Савецкая грамадска-палітычная сістэма ў бсср (апорны канспект) Грамадска-палi




Дата канвертавання27.03.2016
Памер105.32 Kb.
Савецкая грамадска-палітычная сістэма ў БССР
(апорны канспект)
Грамадска-палiтычнае і культурнае жыццё. Пасля перамогі над фашызмам ніякіх дэмакратычных змен у краіне не адбылося. У БССР, як і ва ўсім Савецкім Саюзе, захавалася таталітарная сістэма, вядучую ролю ў якой адыгрывала камуністычная партыя. У 1947 г. адбылiся выбары ў Вярхоўны Савет БССР, а ў 1948 г. ― у мясцовыя Саветы, але па-ранейшаму яны былi безальтэрнатыўнымi. У бюлетэнь уносілася толькі адно прозвішча загадзя праверанага, «патрэбнага» чалавека. Функцыя падбору і расстаноўкі кадраў ускладвалася на партыйныя камітэты. Асаблівая ўвага кіруючымі органамі надавалася Заходняй Беларусі, дзе фарсіраванымі тэмпамі праводзіліся мерапрыемствы з мэтай уніфікацыі грамадска-палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця на гэтых землях з астатняй тэрыторыяй БССР. Гэты працэс атрымаў назву саветызацыі.

У дзяржаўным апараце адносіны да Беларусі былі неадназначныя з прычыны трохгадовага існавання на гэтых землях акупацыйнага рэжыму. На кіруючыя пасады ў БССР мясцовыя камуністы не прызначаліся, а ўсё насельніцтва апынулася пад падазрэннем.

Нягледзячы на перамогу ў вайне, масавыя рэпрэсіі не спыніліся, а, наадварот, распачаліся з новай сілай. У лік рэпрэсіраваных трапілі:

1) рэпатрыянты (ваеннапалонныя і насельніцтва, прымусова вывезенае на работу ў Германiю);

2) насельнiцтва, якое знаходзiлася на акупіраваных тэрыторыях;

3) людзі, якія супрацоўнічалі з немцамі;

4) дзеячы культуры, навукі, якiя праўдзiва адлюстроўвалi ваенныя падзеi ці ролю партыі і кіраўніцтва ў перамозе і пасляваеннай адбудове, а не пераходзілі на пазіцыі так званага «сацыялістычнага рэалізму».

У стомленым вайной грамадстве зноў усталявалася атмасфера страху і падазронасці. Падазрэнні ў здрадзе тычыліся нават партызан і падпольшчыкаў, як, напрыклад, удзельнікаў мінскага антыфашысцкага падполля. Фізічна і маральна былі зломлены рэпатрыянты, якія, зведаўшы цяжкасці фашысцкага палону і рабскай працы, на радзіме трапілі ў лік ворагаў і ў пераважнай большасці апынуліся ў засценках ГУЛАГа.

Пасляваенны перыяд быў вельмі цяжкім для савецкай культуры. Яна была падвергнута жорсткаму ідэалагічнаму ўціску, у аснову якога быў пакладзены прынцып партыйнасці ― строгае выкананне партыйных загадаў i ўсхваленне камунiстычнай iдэi. Галоўнымі тэмамі ў лiтаратуры, музыцы і мастацтве былі тэмы сталiнiаны, вайны, кіруючай ролі камунiстычнай партыі ў пераможнай вайне і адбудове грамадства. Тыя прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, якія раней арыштоўваліся па палітычных матывах, лічыліся неблаганадзейнымі і паўторна былі рэпрэсіраваны. Так, пасля вайны ўжо ўтрэці раз былі арыштаваны і высланы з Беларусі вядомы вучоны-гісторык М. Улашчык і пісьменнік У. Дубоўка.

З вялікімі цяжкасцямі сутыкнулася адукацыйная сістэма, матэрыяльная база якой была амаль цалкам знішчана за гады вайны: былі зруйнаваны будынкі школ, не было падручнікаў, паперы, не хапала настаўнікаў. Разам з тым ужо ў 1949 г. была ўведзена ўсеагульная абавязковая сямігадовая адукацыя, а ў 1950 г. колькасць пабудаваных школ перавысіла даваенную лічбу.

Такім чынам, пры пераходзе да мірнага жыцця БССР сутыкнулася з вялікімі цяжкасцямі. Яны былі абумоўлены панесенымі падчас вайны стратамі і ўзмацненнем таталітарнага рэжыму, якому былі падпарадкаваны эканоміка, культура, грамадска-палітычнае жыццё ў краіне. Аднаўленне гаспадаркі Беларусі адбывалася дзякуючы, у першую чаргу, працоўнаму подзвігу народа. Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, да 1950 г. эканамічныя паказчыкі ў СССР перавысілі даваенны ўзровень. Аднак праблемы заставаліся. Першачарговая адбудова цяжкай прамысловасці прывяла да заняпаду традыцыйных для Беларусі галін лёгкай прамысловасці ― тэкстыльнай, дрэваапрацоўчай, харчовай. Няпростым было становішча і ў сельскай гаспадарцы. На пачатку 1950-х г. адбылося рэзкае зніжэнне ўзроўню сельскагаспадарчай вытворчасці, што стала вынікам прымусовай калектывізацыі і палітыкі пераразмеркавання сродкаў з аграрнага сектара ў прамысловы.

Лібералізацыя ў БССР часоў «адлігі» (1953−1964). Пасля смерці Сталіна (05.03.1953 г.) у СССР пачалася адносная лібералізацыя. Ужо з верасня 1953 г., калі першым сакратаром ЦК КПСС быў абраны М.С. Хрушчоў, у друку пачалі з’яўляцца артыкулы аб шкоднасці культу асобы. Была праведзена рэарганізацыя цэнтральнага апарату ўлады, зменшылася колькасць чыноўнікаў, павялічылася роля мясцовых саветаў. У 1956 г. першым сакратаром ЦК КПБ быў абраны К.Т. Мазураў ― першы беларус, які заняў вышэйшую партыйную пасаду ў БССР.

Сапраўдная дэсталінізацыя краіны пачалася пасля ХХ з’езду КПСС (1956 г.), на якім былі падвергнуты крытыцы палітыка масавых рэпрэсій і культ асобы Сталіна. Па ініцыятыве М.С. Хрушчова быў ліквідаваны ГУЛАГ, шырокія маштабы набыла рэабілітацыя ахвяр сталінскіх рэпрэсій. З гэтай прычыны перыяд кіравання М.С. Хрушчова (1953 − 1964 г.) у гісторыі атрымаў назву «адліга».



Грамадскае і культурнае жыццё ў БССР. Улады БССР падтрымалі палітычны курс лібералізацыі грамадства. У 1956−1961 г. Вярхоўным судом БССР было разгледжана звыш за 30 тыс. справаў, па якіх было рэабілітавана каля 40 тыс. нявінна асуджаных жыхароў Беларусі. Яшчэ каля 20 тыс. чалавек былі рэабілітаваны трыбуналам Беларускай вайсковай акругі.

Павялічылася роля прафесійных саюзаў, у сферу дзейнасці якіх у гэты перыяд былі перададзены сацыяльнае забеспячэнне насельніцтва і санаторна-курортныя ўстановы.

Працэсы лібералізацыі грамадства знайшлі сваё адлюстраванне ў культуры. Аслабленне адміністрацыйнага дыктату, крытыка культу асобы, рэабілітацыя ахвяр рэпрэсій прывялі да шырокай дыскусіі аб ролі і месцы інтэлігенцыі ў грамадстве, аб праве на асабісты падыход пры асвятленні падзей рэчаіснасці.

Важная роля ў гэтым належала літаратуры. Галоўнай для пісьменнікаў Беларусі па-ранейшаму заставалася тэма вайны. Існаванне прынцыпу партыйнасці ставіла літаратараў у пэўныя рамкі, але менавіта ў гэты час з’явіліся першыя творы, у якіх быў не толькі быў паказаны гераізм савецкіх людзей у гады вайны, але і псіхалогія чалавека на вайне, яго ўнутраны свет і перажыванні. Першымі з беларускіх пісьменнікаў па-новаму пачалі пісаць пра вайну В.Быкаў, А.Адамовіч, Я.Брыль.



Яшчэ адным папулярным жанрам літаратуры быў беларускі раман, у тым ліку гістарычны. У гэтай галіне працавалі такія вядомыя беларускія пісьменнікі, як Я.Колас, І.Мележ, У.Караткевіч і інш.

Аслабленне таталітарызму станоўча паўплывала і на развіццё іншых напрамкаў беларускай культуры ― тэатральнага мастацтва, музыкі, выяўленчага мастацтва, спрыяла развіццю адукацыі. У 1958 г. была ўведзена абавязковая 8-гадовая адукацыя, ствараліся прафесійна-тэхнічныя вучылішчы, да 99 % павялічылася колькасць граматнага насельніцтва. Разам з тым уніфікацыя адукацыйнай сістэмы ў межах усяго Савецкага Саюза вяла да абмежавання нацыянальных асаблівасцяў і скарачэння сфераў ужывання беларускай мовы.



Развіццё БССР у 1965−1985 г. «Застой» і наспяванне крызісу. Пасля адстаўкі М.С. Хрушчова Генеральным сакратаром ЦК КПСС у 1964−1982 г. з’яўляўся Л.І. Брэжнеў. Перыяд яго кіравання атрымаў назву «эпохі застою» і характарызаваўся пераходам ад адноснай лібералізацыі грамадства да кансервацыі сфарміраваных за дзесяцігоддзі эканамічнай і грамадска-палітычнай мадэляў. У гэты час спынілася палітычная рэабілітацыя, адбылося зліццё дзяржаўнага апарату з партыйным, з’явілася так званая наменклатура ― партыйная эліта, у руках якой засяродзілася ўся паўната ўлады ў краіне. Фармальны характар набылі дэмакратычныя правы і свабоды, абвешчаныя ў Канстытуцыі СССР 1977 г. і Канстытуцыі БССР 1978 г.

Грамадска-палітычнае і культурнае жыццё ў краіне праходзіла пад дыктатам КПСС. Усё працоўнае насельніцтва было аб’яднана ў прафесійныя саюзы (школы камунізму), павялічылася колькасць членаў партыі. Асаблівая ўвага надавалася працы з моладдзю, якая са школьнага ўзросту праходзіла ідэалагічную школу. Дзеці паступова станавіліся акцябратамі, піянерамі і камсамольцамі.

Ужо ў канцы 1960-х г. стала відавочна, што праграма пабудовы камунізму, прынятая на ХХІІ з’ездзе КПСС, не можа быць выканана ў тэрмін. Л.І. Брэжнеў у 1967 г. абвясціў аб пабудове ў СССР развітога сацыялізму. У гэты перыяд у краіне набіралі моц працэсы, супрацьлеглыя адноснай лібералізацыі часоў «адлігі». У літаратуры і мастацтве ўзмацніўся прынцып партыйнасці. Насельніцтву ўнушалася вера ў бязгрэшнасць і беспамылковасць партыі і кіраўніцтва краіны. Тыя дзеячы культуры і навукі, якія не дагадзілі рэжыму, абвяшчаліся дысідэнтамі.

У 1971 г. на ХХІV з’ездзе КПСС Л.І. Брэжнеў заявіў аб узнікненні ў Савецкім Саюзе новай супольнасці людзей ­― «савецкі народ». Пад гэтым тэрмінам разумеліся грамадзяне СССР, людзі, якія прытрымліваліся камуністычнага светапогляду і фактычна адмаўляліся ад сваіх нацыянальных адметнасцяў. Мовай міжнацыянальных адносін па Канстытуцыі 1977 г. аб’яўлялася руская. Найбольшую актыўнасць у «стварэнні» савецкага народа праявіла кіраўніцтва Беларускай ССР.

У другой палове 1970-х г. была ўведзена ўсеагульная сярэдняя адукацыя, павялічылася колькасць сярэднеспецыяльных і вышэйшых навучальных установаў. Пры гэтым адукацыя, асабліва вышэйшая, была пераведзена ў асноўным на рускую мову.

Падагульняючы, неабходна падкрэсліць, што перыяд, названы «застоем», характарызаваўся шэрагам супярэчнасцяў у эканамічным, палітычным і культурным жыцці грамадства. Зліццё партыйнага апарату з дзяржаўным павялічыла колькасць бюракратыі і стварыла адарваную ад грамадства кіруючую партыйную эліту ― наменклатуру. Ажыццяўлялася партыйнае кiраўніцтва эканомiкай, калі пяцiгадовыя планы прымалiся на з’ездах КПСС, а выконваць іх павінны былі ўсе. На кожным заводзе iснавалi партыйныя групы, якiя сачылi за выкананнем лозунга «Планы партыі ― планы народа!».

Даволі высокі ўзровень развіцця навукі быў пастаўлены на службу ваенна-прамысловаму комплексу і асваенню Космасу. Асартымент тавараў народнага спажывання быў дастаткова вузкі і пераважна невысокай якасці. У сельскай гаспадарцы, нягледзячы на некаторае паляпшэнне дабрабыту вяскоўцаў, адміністрацыйная сістэма кіравання захавала калектыўную форму гаспадарання і не дапусціла прыватнага землекарыстання. Павялічвалася колькасць стратных калгасаў, абвастрыліся экалагічныя праблемы. Побач з гэтым узмацніліся цэнзура і ідэалагічны ціск. Гэта было сведчаннем таго, што камандна-адміністрацыйная сістэма ў СССР вычарпала ўсе магчымасці экстэнсіўнага развіцця і паступова вяла краіну ў бок глыбокага эканамічнага і палітычнага крызісу.

У лістападзе 1982 г. памёр Л.І. Брэжнеў. Спробы Генеральных сакратароў ЦК КПСС Ю.У. Андропава (1982–1984) i К.У. Чарненкі (1984–1985) утрымаць СССР у былых рамках кантролю КДБ i КПСС не далi станоўчых вынiкаў. Было відавочна, што касметычнае рэфармаванне камандна-адміністрацыйнай сістэмы не зможа палепшыць сітуацыю ў краіне, таму неабходны карэнныя рэформы.



Палітыка перабудовы і пачатак дэмакратызацыі грамадства (1985−1990). Крызiсныя з’явы, якія нарасталi ў эканомiцы ў сярэдзіне 1980-х г., сведчылi пра абвастрэнне крызiсу ўсёй сацыялiстычнай сiстэмы. Камандна-адміністрацыйная сістэма не адпавядала рэаліям эпохі. Відавочнай была неабходнасць мадэрнізацыі ўсіх бакоў грамадства: яго эканамічных асноваў, сацыяльнага жыцця, палітычнага ўладкавання, духоўнай сферы. Ва ўмовах існаваўшай палiтычнай сiстэмы iдэя пераўтварэнняў магла ўвасобiцца толькi па ініцыятыве кіруючай партыі. Разам з тым вывесцi краiну на шлях устойлiвага развiцця было немагчыма тымі метадамi, якія склалiся ў гады сталiнска-брэжнеўскага кiравання.

Курс на паскарэнне. На красавіцкім 1985 г. Пленуме ЦК КПСС Генеральным сакратаром ЦК КПСС М.С. Гарбачовым (1985–1991) была дадзена ацэнка эканамічнага становішча, якое склалася ў краіне, падкрэслены супярэчнасці. Стратэгічным курсам ва ўнутранай палітыцы краіны быў абвешчаны курс на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Але шляхі, формы, глыбіня працэсаў абнаўлення былі ўсвядомлены не адразу. Шмат што прыходзілася ўдакладняць, карэктаваць і пераглядваць ужо падчас ажыццяўлення новай палітыкі. Поўнай яснасці пра глыбіню крызісу не мела нават партыйнае кіраўніцтва. Вельмі хутка праявіліся негатыўныя наступствы разгорнутай па ўсёй краіне кампаніі па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам. Уведзеная талонная сістэма жорстка абмяжоўвала магчымасць набыцця алкагольных вырабаў у крамах, у выніку прывяла да недапаступлення грошай у дзяржаўны бюджэт, знішчэння вінаграднікаў, закрыцця лікёра-гарэлачных прадпрыемстваў, звальнення людзей, спекуляцыі гарэлкай, самагонаварэння і «цукровага буму». Усё гэта адбывалася на фоне зніжэння цэн на нафту, скарачэння імпарту і вытворчасці ўласнай прадукцыі і вялікага дэфіцыту тавараў першай неабходнасці. Стала відавочна, што прадэклараваны курс на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця без кардынальных зменаў асуджаны на правал.



Палітыка перабудовы. На студзеньскім 1987 г. Пленуме ЦК КПСС была абвешчана палітыка перабудовы ўсіх сфер жыцця ў Савецкім Саюзе, а чэрвеньскі 1987 г. Пленум ЦК КПСС зацвердзіў яе накірункі. Асноўным зместам перабудовы абвяшчалася ўмацаванне сацыялістычнага ладу праз дэмакратызацыю грамадскага жыцця («дэмакратычны сацыялізм») і радыкальную эканамічную рэформу.

Дэмакратызацыя ў СССР ажыццяўлялася праз тры важныя мерапрыемствы:

1) увядзенне палітыкі галоснасці, пад якой разумелася права чалавека публічна выказваць свае погляды і меркаванні, свабода слова, плюралізм думак і поглядаў, адкрытасць і даступнасць для насельніцтва інфармацыі аб тым, што адбываецца ў дзяржаве і грамадстве. У СССР аднавілася рэабілітацыя ахвяр сталінскіх рэпрэсій, адбыўся сапраўдны выбух грамадскага інтарэсу да падзей мінулага, асабліва да так званых «белых плямаў» гісторыі;

2) фарміраванне ў краіне шматпартыйнасці праз рэалізацыю правоў грамадзян на аб’яднанне і ўтварэнне розных саюзаў, рухаў, палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў. Яшчэ у пачатку 20-х гадоў ХХ ст. у СССР былi забаронены ўсе партыi, акрамя партыі бальшавікоў. Гэтую сітуацыю змяніў прыняты ў 1990 г. закон «Аб грамадскiх аб’яднаннях», і манаполія на ўладу КПСС была ліквідавана;

3) правядзенне альтэрнатыўных выбараў, якія ўпершыню адбыліся ў 1989 г. падчас выбараў Вярхоўнага Савета СССР.

Больш складанае становішча было ў эканамічнай сферы. Усведамляючы неабходнасць выхаду з крызісу і пры гэтым не жадаючы кардынальна мяняць падыходы да спосабу арганізацыі кіравання эканомікай, улады хацелі знайсці трэці шлях паміж камандна-адміністрацыйнай сістэмай і рыначнай эканомікай. Выхад бачыўся ў структурнай перабудове эканомікі на прынцыпах гаспадарчага разліку і самафінансавання.



Беларусь у часы перабудовы. БССР у гэты перыяд лiчылася адной з самых кансерватыўных рэспублiк Савецкага Саюза. У той час як Масква выступала за рэфармаванне камуністычнай сістэмы, урад Беларусі рабіў усё, каб захаваць яе ў некранутым выглядзе. Пісьменнік Алесь Адамовіч назваў Беларусь Вандэяй перабудовы (Вандэя ― гістарычная вобласць Францыі, урад і насельніцтва якой выступілі супраць ідэалаў Вялікай французскай буржуазнай рэвалюцыі (1789–1799). З тых часоў у пераносным значэнні тэрмін «вандэя» ўжываецца як сімвал контррэвалюцыі, ім характарызуецца прыхiльнасць да ўсяго аджыўшага, супрацьдзеянне ўсяму новаму).

Тым не менш спыніць працэс дэмакратызацыі было немагчыма. Вялікую папулярнасць у грамадстве пачала набываць першая ў краіне апазіцыйная антыкамуністычная арганізацыя Беларускі народны фронт «Адраджэньне» (БНФ), устаноўчы сход якой адбыўся ў кастрычніку 1988 г. і якая падтрымлівала палітыку дэмакратызацыі і эканамічных рэформ. У БССР пачалося станаўленне шматпартыйнай сістэмы. Пасля прыняцця закона «Аб грамадскiх аб’яднаннях» у краіне ўтварыліся палітычныя партыі: Беларуская сялянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, Нацыянальна-дэмакратычная партыя Беларусi, Хрысцiянска-дэмакратычная партыя Беларусi i iнш. Нягледзячы на тое, што колькасць членаў гэтых партый была невялікай, сам факт іх дзеяння на палітычнай арэне Беларусі меў вялікае значэнне і сведчыў пра працэсы дэмакратызацыі краіны.



У грамадстве рэзка павялічыўся інтарэс да гістарычнага мінулага сваёй Бацькаўшчыны, людзі абудзіліся ад скаванасці і абыякавасці. У 1990 г. у рэспубліцы адбыліся першыя альтэрнатыўныя выбары ў Вярхоўны Савет БССР i мясцовыя саветы. У адрозненне ад панаваўшай доўгі час манаполіі на ўладу КПБ, 37 месцаў у парламенце атрымалі і прадстаўнікі БНФ, якія склалі парламенцкую апазіцыю. Увогуле прыхільнікаў дэмакратыі ў парламенце было каля 100 чалавек з агульнай колькасці дэпутатаў 345. Яны ўтварылі так званы Дэмакратычны дэпутацкі клуб.


По матэрыялам: Кітурка, І.Ф. Гісторыя Беларусі: дапам. / І.Ф. Кітурка.­ ― Гродна : ГрДУ, 2006.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка