Сэрца апазыцыі змяшчаецца злева направа юрый Чавусаў Рэзюмэ




Дата канвертавання01.05.2016
Памер85.69 Kb.




BISS БЛІЦ

BB #27/2009BY, 30 October 2009





СЭРЦА АПАЗЫЦЫІ ЗМЯШЧАЕЦЦА ЗЛЕВА НАПРАВА
Юрый Чавусаў
Рэзюмэ
З’яўленне на беларускай палітычнай арэне Беларускага Незалежніцкага Блока (БНБ) не ёсць якаснай зменай у апазыцыйный супольнасці. Гаворка хутчэй можа весціся пра пэўнае тактычнае перагрупаванне старых палітычных сілаў, пра палярызацыю па прыкмеце геапалітычнай арыентацыі і, у значна меньшай ступені, па ідэялагічных прыкметах. Такім чынам палітычныя структуры намагаюцца заняць больш зручную пазыцыю напярэдадні бліжэйшых палітычных кампаніяў, падчас якіх ранейшыя задачы будуць вырашацца прыкладна ранейшымі сродкамі. Афармленне новай кааліцыі з’яўляецца вынікам ранейшых працэсаў, што адбываліся ў нетрах старой кааліцыі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў (АДС), і адначасова сведчыць пра змену генерацыяў у апазыцыйных структурах.

Стварэнне кааліцыі нацыянальна-дэмакратычных сілаў было даўняй марай многіх прадстаўнікоў правага крыла беларускай апазыцыі, незадаволеных неапраўдана малым месцам гэтай ідэалагічнай плыні ў апазыцыйным ландшафце. Рэалізацыя гэтага праекта зрабілася магчымай пасля змены кіраўніцтва ў Партыі БНФ – у партыі, якую можна разглядаць як “залатую акцыю” апазыцыі. Пры гэтым тактычныя выгоды падобнага размежавання не скасоўваюць ягонага асноўнага мінуса – апазыцыя напярэдадні чарговага выбарчага цыклю не інтэгруецца, а наадварот павялічвае ступень раз’яднанасці. Кааліцыйнае будаўніцтва само па-сабе не з’яўляецца будзь якім істотным чыннікам для поспеху апазыцыі – больш важная стратэгія ўдзелу у выбарах, якой цяпер няма. Пабудова новай кааліцыі стане цяжкай задачай – любая перабудова звязаная з дэканструкцыяй і павелічэннем працэсаў дэзэнтыграцыі.

Асноўным матывацыйным рэсурсам для ствароэньня БНБ сталася незадаволенасць апазыцыйнага актыву ранейшай кааліцыйнай архітэктурай і, шырэй, незадаволенасць апазыцыяй увогууле. Асноўныя імпульсы для стварэння “правай кааліцыі” сыходзілі з асяродку вакол Аляксандра Мілінкевіча. Для патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты, што карыстаецца пэўнай вядомасцю ў грамадстве, апора на кааліцыю, якая выглядае шырокай, з’яўляецца неабходнай умовай для вылучэння. Уласна кажучы, для вылучэння кандыдатам былому адзінаму кандыдату ад АДС было неабходна заручыцца падтрымкай “свайго ўласнага АДС”. У свой час пасля папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў у апазыцыі адбыўся падзел рэсурсаў – усе моцныя структуры засталіся ў складзе АДС, а Мілінкевіч засяродзіў на сабе пэрсанальную папулярнасць у насельніцтва. Аднак ён хутка распачаў працэс канструявання ўласнай кааліцыі: заснаваў і зарэгістраваў Рух За Свабоду (РЗС), ускосна падтрымліваў антыкамуністычныя і антыліберальныя настроі ў колах апазыцыйнага актыву, усялякім чынам заахвочваў дзейнасць малых апазыцыйных суб’ектаў, незадаволеных сваім становічшам у АДС. Па вялікім рахунку, заснаванне БНБ сталася ўсяго толькі лагічным крокам пасля Кангрэсу АДС 2007 года, калі адбылася перабудова кіравання кааліцыяй і яе падзел на прыхільнікаў і праціўнікаў былога адзінага кандыдата.

Да таго ж, ужо даволі даўна існуе процілеглае ідэалагічнае аб’яднанне ў межах АДС – Саюз левых сілаў, які зручна разглядаць у якасці прарасейскага флангу ў айчыннай апазыцыі (які адначасова ёсць і антымілінкевічаўскім фарпостам). Так што стварэнне люстэркавага адбітку, адваротным чынам арыентаванага на інтэграцыю ў Эўрапэйскі Саюз, было толькі справай часу і зручнага моманту. Менавіта геапалітычная арыентацыя выглядае асноўнай лініяй размежавання, а ідэалагічныя чыннікі граюць тут другасную ролю.

Варта адзначыць, што паасобныя суб’екты, якія выступаюць цяпер у якасці заснавальнікаў новага апазыцыйнага блоку, маюць розныя матывы для аб’яднання. Частка з гэтых матываў вынікае з незадаволенасці працяглым падпарадкаваннем палітычных структураў кааліцыйным угодам, а частка звязаная з унутранай барацьбой ў арганізацыях і неабходнасцю стратэгічна пралічваць умовы сваяго самазахавання на далейшы перыяд.

Беларускія апазыцыйныя партыі з’яўляюцца аб’ектам пільнай увагі з боку палітычных аглядальнікаў і часцяком падлягаюць бязлітаснаму аналізу і жорсткай крытыцы. А вось да РЗС крытычная ўвага значна меньшая – больш філіпікаў адрасуецца ягонаму лідэру, у той час як роля самой гэтай арганізацыі застаецца па-за ўвагай. Як падаецца, нічога новага ў стратэгіі гэтага палітычнага суб’екта на будучы палітычны сэзон не прапануецца. Няма аніякага годнага і вартага даверу адказу на пытанне чаму РЗС так упарта высоўвае Мілінкевіча на прэзідэнта і што ён можа зрабіць новага для перамогі. РЗС хаваецца за праеўрапейскую псеўда-праграму і мала ўвагі надае распрацоўцы ўласнага палітычнага аблічча. Па вялікім рахунку, РЗС выступае ў якасьці палітычнага суб’екта толькі як аб’яднанне прыхільнікаў палітыка Мілінкевіча – у астатнім арганізацыя насамрэч засяроджаная на грамадскай дзейнасці. Але магчыма, што унутры РЗС разлік ужо таксама робіцца на самазахаванне структуры і працу на час пасля 2011 года, калі дзеючы лідэр гэтага руху магчыма сыйдзе з палітычнай арэны. У гэтым выпадку канструяванне кааліцыі вакол РЗС стварыла б зручныя магчымасці для далейшага карыстання выгодамі гэтай падвоенай грамадска-палітычнай ідэнтычнасці.

Партыі БНФ пасля змены лідэра было наканавана таксама выступіць палкім прыхільнікам новага кааліцыйнага аб’яднання – гэта быў напэўна адзін з найважнейшых пунктаў праграмы новага старшыні партыі Аляксея Янукевіча, які дазволіў яму перамагчы (менавіта галасы сябраў РЗС, якія ўваходзяць у партыю, забяспечылі яму поспех). Логіка “апазыцыя там дзе БНФ” па-ранейшаму застаецца адной з канстантаў беларускага палітычнага жыцця, і у гэтым сэнсе апазыцыйны характар новага блоку не будзе выклікаць сумневаў у вачах насельніцтва. Падаецца, што барацьба ўнутры Партыі БНФ прывяла да таго, што партыя перастала быць здольнай на рэалізацыю самастойных сцэнароў. Калі раней яна існавала ў фарватэры АДС, то цяпер будзе вымушаная існаваць прынамсі два бліжэйшыя гады ў фарватары БНБ. Розніца толькі ў тым, што калі раней партыя падпарадкоўвалася рашэнням былых інструктараў райкамаў КПСС, то цяпер ейнымі партнэрамі будуць... былыя сябры БНФ! Гэтая новая кааліцыйная ўгода будзе выклікаць меньш унутраных фрустрацыяў у колах партыйцаў – азначэнні новай кааліцыі як хрысціянскай, антыкамуністычнай і праэўрапэйскай не супярэчаць праграмным палажэнням партыі і блізкія шырокім масам партыйцаў. У той жа час, антымілінкевічаўскія сілы ў БНФ здолілі хутка перагрупавацца і цяпер цешацца рэваншысцкімі амбіцыямі. Але пры ўсім пры тым, на бліжэйшыя некалькі гадоў становічша ў БНФ абяцае быць даволі стабільным – пазыцыям новага кіраўніцтва не пагражае нічога, а рэальнае вяртаньне БНФ на лідзіруючае месца ў палітычным полі будзе магчымае пасьля выбараў 2011 у межах новастворанага БНБ.

Напэўна, адным з галоўных атрымальнікаў дывідэндаў ад стварэння новай кааліцыі будзе Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя (БХД). Гэтая палітычная сіла мела ў АДС мінарытарны статус – там яе не ўспрымалі ўсур’ёз і разглядалі як бурбалку, надзьмутую невялічкай групай былых маладафронтаўцаў на патрэбу моцных хрысціянска-дэмакратычных партнэраў з Эўропы. БХД першай сказала “чао” АДС, на што там здаецца не звярнулі асаблівай увагі і празявалі момант, калі былыя маладафронтаўцы сталі палітычнымі цяжкавагавікамі. Як маладая палітычная сіла БХД мае выразнае ідэалагічнае аблічча і не паспела зазнаць досведу ахвяравання прынцыпамі дзеля бягучай палітычнай карысці. Менавіта ў сілу гэтага фактара хрысціянскія дэмакраты абяцаюць стаць асноўным ідэалагічным маторам новай кааліцыі. Дастаткова радыкальная, як для традыцыйнай хрысціянска-дэмакратычнай партыі, дактрына БХД будзе дамінаваць у ідэалагічным пазыцыянаванні БНБ і ўраўнаважыць гэтае дамінаванне будзе ў стане толькі асабістая разважлівасць Аляксандра Мілінкевіча, ягоная здольнасць палітычна згладжваць вострыя куты. Такім чынам, лагодная рыторыка кандыдата Мілінкевіча будзе скіраваная навонкі на адрас электарату, у той час як для ўнутранай матывацыі актыву будуць ужывацца радыкальныя дактрыны накшталт праграмных палажэнняў БХД.

Пакуль што праекты праграмных дакументаў новай кааліцыі, насуперак чаканням, не могуць пахваліцца большай канкрэтыкай у параўнанні з дакументамі АДС. У гэтым сэнсе БНБ не больш “беларуская”, чым АДС (былі) “дэмакратычныя”. Геапалітычны характар новага аб’яднання акрэслены шчырым, хоць і цяжкаперакладальным тэрмінам “незалежніцкія”. Але пазыцыянаванне блока як “незалежніцкага” нельга лічыць адназначнна выігрышным ва ўмовах калі ўлады таксама ні ў якім разе не выступаюць супраць незалежнасці і нават ўжываюць лозунгі накшталт “за незалежную Беларусь”. Фактычна можна канстатаваць, што ў ідэалагічным сэнсе новае апазыцыйнае ўтварэнне не мае яшчэ пэўнай дактрыны. Гэтай ідэалагічнай нявызначанасцю скарысталася БХД – фактычна на грунце ейнай дактрыны фармуецца праект дэкларацыі БНБ, які ўтрымлівае асуджэнне камунізма і сцвярджэнне хрысціянскага характару Беларусі. Рэцэпцыя каштоўнасцяў БХД адбываецца не толькі з-за іх ідэалагічнай блізасці перакананням іншых суб’ектаў кааліцыі – але ў большай ступені з-за таго што ідэалогія насамрэч тут мала што значыць (проста лічыцца што хоць нейкая ідэалогія павіннная ў кааліцыі быць).

Такім чынам, генеральна новы блок мае канфігурацыю не ідэалагічнага аб’яднання – пра ідэалагічныя фактары ў беларускай апазыцыйнай палітыцы можна казаць адно як пра шырму, за якой хаваюцца іншыя чыннікі. Хутчэй мы тут маем справу з чарговым тактычным аб’яднаннем перадвыбарчага характару – пакуль яно выглядае як хаўрус пад будучую кампанію Аляксандра Мілінкевіча. Размежаванне ў АДС адбылося пад ціскам новых прэзідэнцкіх амбіцыяў гэтага палітыка, і адбылося ў першую чаргу па геапалітычнай прыкмеце.

Што датычыць малых суб’ектаў, якія выступаюць заснавальнікамі Беларускага Незалежніцкага Блоку – то пакуль выглядае, што іх роля ў новым утварэнні будзе фармальна павялічвацца. І Малады Фронт, і Правы Альянс, і іншыя невялікія арганізацыі будуць на роўных прымаць удзел у пасяджэннях меркаванай Рады БНБ – але рашэнні ўсё роўна будуць прымацца камандай Мілінкевіча ў рэжыме перадвыбарчага штабу.

Перспэктывы далучэння да блоку будзь-якіх іншых моцных структураў з асяродку АДС досыць туманныя. Анатоль Лябедзька, чыя структура як падаецца была б павінная быць ідэалагічна больш блізкая БНБ чым астатняй частцы АДС, ужо заявіў што лепш “сініца ў руках чым жораў у небе”. Нават канчатковы развал АДС, якога не варта чакаць да прэзідэнцкіх выбараў, не змусіць Аб’яднаную грамадзянскую партыю пайсці на паклон да БНБ, хоць асобныя перабежчыкі верагодна будуць.

У той жа час АДС патрапляюць у складанае становішча напярэдадні будучых палітычных кампаніяў. Калі да блоку, у які ўваходзіць БНФ, у грамадзкай свядомасці будзе даволі лёгка ўжываць прыметнікі “беларускі” і “дэмакратычны”, то тэрмін “аб’яднаныя” у брэндзе АДС ужо выклікае сур’ёзныя сумневы. Пакуль што ў БНБ змагаюцца два падыходы ў дачыненні да лёсу старой кааліцыі – арыентаваныя на тое, каб цалкам знішчыць АДС, і арыентаваныя на захаванне гэтай структуры ў якасці пляцоўкі для міжпартыйных перамоваў. У апошнім выпадку АДС па сваёй функцыі вяртаецца да таго, чым былі ейныя папярэднікі – КРДС і КРАПП.

Зрэшты, у якасці сапраўды перадвыбарчай кааліцыі АДС спрацавалі толькі аднойчы – падчас вылучэння адзінага кандыдата на прэзіджнты ў 2005 годзе. І гэты досвед застаецца галоўным козырам у руках АДС – праект праймерыз арыентаваны на тое, каб скарыстацца ім дзеля надання кандыдату АДС легітымнасці адзінага кандыдата ад шырокай апазыцыйнай кааліцыі. Ды вось бяда – няма больш той шырокай кааліцыі.

Сярод патэнцыйных удзельнікаў Беларускага незалежніцкага блоку часам называюць і КХП, як партыю, што не ўваходзіць у АДС і ідэалагічна несумненна больш блізкую да светапогляду большасці публічных лідэраў БНБ. Але гэткае злучэнне малаверагоднае ў сілу непрыняцця КХП будзь-якіх альтэрнатыўных поглядаў і арыентацыяй на татальнае адмаўленне кааліцыйнага супрацоўніцтва. Зрэшты, кіраўніцтва КХП ужо дало звыклую ацэнку новым працэсам у апазыцыі як інспіраваным спецслужбамі.

Прызначэнне мясцовых выбараў на вясну 2010 года сталася на руку патэнцыйным прыхільнікам БНБ, і не толькі з-за таго што аб’ектыўна ўскладняе рэалізацыю сцэнару праймерыз канкурэнтаў з АДС. Мясцовыя выбары могуць зрабіцца для БНБ палігонам, дзе будзе адпрацаваная (і прадэманстраваная) электарату і палітычна-актыўнай частцы грамадства здольнасць новай кааліцыі да эфэктыўнай рэалізацыі выбарчай кампаніі. Калі БНБ здолее выпрацаваць перадвыбарчую платформу грунтуючыся не на лозунгах “без камуністаў” і “у Эўропу”, а на сапраўды сур’ёзных адказах на сацыяльна-эканамічныя выклікі, што стаяць перад краінай, калі будзе здзейсненая рэальнае размеркаванне абавязкаў і акругаў у межах кампаніі, праведзеная агітацыйная кампанія пад адзінымі лозунгамі – тады напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў менавіта БНБ будзе выглядаць апазыцыйнай сілай нумар адзін. Аднак, само па сабе гэта не павялічвае шансаў на змену звыклага сцэнара выбарчых кампаніяў у Беларусі.



Фактычна цяпер фармаванне БНБ і абвяшчэнне ўладамі меркаваных датаў мясцовых і прэзідэнцкіх выбараў сталася сымвалічным стартам доўгага палітычнага сезону 2009-2011. Канкурэнцыя апазыцыйных кааліцыяў была на ўсіх папярэдніх выбарчых кампаніях, і ў тым няма нічога новага. Хутчэй цікаўнасць уяўляе генерацыйны аспект – на асноўныя ролі ў палітыцы выходзіць так званае пакаленне “Маладога Фронта”, якое ўжо не проста цясніць, а выціскае тых, хто быў “новай хваляй” напрыканцы 90х.



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка