Сцэнар выпускнога ранішніка Дзейныя асобы




Дата канвертавання29.05.2016
Памер130.49 Kb.
Як дзеці Васю Лайдачкіна ад Нуля выратавалі

Сцэнар выпускнога ранішніка
Дзейныя асобы:

1-ы вядоўца.

2-і вядоўца.

Вася Лайдачкін.



Нуль.
(На сцэну выходзяць вядоўцая.)
1-ы вядоўца. Добры дзень, дзеці!

2-і вядоўца. Са святам вас!

1-ы вядоўца. Сёння вы сканчваеце пачатковую школу.

2-і вядоўца. Такая падзея – самае сапраўднае свята.

1-ы вядоўца. I гэтае свята назаўжды застанецца ў вашай памяці.

2-і вядоўца. Значных падзей у вашым жыцці будзе шмат: заканчэнне сярэдняй школы, паступленне ў нейкую іншую навучальную ўстанову, а потым і яе заканчэнне...

1-ы вядоўца. Першы ваш працоўны дзень, першы самастойны заробак...

2-і вядоўца. Усе гэтыя падзеі – нібыта прыступкі лесвіцы вашага жыцця. I вы будзеце ўздымацца па гэтых прыступках усё вышэй і вышэй, да сваей самай запаветнай мары – а яна ў кожнага свая.

1-ы вядоўца. I вось сёння, дзеці, вы паспяхова адолелі самую першую з гэтых прыступак!

2-і вядоўца. А таму дазвольце нам зараз...

(На сцэну выбягае Вася Лайдачкін.)

Вася Лайдачкін. Не дазволю!

1-ы вядоўца. Хто гэта?

2-і вядоўца. Не ведаю! (Глядзіць у паперкі.) У нашым сцэнары яго няма!

Вася. А навошта мне гэты ваш... сацэнар! У мяне, можа, свой сацэнар ёсць, яшчэ лепшы за ваш!

1-ы вядоўца (зацікаўлена). У цябе ёсць сцэнар?

Вася. У мяне ўсё ёсць! I гэты ваш... таксама!

1-ы вядоўца. А паглядзець яго можна?

Вася. Ды тут... Справа такая, што... Карацей, ён сапсаваўся!

2-і вядоўца (здзіўлена). Сцэнар сапсаваўся? Як?

Вася. Як, як! Зламаўся, адным словам!

2-і вядоўца. Ты хоць ведаеш, што такое сцэнар?

Вася. А што тут ведаць! Гэта такое... такая... з калёсамі, адным словам... Ездзяць на ім, вось!

1 -ы вядоўца. На сцэнары?! (Дадзяцей.) Цяпер я зразумеў, хто да нас у госці завітаў! (Да Васі.) Ты, калі я не памыляюся, Вася Лайдачкін?

Вася. Так, гэта я! А як вы, цікава, здагадаліся?

2-і вядоўца. Ну, гэта было зусім няцяжка! Толькі вось не ведаю, што ты рабіць будзеш на нашым ранішніку.

Вася. Як гэта, што? Я вам перашкаджаць буду!

2-і вядоўца. Перашкаджаць?

1 -ы вядоўца. Ты, напэўна, хацеў сказаць – дапамагаць?

Вася. Я што хацеў – тое і сказаў! Бо калі я каму дапамагаць бяруся, дык праз хвіліну мне ўжо крычаць: “Не перашкаджай!”.

2-і вядоўца. I што з гэтага?

Вася. А тое! Калі я вам наўмысна перашкаджаць стану, то, глядзіш, можа, чым і дапамагу!

1-ы вядоўца. Лагічна.

Вася. Вось і я так думаю! А што вы зараз дзецям сказаць хацелі?

2-і вядоўца. Мы хацелі ім даць якія-небудзь карысныя парады на будучае.

Вася. Вельмі добра! Я больш за ўсё на свеце люблю даваць парады!

1-ы вядоўца. Карысныя?

Вася. Ну, вядома ж, карысныя! Навошта я буду даваць дзецям бескарысныя парады?

1 -ы вядоўца. Што ж гэта за парады?

Вася. Першая мая парада называецца “Як выправіць дрэнныя адзнакі”.

2-і вядоўца. Цудоўная парада! Ну і як жа гэта зрабіць?

Вася. Ёсць шмат спосабаў, але мой — самы эфектыўны! Слухайце!

1-ы вядоўца (дзецям). Паслухаем Васеву параду.

Вася.

Калі ты нулі хапаеш

Альбо, скажам так, адзінкі,

А бацькам тваім патрэбна,

Каб не гэтыя адзнакі,

А дзевяткі і дзесяткі

Запаўнялі дзённік твой —

Не сядзі ты вечар цэлы

Над падручнікам і сшыткам,

Бо ўсё роўна немагчыма

Столькі вывучыць за раз!

Лепш, узяўшы свой сцізорык,

Выведзі адзнакі лоўка

Альбо можна проста гумкай

Легка выцерці нулі.

А на іх законным месцы

Панастаў адных дзевятак,

Можна трохі і васьмёрак,

Каб паверылі хутчэй.

I бяжы тады да бацькі,

Пакажы яму дзевяткі,

Патрабуй, каб за дзевяткі

На цукеркі грошы даў!

Але лепш бяжы да маці,

Бо, калі падман не пройдзе,

Маці ўсё ж не так рашуча

Будзе за яго караць.

I яшчэ – удакладненне:

У крытычным тым выпадку

На мяне не спасылацца!

Я нічога не казаў!

2-і вядоўца. Вось гэта парада, дык парада!

Вася. А я што казаў! Вельмі карысная, праўда?

2-і вядоўца. Я б так не сказаў!

1-ы вядоўца. А я б сказаў, што гэта вельмі шкодная парада! I дзецям ні ў якім разе не трэба да яе прыслухоўвацца, а тым больш так дзейнічаць!

2-і вядоўца. Мне таксама здаецца, што выпраўляць кепскія адзнакі трэба ўсё ж седзячы “вечар цэлы над падручнікам і сшыткам”.

Вася. А мне мой спосаб усё роўна больш падабаецца! Вось паслухайце яшчэ адну параду – "Што трэба рабіць, калі ты спазніўся на урок".

Калі ты спазніўся ў школу

На хвілін пятнаццаць з гакам

I прычыну для спазнення

Ты прыдумаць не паспеў –

Не ідзі зусім у школу,

Лепш бяжы ў кінатэатр

Альбо ў парк атракцыёнаў...

Школа можа пачакаць!

1-ы вядоўца. Хопіць, хопіць! Не трэба нам тваіх парад!

Вася. Гэта яшчэ чаму?

2-і вядоўца. Ды таму, што ніякія яны не карысныя! Гэта, наадварот, вельмі шкодныя парады!

Вася. Але ж вы толькі дзве і пачулі! А ў мяне іх шмат! Вось, напрыклад, яшчэ адна:

Калі ты страляў па птушках

I разбіў чыюсьці шыбу...

1-ы вядоўца. Хопіць, не трэба далей!

Вася (пакрыўджана). Ну, не трэба, дык не трэба!

2-і вядоўца. Гэты Вася Лайдачкін нам увесь сцэнар пераблытаў! Я ўжо і не памятаю, што там у нас далей планавалася!

1-ы вядоўца (глядзіць у паперкі). Далей да нас Лемантар павінны быў завітаць, толькі яго няма чамусьці.

Вася. А гэта таму, што ён не ў той бок пайшоў.

1 -ы вядоўца. Не ў той бок пайшоў? Пачакай, пачакай, а ты адкуль гэта ведаеш?

Вася. Я яго на вуліцы сустрэў. Ён у мяне спытаў, як яму на ваш ранішнік трапіць, а я яму ў іншы бок накірунак паказаў.

2-і вядоўца. Як жа табе, Вася, не сорамна!

Вася. Ды я незнарок! Я проста правы і левы бакі пераблытаў!

1-ы вядоўца. Ну вось бачыш! Ты пераблытаў... а нам што цяпер рабіць?

Вася. Ды нічога страшнага! Я яго замяню!

2-і вядоўца. Ты? Ты хоць ведаеш, колькі літар у нашым алфавіце і як яны размешчаны?

Вася. А навошта мне гэта ведаць?

1-ы вядоўца. Ты хоць адно слова без памылкі напісаць можаш?

Вася. Падумаеш, памылка! Ды хіба ад таго, што я адну літару ў слове другой замяню, што-небудзь зменіцца?

1-ы вядоўца. Зменіцца, Вася, яшчэ як зменіцца! Часам нават замест аднаго слова зусім іншае атрымацца можа!

Вася (недаверліва). Гэта з-за літары нейкай? Ніколі не паверу!

1 -ы вядоўца. Ну, тады слухай уважліва! (Дадзяцей.) I вы, дзеці, слухайце. I не толькі слухайце, але і дапамагайце!

2-і вядоўца. Вы будзеце хорам новыя словы называць, якія ўтварыліся пры замене толькі адной літары.

1-ы вядоўца.

Два манцёры замянілі

На слупах абвіслы дрот.

“Д” на “К” яны змянілі

I ў зямлю зарыўся...

Дзеці (хорам). Крот!

2-і вядоўца. Малайцы, дзеці! Правільна адгадалі! А ця­пер далей слухайце:

На нагу ніяк не ўлезе,

Стаў маленькім чаравік.

"Ч" на "Б" змяні – і ў лесе

Знойдзеш ладны...

Дзеці. Баравік!

1-ы вядоўца. I зноў правільна адгадалі!

“Т” на “С” змянілі танкі.

Хай дзяцей катаюць...

Дзеці. Санкі!

2-і вядоўца. Вось бачыш, Вася, што можа быць ад замены ўсяго адной літары.

1-ы вядоўца. А яшчэ слова можа змяніцца, калі вучань не дапіша адной літары альбо лішнюю літару ў слове напіша.

Вася. Як гэта?

1-ы вядоўца. А вось так! Слухайце далей, дзеці!

“Г” знайшоў вусаты рак,

I ўзляцеў над рэчкай...

Дзеці. Грак!

2-і вядоўца.

Выйшлі козы на пракосы,

Бачаць – косіць луг каса.

“К” з травою з’елі козы –

Дзе ж каса? Ляціць...

Дзеці. Аса!

Вася. Ну, няхай... Я згодзны з тым, што словы трэба пісаць правільна!

2-і вядоўца. Значыць, мы недарэмна стараліся! (Да першага вядучага.) А што ў нас там далей па праграме?

1-ы вядоўца (зазірае ў паперкі). Далей у нас... Да нас Матэматыка прыйсці абяцала, ды вось няма і яе чамусьці.

2-і вядоўца. Прызнавайся, Вася, ці не твая гэта работа?

Вася. А я што?.. Я нічога! Не бачыўя яе, Матэматыку вашу! Ды я з ей, калі хочаце ведаць, наогул не сябрую! Я яе ніколі не ведаў, не ведаю і ведаць нават не жадаю!

1-ы вядоўца. Гэта праўда! (Уздыхае.) Таму яна, напэўна, і не пажадала завітаць да нас сёння. З-за цябе, Вася!

Вася. Ну вось, зноў з-за мяне! (На сцэнез'яўляецца не-знаёмец, з ног да галавы захутаны ў чорны плашч.) А гэта яшчэ хто?

1-ы вядоўца (глядзіць у паперкі). Не ведаю! У нашым сцэнарыі яго няма!

Вася. Але ж ён ёсць! Вось жа ён!

Незнаёмец. Так, так, гэта пра мяне! Бо і сапраўды — я ёсць і адначасова мяне няма.



1-ы вядоўца. Ёсць і адначасова няма? Нічога не разумею!

2-і вядоўца. Як гэта можа быць?

Незнаёмец. Можа!

1-ы вядоўца. Ды хто вы такі?

Незнаёмец. Адгадайце! А я вам свае прыкметы дам!

1-ы вядоўца. Думаеце, неадгадаем? (Дадзяцей.) Адга-даем, праўда? (Дзеці згаджаюцца.) Давайце свае прыкметы, таямнічы незнаёмец!

Незнаёмец.

Калі я адзнака – то кепская дужа!

Ты ў дзённік ці ў сшытак не кліч мяне, дружа!

Як лік я таксама нічога не значу,

Але, калі ў прыкладзе я ці ў задачы,

Магу у адзінае нават імгненне

Для ліку любога дабіцца знікнення!

Калі ж не жадаю, каб лік гэты згінуў,

Яго без змянення я ў сшытку пакіну.

Яшчэ я магу гэты лік узвялічыць,



У дзесяць разоў яго ўраз павялічыць!

1-ы вядоўца. Ну як, дзеці, здагадаліся, хто да нас завітаў?

Дзеці. Нуль!

Нуль (скідае плашч). Так, я – Нуль! I прыйшоў я сюды па загаду маёй гаспадыні – каралевы ўсіх дакладных навук, Яе Вялікасці Матэматыкі!

2-і вядоўца. Разумею! Вы прыйшлі да нас на свята замест яе! Ну што ж, мы вельмі рады!

Нуль. Пачакайце радавацца. Я не проста так прыйшоў на свята. Яе Вялікасць Матэматыка вельмі разгневалася на аднаго вучня і паслала мяне пакараць яго. Імя гэтага вучня – Васіль Лайдачкін! Ён тут ёсць?

Вася (паспешліва). Не, не! Яго тут няма!

Нуль. Не хлусі мне, хлопчык! Я дакладна ведаю, што ён павінен тут быць!

Вася. Павінен, ды няма! Бо ён... ён сюды не дайшоў!

Нуль. Не дайшоў? Чаму не дайшоў?

Вася. А таму, што... яму на галаву звалілася цагліна!

Нуль. Ну дык што? Для яго пустой галавы гэта ня страшна! Я не веру, што з-за гэтага ён не дайшоў!

Вася. Ён не дайшоў таму, што трапіў пад грузавік!

Нуль. Бедны грузавік, як яму не пашанцавала! Ну, а з Васілём што было далей?

Вася. Ён наступіў на хвост шалёнаму сабаку, а той яго ўкусіў. Таму зараз Вася Лайдачкін у бальніцы. Сядзіць там і брэша на ўсіх. Восьтак: “Гаў! Гаў!”.

1-ы вядоўца. Вельмі падобна!

Нуль. Чакай, чакай! А ты сам хто такі, хлопчык?

Вася. Хто я такі? Ды я ж Пеця Выдатнік!

Нуль. А скажы мне, Пеця Выдатнік, колькі будзе, калі да пяці дадаць нуль?

Вася. Пяцьдзесят будзе!

Нуль. Ну а калі пяць памножыць на нуль?

Вася. А тады, пэўна, і ўсе пяцьсот будзе!

Нуль. Малайчына, Вася!

Вася. Сам ведаю. (Схамінаецца.) Які я Вася? Я ж Пеця!

Нуль. А скажы мне, Пеця, што атрымаецца, калі пяць падзяліць на нуль?

Вася. Калі пяць падзяліць на нуль? (Задумваецца.) Тады будзе нуль цэлых і пяць дзесятых!

1-ы вядоўца. Які жах!

Нуль. Усё зразумела! Ты хацеў падмануць мяне, хлопчык! Ты ніякі не Пеця Выдатнік, ты – Вася Лайдачкін! I зараз я цябе... Я цябе зараз...

2-і вядоўца. Што вы збіраецеся з ім рабіць, паважаны Нуль?

Нуль (задумваецца). Калі я дадам сябе да яго альбо адыму – нічога не зменіцца. Таму я зраблю інакш – я памножу сябе на гэтага лайдака і зраблю з яго тое, чым ён і з’яўляецца на самай справе! Вася Лайдачкін стане круглым нулём!

2-і вядоўца. Які жах!

Вася (спалохана). Не трэба! Я не хачу ператварацца ў нуль! Ні ў круглы, ні ў квадратны, ні ў трохвугольны!

1-ы вядоўца. Вось бачыш, паважаны Нуль, ён ужо сёе-тое з матэматыкі ведае!

Нуль. Гэтага недастаткова! {Нейкі час маўчыць.) Так і быць, дам гэтаму лайдаку адзін шанец! Калі дзеці разгадаюць мае загадкі, я не буду ператвараць яго ў нуль! А яшчэ ён павінен паабяцаць мне, што будзе паважаць маю гаспадыню, Яе Вялікасць Матэматыку!

Вася. Абяцаю!

Нуль. Вельмі добра! Але паглядзім, як дзеці адгадаюць загадкі. (Задумваецца.) Пра што ж мне вам загадаць? Прыдумаў! Калі я ішоў сюды, то бачыў вакол шмат кветак. Таму і загадкі мае будуць не пра лічбы, а пра кветкі!

2-і вядоўца. Вельмі нечакана. Але мы пастараемся адгадаць гэтыя загадкі. Праўда, дзеці? (Дзеці згаджаюцца.) Ну, загадвайце загадкі, паважаны Нуль!

Нуль.

Адгадайце, дзеткі,

Што гэта за кветка.

Я такая чароўная,

Сярод кветак – галоўная!

Не адвесці вачэй!

Ну, адгадвай хутчэй,

Як завуць мяне, дружа.

А імя мае – ...

Дзеці. Ружа.

Нуль. Ты глядзі, адгадалі! Ну тады наступная загадка!

Ён спачатку быў зялёны,

Ну а потым стаў чырвоны.

Ганарысты, нібы пан.

Называецца...

Дзеці. Цюльпан!

Нуль. I тэту адгадалі! Што б вам яшчэ загадаць? Ага, вось гэтую!

Калі цюльпан –

Ганарысты пан,

То яна – княгіня!

Яркая...

Дзеці. Вяргіня!

Нуль.

А вось гэту!

Я заўжды вястун вясны!

Я расту і ля сасны,

I на ўзлеску, пералеску.

Ці пазналі вы?..



Дзеці. Пралеску!

Нуль. Зноў адгадалі! Загадаю вам апошнюю загадку!

Сярод поля, сярод жыта

Мы ўзышлі і падраслі.

Нібы кропелькі блакіту,

Не на небе, на зямлі.

Мы прыгожыя ў букеце,

Людзі з нас плятуць вянкі.

Як жа мы завёмся, дзеці?



Ну, вядома ж...

Дзеці. Васількі!
1-ы вядоўца. Ну вось, паважаны Нуль, дзеці адгадалі ўсе твае загадкі!

2-і вядоўца. I ўсё ж дзіўна, чаму гэтыя загадкі былі не матэматычныя, а пра кветкі?

Нуль. Не ведаю! Можа, гэта на мяне вясна дзейнічае? Хочацца зрабіць штосьці добрае... (Глядзіць на першага вядоўцы.) А хочаш, я цябе аж у дзесяць разоў павялічу?

1-ы вядоўца. Не, паважаны Нуль, не трэба! Куцы мне, такому вялікаму! Ні ў машыну не ўлезці, ні ў кватэру не ўвайсці.

Нуль (другому вядоўцу). А хочаш, я з цябе аднаго дзесяць такіх жа зраблю?

2-і вядоўца. Не трэба! Уяўляю – я і яшчэ дзевяць такіх жа “я”. Жах ды і толькі!

Нуль. Не хочаце – не трэба! Пайду я тады. Перадам Яе Вялікасці Матэматыцы, што Вася Лайдачкін выпраўляцца пачаў. (Да Васі.) Але калі ты мяне падманеш – я вярнуся! I тады ўжо ніхто табе не дапаможа! Зразумеў?

Вася. Ды зразумеў, што ж тут не зразумець! (Уздыхае.)

Нуль. Ну, глядзі! (Ідзе прэч.)

1-ы вядоўца. Ну што, Вася? Як сябе адчуваеш?

Вася. I не пытайцеся! Да гэтага часу дрыжыкі суняць не магу! Дзякуй дзецям, што дапамаглі! Інакш...

2-і вядоўца. Вучыцца будзеш?

Вася. Ну а куды ж дзенешся! I літары, і лічбы – усё прыйдзецца вывучыць як след!

1-ы вядоўца. Хацелася б верыць! (Дзецям.) Бачыце, у якое няпростае становішча трапіў Вася Лайдачкін.

2-і вядоўца. Бачыце, куды завялі яго шкодныя парады!

1-ы вядоўца. Таму слухайце заўсёды толькі сапраўды карысныя парады бацькоў, настаўнікаў, старэйшых брата ці сястры...

2-і вядоўца. Ды толькі не Васі Лайдачкіна!
Генадзь Аўласенка

Пачатковая школа 4- 2003



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка