Сама гісторыя вучыла: Шануй, народзе, і цані




Дата канвертавання01.04.2016
Памер140.75 Kb.


У С Т У П

Сама гісторыя вучыла:

Шануй, народзе, і цані –

Усе, што поіць-жывіць шчыра

Тваей свабоды карані.
Шануй душу сваю, народзе,

І ўласнай памяці не траць,

Каб у нязведанай дарозе

Ахвярай хуткасці не стаць.

Н.Гілевіч

Славуты беларускі паэт Ніл Гілевіч лічыў, што выратаваць ад чэрствасці і бездухоўнасці нас можа толькі зварот да мінулага, да гісторыі, да сваіх каранёў і вытокаў.

Пазакласная дзейнасць вучняў дае настаўніку дадатковую магчымасць выхоўваць у іх сталую патрэбу чытаць, каб харашэць душой, развіваць свой густ, пашыраць агульны кругагляд, выпрацоўваць культуру працы з кнігай.

Пазакласная праца адрозніваецца ад урокаў у першую чаргу тым, што яна заснавана на прынцыпе добраахвотнасці. Вучань займаецца тым, што яго прываблівае, што падабаецца найбольш. Цікавасць з’яўляецца актыўным стымулам у пазакласнай дзейнасці школьнікаў. Яна выклікае эмацыянальны ўздым, энтузіязм – фактары, якія садзейнічаюць павышэнню эфектыўнасці навучання і выхавання.

У аснове пазакласных заняткаў ляжыць самадзейнасць вучняў. Таму тут ярчэй выяўляюцца асоба школьніка, яго інтарэсы, схільнасці, яго ўнутраны свет, маральныя і эстэтычныя ідэалы.

Пазакласныя заняткі аказваюць дабратворны ўплыў на вучэбны працэс, павышаюць цікавасць школьнікаў да прадмета, развіваюць іх творчыя здольнасці.

Педагог – даследчык П.Ф. Капцераў у сваёй працы “Педагагічны працэс” падкрэслівае, што педагагічны працэс – гэта ўсебаковае ўдасканаленне асобы, яе самаразвіццё. Дзеля таго, каб выхаваць творчую асобу, педагагічны працэс павінен вызначацца наступнымі прыкметамі (умовамі):


  1. дыялог – уменне слухаць і чуць адзін аднаго, паважаць чужое “я” незалежна ад поглядаў; форма зносін, пры якой педагог дапамагае дзіцяці фарміраваць свой вобраз думак, свой шлях вырашэння праблемы; прадастаўленне ўдзельніку педагагічнага працэсу магчымасці самавыражэння, самавыказвання і г.д;

2) інтэракцыя – мэтанакіраванае ўзаемадзеянне і ўзаемауплыў

удзельнікаў педагагічнага працэсу, у аснове якога ляжыць асабісты

вопыт кожнага; дзейнасць педагога пры інтэракцыі накіравана на

актывізацыю, інтэнсіфікацыю дзейнасці вучняў; змяненне і

паляпшэнне мадэляў паводзін і дзейнасці ўдзельнікаў педагагічнага

працэсу, калі чалавек здольны “прымаць ролю іншага”;

3) праблемнае навучанне – арганізацыя дзейнасці вучняў, заснаваная не

на аўтаматычным запамінанні фактаў і ідэй, а на самастойным

вырашэнні праблемы праз сістэму мысленчых аперацый;

4) палілог – увага і павага да думак усіх удзельнікаў педагагічнага

працэсу; права на асабісты пункт погляду; магчымасць існавання

любога меркавання; адмова ў педагагічным узаемадзеянні ад

абсалютных ісцін;

5) рэфлексія – самааналіз, самаацэнка ўдзельнікамі педагагічнага

працэсу сваёй дзейнасці, узаемадзеяння; неабходнасць вучняў і

настаўніка зафіксаваць змены ў сваім стане і вызначыць прычыны

гэтых змен; працэдура фіксацыі суб’ектам педагагічнага

ўзаемадзеяння свайго развіцця, самаразвіцця ў педагагічным працэсе.

6) сітуацыя поспеху – стварэнне класным кіраўніком умоў, якія

садзейнічаюць эмацыянальнаму задавальненню вучняў, іх радасці,

імкненню да самаразвіцця.

Частка І

Паходы і экскурсіі
Важным раздзелам пазакласнай работы ў школе з’яўляецца турызм. Неабходна пазнаеміць дзяцей з помнікамі старажытнасці, каб пашырыць іх уяўленні пра эпоху, літаратуру якой вывучаюць старшакласнікі, папоўніць іх “актыўны культурны фон” (Д.С.Ліхачоў). Падарожжы, экскурсіі нараджаюць цікавасць і любоў да культурнай спадчыны сівой даўніны, выхоўваюць пачуццё адказнасці за яе сенняшніх школьнікаў, нашчадкаў таго, што было створана іх продкамі, каб перадаць наступным пакаленням.

У час экскурсій (паходаў) школьнікі вучацца назіраць і слухаць, развіваюць уменне ўспрымаць багацце фарбаў і гукаў прыроды. Родны кут адкрываецца перад імі разнастайнасцю сваіх краявідаў, якія выклікаюць самыя розныя, часам палярныя пачуцці- захапленні і боль, радасць і горыч. Хараство і багацце роднай зямлі, паэзію яе даляглядаў юнаму падарожніку дапамагае спасцігнуць пісьменнік, які наведаў гэтыя мясціны і выявіў у сваіх творах уласныя адносіны да прыроды, культуры, людзей краю.

Разам з вучнямі ў школе былі арганізаваны экскурсіі: “Па шляху герояў паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”, “Літаратурны Полацк”, “Гераічны Брэст”, “Нясвіж – рэзідэнцыя князёў Радзівілаў”, “Сцежкамі пісьменніц Піншчыны (Я.Янішчыц, В.Коўтун, Л.Тарасюк )” і др.

Арганізацыя экскурсіі( паходу ) уключае ў сябе тры этапы:



  • падрыхтоўку;

  • правядзенне экскурсіі;

  • падвядзенне вынікаў.

На першым этапе разам з дзецьмі вывучаем тую гістарычную эпоху і літаратурную праблему, якой прысвячаецца паход, акрэсліваем мэту паходу і распрацоўваем маршрут і карту-схему экскурсіі (паходу), дзе вызначаем аб’екты агляду і паслядоўнасць іх наведвання. Карту-схему вывешваем на відным месцы, каб з ёй маглі пазнаёміцца ўсе вучні. Гэта дае мажлівасць выклікаць цікавасць да падарожжа, а таксама паказаць, якія цяжкасці чакаюць яго ўдзельнікаў.

У час правядзення паходу задача настаўніка-экскурсавода заключаецца ў тым, каб актывізаваць дзіцячыя ўяўленні, фантазію і дапамагчы “ўбачыць” аглядаемую мясціну такой, якой яна была некалі. Школьнікі выступаюць як своеасаблівыя асістэнты настаўніка: чытаюць творы ці ўрыўкі з іх, пераказваюць сюжэты, эпізоды, акты з эпічных ці драматычных твораў, знаёмяць з лістамі, дзённікавымі запісамі пісьменніка, успамінамі пра яго. Рыхтуючыся да экскурсіі(паходу), неабходна даць вучням такія заданні, выкананне якіх дазваляе дзецям быць не толькі слухачамі, але і яе актыўнымі ўдзельнікамі.

Каб экскурсія (паход) атрымаліся завершанымі, патрэбна абавязкова падвесці вынікі. Некаторыя вучні, удзельнікі літаратурнага клуба, рыхтуюць матэрыялы ў насценную школьную газету “За партай”, афармляюць дзённік паходу, фотавыстаўку. Усё гэта з’яўляецца дзейсным сродкам агітацыі за разгортванне турысцка-экскурсійнай дзейнасці.
Вось некаторыя фрагменты са справаздачных матэрыялаў паходаў:
А) урыўкі з дзённіка паходу “ Гераічны Брэст”

12 чэрвеня

8-00. Адправіліся падарожнічаць па старажытнаму Брэсту. Экскурсавод Галіна Іванаўна па дарозе да вуліцы імя Карла Маркса, дзе захавалася некалькі дамоў XIX ст., нам расказала:

“Адзінай думкі аб часе заснавання горада пакуль няма. У гістарычнай літаратуры ёсць звесткі аб тым, што ў 983 годзе кіеўскі князь Уладзімір Святаслававіч пакарыў літоўскае племя яцвегаў, якія насялялі тэрыторыю паміж рэкамі Наравам і Нёманам. Для замацавання заваяваных зямель ён пабудаваў каля Заходняга Буга, на востраве ў вусці Мухаўца, замак, пры якім узнік горад-крэпасць Бярэсце. Чаму такая назва? Бераста – адна з парод вяза. Упершыню Бярэсце ўпамінаецца ў “Аповесці мінулых часоў” у 1019 годзе ў сувязі з бітвай кіеўскага князя Яраслава Мудрага з драўлянамі на чале з князем Святаполкам.”

Вуліца Карла Маркса вельмі прыгожая, бо тут размясцілася шмат старых архітэктурных пабудоў. Ствараецца такое ўяўленне, што мы на машыне часу перанесліся ў мінулыя стагоддзі, таму хутка з’явіцца конны экіпаж, выглянуць з аркападобных вокан дамы ў доўгіх сукенках і іх галантныя кавалеры. Пашчасціла тым людзям, якія жывуць у гэтых дамах. А ў старажытным доме N 20 размясціўся дзіцячы сад.

9-20. Надвор’е ўсталёўваецца выдатнае: свеціць сонца, цёпла – цудоўны час для падарожжаў.

На скрыжаванні вуліц Карла Маркса і Маскоўскай мы наведалі Сімяёнаўскую царкву, пабудаваную ў 1869 годзе.

Цішыня... Здаецца, што табе давялося сустрэцца з вечнасцю. Купляем свечкі, ставім... Любуемся ўнутраным убранствам памяшкання... Разумеем усё без слоў.

11-00. Прыйшлі на экскурсію ў археалагічны музей “Бярэсце”, які быў адкрыты ў 1982 годзе. У археалагічным музеі знаходзяцца рэшткі закансерваваных пабудоў XIII стагоддзя.

Вуліцы старажытнага Бярэсця мелі шырыню 2,4-4 метраў. Драўляныя дамы стаялі блізка адзін да аднаго. Дзверы былі вельмі нізкія, акенцы малюсенькія – на таўшчыню аднаго бервяна. Экспазіцыя музея знаёміць нас з асноўнымі рамёствамі берасцян у XIII стагоддзі: ганчарствам, дрэваапрацоўкай, ткацтвам, вырабам скуры.

Дзяўчынак адразу зацікавілі жаночыя старажытрыя ўпрыгожванні: шкляныя бранзалеты, пацеркі, пярсцёнкі. Хлопчыкам спадабалася калекцыя прылад працы для сельскагаспадарчых работ.

Аб высокім культурным узроўні жыцця старажытных жыхароў сведчаць знаходкі грэбеня з выразаным кірылічным алфавітам, шахматных фігур, прадметаў рэлігійнага культу.

Цікавы музей.
13-20 – 15-30 – адпачынак на беразе ракі Заходні Буг.

На жаль, у горадзе кастроў паліць нельга, і мы вырашылі проста паабедаць і адпачыць. Два Сашы вырашылі палавіць рыбу, Сяргей расказваў вясёлыя гісторыі.



16-10. Мы на Трышынскіх могілках. Тут пахаваны беларускі паэт Мікола Засім.

Ганна Яўсей расказала: “Мікола Засім нарадзіўся 19 лістапада 1908 года ў вёсцы Шэні Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. Жыў на тэрыторыі Заходняй Беларусі, быў актыўным змагаром за незалежнасць Радзімы. У гады Вялікай Айчыннай вайны партызаніў. З 1948 года па 1957 год працавў у рэдакцыі брэсцкай газеты “Заря”. Выдаў зборнікі: “Ад чыстага сэрца”(1947), “Вершы”(1954). Памёр Мікола Засім 19 чэрвеня 1957 года.”

На магіле Засіма ўстаноўлена стэла. Мы пастаялі, памаўчалі, згадалі радкі з вершаў выдатнага паэта – сына сваёй Бацькаўшчыны.

Гэй, паэты вёскі й поля,

Я ваш сябра – Засім Коля,

З-пад Пружанаў, з вёскі Шэні,

І ў мяне, браты, у кішэні

Часта грошаў брак на марку,

Рэдка ў страве бачу скварку,

Бульбай усенька пакрываю,

Гумы цяжкія цягаю.

Ды не падаю на дусе!

Для працоўных Беларусі

Цераблю я шлях дзярновы,

У верш уплятаю сталі словы,

І аб радасці змагання

Пяяць буду да сканання...

1933г. На з’езд заходніх беларускіх

пісьменнікаў у г. Вільна.( Вершы. Мн. 1973.)

Наведалі магілу ахвяр фашызму. У адной магіле тут пахаваны 24 жыхары Брэста, якія загінулі адразу ў першы дзень Вялікай Айчыннай вайны.

Павандравалі па могілках, згадалі, што памяць – гэта тая жыццёвая апора, якая дае нам сілы і веру ў заўтрашні дзень.

20-05. Знаходзімся на турбазе. Ногі гудуць. Ліля прапанавала паглядзець на начны Брэст. Усе згадзіліся, але вырашылі хвілін з 30 адпачыць, бо вельмі стаміліся. Усе хуценька памыліся, селі вячэраць. Пасля вячэры імгненна размарыў сон.
Г У М А Р Э С К А
Начны Брэст

Сцямнела. Усе спяць. Прачнулася Наталля Віктараўна, падумала: “Здаецца і пара пагуляць па начному Брэсту...Усе спяць... І мне хочацца спаць. Галоўнае, каб ніхто болей не прачнуўся. Вось нехта, здаецца, падымаецца. Хуценька закрываю вочы..”

Прачнулася Наталля Пятроўна. “Так, усе спяць. Цудоўна! Няма ніякага жадання сёння гуляць: за дзень вельмі стаміліся. Ой, закрываю вочы: нехта варочаецца...”

Прачнуўся Бядонік Саша. “Ох, усе спяць! Соні! А начны Брэст? Максім?! Спіць. Сяргей?! Таксама спіць. І мне трэба спаць, бо заўтра нас чакае падарожжа па Брэсцкай крэпасці.”

Так скончылася наша няўдалая спроба паглядзець начны Брэст.

Б) нататкі вучняў у школьную газету:
Юныя скульптары

Калі мы ездзілі на экскурсію ў Альбуць, на радзіму Якуба Коласа, па дарозе бачылі драўляныя скульптуры, якія ілюструюць творы вялікага паэта. Таму і загарэліся вучні нашай школы вырабамі з дрэва.

У гуртку “Народныя ўмельцы” мы вучыліся выразаць, выпільваць, выпальваць. Цяпер вучні робяць падарункі сваім родным, настаўнікам на святы. На выставе можна ўбачыць розных жывёл, маскі з дрэва. Самыя лепшыя скульптары – Мікола Еўдакімаў, Вераніка Гадун, Іна Шарамета, Андрэй Дамінікоўскі, Алена Шабуня.

Галіна Яўсей


В) вершы з паходнага дзённіка

На магіле салдата

Салдат... Тваё імя гучыць – Невядомы,

А маці чакае цябе, хлопча, дома.

Вайна абарвала надзеі, каханне...

Я чую твой стогн і з жыццём развітанне.

Вайна адабрала ўсмешкі і лета,

Няма болей сонца, няма болей свету,

Няма пацалункаў, абдымкаў матулі,

Бо лютыя кулі цябе падманулі.
На вуліцы май... Юнача, прачніся!

Ты вецер адчуй, па зямельцы прайдзіся,

Скажы нам усім, хай кожны спазнае,

Хто памяць згубіў – той памірае.




Частка ІІ

Клуб “Р Э П А Р Ц Ё Р”
Якімі неабходна выхаваць грамадзян Рэспублікі Беларусь? Актыўнымі, думаючымі, таленавітымі, здольнымі вырашаць свае асабістыя і грамадскія праблемы.

У клубе “Рэпарцёр” старшакласнікі маюць магчымасць паўней праявіць сваё “я”, рэалізаваць свае перакананні, развіць творчыя задаткі.

Пры клубе працуе некалькі секцый: журналістыкі, сацыяльна-аналітычная, творчая, літаратурная, інфармацыйная і інш. Рухомасць, гібкасць працы розных секцый, падрыхтоўка пасяджэнняў усімі членамі клуба забяспечвае кожнаму магчымасць выступіць у ролі і арганізатара, і выканаўцы.

Работай клуба “Рэпарцёр” кіруе рада, якая выбіраецца агульным сходам яго членаў. Яе ўзначальвае выбраны старшыня з ліку найбольш ініцыятыўных, добра падрыхтаваных вучняў.

Клуб мае свой друкаваны орган – насценную газету “За партай”, у якой у кожнай секцыі – свой аддзел. Секцыі змяшчаюць інфармацыю пра пасяджэнні, знаёмяць з перспектыўным планам работы. Асноўная плошча выдання аддаецца творчасці членаў клуба. Тут змяшчаюцца вершы, байкі, нарысы, рэцэнзіі, водгукі школьнікаў, нататкі, заметкі, творы вуснай народнай творчасці, запісаныя ў родных ваколіцах. Праз газету вучні знаёмяцца з успамінамі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і вайны ў Афганістане, старажылаў вёскі. Газета ілюструецца фотаздымкамі, якія робяць самі вучні.

Клуб “Рэпарцёр” – асноўнае ядро ў падрыхтоўцы ўсёй пазакласнай работы па беларускай мове і літаратуры. Члены клуба пішуць сцэнарыі, па якіх разыгрываецца сапраўднае тэатральнае дзейства.

У клубе працуюць вучні, якія самі спрабуюць пісаць. Таму значнае месца на пасяджэннях і занятках клуба адводзіцца чытанню і абмеркаванню напісаных школьнікамі твораў. Творчая справа патрабуе высокага агульнага і літаратурнага развіцця, шырокага кругагляду, глыбокіх ведаў па тэорыі літаратуры. Таму неабходна знаёміць вучняй са спецыфікай творчай працы. Вучні маюць вельмі спрошчанае ўяўленне пра творчасць, якая часам здаецца ім надзвычай лёгкай справай.

Карысць прыносяць навучэнцам заняткі, на якіх мы знаёмімся з жыццёвым матэрыялам, які можа выкарыстаць для напісання твора. Часам пачаткоўцы спрабуюць пісаць пра тое, чаго не ведаюць, ці пра што маюць “кніжнае” ўяўленне, таму іх творы атрымліваюцца цьмяныя, невыразныя, занадта агульныя. І.Я.Лепешаў зазначае, што падтрымліваць у дзяцей цікавасць да творчасці, калі яны пішуць пра “выдуманыя гісторыі, навеяныя ўздзеяннем ваенных кніг і фільмаў, цяжка. Толькі тое, што юныя аўтары добра ведаюць – сённяшні і ўчарашні дзень іх землякоў, жыццё школы, справы равеснікаў,- можа стаць зместам іх твораў”.

На пасяджэннях клуба разглядаюцца пытанні, прысвечаныя кампазіцыі мастацкага твора, вершаскладанню, спецыфіцы жанраў, якія цікавяць вучняў. Гутаркі па тэорыі літаратуры спалучаюцца з канкрэтным аналізам вучнёўскіх творчых работ, а таксама мастацкіх узораў класікаў літаратуры і выдатных пісьменнікаў.

Сапраўдныя ўдачы членаў клуба “Рэпарцёр” друкуюцца ў раённай газеце “Нясвіжскія навіны” і рэспубліканскай газеце “Раніца”.


Азмрочнае свята

Для чалавека дзень нараджэння – самае галоўнае свята. Прыемна атрымліваць падарункі, прымаць гасцей і чуць цёплыя словы ад бацькоў, сяброў, настаўнікаў. І вельмі балюча, калі ў гэты цудоўны дзень цябе абражаюць. Некалькі грубых слоў могуць незваротна сапсаваць свята.

У нашым класе існуе звычай: на свой дзень нараджэння імяніннік прыносіць пачастункі для аднакласнікаў і настаўнікаў. 17 красавіка ў класе на партах з’явілася прыгожае і смачнае пячэнне, якое сама прыгатавала і прынесла для нас Галіна. У яе быў дзень нараджэння. Яна была як зіхатлівая зорачка: прыгожая, вясёлая, радасная. Ёй споўнілася 12 гадоў.

Мы зайшлі ў клас. Пачаставаліся ласункам, павіншавалі са святам дзяўчынку і падзякавалі ёй. Раптам Коля гучна вымавіў: “А што гэта за смецце ляжыць на маёй парце?”- і скінуў пячэнне на падлогу. Галіна апусціла галаву, з вачэй паліліся слёзы. Свята яе было азмрочана.

Крыўдзіцеля ўгаварылі папрасіць прабачэння і прымусілі сабраць рэшткі пачастункаў з падлогі, бо Коля абразіў не толькі Галю. Як вядома, кідаць хлеб на падлогу- вялікі грэх. Даўней, калі незнарок кавалачак хлеба падаў на падлогу, яго цалавалі і гаварылі: “Даруй, Божухна!” Пячэнне – гэта таксама хлеб. Значыць, мы не ўмеем не толькі паважаць адзін аднаго, але і не шануем хлеб – адну са святынь нашага жыцця.

На наступны дзень Коля ўсё зразумеў, а Галя даравала яму. Але ў сэрцы дзяўчынкі і ва ўсіх астатніх засталася горыч.



Вераніка Гадун

Публікацыю вучня ў прафесійным друку калектыў школы расцэньвае як поспех, як гонар, і гэта з’яўляецца для яго добрым стымулам у творчай працы.




Частка ІІІ

Школьны музей як крыніца ведаў пра гісторыю свайго краю

Бедны той, хто, апрача грошай,

апрача багацця, каторае пры

першым няшчасці знікне,

не мае скарбаў вечных -

скарбаў душы.

Такі скарб, каторы ніхто і

ніколі адабраць ад нас не

здолее, - гэта любоў да

Бацькаўшчыны, да свайго

народа, да роднай мовы.

Цетка


Дзіця прыйшло ў свет для таго, каб стаць дарослым, каб пакінуць свой след на зямлі, пражыць жыццё сапраўдным чалавекам.

Работа музея Установы адукацыі “НПК Канвелішскія я/с-СШ” накіравана на тое, каб кожны вучань усвядоміў самыя галоўныя ў яго жыцці святыні – Радзіму, Айчыну, сыноўнюю вернасць, адданасць зямлі, дзе нарадзіўся і спазнаўся сябе, народу, які ўскарміў і ўзрасціў.

Кожны школьнік павінен асэнсаваць, што ён – сын свайго народа, у ім адлюстроўваецца шматвяковая гісторыя беларусаў, веліч і слава яго продкаў.
Работа з вучнямі.
На базе музея працуюць гурткі: “Краязнаўчы”, “Фальклорны”.

У музеі праводзяцца экскурсіі, урокі беларускай літаратуры, гісторыі Беларусі, выяўленчае мастацтва, сустрэчы з цікавымі людзьмі, доўгажыхарамі вёскі.

У музеі наладжваліся выставы кніг: “Старонкі гісторыі роднага краю, “Звычаі і традыцыі беларускага народа”. Адзін раз у чвэрць Савет музея знаёміць з цікавымі знаходкамі, новымі экспанатамі, праводзіць агляд навукова-папулярных матэрыялаў з беларускага перыядычнага друку.

Саветам музея сумесна з парламентам школы праводзяцца мерапрыемствы: вусныя часопісы “Наша вёска”, “Воранаўшчына-мая Радзіма”, фальклорна-этнаграфічныя святы “Гуканне вясны”, “Масленіца”, “Купалле”, літаратурна –музычная гасцёўня “Фарбы беларускай восені”.

Кожнае лета для вучняў наладжваюцца паходы і экскурсіі па родных мясцінах, дзе дзеці пашыраюць свой кругагляд, знаёмяцца з гісторыяй, культурай, прыродай Беларусі.

З А К Л Ю Ч Э Н Н Е

Складана выхоўваць вучня ў сучасных умовах, калі ў грамадстве мяняецца ўклад жыцця, толькі фарміруюцца асновы ідэалогіі. Для таго, каб пераадолець сярод падлеткаў забыццё патрыятычных пачуццяў, праяўленне бездухоўнасці, скептыцызму, спажывецтва, неабходна удасканальваць ідэйна-выхаваўчую работу па стварэнні сістэмы патрыятычнага выхавання вучняў, фарміравання пачуцця любові да Радзімы.

Формы і метады работы класных кіраўнікоў з вучнямі па засваенні зместу дзяржаўнай сімволікі, выхаванні грамадзянскасці, любові да свайго краю рознабаковыя, аднак перавага аддаецца тэхналогіям каштоўнасна-арыентаванай і каштоўнасна-пошукавай дзейнасці (паходы і экскурсіі, работа клуба “Рэпарцёр”, дзелавая, ролевая гульня, турнір аратараў, дыспут, лекцыя-разважанне, сакратаўская гутарка, ток-шоу, эстафета думак, філасофскі стол, сачыненне-разважанне).

Важнейшымі педагагічнымі задачамі ў рабоце з вучнямі падлеткавага ўзросту з'яўляюцца:

- забеспячэнне рознабаковых формаў і метадаў выхаваўчага ўзаемадзеяння, інфармацыйнай навізны;

- стварэнне ўмоў для актыўнага спасціжэння вывучаемага матэрыялу праз гульню, драматызацыю, дыскусію, даследчую дзейнасць;

- выкарыстанне ў працэсе знаёмства вучняў са зместам дзяржаўнай сімволікі розных крыніц: навуковай, навукова-папулярнай і мастацкай літаратуры; твораў мастацтва; асабістага жыццёвага вопыту падлеткаў.

У рабоце са старшакласнікамі класным кіраўнікам неабходна ўлічваюць тое, што вучні ўмеюць аналізаваць вывучаемыя грамадскія працэсы і з'явы, імкнуцца асэнсаваць сваё асабістае месца ў свеце. Таму на класных і інфармацыйных гадзінах ствараюцца праблемныя сітуацыі, якія садзейнічаюць маральнаму, ідэйна-палітычнаму, прававому развіццю вучняў.





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка