Сфінкс без загадкі




Дата канвертавання23.03.2016
Памер79.39 Kb.




Оскар Ўайлд (Oscar Wilde) (1854 – 1900) Оскар Фінгал О’Флаэрці Ўілс Ўайлд – брытанска-ірландскі паэт, пісьменнік, эсэіст, адзін з самых вядомых пісьменнікаў позневіктарыянскага перыяду, яркая знакамітасць свайго часу.


Сфінкс без загадкі

(The Sphinx Without a Secret)

Аднойчы апоўдні я сядзеў на тэрасе Café de la Paix [1], назіраючы за раскошай і ўбогасцю жыцця парыжанаў, і пацягваў свой вермут на фоне дзіўнага суседства фанабэрыі і нэндзы, якое бачылі мае вочы, як раптам пачуў, што мяне нехта кліча. Я павярнуўся і пазнаў лорда Мёрчысана. Мы не бачыліся з часоў навучання ў каледжы, ужо гадоў з дзесяць, таму я быў рады зноў сустрэцца з ім, і мы цёпла павіталіся. Мы былі добрымі сябрамі ў Оксфардзе. Я адчуваў да яго вялікую прыхільнасць: ён быў такі прыгожы, жыццярадасны і шляхетны. Усе казалі, што калі б ён не быў такім праўдалюбам, то меў бы больш сяброў, але мне здаецца, што мы акурат і любілі яго за гэтую шчырасць. Я заўважыў, што ён вельмі змяніўся. Ён выглядаў заклапочаным і ўстрывожаным, і здавалася, што яго мучаць нейкія сумневы. Я падумаў, што наўрад ці гэта той сучасны скептыцызм, бо Мёрчысан быў прыхільнікам торы і верыў у Палату лордаў, не раўнуючы як у Пяцікніжжа. Таму я вырашыў, што прычынай была жанчына, і спытаў, ці не ажаніўся ён.


– Я яшчэ недастаткова разумею жанчын, – адказаў ён.
– Мой дарагі Джэралд, – сказаў я, – жанчын не трэба разумець, іх трэба кахаць.
– Я не магу кахаць таго, каму не давяраю, – адказаў ён.
– Мне здаецца, у тваім жыцці ёсць нейкая таямніца, – усклікнуў я. – Раскажы!

– Давай куды-небудзь праедземся, – адказаў ён, – тут занадта шмат людзей. Не, толькі не ў жоўтым экіпажы – давай любога іншага колеру, напрыклад, у гэтым, цёмна-зялёным.


Праз некалькі хвілін мы ехалі па бульвары ў бок царквы Магдаліны.
– Куды мы едзем? – спытаў я.
– Куды захочаш, – адказаў ён. – Можам у рэстаран у Bois [2]. Паабедаем там, і ты мне раскажаш пра сябе.
– Спачатку я хачу, каб ты расказаў пра сябе. Раскрый мне сваю таямніцу.
Ён дастаў з кішэні невялічкі саф’янавы футарал на срэбных засцежках і працягнуў мне. Я адкрыў яго і ўбачыў унутры фотаздымак жанчыны. Яна была высокая і стройная, распушчаныя валасы і вялікія вочы з якімсьці безуважным позіркам рабілі яе нейкай звышнатуральнай і загадкавай. Яна была ахутаная дарагім футрам і нагадвала прарочыцу.
– Як табе яе твар? – спытаў ён. – Шчыры ў яго выраз?
Я ўважліва глядзеў на жанчыну. Мне здавалася, чалавек з такім тварам хавае нейкую загадку, але я не мог сказаць, добрую ці кепскую. Твар быў прыгожы, але гэтая прыгажосць была ў мностве таямніц – гэта была хутчэй псіхалагічная, а не пластычная прыгажосць, і ледзь прыкметная ўсмешка, што грала на вуснах, была занадта няўлоўнай, каб падацца ласкавай.
– Ну, – нецярпліва ўсклікнуў ён, – што скажаш?
– Джаконда ў собалях, – адказаў я. – Раскажы мне пра яе.
Не цяпер, давай пасля абеду, – сказаў ён і загаварыў пра іншае.
Калі афіцыянт прынёс нам каву і цыгарэты, я нагадаў Джэралду ягонае абяцанне. Ён падняўся, некалькі разоў прайшоў туды і назад па пакоі і, занурыўшыся ў фатэль, расказаў мне наступную гісторыю:

– Аднойчы ўвечары, – пачаў ён, – каля пятай гадзіны, я шпацыраваў па Бонд-стрыт. Недалёка на дарозе была аварыя, і рух экіпажаў амаль спыніўся. Каля тратуару стаяў невялікі жоўты экіпаж, які чамусьці прыцягнуў маю ўвагу.


Калі я праходзіў міма, то ўбачыў у экіпажы той твар, які паказваў табе на здымку. Ён адразу ж зачараваў мяне. Я думаў пра яго ўсю ноч і ўвесь наступны дзень. Я блукаў туды-сюды па гэтай праклятай Роў [3], зазіраючы ў кожную каляску ў чаканні жоўтага экіпажу, але ніяк не мог знайсці ma belle inconnue [4] і ўрэшце пачаў думаць, што гэта быў толькі сон. Недзе праз тыдзень пасля гэтага мадам дэ Растай запрасіла мяне на вячэру. Вячэра была прызначаная на восем гадзін, але яшчэ а палове дзявятай мы чакалі ў гасцёўні. Урэшце лёкай кінуўся адчыняць дзверы і паведаміў, што прыйшла лэдзі Элрай. Гэта была тая самая жанчына, якую я шукаў. Яна ўвайшла вельмі павольна, у шэрых карунках, нібыта месяцовы прамень, і, на маю вялікую радасць, мяне папрасілі слугаваць ёй за вячэрай. Калі мы селі за стол, я нібыта прастадушна заўважыў: “Здаецца, я нядаўна бачыў Вас, лэдзі Элрай, на Бонд-стрыт”. Яна пабляднела і ціха прашаптала: “Прашу Вас, не гаварыце так гучна, нас могуць пачуць”. Я вельмі расстроіўся, што так няўдала пачаў, і з галавой занурыўся ў размову пра французскія п’есы. Яна казала вельмі мала, нізкім, музычным голасам, і здавалася, што яна ўвесь час баіцца, што яе нехта пачуе. Я закахаўся з усёй жарсцю і безразважнасцю, да таго ж, маю гарачую цікаўнасць хвалявала неапісальная атмасфера таямніцы, што атачала яе. Калі вельмі хутка пасля вячэры яна сабралася дадому, я спытаў, ці змагу я пабачыць яе. На нейкі момант яна занепакоілася, зірнула па баках, ці няма каго побач, а пасля сказала: “Заўтра, без чвэрці пяць”. Я маліў мадам дэ Растай расказаць мне пра яе, але ўсё, што я даведаўся, – гэта тое, што яна была ўдавой і жыла ў прыгожым доме на Парк-лэйн. Нейкі зануда-навуковец пачаў разважанні пра ўдоваў, выжыванне якіх ілюструе лепшае прыстасавальніцтва да шлюбу. Пасля я паехаў дадому.
Назаўтра я прыехаў на Парк-лэйн акурат у прызначаны час, але лёкай сказаў, што лэдзі Элрай толькі што сышла. Я пайшоў у клуб, няшчасны і заклапочаны, і пасля доўгіх ваганняў напісаў ёй ліст, у якім запытваў дазволу наведаць яе ў іншы дзень. Некалькі дзён адказу не было, але ўрэшце я атрымаў цыдулку, у якой лэдзі Элрай пісала, што будзе дома ў нядзелю а чацвертай гадзіне. Унізе быў нейкі дзіўны пастскрыптум: “Калі ласка, не пішыце мне больш на гэты адрас. Пры сустрэчы я Вам усё растлумачу”. У нядзелю яна прыняла мяне і была надзвычай прыязная, але калі я збіраўся сыходзіць, яна папрасіла мяне, калі я зноў збяруся пісаць ёй, адрасаваць ліст на Ўітакерскую бібліятэку на Грын-стрыт, для місіс Нокс.
– Ёсць прычыны, – сказала яна, – з якіх я не магу атрымліваць лісты ў сябе дома.
У наступныя месяцы мы з ёй часта сустракаліся, але гэтая атмасфера таямнічасці ніколі не пакідала яе. Часам мне здавалася, што яна ва ўладзе нейкага іншага мужчыны, але яна выглядала такой недасяжнай, што я не мог паверыць у гэта. Мне сапраўды было складана зразумець хаця б нешта, бо яна нагадвала тыя крышталі ў музеі, што ў адзін момант здаюцца зусім празрыстымі, а ўжо праз імгненне – цьмянымі. Урэшце я наважыўся папрасіць яе выйсці за мяне замуж: я ўжо стаміўся ад гэтай вечнай загадкавасці, што ахінала кожнае наша спатканне і мае лісты да яе. Я напісаў ёй праз бібліятэку, што хацеў бы спаткацца ў панядзелак а шостай. Яна згадзілася, і я быў на сёмым небе ад шчасця.
Я быў закаханы ў яе да шаленства, нягледзячы на гэтую таямнічасць, а цяпер я разумею, што дзякуючы ёй. Не, я кахаў яе саму, а гэтая таямнічасць трывожыла мяне і даводзіла да вар’яцтва. І чаму лёс навёў мяне на той след?
– Дык ты разгадаў яе? – ускрыкнуў я.
– Баюся, што разгадаў, – адказаў ён. – Мяркуй сам.
У панядзелак, калі я ішоў абедаць да свайго дзядзькі, каля чацвертай гадзіны я апынуўся на Мэрылебан-роўд. Калі ведаеш, мой дзядзька жыве ля Рыджэнтс-парк. Я хацеў трапіць на Пікадылі і вырашыў пайсці найкарацейшай дарогай – праз мноства гэтых убогіх вулачак. Раптам я пабачыў наперадзе лэдзі Элрай: закрыўшы твар вэлюмам, яна ішла вельмі шпарка. Падыходзячы да апошняга дома на вуліцы, яна паднялася на ганак, дастала ключ і ўвайшла ўсярэдзіну. “А вось і таямніца”, – сказаў я сабе і паспяшаўся агледзець дом. Здавалася, гэта такі дом, у якім звычайна здаюць пакоі. На ганку ляжала хусцінка, якую яна ўпусціла. Я падняў яе і паклаў у кішэню. Потым пачаў разважаць, што мне рабіць. Я прыйшоў да высновы, што не маю права шпіёніць за ёй, і паехаў у клуб. А шостай я прыйшоў да яе. Яна ляжала на канапе ў сваёй улюбёнай серабрыстай сукенцы з ядвабу, зашпіленай на гузікі з нейкіх дзіўных месяцовых камянёў. Яна выглядала вельмі прывабнай.
– Я так рада Вас бачыць, – сказала яна. – Я цэлы дзень сядзела дома.
Я кінуў на яе ўражаны позірк, дастаў з кішэні яе хусцінку і падаў ёй.
– Сёння апоўдні Вы ўпусцілі яе на Камнар-стрыт, лэдзі Элрай.
Я сказаў гэта вельмі спакойна. Яна ў жаху паглядзела на мяне, але нават не паспрабавала ўзяць хусцінку.
– Што Вы там рабілі? – спытаў я.
– А якое Вы маеце права дапытваць мяне? – сказала яна.
– Я маю права закаханага мужчыны, які прыйшоў прасіць Вашай рукі, – адказаў я.
Яна закрыла твар рукамі і моцна расплакалася.
– Вы павінны мне прызнацца, – працягваў я.
Яна ўстала і, гледзячы мне проста ў твар, сказала:
– Лорд Мёрчысан, мне няма ў чым Вам прызнавацца.
– Вы прыходзілі на сустрэчу да кагосьці, – крычаў я. – Гэта і ёсць Вашая таямніца.
Яна жудасна пабляднела і сказала:
– Я ні да кога не прыходзіла на сустрэчу.
– Ну чаму Вы не можаце сказаць праўду? – усклікнуў я.
– Я ўжо сказала, – быў яе адказ.
Я быў раз’ятраны, шалёны, я не ведаў, што гавару, але я казаў ёй жудасныя рэчы. Урэшце я выбег з дома. Назаўтра яна напісала мне ліст, але я адправіў яго назад не чытаючы. Я вырашыў паехаць у Нарвегію з Аланам Колвілем. Я вярнуўся праз месяц, і першым, што я ўбачыў у “Морнінг пост”, было паведамленне аб смерці лэдзі Элрай. Яна прастудзілася ў тэатры і праз пяць дзён памерла. Я зачыніўся дома і нікога не хацеў бачыць. Я ж так яе кахаў, я кахаў яе, як вар’ят! О божа, як я кахаў гэтую жанчыну!
– І ты пайшоў у той дом? – спытаў я
– Пайшоў. Аднойчы я пайшоў на Камнар-стрыт. Я нічога не мог з сабой зрабіць, я пакутаваў ад сумневаў. Я пагрукаў у дзверы, іх адчыніла дама прыстойнага выгляду. Я спытаў, ці можна арандаваць тут пакой.
– Ведаеце, сэр, – сказала яна, – у мяне ёсць пара гасцёўняў, але я ўжо тры месяцы як не бачыла тую лэдзі, што наймае адзін з пакояў, таму вы можаце заняць яго.
– Гэтая лэдзі? – паказаў я здымак.
– Так, гэта яна, дакладна яна! – усклікнула жанчына.
Яна памерла, – сказаў я.
– О, не можа быць сэр! – сказала жанчына. – Гэта была мая найлепшая наймальніца. Яна плаціла тры гінеі на тыдзень толькі за тое, каб час ад часу пасядзець у гасцёўні.
– Яна тут з кім-небудзь сустракалася? – спытаў я, але жанчына запэўніла мяне, што лэдзі Элрай заўсёды сядзела адна і ні з кім не сустракалася.
– Дык што ж яна тады тут рабіла? – закрычаў я.
– Яна проста сядзела ў гасцёўні, сэр, чытала кнігі, а часам піла гарбату, – адказала жанчына.
Я не ведаў, што сказаць, таму проста пакінуў ёй саверэн і пайшоў прэч.

Ну, і што ты пра гэта думаеш? Ты думаеш, гэтая жанчына гаварыла праўду?


– Думаю, так.
– Дык навошта тады лэдзі Элрай прыходзіла туды?
– Мой дарагі Джэралд, – сказаў я, – лэдзі Элрай проста была жанчынай з маніяй таямнічасці. Яна наймала гэтыя пакоі дзеля асалоды хадзіць туды ў вэлюме, уяўляючы сябе гераіняй рамана. Яна прагнула нейкай загадкавасці, але сама была ўсяго толькі сфінксам без загадкі.
– Ты сапраўды так думаеш?
– Я ўпэўнены.
Ён дастаў свой саф’янавы футарал, раскрыў яго і доўга глядзеў на здымак.
– А я нешта сумняюся, – урэшце сказаў ён.

Каментар
[1] Café de la Paix (фр.) – вядомая кавярня ў ІХ акрузе Парыжу.

[2] Bois (фр.) – маецца на ўвазе Bois de Boulogne – Булонскі лес.

[3] Роў – (анг. Row) маецца на ўвазе Rotten Row – дарога ўздоўж паўднёвага боку Гайд-парку.

[4] Ma belle inconnue (фр.) – мая прыўкрасная незнаёмка.

пераклад з ангельскай – Алена Пятровіч

© Алена Пятровіч, пераклад, 2010



prajdzisvet.org


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка