Сармацкае кадзіла




Дата канвертавання14.03.2016
Памер101.12 Kb.
ВЕРШ "САРМАЦКАЕ КАДЗІЛА" ПІМЕНА ПАНЧАНКІ. VI КЛАС
Мэты:стварыць умовы длы вывучэння твора П.Панчанкі”Сармацкае кадзіла”; данесці да вучняў галоўную думку, увасобленую ў творы: збядненне, спусташэнне прыроды, абыякавасць да яе - непазбежнае збядненне чалавека;

садзейнічаць выпрацоўцы навыкаў аналізу паэтычнага твора, пашыраць слоўнікавы запас вучняў і іх веды пра свет раслін і зёлак, працягваць работу над выразным чытаннем вершаў; данесці да вучняў ідэю адказнасці кожнага чалавека за захаванне прыроды;

садзейнічаць выхаванню беражлівых адносін да навакольнага свету.
Абсталяванне: Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь, карткі з індывідуальнымі заданнямі, сшыткі, ноутбук, відэазапіс ”Кветкі”, рамонкі з паперы, смайлы, выстава лекавых раслін, партрэт пісьменніка, партытура верша
Эпіграфы: У нас зямля - якую краску,

Якую былку ні сарві –

Кладзі да сэрца як лякарства

I - здаравей, брат, і жыві.

Ніл Гілевіч.
Ты, родны край, гармоніі нас вучыш,

Ты вучыш разумець людзей і свет.

Алег Лойка.
ХОД УРОКА

1.Арганізацыйны момант.

Паведамленне тэмы і мэтаў урока.
СЛАЙД №1

Мэты ўрока:


  • знаёмства з Чырвонай кнігай і яе значэннем для аховы прыроды;

  • свядомае засваенне зместу верша; спасціжэнне погляду аýтара на праблему аховы навакольнага асяроддзя;

  • удасканаленне навыку выразнага чытання і аналізу паэтычнага твора;

  • развіццё лагічнага мыслення, вуснай маналагічнай мовы;

  • выхаванне беражлівых адносін да прыроды;

Добры дзень! Сядайце, калі ласка!


Паважаныя вучні і госці шаноўныя,

Вас я вітаю на ўроку сваім.

Дазвольце назваць тое пытанне асноўнае,

Якое мы закранем за нашы 40 з нечым хвілін.

Мы вывучым з класам верша прыкметы,

Раскрыем яго партытуру, рыфмоўку,

Таксама адзначым багатыя тыя аспекты,

Што выяўляюць.Скажу я вам зноўку,

Асаблівую грань прыроды – яе экалагічную тэму,

заглянем у Чырвоную кнігу,

І ўвесь гэты комплекс-праблему

Вырашым на прыкладзе твора

П. Панчанкі – аўтара вельмі вядомага
Слайд 2: Тэма ўрока :П Панчанка” Сармацкае кадзіла”
2. Падрыхтоўка да ўспрымання. Уступнае слова (партрэт, знаёмства з пісьменнікам)

Нарадзіўся П.Панчанка ў горадзе Таліне, дзе часова пасялілася маладая сям’я з Бягомля, што шукала прытулку ў новым свеце.

Гэты час запомніўся пісьменніку нястачамі і праявамі чалавечнасці з боку рабочых з суднабудаўнічага завода, што прыйшлі наведаць беспрацоўнага таварыша-забастоўшчыка і сабралі яму грошы на пражыццё. Калі паэту споўнілася 4 гады сям’я зноў вярнулася ў Бягомль.

Скончыў 7-годку, потым закончыў Горацкую акадэмію, потым завочна пед інстытут, працаваў настаўнікам, быў ваенным карэспандэнтам. Пісаў пра прыроду, вайну, пра чалавечнасць.


Пімен Панчанка - паэт своеасаблівага светабачання, светаадлюстравання. Адной з любімых тэм яго творчасці была прырода - вечная і хвалюючая тэма мастацтва.Ён напісаў шмат цікавых твораў, у тым ліку і верш “Сармацкае кадзіла”. А што ж такое кадзіла, ды яшчэ сармацкае?… Гэта назва расліны.
3. Лексічная работа.

Слайд 3

У Чырвонай кнізе чытаем: "Кадзіла сармацкае - рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай вынішчэння. Меданосная, дэкаратыўная і лекавая расліна. Шырока выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне. Для захавання віду неабходна надзейная ахова месцаў, дзе яна расце".


Слайд 4

А што ж за назва такая?што за кадзіла і сарматы? Давайце звернемся для тлумачэння да слоўніка:


Кадзiла—металiчная пасудзiна на ланцужку, у якой падчас набажэнства курыцца ладан або iншыя духмяныя рэчывы.

Сарматы—старажытны народ Усходняй Еýропы.
Слайд 3

Паглядзіце, ці падобна на кадзіла? А расце ва усх. частцы Еўропы…

А хто ведае, што за кніга Чырвоная? Чырвоны колер - небяспека, пагроза
Слайд 5

Чырвоная кнiга—кнiга мiжнароднага саюза аховы прыроды i прыродных рэсурсаý. Яна змяшчае ý сабе кароткiя звесткi пра распаýсюджанне, колькасць i меры аховы
рэдкiх вiдаý жывёл i раслiн. Чырвоная кнiга Беларусi была заснавана i выдадзена ý 1981г.


Першае выданне(1981)—80 вiдаý жывёл i 85 вiдаý раслiн.

Другое выданне(1993)—182 вiды жывёл i 214 вiдаý раслiн.
Слайд 6 (малюнак)

А зараз мы папрацуем над вершам П .Панчанкі “Сармацкае кадзіла”.


4. Мастацкае чытанне твора.

Зараз я прачытаю вам гэты верш, а вы паспрабуйце здагадацца , якую праблему узнімае аўтар?


Настаўнік чытае верш, перадаючы заклапочанасць аўтара праблемай знікнення раслін, непапраўнасцю такога становішча.
5. Праверка чытацкага ўспрымання.

- Якія пачуцці, на вашу думку, перажывае герой верша?

На дошцы запісаны словы, якія называюць розныя адценні пачуццяў, што перажывае чалавек, выберыце тыя, якія, на вашу думку, характарызуюць стан літаратурнага героя верша.

(Словы для выкарыстання: расчараванне, усхваляванасць, крыўда, нянавісць, горыч, гнеў.)

Адказы вучняў: усхваляванасць, смутак, горыч... і іншыя.

- Гэта значыць, што герой неабыякавы да таго, што адбываецца з роднай прыродай.

- А што хвалюе вас? Успомніце, якія расліны сталі ў нас рэдкасцю.

- Якімі рысамі надзяляе аўтар расліны і пры дапамозе якіх сродкаў?



(Вучні знаходзяць эпітэты, метафары і іншыя выяўленчыя сродкі.)
Слайд 7

Эпітэт-мастацкае азначэнне, якое вобразна характарызуе з’яву, прадмет, чалавека

Метафара – перанясенне ўласцівасцей з адной з’явы на другую на аснове падабенства

Увасабленне – перанос прыкмет ці ўласцівасцей з жывых істот на нежывыя
Слайд 8

Увасабленні:

Адспявалi трубы залатыя,

Лета захлынулася ў расе.

Кветкi ў лесе ёсць,

Але не тыя:

Да Чырвонай кнiгi збеглi ўсе.
Эпітэты: метафары:

асiрацелая душа жылы лесу

светлыя росы зялёная радня

сцюдзёны водар

жалезны прагрэс
Слайд 9

Давайце назавем, якія яшчэ расліны узгадвае аўтар? Патлумачце паэтычныя назвы раслін, якія "збеглі" ў Чырвоную кнігу. Чаму яны так названы?


Венерын чаравічак Меч- трава Кураслеп лясны


Познацвет Званок лілеялісты Цыбуля мядзведжая


Назавіце сродак мастацкай выразнасці, калі нежывым істотам надаюцца рысы жывых.( увасабленне)
Адказы вучняў.

Называем прыметы падабенства:

Слайд 10,11,12, 13 ( кожная кветка разглядаецца асобна на слайдах)
А зараз крыху паслухайце некалькі цікавых звестак пра гэтыя расліны
Сармацкае кадзіла - мясцовыя траўнікі яшчэ называюць яго бальзамам. Навуковая назва кадзіла мелісалістовае ці кадзіла сармацкае. Кветкі ў кадзіла незвычайнай прыгажосці, беларужовыя. Расце трава ў ялова-грабавых і грабавых лясах. Любіць адзіноту. Высушаная трава напаўняе ўсё вакол мядовым водарам. Утрымлівае ў сабе жалеза, медзь, срэбра, барый. Эфірны алей надае траве загадкавы і незвычайны водар. Вылечвае хранічны гастрыт, зажыўляе раны. Ачышчае кроў. Суцішае боль. Расце дзе-нідзе на Палессі і ў Карпатах.

Сіні званочак - прыгажун нашых лясоў. Мае класічную форму, нібы адліты са звонкага металу. Рассечаныя на пяць пялёсткаў венчыкі звісаюць на тонкіх ножках, усярэдзіне яны напоўнены нектарам. Знешне вельмі прыгожы і безабаронны, падобны на званочак, таму і атрымаў такую назву.

Сон-трава - назва звязаная з паданнем, нібыта жывёлы і людзі, пакаштаваўшы корань расліны, упадалі ў глыбокі сон. I гэта невыпадкова. Хоць знешне кветка надзвычай прыгожая, адной з першых з'яўляецца вясной на лясных праталінах, лепш абыходзіцца з ёй асцярожна.

(Калі вучні не могуць патлумачыць усе назвы, звяртаемся з імі разам да Чырвонай кнігі.)



  • Кожная расліна – унікальнае стварэнне прыроды, кожную патрэбна беражліва ахоўваць, памятаючы пра тое, што гэта бясцэнны дарунак прыроды.

Праца з падручнікам.

- Выпішыце з верша ў алфавітным парадку назвы раслін, занесеных у Чырвоную кнігу.

- Каго аўтар абвінавачвае ў тым, што "збяднеў у нас зялёны свет"?

(Адказы вучні шукаюць у тэксце.)

- У вершы гучыць запозненае раскаянне чалавека за свае ўчынкі. Любое парушэнне ў прыродзе, здзейсненае чалавекам, прыводзіць да непапраўных страт. А вы заўсёды правільна адносіцеся да прыроды?

Успомніце, на якім дні тыдня Бог стварыў раслінны свет. Для чаго ён рабіў гэта, з якой мэтай?
А якія прычыны знікнення відаў раслін?

Слайд 14


  • Асушэнне зямель, iх сельскагаспадарчае асваенне;

  • Вытоптванне i бескантрольная нарыхтоýка раслiн;

  • Збор як дэкаратыýнай i лекавай сыравiны;

  • Гаспадарчая трансфармацыя зямель;

  • Высечка лесу;

  • Касьба, земляныя работы;

  • Зрыванне квiтучых раслiн;

  • Забруджванне вадаёмаý;

  • Выпас жывёлы;

  • Паяданне i вытоптванне дзiкiмi капытнымi жывёламi.

Дык якая галоўная думка верша?Захаванне прыроды…беражлівыя адносіны да яе



6. Фізкультхвілінка
Праца з эпіграфамі.

- Звярніце ўвагу на дошку. Прачытайце і растлумачце эпіграфы да ўрока.

- Ці падзяляеце вы думку Ніла Гілевіча адносна багацця расліннага свету на Беларусі?
- Якія часопісы пра жывую прыроду вы ведаеце, чытаеце?
Слайд 15

«Мы звыкла ýсiм гэтым (прыродным багаццем) карыстаемся. Часам нават забываем, што прырода — не толькi для нас…Што беручы ý яе ýсё, чым яна так шчодра з намi дзелiцца, трэба думаць пра будучыню i абавязкова трэба пакiдаць у ёй месца i той жа рэчцы, i таму ж буслу, i той жа травiнцы, i таму ж мурашу.Пакiдаць iм усё, што iм трэба.

Беручы ý прыроды, мы абавязаны ахоýваць яе багаццi i павялiчваць iх».



Янка Сiпакоý

Самаканструкцыя 1:

А зараз мы з вамі трапім у краіну кветак, раслін, паспрабуем убачыць тое, на што раней не звярталі ўвагі.Уявіце сабе самую любімую кветку. Запішыце яе назву ў сарцавіну рамонка, а пялёсткі запоўніце асацыяцыямі – адчуваннямі, якія ўзнікаюць, калі вы думаеце пра гэтую кветку



( музычны відэазапіс кветак)
Сацыялізацыя 1: зачытайце свае запісы. Назва кветкі- адчуванне радасці.
Самаканструкцыя 2:

А цяпер перавярніце рамонак і запішыце ў яго назву кветкі, якая вызывае сумныя ўспаміны, а пялёсткі запоўніце асацыяцыямі – адчуваннямі.


Сацыялізацыя 2: кветка самоты – адчуванні.

Вынік: Кветкі - прыгажосць жыцця
Ох, гэтыя кветкі! Як яны вабяць нас да сябе сваім цудоўным непаўторным пахам: то падміргнуць табе, то заплюшчаць свае блакітныя вочы на ноч, а на досвітку адкрыюць іх, весела смеючыся. Як лёгка, як прасторна на душы ад іх смеху, паху, прыгажосці! А дакрануцца да твару твайго - гэта ж пацалунак роднай маці. Хіба ж можна не любіць гэтае цуда прыроды! Яно радуе цябе, падымае настрой, робіць тваё жыццё прыгажэйшым.

Дарыце кветкі адзін аднаму - дарыце шчасце адзін другому! Няхай жыццё кожнага будзе падобнае на чароўную кветку!


- Задумайцеся над тым, як мала мы ведаем аб тых лекавых раслінах, назвы якіх падаў аўтар верша "Сармацкае кадзіла". Куды яны зніклі? Чаму "да Чырвонай кнігі збеглі ўсе"? Ці можна іх вярнуць назад? Што для гэтага трэба рабіць?
Што мы робім з прыродай? Што павінны рабіць?

«Дружна падразаем жылы лесу»; «Топчам траў і кветак карані»; «Душна ад жалезна-га прагрэсу» а павінны: аберагаць прыроду; ахоўваць і ашчаджаць; насаджаць дрэвы, прымнажаць яе багацці; любіць прыгажосць, падараваную нам Богам


Індывідуальныя заданні (на картках). 2 каманды

Картка№ 1.

1. Ад чыйго імя вядзецца апавяданне ў творы? Хто папракае нас за такі стан прыроды?

2. Растлумачце сэнс прыказкі "На зямлі госцем добра жыць, а гаспадаром яшчэ лепш".



Картка 2.

1. Растлумачце наступныя выразы з верша "Сармацкае кадзіла" Пімена Панчанкі: "Дружна падразаем жылы лесу"; "Кветкі... да Чырвонай кнігі збеглі ўсе"; "Траў і кветак топчам карані".

2. Ці можаце вы назваць сябе сябрам прыроды? Абгрунтуйце свой адказ.
7. Праца над партытурай верша.

Выразнае чытанне верша вучнямі.

- Звярніце асаблівую ўвагу на знакі прыпынку ў вершы Пімена Панчанкі і падумайце, з якой інтанацыяй неабходна прачытаць твор.

- Палічыце, колькі ў вершы пытальных сказаў? У якіх словах заключаны сэнс пытання?

- Выберыце адно з пытанняў, адрасаванае вам, і паспрабуйце даць на яго адказ.
Якія б словы вы напісалі на шчыце перад уваходам у лес? («Прырода — наш жывы дом. Беражыце яе», «Лес — наша багацце. Ахоўвайце яго!”, “Для нас

прыроды болей мілай, чым беларуская няма: яна ўсіх нас надзяліла душой такою, як сама” (Н. Гілевіч), “Людзі! Любіце і беражыце прыроду!”)


Слайд 16

8. Дамашняе заданне.

2. Навучыцца выразна чытаць твор.

3. Умець адказваць на пытанні (с. 303 - 304).
9. Падвядзенне вынікаў.

- Знайдзіце ў тэксце верша і правільна прачытайце назвы раслін, занесеных у Чырвоную кнігу.

- Чым уразіў вас верш Пімена Панчанкі? На што вы звярнулі асаблівую ўвагу?
10. Рэфлексія. (смайлікі)

- Што было вельмі простым на ўроку?



- Што было найбольш складаным на ўроку?

- Які від работы выклікаў цікавасць і задавальненне?


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка