Сапраўднае свята культуры, прыгажосці, мастацтва і любові да радзімы прайшло ў аддзеле культуры і вольнага часу аграгарадка Рымдзюны




Дата канвертавання02.05.2016
Памер34.57 Kb.
Сапраўднае свята культуры, прыгажосці, мастацтва і любові да радзімы прайшло ў аддзеле культуры і вольнага часу аграгарадка Рымдзюны.

Першага красавіка Рымдзюнскі дом культуры адзначыў 15-годдзе з дня свайго адкрыцця. Менавіта таму на працягу вечара тут гучалі віншаванні ад прадстаўнікоў раённай і мясцовай улады і пасольства Літоўскай Рэспублікі ў нашай краіне, а таксама музычныя падарункі ад артыстаў Беларусі і Літвы.

Святкаванне  15-гадовага юбілею пачалося ў Гервятах –  у касцёле Святой Тройцы ксёндз-пробашч  Леанід Нясцюк адслужыў імшу з нагоды знамянальнай даты. Прадоўжылася ўрачыстасць у  Рымдзюнскім доме культуры.

Адной са знамянальных падзей урачыстасці  стала адкрыццё выставы карцін  «Падарунак маме» літоўскай мастачкі Данутэ Пілібене. Карціны Данутэ ўпершыню выстаўляліся ў Беларусі, а Рымдзюны былі выбраны невыпадкова: непадалёк,  у Зарэччы,   і нарадзілася вядомая мастачка. І нягледзячы на тое што Данутэ ніколі не вывучала беларускую мову,  прэзентацыю сваёй выставы яна правяла на дзвюх мовах – літоўскай і беларускай.

– У творчасці  галоўнае – свабода, –  упэўнена мастачка.  –  Калі бярэш пэндзаль і пішаш, што адчуваеш, –  тады карціны гавораць за чалавека.

Самай дарагой і любімай карцінай Данутэ Пілібене з'яўляецца «Сад мамы»  – ад яе вее радасцю, святлом і любоўю,  падарыць якія можа толькі мама.

А зала між тым пакрысе напаўнялася гледачамі:  адзначыць 15-гадовы юбілей тут сабраліся не толькі мясцовыя жыхары, але і шматлікія госці. У фае тым часам можна было сустрэцца з вядомымі ў Беларусі і Літве  артыстамі – і многія скарысталіся магчымасцю зрабіць фотаздымкі з зоркамі.

–  15 гадоў назад жыхары Рымдзюн і бліжэйшых вёсак атрымалі падарунак ад дзвюх краін – гэты цудоўны культурны і асветніцкі комплекс. І  за 15 гадоў тут адбылося шмат знамянальных падзей, гэтыя сцены і сцэна бачылі нямала  вядомых артыстаў з Літвы і Беларусі. Астравецкі райвыканкам шмат увагі надае гэтаму аб'екту, прызначэнне якога выйшла далёка за яго першапачатковыя рамкі,  – сказаў у прывітальным слове намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Свіла. – Гэты год у нашай краіне праходзіць пад знакам Года культуры,  і мне хацелася б адзначыць, што ў жыхароў гервяцкага краю з'явілася дадатковая магчымасць для захавання сваіх традыцый і культуры. Словы ўдзячнасці хочацца  выказаць і  загадчыцы гэтага аддзела Наталлі Бялячыц, якая змагла яшчэ больш аб'яднаць жыхароў бліжэйшых вёсак дзеля захавання спадчыны і культурных традыцый.

На дзвюх мовах – літоўскай і беларускай –  павіншаваў жыхароў Рымдюн пасол Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Эвалдас Ігнатавічус. Ён зачытаў зварот Міністра замежных спраў Літвы Лінаса Лінкявічуса.

–  Мне прыемна стаяць на гэтай сцэне і віншаваць Літоўскі цэнтр культуры, адукацыі і інфармацыі  з 15-гадовым юбілеем, –  адзначыў Эвалдас Ігнатавічус. – Для чалавека гэта няшмат, а вось для цэнтра – гэта ўзрост сталасці, калі можна падвесці вынікі. І я ўпэўнены, што ён апраўдаў сваё прызначэнне. Гэта ўстанова стала месцам, якое аб'яднала два суседнія народы.

Па традыцыі, якая існуе ў цэнтры з моманту яго адкрыцця,  прадстаўнікі дзвюх краін запалілі свечкі  –  і іх агонь даў старт святочнай вечарыне, падчас якой гучалі віншаванні шматлікіх  гасцей з дзвюх краін.

У гэты вечар цэнтр атрымаў шмат падарункаў ад сваіх сяброў, а ўсе, хто сабраўся ў святочнай зале,  сталі ўдзельнікамі цудоўнага канцэрта:  на сцэну,  змяняючы адзін аднаго,  выходзілі беларускія і літоўскія   выканаўцы, паэты і празаікі – і прысвячалі лепшыя свае творы Рымдзюнам і жыхарам гервяцкага краю.

Танцавальны калектыў, у які аб'ядналіся дзяўчаты з Гервяцкай і Рымдзюнскіх з беларускай і літоўскай мовамі навучання школ, прадставіў танец «Птушкі», які сімвалізаваў сяброўства дзвюх краін,   «Жыльвіціс» і «Жыльвіцеліс»  спявалі самабытныя народныя песні на літоўскай і беларускай мовах і  дэманстравалі культурныя здабыткі; Алег Уласік пакарыў гледачоў душэўным выкананнем «Спадчыны»; маленькая прыгажуня Моніка Петрык ужо сёння разумее, што кожны народ абавязаны зберагчы сваю самабытнасць. Аляксандр Музыкантаў і Таццяна Борава, вядомыя астраўчанам па гервяцкіх канцэртах класічнай музыкі, Сігутэ Трымакайтэ і Геркус Кунчус, якія  выступалі на літоўскай мове – і тым не менш былі блізкія і зразумелыя мясцовым жыхарам, салістка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы Рэспублікі Беларусь Алена Сіняўская, якая  проста  зачаравала сваім голасам – усіх гледачы сустракалі бурнымі апладысментамі. А  колькі пазітыўных эмоцый атрымалі яны  ад дэманстрацыі невялікага ўрыўка са спектакля «Высокія берагі», вершы да якога напісаў Эвалдас Ігнатавічус, а рэжысёрам стала дырэктар Літоўскага  цэнтра культуры, адукацыі і інфармацыі Віргінія Тарнаўскайтэ! Урывак са спектаклю артысты паказалі на літоўскай і беларускай мовах – і гэта прыйшлося даспадобы ўсім  удзельнікам урачыстасці. Удзячнасць гледачоў  і шчырыя апладысменты заслужылі таксама  Марыда Дрангай, Таццяна Коршук, Наталля Тамела  і Дзмітрый Карась.

З кожным годам у Літоўскага цэнтра культуры, адукацыі і інфармацыі  з'яўляецца ўсё больш надзейных сяброў,  і юбілейная  сустрэча  ў чарговы раз прадэманстравала, што 15 гадоў назад адбылася значная падзея ў жыцці беларусаў і літоўцаў, якія мірна і па-суседску жывуць і будуць жыць у  гэтым прыгожым куточку астравецкай зямлі.



Алена  СВЕТЛАЯ, фота аўтара.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка