Шчарбаты талер Аповесць




старонка9/15
Дата канвертавання10.05.2016
Памер2.21 Mb.
1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   ...   15

  • Дарэчы, чые гэта соткі ўнізе, каля самага помніка? — спытаў геолаг.

  • А што? — азваўся Чэсь.— Ну, мае.

— Нічога. Зямлі адтуль трэба будзе ўзяць на пробу.
Геолаг пазяхнуў:

Дык праз тыдзень чакаем вас,— паплёўся назад у двор, загараць.


Курт пабег следам. Нарэшце хлопцы засталіся адны. Міхал з Чэсем далі сабе волю, накінуўшыся на пачырванелага разгубленага Змітрака.



  • Адкуль гэты Курт ведае, што мы прыходзілі шукаць працу?!

  • Адкуль ведае, што мы сабраліся разбагацець?!

  • Папытайцеся ў яго самі.

  • Дапусцім, пра геолагаў ён сам здагадаўся... але пра нашае «разбагацець» — адкуль?!

  • Хлопцы, вы можаце не верыць мне,— справіўшыся з сабою, спакойна адказаў Змітрок,— можаце не сябраваць са мною. Але ў аўтобусе я не сказаў яму ні слова. «Прывітанне — прывітанне», вось і ўсё.

  • Ага, значыць, сказаў! «Прывітанне» сказаў жа?

  • Не моўчкі ж ехаць. Зрэшты, думайце што хочаце,— махнуў рукою Змітрок.

  • Добра. 3 гэтым мы яшчэ разбярэмся...— Міхал зірнуў на сонца, якое пакрысе садзілася за ракою.— Зараз разбягаемся снедаць, а ўвечары — збор каля Аксанінай хаты.

Раздзел 16



Афіцэр напалеонаўскага войска

Вуліца патанала ў ранніх прыцемках. 3 нізіны, ад ракі, цягнула начным лёгкім ветрыкам. Таўкла мак, звінела машкарэча — настырны гнус не палохаўся ні ветрыку, ні прыцемак. Цэлыя хмаркі яго віліся над галовамі хлопцаў, Аксаны і яе бацькі. Хіба крыху памагалі галінкі бэзу, якімі абмахваліся, ды яшчэ «куродым» — кучка падпаленага старога рыззя, спарахнелага дрэва, кары... Куродым таму так і называецца, што не столькі гарыць, колькі курыцца і адурманьвае гнус.

Бацька з Аксанаю сядзелі на маленькай лавачцы пад плотам, Чэсь, Міхал і Змітрок — паўкругам насупраць, проста на траве. У цэнтры дыміўся, успыхваў рэдкімі агеньчыкамі куро-дым. Бацька падварушваў яго дубчыкам.

Толькі што бацьку давялося коратка паўтарыць хлопцам тое, аб чым ужо ведала Аксана: пра Вялікае Княства, іспанскага чакану талеры, пра бяспутнага шляхціца Трушку і яго родавую калекцыю манет...

— Вы, можа, не ведаеце, што наш помнік на пагорку каля Бярэзіны,— паказаў бацька дубчыкам сабе за спіну,— проста сімвал. Гэта проста знак памяці салдатам усіх войнаў, якія
закранулі нашу мясціну: напалеонаўскай 1812 года, Першай сусветнай, грамадзянскай, Другой сусветнай... А непасрэдна захаванні былі, вядома, у самых розных месцах. Напрыклад, першае захаванне, яшчэ з часоў адступлення французскага войска, было куды далей ад ракі — прыблізна там, дзе цяпер Чэсевы соткі, а можа, і яшчэ вышэй, вось тут, дзе мы сядзім.
Чэсь уздрыгнуў. Самыя неверагодныя здагадкі кружылі яму галаву. Ён слухаў, забываючы адмахвацца ад машкарэчы, лавіў кожнае слова. У кішэні ён сціскаў знойдзены на сваіх сотках талер.

— Тады як хавалі? — няспешна распавядаў далей бацька.— Часта ўсіх разам — рускіх і французаў, чырвоных і белых, савецкіх воінаў і гітлераўцаў — усіх у адным месцы, ставілі адзін крыж на магіл. Усе людзі, кожнаму страшна паміраць, кожнага дзесьці ў Разані, ці ў Мазыры, ці ў Парыжы хтосьці чакае, моліцца, каб абмінула блізкага чалавека бяда... I вось якая выходзіць цікавая гісторыя. Неўзабаве пасля канца вайны з Напалеонам цар выдае два ўказы, у якіх цывільныя ўлады абавязваюцца збіраць кінутую непрыяцелем амуніцыю, зброю і іншыя трафеі.


Усё гэта не бясплатна. Напрыклад, гармата каштавала аж пяцьдзесят рублёў, ружжо — пяць,
халодная зброя — шаблі, цесакі — трохі танней... Сабраць амуніцыю было, вядома, куды больш складана — сяляне яшчэ раней парасцягвалі. I доўга пасля вайны беларускія сяляне францілі ў ботах і ў галоўных уборах усіх ерапейскіх армій, якія ўваходзілі ў склад вялікай напалеонавскай арміі. У вёсках на шляхах адступлення, гэта значыць і ў нашых Паплавах, доўга не куплялі жалеза, з шабляў і палашоў мясцовыя кавалі рабілі нажы і сярпы, з кірасаў — патэльні, конаўкі... Гузікі,
на якіх часта былі выгравіраваны нумары палкоў, і праз сто гадоў пасля французскага нашэсця ўпрыгожвалі світкі і кажухі беларусаў.

Шукаючы трафеі, заадно раскопвалі старыя, спехам зробленыя магілы, перазахоўвалі іх — ужо ў іншых месцах, урачыста, з пашанаю, малебнам... Прысутнічалі і мясцовыя ўлады. Так была раскапана магіла ў Паплавах. У магіле знайшлі астанкі трох рускіх салдат і французскага афіцэра. Сведкі з мясцовых сялян паказалі: сапраўды, увосень 1812 года каля самай вёскі, на ўзлеску, натыкнуліся на «пранцуза», параненага, абмерзлага, непрытомнага, абвязанага жаночай хусткаю, у нейкіх лахманах зверху падранага ўшчэнт мундзіра... «Пранцуза» занеслі ў бліжэйшую хату, спрабавалі выхаяць, але марна. Паранены нават не варушыўся, дужа шмат страціў крыві на ма-розе. Уночы ў Паплавы падышоў абоз рускіх. На лафеце везлі трох мёртвых салдат. За ноч ціха, не прамовіўшы ні слова, сканаў і француз. Як свет — абоз рушыў далей, пакінуўшы сваіх нябожчыкаў, і мясцовыя сяляне пахавалі іх разам з французам.

I вось пасля вайны, пры раскопцы той магілы, знаходзяць медную пазелянелую пласцінку, на якой ледзь-ледзь можна разабраць: «Аnri В...n іпgеnіr...», два талеры іспанскага чакану, а таксама кавалак звычайнай бяросты, у якую талеры былі ўкручаны. Бяроста хоць і змянілася ад часу, пацямнела, патрэскалася, але захавалася яшчэ даволі добра. На ёй можна было разабраць нейкія лініі, зробленыя рукой чалавека. Але галоўнае, з-за чаго потым усё і закруцілася,— гэта разборлівыя, глыбока выразаныя нажом лацінскія літары: «CLAD...» — «КЛАД». I зверху над словам — маленькі крыжык.

Раздзел 17



Усё сыходзіцца!

  • Чаму ж сяляне не забралі гэтыя рэчы? — усклікнуў Чэсь, аблізваючы ад хвалявання вусны.— Яшчэ тады, калі падабралі гэтага параненага француза?

  • У такога небаракі? — Аксана пацепнула плячыма, ці то ад вечаровага холаду, ці ад жалю да француза.

Сапраўды, чалавек у такіх лахманах, што каштоўнага пры ім можа быць,— пацвердзіў бацька.— Відаць, проста ў галаву не прыйшло абшукваць бедака. А можа, пасаромеліся абшукваць, усё ж канае чалавек.

– А пры перазахаванні? — умяшаўся Міхал.— Вось калі раскапалі магілу, няўжо ніхто не паквапіўся на манеты?



  • Сяляне мо і паквапіліся б, усё ж срэбра. Але, на радасць ці на гора пазнейшых шукальнікаў скарбу, пры раскопцы аказаўся чыноўнік з мясцовага аддзялення паліцыі, нейкі Панятоўскі, верны слуга цара і Айчыны... Ён, вядома, не мог дапусціць, каб нават крышка «дабра расійскага» абмінула дзяржаўную казну. Дзве манеты, медная пласцінка, бяроста, нават пара ацалелых гузікаў з мундзіра былі спраўна ўпакаваныя і разам з падрабязным вопісам — пры якіх умовах і дзе ўсё гэта было знойдзена — адпраўлены ў Санкт-Пецярбург...

Бацька падклаў у куродым кавалак кары, падзьмухаў, каб той разгарэўся і задыміў. Было ўжо цёмна, толькі вокны ў хатах свяціліся, нібы арыенціры, пазначалі вуліцу. Бацька зняў пінжак і накінуў на плечы Аксане.

  • Далей, тата! — нецярпліва папрасіла дзяўчынка.

  • Ну, а далей і раскруцілася карусель... Бяроста сваімі трэшчынкамі-лініямі нагадвала тапаграфічную карту, потым — магічнае слова «КЛАД», крыжык... Француз быў інжынер, значыць, разбіраўся ў тапаграфіі і мог пазначыць на бяросце нейкі геаграфічны маршрут. Разглядалі, вывучалі бяросту і так і сяк — нічога не атрымліваецца. Для тапаграфічнай карты на бяросце не пазначаны арыенціры-прывязкі да пэўнай мясцовасці — якоясьці дрэва, рака, камень. Для звычайнай карты не пазначана, дзе поўнач, дзе поўдзень, словам, круці гэтую бяросту як хочаш. Пачалі меркаваць, ці не ў манетах ключ да разгадкі гэтай «карты»? Сапраўды, рубцы манет былі скрамсаны нажом; несумненна, яны неяк звязаны з бяростаю. Пачалі ўжо круціць манеты і тым і іншым бокам прыкладаць да бяросты... той жа вынік! Нічога не зразумела, нічога не выходзіць. Тады ўзяліся за гузікі, на якіх быў выгравіраваны нумар палка, і раптам супала, што гэта той самы полк, куды паступіў на службу беларускі шляхціц Трушка, і манеты — тыя самыя, з яго родавай калекцыі...

  • Але ж манет было восем! — Аксана хуценька падлічыла: — Пяць знайшлі на месцы фальварка, дзве — у афіцэра, а дзе яшчэ адна?

  • Акурат у цэль,— пахваліў бацька.— У тым і справа, што ў французскага афіцэра было не дзве, а ўсе тры манеты. Як яны да яго трапілі — невядома, але факт фактам. I шыфраваў ён сваю «карту» — бяросту — таксама пры дапамозе ўсіх трох талераў. Адпаведна, такім жа чынам гэтая «карта» і павінна разгадвацца. Гэта як гульня ў кубікі: аднаго не хапае — і слова ніяк не складзеш.

  • I... не знайшлі? — Чэсь праглынуў сліну— Трэцюю манету?

  • Не. Хоць шукалі яе не адзін год, перакапалі тут усё наваколле, апытвалі тутэйшы люд... Неаднойчы раскопвалі і саму магілу — патаемна, уночы. А француз, нібы помсцячы за свае пакуты на гэтым свеце, з таго свету пацвельваўся з жывых: «Шукайце, шукайце! Во загадаў вам загадку!» Яшчэ да рэвалюцыі аб'явілі немалую ўзнагароду таму, хто знойдзе і перадасць уладам гэты трэці талер. Тады ж і з'явіліся манеты-падробкі. Праўда, іх лёгка было «раскусіць»: фальшы-ваманетчыкі не маглі ведаць, што на сапраўдных талерах — зробленыя нажом насечкі на рубцах. Дарэчы, Аксанін талер хутчэй за ўсё акурат і ёсць адна з тых дарэвалюцыйных падробак.

  • Не можа быць! — пакрыўдзілася за сяброўку Аксана.— Кацін тата не стаў бы трымаць у сябе несапраўдную манету.

  • Магчыма. Ну, вось такая гісторыя,— нечакана закончыў Аксанін бацька.— Сцямнела зусім, і мошкі нас загрызлі, і куродым наш патух.

  • Гэта ўсё?! — у адзін голас усклікнулі Чэсь з Міхалам.

  • Вось так заўсёды! — Аксана ад крыўды аж пасунулася ад бацькі на край лавачкі.— Трэці раз бярэшся расказваць, і ўсё нешта перашкаджае!

Бацька здзівіўся:

  • Гэта, праўда, усё, што я ведаю.

  • Не ўсё, мы і таго не ведаем! — запярэчыла Аксана.

  • Дык пытайцеся, я паспрабую адказаць.

Чэсь з Міхалам пачалі перашэптвацца.

— Скажыце, а дзе цяпер тыя дзве манеты і бяроста? — раптам спытаў Змітрок.


Бацька засмяяўся:

  • А, вунь яно што! Самі, значыць, вырашылі паспрабаваць? Што ж, паспрабуйце... Толькі ведайце — будзе вам няпроста, таму напярод рыхтуйце сябе да магчымых горычы і расчараванняў...

  • Лепш навучы, парай, што нам найперш рабіць? — сказала Аксана.

  • Найперш, калі прыедзеш у Мінск, даведайся ў Кацінага таты, адкуль у яго гэты талер, ці не фальшывы ён. Потым: у вас, у Паплавах, у школьным краязнаўчым музеі, наколькі мне вядома, павінна быць копія бяросты...

  • У нас? Тут? — аж не паверыў Міхал.

  • У вас або ў гарадскім краязнаўчым музеі. Там усе супрацоўнікі ведаюць пра гэтую гісторыю.

  • А манеты?

  • Павінны быць і копіі манет. Справа ў тым, што перад вайною з Ленінграда ў наш Мінскі архіўны музей былі перададзены гэтыя два талеры і дакладная копія бяросты — ад самой бяросты, вядома, ужо нічога не засталося. А з Мінска копіі рассылаліся ва ўсе краязнаўчыя музеі, якія рабілі запытанні.

  • Няўжо так проста ўсё? — уразіўся Чэсь.

  • Калі было б проста, гэтую тайну даўно раскрылі б,— заўважыў бацька,— а так з кожным годам, з кожным дзесяцігоддзем усё круціцца, нібы кола: не хапае самага галоўнага — трэцяй манеты. Дзе згубіў ці схаваў яе паранены француз — хто ведае...

«Я ведаю! Яна ў мяне ў кішэні!» — ледзь не ўскрыкнуў Чэсь. Падчас усяго вечара яму карцела прызнацца ў гэтым, пахваліцца сваёй знаходкаю. Але штораз ён адчуваў на сваім локці цвёрды, рашучы поціск Міхалавай рукі. «Маўчы!» — азначаў гэты поціск.

— У крайнім выпадку,— працягваў бацька,— калі вас напаткае няўдача ў школьным або краязнаўчым музеі, магу параіць вам вось што. Я ўжо расказаў Аксане — загадчыкам у Мінскім архіўным музеі працуе знаёмы Аксанінага настаўніка гісторыі, Барыса Рыгоравіча. Я магу пазваніць яму ці напісаць запіску, Аксану пусцяць у архіўны музей, яна паглядзіць усё на свае вочы і выпіша, што трэба.

–А ці маглі б мне на час даць гэтыя манеты? — спытала Аксана.


  • Калі толькі на месцы, у архіве, пад наглядам загадчыка... Ага, і яшчэ! — схапіўся бацька.— Я забыў сказаць вам, што сапраўдны талер застаўся толькі адзін — другі знік у час вайны, засталася толькі копія.

  • Як... знік?!

  • Так, вельмі проста. Ці мала што знікала з нашых музеяў і ў часы акупацыі, і пасля акупацыі... Вось бачыце,— заключыў бацька,— якія перашкоды вас чакаюць? Калі нават дапусціць самае неверагоднае: што ў Аксаны сапраўдны талер, другі — у архіве, усё адно не хапае трэцяга.

Чэсь з Міхалам ледзь стрымліваліся, каб зараз жа не заспяваць, не закрычаць, не затанцаваць ад радасці. Цяпер яны ведалі ўсё.

Раздзел 18



«Казачкі»

Раптам хтосьці кашлянуў у цемры, тады пачуўся голас:

–Казачкі расказваеце, Іванавіч?

Аксана ад нечаканасці міжволі ўскрыкнула. Хлопцы паўскоквалі на ногі.

Ад плота аддзялілася постаць, ступіла бліжэй. Усе, пазнаўшы, уздыхнулі з палёгкаю. Гэта быў дзед Макар. Як ён умудрыўся так ціха падысці, што ніхто не пачуў? I колькі часу стаяў так, маўчком, слухаючы? Навошта яму гэта?


  • Што ж вы дзяцей спалохалі? — незадаволена сказаў бацька.

  • Дзяцей? Гэта добрыя дзеці...

Дзед Макар пакасіўся на хлопцаў. Відаць, яму хацелася расказаць пра ўкрадзены «тэлевізар». Але прамаўчаў. Прысеў на кукішкі, адшукаў у патухлым куродыме кавалачак кары, доўга дзьмухаў на яе. Дабіўся-такі іскрынкі, прыкурыў. У агеньчыку цыгарэты на міг дзіўна бліснулі яго глыбокія вочы.

Аксана прытулілася да бацькі.

–Чуў я,— прамовіў дзед, пыхкаючы дымам таннай цыгарэты.— Казачкі ўсё гэта... Нашто тлуміць малым галаву? Хай бы лепш работу якую рабілі, бацькам памагалі... Карысць была б, і не цягаліся б абы-дзе.


  • Казачкі? — перапытаў бацька.— Вось такі ж хлопчык, як гэтыя, з-пад Барысава, неяк заўважыў птушку, якая насіла ў сваё гняздо штосьці бліскучае. У гняздзе аказалася груда манет шаснаццатага стагоддзя — прускіх, польскіх і расійскіх. Другі такі ж хлопчык — з Наваградчыны — выпадкова капнуў зямлю палкаю і натыкнуўся на скарб польска-літоўскіх манет семнаццатага стагоддзя. Вось вам і казачкі.

  • Дык і ў нас капаюць, бы краты, а што толку? Адно, не даюць зямельцы спакою... Вось яна і радзіць перастае, зямелька наша.

  • Што вы, дзед Макар!— запярэчыла Аксана.— Наадварот! Зямлі чужога не трэба, яна выштурхоўвае з сябе розныя камяні, жалеза... Праўда ж, тата?

Але бацьку, відаць, не дужа хацелася ўступаць у палеміку з няпрошаным госцем. Ён неахвотна пацвердзіў:

  • Праўда... Усё, дачка, пара спаць,— і падняўся.

  • Грэх зямельку чапаць,— гнуў сваё дзед.— Капаюць, рыюць штолета, а чаго рыюць, што шукаюць? Усё нечага не хапае людзям. А я так думаю: калі б было што ў зямельцы нашай, даўно знайшлі б. Правільна я разумею?

Ніхто яму не адказаў.

  • Іванавіч! — звярнуўся раптам дзед да бацькі.— Вось вы, я ведаю, крыўдуеце на мяне. Пагаварыць не хочаце. Дзецям і то ўвагу далі, а я, значыць, нічога не разумею, стары пень... Так выходзіць?

  • Не, не так,— адказаў бацька.— Калі бы вы не стаялі цішком ля плота, а падышлі да нас, і вы паслухалі б. Ды вы і так слухалі...

— Крыўдуеце,— паўтарыў дзед.— А за што? Плот вашай маці зрабіў? Зрабіў. Дрывамі памог? Памог. Рыбкаю, грыбамі...

  • За гэта я вас паважаю,— суха адказаў бацька,— а крыўдую трохі толькі за адно: вы робіце ўсё гэта, а потым хваліцеся ўсяму пасёлку, які вы добры.

  • А як жа інакш? — шчыра здзівіўся дзед Макар.— Я ж стары, вось і люблю пагаварыць. I вы, Іванавіч, будзеце старымі, і яны вось, дзеці... Тады пабачыце, што за радасць.

— Добрай ночы,— кінуў бацька.— Хадзем, Аксана.
Бацька пайшоў у двор.

Чэсь кінуўся, перад веснічкамі злавіў за руку Аксану і шапнуў:



  • Выйдзі заўтра на вуліцу... Мы пакажам табе будан. У нас ёсць трэцяя манета!

Раздзел 19

Планы

Дзень абяцаўся быць пагодным.

На чыстым сінім небе ні хмурыначкі. Сонца паднялося ўжо даволі высока, а на траве, на ствалах дрэў, на лісцях — усё яшчэ раса. Ззяе, пераліваецца, успыхвае ў промнях мірыядамі зорак-кропелек па ўсім поплаве. У нізінах, каля прырэчнага кустоўя, яшчэ сінеюць рэшткі начнога туману.

Ціхая, павольная, паўсонная вада Бярэзіны плешчацца ў бераг. Ад ракі патыхае ранішняй свежасцю. То тут, то там чуюцца ціхія гукі: шпок! буль! шпок! — нібы хто кідае ў ваду маленькія каменьчыкі. Гэта невялікія рыбкі палююць на насякомых. Нездагадлівая машкарэча таўчэцца над самай вадою шэрымі хмаркамі, радуецца сонцу, раніцы і нават не падазрае, што служыць некаму ўсяго толькі сняданкам...

Чэсь з Аксанаю спыніліся на абрыве, пад самымі вольхамі і дубам.


  • А цяпер паглядзі ўважліва,— сказаў Чэсь. Аксана паазіралася:

  • Ну і што? Давай, вядзі, дзе той ваш будан?

  • А мы прыйшлі. Над тваёй галавою.

— Там? На дрэвах? Вось гэта здорава... Аніколі не здага далася б.
Уверсе, у кронах дрэў, штосьці зашамацела.

  • А як узбірацца? — спытала Аксана.

  • Па гэтай крывой вольсе. Хочаш, падсаджу? — пачырванеўшы, прапанаваў Чэсь.

Дзяўчынка сярдзіта бліснула на яго вачыма:

— Яшчэ чаго!

Бы кошка, абхапіла гладкі, адпаліраваны нагамі ствол, уміг апынулася наверсе, схавалася ў лістоце.

Радасны настрой у Чэся раптам прапаў ад гэтага сярдзітага «яшчэ чаго». А так добра пачалася была раніца! За ноч пухліна прайшла, шчокі сталі аднолькавыя. Ён мог ужо не саромецца Аксаны. Ён нават падрыхтаваў ёй падарунак, які, загорнуты ў шчыльную паперу, ляжыць у нагруднай кішэні кашулі... I вось — «Яшчэ чаго!». Чэсь няўклюдна, стараючыся не прыціснуцца да вольхі грудзямі, пакарабкаўся следам за дзяўчынкаю.

Хлопцы абодва былі ўжо тут. Змітрок ляжаў на мяккім імху, падпёршы локцем падбародак, флегматычна глядзеў праз сетку лістоты на ўсход сонца. Міхал выглядаў занепакоеным. Ён стаяў на каленях у кутку каля палічак, перабіраў іхні скарб.


  • Здаецца, быў тут хтосьці чужы,— сказаў ён Аксане і Чэсю замест прывітання.— А ўсё на месцы...

  • Ды кажу ж табе, я гэта быў,— азваўся Змітрок.— Учора, калі прыехаў з горада, шукаў вас і ў будан залазіў.

  • Ну, добра,— сказаў Міхал.— Утадкоўвайся, Аксана! Як табе тут падабаецца?

– Здорава! Проста цуд нейкі.— Аксана, праўда, была ўзахапленні.— Аж не верыцца, што ты — на дрэве, высока над зямлёю... А колькі рознага дабра ў вас тут!.. Чайнік нават ёсць. Няўжо і гарбату тут грэеце?

  • Навошта тут? Спускаемся ўніз, да ракі, там кастрышча і галля сухога поўна,— адказаў Міхал.

Ён расклаў на каленях сшытак, дастаў аловак, прыняў важны, нават урачысты выгляд.

— Так, Чэсь, Аксана, давайце сюды талеры... Ну, вось. Цяпер ты зразумела, Аксана? Учора Чэсь зусім не квапіўся на тваю манету, у яго свая была, амаль такая ж на выгляд. Ён знайшоў яе


на сваіх сотках, акурат на тым месцы, дзе магло быць першае пахаванне французскага афіцэра. Бачыш, якія падобныя?

  • Праўда,— прашаптала Аксана.— Хлопчыкі, дык гэта ж значыць...

  • Гэта значыць, скарб наш,— панура перабіў Чэсь.— Дастаем копію бяросты, ты просіш у архіве на час трэці талер — і ўсё.

  • I ўсё! — не могучы стрымаць радасць, Аксана абняла ўсіх па чарзе.

Панурасць з Чэся як рукою зняло.

— Чаму ж вы ўчора ўвечары маўчалі? Трэба расказаць пра ўсё тату,— вырашыла Аксана,— ён параіць...


Усе ўтрох ускінуліся:



  • Ну, зараз!

  • Яны, дарослыя, сто гадоў шукалі, не знайшлі!

  • Раскажам, а сюды наедзе розных экспедыцый, выкапаюць золата, а нам і дзякуй ніхто не скажа!

  • Добра, добра,— пакорліва згадзілася дзяўчынка.— Я ж нічога... Калі вы ўсе супраць, давайце шукаць самі.

  • Так,— сказаў Міхал,— я люблю ва ўсім парадак і яснасць... Давайце найперш запішам... пункт пяты, галоўны і асноўны: пошукі скарбу.

  • А што за пункты? — зацікавілася Аксана.— I чаму пяты? А якія яшчэ чатыры?

  • Так, драбяза...

Міхалу цяпер проста сорамна было за тыя чатыры «метады здабывання грошай». Асабліва за «пункт чацвёрты», які прыдумаў ён сам. Падумаць толькі, якое глупства — «пастарацца знайсці грошы на вуліцы»!..

— Аксана,— строга, каб прыхаваць няёмкасць, звярнуўся да дзяўчынкі Міхал,— мы прынялі цябе ў кампанію. Цяпер ты ведаеш, дзе будан, можаш прыходзіць сюды ў любы час, калі


захочаш, робішся, як і мы, поўнай гаспадыняю ўсяго тут. Дай слова, што будзеш маўчаць, як рыба.
Ніхто — ні бацька, ні бабуля, ні самая блізкая сяброўка — не павінен ведаць ні пра
будан, ні пра скарб.
–Даю слова,— адразу ж лёгка згадзілася Аксана.

–Цябе гэта таксама тычыцца, маўчун ты наш. Змітрок толькі махнуў рукою. Маўляў, што дарэмна апраўдвацца, усё адно не паверыце, што нічога ён Курту не казаў...

—Так, распісваем кожнаму заданні. Сёння — дваццаць пя тага травеня. Я думаю, да канікулаў няма чаго рыпацца. Трэба спакойна давучыцца гэты тыдзень. Скарб, можна сказаць, у нас у руках, нікуды не дзенецца. Раней ці пазней яго выкапаем — не так важна.

Чэсь прапанаваў:



  • Міхал, можа, адразу падумаем, як будзем дзяліць?

  • Вядома, пароўну! — сказала Аксана.— I яшчэ Каці.

  • Якой Каці?!

  • Сяброўцы. Яна падаравала мне талер, з гэтага ўсё і пачалося.

  • Аксана, ты дала слова! — нагадаў Міхал.— Ніякіх сябровак! Дзяліць будзем на чатыры часткі. Трэць — Чэсю з Аксанаю, адну чацвёртую — нам са Змітраком. Талеры вашыя, гэта будзе справядліва. А потым кожны можа распараджацца сваёй доляю, як захоча, у тым ліку і дзяліцца з Кацяю.

Ніхто не запярэчыў. Усе з павагаю зірнулі на Міхала. Не часта даводзіцца бачыць людзей, якія з такой рашучасцю гатовы абдзяліць самі сябе.

  • Значыць,— сказаў Міхал,— пачнем па алфавіце. Аксана, табе самае цяжкае і самае важнае заданне. Першае — распытаць, адкуль талер, ты забярэш яго з сабою ў Мінск. Другое — сходзіш у архіўны музей, даведаешся ўсё падрабязна, па магчымасці возьмеш копію бяросты. Хоць з копіяй, я думаю, праблем не будзе, раз яна ёсць нават у нашым школьным музеі... Пажадана было б неяк выпрасіць у архіве на тыдзень-другі іхні талер.

  • Я паспрабую,— кіўнула Аксана.

  • Змітрок — тое ж самае. Сходзіш у гарадскі краязнаўчы музей, даведаешся пра ўсё падрабязна, паспрабуеш выпрасіць у іх копіі. Мы з Чэсем будзем круціцца тут, на месцы, і чакаць вас. Усё ясна? Хто яшчэ што хоча сказаць?

  • Я,— Аксана, як на ўроку, падняла руку— Калі мы ехалі з татам сюды, у Чэрвені на аўтастанцыі ў мяне хацелі адабраць талер. Я... проста дастала яго з кішэні. А яны заўважылі.

  • Хто яны?

  • Два мужчыны. Аднаго завуць Сева, а другі — лысы. У іх яшчэ машына. I яны ехалі за нашым аўтобусам да самых Паплавоў.

  • Я думаю, нічога страшнага,— сказаў Міхал.— Калі гэтая гісторыя з талерамі такая вядомая, дык нічога дзіўнага, што многія цікавяцца ёю... Аднак пільнасць не пашкодзіць. Надалей ні Аксана, ні ты, Чэсь, ніколі не даставайце манеты без патрэбы. I яшчэ: каб не ўзнікала да нас падазронасці, будзем гаварыць: «Нам далі на лета заданне — збіраць матэрыялы пра гісторыю Паплавоў». Усё зразумела?

  • Зразумела.

  • Тады — купацца! — весела закончыў Міхал.— Каля берага вада ўжо цёплая.

Хутка спусціліся ўніз.

Аксана раптам спынілася:



  • Не, я не магу. Я забыла купальнік.

  • Збегай, мы пачакаем.

  • Ды ў Мінску забыла! Думала, яшчэ холадна купацца, і не ўзяла...

1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   ...   15


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка