Шчасце ў тым, каб змагацца за шчасце людзей”




Дата канвертавання01.05.2016
Памер62.83 Kb.
Шчасце ў тым, каб змагацца за шчасце людзей”

(жыццёвы і творчы шлях Аркадзя Куляшова)

У суровы век жыву сурова,

Жыць інакш не здолеў бы зусім.

Сведчаннем таму вось гэта слова,

Што пранёс я праз агонь і дым.


Сведчаць гэта ўсё лясы і гаці,

Сведчыць гэта ўсё Зямля сама —

Круглы шар, падобны да пячаці,

На якім жыву я не дарма.



А. Куляшоў

Аркадзь Куляшоў належыць да першасных велічынь сярод творчых постацяў беларускай літаратуры. Выдатны паэт, тонкі лірык, мастак, надзвычай чуйны да зрухаў у грамадскім і духоўным жыцці. Толькі такі чалавек, занепакоены ўсім, што робіцца ў свеце, мог напісаць радкі:

Сэрца – як набат, што б’е трывогу

За мільёны падгарматных душ.

Толькі такі чалавек мог адкрыць сваім чытачам свет і чалавека такімі, якімі яны былі ў ХХ стагоддзі: няпростымі, драматычнымі, зменлівымі.

Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў прыйшоў на свет 6 лютага 1914 года на ўсходняй ускраіне Беларусі – у мястэчку Саматэвічы ў сям’і вясковых настаўнікаў. Цікавае паданне дайшло да нас пра ўзнікненне назвы Саматэвічы. Калісьці, дакладна ніхто не ведае, на пагоркавым узбярэжжы ракі Чарнавуткі пасялілася некалькі сем’яў. То былі, можа, вандроўнікі якія, а мо і надзельнікі, што купілі ў пана кавалак зямлі. Ім гэтае месца спачатку не спадабалася, яны пакінулі яго і падаліся далей. А праз колькі часу падаліся назад. Старажылы, заўважыўшы іх, казалі: “Вунь самыя тыя...”. Адсюль, нібыта, і пайшла назва Саматэвічы.

Нельга абмінуць увагай і родную хату А. Куляшова, дзе прайшло яго дзяцінства.

Хату, аб каторай я

Памяць берагу,

Я з самой гісторыяй

Параўнаць магу,

З дробнаю дзяржаваю,

Дзе няпэўны лад,

Дзе за гучнай славаю

Крочыць заняпад.

Хата, лічыў А. Куляшоў, - гэта выток паняцця “радзіма”, гэта яе першы круг з тых, на якія падзяляецца працэс асваення жыцця. Родная хата дала будучаму паэту неверагодна многа. У пару Аркадзева дзяцінства тут яшчэ панавала цёплая атмасфера гнязда, заснаваная на каханні. Тут было шмат кніг. Вось што расказаў сам Куляшоў пра сваё першае знаёмства з літаратурай у артыкуле “Тры сустрэчы з Лермантавым”: “...калі верыць успамінам маіх бацькоў, знаў Лермантава я літаральна з калыскі, з таго самага моманту, калі сярод іншых цацак і забавак увага мая спынілася на хатнім альбоме. То быў альбом пісьменнікаў – дадатак да часопіса “Пробуждение”, які выпісвалі мае бацькі – вясковыя настаўнікі. Добра і нават багата аформлены, ён, можна сказаць, пазнаёміў мяне з гісторыяй рускай літаратуры ў асобах. Хутка я беспамылкова адрозніваў Жукоўскага ад Пушкіна, Лермантава ад Някрасава, Тургенева ад Талстога, Горкага ад Леаніда Андрэева. Чамусьці асабліва маёй увагай, любоўю і прызнаннем карысталіся Пушкіна і Лермантаў. Яны адразу і цвёрда ўвайшлі ў мой калысковы лексікон. Не таму, вядома, што я ўжо тады прадчуваў лёс перакладчыка іх твораў на беларускую мову. Жарты жартамі, але, як знаць, можа б, і іншай была мая будучая любоў і цяга да літаратуры без гэтага завочнага знаёмства”.

Аднак час, на які прыпала дзяцінства А. Куляшова, быў вельмі суровым. Першая сусветная вайна была яго нянькай, як ён напіша пазней у вершы “Маё пасведчанне”, спявала яму калыханкі кананадным громам, клапацілася, “як лепш блакадай / Рукі мне і ногі спелянаць”. Засталася ў памяці паэта і неўладкаванасць побыту (бацькі, вясковыя настаўнікі, жылі бедна, у былой карчме, таму вырашылі фіктыўна разысціся, каб мець дзве гаспадаркі, два зямельныя надзелы). Пазней гэтае рашэнне сталася ракавым: бацька пакінуў сям’ю назаўсёды. Ранняе пасталенне, калі ў трынаццаць гадоў хлопец быў пакінуты на гаспадарцы разам з цёткай Тадораўнай і сябрамі-аднакласнікамі, ранняе адчуванне сяброўства, дабрыні і іншых высокіх каштоўнасцяў – усё гэта выпала на долю будучага майстра.

Паэтычны дар абудзіўся ў хлопчыка вельмі рана. У дванаццаць гадоў на старонках Клімавіцкай акруговай газеты “Наш працаўнік” ён надрукаваў свой першы вершаваны твор. А ў 1928 годзе, калі юнаму паэту было чатырнаццаць гадоў, у часопісе “Полымя” з’явіўся верш пра каханне “Бывай...”. Гэты твор быў народжаны першымі і шчырымі пачуццямі да вельмі прыгожай дзяўчыны – Алесі Карыткінай. Вобраз першага кахання жыў у сэрцы А. Куляшова ўсё жыццё, і таму ён неаднойчы згадваў Алесю ў сваіх паэтычных творах, вяртаўся да раней напісаных радкоў пра сваё першае каханне, шліфаваў іх, даводзіў да філіграннасці гучання. Верш “Бывай...” стаў шэдэўрам выдатнага паэта і цудоўнай песняй (музыку напісаў Ігар Лучанок).

Закончыўшы ў 1928 г. сямігодку, А. Куляшоў пайшоў вучыцца ў Мсціслаўскі педтэхнікум. Тут ён пасябраваў з Юліем Таўбіным і Змітраком Астапенкам, якія таксама пісалі вершы, былі паэтамі-маладнякоўцамі, упэўнена ўваходзілі ў літаратуру. Яны ў сваім асяродку захапляліся творчасцю Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, цікавіліся рускай і сусветнай паэзіяй.

У 1931 годзе малады паэт паступіў на літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. А за год да гэтай падзеі выйшаў яго першы зборнік “Росквіт зямлі”. У хуткім часе ўбачылі свет яшчэ некалькі кніжак А. Куляшова – “Па песню, па сонца!..”, “Медзі дождж”, паэмы “Аманал”, “Гарбун”. У многіх вершаваных творах адчуваюцца дыханне і рытмы свайго часу, выяўляецца радасць юнацкіх пачуццяў і рамантычных парыванняў у светлае заўтра. Аптымізм і мажор валадараць у радках паэта, які, зразумела, за чыстую манету прымаў тагачасныя ідэалагічныя заклікі ды ўстаноўкі. Драматычная праўда даваеннай рэчаіснасці, калі панавала атмасфера страху і недаверу, адбываліся рэпрэсіі, заставалася па-за яго ўвагай. І таму не ўсё з напісанага вытрымала выпрабаване часам.

Самай прыкметнай з’явай у творчасці А. Куляшова даваеннага часу стаў цыкл вершаў “Юнацкі свет”. Сюды ўвайшлі вершы “На сотай вярсце”, “Карусель”, “Бюро даведак”, “Воблака” і інш. Герой паэта ўлюбёны ў свае родныя мясціны, на поўныя грудзі, па-маладому шчаслівы жыць на зямлі і сузіраць хараство. Лепшыя радкі ўражваюць лірычнай непасрэднасцю адчуванняў, адметнасцю аўтарскіх вобразаў. Так, у вершы “Воблака” паэт здолеў перадаць цудоўны міг жывой паяднанасці з прыродай, калі ў рукі рыбалова, здаецца, трапіла само воблака:

Вада ў кругах,

Вада ў кругах,

І неба ў ёй не тое...

А воблака? Яно ў руках

Трапечыцца жывое.

Вайна канчаткова развеяла ружовыя ілюзіі Куляшова і яго равеснікаў. Пад гулам кананады і воем падаючых бомбаў даводзілася адступаць і воінам, і мірнаму насельніцтву. З 1941 да 1943 года А. Куляшоў працуе ў рэдакцыі франтавой газеты “Знамя Советов”, а два астатнія ваенныя гады – журналістам у Беларускім штабе партызанскага руху. Творчасць паэта ваеннага часу вызначаецца патрыятычным і гуманістычным пафасам. Вялікім пачуццём болю напоўнены верш “Ліст з палону” (1942) – зварот дзяўчыны, якую вывозяць у фашысцкую няволю, да свайго каханага.

Я рабыня, рабыня,

Я чорная, чорная, чорная,

Любы мой, не з табой,

А з праклятай бядой

Заручоная...

Здаецца, што гэта сама Беларусь спавядаецца і кажа пра свой трагічны лёс, просіць заступіцца і абараніць яе ад рабства, кліча адпомсціць ворагу за патаптаны гонар і ўчынены гвалт.

У час вайны была напісана і паэма “Сцяг брыгады” – адзін з лепшых твораў ваеннай пары. Гэтую паэму А. Куляшоў чытаў у Маскве сваім сябрам-пісьменнікам, у тым ліку А. Твардоўскаму, які папрасіў перакласці М. Ісакоўскага гэты твор на рускую мову.

У пасляваенны час А. Куляшоў на працягу многіх гадоў (1947 - 1978) абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. У 1961 годзе ў складзе беларускай дэлегацыі прымаў удзел у рабоце 16 сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. У 1968 годзе яму надалі годнасць народнага паэта Беларусі. Меў мастак і іншыя ўрадавыя ўзнагароды: двойчы атрымліваў Дзяржаўную прэмію СССР: за паэму “Сцяг брыгады”, а затым за паэму “Новае рэчышча”, Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Янкі Купалы за пераклады і інш. У пасляваенныя часы пад пяром паэта нараджаліся радкі, непадлеглыя ніякім пераменам часу, - гэта творы на вечныя тэмы. Да найлепшых твораў Адносяцца “Колас”, “Зямля”, “Ёсць у паэта свой аблог цалінны...”, “Сасна і бяроза” і інш.

У сярэдзіне 60-х гг. А. Куляшоў напісаў цыкл лірычных вершаў “Маналог”, які прысвяціў памяці сваіх сяброў Юлія Таўбіна і Змітрака Астапенкі. Іх вобразы вяртаюцца ў памяць вярэдлівым болем. Юлій Таўбін “памёр... за кратамі, сярод муроў сырых, / Без стужак, без вянкоў, без некралога, / З кляймом абвінавачвання цяжкога...”, другі сябра без весткі загінуў на фронце. Маналог паэта – гэты шчырая, адданая вернасць сяброўству, памяць сэрца пра людзей, з якімі пачынаўся шлях у літаратуру. Паэт разважае пра сэнс чалавечага жыцця: “Лепш цяжка жыць, чым быць бадзёрым трупам...”

У 60-70-я гады ўзрастала рэальная пагроза ўсясветнай тэрмаядзернай катастрофы. Паэт верыць у розум чалавека і няскончанасць быцця на Зямлі. Жыццялюбныя, антываенныя матывы вершаў “Я хаце абавязаны прапіскаю...”, “Сама Зямля не вечна...”, “Ты згасіш, сонца, час...”, “Сасна і бяроза” і інш. Неспакой, хваляванні сэрца – гэта глыбінны гуманізм светапогляду паэта.. У вершы “Глыбокі лістапад у Белавежы...”, напісаным у канцы 60-х гг., гучыць філасофская тэма жыцця і смерці. Паэт выказвае з глыбокай самазасяроджанасцю свой душэўны стан:

А я маўчу, як дрэва

Асенняе,

Згубіўшае свой дах.

Вакол мяне –

Направа і налева –

Лісты, лісты, лісты

Заслалі шлях.

Мы адчуваем шчырую трывогу паэта за лёс кожнага з нас: “Хіба памром, / Гвалтоўнай смерці / трапіўшы пад кола? / Няўжо мы станем / снегам, пылам, тлом?” У наш паслячарнобыльскі час гэтыя радкі ўспрымаюцца яшчэ больш абвострана і драматычна.

Памёр паэт у 1978 годзе


Артыкул падрыхтаваны Кацярынай Прасянцовай.

У артыкуле выкарыстаны матэрыялы кнігі “Гісторыя беларускай літаратуры ХХ ст.”, т. 3.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка