Сава. Апавяданне




Дата канвертавання10.05.2016
Памер85.35 Kb.

САВА. Апавяданне


 

Саву ў Койданаве не любілі. Ні тады, калі ён яшчэ стрыжаным пад нуль хлапчанём латашыў суседскія сады і гароды, ні тады, як скончыў дзесяцігодку і трос на танцах віхрастым чубам. Яго недалюблівалі яшчэ і з-за бацькі - міліцыянта, чалавека звераватага, які нікому нічога не дараваў: ні накапанага на чужым полі кошыка маладой бульбы, ні падшыпніка, вынесенага з рамонтнай базы дзецям на самакат. Бацька лупіў Саву міліцыянцкай партупеяю, але жорсткае выхаванне толькі азліла ды загартавала лядашчага хлопца. Саву абыходзілі аднагодкі яшчэ і з-за маці - крыклівай пляткаркі, якая магла без дай патрэбы ўчыніць такі гвалт і прылюдны здзек у чарзе па цукар, што сёй-той згодны быў каўтаць вар голы, абы толькі не чуць брудных слоў і праклёнаў, што выляталі з шырокага, аздобленага металам рота міліцыянціхі.

Саву ніхто не шкадаваў, калі ягоныя бацькі загінулі ў адначассе. На чыгуначным пераездзе яны, абмінуўшы караткаваты шлагбаўм, на ўсёй хуткасці загналі жоўты службовы матацыкл пад колы лакаматыва. Хавалі іх у закрытых трунах, бо рэшткі людзей так перамяшаліся з анучамі ды жалеззем, што не раздзярэш, каб і хацеў. Парабілі глыбокія труны, паскладалі так-сяк тое, што яшчэ ўчора звалася прынцыповым міліцыянтам і нястрыманай жанчынаю, і занеслі на могілкі. Сава застаўся на свеце адно з бабай Анцяй, якая з-за хворай нагі нават на магілу сына і нявесткі не пайшла глядзець.

Тым летам Сава якраз і скончыў школу. Ён бадзяўся па Койданаве цэлымі днямі - забіваў час, што заставаўся да восені, калі яго павінны былі загрэбці ў салдаты. Аднагодкі дый старэйшыя пазбягалі гэтага не па гадах дужага, шырокага ў плячах хлопца з белым чубам над заўсёды злосным гарбаносым тварам. Адно брыво Сава ўздымаў падчас гаворкі вышэй за другое, і з-пад яго, высока ўзнятага, пераламанага, глядзела на свет жоўтае, што ў рысі, вока. Адзінае, што змянілася ў Саве пасля гібелі бацькоў, гэта губа пад носам - вусы запусціў.

Прахалодны ранак. Сава сядзіць на дзёрне жыдоўскіх могілак і пачэсвае пазногцем рудаватыя рэдкія вусы. Насупраць яго на паваленым і ўрослым у зямлю помніку габлюе калоду зашмальцаваных карт дробненькі ды кірпаты Ціма, які таксама чакае позву ў войска і не можа прыдумаць лепшага занятку, як з самай раніцы гуляць «у дурня» з Савам. Карты хлёстка пляскаюць па адпаліраваным целе заваленага помніка з квадратнымі тлустымі літарамі і шасціканцовай зоркаю. Зноў пагоны! Сава акуратна выкладае на камень дзве чорныя сямёркі. Чакае цябе войска! Ён устае з дзёрну і ўскідвае рукі, як салдат, здаючыся ў палон. Знайдзі ў мяне нож! Ціма разы са тры абшуквае Саву, абляпвае, абмацвае ўсяго, але нажа так і не знаходзіць. Бо той прышыў сабе да кашулі, за каўняром, між лапатак, патаемную скураную кішэню, у якой і трымае бацькаў паляўнічы нож. Ціма здзіўляецца. Нашто было столькі шыць? А ты, Цімка, зірні на свае чобаты, брыдка глядзець, дзеўкі насы адварочваюць, як цябе ўбачаць. А ты лепшы? На тваіх спартыўных падштаніках калені, што торбы, вісяць... Не трапячыся, будуць у мяне нагавіцы і чаравікі скураныя. Ты што, Саўка, рабаваць пачнеш? Можа, і нож схаваў, каб... Дагаварыць Ціма не паспявае. Дужыя рукі сціскаюць каўнер на шыі: ні ўдыхнуць, ні выдыхнуць. Дробны тварык рудзее, моршчыцца, як антонаўка ў печы, вочкі вылупліваюцца, а з носа вылятае зялёны смаркач. Падла здохлая, зараз ты ў мяне пасмяешся. Сава выпускае каўнер, замахваецца, каб урэзаць па сцятым тварыку, але спыняецца і апускае кулак. Заўтра паедзеш са мной у Маскву! Ехаць у Маскву Ціма хоча, ні разу не быў, цікава глянуць. Толькі што за вандроўка з Савам, у якога між лапатак вісіць нож?! Пярэчыць Ціма не адважваецца ні на могілках каля паваленых помнікаў, ні на другі дзень, калі Сава на золку грукае ў шыбу, нібыта хлопцы збіраюцца на рыбу, а не ў Маскву.

Да Менска Сава з Цімам даедуць на дызелі, без квіткоў і без прыгод. Усю дарогу прагуляюць у карты з рабочымі. Ціму будуць ісці казыры, і ён выйграе колькі рублёў і страшэнна ўзрадуецца. Пакамечаныя паперкі ён аддасць мардатаму шафёру, які на новенькім, без нумароў «ЗІЛе» давязе хлопцаў да Барысава, так і не вымавіўшы ніводнага слова надзьмутымі сіняватымі губамі. Сава таксама нічога не скажа: маўляў, твае грошы - рабі што хочаш. А вось калі касавокі скуласты шафёр белага легкавіка «Ніва», што за пяць гадзін дамчыць хлопцаў з Барысава ажно да Тулы, запатрабуе разлічыцца і Ціма пакорліва палезе ў кішэню, тады Сава папярэдзіць, што хай толькі касавокі скажа яшчэ хоць слова - яму адразу адрэжуць скуластую башку. Уладар «Нівы» змаўчыць, лясне дзверцамі і так ірване легкавік з месца, што хлопцам падумаецца, што, пэўна, шафёр удзельнічае ў аўтаралі. Сава з Цімам пойдуць пешкі. Неба зацягнецца хмурнасцю. Сцямнее. Зацярушыць дробны, відаць, надоўга, дождж. Машыны не будуць спыняцца, шархацецьмуць далей, пакідаючы хлопцам смуродлівыя аблокі пырскаў. Сава з Цімам пратупаюць кіламетраў з дзесяць, праклінаючы кожную машыну, што пакажа ім крывавыя агеньчыкі стоп-сігналаў. Нарэшце шафёр вялікай фуры пашкадуе вымаклых небаракаў, ён скажа, што едзе з Менска і баіцца заснуць, таму будзе гаварыць абы-што, каб не заплюшчыліся вочы. Ён высока ўздыме даўганосы профіль з высокім, як на дваіх, кадыком і пачне крыць матам маскалёў, казацьме, што ўсе яны алкаголікі і не ўмеюць працаваць, а Масква - самы сквапны горад з усіх, дзе ён быў. Вы б, хлопцы, да Краснай плошчы дайшлі, каб мяне не было. Яны ж тут і спыніцца баяцца. Хлопцы будуць пасмейвацца, зрэдку падтакваць кадыкатаму шафёру і незаўважна даедуць да маскоўскай кальцавой дарогі. Позна, застануся начаваць на стаянцы. Тут да метро два крокі. А грошай не трэба. Газіроўкі вып'еце за маё здароўе.

Хмары разыдуцца. Па бліскавічным асфальце, прытанцоўваючы, пад зорамі Сава з Цімам рушаць на Маскву.

У паўпустым абшарпаным вагоне метро Сава згледзіць першую ахвяру: смуглявую невысокую маладзіцу з цыліндрычным футаралам для чарцяжоў. Чарнявая маладзічка хутка заўважыць нядобрыя зіркі нацятага Савы і паспрабуе ўцячы. З метро яна выйдзе на асветлены праспект, а з яго рэзка заверне ў прахадны двор. Сава дагоніць маладзіцу ў чэзлым скверыку і важкім ударам у скроню прымусіць скурчыцца на растрэсканым асфальце. Футарал адкоціцца ў пясочніцу ды ляжа там, нібыта забытая дзецьмі цацка. Сава забярэ ў маладзіцы гадзіннік, шлюбны пярсцёнак і скураную сумачку. Футарал ён пакіне ў пяску, а сумачку растрыбушыць на сметніку за тры кварталы ад месца, дзе тварылася злачынства. Ціма, агаломшаны ўбачаным, будзе ісці за Савам, як прыблудны, ужо раз прагнаны сабака. Здарэнне так перапалохае Ціму, што ён, пераляканы, ажно перастане бачыць колеры, і свет паўстане для яго ў шарым абліччы.

Першую маскоўскую ноч хлопцы пераседзяць на гарышчы вялікай будыніны, па-над станцыяй метро «Смаленская». Разаслаўшы кардонныя скрынкі з-пад садавіны, Саўка засне. Ціма будзе ўслухоўвацца ў прапыленае чарноцце. А ці ж не ідуць міліцыянты іх арыштоўваць? Ён і пабудзіць Саву, як толькі пачуе ў двары радасны брэх кватэрных сабак, якіх павыводзяць на шпацыр. Абураючыся кучкамі сабачага гною, пакінутага чатырохлапымі сябрамі гараджан, Сава прывядзе Ціму на Беларускі вакзал, дзе ў неахайнай цырульні хлопцы пастрыгуцца. Каратканогаму цырульніку ў бруднаватым расшпіленым халаце Сава загадае пагаліць свае рэдкія вусы. У трэснутую чарупіну разам з густым мыльным шумам паляціць і тое, чым яшчэ ўчора Сава намерваўся ганарыцца. Пах таннага адэкалону хлопцы панясуць у прывакзальны гастраном, дзе набяруць абаранкаў і пакетаў малака. Паснедаюць яны ў альтанцы, што ў дваровым калодзежы, прапахлым да дурноцця гастраномным начыннем. Закурыўшы пасля перакускі, Сава плюне на дашчанае дно альтанкі і скажа, што варта пашукаць новае месца начлегу, бо гарышча пыльнае, а спаць на скрынях мулка ды холадна.

Паселяцца хлопцы ў інтэрнаце, дзе камендантам будзе працаваць далёкі сваяк Савы. Гэтаму вялікагаловаму кульгаваму сваяку Сава будзе доўга тлумачыць пра свае намеры паступіць у вайсковую вучэльню і пра тое, што іспыты пачнуцца праз тыдзень, таму ў вайсковы інтэрнат не пусцілі. Камендант пашкрабе пазногцем цемя, напэўна, не паверыць ніводнаму слоўцу, але пакульгае да кладоўкі дый разам з ключом ад пакоя выдасць коўдры, падушкі, бялізну і электрачайнік з пагнутай дзюбай. Пакой будзе такі вузкі, што ў ім ледзь уціснуцца два ложкі ды тумбачка. Займеўшы жытло, Сава пакіне Ціму засцілаць ложкі, а сам злётае ў гастраном па піва і гарэлку. Пакуль хлопцы каўтацьмуць саракаградусную вадкасць і запівацьмуць яе перастаялым півам, брыдкаваты камендант раскажа пра любоўныя прыгоды са студэнткамі.

Пару дзяўчат, якім не хапіла месца ў інтэрнаце, камендант пускаў жыць у вузкі, што школьны пенал, пакойчык і замест кватэрнай платы браў з іх каханнем. Што мне тыя паперкі з Леніным? Я з цялушак натураю патрабаваў. Не мучыў шмат. Але раз на тыдзень ногі раскінь! Камендант задаволена пакрэктваў ад слодычы ўспамінаў. А каб якая адмовілася? Не было!

Выпіўшы гарэлкі з півам, Сава ляжацьме пад расчыненым акном і разоў з дзесяць паўторыць, што ім вельмі падфарціла, бо пакой на першым паверсе, і калі хто прыходзіць і выходзіць - не відаць. Праспяць Сава і Ціма да самае ночы.

У цёмную Маскву хлопцы вылезуць праз акно. Сава запрапануе пачакаць каля вайсковае часткі якога п'янага афіцэра ці прапаршчыка. Частку ён запрыкмеціў яшчэ ўдзень, калі хадзіў па пітво. Не праседзяць хлопцы і дзесяці хвілін у прыдарожных хмызах, як убачаць тоўстага, нібыта напампаванага тлушчам, маленькага афіцэра ў ссунутай на патыліцу фуражцы з аколышам колеру запечанай крыві. Афіцэр выкаціцца з кантрольна-прапускнога пункта і, хістаючыся дый падскокваючы, пойдзе да тралейбуснага прыпынку. Важкі дыпламат будзе пагойдвацца на сагнутым у крук пальцы. Афіцэр будзе такі п'яны, што здасца, ён вось-вось заскавыча на ўсю вуліцу прыпеўку. Таўстун і заспяваў бы, але Сава лясне яму цаглінаю ў патыліцу, калі афіцэр зацурболіць у бэзавых хмызах. Сытае цела шорстка асунецца ў палыновыя ды крапіўныя стамбуры. Лежачы на зямлі, непрытомны вайсковец будзе ўсё адно спраўляць патрэбу. Спрытны Сава адкіне цагліну і павыцягвае з афіцэравых кішэняў дакументы і партманетку. А перапужанага Ціму ён прымусіць валачы дыпламат.

Ціма, лежачы на ложку і гледзячы ў шарую столь, пачне ўгаворваць Саву больш не рабаваць людзей. Ён папросіць адпусціць яго назад, у Койданава, дзе ў царкве ён замоліць як свае, так і Сававы грахі. Грэшнік адно пасмяецца з Цімкавага скавытання і паабяцае, калі ныццё не супыніцца, паабдзіраць вушы дый завязаць на вузел шланг, які целяпаецца паміж ног.

Ціма сціхне.

За выцягнутае з афіцэравых кішэняў і дыпламата хлопцы справяць новыя кашулі і нагавіцы. Сава раскашэліцца і на скураныя чаравікі, а вось Ціма застанецца ў стаптаных чобатах. Яму выберуць абутак пасля рабавання прасторнай, на шэсць пакояў, кватэры. Да справы Сава будзе рыхтавацца ажно тры дні, а не тры хвіліны, як да папярэдніх. Ён выбера дом у цэнтры Масквы, той самы, над станцыяй «Смаленская», дзе хлопцы перакімарылі першую ноч. Сава абыдзе ўсе пад'езды з размаляванымі ў анёлы і вінаград ліфтамі, паторгае дзверы, аблазіць сутарэнні ды гарышчы, паходзіць па даху і пазнаёміцца з прыбіральшчыкам, барадатым, яшчэ не старым мужчынам у акулярах з трэснутым шклом на правым воку.

Прыбіральшчык будзе жыць у паўпадвале, бо калі ён вярнуўся з псіхіятрычнай клінікі, дзе спрабаваў вылекавацца ад алкагалізму, дык жонка не пусціла ў кватэру. На працу ў канструктарскае бюро не аднавілі, давялося адукаванаму чалавеку ўзяць замест цыркуля венік. Жонка выйшла замуж за журналіста і з'ехала ў Камерун, а ў шыкоўнай кватэры засталіся толькі цешча з цесцем, якіх прыбіральшчык сустракае кожную раніцу, калі тыя клэпаюць па малако. Яны не вітаюцца.

Сумнае апавяданне Сава пачуе за пляшкаю віна ў паўпадвале, дзе раскажа пра сур'ёзныя намеры паступаць вучыцца на гістарычны факультэт. П'яненькі інтэлігент расчуліцца і прапануе пажыць у яго, а не шукаць кватэру за невядома якія грошы. Ты збіраешся знайсці ў гэтым доме кватэру? Прыбіральшчык заперхае пракураным смехам. Ён не здагадаецца, што Сава не збіраецца здымаць кватэру, а намерваецца яе абрабаваць.

Сава з Цімам дачакаюцца, стаіўшыся за сеткаю ліфтавай шахты, пакуль з кватэры сыдуць гаспадары: дзядок з казлінай бародкаю ды гарбаценькая старая ў бялюткіх летуценных гольфах. Зачыненыя на два замкі дзверы Сава вынесе абцасам з трэцяга ўдару. Залацістыя стрэмкі ўпрыгожаць шлях. На ўсё - тры хвіліны, - прасіпіць Сава і кінецца ў цемнаваты, прапахлы лекамі калідор. За тры хвіліны ён паспее натаптаць у вялізную валізу розных рознасцей, ад футра да завушніц. А Ціма так і прастаіць скамянелы каля знявечаных, ашчэраных стрэмкамі дзвярэй.

Валізу з нарабаваным Сава разбірацьме ў камендантавай кладоўцы. Той будзе скрэбці цемя, не хочучы заплаціць Саву запатрабаваныя грошы. Пярэчанні Ціма падслухае праз тонкія дыктавыя дзверы, калі будзе сядзець на інтэрнацкім падваконні. Сава выйдзе радасны. Хлопцы вернуць кульгаваму каменданту падушкі, коўдры, брудную бялізну і чайнік з крывым носікам.

З інтэрната Сава з Цімам папрастуюць на Беларускі вакзал. Хлопцы стаяцьмуць у чарзе па квіткі, калі Сава заўважыць, як вуграваты хлапчук лезе ў разяўлены партфель да ўзмакрэлага, стомленага вакзальнай каламесаю дзядзькі. Сава пакіне Ціму ў чарзе, а сам пойдзе за кішэнным злодзеем. Спрацуе міліцыянцкая генетыка. Ціма сціскацьме ў кулаку пругкія кардонкі жаданых квіткоў да Менска, калі слых зловіць далёкі лямант. Вантробамі ўчуўшы нядобрае, ён подбегам памкнецца на крыкі. Праціснецца праз гудлівы натоўп цікаўных разявак і пабачыць на рудой кафлянай падлозе ў вакзальнай прыбіральні Саву. Раскінутае цела ў новенькай, толькі з крамы, вопратцы будзе ляжаць у плыткай лужыне. Над кадыком будзе чарнець эбанітавая тронка нажа. Таго самага, які не змог знайсці на жыдоўскіх могілках Ціма.

Саву не любілі ў Койданаве, не было за што. Нават баба Анця не заплакала па сваім адзіным унуку, зарэзаным у Маскве.



Злы ён быў, твой Сава. Злы, як рысь. Прашамкае старая ў расчырванелы п'яны тварык Цімы. Той не адкажа, Ціма засне, паклаўшы галаву на бедны жалобны стол.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка