«Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Я. Баршчэўскага і традыцыі еўрапейскай навелістыкі эпохі Адраджэння




Дата канвертавання15.03.2016
Памер110.08 Kb.


Смулькевіч А.А.
«Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Я. Баршчэўскага і традыцыі еўрапейскай навелістыкі эпохі Адраджэння

Адной з амаль што самых старажытных і папулярных літаратурных формаў з’яўляецца зборнік навел або кароткіх апавяданняў, прыклады якіх мы можам знайсці ў арабскай і індыйскай літаратурах Сярэднявечча («Павучальная кніга клірыка», «Рымскія дзеі», «Тысяча і адна ноч»; «Прыгоды дзесяці прынцаў», «Семдзесят апавяданняў папугая», «Семь мудрацоў») [1, 2, 3] і нават раней – «Панчатантра» (III ст. да н.э.). Пашыраны інтарэс да навелістычных зборнікаў праяўлялі і еўрапейскія аўтары і чытачы. Яшчэ да таго часу, калі ў гэтым жанры з’явіліся выразна акрэсленыя правілы стварэння, пісаць такія зборнікі спрабавалі розныя аўтары. Найбольшую зацікаўленасць выявілі італьянскія пісьменнікі («Il Novellino» (кан. XIII ст.) невядомага аўтара, «Дэкамерон» (1350-1353) Джаванні Баккачча, «Пекаронэ» (1378) Сэра Джаванні Фларэнтыйца, «Трыста навел» (кан. XIV ст.) Франчэска Саккецці, «Навельерэ» (1390-я гг.) Джаванні Серкамбі, «Фацэціі» (XV ст.) Поджа Браччалліні) [4, 5, 6]. Таму не было зусім нечаканым і тое, што нарміраванай такая літаратурная форма стала пад пяром менавіта італьянца Джавані Бакачча ў ягоным знакамітым паўсюль і ўпадабаным нашымі сучаснікамі «Дэкамероне». А. Міхайлаў вылучае наступныя прыкметы зборніка навел: «Это число рассказов – сто, это членение книги на «дни», «декады», «ночи», «части», это наличие обрамления, играющего достаточно заметную роль, нередко несущего основную идейную нагрузку» [7, с. 3].

Правіламі, усталяванымі вялікім італьянскім творцам, карысталіся яго паслядоўнікі не толькі ў Італіі, але і ў Францыі («Сто новых навел» (сяр. XV ст.) невядомага аўтара, «Гептамерон» (сяр. XV ст.) Маргарыты Наваррскай, «Новыя забавы і вясёлыя гутаркі» (1558) Банавенцюра Дэпэр’е) [8]. Пры гэтым амаль кожны аўтар спрабаваў дадаць нешта ад сябе, выпрацаваць свае правілы, узбагаціць ідэйны змест сваім успрыманнем гэткай формы.

Не абмінула навелістычная традыцыя і наш родны край. У Еўропе зборнікі павучальных апавяданняў пачалі ўзнікаць на аснове пропаведзяў святароў, а на тэрыторыі Беларусі першымі зборнікамі апавяданняў можна было лічыць творы мемуарнай літаратуры XVIII ст., некаторыя з якіх набліжаліся да «прыгодніцкага» рамана. Акрамя сухога выкладу фактаў прыгод аўтара, такія творы змяшчалі ўстаўныя навелы. Напрыклад, вядомыя «Жыццё і пакуты» І. Турчыноўскага, «Авантуры» або «Рэха» С. Пільштыновай, «Успаміны» М. Матушэвіча (хаця яны былі напісаны на польскай мове, аднак аўтары жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі). Такія творы маюць толькі знешняе падабенства да зборнікаў апавяданняў. Ва «Успамінах» Саламеі Пільштыновай устаўныя навелы з’яўляюцца апісаннямі падзей асобных людзей для таго, каб скласці ўяўленне пра краіну, па якой Саламея вандравала («Авантура князёў Далгарукіх», «Гісторыя кіравання Анны Іванаўны», «Авантура Мазепы», «Авантура Кірыла Разумоўскага»). Калі разглядаць іх у жанравым аспекце, гэтыя апавяданні мала чым нагадваюць навелы.

Творы С. Пільштыновай (Русецкай) асабліва вылучае даследчык А. Мальдзіс. У яе «Авантурах», адзначае А. Мальдзіс, «апісанні падзей не засланяюць вобраз аўтара» [9, с. 48], што робіць гэтае сабранне гісторый пра яе жыццё больш падобным да суцэльнага твора. Адзіным яго робіць таксама і рамкавая канструкцыя, шмат чым падобная да ўжо замацаванай у еўрапейскай літаратуры. Цікава пачытаць уступ аўтаркі «Да ласкавага чытача», у якім яна звятраецца да сваёй аудыторыі. Яна тлумачыць мэту выдання кнігі: «паказаць пуціны майго жыцця і пакутаў» [10, с. 19], з-за якіх яна паехала жыць у Турцыю. Кніга скаладецца з сямі раздзелаў, якія змяшчаюць аповеды пра розныя этапы жыцця Саламеі: жыццё з першым мужам у Стамбуле, шлюб з панам Пільштынам, прыгоды з трэцім кавалерам, другі прыезд у Стамбул і г.д. У заключэнні аўтарка піша «Песню мае кампазіцыі», якая па стылю набліжаецца да споведзі. Бо С. Пільштынова звяртаецца да Бога і просіць збаўлення за свае пакуты. Паводле слоў А. Мальдзіса, «Рэха» – «гэта раман-аўтабіяграфія, раман прыгод, дзе свабодная, «стыхійная» плынь апавядання перапыняецца ўстаўнымі навеламі» [9, с. 57]. Аднак такія творы больш набліжаны да мемуарнай, да таго ж барочнай літаратуры, аб чым сведчыць тое, што аўтарка «звычайна выбірала з чужых расказаў нязвыклае, цудоўнае. Гіпербалізавала пачутае» [10, с. 13].

Яскравым і найбольш выразным прадстаўніком навелістычных зборнікаў перыяду станаўлення «новай літаратуры» на Беларусі можна назваць кнігу Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» [11]. Я. Баршчэўскі з’яўляецца першым беларускім пісьменнікам, твор якога адносна падобны да традыцыйнага навелістычнага зборніка. Нягледзячы на тое, што ў прадмове аўтар падкрэслівае: «Я не пераймаю формаў, якія любілі пісьменнікі англійскія, нямецкія або французскія… Узяў я форму з самой прыроды» [11, c. 8], – мы можам правесці паралелі для параўнання і паглядзець, што на самой справе меў на ўвазе Я. Баршчэўскі: альбо ён гаварыў пра форму ўсяго твору, альбо толькі пра жанравы змест саміх апавяданняў.

Пачнем з таго, што ляжыць на паверхні, што можна ўбачыць няўзброеным вокам. Па-першае, мы звяртаем увагу на кампазіцыйную структуру кнігі – абрамляючая канструкцыя і ўключаныя ў яе асобныя апавяданні, устаўныя навелы, што, несумненна, набліжае кнігу беларускага пісьменніка да еўрапейскіх навелістычных зборнікаў. Сучаснік Я. Баршчэўскага, ксёндз Ігнат Галавінскі, ахарактарызаваў «Шляхціца Завальню» наступным чынам: «А будзе гэта збор апавяданняў на якія чатыры томікі, накшталт «Тысячы і адной ночы», але з далёка лепшаю завязкай, бо яна ўзята з рэчаіснасці» [11, с. 370]. Раму твору складае апісанне жыцця героя Янкі, які ўвасабляе аўтара, да таго ж мае аўтабіяграфічныя рысы, у сядзібе свайго дзядзькі шляхціца Завальні ў зімовыя святы. Такі перыяд абраны аўтарам нездарма, бо толькі зімою, калі возера, на беразе якога і знаходзіцца хата Завальні, замярзае, пан мае магчымасць паслухаць любыя яму гісторыі пра свой родны край ад падарожнікаў. Такая завязка вельмі зручная для аўтара, бо можна ўводзіць у кнігу столькі аповедаў, колькі трэба, на той выпадак, калі зыходная задума аўтара зменіцца. Напрыклад, у Баккачча і яго італьянскіх і французскіх паслядоўнікаў колькасць удзельнікаў выразна зафіксавана ў рамачанай канструкцыі. У «Кентэрберыйскіх апавяданнях» [12] англічаніна Дж. Чосара спачатку таксама гаворыцца, колькі мы пачуем гісторый, але ж абраная задума арганізацыі сюжэта рамы – падарожжа-паломніцтва – спрыяе таму, што аўтар можа ўключаць новых персанажаў і новыя гісторыі па ходзе твора. Гэта надае твору большую блізкасць да рэчаіснасці.

Вобраз рэчаіснасці ў кнізе «Шляхціц Завальня» будуецца на аснове дакладнага апісання месца – возера Няшчарда, дзе знаходзіўся маёнтак заможнага шляхціца, – якое сапраўды існавала і існуе зараз, якое было вядома патэнцыяльным чытачам. Уступны «Нарыс паўночнае Беларусі» гаворыць сам за сябе. Нейкае падабенства такога уступу мы сустрэнем у Чосаравых «Кентэрберыйскіх апавяданнях» і ў «Дэкамероне», дзе ва ўступе Чосар дае сціплае апісанне гасцініцы «Табард», дзе сустакаюцца паломнікі, а Баккачча апісвае Фларэнцыю ў час чумы. У «Шляхціцы Завальне» згадваюцца імёны паноў, аднак амаль увесь час скарочаныя да адной літары. Гэтыя паны, магчыма, сапраўды жылі на тэрыторыі сучаснай Віцебскай вобласці. Такі прыём не выкарыстоўваўся ў вышэйпаказаных еўрапейскіх і ўсходніх зборніках. Да таго ж іх героі распавядалі пра часы, даўно мінулыя. А Я. Баршчэўскі ўзгадвае сучаснікаў пана Завальні, што робіць кнігу прыцягальнаю для тагачаснага і сучаснага беларуса.

Рэчаіснасць падкрэсліваецца аўтарам не толькі праз дэталёвае апісанне беларускіх традыцый і святаў, побыту простага чалавека ў цэлым, яго думак і мараў, але і праз малюнкі асобных прадстаўнікоў народа. Мы знойдзем вялікую галерэю вобразаў беларускага народа (як і ў Чосара): шляхціц, рыбак, падарожнікі, бяднота (сляпы Францішак), вучні Полацкай акадэміі, сяляне, арганісты, прадстаўнікі дробнай шляхты, цыган. А ў саміх аповедах гаворка вядзецца пра жыццё паноў. Прычым, калі паны жывуць не па боскіх законах, то іх жыццё супрацьпастаўляецца жыццю сялян. Іншымі словамі, атрымлівае негатыўную ацэнку ад простага чалавека, а праз яго – і ад аўтара. Праз апісанні і праз словы герояў мы можам скласці вобраз беларуса: гасцінны, добры, ветлівы, заўсёды дапаможа іншым, працавіты, паважае традыцыі сваіх продкаў, не страчвае веры ў лепшае жыццё.

Калі мы параўнаем беларускі твор з еўрапейскімі зборнікамі, мы знойдзем падабенства толькі з некаторымі з іх. Напрыклад, у «Дэкамероне» Баккачча прадстаўляе чытачу кола апавядальнікаў, адарваных ад натоўпу простых людзей. Усе дзесяць уцекачоў ад чумы паходзяць з дваранства. Хаця ў сваіх гісторыях яны і апісваюць чалавека з нізоў, рэлігіёзнага чалавека, усё ж такі яны не кранаюць яго асабістага жыцця, яны не зацікаўлены іх побытам, думкамі і настроямі. Гэтыя вобразы, хутчэй, патрэбны аўтару і яго апавядальнікам дзеля разнастайнасці сюжэтаў і месцаў, у іх аўтары гісторый увасаблялі тыя якасці, якія былі нехарактэрны шляхетным людзям. Такую ж адарванасць ад рэчаіснасці мы бачым і ў «Тысячы і адной ночы». Увогуле, аўтары еўрапейскіх зборнікаў імкнуцца перанесці дзеянне на тэрыторыю нейкіх замежных краін (напрыклад, у Баккачча), і чым больш краіна таямнічая, тым лепей. Гэта абумоўлена вялікай колькасцю навел. Ян Баршчэўскі, насупраць, стварае маленькую, але прасякнутую толькі «беларускім» кнігу, чым ён паказвае і даказвае, што беларусы могуць ганарыцца сваёй фальклорнай спадчынай. Падзеі, апісаныя ў «Шляхціцы Завальне», местачковыя, здараюцца толькі на тэрыторыі сучаснай Віцебскай вобласці. І ў гэтым адчуваецца нязменны патрыятызм аўтара. Што тычыцца англійскіх «Кентэрберыйскіх апавяданняў», у абрамляючай канструкцыі і некаторых з навел (напрыклад, апавяданні млынара, аканома, батскай ткачыхі) мы бачым апісанне роднага краю персанажаў. Бо жаданне Чосара на той час было больш падобна да жадання Баршчэўскага, які імкнуўся адрадзіць родную літаратуру. Такім чынам, можна сцвярджаць, што абодва гэтыя аўтары, па-першае, стаялі ля вытокаў сваёй нацыянальнай літаратуры, па-другое, мелі ў сувязі з гэтым аднолькавую мэту – унесці свой уклад у станаўленне і развіццё роднай мовы і літаратуры ў кантэксце еўрапейскай літаратуры. Аднак зрабіць гэта яны вырашылі рознымі шляхамі: Чосар звярнуў увагу на жанравы аспект, бо шмат сюжэтаў ён запазычыў у сваіх папярэднікаў, значна змяніўшы іх у адпаведнасці з англійскай рэчаіснасцю; Я. Баршчэўскі накіраваў свой талент на распрацоўку фальклорнага матэрыялу беларускіх земляў.

Цяпер трэба звярнуцца да сюжэтнага зместа апавяданняў. Усе без выключэння апавяданні ў «Шляхціцы Завальне» з’яўляюцца фантастычнымі, што і было заяўлена ў загалоўку кнігі. Матэрялам паслужыў беларускі фальклор. У сваёй прадмове да выбраных твораў Баршчэўскага перакладчык і даследчык М. Хаўстовіч прыводзіць словы сучасніка пісьменніка, ксяндза Ігната Галавінскага, які адзначае майстэрства суайчынніка ў лісце да крытыка М. Грабоўскага: «Дзівосны ў яго інстынкт у апрацоўцы паданняў, амаль нічога свайго не дадае, а ўсё – яго ўласнасць: голая казка не мела б аніякае вартасці, але ён аздабляе яе іншымі паданнямі, дасканала драматызуе, і раптам вырастае нешта суладнае, поўнае простанароднае праўды і самага сапраўднага жыцця» [13, с. 12]. І сапраўды, з аднога боку, мы выразна адчуваем чысціню матэрыялу, які пісьменнік-вандроўнік Ян Баршчэўскі некалі назбіраў на радзіме. З другога боку, гэтыя гісторыі і казкі ўмела апрацаваны, добра чуваць голас аўтара, які накіроўвае ўвесь твор.

Паводле слоў М. Хаўстовіча, «Шляхціца Завальню, альбо Беларусь у фантастычных апавяданнях» справядліва называюць галоўнаю кнігаю Я. Баршчэўскага. Гэта паўнавартасны мастацкі (а не фальклорны альбо напаўфальклорны зборнік – як часта без усялякае агрументацыі сцвярджаецца ў нашым літаратуразнаўстве) твор, вобразна-выяўленчыя сродкі якога накіраваны на выяўленне беларускае нацыянальнае ідэі» [13, с. 20]. Яго па праве можна ставіць у адзін шэраг з іншымі зборнікамі апавяданняў.

Яшчэ адным цікавым аспектам параўнання з’яўляецца месца апавядальніка ў зборніку. Апавядальнік іграе цэнтральную ролю ў рамачнай канструкцыі: ён той аб’яднальны механізм, які пераўтварае некалькі разрозненых частак у адзіны твор. Там, дзе ён не існуе (напрыклад, «Рымскія дзеі»; «Фацэціі» Бебеля – Германія [14]), цяжка вылучыць аўтарскую пазіцыю. Але ж, як правіла, навелістычныя зборнікі маюць свайго апавядальніка (пачынаючы яшчэ з індыйскага зборніка VI стагоддзя «Прыгоды дзесяці прынцаў»). Апавядальнікі падзяляюцца на пасіўных і актыўных. Першыя не ўключаны ў падзеі твора (напрыклад, у «Дэкамероне», «Тысячы і адной ночы», «Сямідзесяці апавяданнях папугая»), другія прымаюць у іх актыўны ўдзел, нават распавядаюць гісторыі самі, да таго ж ацэньваюць, часам і ўскосна, учынкі і словы іншых герояў (як у «Кентэрберыйскіх апавяданнях»). Актыўны апавядальнік надае твору яшчэ большую блізкасць да рэчаіснасці.

Прааналізуем вобраз Янкі ў «Шляхціцы Завальне». Янка, малады хлопец, скончыў Полацкую акадэмію, здольны да навук, а, такім чынам, адкрыты для ўспрымання ўсяго новага. Але сваёй вучонасцю ён не ганарыцца, як горды Філосаф з аднайменнага апавядання, які і асуджаецца аўтарам за ягоную аддаленасць ад бога і зямлі. Янка – добры слухач, які паважае апавядальнікаў, але ж мае і свой погляд. Ён не галоўны герой твора, аўтар адводзіць яму толькі ролю слухача, які з пэўнасцю перакажа потым усё, што чуў. Такое ж месца займае і персанаж Чосара: Чосар-паэт у «Кентэрберыйскіх апавяданнях» выступае ў якасці сведкі зносін розных культур і слаёў насельніцтва, літаратур двух часоў, чым кіруе карчмар Гары Бэйлі (па яго прапанове падарожнікі расказваюць гісторыі па дарозе да мошчаў святога). Цікава тое, што і Завальня, і Бэйлі прапануюць апавядальнікам ежу як узнагароду. З тым толькі адрозненнем, што карчмар выводзіць апавяданне гісторый на ўзровень спаборніцтва за абед за яго кошт. Таму ўсе спадарожнікі імкнуцца ўдасканаліць мову і стыль сваёй гісторыі. Беларускі шляхціц не прад’яўляе такіх патрабаванняў да апавядальнікаў, адзінае, што ён хоча, – каб было нешта цікавае і роднае, каб лягчэй запаміналася. Таму і не спадабалася дзядзьку і чэлядзі «Адысея» Гамера, калі яе расказваў Янка, таму і перапынілі яго словамі: «Гэтай басні прыпомніць ня можна, дужа цяжкая.» ці «А ці было калі ў сапраўднасці тое, што ты расказваеш?» [11, с. 21]. Трэба адзначыць, што Чосара-паэта таксама перапынілі, калі ён распачаў свой аповед пра сэра Тапаса. Яго паэму асмяялі, таму што па жанры яна належыць да той старай выміраючай літаратуры, адыход ад якой ужо моцна адчуваўся ў Англіі. Таксама мы бачым, што вобраз апавядальніка Завальні больш разгорнуты, чым вобраз Гары Бэйлі, што робіць шляхціца неадлучным ад яго народа, а Яна Баршчэўскага – ад беларускай літаратуры.

У сваім творы Я. Баршчэўскі адлюстраваў барацьбу ў беларускай свядомасці паміж паганствам і хрысціянствам, супрацьпастаўляючы вобразы нячыстай сілы і веру ў Бога. Доказам гэтаму можа служыць той факт, што чытанне пацеры, перажагнанне або проста згадка Маці Боскай збаўляе чалавека ад ўсяго нябоскага. Аднак, гэта было неад’емнай часткай жыцця нашых продкаў: «Знітаванасць паганскае міфалогіі з хрысціянскаю дагматыкаю ў беларусаў была настолькі моцнаю, што ў чыстым выглядзе гэтыя дзве сістэмы ніколі не існавалі» [13, с. 24]. Вельмі важна было рэалістычна апісаць нашу тагачасную радзіму менавіта такою – краінаю, якая захавала традыцыі сваіх продкаў, свабодных і незалежных.

Несумненна, у кнізе Я. Баршчэўскага мы не знойдзем таго, што сустракаем у італьянцаў або французаў, бо рознаму былі прысвечаны думкі аўтара ў час напісання кнігі, розным быў і час, і месца, і патрабаванні літаратуры і чытыча. Але гэта даказвае тое, што навелістычны зборнік з’яўляецца зручнай формай для выяўлення таго разнастайнага ідэйнага і зместавага матэрыялу, які нельга змясціць у межы аднаго жанру і аднаго твору. Зборнік дапамагае шматгранна асвяціць праблемы і ідэі, выявіць мэту напісання твору.



Такім чынам, твор Яна Баршчэўскага – твор самастойны, навеяны любоўю да радзімы і імкненнем аўтара адчыніць сховішча гістарычнай спадчыны для беларуса, абудзіць яго самасвядомасць, а таксама паказаць усяму свету, што па суседстве ёсць такая нацыя. Кніга «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» заснавана на адлюстраванні рэальнага жыцця беларускага народа і сапраўды бярэ пачатак з прыроды.
Літаратура:


  1. Средневековые латинские новеллы XIII в. – Л.: Наука, 1980. – 384 с.

  2. Тысяча и одна ночь: Избр. сказки. Кн. 1. – Мн.: Белорус. Сов. Энциклопедия, 1983. – 478 с.

  3. Индийский «Декамерон»: Семьдесят рассказов попугая. Приключения десяти принцев. – М.: Наука. Издательская фирма «Восточная литература», 1993. – 223 с.

  4. Боккаччо, Д. Декамерон. – М.: Худ. лит., 1970. – 703 с.

  5. Итальянская новелла Возрождения: Пер. с ит. / Сост., вступ. ст. и примеч. Н. Томашевского. – Мн.: Маст. лiт., 1985. – 319 с.

  6. Золотой кубок дожа: Новеллы итальянского Возрождения / Пер. с итал. А. Николаева, Ю. Верховского; Сост. А.С Николаев. – М.: Мысль, 1993. – 269 с.

  7. Мазуччо, Г. Новеллино: Пер. с. ит. – М.: Республика, 1993. – 400 с.

  8. Зарубежная литература. Эпоха возрождения. Учеб. пособие для студентов филол. специальностей пед. ин-тов. Сост. Б.И. Пуришев. Изд. 2-е. – М.: «Просвещение», 1976. – 638 с..

  9. Мальдзіс, А. Як жылі нашы продкі ў XVIII стагоддзі. – Мн.: Лімарыус, 2001. – 384 с.

  10. Пільштынова, С. Авантуры майго жыцця/ Перакл. з польскае мовы М. Хаустовіча. Прадмова А. Мальдзіса. – Мн.: Мастацкая літаратура, 1993. – 381 с.

  11. Баршчэўскі, Я. Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях/ Уклад., пер. з польскае мовы і камент. М. Хаустовіча. – Мн.: Маст. літ., 1990. – 383 с.

  12. Чосер, Д. Кентерберийские рассказы. Перевод с англ. И. Кашкина и О. Румера / Вступ. ст. и прим. И. Кашкина. – М.: Правда, 1988 – 560 с.

  13. Баршчэўскі, Я. Выбраныя творы/ Укладанне, прадмова і каментарыі М. Хаустовіча – Мн.: «Беларускі кнігазбор», 1998. – 480 с.

  14. Бебель, Г. Фацетии. – М.: Наука, 1970. – 328 с.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка