Сэрца мармуровага анёла




старонка4/8
Дата канвертавання13.05.2016
Памер0.67 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8

4


 

Раніца выдалася сонечная, з марозам. Гаспадары даўно ўсталі і, відаць, паспелі зрабіць шмат патрэбных, спрадвечных гаспадарскіх спраў, пакуль я песцілася пад іхняй пярынай. Нават да маёй мансарды даносіўся пах аладак.

Андрэевіч падрыхтаваў мне сюрпрыз. Паколькі я ўчора так цікавілася асобай вартаўніка, ён схадзіў у новую школу і прынёс ягоную асабовую справу. І зараз сам вывучаў яе. Я ўзяла ў Андрэевіча шэрую папачку і ледзь не ўпусціла, прачытаўшы надпіс: «Віктар Іванавіч Палецкі, вартаўнік». Я зірнула на дырэктара, той толькі паціснуў плячыма.

- Я і сам не ведаў, што ў яго за прозвішча. Вінцук ды Вінцук. Хутчэй за ўсё, проста аднафамілец княжацкі. Апошнія Палецкія з'ехалі адсюль яшчэ ў трыццаць дзевятым, калі Саветы прыйшлі.

Пра жыццё Палецкіх да рэвалюцыі Андрэевіч ведаў мала. Чуў толькі пра старога князя, які надта любіў гуляць у карты, так што прайграў суседнюю з Наўем вёску нейкаму палкоўніку. Ды яшчэ той князь пад старасць звар'яцеў і пачаў «магілы выварочваць». Ці ён проста руйнаваў помнікі, ці захапляўся некрафіліяй, выкопваў трупы, аповеды не ўдакладнялі.

У асабовай справе аказался зусім няшмат звестак пра вартаўніка. Месца нараджэння - Менск. У графе «адукацыя» - прочырк. Узрост - трыццаць пяць гадоў, значыць, усяго на пяць гадоў старэйшы за мяне. Спецыяльнасць і працоўны стаж - прочыркі, відаць, лічылася, што гэтага няма, як і хатняга адраса. Сямейнае становішча - халасты. Адзіная адметнасць - адзнака, што не прыдатны да вайсковай службы па стане здароўя.

Сёння пасля абеду мусіў прыехаць нехта з музея. Я спадзявалася на сваю сяброўку Нюту, якая пісала дысертацыю па кераміцы. А тут керамікі досыць.

Вінцук сустрэў мяне ветла. Ён нават змяніў прычоску, калі так можна сказаць пра ягоныя кудлы, - пасмы больш не навісалі над вачыма. Ад гэтага твар змяніўся - высокі лоб, вялікія светлыя вочы і просты нос... Можа, і князь... Ну, чакай, я цябе разгавару!

- Я ведаю, што вы з гэтых Палецкіх.

Вінцук адразу сцяўся, падобна смаўжу, які хаваецца ў ракавіну пры набліжэнні небяспекі. Ага, значыць, праўда!

- Няўжо вы думалі, што такі факт застанецца невядомым? Калі вам не хочацца «рассакрэчвацца», магу паабяцаць, што нікому больш не раскажу. Але я павінна ведаць - вы ж нездарма далі мне пачытаць сямейныя дакументы Палецкіх? Прызнаюся - мяне зацікавіла гісторыя княгіні. І я хачу ведаць працяг. А калі я чым цікаўлюся, не спыняюся ні перад якімі перашкодамі. Лепш, каб вы расказалі мне самі, чым я буду корпацца ў іншых, можа быць, неаб'ектыўных, крыніцах.

Вінцук зацягнуў паўзу на добрых пяць хвілін.

- Я мала што ведаю. Маці, праўда, часта расказвала пра сваю бабулю, якая развялася з мужам, князем Палецкім, і з'ехала ў Санкт-Пецярбург.

- Ну а далей што з ёй было? З яе сынам?

- Сына, майго дзеда, яна забрала з сабой, фактычна выкрала. Скончыла медыцынскія курсы. Усё жыццё працавала фельдчаркай. Замуж болей не выйшла. Князь другі раз ажаніўся, меў дзяцей. Здаецца, нехта з іх роду жыве ў Польшчы. Паколькі пасля разводу князь пазбавіў і былую жонку, і яе сына правоў на спадчыну, я ні на што тут прэтэндаваць не магу.

- Значыць, сюжэт карціны «Шлюб пад прымусам» - пра вашу прабабку?

- Яна сама яе малявала. І партрэт студэнта. Кахала гэтага чалавека яшчэ да замужжа.

- А пра які талісман згадвае ў лісце ваша бабуля?

- Крыж, фамільная каштоўнасць. Пераходзіў старэйшаму ў родзе. Лічылася, што ён прыносіць няшчасце. Прабабка пасля разводу яго выкінула.

Вінцук замаўчаў. Зноў адсутны позірк. Па рукаве княскае выцвілае ватоўкі поўз павучок.

- Цікава, а чаму вы даверылі мне свой сямейны архіў?

- Таму што добра вас ведаў.

- Як? Адкуль?! Альберт Свянткоўскі распавёў?

- Нейкім чынам так. Я партрэт ваш бачыў. А Свянткоўскі - таленавіты мастак, значыць, яго карціна расказвае больш, чым сам мастак мог бы расказаць пра сваю мадэль. Мне вельмі хацелася захаваць памяць прабабкі. Яна сапраўды была выбітным чалавекам. Цяпер, калі ведаеце яе гісторыю, і карціны вас зацікавяць. Упэўнены, недзе вы пра яе згадаеце.

Правільна думае. Шляхціцы з партрэтаў ухвальна глядзелі на Вінцука. Мне на хвілю здалося, што на ім гэткая ж старасвецкая вопратка, як і на іх, і ён таксама аддзелены ад мяне стагоддзямі... Таямнічы палац са схаванымі сямейнымі скарбамі і адданым вартаўніком...

- Што ў вас на другім паверсе? Філія музея?

Зноў напружыўся.

- Нічога там няма. Там дах правалены.

А маніць не ўмее. Ненатуральна атрымліваецца.

Вінцук адчыніў дзверы скляпення. На мяне пацягнула волкім паветрам. Анёл утаропіў на нешта жахлівае белыя вочы, рот драўлянага Хрыста зеўрае немым крыкам, дальнія куты патанаюць у цемры... Я папрасіла княскага нашчадка вынесці наверх, у залу, тыя папкі, якія не перагледзела ўчора, і скрыню з чарапкамі. Рэестр экспанатаў, складзены Цудко, ляжаў на стале. Вінцук дапамог зручна ўладкавацца... І тут зусім побач ударыў звон. Зараз з'явіцца прывід Чорнага Манаха ці якой-небудзь Белай Дамы... Але звон ударыў яшчэ раз, гэтак жа адсланёна-няўмольна, і сціх. Я ўспомніла, што побач - царква Святой Параскевы. Значыць, з'яўленне прывіду пакуль адмяняецца.

Вінцук, аднак, занепакоіўся:

- Я пакіну вас на гадзінку? Айцец Павал чакае. Няёмка. Абяцаў дапамагчы яму пасля службы...

- Нічога, нічога, ідзіце, я сама спраўлюся. Праўда, мне яшчэ пра многае хацелася вас распытаць...

Але мае словы яшчэ больш прыспешылі вартаўніка. Праз акно я ўбачыла ягоную высокую, трохі прыгорбленую постаць - ён ішоў хуткім крокам у бок царквы. Вось і добра... У прысутнасці Вінцука я адчувала сябе няпрошанай госцяй. Так, ён абараняў музей ад уладных рабаўнікоў, так, за ягонай ваўкаватай знешнасцю ўгадваўся інтэлігентны - дакладней, былы інтэлігентны чалавек, у прастамоўі - «біч». Але нешта ён хаваў і ад мяне, а я не люблю заставацца ў невядомасці.

Я агледзела дошкі, што перагароджвалі лесвіцу на другі паверх. Гэтым шляхам не падняцца. Але хіба тут толькі адна лесвіца? І ў школе, па правілах пажарнай бяспекі, мусіць быць запасны выхад. Ну а ўжо ў княжацкім доме не можа быць адна лесвіца і для паноў, і для прыслугі. Я рушыла ў другі канец калідора. Аказалася, ён там не канчаецца, а заварочвае. У тупіку я знайшла маленькія дзверы без шыльды. Тузанула ручку... Тэхнічнае памяшканне. Я праціснулася між паламанымі партамі... Дзверы з павольным рыпеннем прычыніліся. Добра, ліхтарык з сабою. Ля сценкі - школьная дошка. Можа быць, я выйшла б з гэтага няўтульнага памяшкання, каб не ануча. Звычайная сухая ануча, якой колісь выціралі крэйду, пасля паклалі на палічку ўнізе дошкі, і яна так і прысохла. Чамусьці махры гэтай анучы матляліся, як ад моцнага павеву. Я з цяжкасцю ссунула дошку ўбок. За ёй пачыналася вузкая, як ход шашаля, вінтавая лесвіца, ад яе цягнула холадам. Урэшце, гэта мне цяжка адсоўваць дошкі, а дужы мужчына зробіць такое адным рухам.

Доўгі калідор на другім паверсе наводзіў на сумныя думкі - мусіць, так выглядаюць будынкі пасля бамбёжак. Чорныя бэлькі столі там-сям абрушыліся, пахіліліся да падлогі, быццам штандары перад жалобным шэсцем. Аднекуль сыпаўся дробны снег. Я прыкінула, дзе вечарам бачыла святло: трэцяе акно справа, адчыніла дзверы ў цёмны пакой і скіравала ўнутр прамень ліхтара... І аслупянела. Я знаходзілася ў майстэрні мастака. Звычайнай майстэрні, з маім улюбёным вэрхалам, з пахам фарбаў і пукамі пэндзляў у збанках і гаршэчках. Але не гэта ўразіла мяне. На мальберце стаяла няскончаная карціна. Я ніколі не бачыла нічога падобнага. Яе аўтар меў свой, адметны стыль - фантасмагарычны, з незвычайнымі спалучэннямі колераў, ясны і адначасова туманісты. На фоне начнога зімовага пейзажу, у якім угадваліся краявіды сучаснага Наўя, ляцела прывідная кавалькада паляўнічых - дамы ў сукенках з доўгімі вузкімі шлейфамі, у мехавых шапачках, вышытых перлінамі, з сокаламі на пальчатках, мужчыны ў чугах з пералівістых тканін, з павінымі пёрамі на шапках, узброеныя даўжэзнымі стрэльбамі з раструбамі на канцах. Гэта было захапляючае, вясёлае і трывожнае відовішча. Коні слізгалі па паветры, дамы смяяліся, а над соннай вёскай цягнуліся срэбныя ніткі правадоў электралініі, пакрытыя шэранню.

Ля сцен, павернутыя фарбаванай паверхняй ад гледача, стаялі іншыя карціны. Я пачала іх пераварочваць. Несумненна, яны належалі пэндзлю аднаго мастака, і гэта быў выбітны мастак. У святле ліхтарыка ўзнікалі новыя і новыя сюжэты. Якая фантазія! Якое майстэрства! Я так захапілася разглядваннем, што не зрэагавала ў час - дзверы раптоўна адчыніліся і святло ліхтарыка, ярчэйшага за мой, скіравалася проста мне ў твар і на некалькі імгненняў асляпіла. Калі б у мяне яшчэ былі сумнівы наконт уладальніка падпольнай майстэрні, цяпер іх не мусіла заставацца. Вочы Вінцука з-пад насупленых броваў гарэлі праведным гневам.

- Вы... вы... як вы маглі! Шпіёніць... Паверыў вам... Артыкулам вашым, партрэту... Шчыра збіраўся дапамагчы... А вы...

У небаракі аж рукі трэсліся ад абурэння. Зусім перастаў маскіравацца пад бажаволака. Але я не збіралася адступаць.

- Вы чакаеце, што я зараз пачну прасіць прабачэння і сцвярджаць, што я тут выпадкова, што я не хацела і таму падобнае? Памыляецеся. І апусціце нарэшце ліхтар, а то свеціце мне ў вочы, як на допыце.

Вінцук сумеўся ад майго ваяўнічага тону і скіраваў святло ліхтарыка ўбок, памацаў рукою недзе ў куце, і на столі запалілася лямпа дзённага асвятлення. А я працягвала сваю «псіхатэрапію»:

- Калі вы чыталі мае артыкулы, дык не маглі не зразумець, што я з сябе ўяўляю. Цікаўнасць - неад'емная частка маёй прафесіі. Я ніколі не спынюся на паўдарозе. Неінтэлігентна з майго боку? Магчыма. Мне не раз даводзілася неінтэлігентна дабівацца ісціны, як бы патэтычна гэта ні гучала. Вы, дарэчы, таксама неінтэлігентна мне зманілі, калі я спытала пра другі паверх. І, калі хочаце ведаць, мне вас ніколькі не шкада, і ніякай загадкі для мяне вы не ўяўляеце. Сярод маіх знаёмых дастаткова таленавітых няўдачнікаў-іпахондрыкаў. У мінулым годзе адзін паэт аб'явіў, што кідае пісаць вершы, купіў хутар і шукае там праўду жыцця. А ягоная жонка, мая каляжанка, акрамя дадатковых лекцый яшчэ і нешта рэдагуе па начах да страты прытомнасці, абы дзіцяці на лекі ад алергіі ды спецыяльную дыетычную ежу хапала. Хочаце, раскажу вашу жыццёвую гісторыю ў агульных рысах? Вы падавалі вялікія надзеі, вучыліся... не бяруся па вашай творчай манеры вызначыць, дзе, але ў вышэйшай творчай установе. Вас спасцігла вялікае расчараванне, мусіць, звычайная подласць з боку калег - такога хапае ў нашым блаславёным асяродку. Пасля гэтага вы не сталі зноў стукацца ў дзверы вялікага мастацтва, а вырашылі стварыць яго ўласную філію, гэткую рабінзанаду непрызнанага генія. Выяўляеце з сябе бясшкоднага вар'ята з пакалення «брамнікаў і вартаўнікоў», спажываеце разварыстую вясковую бульбачку і з горкай, але салодкай помстай у душы пішаце палотны, якія свет не заслужыў пабачыць. Вось вам «еще... минчук в Гарольдовом плаще».

Я нагаварыла шмат несправядлівасцей і чакала новага выплеску абурэння і абвінавачванняў у адрас недасканалага свету, персаніфікаванага ў маёй сціплай асобе, але я недаацаніла свайго знаёмца. Маю тыраду ён слухаў сапраўды трохі нервова, пакусваючы вусны, але пад канец супакоіўся і камічна развёў рукамі:

- Здаюся, здаюся. Mea culpa, mea maccima culpa*. Вы сапраўды менавіта такая, якой я сабе ўяўляў. І я... напэўна, у нечым такі, як вы гіпатэтычна апісалі. Але нечага вы пра мяне не ведаеце. Таму давайце зачынім маю падпольную... дакладней, паддашную майстэрню і пойдзем уніз, у больш спрыяльныя для гутаркі ўмовы.



* Мая віна, мая вялікая віна (лац.).

- Так, узімку вы сапраўды ціхі, - «ушчыкнула» я інтэлектуальнага вартаўніка.

Ён рассмяяўся так шчыра, па-дзіцячы, што я не магла таксама стрымаць смех. Магчыма, да паранойі тут справа не дайшла.

 

1   2   3   4   5   6   7   8


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка