Сергей чекерес: «такi «не iдэальны» акцёр» «лiтаратура I мастацтва»




Дата канвертавання07.05.2016
Памер39.66 Kb.
09.04.2010. СЕРГЕЙ ЧЕКЕРЕС: «ТАКI «НЕ IДЭАЛЬНЫ» АКЦЁР»
«ЛIТАРАТУРА I МАСТАЦТВА»

Марына ДОУГЕР
Адзін са знаных майстроў сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага Сяргей Чакярэс з'яўляецца на падмостках зазвычай у амплуа героя-палюбоўніка, сапраўднага мачо, але ў жыцці гэта надзіва зусім іншы чалавек. Ён дакладна вызначае межы паміж тэатрам і асабістым жыццём. Цяжка ўявіць, што мужчына з такой выбітнай знешнасцю цалкам аддадзены сям'і, дзе яго папулярнасць застаецца за дзвярыма кватэры... Цяжка ўявіць, што гэтак запатрабаваны на сцэне акцёр усё яшчэ не зняўся ў кіно...
- У чым, на вашу думку, адрозніваюцца адносіны акцёра і гледача да тэатра?

- У мяне няма ілюзій, нібыта глядач пакідае тэатр лепшым чалавекам, чым быў да прагляду спектакля... Для гледача тэатр – гэта казка, забава, мастацтва, якое разбаўляе шэрыя будні. Тэатр у маім разуменні – нешта кшталту свецкай царквы, дзе ўзнімаюцца пытанні пра высокае. Ёсць момант служэння тэатру як высокай матэрыі... Сэнс у тым, што я веру ў гэта... Але сам нічога значнага не раблю, проста выконваю свою працу з любоўю.

- Ці зведалі вы стомленасць ад прафесіі?

- Час ад часу нейкая стомленасць адчуваецца, але жаданне пакінуць прафесію не ўзнікае. Такія крызісы заканамерныя для творчага чалавека. Ведаеце, я не рэвалюцыянер па натуры, не прымаю спантанных рашэнняў. Мне хапае цярплівасці, каб крыху пачакаць – і стомленасць сама сабой пройдзе, растане ў перманентнай цікавасці да ролі, да таго, што адбываецца на сцэне.

- Але ж перачакаць не значыць бяздзейнічаць?

- Вядома, найлепшы спосаб выйсці з творчага тупіка – плённая праца. Працягвай рабіць сваю справу з любоўю, тады і вынікі будуць радаваць.

- Ці многае пры гэтым залежыць ад рэжысёра?

- Ад рэжысёра залежыць не толькі канцэпцыя пастаноўкі, але і якая будзе створана атмасфера ў працы. Для мя¬не важна, ці ёсць у рэжысёра вызначаны свет, прастора, адчувае ён матэрыял плоццю і кроўю ці проста па пункціках выбудоўвае мізансцэны... Яшчэ не люблю, калі рэжысёр прыходзіць да нас у тэатр з адной мэтай: зарабіць грошы. Гэткае імкненне да матэрыяльнага ў нашай сфе¬ры асабліва недарэчнае, і я з упэўненасцю магу прадказаць, што пры такіх мэтах паўнавартнасны "прадукт" не атрымаецца.

- Якім жа мусіць быць ідэальны рэжысёр для Сяргея Чакярэса?

- Калі наважыцца перафразаваць Оскара Уайльда, ідэальны рэжысёр – гэта нешта такое несапраўднае, чаго і няма на гэтым свеце. Скажу вам па сакрэце, я ж – не ідэальны акцёр! Цікава з тымі рэжысёрамі, у якіх на рэпетыцыях перажываеш нейкі драйв. Гэта першы паказчык добрай рэжысёрскай працы.

- А як наконт уласнага бачання сваей ролі і самога спектакля?

- Гэта пытанне амбіцый і акцёрскага гонару. Я не адчуваю сябе марыянеткай. Мабыць, мне пашчасціла сустрэць мудрых рэжысёраў, якія бачаць індывідуальнасць акцёра, яго самабытнасць працуюць, скажам так, з жывым матэрыялам. Але амбіцый зрабіць замах на рэжысёрскую канцэпцыю пастаноўкі ў мяне няма. Акцёр – выканаўца волі рэжысёра, але ў кожным разе гэта ўзаемны працэс. Калі ў цябе іншае бачанне матэрыялу, адрознае ад таго, што прапануе рэжысёр, лепш тады ўжо самастойна ставіць спектакль!

- Акцёрства – гэта пазітыўная праца: суцэльная творчасць, яркія фарбы, шалёныя ідэі, неўтаймоўная энергія... Ці не так?

- Але тут жа замешаныя пазёрства, і фанабэрыя, і непамерныя амбіцыі, і жаданне падабацца... Важна, што пераможа! Каб словы на сцэне не гучалі дарэмна, важна не шкадаваць сябе, траціцца. У дваццаць гадоў траціцца про¬ста, бо гэта час, калі галоўнае, каб цябе пачулі. Але дзіўная справа: як толькі акцёра пачулі, растрачваць свае сілы яму ўжо не хочацца. Неяк пераглядаў запіс знакамітага спектакля "Халстамер", дзе Яўген Лебедзеў сыграў Каня. Вось гэта для мяне прыклад добрай ігры, шалёнай энергетыкі, што нікога не пакідае абыякавым. Наколькі тонкі інструмент акцёрскай душы, як ён рэагуе на знешнія раздражняльнікі – разумееш, што значыць "застацца без скуры"...

- Можа, ёсць такі акцёр, лёс якога вы хацелі б паўтарыць?

- Не паверыце, ні на кога не раўняюся! На мой погляд, у гэтым – шчаслівы дар. Параўнанне не на сваю карысць здатнае ўвесці чалавека ў ступар і ён наогул нічога не зможа зрабіць. Трэба існаваць у сваей скуры і ў сваіх каардынатах. Я люблю паглядзець на чужую ігру, але без фанатызму. Прыгадваецца выпадак на гастролях у Маскве. Мы прывезлі "Гамлета", якога паставіў Барыс Луцэнка. А ў Маскве тады ішло сем "Гамлетаў"! I я пайшоў паглядзець на гэтага героя ў выкананні Канстанціна Райкіна ў пастаноўцы Роберта Стуруа.

- I як, спадабалася ігра Райкіна?

- Спадабацца спадабалася. Ды ўсё ж, нягледзячы на мой тады яшчэ маленькі акцёрскі вопыт, я не "зацыкліўся" на гэтым уражанні. У кожнага акцёра свая індывідуальнасць, таму не трэба параўноўваць сабе з кімсьці яшчэ, гэта на карысць не ідзе. Важна не баяцца, што можаш падацца няздатным, а існаваць у сваей справе свабодна, разняволена, упэўнена, без напружання.

- А талент?

- Талент – гэта магія, заварожвае, прыцягвае на сваю частату. Калі ёсць талент, усе пытанні знікаюць самі сабой, усё робіцца надзвычай проста. Пры глыбокім пранікненні ў вобраз артыст нічога не імкнецца прыдумаць, ён не прымервае чужое адзенне, а гэтае адзенне становіцца – яго. У гэтым уся магія таленту!

- Ваш талент раскрываецца толькі на сцэне... Няўжо ў вас няма кінематаграфічных амбіцый?

- Амбіцыі, зразумела, ёсць. Хачу і ў гэтым "стрэліць"! Толькі для мяне важна яшчэ і паважаць сябе за тое, што не змарнаваў час на здымкі. Сказаць, што мяне атакуюць прапановамі здымацца, не магу. Я дзеля гэтага спецыяльна нічога не раблю, а склалася меркаванне, што я нібыта не хачу ў кіно. Гэта не зусім так. Мне, напрыклад, прапаноўвалі зняцца ў беларускай стужцы "Кадэт". Але калі мне далі пачытаць яе сцэнарый, у тэатры ў нас пачыналася праца над спектаклем "Жаніхі" паводле Гогаля, і супрацоўніцтва з кіно не атрымалася... Так што пакуль не зняўся – значыць, час не прыйшоў.



- Дарэчы, як вы адчуваеце сябе ў класічнай драматурге?

- Класічны рэпертуар – гэта своеасаблівая гарантыя якасці, пэўнай прафесійнай добрасумленнасці. Toe, што дагэтуль запатрабаванае часам, – я б сказаў, лепшыя, сапраўдныя старонкі жыцця чалавечага духу... Я проста шчаслівы, што мяне суправаджае такая драматургія.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка