Семяняка Валянцін Міхайлавіч




Дата канвертавання06.07.2016
Памер20.24 Kb.
Семяняка

Валянцін Міхайлавіч



Скончыў у 1980 годзе Цяглевіцкую СШ, у 1985 годзе- ГрДУ імя Я.Купалы. Працоўны шлях пачынаў настаўнікам у Славаціцкай СШ, затым у Князеўскай СШ, далей загадчык аддзела адукацыі, з 2008 года - намеснік старшыні райвыканкама.



Для мяне школа, найперш – мае настаўнікі – людзі, якія вучылі мяне і маіх аднагодкаў не толькі асновам навук, але і жыццёвай мудрасці. Напэўна, таму, узброеныя гэтымі ведамі, мы ўпэўнена ішлі ў самастойнае жыццё, не баяліся цяжкасцей, бралі адказнасць як за сябе, так і за сваіх блізкіх, сяброў.

Першай у гэтым святым для мяне спісе стаіць Кацярына Нікіфараўна Рында, мой класны кіраўнік і настаўніца замежнай мовы. Менавіта яна паслядоўна, настойліва, часам жорстка даводзіла нам, сваім вучням, наколькі важна любыя абавязкі выконваць якасна, як трэба паважаць старэйшых, любіць сваю Радзіму. А яшчэ яна прывіла мне любоў да нямецкай мовы, літаратуры, культуры нямецкага народа, якую я пранёс праз усё жыццё.

Заўсёды з павагай успамінаю сваіх дырэктароў – Зінаіду Вікенцьеўну Доста, Віктара Канстанцінавіча Качука, Юрыя Анатольевіча Лізунова. Іх прыклад натхніў мяне на мару стаць дырэктарам школы, а калі гэтая мара збылася, дапамагаў у самыя складаныя моманты маёй упраўленчай працы.

Памятаю, як маладой настаўніцай прыехала ў нашу школу Таццяна Мікалаеўна Якубовіч. Яе урокі вызначаліся надзвычайным дэмакратызмам, а выкладанне матэрыялу заўсёды выходзіла за межы падручніка. Шчыра ўдзячны Зінаідзе Ягораўне Кароткінай і Марыі Станіславаўне Капылец за дзейсныя парады па тэхніцы напісання вершаў. Кожны раз успамінаю іх добрым словам, калі чытаю вершы самадзейных аўтараў, многія з якіх прэтэндуюць на прызнанне, не абцяжарваючы сябе захаваннем у сваіх творах адзінага вершаванага памеру.

Віктар Сяргеевіч Данюк і Юрый Анатольевіч Лізуноў раскрывалі для мяне таямніцы школьнай фізікі, якая потым дала мне шлях да настаўніцкай прафесіі. Ірына Генрыхаўна Кавалевіч, Людміла Мікалаеўна Ігнацюк, Зоя Іосіфаўна Дудко, Вера Захараўна і Іван Іосіфавіч Івашкі, Тамара Аляксандраўна Семяняка – баюся кагосьці пакрыўдзіць, не ўспомніўшы – гэтыя імёны, нібы зорачкі на небасхіле дзяцінства, асвятляюць мае ўспаміны аб школе.

А яшчэ школа назаўсёды застанецца ў маёй памяці ўспамінамі аб сябрах.Сярод іх – знакамітыя “бандурысты”, як нас тады называлі, Юрый Дудко і Андрэй Івашка, з якімі мы падтрымліваем добрыя адносіны і цяпер. Уладзімір Чарнушыч, Алег Рында, Юрый Гавінек, Сяргей Качук, Зінаіда Дзяркач, Ганна Кісель, шчасця вам і здароўя на многія гады!

Мне вельмі прыёмна, што ў абноўленым будынку Цяглевіцкай школы з асаблівай цеплынёй і павагай захоўваюць лепшыя традыцыі педагогаў, якія стаялі ля яе вытокаў. Хачу пажадаць маёй роднай школе шчаслівай будучыні, таленавітых вучняў, мудрых педагогаў, светлых і радасных дзён!

З павагай і ўдзячнасцю выпускнік 1980 года В.Семяняка


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка