Сэрца мармуровага анёла




старонка6/8
Дата канвертавання13.05.2016
Памер0.67 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8

6


 

На панадворку пачуўся вясёлы голас:

- Кася! Ты дзе там, вандроўніца?

Нюта! Прыехала! Мая сяброўка, аддыхваючыся ўсім сваім пышным целам, увалілася ў княскі дом разам з невычэрпным запасам весялосці.

- О, чарапкі! Ай, які цуд, маёліка! Геральдычная кафля! О!

Я з цяжкасцю адарвала сяброўку ад скарбаў у скрыні, вынесенай са скляпення.

- Ты яшчэ паглядзіш, якая скульптура! А хто з табой прыехаў?

- Ну ты летуценніца. Начальства нашага не ведаеш. Зіма, дзеўкі грыпуюць, хто сюды пацягнецца? Падзякуй, што я прыехала.

Вінцук злавіў мой позірк, я неўпрыкмет кіўнула - маўляў, усё ў парадку, поўная канспірацыя, - і ён выйшаў, шоргаючы галёшамі на вяровачках.

Нюта недаўменна паглядзела яму ўслед:

- Хто гэта? Нейкі... нетутэйшы з выгляду.

- Вартаўнік мясцовы. Будзе нам дапамагаць.

Я ўгаварыла Нюту пачаць не з чарапкоў, а са скульптур. Каб справа ішла хутчэй, паклікала зноў насцярожанага Вінцука - няма чаго выстаўляць сябе бажаволкам. Няхай дапамагае. Нічога з таго, што было ў скляпенні, Цудко ў рэестры не занёс. А трэба было занатаваць усе гэтыя багацці на паперы. Вінцук моўчкі цягаў фігуры, дапамагаў Нюце з абмерамі, я запісвала і рабіла прамалёўкі. Мы вырашылі, што забяром алтарную разьбу, некалькі драўляных скульптур, мармуровага анёла і тое-сёе з керамікі і шкла. Астатняе - варта перадаць у раённы музей.

Мы агледзелі надмагіллі. Пад адным з іх, чорным, з выявай перакуленай паходні, некалі спачывалі Ганна Даратэя Палецкая з роду Кішак і Антоній Валенты Палецкі, яе муж. Абое жылі ў васемнаццатым стагоддзі. Яшчэ адна пліта, з прыгожага шэрага, з ружовымі жылкамі мармуру была з магілы іх дачкі, Агнесы Палецкай, памерлай у шаснаццацігадовым узросце. Пліта была трэснутая напалам, відаць, таму яе і не забралі сучасныя марадзёры. У цёмным куце ляжала яшчэ адно надмагілле, на якім некалі, па старым звычаі, быў высечаны барэльеф у выглядзе статуі нябожчыка. Каму перашкаджала выява памерлага - невядома, але ад статуі добра захаваліся толькі ступакі ног, па якіх было зразумела, што тут ляжаў рыцар у поўным узбраенні. Відовішча жудаснае, нібыта сапраўдны зганьбаваны труп.

- Ну, дасць Бог, сёння збольшага ўсё агледзім, - прагаварыла Нюта, падвязваючы шчыльней вакол галавы стракатую хустку ў кветкі. - Заўтра і дахаты. Табе добра, ты вольны птах, а ў мяне дома кіндэры. Пакінь іх надоўга - невядома, што вытвараць. І бацька не ўпільнуе.

Вінцук павесялеў - цудкоўская калекцыя набывала афіцыйны статус. Заставалася агледзець анёла. Ён быў вялікі, у рост чалавека. Здавалася, яго немагчыма скрануць з месца - анёл схіліў калені ў самым куце, упёршыся крыламі ў сцены, там, дзе пачыналіся стэлажы. Вінцук памармытаў у бараду, прынёс тоўстую вяроўку і абкруціў анёла, які ў жаху пазіраў на свайго катавальніка белымі вачыма.

- Ён што, адзін збіраецца яго зрушыць? - прашаптала мне Нюта.

Та-ак, відаць, з мазгамі ў майго Монтэ-Крыста сапраўды не таго... Між тым Вінцук нацягнуў вяроўку, напружыўся... і анёл скрануўся з месца. Нюта таксама ўхапілася за вяроўку, учапілася і я. Анёл пасоўваўся наперад рыўкамі, нібыта грэшнік поўз на каленях да месца пакарання. Нарэшце ён спыніўся, якраз пад лямпачкай пасярэдзіне скляпення. Нюта па-сяброўску пхнула Вінцука ў плячо:

- Ну ты, Геркулес, спецыяльна трэніраваўся, ці што?

- А гэта я, каб пацвердзіць прымаўку - сіла ёсць, розуму не трэба, - прабурчэў задыханы Вінцук.

- Як, ты яшчэ і гаварыць умееш? - не прапусціла «ўшчыкнуць» наўеўскага мізантропа мая сяброўка.

Вінцук зачырванеўся, закашляўся...

І мы ўтраіх пачалі абмяркоўваць скульптуру. Відаць па ўсім, шаснаццатае стагоддзе. Вінцук заўважыў, што хаця майстар і мясцовы, і адчуваецца адсутнасць школы, аднак за ўзор узятая італьянская скульптура. У Гародні ў касцёле ёсць анёл дакладна ў такой самай позе.

- На жаль, - замагільным голасам абвесціў Вінцук, - мы, беларусы, вельмі любім наследаваць чужым узорам, замест таго каб працаваць, як Бог паклаў на нашу, беларускую, душу. Таму й атрымліваецца ў нас усё наперакасяк.

- Глядзіце, тут нешта напісана! - падала голас Нюта.

Сапраўды, злева, там, дзе засталіся рэшткі ад п'едэстала, на якім некалі стаяў анёл, віднеліся літары... Верхняя частка надпісу. Мы пачалі разбіраць яго, і ў нас атрымалася нешта накшталт «Segitur Nemupodus ultor atergo deus». На жаль, знаўцаў латыні сярод нас не было, і мы пачалі гадаць.

- «Deus» - гэта зразумела, Бог, «ultor», здаецца, ці то «гнеў», ці «помста»...

Вінцук уздыхнуў і наважыўся прызнацца пры Нюце:

- У мяне тут лацінскі слоўнік ёсць... Праўда, маленькі...

Па Вінцуковым слоўніку мы вызначылі, што «ultor» сапраўды значыць «помста», «segatur» - «пераследуе». Слова «tergo» мы вызначылі як форму ад «tergum» - «спіна». У спалучэнні з прыназоўнікам «a» гэта мусіла значыць прыблізна «за спінай». Значыць, гнеў Божы пераследуе нейкага «немвподуса». Нічога падобнага на таямнічага «немвподуса» ў слоўніку не было.

- Або гэта значыць «грэшнік» ці «злачынца», або гэта нейкае асабістае імя або мянушка... - стомлена сказала Нюта.

- Можа... - пагадзілася я. - Немвподус... А можа, мы нешта не так прачыталі?

Вінцук зноў нахіліўся з ліхтаром да анёла, пашкроб літары пазногцем.

- Па-мойму, тут не «p», тут «r». Цяжка прачытаць, кавалак адбіты.

- Значыць, «немвродус»...

- Ну і што нам гэта дае? - скептычна зазначыла Нюта.

- Немвродус... Немврод... - мяне асяніла. - Радуйцеся, што я такая інтэлектуальная! Так называлі Ісава, брата Іакава, з біблейскай прыпавесці. Таго самага, які прадаў брату права першародства за талерку супу! Нават цытату памятаю: «Немврод - моцны паляўнічы перад Госпадам Богам!» Паляўнічы! Паляўнічы... Лоўчы! І помста Божая за неадплачанае злачынства!

Я пераможна зірнула на Вінцука. Анёл некалі вартаваў магілу лоўчага Грыня Вяржбіцкага!

- Ну вось і сапраўды знайшлі ключ ад таямніцы. Цяпер пастараемся высветліць, дзе раней гэты анёл быў. Андрэевіч, на кватэры якога я жыву, кажа, што памятае, як яго трактарам сюды валаклі.

- Які ключ? Што ты зноў за таямніцы развяла? - накінулася на мяне Нюта. Але я моўчкі складала паперы.

Андрэевіч, якога я нахабна выцягнула з утульнага кабінета новай школы, доўга вадзіў нас па заснежанай пустцы між прадуктовай крамай і нарыхтоўчым пунктам, дзе некалі знаходзіўся касцёл. Правільней, вадзіў адну мяне - Вінцук, які змяніў галёшы-пантофлі на валёнкі, моўчкі цёгся за намі, нібыта ў якасці носьбіта майго мальберта, а здарожаная Нюта пажадала мне хутчэй угаманіцца і пайшла адпачываць.

Мы знайшлі месца, дзе некалі знаходзіўся анёл, - не ў самім касцёле, а звонку, у нішы. Там захаваліся рэшткі сцяны. Што ж, месца вядомае. І што цяпер рабіць? Раскопваць гурбы?

 

1   2   3   4   5   6   7   8


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка