Шахматы далёкіх продкаў




Дата канвертавання17.03.2016
Памер78.98 Kb.
Станіслаў Цярохін

ШАХМАТЫ ДАЛЁКІХ ПРОДКАЎ



Шахматы – гэта па форме гульня,

па зместу мастацтва, а па цяжкасці –

навука.

Тыгран Петрасян

XII стагоддзе. Старажытны Менск. Майстэрня рамесніка. Кволы язычок полымя, што ляніва гайдаецца на канцы лучыны, цьмяна асвятляе сярэдзіну хаты, якая зрублена з танклявых круглякоў. За доўгім варштатам, нізка схіліўшыся над кратаванай на белыя і чорныя квадраты дошкай, якую малодшы чаляднік Юрка называе падслуханым на княжацкім падворку словам “таўлеі”, моўчкі сядзяць два плячыстыя дзецюкі ў зашмальцаваных хвартухах са срэбнага палатна і час ад часу перастаўляюць жылістымі рукамі шахматныя фігуркі. Гульня так захапіла іх, што не пачулі, як глуха бразнула настылая ад марозу клямка. Ля высокага парога ў бухматых клубах пары вырасла камлюкаватая постаць Няжылы, славутага залатымі рукамі і буйным норавам ювеліра. Незадаволена бліснулі неўтаймаванай лютасцю зялёныя, крыху лупаватыя вочы, хмурна ссунуліся да запалага пераносся касматыя бровы.

– Варта адысці на якую хвіліну, як вы адразу ж за сваё, – накінуўся Няжыла на дзецюкоў. – Утаропяцца ў гэтую поскудзь і лыпаюць, бы здзічэлыя вепрукі, вачыма… Годзе, няма больш майго цярпення! – задыхаючыся ад абурэння, выгукнуў майстра, і схапіўшы дошку, ляснуў ёю аб дубовы вугал варштата. Сухія ашчэпкі шпурнуў са зларадным задавальненнем у зыркае полымя печы, ля якой завіхалася з расчырванелым тварам Ульяніца. Услед, забарабаніўшы сухім россыпам па шчарбатай чарэні, паляцелі выразаныя Юркам з кавалка асінавага цурбака шахматныя фігуркі. Некалькі з іх, адскочыўшы ад скляпеністых чалеснікаў, зваліліся на падлогу і зніклі ў прагрызенай у качарэжніку згаладалымі за зіму пацукамі дзірцы…

Гэты эпізод я падаў на падставе дакладных гістарычных звестак, крыху дапоўненых, зразумела, аўтарскім уяўленнем. Пад час раскопак старажытнага гарадзішча Мінска археолагі сапраўды выявілі майстэрню ювеліра, а пры яе даследаванні знайшлі чатыры самаробныя шахматныя фігуркі, выразаныя з драўніны. Падобныя шахматы знойдзены ў Брэсце і Мсціслаўі – у гарадах, размешчаных за 646 кіламетраў адзін ад аднаго.

Сам факт знаходак шахматных фігур для Беларусі даволі ардынарны. З дваццаці ўсходнеславянскіх гарадоў перыяду Кіеўскай Русі, у якіх знойдзена хоць адна шахматная фігурка, пятнаццаць знаходзяцца ў межах сучаснай Беларусі. Найбольш старажытныя фігуркі з Ваўкавыска, Друцка і з гарадзішча на Менцы (12 кіламетраў ад Мінска) і датуюцца XI стагоддзем. Геаграфія знаходак сведчыць аб даволі раннім распаўсюджанні шахмат на ўсёй тэрыторыі краю.

Драўляныя шахматы, зробленыя рукою аматара, перш за ўсё цікавыя сваімі сацыяльнымі звесткамі. Само іх існаванне – гэта яскравы доказ таго, што з шахматамі ўжо тысячу гадоў назад былі знаёмы не толькі прадстаўнікі гарадской вярхушкі на чале з князем і ягонай дружынай, але і ніжэйшыя слаі насельніцтва тагачасных беларускіх гарадоў. Іх рабіў саматужна той, хто не меў магчымасці набыць шахматы ў рамесніка-прафесіянала. Як бачым, простыя пасадскія людзі, што зараблялі хлеб сваім мазалём, ведалі назвы фігур, правілы і ўмовы гульні, валодалі неабходнай для гэтага кемлівасцю, былі здольны разлічваць заснаваныя на абстрактным мысленні складаныя камбінацыі.

Мы глыбока памыляемся, калі іншы раз лічым нашых далёкіх продкаў здатнымі толькі на гульні ў бабкі. А між тым гэта было зусім не так. Матэрыялы, якія мае сёння навука, у першую чаргу дзякуючы археолагам, паказваюць, што ўсходнія славяне вылучаліся высокай шахматнай культурай. Больш таго, да яе былі далучаны шырокія колы насельніцтва заходніх раёнаў Кіеўскай Русі ў XI-XIII стагоддзях. А гэта магчыма было толькі пры дасягненні пэўнага ўзроўню развіцця духоўнай культуры ўсяго грамадства, на агульным фоне якога фарміруюцца, як вядома, эстэтычныя патрэбнасці кожнага індывідуума.

Шахматы прываблівалі перш за ўсё творчым характарам, магчымасцю спалучэння фізічнага адпачынку з актыўнай разумовай дзейнасцю, спартыўным азартам змагання і перыпетыямі вострай захапляльнай барацьбы. Акрамя хлеба надзённага нашы далёкія продкі дбалі, мабыць, не менш за нас аб прыгажосці, разумелі і імкнуліся да яе. Паказальны факт. У адной старажытнай грамаце будаўнікі храма спецыяльна абумовілі права на свабоду творчасці. Уключаная ў дагавор умова адхіляла дыктат заказчыка: “Рубіць вышынёю, як мера і прыгажосць пакажуць”. Гэты мастацкі прынцып прасочваецца і ў творчасці старажытных шахматнікаў.

Беларуская калекцыя шахмат XI-XIII стагоддзяў складваецца больш як з трыццаці асобных фігурак, якія знойдзены пад час раскопак у Брэсце, Ваўкавыску, Віцебску, Гродна, Друцку, Копысі, Лукомлі, Мінску, Мсціслаўі, Навагрудку, Полацку, Рагачове, Слоніме, Тураве і на Менцы. Пераважная большасць іх выразана або вытачана з костак і рагоў майстрамі разьбярамі. У Друцку і Копысі шахматы знойдзены на месцы старажытных кастарэзных майстэрняў сярод недаробленых касцяных рэчаў, нарыхтовак і іх адыходаў. Ёсць драўляныя фігуркі, і толькі адна, гродзенская ладдзя, зроблена з пакуль што нявызначанага мінералу светла-жоўтага колеру з зялёнымі пражылкамі.

Першыя шахматы на Беларусі мелі абстрактную форму, вобразна не звязаную з лексічным значэннем назвы. Дзесьці ў XI-XII стагоддзях назіраецца адыход ад усходняга канона. Фігурка ўстанаўліваецца на точаную, амаль як у сучасных шахматах, круглую аснову з кароткай шыйкай, падзеленай кругавым борцікам на два ярусы. Сама фігурка страчвае падабенства са сваім усходнім папярэднікам і набывае ўскладнёную форму, але, як і раней, застаецца сімвалам сваёй назвы. У віцебскай ладдзі, напрыклад, паміж бакавымі выступамі з’явілася круглая галоўка, якая надала фігурцы выгляд усходнеславянскага знака трызубца. Дарэчы, гэты знак упрыгожвае і знойдзенага ў Навагрудку касцянога каня.

Абстрактны ланцуг сімволікі разарвалі выяўленчыя шахматы. Цераз спрасаваную шматлікімі падзеямі тоўшчу стагоддзяў яны данеслі да нас рэальныя выявы матэрыяльных прадметаў і абліччы людзей. Возьмем, да прыкладу, гродзенскую ладдзю. Гэта, па сутнасці, скульптурная мініяцюра сапраўднай насады – баявога судна з надшытымі дошкамі бартамі і накрытым верхам. Апісваць насаду няма патрэбы, гэта яшчэ 800 гадоў назад надзвычай добра зрабіў аўтар Лаўрэнцьеўскага летапісу: “…прыдумаў Ізяслаў лоддзі дзіўныя… бо ў іх весляры вяслуюць нябачна, толькі вёслы відаць, а людзей… не відаць,… Бо лоддзі накрыты дошкамі, зверху воі ў бронях і страляюць, а стырнавых два ёсць, адзін на карме, а другі на носе”.

А цяпер параўнаем форму і прапорцыі шахматнай ладдзі з каляровым малюнкам Радзівілаўскага летапісу. Так і ёсць, усё сыходзіцца, як кажуць, цот у цот. У аналагічнай манеры выканана і касцяная ладдзя з Ваўкавыска. Значыць, старажытныя разьбяры кіраваліся рэальнымі праявамі жыцця і праўдзіва адлюстроўвалі ў сваёй творчасці рэчаіснасць, а іх вырабы, у нашым выпадку шахматныя фігуркі, можна прымаць за адну з бездакорна дакладных крыніц вывучэння матэрыяльнай культуры і мастацтва нашых далёкіх продкаў.

Акрамя касцяной і каменнай ладдзі ў беларускай калекцыі шахмат ёсць яшчэ тры ўнікальныя выяўленчыя фігуркі з косці: кароль, знойдзены ў Брэсце, ферзь – у Лукомлі і пешка – у Ваўкавыску.

Кароль прадстаўлены скульптурнай мініяцюрай радавітага агнішчаніна, а можа, і самога князя з невядомым прадметам у правай руцэ. Гэты прадмет можна ідэнтыфікаваць і як падобную на вошчап зброю, і як сімвалічны знак улады. Хутчэй за ўсё – апошняе, бо ён трымае прадмет так, як пазней трымалі свае скіпетры ўладары ўсіх краін і ўсіх часоў: узнятым патоўшчаным канцом угору і прыхіленым да правай палавіны грудзей. На тулаве і шапцы з пляскатым, як у канацье, верхам выразаны сімвалічныя выявы сонца – штрыхаваныя кружочкі з кропкай у цэнтры.

Фігурка ферзя вырашана ў іншым кампазіцыйным ключы. На круглай падстаўцы сядзіць з падкурчанымі пад сябе нагамі мужчына сталага веку са скрыжаванымі на грудзях рукамі. Спакойная і нават крыху абыякавая пастава ўзмацняе экспрэсіўнасць рашучага твару. Пільны позірк накіраваны ўдалечыню, туды, дзе ў “блістанні мечным і копейным ламленні” куецца перамога. Так можа сядзець толькі ўпэўнены ў сваіх сілах, спрактыкаваны і разам з тым прафесійна абачлівы военачальнік, калі ўважліва сочыць за полем бітвы. На яго галаве – чашападобны адкрыты шлем з выразна абазначанымі плешачкамі заклёпак на гладкай паўсферычнай паверхні. Па навуковай класіфікацыі такі тып шлема бытаваў у Еўропе ў X-XIII стагоддзях.

Калі глядзіш на гродзенскага ферзя, у памяці паўстае створаны рускім мастаком В. Верашчагіным вобраз Напалеона. Штосьці агульнае, амаль няўлоўнае, лучыць абедзьве работы, аддаленыя адна ад адной стагоддзямі. Справа не ў знешнім тэматычна-кампазіцыйным падабенстве, а ў вытоках і спецыфіцы аб’ектыўных законаў мастацтва. Спасцігнуўшы іх, абодва мастакі, разьбяр і баталіст, хоць і працавалі ў розных відах выяўленчага мастацтва, прыйшлі да аднаго – да адлюстравання тыповых рысаў характару і манеры трымацца, якія выпрацоўваюцца з людзей аднолькавай прафесіі. У тым ліку і ў военачальнікаў.

Пешка зроблена з выглядзе фігуркі барабаншчыка (па-тагачаснаму “бубяніст”) з бубнам на перакінутай цераз плячо вочапцы і вашчагай у правай руцэ. Старажытны майстра выканаў яго ў мяккай гумарыстычнай танальнасці, што дасягнута дзякуючы ўмеламу выкарыстанню аднаго са спосабаў шаржыравання – наўмыснай дэфармацыі асобных рысаў характару або аблічча. Тут разьбяр сканцэнтраваў сваю ўвагу на твары: выцягнуў ніжнюю сківіцу, павялічыў мясісты нос – і перад намі дабрадушна-наіўны і ў той жа час зухаваты ваяўнік-барабаншчык. Выліты Несцерка XI стагоддзя: тая ж бескарыслівая хітрынка пад знешняй праставатасцю, той жа схаваня пад дасціпным народным гумарам дапытлівы розум.

Параўнанне знойдзеных на Беларусі абстрактных шахмат з іх аналагамі з Кіева, Вялікага Ноўгарада і Сандаміра (ПР) паказвае, што ўсе яны выкананы ў адным традыцыйным ключы. Дакладная тэхнічная і стылістычна-кампазіцыйная тоеснасць дазволілі польскім вучоным Е. і Э. Гансоўскім прыйсці да высновы, што ў Польшчу шахматы трапілі “з суседняй Русі”, гэта значыць, з Беларусі.

Кожная фігурка сандамірскай знаходкі пазначана шырока распаўсюджаным, асабліва на Белай Русі, арнаментам – штрыхаваным кружком з кропкай у цэнтры. Гэты тып арнаменту быў адным з любімых відаў аздаблення бытавых рэчаў: грабянцоў, тронкаў, нажоў, дэкаратыўных пласцінак-накладак для ўпрыгожвання лукаў, калчанаў і г. д. Многія даследчыкі мяркуюць, што гэтыя значкі адначасова служылі для адрознення фігурак супрацьлеглага “лагера”. На працягу некалькіх стагоддзяў польскія аматары карысталіся запазычанымі назвамі фігурак. Так, напрыклад, каралеву называлі бабай, слана – папом, пешку – пешаком. Свая нацыянальная тэрміналогія склалася, па звестках З. Глогера, дзесьці ў канцы XVIII – пачатку XIX стагоддзяў. Баба пачала звацца гетманам, слон – ганцом, пешка – пёнам і г. д.

Праваслаўная царква, якая называе сябе носьбітам культуры і асветніцтва Кіеўскай Русі, пад страхам адлучэння забараняла гуляць у шахматы, трактуючы іх як распусны і грахоўны занятак – “д’ябальскае насланне”. Кормчая кніга 1262 года, збор рэлігійных кананічных норм і правілаў, параўноўвала шахматы з п’янствам і пагражала: “не убо и мирским человекам шахматы и пианстве упрожняющеся, отлучатися”. Аднак, як бачым, папулярнасць шахмат аказалася мацней шматвяковых праклёнаў.

Больш таго, попыт на шахматы павялічваўся і прывёў да ўзнікнення новай рамесніцкай спецыяльнасці – шахматнікаў.

Беларускія шахматнікі, як адзначылі вядомыя рускія гісторыкі І. Забелін і М. Собалеў, вылучаліся высокай тэхнічнай адукаванасцю. Многія з іх жылі і працавалі ў Маскве. Згодна архіўных дакументаў Аружэйнай палаты, у XVII стагоддзі займаліся ў Крамлі вырабам шахмат ураджэнцы Віцебска, шахматнікі Даніла Грыгор’еў, Іван Дракула, Фёдар Сямёнаў, Кірыла Таўкачоў, Самойла Багданаў. Апошні ў 1680 годзе па асабістаму загаду цара Аляксея Міхайлавіча зрабіў два камплекты шахмат са слановай косці: “…одни с бердыши и с ружьем резные, другие – гладкие, точеные”.

Традыцыйнае майстэрства разьбы развіваецца і працягваецца і ў нашы дні. Брэсцкі народны мастак, разьбяр Д. Сакажынскі, напрыклад, стварыў выяўленчыя шахматы «Белавежская пушча». Фігуркі гэтага унікальнага і высокамастацкага твора прыкладнога мастацтва выкананы ў выглядзе розных жывёл запаведніка. Шэры заяц па волі майстра стаў пешкай, грацыёзна-трапяткая лань – ферзем, тарпан – канём. Месца караля, зразумела, заняў лабасты зубр.

Высокую шахматную культуру нашай краіны і сёння з годнасцю прадстаўляюць на ўсіх міжнародных турнірах савецкія шахматысты.


Крыніца: Цярохін С. Ф. Перунова цяпельца: Эсэ, ці некалькі згадак з гісторыі нашага народа. Мінск: «Юнацтва», 1993. С. 48-55.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка