Шчарбаты талер Аповесць




старонка7/15
Дата канвертавання10.05.2016
Памер2.21 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   ...   15
Раздзел 8

Бабуля
Бацька папрасіў вадзіцеля спыніцца каля крайняй хаты.

Калі Аксана з бацькам выйшлі з аўтобуса, да іх ужо спяшалася бабуля. Анічуць не пастарэлая, лёгкая, басаногая, у белай хустачцы, у сваім любімым чысценькім фартуху, які Аксана бачыла на ёй кожнае лета і які чамусьці ніяк не зношваўся.

Бабуля прыгарнула ўнучку да сябе. На Аксану дыхнула забытым ужо прыемна-вясковым пахам свежай травы...

— А я так чакала вас! — маладым, мяккім голасам хутка загаварыла бабуля. Па яе жвавым твары беглі радасныя зморшчынкі.— I Гаспадар чакаў, мыўся ўсю раніцу!

Яна выпусціла Аксану, пацалавалася з бацькам. Пайшлі да веснічак. У канцы вуліцы паказалася машына. Бабуля, зірнуўшы на ўнучку, раптам усклікнула:

— Што з табою, Аксаначка?!

Дзяўчынка не адказала. Яна не зводзіла вачэй з цёмна-сіняй знаёмай «Аўдзі», якая хутка набліжалася да іх. Параўняўшыся з веснічкамі, машына збавіла хуткасць, паехала цішэй. За цёмным шклом кабіны Аксана ўбачыла сваіх чэрвеньскіх «знаёмцаў».

— Ты ці не хворая? — Бабуля спалохана мацала ёй лоб.

— Сапраўды,— устрывожыўся і бацька,— нават з твару змянілася...

Праехаўшы каля іх, машына зноў дадала хуткасці і паімчалася ў бок горада, знікла за паваротам.

— Не, нічога,— прамармытала дзяўчынка, адводзячы бабуліну руку— Проста закалыхала крыху ў аўтобусе...

— А вы ці елі? Можа, галодныя паехалі?



  • Ды снедалі мы,— адказаў бацька,— і ў аўтобусе перакусілі. Відаць, сапраўды закалыхала, бо душна было. Галава баліць, Аксана?

  • Нічога страшнага — усё прайшло!

Аксана была ўпэўнена, што машына ехала за аўтобусам знарок, каб высачыць, дзе яна, Аксана, выйдзе. Цяпер дзяўчынка адчула палёгку — машына не спынілася. Ну, і няма чаго пра гэта думаць!.. Паехалі, і хай едуць... Чаго ёй баяцца, што кепскага яна ім зрабіла? Не прадала талер? Няхай не спадзяюцца і надалей. Манета патрэбна ёй самой.

У маленькім, акуратным, зарослым густым мурагом дворыку бацька паставіў сумкі на лаўку пад кустом пахучага сіняга бэзу, сказаў бабулі:

— Вынесі нам, маці, ручнік. Спаласнемся з дарогі, у хату трэба чыстымі заходзіць.

— I праўда, я зараз! — Бабуля кінулася ў хату.

У кутку двара, каля веснічак, быў нізкі калодзеж з калаўротам. Бацька выцягнуў вядро вады, напоўніў рукамыйнік, што вісеў на слупе ля калодзежа. Аксана ўмылася. Калодзежная вада як рукою зняла дарожную ўтому. Яна ледзяніла рукі, твар і пахла, як ні дзіўна, таксама свежаскошанай травою...

Выйшла бабуля з бялюткім ручніком.

— Тата,— закрычала Аксана, забыўшыся выцерціся,— кот траву есць!

Стары рыжы кот пад плотам прынюхваўся і асцярожна, бакавымі зубамі адкусваў травіны, з асалодаю жаваў.

— Стары, лечыцца так,— патлумачыла бабуля.— Ён тут у мяне гаспадар.

— А адкуль ён узяўся? — спытала Аксана.— Тым летам не было.

— Макар прынёс, дзякуй яму. Ён мне ва ўсім памагае. А кот і стары, а бачыш, прыжыўся.

— А як яго завуць?

— Так і завуць — Гаспадар.

Бабуля жыла адна, яна аўдавела пяць гадоў назад. Аксана ледзь помніла дзеда. Помніла, што ён быў добры і падобны на бацьку, толькі меншы ростам і старэйшы. Тады яшчэ дзед з бабуляю жылі зусім у іншай вёсцы, далёка, на Гомельшчыне. Пасля, Аксана ведала з расказаў бацькі, ад блізкага Чарнобыля пайшла радыяцыя. Людзей з тае вёскі выселілі, заплаціўшы ім грошы — «кампенсацыю». Ім прапанавалі на выбар некалькі месцаў для новага жыхарства, у тым ліку і Мінск. Але пра горад старыя не хацелі і слухаць. Ім трэба была хоць якая латачка зямлі. Бацька паклаў усе свае зберажэнні да іхняе «кампенсацыі», і купілі гэтую вось хату, у Паплавах. Аксана яшчэ помніла, як маці тады сварылася, крычала на бацьку... А потым дзед захварэў, паляжаў крыху ў бальніцы ў Бараўлянах і памёр.

А бабуля прывыкла тут. У Мінску, куды яна прыязджала зімою на колькі дзён у госці, яна нудзілася, месца сабе не знаходзіла, сумавала і па той ранейшай вёсцы, і па гэтай новай, Паплавах, успамінала курэй і кабанчыка, за якімі наглядаў сусед дзед Макар... Затое колькі радасці ёй было ўлетку, калі прыязджала Аксана! Для адзінай унучкі яна не шкадавала нічога.

— Можна мне Гаспадара пагладзіць? — спытала Аксана.

— Пагладзь, ён чысты, хоць і стары.

Дзяўчынка прысела каля ката, пагладзіла па сапраўды чыстай, мяккай поўсці. Кот, не звяртаючы на дзяўчынку аніякае ўвагі, прыплюснуўшы вочы, еў траву.

— I ён вас чакаў. А ці надоўга вы? — спытала бабуля ў бацькі, які памыўся, і падала яму ручнік.

— Заўтра ўвечары паедзем.

— Ну і добра. Хадземце ў хату, за стол!

Раздзел 9

Двор
На абед была юшка. Самая сапраўдная, са свежае рыбы. Над талеркамі плыў такі водар, што ў Аксаны рот напаўняўся слінаю. У зацягнутым празрыста-залатым тлушчам варыве плавалі жоўтыя лісткі пятрушкі і кропу.

  • Хоць у печы звараная, затое са свежай рыбы,— казала задаволеная бабуля, бачачы, што гасцям даспадобы гэты пачастунак.— Дзед Макар сёння раніцаю прынёс.

— Дзед Макар, я гляджу, табе добрая дапамога,— заўважыў бацька.

— А куды ж я адна? Аднаму цяжка, хоць ты разарвіся...

Бацька нічога не сказаў. Аксана сёрбала духмяную юшку, забываючы нават адкусваць хлеб. Калі трапляліся кавалачкі рыбы, дзяўчынка абсмоктвала косткі і давала Гаспадару, які сядзеў пад сталом і мурлыкаў на ўсю хату. Ён адчуваў, што бабуля радая гасцям, і таксама, па-свойму, радаваўся.

— Ты як бы пахудзела крыху,— сказала бабуля Аксане.— Няма маці, няма каму глядзець за табою...



  • Я? Пахудзела? Наадварот, паправілася!

Бацька і на гэтыя словы прамоўчаў. Еў спакойна, бы ўсё гэта яго не тычыцца, і глядзеў у талерку.

Аксана заўважыла: бабуля ўвесь час стараецца звесці гаворку на тое, як цяжка чалавеку аднаму, без жонкі. А ёй, Аксане, без маці. Ну, не! Яшчэ чаго! Не трэба ім з бацькам ніхто!.. Яна, Аксана, сама ўжо вялікая і амаль усё можа рабіць па гаспадарцы.

— А калі ты, унучка, ужо надоўга прыедзеш?

— Праз тыдзень, калі капікулы пачнуцца,— адказаў за Аксану бацька.— Тады і прывязу

— I надоўта?

— Гледзячы, калі сам з экспедыцыі вярнуся. Месяц тут пабудзе ці, можа, паўтара.

— Вось каб была гаспадыня дома ,— нібы сама сабе сказала бабуля,— і за кватэраю было б каму паглядзець. А так паедзеш у сваю экспедыцыю, а кватэру на каго кінуць?

— Не трэба нам ніякай гаспадыні! — не вытрымала, умяшалася Аксана.

— Так, ты паела? — строга сказаў бацька.— Тады ідзі на двор, пагуляй.

Не хочуць, каб яна слухала іхнія дарослыя размовы. Ну і не трэба. Дужа ёй цікава. Дзяўчынка выбралася з-за стала, падзякавала бабулі.

Было гадзіны чатыры дня. Сонца гэтак жа, як і з раніцы, то з'яўлялася, то знікала ў хмарах. I ўсё адно толькі тут, у вёсцы, адчувалася сапраўднае лета. А пахі!.. Пахне зямлёй, травою, кветкамі... Кветак — цэлая градка пад акном прыбудовы-веранды. За хатаю, паміж сцяною і плотам, яшчэ градка — маладога шчаўя. Аксана, хоць і была зусім не галодная, прысела на кукішкі, пачала адпраўляць у рот самыя маленькія, салатавага колеру лісточкі, якія мелі асаблівы кіславаты прысмак. Ела, аж пакуль не набіла аскоміну. Побач хадзілі куры, скоса пазіралі на дзяўчынку і, нібы дражнілі яе, таксама дзюбалі шчаўе.

Аксана ўскарабкалася на плот і агледзела такую знаёмую вуліцу. Колькі розных домікаў! Яшчэ больш стала, чым у тым годзе. Кожны дворык абгароджаны з усіх чатырох бакоў. А колькі розных вулічак, завулачкаў, тупікоў! Шаша «разразае» Паплавы пасярэдзіне. Адна частка, дзе і бабуліна хата, завецца «нізінаю», таму што з гэтага боку шашы завулачкі, хаты, агароды збягаюць усё ўніз і ўніз, аж да самай Бярэзіны. Адсюль ракі нават не відаць. А недзе там за ракою — поплаў, а за ім — балота...

А другая ад шашы частка пасёлка, наадварот, уздзіраецца ўсё вышэй і вышэй. I там, дзе канчаюцца межы апошніх дачных участкаў, адразу пачынаецца лес.

Вось такія іхнія Паплавы. Не зразумееш, ці гэта вёска, ці прыгарад, ці ўчасткі лецішчаў... Яшчэ год назад Аксана зусім абыякава аглядала гэтае наваколле. Але цяпер гісторыя з талерам, што ляжаў у кішэні, не ішла ў яе з галавы. Гэта ж колькі такіх пасёлкаў на Беларусі! І ў кожнага — свая гісторыя, свае, магчыма, таямніцы... Сказаў жа тата, што толькі ў нашай рэспубліцы кожны год знаходзяць каля дзесятка буйных скарбаў. Не ў адным жа месцы гэтыя скарбы схаваныя, а па ўсёй Беларусі...

Дзяўчынка злезла з плота, яшчэ раз уважліва разгледзела талер. Чаму ён такі няроўны? Вось гэтая глыбокая выемка ў рубцы, ці гэта шчарбіна, ці ўмяціна... Нібы выпіленая напільнікам ці выразаная вострым нажом. Трэба не забыць спытаць у таты. Хутчэй бы вечар! Тады тата ўрэшце раскажа гэтую даўнюю загадкавую гісторыю да канца. Колькі яны яшчэ там будуць з бабуляю сакрэтнічаць?

Аксана зайшла ў маленькую, але светлую, утульную веранду. Тым летам, калі было душна ў хаце, бабуля слала ёй вось на гэтай канапе ў кутку. Матрас быў набіты духмяным сенам, падушка — мяккім курыным пухам... Як жа тут соладка спалася!.. I тумбачка каля канапы тая ж самая.

Аксана расчыніла палавінкі тумбачкі. Алей, цукар, пачак гарбаты, міса з яйкамі...

Раптам дзяўчынцы падумалася, што алеем можна паспрабаваць пачысціць талер. Можа, тады на ім штосьці праявіцца? Якіясь таемныя знакі, што адкрыюць месца, дзе закапаны скарб? Вось было б здорава.

Адкаркаваўшы зубамі пляшку, Аксана капнула на палец алею і пацерла манету. Нічога, ніякіх знакаў не праступіла. Толькі на пальцы застаўся брудны сіні след, а сама манета трохі панавела. Можа, мала алею? Аксана, ужо не шкадуючы, нахіліла пляшку, кропнула алею проста на талер... Не, манета якой была, такой і засталася. А вось як цяпер трымаць яе, прапахлую алеем, у кішэні? Аксана, не знайшоўшы нічога пад рукою, хапатліва працерла талер сваёй новенькай насоўкаю. На насоўцы адразу з'явілася сіняя масляністая пляміна, акурат паўтарыўшы контуры талера. Ну вось, ізноў пападзе ад таты... «Скажу, што забыла насоўку ў аўтобусе, а потым, на канікулах, як-небудзь адмыю»,— вырашыла Аксана.

Яна зладзеявата азірнулася, ступіла да канапы і запхнула скамечаную брудную насоўку пад матрац, на самае дно.


Раздзел 10

Чэсь
Пасля гэтага «граху» дзяўчынцы расхацелася заходзіць у хату. Бацька з бабуляю так умеюць чытаць па вачах... Паклаўшы ў кішэню талер, які і праўда збольшага адчысціўся і ад старадаўняга налёту, і ад сучаснага алею, Аксана зноў выбегла на двор.

— Ксюха! — раптам пачула яна радасны голас— Аксана, калі вы прыехалі?

За плотам стаяў, пазіраючы праз дзіркі між калкоў, хлопчык яе гадоў, Чэсь. Быў ён белабрысы, загарэлы, як бы нават памужнелы за год, пакуль яны не бачыліся. Босы, у джынсавых шортах, у расхлістанай доўгай кашулі з завязанымі на жываце канцамі.

Аксана не верыла сваім вушам. Няўжо гэта той самы Чэсь, забіяка, нахабнік, хуліган, якога яна так баялася тым летам? Які не даваў ёй праходу, цягаў за косы, дражніў: «Ксюха без вуха», які, калі яны купаліся ў Бярэзіне каля берага, ныраў, пад вадой хапаў яе за нагу і цягнуў на глыбіню... Які аднойчы так напалохаў яе, стрэліўшы за спіною з самапала, пасля чаго бабуля хадзіла сварыцца да яго бацькоў... I вось — калі ласка: ветлівы, такая радасць у голасе!

Зрэшты, дзяўчынка і сама была радая ўбачыць знаёмы твар. За год і не такое забываецца. Да таго ж яна, як ні кажы, госця тут. А Чэсь — мясцовы, значыць, гаспадар. У гасцях мусіш прыхоўваць некаторыя свае антыпатыі.

Ды не бойся, хадзі сюды! — паклікаў Чэсь.

— Я і не баюся.

Аксана выйшла на вуліцу, на ўсялякі выпадак пакінула веснічкі расчыненымі і стала блізка каля іх.

— Ды не бойся,— паўтарыў Чэсь.— Ты прыехала на ўсё лета? Як у тым годзе?

— На якое ўсё лета, яшчэ тыдзень да канікулаў...— Аксана зірнула на яго і раптам усклікнула, пляснуўшы далонямі, падрабляючыся пад бабулю: — Божа, што гэта з табою?!

Адна шчака ў Чэся была распухлая і адтапырвалася, нібы за ёю ляжаў вялізны круглы ледзянец.

— А, гэта...— Чэсь збянтэжана прыкрыў шчаку далоняю.— Ужо праходзіць! Раней яшчэ не такая была,— пахваліўся ён.

— Зноў у бойку ўлез?

— Не, вочы пакусалі. Звілі на гарышчы гняздо, я іх высачыў, палез — і вось...

— I навошта яны табе былі?

— Як навошта? А мёду набраць?

Аксана здзіўлена паўзіралася ў яго — ці не жартуе? — тады залілася смехам:

— Які ж у восаў мёд? Эх ты, вясковы хлопец, а («такі дурны»,— ледзь не вырвалася ў яе)... а не ведаеш, што восы ніякага мёду не даюць.

— Я не ведаў,— прызнаўся Чэсь. — Думаў, раз яны падобныя на пчол і кублы ўюць, дык павінны быць і соты...

Аксана раптам заўважыла, што ён чырванее. I яшчэ — калі гаворыць і глядзіць на яе, дык стараецца павярнуцца так, каб не было ёй бачна распухлай шчакі. Няўжо саромеецца за такі свой выгляд?

— Аксана, — Чэсь азірнуўся, тады апусціў галаву, пакалупаў вялікім пальцам нагі пясок,— Аксана,— хутка прамовіў ён,- ты прабач... Я больш не буду цябе тапіць...

Вось дык фокусы! Што гэта з ім?

— Добра, глядзі,— жартуючы, паківала яму пальцам Аксана.

— Дык ты не крыўдуеш? — адразу павесялеў Чэсь.— А хочаш, мы гэтым летам будзем сябраваць?

— Як?

— Ну, разам быць... Я пакажу табе вір, дзе ловяцца падлешчы. I будан... не, я хацеў сказаць, пакажу, дзе арэхаў можна будзе назбіраць поўна...



— Пачакай, што за будан?

— Не, нічога. Ніякага будана няма. Я хацеў сказаць, яго можна зрабіць,— з прыкрасцю на сябе, што прагаварыўся, пачаў апраўдвацца Чэсь.

«Я ў цябе ўсё. выпытаю, ты мне ўсё пакажаш, і той будан»,— падумала Аксана. Ёй ільсціла прапанова сяброўства, прыемна было — і ўсё ж... Яна са здзіўленнем адчула, што такі Чэсь — пакорлівы, ветлівы, прыніжаны — цікавіць яе менш, чым раней. Калі б ён толькі што не папрасіў прабачэння, ёй, напэўна ж, не захацелася б зараз крышку памучыць яго.

— А я не змагу быць тут улетку,— сумна ўздыхнуўшы, сказала яна.

— Як не зможаш? Чаму?!

— Тату адпраўляюць у экспедыцыю. У... у Бразілію. I ён бярэ мяне з сабою.

Чэсь нават забыў пра шчаку. Ён глядзеў на дзяўчынку ва ўсе вочы, смешны і няшчасны.

— А надоўга? — спытаў ён з рэшткамі надзеі ў голасе.— Можа, хоць у канцы лета прыедзеш?

— Не, наўрад ці. Мы там доўга будзем, у Бразіліі.

— А ты сама хочаш ехаць? — спытаў Чэсь.

— Вядома, хачу. Там так цікава... Па-першае, цэлых дзесяць гадзін ляцець самалётам. Па-другое, там акіян, розныя кракадзілы, джунглі, пальмы, какосавыя арэхі...

— А ў нас хіба нецікава? — вырашыў пакрыўдзіцца Чэсь.

— Параўнаў! Кракадзілаў — і вашыя падлешчыкі, какосы — і вашыя арэхі...

Чэсь быў проста знішчаны. А ён хацеў зацікавіць яе буданом... Будан — і Бразілія!..

Ён пахмурнеў. Разам з тым у яго вачах пачало з'яўляцца штосьці ранейшае, задзірліва-ганарыстае.
Раздзел 11

Міхал
— Ну і едзь,— панура сказаў Чэсь, з-пад ілба пазіраючы на дзяўчынку.

— Ну і паеду.

— Едзь, едзь...

Помста за ранейшыя крыўды была поўная. Аксана, заахвоціўшыся, нацешыўшыся, зараз жа пашкадавала яго. Толькі яна збіралася прызнацца, што Бразілія — лухта і яна сама не ведае, дзеля чаго выдумала ўсё гэта, як Чэсь падступіў да яе на якіх паўкроку і перакрыў ёй дарогу да веснічак.

— А хочаш, я табе зараз тваю Бразілію пакажу...

Не паспела Аксана адскочыць, як Чэсь схапіў яе двума пальцамі за нос і пацягнуў уверх.

На міг дзяўчынка знямела ад нечаканасці, ад гэтага нахабства; да таго ж так балюча і непрыемна было... Але праз міг, сілячыся вырвацца, яна знянацку паступіла цвёрдай, рыфленай падэшвай красоўкі на Чэсеву босую нагу. Чэсь войкнуў і выпусціў яе нос. Ад злосці Аксана яшчэ раз паўтарыла гэты «прыём», ужо знарок.

— Ты што?! — ускрыкнуў Чэсь і, сагнуўшыся, схапіўся за нагу.

Дужа няўстойлівай, заманлівай была такая яго поза, каб не паспрабаваць перамагчы яго дарэшты... Аксана лёгка штурхнула яго ў плячо. Чэсь згубіў раўнавагу, упаў на спіну, але адразу ж пругка падхапіўся:

— Ну, пачакай!..

Але хуткай і суровай расплаты Аксана чакаць не стала. Не паспеў Чэсь абцерці пясок з шортаў, як яна ўжо сядзела на высокім плоце,— балазе ў красоўках лёгка было ўзабрацца па гладкіх калках, падэшвы не коўзаліся.

Бы кошка, зверху дзяўчынка цікавала за Чэсем, гатовая пры першым яго падазроным руху саскочыць у двор.

— Ах! — усклікнула раптам яна і схапілася за кішэню, стараючыся затрымаць манету, што вывальвалася адтуль.

Але позна! Манета выслізнула з рукі і шпокнула недзе ў траву пад плот. Праз імгненпе яна была ўжо ў кулаку ў Чэся. Чамусьці хлопчык таксама, перш чым схаваць манету, схапіўся за сваю кішэню, запусціў туды руку.

— Дзірка,— збянтэжана прамовіў ён.

— Чэсік, аддай! — узмалілася Аксана.

— Яшчэ чаго.

— Аддай, гэта не мая манета!

— Вядома, не твая, а мая.

(Яшчэ б — хто адмовіўся б ад такога трафею, здабытага ў «чэсным баі»?!)

— Чэсік, ну хочаш, я прызнаюся, што наманіла табе?

— Гм... Хачу.

— Тады аддасі?

— Аддам.


— Пакляніся!

— Ну, клянуся.

— Я нахлусіла табе пра Бразілію... Нікуды я не еду, тут буду, у Паплавах. I мы будзем сябраваць, як ты хацеў...

— Вось як? Ну, калі прыедзеш на канікулы, тады і пагаворым.

I Чэсь, спакойна пасвістваючы, павярнуўся да дзяўчынкі спіною з яўным намерам — пайсці.

У галаве ў Аксаны прамільгнула, што трэба прымаць крайнія меры — клікаць на дапамогу бацьку (хоць яна заўсёды лічыла — апошняя гэта справа, скардзіцца бацькам...).

— Аддай! Ты ж пакляўся! — з адчаем крыкнула яна.

— Я ж цябе не прасіў прызнавацца.— Чэсь, аднак, спыніўся.— Ну, хай: я схлусіў, калі кляўся. А ты схлусіла пра Бразілію. Вось мы і квіты. Ты хлусіш, чаму і мне нельга?

Такой жорсткасці дзяўчынка нават ад яго не чакала. Яна ўсхліпнула. Выціраючыся, краем вока ўбачыла, што Чэсь як бы разгубіўся.

— Ды што ты румзаеш? Аксана! 3 чаго ты ўзяла, што я павінен аддаць табе сваю манету?

— Не, гэта мая! — праз слёзы ўсклікнула дзяўчынка.— Табе яна проста так трэба, гуляцца, а мне... Ты не ведаеш нават!..

— Ды нічога падобнага — гэта мая! Я знайшоў яе ўчора на агародзе... Ты мяне штурхнула, я ўпаў, манета выкацілася праз дзірку, ты яе схапіла — і на плот... Ды, як бачыш, не ўдалося, манета сама ведае гаспадара,— задаволена сказаў Чэсь.

— Як табе не сорамна?!

— Гэта табе павінна быць сорамна. Нарасказвала мне казак пра Бразілію, адтаптала нагу, хацела ўкрасці маю манету, а цяпер плачаш, што не ўдалося...

Аксана, не адказваючы, узіралася ў канец вуліцы. Там ехаў веласіпедам хтосьці вельмі знаёмы... Так і ёсць, гэта Міхал, і едзе да іх! Ну, цяпер можна абысціся і без дапамогі бацькі... Міхал яе ў крыўду ніколі не дасць. I бацька яго ведае, і бабуля любіць і заўседы наказвае, каб ён глядзеў за ёю, Аксанаю, і абараняў яе. Бацькі Міхала — з той жа вёскі на Гомельшчыне, адкуль і бабуля, а пасля радыяцыі перасяліліся таксама ў Паплавы. Таму і трымаюцца разам, бы радня.

— Міхал! — Аксана замахала рукою, каб хутчэй пад'язджаў.

Міхал паклаў веласіпед узбоч шашы, накіраваўся да іх. Гэта быў высакаваты для свайго ўзросту (а ён быў на год старэйшы за Аксану з Чэсем), чарнавокі сур'ёзны хлопчык. Абуты ў кеды; спартыўныя штаны, закасаныя да каленяў, чорная майка з надпісам на левай грудзіне — «Рассвет».
Раздзел 12

Другі талер


— Чэсь, прывітанне! Аксана, калі ты прыехала?

— Ён адабраў у мяне манету! — замест адказу плаксівым голасам паскардзілася Аксана.— I не хоча аддаваць!

— Хлусня,— сказаў Чэсь, не кранаючыся з месца.

— Манету?

Міхал павярнуўся, моўчкі падступіў да яго. Ён быў вышэйшы за Чэся на цэлую галаву. Але Чэсь не спалохаўся, адно аж пабялеў ад несправядлівасці і стаяў, як стаяў.

— Міша, калі хочаш біцца — давай,— прамовіў ён.— Але я не адбіраў у яе нічога. У мяне ў кішэні ляжала манета, выпала праз дзірку, Аксана схапіла, а потым сама выпусціла з рукі... А цяпер канючыць: аддай!

Міхал, са сціснутымі кулакамі, спыніўся ў нерашучасці. Ён ведаў Чэся — той проста так казаць не будзе.

Аксана між тым злезла з плота, смелая, стала за Міхалавай спіною:

Не вер яму, Міхал,— я прывезла талер з сабою, з Мінска!

— Лухта, я знайшоў яго ўчора на сваім агародзе!

— Ану, пакажы, Чэсь,— загадаў Міхал.

Чэсь неахвотна выцягнуў талер. Раптам твар у яго змяніўся. Чэсь хутка панюхаў манету:

— Што такое?.. Алеем чамусьці пахне... I мая цямнейшая... I нібыта рубец іншы — шчарбіна большая і з другога боку...

— Аксана! — пачуўся з двара бацькаў голас. Скарыстаўшы Чэсеву разгубленасць, дзяўчынка імгненна схапіла талер проста з яго далоні, схавала ў кішэню:

— Міша, дзякуй вялікі! Мне трэба бегчы... Ты мне так памог! Ты нават не ўяўляеш, што гэта за манета... Хочаш, прыходзь сёння ўвечары, тата раскажа...— і, прыгнуўшы Міхалаву галаву, зашаптала яму штосьці, тады нырнула ў веснічкі.

— Дзе ж тады мая?..— разгублена паўтараў Чэсь, лапаючы па кішэнях.— Не прыснілася ж яна мне!..

— Пачакай, давай адыдземся. Вунь бабуля Аксаніна пазі-рае, топчамся тут каля хаты.

Міхал падняў веласіпед, хлопчыкі завярнулі ў завулак, што спускаўся ў «нізіну», да Бярэзіны, дзе была Чэсева хата.

— Так,— сказаў Міхал,— а цяпер распавядзі толкам, усё па парадку.

— Ды ўчора...— Чэсь усё мацаў кішэні, азіраўся вакол, быццам шукаў манету,— учора бацька абганяў бульбу. Ведаеш, на тых сотках, што каля самай ракі, дзе помнік? Я вадзіў каня, ты ж ведаеш, спёка была, авады, машкарэча, конь хадзіць не хацеў, брыкаўся...

— Ды што мне твой конь? Пра манету расказвай.

— Ну, і бліснула штосьці на свежай зямлі, там, дзе ўжо прайшла сошка. Я падняў на хаду і паклаў у кішэню, нават не разгледзеўшы як след,— не было калі.

— А ўвечары?

—Што?


— Увечары разгледзеў манету?

— Ды я забыў на яе, Міша! Я так натаміўся з тым канём, што ледзь ногі цягаў. Потым яшчэ гэтыя восы праклятыя,— Чэсь дакрануўся да шчакі.— Так балела — пра што хочаш забудзеш...

— Карацей, ты яе згубіў.

— Выходзіць, так,— вінавата патупіўся Чэсь.

— Успомні, дзе ты ўчора ці сёння сядзеў або ляжаў?

— Ды нідзе! Толькі на гарышча злазіў, да восаў, і адразу — спаць. Толькі...— Чэсь прыгадаў, як сёння Аксана ганебна зваліла яго.— Не, нідзе.

— Дзіркі зашываць трэба, лапух,— упікнуў Міхал.— Як у цябе хапіла розуму пакласці манету ў дзіравую кішэшо? I як манета не выпала адтуль адразу ж? Ты ж босы быў?

— Босы...— Чэсь раптам спыніўся, паглядзеў на Міхала дзіўнымі вачыма.

— Ну, вось. Калі б манета выпала, яна б табе стукнула па назе. Няўжо ты не пачуў?

— Стой! Усё правільна! — з радасці Чэсь пляснуў сябра па плячы.— Успомніў — ніякай дзіркі ў кішэні не было, бо і шортаў не было! Я ў трыко быў! А ўвечары, калі я ўжо спаў, маці забрала трыко мыць, а мне паклала шорты. Цяпер успомніў: кашуля гэтая самая была, а вось штаны...— усё не мог угаманіцца Чэсь.

— I ты паўдня не ведаў, што ходзіш у другіх штанах?

— Паглядзеў бы я на цябе, каб ты так натаміўся! Ды і восы...

— Добра, хопіць пра восы. Дзе тваё трыко цяпер?

— Відаць, маці памыла ўжо. Вісіць і сохне.

— Ды не трыко,— але зазлаваў на яго тугадумнасць Міхал,— навошта мне тваё трыко? Манета дзе? Можа, маці згубіла яе неяк, калі вытрусвала адзенне!

— Сапраўды, я пра гэта і не падумаў,— спалохаўся Чэсь. Другі раз за адну гадзіну страціць манету было б для яго занадта.

— Сядай! — скамандаваў Міхал.

Ён разагнаў веласіпед, Чэсь, прабегшы крыху збоку, схапіўся за руль і скочыў на раму. Вулічка бегла ўніз. Праз хвілін колькі хлопцы ўжо ўляцелі ў Чэсеў двор.

Пасярод двара стаялі начоўкі, ад якіх падымалася пара. Пахла пральным парашком. Чэсева маці, сагнуўшыся, шчыравала над бялізнаю; кавалак гаспадарчага мыла ў яе руцэ так і шоргаў па рыфленай дошцы. Амаль усе вяроўкі, нацягнутыя ў канцы двара між дзвюма грушамі, былі занятыя вымы-тай, прапаласканай адзежаю. Каля начовак засталася толькі невялікая кучка нейкага рыззя.

Хлопцы кінуліся туды і — вось радасць! — трыко! I манета на месцы, у задняй кішэні.

1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   ...   15


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка