Шэраг пытанняў атэстацыі педагагічных работнікаў урэгуляваны




Дата канвертавання19.03.2016
Памер41.71 Kb.
Шэраг пытанняў атэстацыі педагагічных работнікаў урэгуляваны
Пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 26 лістапада 2014 года № 163 ў Інструкцыю аб парадку правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі (акрамя педагагічных работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу ўстаноў вышэйшай адукацыі) унесены змяненні і дапаўненне. Дзеючая Інструкцыя была зацверджана Пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 22 жніўня 2012 года № 101. З улікам практыкі прымянення яе норм Пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 2014 года № 20 удадзены дакумент быў унесены шэраг значных дапаўненняў і змяненняў. Унесеныя Пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь 26.11.2014 № 163 змяненні і дапаўненне датычаць некалькіх важных карэкціровак.

Па-першае, у дачыненні наяўнасці неабходнага стажу працы на адпаведнай пасадзе педагагічнага работніка як абавязковай умовы допуску педагагiчнага работнiка да атэстацыi на прысваенне квалiфiкацыйнай катэгорыi выключэнне, прадугледжанае раней толькі пунктам 20 Інструкцыі (выпадкі змены педагагічнымі работнікамі пасад у адпаведнасці з вызначаным пералікам), пашыранае і на пункт 201, уведзены Пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь 26.11.2014 № 163. У адпаведнасці з гэтым пунктам у выключных выпадках педагагічны работнік па хадайніцтве кіраўніка арганізацыі сістэмы адукацыі, індывідуальнага прадпрымальніка або атэстацыйнай камісіі, можа быць дапушчаны да атэстацыі на прысваенне першай кваліфікацыйнай катэгорыі без уліку прысвоенай раней кваліфікацыйнай катэгорыі і стажу працы на пасадзе, па якой ён праходзіць атэстацыю. Для гэтага патрабуецца згода начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама або старшыні Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама. Са згоды Міністра адукацыі ў аналагічных сітуацыях педагагічны работнік можа быць дапушчаны да атэстацыі на прысваенне вышэйшай катэгорыі.

Дадзены пункт з’явіўся як працяг дыскусіі наконт ”паскораных“ варыянтаў атэстацыі на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі ў дачыненні да педагагічных работнікаў – пераможцаў конкурсаў прафесійнага майстэрства і інш. Да таго ж галіновым прафсаюзам ставіліся пытанні наконт магчымасці атэстацыі педагагічных работнікаў з ліку грамадзян краін СНД, якія атрымалі адпаведныя кваліфікацыйныя катэогрыі педагагічных работнікаў за межамі Беларусі, а зараз працуюць у нашай краіне і прэтэндуюць на кваліфікацыйную катэгорыю ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Мяркуем, што новая норма Інструкцыі стане магчымасцю не толькі вырашаць выключныя сітуацыі, але і адсочваць выключэнні, якія маюць сістэмны характар, дзеля ўдасканалення Інструкцыі ў будучыні.

Па-другое, прадугледжаны часткай першай пункта 19 Інструкцыі тэрмін паміж атрыманнем педагагічным работнікам другой і першай кваліфікацыйнай катэгорыі скарочаны да двух гадоў з дня прысваення папярэдняй кваліфікацыйнай катэгорыі. Раней гэты тэрмін расцягваўся на тры гады. Дадзеная норма асабліва важная для новых работнікаў, маладых спецыялістаў, якія змогуць больш аператыўна рэалізаваць права на прысваенне больш высокай кваліфікацыйнай катэгорыі, іншымі словамі хутчэй зафіксаваць фармальна свой прафесійны рост.

Па-трэцяе, паменшаны прадугледжаны часткай пятай пункта 19 Інструкцыі стаж працы педагагічных работнікаў на пасадах прафесарска-выкладчыцкага складу, з якіх яны прыняты і працуюць на пасадах, па якіх прэтэндуюць на прысваенне першай квалiфiкацыйнай катэгорыi без улiку стажу працы на гэтых пасадах.

Педагагiчныя работнiкi, якiя прыняты з пасады прафесарска-выкладчыцкага складу i маюць стаж працы на гэтай пасадзе не менш чым чатыры гады, дапускаюцца да атэстацыi на прысваенне першай квалiфiкацыйнай катэгорыi без улiку стажу працы на пасадзе, па якой яны праходзяць атэстацыю. У рэдакцыі Пастановы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь 26.03.2014 № 20 у такіх выпадках стаж працы на пасадах прафесарска-выкладчыцкага складу павінен быў быць не менш чым пяць гадоў, а зараз у адпведнасці з Пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь 26.11.2014 № 163 не менш чым чатыры гады.

Безумоўна, усе гэтыя карэктывы будуць на карысць педагагічным работнікам, таму праект дадзенай пастановы Мінадукацыі быў узгоднены галіновым прафсаюзам без заўваг.

Нагадаем, што з 1 верасня гэтага года даплаты за наяўнасць у педагогаў кваліфікацыйнай катэгорыі павысіліся. Уладальнікі катэгорыі «настаўнік-метадыст» атрымліваць цяпер надбаўку ў памеры 120% ад тарыфнага акладу. Даплата за вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю складае 90%. За першую катэгорыю — 55%, а за другую катэгорыю педагогам даплачваюць 30% ад тарыфнага акладу (стаўкі).

Цэнтральным камітэтам галіновага прафсаюза ў лістападзе праведзены маніторынг росту сярэднямесячнай заработнай платы настаўнікаў. У разлік браліся адпаведныя паказчыкі кастрычніка і мая 2014 года як найбольш паказальныя, гэта значыць без уліку адпускных і з паўнавартасным прэміраваннем дадзенай катэгорыі педагагічных работнікаў. Такім чынам, сярэдні рост сярэднямесячнай заработнай платы настаўнікаў па рэспубліцы ў цэлым склаў 7,25%, у тым ліку па г.Мінску – 10,45%, па Брэсцкай вобласці – 10,15%, Віцебскай – 9,73%, Гомельскай – 5,6%, Мінскай – 5,3%, Магілёўскай – 5,2%, Гродзенскай – 3,3%. Пры гэтым рэйтынг рэгіёнаў па паказчыку сярэднямесячнай заработнай платы настаўнікаў у кастрычніку адпавядае ранейшым месяцам 2014 года:

Першае месца – г.Мінск (5829,3 тысячы рублёў)

Другое месца – Віцебская вобласць (5595,6 тысячы рублёў)

Трэцяе месца – Магілёўская вобласць (5389,2 тысячы рублёў)

Чацвёртае месца – Мінская вобласць (5206,5 тысячы рублёў)

Пятае месца – Гомельская вобласць (5185,2 тысячы рублёў)

Шостае месца – Брэсцская вобласць (5062,2 тысячы рублёў)

Сёмае месца – Гродзенская вобласць (4820,8 тысячы рублёў)


Розніца паміж максімальным (г.Мінск) і мінімальным (Гродзеншчына) паказчыкамі сярэднямесячнай заработнай платы настаўнікаў у кастрычніку склала 20,9%. У маі такая розніца складала 14,8%. Такім чынам, пры агульнарэспубліканскіх падыходах да аплаты працы настаўнікаў рэгіянальныя асаблівасці становяцца ўсё больш выразнымі.
Цэнтральны камітэт Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка