Шлях беларусі ў ЕЎропе мінск, 9-10 лютага 2010 года




Дата канвертавання01.05.2016
Памер157.4 Kb.


ШЛЯХ БЕЛАРУСІ Ў ЕЎРОПЕ

Мінск, 9-10 лютага 2010 года
Трэцяя штогадовая каферэнцыя Беларускага інстытута стратэгічных даследванняў (Вільня, Літва) праводзіцца пад патранажам Дэлегацыі Еўрапейскага Саюза ў Беларусі і арганізуецца супольна з Інстытутам даследванняў бяспекі Еўрапейскага Саюза (Парыж, Францыя) і Беларускім прадстаўніцтвам Фонда Конрада Адэнаўэра (Вільня, Літва).

Анатацыя
Два гады таму Беларускі інстытут стратэгічных даследванняў супольна са сваімі беларускімі і міжнароднымі партнёрамі ініцыяваў фармаванне новага бачання Беларусі. З таго часу BISS здолеў стварыць платформу для экспертнага і грамадскага дыялогу, каб вызначыць прастору для зменаў у краіне, што зусім нядаўна здавалася знерухомелай у мінулым. Сутыкнуўшыся з неабходнасцю адаптацыі да новых рэаліяў, выкліканых эканамічнымі ўзрушэннямі, геапалітычнымі зрухамі і сацыяльнымі зменамі, Беларусь наблізілася да арбіты еўрапейскага ўплыву, што ў сваю чаргу адкрыла новыя магчымасці для больш глыбокіх пераўтварэнняў у краіне. Ініцыятыва «Ўсходняе партнёрства» прадастаўляе ўнікальную магчымасць паскорыць працэсы еўрапеізацыі Беларусі, а беларусы могуць выкарыстоўваць яе, каб распрацаваць і прадставіць Еўропе ўласную прапанову трывалага і адказнага партнёрства.
Тем не менш, найбольш важнымі ёсць пытанні пра тое, у якой ступені ў Беларусі прысутнічае палітычная воля да еўрапейскай інтэграцыі, наколькі беларускае грамадства гатовае ўзяць на сябе цяжар неабходных рэформ і, нарэшце, наколькі сур’ёзнае стаўленне ЕС і на якіх умовах ён гатовы прыняць Беларусь.
Трэцяя штогадовая каферэнцыя BISS, якая праводзіцца пад патранажам Дэлегацыі Еўрапейскага Саюза ў Беларусі і арганізуецца супольна з Інстытутам даследванняў бяспекі Еўрапейскага Саюза і беларускім прадстаўніцтвам Фонда Конрада Адэнаўэра, стане форумам, на якім эксперты, афіцыйныя асобы, грамадскія дзеячы Беларусі, краін ЕС, Расіі і ўсходніх партнёраў ЕС, распачнуць новы працэс грамадскага дыялогу, закліканага акрэсліць шлях Беларусі да еўрапейскай палітычнай, эканамічнай і культурнай прасторы, а таксама вызначыць магчымасці для дасягнення ўнутрынацыянальнага кансэнсусу ў вызначэнні еўрапейскага шляху развіцця.
Дыскусіі, якія адбудуцца ў рамках канферэнцыі, дадуць адказы на наступныя пытанні:

  • Па-першае, ці з’яўляецца рух Беларусі ў накірунку Еўропы рэальнай перспектывай, ці забяспечаны ён палітычнай воляй беларускіх уладаў, падтрымкай грамадства і самога ЕС?

  • Па-другое, якія сферы супрацоўніцтва паміж ЕС і Беларуссю ёсць прыярытэтнымі і як ЕС можа дапамагчы ў вырашэнні праблем, што стаяць перад Беларуссю сёння, з улікам зменаў у яе адносінах з Расіяй і сусветнага фінансавага крызісу?

  • Па-трэцяе, якія пераўтварэнні павінна здзейсніць Беларусь, каб узаемавыгаднае супрацоўніцтва з ЕЗ стала рэальнасцю?

Па заканчэнні канферэнцыі BISS апублікуе аналітычную справаздачу, у якой будуць абагульненыя высновы абмеркаванняў і выкладзеныя адказы на пытанні, узнятыя арганізатарамі канферэнцыі. Як і раней, вынікі канферэнцыі лягуць у аснову доўгатэрміновых даследванняў інстытута і парадку дня грамадскай дзейнасці.



Дыскусійная панэль I: Палітыка і бяспека: Беларусь і ЕС ва ўмовах зменаў у рэгіянальным і глабальным кантэксце.

У 2008-2009 гадах у адносінах паміж Беларуссю і ЕС адбылося пацяпленне. Прыпыненне візавых санкцый, удзел Беларусі ва “Ўсходнім партнёрстве”, візіты высокапастаўленых еўрапейскіх чыноўнікаў і лідэраў краін-сябраў ЕС у Мінск, і, упершыню за 13 гадоў, прэзідэнта Беларусі - ў Еўрапейскі Саюз вывелі супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне на ўзровень, нябачаны з сярэдзіны дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя.

Для многіх назіральнікаў у Беларусі і ЕС гэта ўзаемадзеянне стала знакам таго, што Еўрасаюз адмовіўся ад надзеі паспрыяць зменам у Беларусі праз санкцыі і выстаўленне ўмоваў і выбраў больш прагматычны падыход, намагаючыся дасягнуць зменаў у Беларусі праз пашырэнне супрацоўніцтва. Неабходнасць новага падыходу была каталізаваная ваенным канфліктам паміж Расіяй і Грузіяй, калі ЕС усвядоміў неабходнасць больш глыбокага ўзаемадзеяння з краінамі былога Савецкага Саюза з мэтай умацавання бяспекі ў рэгіёне. Паводле меркавання крытыкаў новай палiтыкi ЕС, для Беларусі доступ да заходніх крыніц фінансавай дапамогі ляжыць хутчэй праз непрызнанне Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, а не праз выкананне палітычных патрабаванняў, неаднаразова сфармуляваных ЕС.

Ацэнкі першых вынікаў новай палітыкі ЕС у адносінах да Беларусі моцна адрозніваюцца. Афіцыйная пазіцыя беларускага ўрада грунтуецца на тым, что змена падыходаў Еўрасаюза прывяла да лагічнага заканчэння беспаспяховай і контрпрадуктыўнай палітыкі санкцый. Крытыкі ЕС, якія сімпатызуюць беларускай апазіцыі, скардзяцца на тое, што Брусэль звяртаецца да Realpolitik і выракаецца падтрымкі дэмакратыі і правоў человека. Прыхільнікі палітыкі ўзаемадзеяння настойваюць на тым, што яна дае невялікі, але рэальны шанец садзейнічаць эвалюцыйным і сацыяльным зменам у Беларусі, асабліва калі параўноўваць з устаноўкамі, прымяненне якіх ужо больш за дзесяцігодде сістэматычна не дазваляе дасягнуць якіх-небудзь адчувальных вынікаў.

У той жа час Расія ўспрыняла «Ўсходняе партнёрства» як спробу з боку ЕС пашырыць свой уплыў у былых савецкіх рэспубліках. Дзейнасць ЕС на ўсходнім накірунку справакавала больш агрэсіўнае лабіраванне Расіяй сваіх інтэграцыйных праектаў на постсавецкай прасторы, у тым ліку Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ, Рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны, Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы. Пад ціскам Крамля Беларусь была вымушаная ўдзельнічаць ў гэтых праектах, няхай і ў абмен на ільготы і прэферэнцыі для Мінска. Такім чынам, тактыка балансавання паміж «двума монстрамі» можа прывесці да звужэння прасторы для манёўру, што ёсць ў распараджэнні Беларусі, што, у сваю чаргу, набліжае момант канчатковага выбару паміж двума геапалітычнымі палюсамі.

Адчуваючы няпэўнасць свайго становішча і сваёй тактыкі балансавання, ў 2009 годзе Беларусь зрабіла спробу выбудаваць яшчэ адно апірышча сваёй знешняй палітыкі – рэгіянальнае. За мінулы год беларускі ўрад значна актывізаваў свае палітычныя і эканамічныя адносіны з краінамі-суседзямі, асабліва з Літвой і Ўкраінай, якія самі надзвычай зацікаўленыя з супрацоўніцтве з Мінскам і маглі б быць добрымі саюзнікамі ў справе інтэграцыі Беларусі ў Еўрапейскі Саюз, а таксама ў супрацьстаянні з Масквой падчас чарговай энэргетычнай вайны. Акрамя таго, такая рэгіяналізацыя адкрывае новыя магчымасці для супольных праектаў у вобласці энэргетыкі, гандлю, лагістыкі і трансмежавага супрацоўніцтва, а таксама садзейнічае актыўнаму ўдзелу Беларусі ва «Ўсходнім партнёрстве».

Уваходжанне ў дзеянне Лісабонскага пагаднення адкрывае новы этап у палітыцы Еўрапейскага саюза ў адносінах да трэціх краін. Еўрапейская служба знешніх дзеянняў, новыя высокія пасады і новыя працэдуры даюць ЕС лепшыя магчымасці фармуляваць больш кансалідаваную і паслядоўную знешнюю палітыку. Лісабонскае пагадненне ў большай ступені дазваляе ЕС распрацоўваць усеабдымную стратэгію ў адносінах да Ўсходняй Еўропы і, ў прыватнасці, да Беларусі, што неабходна для паступовай еўрапеізацыі рэгіёна.

Пытанні да дыскусіі:



  • Як можна ацаніць у рэтраспектыве ўплыў новай палітыкі ЕС у адносінах да Беларусі на ўнутрыпалітычную сітуацыю ў краіне і на адносіны паміж Беларуссю і ЕС?

  • Ці спраўдзіў дыялог чаканні і засцярогі бакоў, у тым ліку беларускіх уладаў, еўрапейскіх інстытутаў, беларускай грамадзянскай супольнасці?

  • Ці насамрэч ЕС схіляецца да прагматычнай «геапатітыкі» ці намагаецца, захаваўшы папярэднія мэты, прымяніць іншыя інструменты (т. зв. «інструменты мяккай улады»)?

  • Наколькі жыццяздольны дыялог паміж Беларуссю і ЕС на тле палітычных працэсаў і ў Мінску, і ў самім Брусэлі? Як на яго паўплывала б, напрыклад, рашэнне Мінска прызнаць Абхазію і Паўднёвую Асецію?

  • Якія наступствы мае дыялог Беларусі і ЕС для беларуска-расійскіх адносін? Як, у сваю чаргу, адносіны Беларусі і Расіі ўплываюць на працэс збліжэння паміж Беларуссю і ЕС?

Дыскусійная панэль II: Адносіны ў сферы энергетыкі

Беларусь - адзін з асноўных транзітных калідораў для экспарту расійскага газа ў Цэнтральную і Ўсходнюю Еўропу. Транзіт праз Беларусь – самы кароткі наземны шлях ад расійскіх нафтавых радовішчаў да асноўных заходнееўрапейскіх рынкаў. Стан гэтага транзітнага маршруту і беларуска-расійскіх энэргетычных адносін у больш шырокім разуменні можа наўпрост закранаць інтарэсы Еўрасаюза ў выпадку магчымых збояў транзіту нафты і газу. Акрамя таго, для ЕС, тры краіны-ўдзельніцы якога маюць з Беларуссю агульныя межы, мае значэнне і тое, як уплываюць беларуска-еўрапейскія адносіны ў вобласці энэргетыкі на ўнутрыпалітычную стабільнасць.

Да нядаўняга часу беларуска-расійскія адносіны насілі пераважна палітычны характар: стратэгічная значнасць Беларусі для Расіі, а таксама здольнасць прэзідэнта Лукашэнкі палітызаваць эканамічныя і энэргетычныя адносіны пераўтвараліся ў спрыяльныя для Беларусі ўмовы гандлю энэрганосьбітамі. Пасля таго, як ў 2007 годзе Расія дамаглася зменаў ва ўмовах размеркавання мытаў у гандлі энэрганосьбітамі, прыцягальнасць умоваў перапрацоўкі нафты ў Беларусі для расійскіх вытворцаў рэзка знізілася, а скарачэнне прыхаванага субсідавання прывяло да вымушанага перагляду эканамічнага курса, вынікам чаго стала скарачэнне сацыяльных выдаткаў і назапашванне замежных пазыкаў. Нягледзячы на тое, што пераход на «сусветныя» цэны на энэрганосьбіты быў адкладзены па шэрагу прычын, нядаўняе нафтавае супрацьстаянне пацвярджае тое меркаванне, што крыніца таннай энэргіі для Беларусі перасыхае. Акрамя таго, нядаўна прыкладзеныя Расіяй намаганні, скіраваныя на распрацоўку маршрутаў для экспарту і нафты, і газа ў абыход Беларусі, ёсць пагрозай для агульнай «энэргатранзітнай» дзяржаўнай мадэлі, якая сфармавалася ў Беларусі ў дзвюхтысячныя гады.

У энэргетычнай сферы Беларусь сутыкаецца з чатырма асноўнымі выклікамі, кожны з якіх можа паставіць пад пытанне надзейнасць Беларусі як асноўнага транзітнага шляху паставак расійскіх нафты і газу ў Еўрапейскі Саюз: занадта вялікая структурная залежнасць Беларусі ад газу, недастаткова эфектыўны - па мерках ЕС – энэргетычны сектар, развіццё ядзернай энэргетыкі пры адсутнай празрыстасці палітычнага курса, а таксама патрабаванні забяспечваць надзейнасць транзіту, што выстаўляюцца Беларусі. Улічваючы важнасць Беларусі як транзітнага шляху і патэнцыйны ўплыў беларускіх эканамічных мiгрантаў на суседнія дзяржавы-сябры ЕС, усе гэтыя выклікі маюць для Еўрасаюза вялікае значэнне, якое ён не здолее ігнараваць.



Пытанні да дыскусіі:

  • Ці набліжаецца Беларусь да «сусветных коштаў» на энэрганосьбіты, і калі так, чаму гэта адбываецца цяпер, бо ўмовы папярэдніх пагадненняў ніколі не выконваліся? Ці з’яўляюцца беларуска-расійскія пагадненні аб пастаўках, пра заключэнне якіх было абвешчана 27 студзеня 2009 года, доўгатэрміновым рашэннем, якое ліквідуе рознагалоссі паміж дзьвюма краінамі па пытаннях размеркавання мытаў на прадукты нафтаперапрацоўкі і рээкспарт? Як яны паўплываюць на адносіны з Расіяй у сферы энэргетыкі і на размеркаванне энэргетычных прыбыткаў унутры краіны і паміж краінамі?

  • Як паўплывае на энэргетычную бяспеку Беларусі адкрыццё новых энэргетычных калідораў Расіі, такіх як «Паўночная плынь» і «БТС-2»? Як паўплывае на беларуска-расійскія адносіны ў энэргетычнай сферы ўваходжанне ў сілу Мытнага саюза Расіі, Беларусі і Казахстана, ці захаваецца пры гэтым матывацыя для дыверсіфікацыі крыніц паставак энэрганосьбітаў?

  • Якія ёсць рэальныя шляхі зніжэння энэргетычнай залежнасці Беларусі ад Расіі? Як «Усходняе партнёрства» можа садзейнічаць энэргетычнай бяспецы і энэргетычнай эфектыўнасці Беларусі? Як такое ўзаемадзеянне ў энэргетычнай сферы будзе залежаць ад уласнай энэргетычнай палітыкі ЕС і адносін паміж ЕЗ і Расіяй?

  • Улічваючы, што рашэнні адносна новай Астравецкай атамнай электрастанцыі ўжо прынятыя, якія крокі апераджэння магла б зрабіць міжнародная супольнасць для бяспекі новай АЭС, а таксама каб прадухіліць яе выкарыстанне ў якасці новага вагара ўздзеяння на Беларусь з боку Расіі?

Дыскусійная панэль III: Эканамічны кантэкст: Беларусь і ЕС і глабальны эканамічны крызіс
На працягу мінулых двух гадоў многія назіральнікі прадказвалі непазбежную змену эканамічнага курса Беларусі пад уздзеяннем змяненняў у адносінах з Расіяй і сусветнага эканамічнага крызісу. Краіна насамрэч сутыкнулася з неабходнасцю перагляду эканамічнай мадэлі, выбудаванай на працягу апошніх пятнаццаці гадоў і пераацэнкі “сацыяльнага кантракту”, які ляжыць у яе аснове і ў адпаведнасці з якім жыхарам краіны прапаноўваўся значны ўзровень сацыяльнай абароны і гарантыя поўнай занятасці. Ураду давялося зрабіць некоторыя балючыя карэктыровачныя захады, напрыклад, скараціць сацыяльныя выдаткі і пайсці на дэвальвацыю нацыянальнай валюты; ён загаварыў пра прыцягненне замежных інвестыцый і правёў шэраг рэформ, скіраваных на пашырэнне магчымасцяў для развіцця прыватнага сектару. Некаторыя з гэтых рэформ мелі значны эфект, у прыватнасці, Беларусь адразу паднялася на 57 пунктаў у рэйтынгу Сусветнага банка «Вядзенне бізнэсу» за мінулыя два гады. У то жа час, асновы эканамічнай мадэлі перагледжаныя не былі. Урад па-ранейшаму настойвае на захаванні галоўных установак у эканамічнай палітыцы і пазбягае рэформ, якія цягнулі б за сабой значную палітычную рызыку.
Надзеі на тое, што эканамічны крызіс паскорыць правядзенне рэформ, да цяперашняга часу не спраўдзіліся. З аднаго боку, хаця крызіс і выклікаў значныя эканамічныя праблемы, ён пакуль не прыняў катастрафічных прапорцый. Ураду давялося прымірыцца з падзеннем даходаў, але ён па-ранейшаму падтрымліваў эканоміку і разаграваў эканамічную актыўнасць праз стымуляванне ўнутранага попыту на інвестыцыйныя тавары. Гэта прывяло па павелічэння дэфіцыту плацёжнага балансу і выклікала хуткае назапашвенне замежных пазыкаў. Беларусь здолела пражыць 2009 год без сур’ёзных узрушэнняў у тым ліку дзякуючы даступнасці замежных пазыкаў. Прадастаўленне некаторых з іх было яўным палітычным актам з боку міжнародных фінансавых арганізацый, чыя здольнасць выкарыстоўваць свой уплыў для стымулявання рэформ выклікала сумнеў.
Урад заяўляе пра слушнасць свайго курса, кіруючыся тым, што эканамічны спад рана ці позна скончыцца, і попыт на тавары, што выпускаюць беларускія прадпрыемсты, адновіцца, а значыць, важна захаваць вытворчую базу і падтрымаць працоўных у складаныя часы. У выніку, прагнозы на 2010 год прадугледжваюць эканамічны рост на ўзроўні 13 %. Аднак такая лагічная схема не прымае да ўвагі маштаб зніжэння попыту на інвестыцыйныя тавары, што складаюць вялікую частку беларускага экспарту, асабліва ў Расію. Аднаўленне попыту можа адбыцца толькі значна пазней, а беларускія вытворцы могуць не захаваць канкурэнтныя перавагі па заканчэнні крызісу, калі не накіруюць значныя высілкі на пераабсталяванне вытворчых плошчаў і скарачэнне выдаткаў, што зноў вяртае нас да тэмы рэформ.
Пытанне сцэнароў развіцця Беларусі пасля крызіса ўскладнецца залежнасцю ад мноства фактараў і палітычнага, і эканамічнага характару. Не апошнім з іх ёсць новае кола рознагалоссяў з Расіяй у сферы энэргетыкі, якія абяцаюць далейшае ўразанне даходаў у ключавым для беларускай эканомікі сектары. Гэтыя новыя тэндэнцыі прымушаюць задаць пытанне пра пошук Беларусью новых партнёраў для забеспячэння эканамічнай стабільнасці, асабліва ў кантэксце праграмы «Ўсходняе партнёрства».
Асновай дыскусіі будзе прэзентацыя праведзенага супольна BISS і Даследчым цэнтрам Інстытута прыватызацыі і мэнэджмэнту даследвання пра наступствы сусветнага эканамічнага крызісу для беларускай эканомікі і канкурэнтаздольнасці беларускіх экспартёраў на расійскім рынку. Атрыманыя дадзеныя будуць прапанаваныя для абмеркавання афіцыйным асобам і экспертам міжнародных фінансавых арганізацый, якія разгледзяць наступныя пытанні:


  • З якімі наступствамі эканамічнага і фінансавага крызісу сутыкнецца Беларусі і як можна ацаніць антыкрызісныя захады беларускага ўрада?

  • Як могуць тэндэнцыі развіцця сусветнай эканомікі паўплываць на магчымасці аднаўлення беларускай экономікі пасля крызіса? Ці выглядае на тле асноўных сцэнароў развіцця сусветнай эканомікі слушна артымізм беларускіх уладаў адносна непазбежнага аднаўлення эканомікі ды імклівага эканамічнага росту?

  • Ці можна разлічваць на ЕС як на «донара апошняй інстанцыі» і асноўнага партнёра ў справе мадэрнізацыі і рэструктурызацыі беларускай эканомікі?

  • Якая сапраўдная роля ЕС у кантэксце адносін паміж Беларуссю ды іншымі міжнароднымі арганізацыямі і структурамі (МВФ, ЕБРР і г.д.), ці атрымаў Захад у сваё распараджэнне дадатковыя вагары ўплыву на працэс распрацоўкі Беларуссю эканамічнага курса?


Дыскусійная панэль IV: Беларускае грамадства: унутраныя фактары еўрапейскай інтэграцыі.
На тле ўсіх зменаў, што адбываюцца ўнутры і вакол Беларусі на працягу апошніх гадоў, беларускае грамадства, здаецца, знаходіцца ў становішчы “па-за гульнёй”. Не спыняюцца спрэчкі пра тое, ці належыць Беларусь да Еўропы, ці да Расіі, якія, як падаецца, не цікавяць простага жыхара Беларусі, пераважна заглыбленага ў штодзённыя клопаты. Эканамічны крызіс, што, па шматлікіх прадказаннях, павінен быў прывесці да заканчэння эпоху запаветнай стабільнасці, таксама не «разварушыў» грамадства. Па ўсім відаць, сённяшні стан рэчаў па-ранейшаму задавальняе большасць беларусаў; сутыкаючыся з праблемамі, яны чакаюць, што ўрад верне “нармальны стан” папярэдніх гадоў і не дэманструюць гатоўнасць пайсці па шляху ні зменаў сістэмных, якія вызначаюць напрамак развіцця краіны і яе эканамічную стратэгію, ні зменаў ва ўласным жыцці, якія вялі б да іншага стылю жыцця і патрабавалі карэктыўроўкі стратэгіі свайго выжывання ў складаны час.

Ці насамрэч беларускае грамадства настолькі стабільнае? Апатыя грамадства цалкам можа быць падманлівай і хаваць пад сабой глыбокія зрухі ў палітычнай культуры. Гэтыя зрухі, у сваю чаргу, могуць весці да надзялення легітымнасцю цэлага шэрагу новых установак і іх прыхільнікаў і адмовіць у ёй ранейшым. Таксама наўрад ці магчыма безапеляцыйна сцвярджаць, што грамадская думка не мае значэння ў вырашэнні тых пытанняў, з якімі цяпер сутыкаюцца палітычныя актары ў Беларусі і за яе межамі. На самой справе, за мінулыя дзесяцігоддзі ў беларускім грамадстве адбыўся шэраг тэктанічных зрухаў, што спрыялі фармаванню палітычнага кантэксту, з якім мы маем справу сёння. Напрыклад, менавіта дзякуючы ўсталяванню нацыянальнага кансэнсусу ў пытанні пра незалежнасць беларускай дзяржавы, а таксама хуткаму знікненню антырынкавых стэрэатыпаў у масавай свядомасці, сталі магчымымі змены і ва ўнутраным, і ў знешнім курсах, якія ажыццяўляюцца сёння Беларуссю. У супрацы са сваімі партнёрамі BISS правёў шэраг даследванняў, скіраваных на адсочванне накірунку змяненняў ва ўстаноўках, каштоўнасцях, палітычных перавагах, нацыянальнай самасвядомасці і геапалітычных арыентацыях беларускага грамадства. Прэзентацыя атрыманых дадзеных прадставіць магчымасць прапанаваць варыянты адказаў на наступныя пытанні:




  • Як беларускае грамадства ацэньвае геапалітычныя зрухі, што адбываюцца ў рэгіёне, змены ва ўнутрапалітычным курсе, які ажыццяўляе ўрад?

  • Ці выкліваў эканамічны крызіс сур’ёзныя змены ў грамадскай свядомасці

  • Ці знаходзіцца беларускае грамадства ў стане «якаснай» гатоўнасці да «еўрапейскага шляху» (г. зн. ці гатовае яно прыняць еўрапейскія каштоўнасці і вобраз жыцця ці яно знерухомела ў постсавецкай свядомасці?

  • Якія працэсы нацыянальнага будаўніцтва могуць паўплываць на геапалітычную траекторыю Беларусі?


Дыскусійная панэль V: Усходняе партнёрства як аснова для развіцця адносін паміж Беларуссю і ЕС.
Ініцыятыва “Ўсходняе партнёрства” (УП) была распрацавана ў 2008 годзе ў працэсе паглыблення Еўрапейскай палітыкі суседства (ЕПС) як новы інструмент узаемадзеяння ЕС з шасцю постсавецкімі рэспублікамі, якія мяжуюць з ім на ўсходзе. Яна ўключае ў сябе двухбаковае вымярэнне (новыя форму палітычнага дыялогу, падпісанне дамоваў аб асацыяцыі, а ў перспектыве – стварэнне зоны вольнага гандлю і паступовае фармаванне адзінага рынку), шматбаковае вымярэнне (чатыры платформы: дэмакратыя, належнае кіраванне і стабільнасць; эканамічная інтэграцыя і гарманізацыя з палітыкай ЕС; энэргетычная бяспека і кантакты паміж людзьмі) і флагманскія ініцыятывы (адзінае кіраванне межамі, малыя і сярэднія прадпрыемствы, энэргетыка, пераадоленне наступстваў тэхнагенных катастроф). “Усходняе партнёрства” таксама прадугледжвае паступовае падвышэнне фінансавай падтрымкі краінаў рэгіёну. Фінансаванне ЎП дасягне 600 мільёнаў Еўра за перыяд з 2010-га па 2013 год, з якіх 250 мільёнаў перанакіраваныя з фондаў ЕПС і 350 мільёнаў – спецыяльна выдаткаваныя сродкі.
УП, як і ЕПС, паклікана ўмацоўваць стабільнасць усходніх суседзяў ЕС праз падтрымку палітычных, эканамічных і сацыяльных пераўтварэнняў і кантактаў паміж людзьмі. Засноўваючыся на палажэннях сваёй Стратэгіі еўрапейскай бяспекі, ЕС мае намер праз гэтую палітыку стварыць уздоўж сваіх межаў пояс стабільных і квітнеючых дзяржаў, у высокай ступені эканамічна і палітычна інтэграваных паміж сабой і з ЕС.
Як інструмент рэалізацыі палітыкі УП пакуль знаходзіцца ў стадыі станаўлення. У другой палове 2009 года ў межах УП пачалі дзейнічаць шматбаковыя пляцоўкі, а таксама Форум грамадзянскай супольнасці, ідзе працэс фармавання міжпарламенцкай асамблеі краінаў “Усходняга партнёрства” (ЕЎРАНЭСТ).
Крытыкі УП падкрэсліваюць, што для гэтай ініцыятывы характэрна слабая абумоўленасць: у абмен на неадкладныя і патэнцыйна балючыя рэформы, якія павінны здзейсніць краіны-ўдзельніцы, ім прапануецца ўдзел у праграмах доўгатэрміновага стымулявання, якія не прадугледжваюць сяброўства ў ЕС. Зразумела таксама, што поспех УП шмат у чым залежыць ад палітычных лідэраў краін-суседзяў і іх гатоўнасці абраць шлях рэальных пераўтварэнняў і прыняць іх наступствы. Што датычыць ЕС, Лісабонская дамова прадугледжвае ў перспектыве фармуляванне больш узгодненай палітыкі Еўрапейскага Саюза, у тым ліку, праз аптымізацыю разнастайных палітычных інструментаў, якія ўжываюцца стасоўна ўсходніх суседзяў. З аднаго боку, той факт, што ЕПС (і адпаведна УП) застаецца ў сферы кіравання Еўрапейскай Камісіі, а таксама спалучэнне гэтай ініцыятывы з пытаннямі пашырэння ЕС, можна ўспрымаць як палітычны сігнал. З іншага боку, пройдзе пэўны час, пакуль і існуючыя, і паўстаючыя інстытуты Брусэлю выпрацуюць эфектыўны падзел працы.
Беларусь знаходзіцца ў своеасаблівай сітуацыі што да “Ўсходняга партнёрства”. З-за рознагалоссяў па пытаннях дэмакратыі і правоў чалавека паміж ЕС і кіраўніцтвам Беларусі на працягу апошняга дзесяцігоддзя ў адносінах паміж ЕС і Беларуссю адсутнічае інстытуцыйная і юрыдычная аснова. Пакуль што удзел Беларусі ва ЎП абмяжоўваецца шматбаковым вымярэннем, і застаецца невядомым, калі і пры якіх умовах для краіны можа быць адкрытае двухбаковае вымярэнне. Улічваючы гэтыя чыннікі, а таксама вынікі папярэдніх дыскусіяў пад час канферэнцыі, на дыскусійнай панэлі будуць абмяркоўвацца наступныя пытанні:


  • Якія можна акрэсліць чаканні і перспектывы ўдзелу Беларусі ва “Ўсходнім партнёрстве” ў такіх галінах як эканамічнае супрацоўніцтва, адносіны ў сферы энэргетыкі, палітычнае і сацыяльнае развіццё?

  • Якія папярэднія ўмовы для поўнага ўключэння Беларусі ў двухбаковае вымярэнне ЎП?

  • Які сцэнар уключэння Беларусі ва ЎП з’яўляецца найбольш пажаданым з улікам унутрыпалітычных працэсаў, адносінаў паміж ЕС і Беларуссю і адносінаў у рэгіёне?






              


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка