Сцяпан Лаўшук




Дата канвертавання30.04.2016
Памер62.45 Kb.
РАВЕСНІК КУПАЛАЎСКАГА ТЭАТРА

Сцяпан Лаўшук

75 гадоў — Андрэю Макаёнку... Менавіта толькі так хочацца гаварыць пра яго, народнага пісьменніка Беларусі, аднаго з самых знакамітых нашых драматургаў. Колькі гадоў мінулася, як Андрэя Ягоравіча не стала, тым не менш — ён па-ранейшаму жывы. У літаратуры. У тэатры. У нацыянальнай культуры. Бо Макаёнак — гэта з'ява, а з'ява з цягам часу набывае яшчэ большую напоўненасць. І вымагае куды больш глыбокага спасціжэння і асэнсавання.



Вядомы даследчык беларускай драматургіі Сцяпан Лаўшук у сваім не зусім юбілейным артыкуле робіць адну з проб такога асэнсавання.
Глыбокай восенню 1984 года ў складзе невялікай пісьменніцкай дэлігацыі, якую ўзначальваў тадышні сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР Іван Чыгрынаў, ездзіў я ў Журавічы, дзе ў мясцовай сярэдняй школе мелася быць адкрыццё музея народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Макаенка. Даехалі на літфондаўскім рафіку без прыгод, азнаёміліся з экспазіцыяй музея, а вечарам у будынку РДК удзельнічалі ў літаратурнай вечарыне. Адгаварыўшы кожны сваё, саступілі сцэну мясцовым артыстам. Сам канцэрт не запомніўся, як, магчыма, не запомнілася б і ўся паездка, калі б не адзін эпізод...

Маёй суседкай у глядзельнай зале аказалася маладжавая жанчына з мясцовых. I не проста з мясцовых, а блізкая зямлячка Андрэя Макаёнка. Ды яшчэ якая блізкая — сведка самых першых імгненняў зямнога існавання славутага ў будучым драматурга.

Я ўжо і тады не быў маладзёнам і прафесіяналам нібыта лічыўся, аднак праявіў сябе ў той сітуацыі надта ж непрафесійна. Трэба было б адразу ж хапацца за дыктафон, распытваць ды запісваць. Як мага падрабязней! Бо пра такіх буйных асоб айчыннай культуры ніякая падрабязнасць дробнай не бывае. Але...

Але вернемся да аповяду жанчыны. Вядома, сама яна павітухай з-за ўзросту быць не магла, а трапіла на народзіны са сваёй бабкай, якую мусіла суправаджаць з-за кволасці здароўя апошняй. Жудасна і цікава было ёй, васьмігадовай, назіраць за адным з самых велічных актаў Прыроды. Што ж запомнілася найбольш ярка?

З'явіўся хлапчук на белы свет нейкім надта ўжо нахмураным. Крычаў гучна і патрабавальна, але не доўга. Заціх, мусіць, для таго, каб сапсаваць першуго сваю пялюшку (бач ты, здзіўлялася малая, не кармілі яшчэ, не паілі яго, а ён "фантаніруе!"). Новую ж пялюшку ўспрыняў прыладай ушчымлення асабістай свабоды, усім сваім выглядам паказваючы, як яму непрыемна працэдура спавівання. "Хара-а-кцяр, — усміхнулася бяззубым ротам павітуха, — хай лёгкай будзе твая жытка".

Лёгкага жыцця ў А. Макаёнка не атрымалася, а характар і сапраўды ад самага нараджэння меў моцны. Макаёнкаўскі характар! Зрэшты, можа, і жыццё легкім не атрымалася таму, што характар у драматурга быў мужчынскі, некамфармісцкі, што заўседы імпэтна пярэчыў ён, калі яго творчую свабоду спрабавалі абмежаваць пры дапамозе моцных "спавівачоў".

Сення пад небам Беларусі ўсталявалася "нялётнае надвор'е". Вясна змяняе зіму, лета — вясну, а над роднай старонкай усё лунае і лунае восеньскі дух. Шэрань зусім не залатой восені забіла ўсе поры грамадскага арганізма. Зябка, непрыветла, непрывычна... Тубыльцы паныла бурчаць, праклінаюць свае жабрацка-бязрадаснае іскаванне, безнадзейна чакаючы, калі і хто пакліча іх на акцыі пратэсту. Калі і хто... Адно магу сказаць зусім пэўна: Андрэй Макаёнак, дажыві ён да нашага часу, не маўчаў бы, не здолеў бы маўчаць.

Ёсць, праўда, у сенняшняй нашай рэчаіснасці і сёе-тое станоўчае. Назаву хоць 6ы спробы "праінвентарызаваць" банк духоўных каштоўнасцей. Перш за ўсе таго, што зроблена, што адбылося за перыяд пасля 1917 года (зрэшты, не толькі за гэты). Для слатлівага часу — хоць які ды занятак. Не насмяшыць бы толькі нашчадкаў, бо некаторыя няўрымслівыя перагляд-радыкалы, не дужа абцяжарваючы сябе інтэлектуальнымі высілкамі, механічна мяняюць на шкале вартасці плюсы мінусамі, белае мажуць чорным, чорнае спрабуюць выдаць зіхатліва-светлым. Ды нічога! 3 гэтымі "ацэншчыкамі" праблем не будзе: хто мае вочы — ды ўбачыць. Складаней з іншымі, якіх варта было б назваць селектыў-пераглядчыкамі. Яны аперыруюць фактамі і толькі фактамі. Але селекцыянуюць іх, старанна адбіраюць дзеля ўласнай далёка не аб'ектыўнай канцэпцыі. Напрыклад, з "фрэскі" нараджэння А. Макаенка яны выбралі б "эцюд-эпізод" з падмочваннем першай пялюшкі, праігнараваўшы малюнак у цэлым. І праўды нібыта не парушаюць, і лгуць, разам з тым, беспардоннейшым чынам...

3 гэтымі, паўтараю, складаней, але... Смешнымі здаюцца мне спробы некаторых прыхільнікаў "новага прачытання" твораў мінулага часу ўсумніцца ў высокай мастацкай вартасці драматургічнай спадчыны Андрэя Макаёнка, бо надта ж цяжка, амаль немагчыма адшукаць такую падмочаную анучу, каб схаваць ёю ўсё зробленае нашым выдатным сатырыкам-грамадзянінам.

Рыхтуючы даклад на міжнародную навуковую канферэнцыю, прысвечаную сямідзесяціпяцігоддзю купалаўскага тэатра, я паспрабаваў вызначыць месца кожнага беларускага драматурга ў развіцці нашага славутага тэатральнага калектыву. Лідэрства А. Макаёнка ў гэтай справе відавочнае. Побач з Кандратам Крапівой ён быў самым "рэпертуарным" драматургам-купалаўцам. На п'есах А. Макаёнка вырасла цэлая плеяда выдатных ацёраў, удастоеных ганаровых званняў, лаўрэацкіх адзнак. Дзесяць прэм'ер па яго творах убачылі гледачы на сцэне купалаўскага тэатра, кожны раз вітаючы дружнымі апладысментамі нешараговую, адметна-яркую падзею ў культурным жыцці рэспублікі.

У сувязі з гэтым варта, мусіць, сказаць некалькі слоў аб праблеме ўзаемаадносін паміж нацыянальнай драматургіяй і нацыянальным тэатрам. На Беларусі яна з пэўнай вастрынёй паўстала 25—30 гадоў назад, калі некаторыя нашы рэжысеры паспрабавалі ўсумніцца ў абсалютнай ісціне, што без нацыянальнай драматургіі немыслімы нацыянальны тэатр. Сярод гэтых сумнявальшчыкаў не апошнюю скрыпку трымаў мастацкі кіраўнік купалаўскага тэатра В. Раеўскі. I што ж? За сваё некароткае рэжысёрскае жыццё ён паставіў шмат твораў зарубежнай драматургіі. У тым ліку і класікі. Аднак лепшым яго спектаклем, паводле аднадушнай думкі спецыялістаў, з'яўляецца пастаноўка макаенкаўскага "Трыбунала".

Каго толькі не ставілі на купалаўскай сцэне Шэкспіра, Мальера, Гетэ і Шылера, і Брэхта і Нушыча, Астроўскага і Чэхава, Горкага і многіх іншых выдатнык пісьменнікаў, а сапраўднага поспеху тэатр дасягаў тады, і толькі тады, калі знаходзіў творчае паразуменне з айчыннымі драматургамі. I ў першую чаргу — з Кандратам Крапівой і Андрэем Макаёнкам.

Гэта факты, а яны, як гаварыў адзін класік, — рэч упартая. Хіба ж не факт, што менавіта 70-я гады, на якія прыпадае творчы росквіт шчодрага таленту А. Макаенка, былі надзвычай плённымі і для купалаўцаў? Зрэшты, яго п'есы і ў ранейшыя дзесяцігоддзі станавіліся своеасаблівым допінгам для беларускіх тэатраў.

У пачатку 50-х гадоў у рэпертуары тэатра імя Якуба Коласа былі "Жывы труп" Л. Талстога, "Тры сястры" А. Чэхава, "На дне" М. Горкага, "Настаўнік танцаў" Лопэ дэ Вега, "Шторм" У. Біль-Белацаркоўскага і інш. У купалаўцаў таксама не было браку на гучныя імены і славутыя творы: "Вішневы сад" А. Чэхава, "Анна Карэніна" Л. Талстога, "Жаніцьба Бальзамінава" А. Астроўскага, "Каварства і каханне" Ф. Шылера, "Нора" Г. Ібсена і г.д. Аднак не гэтыя спектаклі, а макаенкаўская сатырычная камедыя "Выбачайце, калі ласка” удыхнула новыя сілы ў працу гэтых двух вядучых тэатральных калектываў Беларусі. Больш таго, п'еса беларускага драматурга дапамагла узняцца да новых мастацкіх вышынь многім тэатрам за межамі Беларусі, стаўшы такім чынам фактам не толькі беларускай, але і сусветнай культуры.

Так, ужо недзе з сярэдзіны 50-х гадоў імя Андрэя Макаенка пачало набываць усе больш шырокую міжнародную вядомасць, пік якой прыпаў на пачатак 70-х гадоў. Бліскучыя камедыі беларускага драматурга з трыумфальным поспехам прайшліся па сцэнах соцень тэатраў Савецкага Саюза. Мець у рэпертуары п’есу А. Макаенка лічылі за гонар многія знакамітыя тэатры. У тым ліку і за межамі СССР.

Праўда, гэта зусім не азначала, што ў яго не было ніякіх праблем "абнародваннем" сваіх твораў. Былі. Ды яшчэ і якія.

Пакінем у спакой ідэалагічых нагляднікаў — служба ў іх такая сабачая была. Аднак і пасля таго, як усе дазволы ўдавалася атрымаць, складанасці не канчаліся. Прынамсі, нават, у купалаўскім тэатры, дзе А. Макаёнка, здавалася б, цанілі і любілі, не спяшаліся, як правіла, з пастаноўкай яго п'ес. "Нічога, — скрушна жартаваў Андрэй Ягоравіч, — паставяць у Маскве, дык і нашы заварушацца".

Было... Што было, тое было. Але пісьменнік крыўды стараўся не затойваць. Ён добра ўсведамляў, што п'есы свае пісаў не для маскоўскіх тэатраў, што тут, на радзіме патрэбна яго слова. I дзеля гэтага не баяўся прадзірацца праз любыя церні, праз завіці нядобразычлівасці і неразумення. Вялікай любоўю да Айчыны акрылялася яго муза. Ён бываў усякім: гнеўным, вяселым, задзірыстым, жорсткім, несправядлівым, а вось абыякавым — ніколі. Асабліва турбаваў яго лёс Беларусі, яе будучыні. Даводзілася чуць, нібыта А. Макаенак не быў патрыетам роднай мовы. Мне давялося шмат гаварыць з ім на гэты конт, таму магу засведчыць, што такое абвінавачванне не мае падстаў. Калі майго сведчання мала, паклічу на дапамогу чалавека старонняга.



Вядомая руская даследчыца-тэатразнаўца I. Вішнеўская згадвае: "Калі Макаёнак гаворыць аб роднай мове, ён нібыта пераўтвараецца. Куды дзяваюцца гумарыстычныя слоўкі, іранічныя інтанацыі, жарсткаватая цвярозасць гаворкі, так уласцівыя Макаёнку звычайна. Успыхваюць агеньчыкі рамантыкі, адчуваецца пяшчотнасць вернага сына, узнікае мудрасць даследчыка, уражвае вопыт словашукальніка, словаўтваральніка".

Так, ён быў верным сынам сваёй Айчыны. Быў, вядома, і пяшчотным. Але часцей усе ж заставаўся гнеўным насмешлівым: ці ж да пяшчотнасцей, калі розныя Каліберавы, Моцкіны, Глуздаковы, Цесаковы, Ухватавы ды Гудзеевы чыняць у жыцці ўсялякія кепствы. 3 такімі — бой! У імя святой мэты: каб людзі — сапраўдныя людзі не журыліся.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка