Што такое атамная электрастанцыя ў Беларусі і чаму яна нам ня трэба




Дата канвертавання17.03.2016
Памер98.89 Kb.
Што такое атамная электрастанцыя ў Беларусі і чаму яна нам ня трэба.
Чарнобыльская катастрофа, якая яшчэ гадоў з дзесяць назад прэтэндавала на месца галоўнага нацыянальнага міту, патроху забываецца, стціраецца з масавай сьвядомасьці. Але ці гэты працэс натуральны? Вядома ж не. Даволі пэўныя інстытуцыі й людзі актыўна "дапамагаюць" нам забыць яе. Урад ужо даўна вядзе працу па двух кірунках:

1) ліквідацыя льгот і сацыяльнай дапамогі "чарнобыльцам";

2) гаспадарчае асваеньне рабруджаных радыяцыяй рэгіёнаў.

З 1994 г. рэзка зьмяньшаліся расходы на чарнобыльскія праграмы.

1 верасьня 1995 г. указам прэзідэнта №349 было прыпыненае дзеянне многіх артыкулаў закона “Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС” (1991 г.). Канстытуцыйны суд прызнаў указ неканстытуцыйным, але указ дзейнічае дагэтуль.

У 1999 г. быў зьняволены і асуджаны на 8 год турмы (нібыта за хабарніцтва) прафэсар, рэктар Гомельскага мэдычнага інстытуту Юрый Бандажэўскі, які займаўся праблемамі здароўя чалавека пад узьдзеяньнем радыяцыі на канкрэтным матар’яле пасьлячарнобыльскай Гомельшчыны.

З 2000 г. фактычна не вядзецца адсяленне з забруджаных тэрыторый.

12 ліпеня 2002 г. уступіў у сілу дэкрэт прэзідэнта №16, дзе усталявана, што да ўнясеньня зьменаў у закон “Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС” выплата грамадзянам дапамогі і даплат, прадугледжаных некаторымі артыкуламі згаданага закона, не праводзіцца.

Да 2002 г. на Беларусі было тры навукова-даследчых інстытута, якія займаліся “чарнобыльскай” тэматыкай: у Менску, Магілёве і Гомелі. Яны былі аб’яднаныя ў адзін, які месьціцца ў Гомелі; адбылося значнае скарачэньне навукоўцаў. Лепшыя навуковыя кадры з Менску і Магілёву, натуральна, засталіся ў сваіх гарадах.

З афіцыйнага пераліку забруджаных тэрыторый паціху выключаліся асобныя населеныя пункты і акругі.

У 2002 г. Сусьветны банк падрыхтаваў справаздачу №23883-BY “Беларусь: Агляд наступстваў аварыі на ЧАЭС і праграм па іх пераадоленьню”. Гэтая справаздача ёсьць квінтэсэнцыяй антыграмадзкай ідэалёгіі буйнога транснацыянальнага капіталу па пытаньнях чарнобыльскай катастрофы. Паводле меркаваньня банкаўскіх ідэолягаў, “выделение больших объемов социальной помощи (на которую уходит основная часть чернобыльского бюджета) привело к формированию у населения менталитета “жертвы” и возникновению иждивенческой зависимости от государственной помощи”. На іхную думку, трэба рэзка скараціць усе сацыяльныя праграмы (фактычна, зьнішчыць), зьменьшыць аб’ёмы аказаньня мэдычнай дапамогі, а замест гэтага падтрымліваць прыватны сектар (праз падатковыя ды іншыя палёгкі), разьвіваць на забруджаных землях сельскую і лясную гаспадарку. Як бачна, меркаваньне “спэцыялістаў” Сусьветнага банку амаль цалкам супадае з пазыцыяй уладаў Беларусі.

А ў красавіку 2006, напярэдадні 20-годдзя аварыі, Сусьветны банк выдзяліў РБ крэдыт на праект "рэабілітацыі" рэгіёнаў, якія пацярпелі ад Чарнобыля. Большы цынізм уявіць цяжка. 50 мільёнаў даляраў, якіх хапіла б на перасяленьне ў адносна "чыстыя" рэгіёны (Гарадзеншчыну, Віцебшчыну) тысячаў людзей, пойдуць на... рамонт кацельных і цепласетак і газіфікацыю дамоў. Ад спальваньня мясцовай радыёактыўнай драўніны людзі пакутуюць, але ад замены драўніны на газ будуць пакутваць сямейныя бюджэты, а ў выніку тыя ж самыя людзі.

19-21 красавіка 2006 г. ў Менску і Гомелі прайшла міжнародная канфэрэнцыя "Чарнобыль праз 20 год", на якой "кішэнныя" навукоўцы, агенты атамнага лобі (Міжнароднай агенцыі атамнай энэргетыкі/МАГАТЭ ды інш.) і ручныя прадстаўнікі "грамадзкіх арганізацый" абмяркоўвалі, як уводзіць забруджаныя стронцыем-90 землі ў сельскагаспадарчы зварот, як аказваць "адрасную дапамогу" пацярпеламу насельніцтву (чытай: як адмовіць большасьці пацярпелых у дапамозе), як давесьці "чарнобыльцам", што ўсе іх хваробы (апрача раку шчытападобнай залозы) - ад нэрваў, а не ад радыяцыі.

Пры дапамозе міжнароднага атамнага лобі ў Беларусі вядзецца актыўнае сельска- і лесагаспадарчае асваеньне забруджаных радыяцыяй земляў. Прадукты, вырашчаныя на Гомельшчыне, трапляюць ва ўсе рэгіёны. Нядаўнія досьледы інстытута "БелРад" паказалі, што нават у Полацку многія дзеці маюць узровень накапленьня радыёнуклідаў у арганізме 40 і больш бекерэляў на кг, што перавышае бясьпечны парог (20-30 Бк/кг для дзяцей) і можа выклікаць сур'ёзныя захворваньні.

Відаць, улады мяркуюць, што закрылі праблему "чарнобыльскіх тэрыторый". Каб канчаткова давесьці, што жыхары Беларусі прыстасаваліся да "мірнага атаму", у краіне зьбіраюцца будаваць АЭС. Афіцыйную заяву аб плянах пабудовы АЭС Лукашэнка зрабіў 1 сьнежня 2006 года.
Інтэнсыфікацыя?

Спачатку меркавалася збудаваць АЭС за дзевяць год. 16 лютага 2007 прэм'ер-міністр РБ Сяргей Сідорскі заявіў, што РБ мяркуе скараціць тэрмін будаўніцтва станцыі да чатырох год.

Існуюць прыклады будаўніцтва АЭС у такі сьціслы тэрмін толькі ў Японіі і Паўднёвай Карэі, калі на адной пляцоўцы будаваліся адначасна некалькі блёкаў. Але там будаваліся блёкі па 600 мэгават, а ў Беларусі плянуюць два па 1,000 МВт.

Усе ведаюць, як у нас працуюць у рэжыме "аўрала". Тэхналёгіі не вытрымліваюцца, аб'ект вылятае за межы гадавога бюджэта ў паўгады, тэрміны таксама ніхто ня здольны вытрымаць. Цудоўны прыклад - Нацыянальная бібліятэка. Гэтая "будоўля стагоддзя", што прорва, зьела безьліч сродкаў. Шыльда на бібліятэцы сцьвярджае, што пабудавана яна ў 2005. Афіцыйна "пад ключ" яна была здадзеная летам 2006. Рэальна аддзелачныя работы працягваюцца дагэтуль. Мінулагоднія восеньскія дажджы залілі колькі працоўных памяшканьняў - у толькі што пабудаваным галоўным аб'екце сталіцы! Але АЭС - не аб'ект культуры. Здаць яе зь недаробкамі - падпісаць персаналу станцыі і навакольнаму насельніцтву сьмяротны прысуд. А хто можа даць гарантыю, што ў гэтай краіне такое не адбудзецца?

У іншым выпадку будаваць будуць доўга, і грошай праект зьесьць столькі, што народ шмат дзесяцігоддзяў будзе расплочвацца з узятымі пад будаўніцтва крэдытамі. У лепшым выпадку не дабудуюць і не запусьцяць. Так і будзе пачварная спаруда стаяць "паміж пустак, балот беларускай зямлі" і нагадваць усім пра ідыятызм аўтарытарнага кіраўніцтва.
Чаму АЭС бяссэнсоўна будаваць?

АЭС насамрэч ня тое каб бяссэнсоўна будаваць. Будаўніцтва АЭС - забойства. То бок, калі насельніцтва нейкага рэгіёна хочуць зьнішчыць з асаблівым цынізмам, марудна, расьцягваючы пакуты, АЭС - найлепшы сродак. "Белорусский народ будет жить плохо, но недолго"?

Але хіба няма ў дзейнасьці атамных электрастанцый дадатных бакоў? "АЭС даюць танную энэргію, яны дапамагаюць змагацца з глябальным пацяпленьнем клімата. АЭС дасьць асабліва важную для Беларусі на сучасным этапе (хаця б частковую) незалежнасьць ад паставак энэрганосьбітаў (газу і нафты) з Расіі. Сучасныя АЭС бясьпечныя, ня тое што рэактары "чарнобыльскага" тыпу".

Такія цьверджаньні - ад пачатку да канца хлусьня, прыдуманая "атамным лобі".

Электраэнергія, вырабленая на АЭС, можа падацца больш таннай, толькі калі ня ўлічваць вялізных датацый, што ўкладаюцца ў атамную энэргетыку заўжды і паўсюль. Іначай атрымліваецца вось што: будаўніцтва АЭС шматкроць даражэй за будаўніцтва (fossil fuel) электрастанцый аналягічнай магутнасьці. Але проста бясконцымі зьяўляюцца расходы на закрыцьцё атамнай электрастанцыі, будаўніцтва і падтрыманьне сховішча для адпрацаваных радыёактыўных матэрыялаў. Бясконцымі ня толькі дзеля іх велічыні (затраты на закрыцьцё АЭС перавышаюць у 13 разоў штогадовыя расходы РБ на пэнсійнае забесьпячэньне), але і дзеля іх працягласьці. Радыёактыўныя адкіды трэба захоўваць у спэцыяльных сховішчах мільёны гадоў. Калі ўлічыць, што чалавецтва існуе 2-3 мільёны гадоў (а чалавек сучаснага тыпу - каля 40 тыс. гадоў), такі тэрмін можна лічыць вечным. Сховішча трэба рэгулярна інспэктаваць, паднаўляць, каб не было ўцечак. Усё гэта клопатна і дорага. Што скажуць нам нашчадкі за такую спадчыну?

Кошты ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС пакрывала грамадзтва (а гэта мільярды даляраў). Уявіце, якія рахункі за электраэнэргію прыходзілі б спажыўцам, каб кошты аварыі былі ўключаныя ў цану электраэнэргіі!

"Мірны атам" і блізка не зьяўляецца рашэньнем праблемы глябальнага пацяпленьня. Здабыча урану, яго ўзбагачэньне, перапрацоўка ў паліва, захаваньне адкідаў узбагачэньня, перавозка ўранавага паліва патрабуюць шмат энэргіі, якую атрымліваюць... правільна, шляхам спальваньня выкапнёвага паліва (нафты і газу). Працэсы ўзбагачэньня і перапрацоўкі ўранавай руды праводзяцца з прыцягненьнем (альбо прыводзяць да ўтварэньня) небясьпечных хімікалій (трыхлёрэтылен, хром, сплавы цырконія, распушчальнікі ды поліхлёрбефенілы). Усё гэта перыядычна выкідаецца заводамі па ўзбагачэньні і перапрацоўцы ў паветра ці ваду, разам з уласна уранам. Фтор ды яго галагенныя злучэньні маюць патэнцыял для глябальнага пацяпленьня прыкладна ў 10,000 разоў большы за патэнцыял вуглякіслага газу. Вядома, атамная індустрыя не паведамляе пра такія выкіды, але можна не сумнявацца, што істотныя колькасьці іх трапляюць у атмасфэру. У будаўніцтве станцыі, а пасьля сховішчаў для адкідаў, задзейнічана безьліч тэхнікі, якая таксама сілкуецца нафтапрадуктамі і выкідае ўсё той самы вуглякіслы газ ды іншыя парніковыя газы (і яшчэ больш небясьпечныя рэчывы). Але нават калі б раптам атамная энэргетыка выкідала меней парніковых газаў на адзінку вырабленай энэргіі, чым іншыя галіны энэргетыкі, дык усё адно яна не магла б стаць рашэньнем праблемы глябальнага пацяпленьня. На сёньня атамная энэргія складае толькі 2,7% глябальнага спажываньня энэргіі. Каб забясьпечыць чалавецтва энэргіяй, урану папросту не хапіла б.
Бясьпечныя АЭС?

Пра што вы кажаце: атамныя рэактары легальна выкідаюць радыёактыўныя рэчывы. Радыёактыўнае забруджаньне выходзіць за межы атамных аб'ектаў ня толькі ў надзвычайных выпадках. Яно мае месца легальна і штодня. Гэтыя дазволеныя і кантралюемыя выкіды неабходныя дзеля належнага функцыянаваньня атамных аб'ектаў, і апошнія "пастаўляюць" у навакольнае асяроддзе шырокі асартымэнт небясьпечных радыёактыўных часьцінак, што выклікаюць рак.

У Бэрнэме-на-моры (Burnham-on-Sea) ў брытанскім графстве Сомэрсэт, каля атамнай электрастанцыі Хінклі-Поінт, рызыка раку шыі і нырак у шэсьць разоў большая, чым у сярэднім па краіне, лейкеміяй хварэюць учацьвёра часьцей, а ракам грудзяў - удвая.

Так званыя "малыя дозы радыяцыі" прыносяць больш высокую сьмяротнасьць сярод немаўлятаў, больш прыроджаных дэфектаў, выкідышаў і мёртванароджаньняў, больш сардэчных хваробаў і хранічны сымптом стомленасьці.

Чалавечыя памылкі на АЭС здараюцца пастаянна. Вядома, у большасьці выпадкаў яны не такія фатальныя, як у Чарнобылі, але таксама прыводзяць да незаплянаваных выкідаў у атмасфэру і ваду радыёактыўных рэчываў. Найбольш небясьпечны выпадак апошніх гадоў здарыўся ў Вугоршчыне ў 2003. Рэактар у Пакс быў на мяжы выбуху; скончыўся інцыдэнт масавымі выкідамі радыёактыўных газаў. Наогул за 20 гадоў з часу Чарнобыльскай катастрофы ў сьвеце здарылася 22 вялікіх інцыдэнты на атамных электрастанцыях, 16 зь іх скончылася радыёактыўнымі выкідамі. Колькасьць "малых" інцыдэнтаў ніхто ўказаць ня ў стане. У тым самым 2003 Гаджыму Маэда, тагачасны прэзыдэнт Сусьветнай асацыяцыі атамных апэратараў (WANO) прагаварыўся, што дэрэгуляцыя рынкаў энэргіі выклікала "страту матывацыі, самазадаволенасьць (?) і абыякавасьць да падтрыманьня культуры бясьпекі" ў пэрсанала атамных станцый.

Якую сувязь мае энэргетычны рынак з матывацыяй пэрсанала? Раней атамная энэргетыка трымалася за кошт дзяржаўных датацый. Пэрсанал атрымліваў гарантавана высокую і стабільную зарплату. Цяпер, калі ў многіх краінах атамная энэргія канкуруе зь іншымі відамі, кіраўніцтва АЭС зьніжае заробкі. Пэрсанал, адпаведна, не гарыць жаданьнем якасна працаваць. А раззьвізьдзяйства на такім аб'екце можа скончыцца трагічна.


А цяпер - яшчэ пра адзін надзвычай цікавы аспект атамнай энэргетыкі. Чаму яна атрымлівала, а ў некаторых краінах працягвае атрымліваць неверагодныя па памерах дзяржаўныя датацыі? Ядзерныя рэактары пачалі будаваць у канцы 1940-х гадоў у ЗША і СССР. Задачай першых рэактараў была вытворчасьць матэрыялаў для атамных бомбаў, у прыватнасьці, плутонія. Цяпер плутоній з большасьці рэактараў не выкарыстоўваецца ў зброі, яго даводзіцца "кансэрваваць" у спэцыяльных сховішчах. Але з большасьці - не з усіх. Здагадайцеся, навошта атамныя электрастанцыі Ірану? Адназначна, не для таго, каб вырашаць энэргетычную праблему. Іран - краіна, багатая на нафту. А Рыгорыч ужо неяк выказваў шкадаваньне: маўляў, дарма Беларусь стала бяз'ядзернай дзяржавай і вывяла баегалоўкі са сваёй тэрыторыі (гл. артыкул 18 канстытуцыі).
Пра мізэрную долю атамнай энэргетыкі ў сусьветнай энэргетыцы ужо пісалася вышэй. Уран - гэта таксама выкапнёвае паліва (як нафта і газ), таму развіцце атамнай энэргетыкі безперспектыўна. Атамная энэргія - тупіковы шлях. Але якімі ж могуць быць шляхі разьвязаньня энэргетычнай праблемы?

Па-першае, эканомія. Больш рацыянальнае выкарыстаньне электраэнэргіі, цеплавой энэргіі, ашчаднае стаўленьне да выкапнёвага паліва на транспарце ды ў іншых галінах гаспадаркі па сьціплых падліках могуць даць да 20% эканоміі энэргіі.

Вялікі патэнцыял маюць ветра- і сонцаэнэргетыка, малыя ГЭС, энэргія біямасы. Апошняя тэхналёгія заадно часткова вырашае праблему з прамысловымі й бытавымі адкідамі.

Вельмі важна зрабіць энэргетычную сыстэму краіны дэцэнтралізаванай. Калі малая энэргетычная ўстаноўка будзе ў кожным населеным пункце, істотна скароцяцца страты пры транспартаваньні энэргіі (каля 50% па правадах). Верагоднасьць аварый, якія пакінуць вялікую колькасьць людзей без цяпла і сьвятла, папросту зьнікне. Нарэшце, такая энэргасыстэма будзе заахвочваць людзей да рэальнай эканоміі энэргіі - кожны будзе бачыць межы свайго спажываньня.


Што рабіць?

Адказ адназначны й неадназначны адначасна: барахтацца, што тая жабка ў сьмятане (ў спадзяваньні ўзьбіць масла). Як барахтацца - вырашаць мне, табе, кожнаму і нам усім разам. Вядома, патрэбная масавая інфармацыйна-агітацыйная кампанія. Пачні зь сябе: распавядзі аб праблеме сябрам, суседзям. Зрабі ўлёткі. Выйдзі на пікет супраць атамнай энэргетыкі. Калі пікеты ніхто не праводзіць, наладзь акцыю самастойна.

У ідэале праблему могуць вырашыць масавыя пратэстныя дэманстрацыі, пажадана з сымбалічным захопам адміністрацыйных будынкаў. Але масавыя дэманстрацыі пакуль здаюцца ружовымі марамі. Хтосьці спадзяецца зьмяніць усю вэртыкаль на чарговых выбарах. Хтосьці верыць у мясцовы рэферэндум у раёне, дзе мяркуюць разьмясьціць будпляцоўку пад станцыю. Хтосьці - у прамое дзеяньне (блякады, псаваньне будаўнічай тэхнікі ды інш.).

На што табе спадзявацца, табе і вырашаць. Але толькі салідарныя і масавыя дзеяньні ўратуюць нас ад маруднага генацыду. Змагайся за ўласнае жыцьцё і жыцьці сваіх ці дзяцей!


І на хвалі пратэстаў супраць будаўніцтва станцыі трэба не забыцца на іншыя патрабаваньні антыатамнага руху:

* Прызнаць жахлівыя наступствы чарнобыльскай катастрофы і праводзіць у поўным аб'ёме навуковыя даследваньні па ўплыве радыяцыі на здароўе людзей і на прыроду.

* Вярнуць усе ільготы і сацыяльныя выплаты ў адпаведнасьці з законам "Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС".

* Забясьпечыць пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС і жыхароў забруджаных рэгіёнаў належным медычным абслугоўваньнем.

* Працягнуць праграму адсяленьня з забруджаных тэрыторый і даць магчымасьць перасяліцца ўсім ахвочым з прадастаўленьнем камфортнага жытла і працы па новым месцы жыхарства.

* Спыніць вядзеньне сельскай і лясной гаспадаркі на забруджаных радыёнуклідамі землях.


Пры напісаньні артыкула выкарыстана інфармацыя з наступных крыніц:

часопіс "The Ecologist", чэрвень 2006 (http://www.theecologist.org/);

група "Экозащита!" (http://www.ecodefense.ru/);

кампанія "1 мільён эўрапейцаў супраць атамнай энэргіі" (http://www.million-against-nuclear.net/);



Даклад "Возвращение через "чёрный ход": Атомная энергетика как решение проблемы изменения климата?" (Nuclear Monitor - "Экозащита!", 2005, пераклад з ангельскай)
Скажы рэактару НЕ!

Спыні будаўніцтва АЭС!

ЗА альтернативную и безопасную энергетику!

belarus.indymedia.org

http:/belarus.avtonom.org


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка