кавалак косткі:

— Паглядзі, бабуля.

Яна ўзяла кавалак у рукі і пачала ўглядацца, жмурачы яшчэ сонныя вочы. Большую частку косткі пакрывалі свежыя драпіны і нарэзкі, якія спляталіся ў складаны і, як здавалася, бязладны ўзор.

— Гэта ж наша паселішча, бабуля. А вось рака,— не выцерпеў малы. I сапраўды, зараз жанчына разабрала, што здвоеныя дугі — іх буданы, хвалістая рысачка ўверсе — далягляд, а ўнізе набягаюць рачныя хвалі.

— Ах жа, ты мой памочнік,— усцешылася жанчына.— Вазьмі большы кавалак біўня, выраж яшчэ што-небудзь. Бачу, што зможаш мяне, старую, некалі замяніць.

Радасна малому. Яму хочацца выразаць так, як яго бабуля. Ен ужо і спрабуе з кары або дрэва. Часам і атрымоўваецца — гарбаты тоўсты мамант, насарог з вострай галінкай замест рога... Вось толькі фігуркі людзей пакуль што не выходзяць! Але нічога, атрымаюцца. Ен будзе вельмі старацца. Ен кожны раз будзе прыходзіць сюды з бабуляй, вучыцца ў яе.


У СТАРАЖЫТНЫМ БУДАНЕ

Калі дваццаці пяці тысяч гадоў назад.

На поўдзень ад сучаснай вёскі Бердыж
На шырачэзным поплаве пятляе, раздвойваецца і растройваецца рака. Яна яшчэ не вымыла глыбокага рэчышча. Ей прасторна. На астравах, на берагах затокаў і старыц парос хмызняк. Месцамі ў нізінах бачны звілістыя стужкі свежанамытага пяску і жвіру — растаюць далёкія ледавікі, і тады рака разліваецца.

Ва ўсе бакі ад рачной даліны цягнецца бясконцая хвалістая раўніна, пакрытая расліннасцю халодных стэпаў, якая на паўночных схілах узвышэнняў больш падобна да тундравай. На паўднёвых схілах і ў ярах туляцца ляскі з нізкарослых асін, бярозак, ялін.

На мысе паміж берагам ракі і неглыбокім ярам прымасціліся два буданы. Буданы авальныя. Асновы іх сцен выкладзены чарапамі і іншымі буйнымі косткамі мамантаў. Жэрдкі і звязаныя паміж сабой мамантавыя рэбры ўтвараюць каркас страхі, накрытай шкурамі вялікіх жывёлін. Шкуры ўнізе замацаваны каменнем, каб не знесла бурамі.

Брудна і няўтульна навокал. Шмат смецця, патрушчаных і абгрызеных костак.

3 прырэчнага боку буданоў чарнеюць уваходы — як пралезці сагнутаму чалавеку. Давайце ж зазірнём туды... Якраз насупраць уваходу размешчана амаль патухлае агнішча, толькі тлее некалькі вугалёў. За агнішчам з даху звісаюць шкуры паўночных аленяў і бізонаў, якія дзеляць будан на два памяшканні. У прыцемку можна разгледзець лежакі на касцяных вымастках, пакрытыя мяккімі шкурамі. На адным лежаку стары. Ен раз-пораз кашляе: хворы. Каля ўваходу прыстаўлена некалькі дзідаў, збоку ляжаць скураныя торбы, пад жэрдкамі даху — пукі сушаных сцяблін, карані ядомых раслін.

Каля буданоў у вечнай мерзлаце выкапаны ямы — мясныя кладоўкі. Яны прыкрыты мамантавымі чарапамі, лапаткамі, цяжкімі камянямі, каб да харчовых запасаў не змаглі дабрацца лісіцы і ваўкі. Але зараз у кладоўках пуста, толькі патыхае з іх холадам.

Такой цёплай летняй парой, як цяпер, жыхары паселішча большасць свайго часу праводзяць на свежым паветры. На летнім агнішчы смажацца кавалкі аленіны. Тлушч капае на вугалі і ўспыхвае куродымным полымем. Смурод ад гнілаватага мяса разыходзіцца навокал. Але нават і такога мяса засталося мала.

Каля агнішча на кукішках — зямля ж халодная — сядзяць дзве жанчыны. У сваёй груба пашытай з калматых шкур вопратцы яны падобны на нейкіх дзіўных маўклівых птушак. Жанчыны сочаць, каб смажаніна не падгарэла.

Бліжэй да будана маладая жанчына расцягнула на зямлі свежую лісіную шкуру, прымацаваўшы яе па краях калочкамі, і крамянёвым скрабком здзірае мяздру, каб шкурка стала тонкай і гнуткай. Тут жа старэйшая жанчына сядзіць на мамантавым чэрапе і з дапамогай касцяной праколкі і сухажылляў сшывае са шкур цёплую зімовую вопратку.

Каля буданоў бегаюць дзеці: то смяюцца, то плачуць, пачаўшы бойку. Але вось дзеці згрудзіліся над ярам і закрычалі:

— Нашы вяртаюцца з палявання!

Мужчыны неслі ўпаляванага сайгака, падвязанага да доўгай жардзіны. Яго выгнутыя рогі цягнуліся па зямлі, прадзіраючы дзве цёмныя баразны. Узбуджана падняліся і жанчыны, пачалі падкідваць у агнішча ламачча, раздзьмухваць полымя. Сёння ўсе лягуць спаць пад'еўшы.

Як толькі зайшло сонца, людзі забраліся ў буданы. Нейкі час адтуль яшчэ далятаюць прыглушаныя галасы, але хутка ўсё навокал заціхае. Толькі шуміць рачная вада ў прыбярэжнай лазе ды недзе зрэдку спрасоння ўскрыквае птушка. Не спіць воін каля агнішча. Абапёрся на дзіду і, як зачараваны, глядзіць на агонь. Яму нельга спаць — чарга пільнаваць.

  1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка