Сэрца мармуровага анёла




старонка5/8
Дата канвертавання13.05.2016
Памер0.67 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8

5


 

На інкруставаным ломберным століку, пакрытым выцвілай цыратай, дыміліся кубачкі з гарбатай на зёлках, у грубцы (шкада, камін не захаваўся) патрэсквалі дровы, з партрэтаў паглядалі вусатыя шляхціцы і шляхцянкі ў карункавых каўнярах, а насупраць мяне сядзеў у фамільным крэсле князёў Палецкіх прыроджаны Палецкі ў падранай ватоўцы. Што праўда, ягонае аблічча істотна змянілася. Зніклі ваўкаватасць і пустыя позіркі паўзверх субяседніка, змянілася і запаволеная гаворка. Вінцук з відавочным задавальненнем вяртаўся да манер выхаванага чалавека, элегантна адпіваючы гарбату з парцэлянавага кубачка з вензелем. Але што мяне найбольш падкупіла - ён працягваў размаўляць на беларускай мове, вельмі натуральна і прыгожа.

- Вядома, я «падаваў надзеі». Яшчэ б. Матуля з дзяцінства ўбівала мне ў галаву, што я незвычайнае дзіцё, што я мушу стаць вялікім чалавекам і гэтак далей. Акрамя мяне ў яе нікога на свеце не было, і ўсю энергію яна траціла на тое, каб «вывесці мяне ў людзі». Ізастудыя, спартыўная секцыя, музыка... Поўнае кола пакутаў юнага вундэркінда. Ад бацькі я нават прозвішча не ўспадчыніў - маці лічыла, што мне пасуе толькі княжацкае імя.

- Ну што вы, - рассмяяўся мой суразмоўца. - Усяго хапала. Я па натуры чалавек адкрыты... некалі быў. Да таго ж я ў дастатковай ступені валодаю самаіроніяй. Калі б не ўмеў час ад часу пасмяяцца над сабой, даўно б зламаўся. Карацей, рос такі мамчын сынок, удзельнічаў у выставах і конкурсах дзіцячага малюнка, пасля з лёгкасцю паступіў у акадэмію мастацтваў. Усё ў мяне было самае лепшае - верныя сябры, выбітныя перспектывы, і каханне было самае цудоўнае... Прыгажуня, якіх на свеце больш няма. Юная, пяшчотная, узвышаная... Як кветка. У кветкавай краме я яе і напаткаў. Яна стаяла за прылаўкам... Слова «прадаўшчыца» ці «гандлярка» занадта грубае. Багіня з ружамі. Я так і маляваў яе. Пажаніліся. У нас з маці была двухпакаёўка ў цэнтры, праўда, на першым паверсе, з відам на пункт прыёму шклатары. Віта мела толькі прыгажосць і цвёрды характар. Сапраўды цвёрды. Заўсёды ведала, чаго хоча, і ўмела гэтага дабіцца. Я верыў, што хутка пабудую для сваей багіні палац. На жаль, з маёй маці адносіны ў іх не склаліся ад самага пачатку.

- Чаму?

Вінцук уздыхнуў.



- Думаю, мама пагадзілася б толькі на нявестку з каралеўскага роду, і тое наўрад ці. Напэўна, і я быў вінаваты - па маладосці не надаваў значэння многім, як лічыў, дробязям. Віта вырашыла, што мы будзем здымаць кватэру. Тым часам я скончыў акадэмію, мне далі месца ў майстэрні, разам з двума крыху старэйшымі мастакамі. Будучыня мусіла быць цудоўнай. Але яе трэба было чакаць. А Віта чакаць не ўмела. Колькі трэба часу, каб мастаку дабіцца славы? Пяць гадоў? Дзесяць? Дваццаць? Я хацеў працаваць на мастацтва, Віта хацела, каб я працаваў на сямейны дабрабыт.

- Па-мойму, законнае жаданне ўсіх жонак, - не змоўчала я.

- Напэўна... Але тады я быў невыносным ідэалістам. І вось аднойчы прыходжу дадому, а мая багіня ляжыць, бледная, на ложку і плача. Абследаванне выявіла рэдкую смяротную хваробу. Тэрмінова патрэбна правесці курс ін'екцый. Лекаў такіх ў нашых аптэках няма, толькі на чорным рынку можна купіць. Каштуе каля дзвюх тысяч даляраў. Ні ў мяне, ні ў маіх сяброў такіх грошай пакуль не мелася. Ляжыць жонка, развітваецца са мною. Я пачаў меркаваць, у каго пазычыць, што прадаць. Ледзь не звар'яцеў. І тут якраз тэлефануюць. Прапаноўваюць выканаць адзін невялікі заказ для прыватнага калекцыянера, які заплаціць у валюце, і вельмі добра. Я расцаніў гэта як добры знак і заглынуў нажыўку разам з кручком. На шыкоўным лецішчы, пасля шампанскага з лёдам, прыветныя дзядзечкі ў гальштуках і белых кашулях паказалі мне абраз. Візантыйскі ўзор, чатырнаццатае стагоддзе. Цуд, а не работа! Пытаюцца: «Можаш копію зрабіць? Адзін дзівак замежнік хоча такі мець, а іх вывозіць нельга. Вось ён шукае, хто б напісаў падобны. Намалюеш - дзве тысячы баксаў твае».

- Божа мой, Віктар, і вы пагадзіліся?

- Не стану сцвярджаць, што быў настолькі наіўны, што не адчуў некаторую... падазронасць справы. Тым больш працаваць мяне папрасілі на тым жа лецішчы, ды яшчэ нікому пра сваю працу не расказваць, - замежнік, маўляў, ганарлівы, не хоча, каб ведалі, што ён копію дамоў вязе. Непрэстыжна гэта яму. Двое сутак не разгінаўся - зрабіў абраз, нахваліцца заказчыкі не маглі. Уручылі мне мае срэбранікі, і я палунаў да сваёй багіні... Было позна, я ўвайшоў ціха, каб не пабудзіць хворанькую маю, а яна па тэлефоне размаўляе... Я паслухаў і... Вядома ж, усё адбылося па сцэнарыі.

- Кантрабандысты?

- Так... І самага высокага палёту. Знайшлі да мяне верны ход. Віта толькі плячыма паціснула: чым, маўляў, кепска, грошы верныя, працы няшмат. Каб меў хоць крыху клёпак у галаве, каб можна было са мною па-дзелавому размаўляць, - не спатрэбілася б спектакль разыгрываць. Так што ўсё для маёй жа карысці. Цяпер увойдзем да дзялкоў у «долю». Я буду толькі маляваць, а ўсе «тэхнічныя падрабязнасці» - апрацоўка пад старажытнасць, кліентура, збыт, бяспека - справа «фірмы». А на мае перасцярогі ды ўшчуванні адно: «дах» гэтай «фірмы» так высока, што ніводзін міліцыянт у іх справы нос не суне. Будзем жыць прыпяваючы катэдж сабе пабудуем, машыну купім і гэтак далей. У маёй кветачніцы, аказваецца, быў распрацаваны падрабязны план на шмат гадоў наперад, калі мы што набудзем, калі народзім дзяцей, куды будзем ездзіць... І першы крок па яго выкананні ўжо зроблены. Я выслухаў і... пайшоў у міліцыю.

Я магла толькі развесці рукамі.

- Ваша мама сапраўды выхоўвала вас ідэалістам. Вас пасадзілі?

- Са мной ветліва пагаварылі, запісалі каардынаты лецішча, на якім я працаваў над абразом, прыкметы асоб, якія мяне наймалі... Вядома, пра ролю жонкі я не сказаў ні слова. Зманіў, што сам шукаў заробку і выпадкова натрапіў на гэтых людзей. Потым я доўга сядзеў у кабінеце следчага. Раптам заходзіць мая жонка з натуральным сумам на твары, за ёй некалькі жлабоў у белых халатах. Багіня са слязьмі ў голасе кажа ім, што я пакутую псіхічнымі адхіленнямі і апошнім часам знаходжуся ў дэпрэсіі. Перапрацаваўся, небарака, перахваляваўся... Мне ўшпільваюць супакойваючы ўкол, і... я апынаюся ў дурдоме.

Я мімаволі жахнулася:

- Божа мой, сапраўдны дэтэктыў.

Вінцук сумна ўсміхнуўся:

- Толькі без высакароднага сышчыка.

- Ну а потым, пасля лячэбніцы...

Твар майго субяседніка нібыта пацямнеў.

- Вы думаеце, гэтае «потым» настала так хутка? Для мяне гэта была вечнасць. Два гады. Што цікава, менавіта ва ўстанове для ідыётаў я нарэшце пачаў усведамляць, якім быў ідыётам да таго, як туды трапіў. Усведамляў, праўда, урыўкамі, у тыя моманты, калі маім мазгам было дазволена працаваць без транквілізатараў. Дарэчы, жонка некалькі разоў прыходзіла да мяне. Угаворвала далучыцца да «фірмы». Нават плакала. І я не ведаю, ці можна яе асуджаць. Ці можна асуджаць чалавека за тое, што ў яго іншыя погляды, чым у цябе, і ён перакананы ў сваёй праваце?

Жартуе, ці што?

- Ну, Вінцук... Віктар Іванавіч, з такой паблажлівасцю можна зайсці вельмі далёка. Злачынствы нельга апраўдваць тым, што злачынцы былі перакананы, што робяць правільна.

- Але ж Віта сапраўды нічога благога мне не хацела, - сур'ёзна патлумачыў Вінцук. - Яна шчыра верыла, што ўсяму віной - толькі мая ўпартасць. Думаю, я не быў ёй зусім абыякавы. Варта мне было пагадзіцца, і я выйшаў бы на волю і меў бы такое жыццё, якое Віта натхнёна абяцала мне. Але я сапраўды ўпарты. Ёсць межы, якія я не магу пераступіць проста таму, што перастану паважаць сябе. А з усіх няшчасцяў гэта для мяне - самае страшнае. Можна часам ненавідзець сябе, можна сумнявацца ў сабе... Але страціць унутраную павагу - нельга, гэта смерць, пачатак духоўнай пустэчы.

Апошнія словы прагучалі так, як павінны гучаць словы выпакутаванай веры.

Вінцук памаўчаў, адкінуў з ілба пасмачку валасоў і працягваў спакойным голасам:

- Апошні год Віта не прыходзіла. Са мной пачалі абыходзіцца менш жорстка. Я лічыўся ціхапамешаным, маляваў насценгазеты для ўсяе бальніцы, нават зрабіў роспіс у сталовай. І вось выйшаў я на волю. За той час, што быў фактычна ізаляваны ад свету, памерла маці - інфаркт.

Кубачак у руках Вінцука здрыгануўся, і ён паставіў яго на стол. Прымружыўся, як ад стрыманага болю...

- Сябры расказвалі, што яна прыйшла ў бальніцу адведаць мяне, ну ёй і паказалі сыночка - прывязанага да ложка, з пенай на губах і вачыма, што глядзелі ў розныя бакі. Наўшпільвалі ў мяне, напэўна, багата ўсялякай поскудзі... Я пасля бальніцы тры месяцы не мог чытаць. Проста не ўспрымаў сэнсу літар.

Вінцук зноў замаўчаў і раптам спытаў неяк дзіўна абыякава, гледзячы ўбок:

- Вам не надакучыла выпадкам мая споведзь?

У мяне перахапіла голас ад усведамлення, што ён, магчыма, першы раз камусьці ўсё гэта расказвае. Але я разумела, што гэты чалавек не хоча, каб яго шкадавалі. Таму толькі моўчкі пахітала галавою - маўляў, не надакучыла...

- Ну, што ж... Тады давайце налью вам яшчэ гарбаты... Тым больш дэтэктыўная частка сюжэта тут заканчваецца. Калі ажаніўся, Віту прапісаў да сябе, і аказалася, што цяпер у мяне няма кватэры. Яе на законных падставах прадала па даверанасці клапатлівая жонка, і жылі там зусім іншыя людзі. Госць з дурдома зрабіў на іх тужлівае ўражанне. Людзі аказаліся някепскія, аддалі тое, што засталося з маіх асабістых рэчаў. Спакаваў я чамаданчык і пайшоў... Куды? Прыйшоў у сваю былую майстэрню. Сярод нашага брата хапае кліентаў псіхбальніцы, адзін Ван Гог чаго варты... Так што адхрышчвацца ад мяне не сталі, так я і пачаў жыць - у кутку. Нехта прыцягнуў старую канапу, нехта падзяліўся зімовым адзеннем... Кожны дзень прыходзіў хто-небудзь міласэрны з бутэлькай суцяшальнага рэчыва і, даведаўшыся, што я не п'ю, шматзначна ківаў галавою: ну так, «зашыўся» у бальніцы...

- А як жа карціны? - спытала я. - Чаму нідзе раней не бачыла вашых твораў? Іх немагчыма не запомніць, на любой выставе я іх вылучыла б...

- Карціны... - задумліва паўтарыў Вінцук. - Вядома, мне хацелася зноў пісаць, як хочацца выпрастаць доўга прывязаную ў сагнутым становішчы руку... Але я згубіў веданне - для чаго павінен гэта рабіць. Мусіць, я проста перарос самога сябе былога, як рак-пустэльнік перарастае сваю ракавіну... Тады ён выпаўзае з яе і, безабаронны, мяккацелы, паўзе і шукае новую, большую. Так зрабіў і я. Тым больш, пакуль я лячыўся ад наіўнасці, маё месца ў майстэрні было паабяцана аднаму графіку. Някепскі графік, дарэчы, толькі зануда. А тут я з'яўляюся... Графік палічыў, што гэта спецыяльна падстроена, каб яго пакрыўдзіць. Пачаў дабівацца справядлівасці. Палецкі, маўляў, хворы чалавек, нічога не піша, творча скончыўся, а яго выкарыстоўваюць, каб не даць развіцца магутнаму таленту графіка. П'янкі ўчыняюць кожны дзень, тлум... Пакрыўджаны нават прывёў цесляроў, каб яму адгарадзілі законную трэць майстэрні. Так што маю канапу не было ўжо дзе ставіць. Пасмяяўся я над гэтым змагаром і пайшоў у рэстаўрацыю.

- А як прозвішча графіка?

- Радаслаў Дудкоўскі.

Мне стала горача. Ну, Радзік, абаронца ісціны... Хаця... Хто абагаўляе мяшчаначку з кветкамі, хто захапляецца грамадзянскай пазіцыяй дробнага эгаіста...

Вінцук працягваў:

- Рэстаўрацыя - добрая школа. Я шмат ездзіў па краіне, па блізкім замежжы, працаваў у закінутых храмах, на вышыні, пад купаламі, калі, здаецца, за табой зблізку назіраюць вочы нябесных сіл. Стаў думаць пра Бога. І неяк па-новаму пераацаніў усё, што са мной адбылося. Я адчуў, што паступова набываю апірышча. Адчуў у сабе сілу пісаць... Але ніякага жадання вяртацца ў багемны асяродак у мяне не было. Знаёмая паэтка неяк казала мне: ёсць тры рэчы, якія нельга набыць стараннем. Мудрасць, мужнасць і пакора. Яны толькі даюцца нам звыш. У спрыяльны перыяд свайго жыцця я нічога з пералічанага не меў. Цяпер у мяне ёсць падставы чакаць, што мне нешта дасца. Прынамсі, пакора як абыякавасць да кар'еры ў любым выглядзе. Падчас працы ў адным з кляштараў Гарадзеншчыны да мяне падышоў жвавы дзядзечка ў гадах. Пацікавіўся, ці я - Віктар Палецкі. У іх мястэчку быў княжацкі род з такім прозвішчам, можа, я маю адносіны да тых князёў... Гэта быў Нічыпар Хведаравіч Цудко. Нехта з мастакоў расказаў яму пра мяне, колішняга таленавітага юнака, які «загрымеў» у псіхушку, а цяпер зусім апусціўся. Слова за слова, і я пагадзіўся на месца вартаўніка школы і Наўеўскага краязнаўчага музея з правам мець майстэрню ў тэхнічных памяшканнях будынка. Нічыпар Хведаравіч быў душэўны чалавек, ён паабяцаў не афішыраваць, што я - з тых Палецкіх і што я - мастак, выдаў за сваяка, дапамог пазбегнуць некаторых фармальнасцей. Затое я не хацеў хаваць сваё мінулае. Цудко і сам лічыў мяне псіхам, ад якога няшмат толку. Напачатку я маляваў у сутарэннях. Потым, калі дах зусім абваліўся і школу перавялі ў новы будынак, абсталяваўся бліжэй да неба.

Я моўчкі глядзела на спакойны твар вартаўніка. Мне падалося, што дом Вінцуковых продкаў таксама задумліва маўчыць, нібыта ахоўваючы спакой свайго апошняга ўладара... На жаль, гэта была ненадзейная ахова. І прывідная ўлада.

- Слухайце, калі б вы пачалі прадаваць гэтыя свае карціны, вы б маглі купіць кватэру ў горадзе.

- А навошта?

- Тады дом у вёсцы, - раззлавалася я. Падумаеш, незразуметы Дыяген у бочцы з-пад мазуту.

Вінцук толькі ўздыхнуў:

- Справа ў тым, што мая эпапея яшчэ не скончаная. Але гэта доўгая гісторыя... А вам трэба працаваць. Ды і мне таксама.

Ну вось, зараз зноў замкнецца ў сваіх таямніцах... Я запэўніла вартаўніка, як магла, у сваёй шчырай зацікаўленасці. Або ён усвядоміў, што ад мяне не адмаўчыцца, або сапраўды яму трэба было выказацца, але зноў наліў у кубкі гарбаты і працягваў аповед.

- Цудко быў «завернуты» на адкрыцці мастацкіх шэдэўраў.

- Ведаю, нацярпелася ад яго энтузіязму.

- Ён натрапіў на след сапраўды каштоўнай, унікальнай рэчы. Ён жа збіраў сямейныя архівы, і сярод іх быў архіў павятовай паненкі Анэлі Дубовіч, сардэчнай сяброўкі маёй прабабкі Даратэі Вяржбіцкай.

- Гэта тыя паперы, што вы давалі мне чытаць?

- Так. Нічыпар Хведаравіч вычытаў у іх пра сямейны талісман Вяржбіцкіх - залаты крыж з вялікай чорнай перлінай.

- Пра перліну вы мне нічога не гаварылі, - пакрыўдзілася я.

- Зразумейце, чаму... Крыж падарыла аднаму з маіх продкаў, лоўчаму з-пад Наўя Грыню Вяржбіцкаму, сама каралева Бона. Нібыта за тое, што падчас палявання спыніў ашалелага каня, які ледзь не скінуў каралеву. Але была адна тагачасная плётка... Не ведаю, наколькі праўдзівая... Быццам на самай справе Грынь дагадзіў каралеве інакш. Узяў у яе маленькую бутэлечку з бясколернай вадкасцю і прыхапіў з сабою на баль да пана старосты мсцібогаўскага Рыгора Валовіча, які пра каралеву-італьянку дужа кепскія размовы вёў. Пасля таго балю пан Валовіч «смерцію хуткаю памрэ».

- Цалкам магчымая гісторыя, - пацвердзіла я. - Бона - з роду Сфорцаў, майстраў атручваць. І на нашыя землі прывезла італьянскія звычаі. Паатручвала ворагаў багата!

- Не ведаю, за забойства ці за выратаванне быў падораны крыж, але Грынь Вяржбіцкі загадаў пакласці каралеўскі падарунак сабе ў магілу. А ўдава была практычнай жанчынай... І крыж пачаў пераходзіць з пакалення ў пакаленне. Вось толькі шчасця не прыносіў. Род заняпаў, і ў дзевятнаццатым стагоддзі сапраўды дайшоў амаль да жабрацкага становішча. Крыж з перлінай быў фактычна адзіным пасагам прабабкі. Калі прадзед прайграўся ў карты дашчэнту, то прымушаў маладую жонку прадаць ейны крыж ці хаця б перліну з яго. Сума была б і на тыя часы досыць вялікая. Прабабка адмовілася. Яна была гордым чалавекам. Падобна на тое, што яна паклала крыж у магілу Грыня Вяржбіцкага, як той і наказаў.

- Вось адкуль ваша непрактычнасць! Успадчыненая ад прабабкі, - пажартавала я.

- Напэўна, - засмяяўся Вінцук. - Але... З мясцовых аповедаў вядома, што пасля ад'езду жонкі прадзед зацята шукаў магілу старога лоўчага.

- І не знайшоў?

- Мяркуючы па ўсім, не.

- Чаму? Хіба не захавалася помніка, архіваў?

- Дзіўна, але, відаць, так. Нібыта нехта паклапаціўся, каб і памяці пра майго продка не засталося. Нічыпар Хведаравіч «дастаў» мяне сваімі роспытамі. Корпаўся ў архівах, звяртаўся па парады да розных знаўцаў. Аднойчы трапіў да вядомага менскага антыквара. У таго былі спісы каштоўнасцей, месцазнаходжанне якіх сёння невядомае, хаця яны недзе ёсць. Там значыўся крыж каралевы Боны з чорнай перлінай. Нават вага той перліны значылася.

- Чакайце, гэта ж колькі год таму крыжу? Не менш як чатырыста?

- Выходзіць, так.

- Хіба перліна не папсавалася за такі час?

Вінцук паціснуў плячыма.

- Я не спецыяліст па каштоўнасцях... Але гаворка пра асаблівы, дужа рэдкі гатунак перлін. Мусіць, і якасці ў яго асаблівыя. Прынамсі, антыквар дужа зацікавіўся. Цудко «расцвіў» ад таго, што прафесіянал нарэшце жадае паслухаць пра ягоныя вышукі. Расказаў усё, што ведаў. І тое, што ў іх школе працуе вартаўніком нашчадак Палецкіх і Вяржбіцкіх, які такія-сякія звесткі пра радавыя таямніцы можа распавесці... Небарака марыў пра шыльдачку з яго імем у сталічным музеі і артыкулы ў навуковых часопісах. І не падазраваў, што мае справу са звычайным мафіёзі.

- Ну вось, а вы казалі, што дэтэктыўная частка скончылася, - папракнула я Вінцука.

Той паморшчыўся:

- Які там дэтэктыў... Гэта хутчэй «мыльная опера». Антыквар меў неафіцыйную гаспадыню, пастаянную кліентку, якая вельмі цікавілася старажытнымі каштоўнасцямі і заўсёды ведала, чаго хоча. Так у Наўі пачала з'яўляцца прыгажуня Вера Сцяпанаўна, жонка мільянера Бутава. Якая ведала, што хоча займець каралеўскі крыж, і ведала нашчадка Палецкіх... Якога вельмі хацела нарэшце «паставіць на месца»... Каб зразумеў, што ісціна - на баку моцных, тых, хто мае ўладу і грошы. Каб убачыць, як ён локці сабе кусае, што страціў сваю «багіню» з-за ўласнага глупства, што не захацеў паслухацца яе... І каб нарэшце паслухаўся.

- Жонка Бутава - ваша Віта?!

Вінцук не адказаў, падняўся і пачаў прыбіраць кубкі са стала, за якім яго прадзед, магчыма, і прайграў суседнюю вёску.

- Адчуваю сябе Атосам, які распавёў д'Артаньяну страшную таямніцу Мілэдзі...

- Калі ёй патрэбны крыж, чаму яна імкнецца патрапіць у скляпенне?

- Перш за ўсё, каб пераламіць мой супраціў. Шчасце яшчэ, што не ведае пра майстэрню, пра мае карціны. Па-другое, у скляпенні - архівы, фрагменты надмагілляў з касцёла. На месцы старых могілак нічога ж няма, бульдозерам раўнялі. Калі ўскрывалі труны, панаехала «людзей у цывільным». І як было каля касцей нешта каштоўнае - пярсцёнак ці крыжык - складалі ў спецыяльныя пакеты. Але антыквар, з якім гаварыў Цудко, сцвярджае, што калі б рэч такой каштоўнасці знаходзілася ў нечых руках, ён абавязкова ведаў бы.

- Гэта праўда. Мяне самую часам здзіўляе абазнанасць такіх дзялкоў, але магу пацвердзіць: у іх зарэгістраваныя ўсе вартыя ўвагі каштоўнасці і ў прыватных калекцыях, і ў самых патаемных сейфах дзяржавы, і ва ўладанні крымінальнікаў. І ўсе перасоўванні такіх прадметаў адсочваюцца. Так што паспрабуй збыць такому дзялку, скажам, сыгнет караля Жыгімонта Старога... Ён за камп'ютэр - і выдае табе, што такі сыкгнет належаў да сярэдзіны семнаццатага стагоддзя Сангушкам, пасля перайшоў як шлюбны падарунак у род Чартарыйскіх... А з верасня мінулага года належыць уладальніку валютнага стрыпціз-клуба бісексуалаў па мянушцы Рванае Вуха... Так што ў вас, даражэнькі, падробка!

Мы рассмяяліся, а пасля Вінцук неяк сур'ёзна сказаў:

- І самае паганае, што ўсё роўна яны прыйдуць і возьмуць, што хочуць. Але трэба, каб на іх шляху стаялі тыя, каго можна перамагчы, але нельга пераступіць. Цудко якраз такім і быў - з ім яны пралічыліся. Ганьба не ў тым, што ты слабы. Ганьба, калі ты не заступаеш шлях злу.

- Я згодна з вамі...

Мы паглядзелі адно аднаму ў вочы. Гэтыя вернуцца. Але саступаць ім нельга. Яны перамогуць. Але мы не павінны здавацца.

 

1   2   3   4   5   6   7   8


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка