Сцiплая абаяльнасць «азёрнага горада»




Дата канвертавання15.03.2016
Памер67.69 Kb.

Сцiплая абаяльнасць «азёрнага горада»


Алена ЛЯЎКОВIЧ
Ёсць у маёй краiне некалькi гарадкоў, пра якiя згадваю заўсёды, калi сталiчны тлум ужо, здаецца, выходзiць за межы розуму i душы, i адчуваеш пiльную неабходнасць ад яго ратавацца. Адзін з іх — Браслаў са сваiмi азёрамi, улетку падобнымi на блакiтныя вочы вельмi добрага волата, што ўрос у зямлю тварам да неба, а зiмой — на старыя замроеныя люстэркi, якiя ў шызай дымцы адлюстроўваюць не тое, што бачаць сёння, а тое, што бачылi стагоддзi назад... Пра яго, дарэчы, я i хачу вам сёння расказаць.

З Браславам мне давялося пазнаёмiцца не ў самую лепшую пару — пранiзлiвым туманным надвячоркам — iх прыносiць часам лютаўская адлiга ў мясцiны, дзе шмат вады. Я трапiла тады ў горад праездам — мэтай камандзiроўкi была вёска Вiдзы на ўскраiне раёна: тамтэйшая школа гадоў шэсць назад спраўляла пяцiсотгадовы юбiлей. Аўтобус туды iшоў толькi ранiцай, сядзець цэлы вечар у гатэлi ўяўлялася сумным, таму i пайшла блукаць па цёмных незнаёмых вулiцах, спадзеючыся набрысцi на нешта цiкавае. Насустрач не трапiлася нiводнай душы, толькi ўтульна свяцiлiся вокны ў драўляных дамах ды ў касцёле iшла iмша. Помнiцца, я сядзела тады, слухала набажэнства, якое вёў яшчэ не стары пробашч, нечым падобны на праваслаўнага бацюшку (ва ўсякiм разе, барада ў яго была гэткая самая), i думала пра тое, як добра было б жыць у гэтым гарадку, хадзiць вечарам у касцёл па бязлюдных вулiцах, падстаўляць твар вiльготнаму ветру, якi нясе з навакольных азёр водар хваёвай свежасцi... Знаёмства наша тады так i засталося няскончаным: назаўтра толькi i паспела, прыехаўшы з Вiдзаў, пераскочыць у апошнi аўтобус на Мiнск. Але ўжо тады я ведала, што абавязкова калi-небудзь вярнуся сюды, каб паглядзець, даведацца, напiсаць.

***

Невядома, як хутка спраўдзiлiся б гэтыя планы, калi б не запрашэнне турагенцтва «Альтус-Плюс» i маладзёжнага грамадскага аб’яднання «Гiсторыка», якiя па-ранейшаму ладзяць вандроўкi па Беларусi, далучаючы людзей да прыгажосцi i гiсторыi роднага краю. I тут нам з iмi па дарозе, бо «Шляхамi Зямлi Нязнаемай» мы разам з чытачамi прайшлi ўжо нямала, але ж няпройдзенага, нязведанага засталося яшчэ ой як шмат...



Сёння, значыць, Браслаў. Горад, чыя галоўная слава — аднайменныя азёры. Яны ж, як падалося, i галоўная яго бяда. Праўда, у адзiным толькi сэнсе: за азёрамi — славутым у краiне i за яе межамi месцам адпачынку, якое мае цяпер статус Нацыянальнага парку, нярэдка забываецца сам горад. Палавiць рыбу, паплаваць у чаўнах, адпачыць ва ўтульным катэджы адной з турбазаў — вось асноўная мэта прыезду людзей у гэтыя мясцiны. Што ж, не варта iх за тое асуджаць. Але дазвольце заўважыць, гэта тое самае, што пабыць у Гароднi на славутым базары i вярнуцца назад, не пахадзiўшы па Замкавай гары, не дакрануўшыся да сцен Каложы...

Браслаў — з тых беларускiх паселiшчаў, якiя перажылi самi сябе i цяпер толькi сняць сваё слаўнае мiнулае. У Браславе няма нi помнiкаў архiтэктуры, якiм было б больш за паўтара стагоддзя, нi нават руiн. I гэта пры тым, што горад старэйшы на два гады за Мiнск — першыя звесткi аб iм у «Хронiцы Быхаўца» датуюцца 1065 годам... Чаго-чаго, а лесу ў Паазер’i хапала заўсёды, ён i быў спрадвеку асноўным будаўнiчым матэрыялам. Драўляным быў i Браслаўскi замак, вядомы з пачатку ХV стагоддзя, i сцены горада, не кажучы ўжо пра пабудовы простых мяшчан....

I ўсё было б нiчога, але... «1661 год. Войскi маскоўскага цара Аляксея Мiхайлавiча цалкам знiшчылi Браслаў. Варшаўскi сейм вызвалiў жыхароў горада ад выплаты падаткаў на чатыры гады... 1794 год. Браслаў цалкам згарэў ад пажару, якi пачаўся падчас бою паўстанцаў Т. Касцюшкi з карным атрадам...» Усяго некалькi скупых радкоў гiсторыi, а ад горада, якому хутка тысяча гадоў, не засталося нiчога. Першая ж каменная пабудова ў Браславе з’явiлася ў 1824 годзе...

***


Даруйце, шаноўныя браслаўчане, памылiлася, напiсаўшы, што ад старога горада зусiм нiчога не засталося. Уяўляю, як вы здзiўлена i з дакорам усклiкнулi: «А як жа Замкавая гара!?» Згодна i спяшаюся выправiць памылку.

Замчышча ў Браславе — сапраўды ўнушальнае, i, прыгадаўшы ўсе, якiя давялося бачыць у Беларусi i за яе межамi, аддаю яму з чыстым сумленнем другое месца. (Першынство ўсё ж пакiну за Замкавай гарой у Рагачове — надта ж прыўкраснай яна здалася аднойчы пад кастрычнiцкiм сонцам у золаце i чырванi клёнаў, падперазаная Дняпром i Друццю, якiя акурат ля яе злучаюць свае плынi...) У 1876 годзе Напалеон Орда спыняўся ў Браславе i пакiнуў замалёўку гарадской панарамы: сярод роўнядзi азёр узвышаецца вялiзны пагорак, а ля яго падножжа цiснуцца дамы. Калi ўлiчыць, што Браслаў так i не стаў шматпавярховым, карцiна горада засталася прыкладна гэткая самая.

На пляскатай верхавiне гары (плошчай два гектары!) месцiўся калiсьцi ўвесь драўляны горад. Па краях былi абарончыя валы, таму гарадзiшча цяпер падобнае на неглыбокi кратэр даўно патухлага вулкана, у якiм з гадамi павырасталi магутныя дрэвы. Уяўляецца, як ноччу, у мройным святле поўнi, гара ажывае. Пачынаюць блукаць па ёй зданi мiнулага — князь Дзвiн i княгiня Друйка, iх дачка Дрыва, тры закаханыя ў яе браты — Ноў, Снуд i Брас. З гэтымi легендарнымi героямi звязана самае прыгожае па- данне пра паходжанне назвы горада, навакольных азёр i рэк, iх выразаныя з дрэва скульптуры ўпрыгожваюць цяпер замчышча. У па-даннi гаворыцца, што Дрыва, адзiная дачка мясцовага ўладара Дзвiна, паабяцала выйсцi замуж за самага смелага i дужага. Такiм быў Брас, i браты, баючыся з iм спаборнiчаць, забiлi яго, падпiльнаваўшы ў засадзе. Але ж павiнен быў застацца толькi адзiн, i яны пачалi бiцца памiж сабой. Сапраўды не на жыццё, а на смерць — абодва былi смяротна параненыя. Але ранкам высветлiлася, што Брас не загiнуў — вераломныя браты забiлi не яго, а слугу ў ягонай вопратцы. Тут бы iм з Дрывай i пажанiцца, але капрызную князёўну загрызла сумленне, i яна кiнулася са сцяны замка ў возера. Бацькi таксама не перажылi яе смерцi. А Брас застаўся княжыць i жыць у адзiноце. З таго часу горад завецца Браслаў, азёры вакол яго — Дрывяты, Навяты i Снуды, а з Дрывятаў нясе ў Заходнюю Дзвiну свае воды рэчка Друйка...

Невядома, цi былi ў рэальнай гiсторыi тыя героi, хутчэй за ўсё, гэта толькi прыгожая легенда. А вось унука Рагнеды, князя Брачыслава, гара памятае дакладна: гiсторыкi лiчаць, што iменна пры iм будаваўся першы замак. I апальную княгiню Алену Iванаўну, жонку вялiкага князя Аляксандра, якая па наказу бацькi, князя маскоўскага, так i не стала каталiчкай, чым нажыла сабе нямала ворагаў, помнiць браслаўскае замчышча таксама. Пасля смерцi мужа, у далёкiм 1506 годзе княгiню саслалi з Вiльнi ў Браслаў, тут яна i жыла ў самоце, а праз сем гадоў памерла, хутчэй за ўсё, не сваёй смерцю: ёсць меркаваннi, што Алену Iванаўну атруцiлi...

***

Дакладна не ведаю, цi быў у верша Пiмена Панчанкi «Сэрца i крыж» рэальны прататып. (Гэта, памятаеце:



Жыў доктар у нашай мясцiне.

Няма ўжо такiх дактароў:

Паставiць ён банькi цi п’яўкi —

i заўтра ты жыў i здароў.

Дарадчык, суддзя, павiтуха,

Мужыцкi сiвы кастапраў,

Ён ведаў душу кожнай хаты,

Сакрэты ўсiх кветак i траў...)

Але, пабыўшы ў Браславе на Замкавай гары, я амаль упэўнiлася: прататып у аднаго з лепшых вершаў Панчанкi быў! Звалi яго Станiслаў Нарбут, i жыў ён у горадзе ў канцы ХIХ — пачатку ХХ стагоддзя. Прадстаўнiк славутага роду Нарбутаў (бацька Тэадор — вядомы гiсторык i археолаг, брат Людвiк — адзiн з кiраўнiкоў паўстання Кастуся Калiноўскага), Станiслаў, маючы дыплом Баварскага каралеўскага унiверсiтэта, выбраў шлях звычайнага павятовага ўрача ў беларускай глыбiнцы. I прысвяцiў сваёй працы i мясцовым людзям усё жыццё. Яго стараннямi ў Браславе з’явiлася бальнiца. За сорак гадоў працы Нарбут заслужыў у насельнiкаў наваколля любоў i павагу. Яшчэ пры жыццi ўрача ў горадзе была вулiца, названая яго iмем. У вёсках Браслаўшчыны дагэтуль нярэдка замест слова «доктар» можна пачуць «нарбут» — iмя ўрача, якi памёр у 1926 годзе, стала з уласнага агульным. Пахавалi доктара Нарбута па яго запавету на Замкавай гары — ён i з нябыту хацеў бачыць увесь горад свайго жыцця. Удзячныя людзi паставiлi на яго магiле помнiк — маяк, якi на строме замчышча вiдаць адусюль. На помнiку — надпiс лацiнкай па-беларуску: «Лекару ўдзячная Браслаўшчына»... I як у вершы жалезны крыж на магiле безыменнага доктара прыцягваў на сябе маланкi, адводзячы бяду ад сялянскiх хат, так i маяк на магiле доктара Нарбута свецiць усiм, хто шукае шлях сярод цемры i бездарожжа...

Я не буду апiсваць, якi краявiд адкрываецца з Замкавай гары — словамi гэта не выкажаш, трэба бачыць на свае вочы. Прама пад нагамi — сам горад, над якiм лунае зараз водар бэзу, здаецца, нiбы ля дахаў — белыя, ружовыя, лiловыя духмяныя воблакi, што нейкiм цудам спусцiлiся долу. А перад вачыма — азёры. З аднаго боку — Дрывяты, вялiзнае (пятае па плошчы ў Беларусi), выцягнутае — тое самае, у якое калiсьцi кiнулася князёўна Дрыва. З другога — Навяты, меншае, круглейшае, з малымi i большымi астраўкамi. Прыгажосць — аж дух займае. Вось каб, здаецца, замест рук — ды крылы...

***

У Браславе, акрамя як на гарадзiшчы, мiнулае пасялiлася ў музеях. Прычым вельмi надзейна i грунтоўна: не многiя райцэнтры могуць пахвалiцца такой багатай экспазiцыяй. У музей традыцыйнай культуры, якi зусiм нядаўна быў створаны дбаннямi энтузiястаў у старым млыне, што стаяў паўразбураны, экспануюцца работы мясцовых народных майстроў, большасць з якiх — з вёскi Слабодка, што за дзесяць кiламетраў ад Браслава (я дала сабе слова як-небудзь абавязкова туды з’ездзiць). Каб вы бачылi, якiя скарбонкi пляце з саломы тамтэйшы жыхар Мiхаiл Чэркас! Адна хатка Бабы Ягi (сама гаспадыня на комiне сядзiць) чаго вартая. А яшчэ ў Слабодцы жыў нядаўна разьбяр па дрэву Пётр Зяляўскi. Упершыню ён узяў разец у рукi пасля выхаду на пенсiю. Захапiўшыся, выразаў нямала скульптур на рэлiгiйную тэму. Пра адну такую скульптуру вам раскажуць цiкавую гiсторыю. Жонка майстра сябравала з кабетай Данорай. Але потым жанчыны моцна з-за нечага пасварылiся, i жонка ў хуткiм часе памерла. Злыя языкi казалi, што без Даноры тут не абышлося. Але майстар, на здзiўленне вёскi, нiяк на плёткi не рэагаваў. Праз колькi часу ля мясцовага касцёла з’явiлася новая драўляная скульптура Зяляўскага: Дзева Марыя папiрае нагамi змея-спакуснiка. I мала хто ведаў, што на жываце той гадзiны было выразана: «Змяя ты, Данора»...



У гiсторыка-краязнаўчым музеi Браслава таксама нямала цiкавага. У iм вам раскажуць, як у канцы ХVI стагоддзя Жыгiмонт Аўгуст распарадзiўся перанесцi горад з-пад Замкавай гары у iншае, больш зручнае месца, але па невядомых прычынах гэтага не зрабiлi. Цi пра Мiхаiла Клеафаса Агiнскага, якi прадаў свой маёнтак у недалёкiх Дрысвятах, каб узброiць атрад касiнераў у паўстаннi Касцюшкi. Або пра няўдалыя спробы ў пачатку мiнулага стагоддзя зрабiць Браслаў чыгуначнай станцыяй — нават была пракладзена вузкакалейка, якую мясцовыя не вельмi паважлiва звалi «цюхцяй»...

Але мяне сярод экспанатаў музея (а экспазiцыя без перабольшання багатая, напрыклад, браслаўскi краязнаўчы — адзiны ў краiне, што мае поўны камплект старажытнаславянскiх жаночых упрыгажэнняў) уразiла адна невялiкая фiгурка. Гэта выява старажытнаегiпецкай багiнi, якую клалi ў пахаваннi старажытных жа егiпцян. Знайшлi яе на гарышчы старой браслаўскай хаты. Адкуль рэч даўняй афрыканскай цывiлiзацыi трапiла ў наша Паазер’е, у беларускую хату (дзецi ж, пэўна, i гулялi з ёй, як са звычайнай лялькай), застаецца толькi здагадвацца. Пэўна, па славутаму шляху «з варагаў у грэкi», якi праходзiў праз гэтыя мясцiны...



***

А ўсё для чаго, уласна кажучы, пiсалася? Збiраючыся на адпачынак у Нацыянальны парк «Браслаўскiя азёры», не забудзьцеся наведаць горад, якi даў гэтым азёрам iмя. Ён, як i ўсе нашы гарадкi i мястэчкi, нашай увагi i павагi чакае i варты iх.



Браслаў — Мiнск.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка