Шмат думак снуецца ў дарозе Пад стук аднастайны калёс




Дата канвертавання06.07.2016
Памер11 Kb.
Якуб КОЛАС
АРОЛ
Шмат думак снуецца ў дарозе

Пад стук аднастайны калёс...

Пустэля. Ні хвой, ні бяроз,

А стэп замлявае ў зьнямозе.


Мой друг дарагі! Што скажу я?

Прызнаюся проста: пра Вас

Я думаў, гадаў, і ня раз.

Вітаў я зямельку чужую,


Вітаў я і тыя куточкі,

Што Вас узрасьцілі ў красе,

І Вашы парывы, і радасьці ўсе,

І добрыя дні Вашы й ночкі.


І сумна было мне: нічога,

Нічога ж ня ведаў, дзе Вы,

І думкі ня йшлі з галавы –

Дзе ж Ваша праходзіць дарога?


Няўжо ж не сустрэну ніколі

Ні ў гэтым, ні ў іншым краю

Вясну маладую маю,

Што ў ценю прыкрылі таполі?


Няўжо ж у садочку вішнёвым,

Дзе Вы апявалі вясну,

Я болей на Вас не зірну,

Ня ўчую ўжо Вашага слова?


І раптам – адкуль невядома –

Мільгнулася думка-страла:

Дзевятага згледжу арла –

І друга застану я дома.


Быць можа, наіўнаю, сьмешнай

Пакажацца Вам варажба,

Ды ў ёй гаварыла журба

Душы маёй стомленай, грэшнай.


І от – прасьвятліліся вочы...

Арол сьветлакрылы! Арлу

Прыношу я чэсьць і хвалу

За тое, што мне напрарочыў.


1943

http://rv-blr.com/vershu/view/48663


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка