Саламея Пільштынова




старонка9/15
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3.06 Mb.
1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   ...   15

ГІСТОРЫЯ ПРА АДНАГО НІБЫТА ЧАРНАКНІЖНІКА, МАЛАДОГА I ВЕЛЬМІ ВУЧОНАГА ЧАЛАВЕКА Ў ГОРАДЗЕ ОЛМІЦ
Гэтая авантура была такая. Габраі з Літвы, з горада Пінска, прывезлі з сабою на продаж срэбраны буфет аднаго пана больш чым на дзесяць тысяч. Не маглі тыя габраі тое срэбра прадаць, як пан хацеў, дык склалі ў вялікую скрыню ў прысутнасці шматлікіх годных купцоў, пералічыўшы колькі штук, пераважыўшы колькі грыўняў, і зачынілі гэтую скрыню, і запячаталі і паставілі гэтую скрыню ў лаўцы ў аднаго купца, і заплацілі за месца купцу, а самі паехалі ў Пінск і пра ўсё распавялі таму пану. Гаспадар сказаў: «Так танна я не прадам. Як зноў паедзеце ў Вроцлаў, дык прывязіце мне маё срэбра». Габраі сказалі: «Добра». Праз колькі месяцаў тыя габраі-купцы па справах гандлю паехалі зноў у Вроцлаў і просяць у купца свой дэпазіт [119]. Здымаюць пячатку і адчыняюць скрыню, а там і самага маленькага кавалачка таго срэбра няма. Габраі ад купца срэбра патрабуюць, купец і іншыя прысягаюць, што не бралі, а гэты купец сумленны быў, суд яму паверыў, што тут нейкае няшчасце здарылася. Так гэтая справа незакончанаю доўга цягнулася.

Адзін кавалер ехаў дарогаю, маючы з сабой некалькі людзей, і шляхетных, і здольных яго абараніць. 3 лесу выходзіць чалавек і просіць таго падарожнага, каб яму пазычыў сто чырвоных злотых і пару пісталетаў. Гэты кавалер кажа: «Я не ведаю цябе, чалавека, і грошай не маю, і загадаю цябе за тваю смеласць, за тое, што ў лесе ты так са мною размаўляеш, люта пабіць, і звязанага ў Вену завязу». Той чалавек мовіць кавалеру: «Гэтага ты не зможаш зрабіць». Кавалер – за пісталеты, і лёкаі таксама страляюць; хапаюць, а не могуць да яго дакрануцца. Ужо ім і пораху, і сіл не стае, а той чалавек мовіў: «А калі я ў вас страляць буду, дык і разу не схіблю і вас усіх пазабіваю і ўсё забяру». Дык мусіў падарожны кавалер даць яму сто чырвоных злотых і пару пісталетаў.

Прыязджае той кавалер у Олміц, ідзе да генерала-каменданта і скардзіцца на разбойніка, што ў яго гвалтам сто чырвоных злотых і пару пісталетаў забраў і ўсё пра авантуру гэтую распавёў. Генерал адказвае кавалеру: «Мая жонка мела з чыстага золата туалетны столік, і на вачах нашых столік стаяў, ды тут нехта ўсё цалкам украў, я лёкаяў сваіх ледзь не замучыў, ды бачу, што нявінна пакутуюць мае людзі». I распавёў тую гісторыю пра срэбра, што ў Вроцлаве з лаўкі з-пад пячаткі ўкралі. Але малады чалавек, што тое срэбра ўкраў, і ў кавалера сто чырвоных злотых забраў, і туалетны столік за колькі дзясяткаў тысяч, інакш гэта ўчыніць не мог, а толькі мусіў раней бачыць тыя рэчы, бо чаго не бачыў, таго ўзяць не мог.

У гэты час меўся быць фэст недалёка ад Олміца. На высокай гары ёсць там вялікі кляштар і касцёл, а ў тым касцёле вельмі цудоўная Прачыстая Маці. I ўбралі на той фэст у вельмі дарагія каштоўнасці і ў жэмчуг гэтую Прачыстую Маці. Меліся ўбраць таксама і алтар. Той чарнакніжнік, малады чалавек, раней пайшоў на тую гару, дзе кляштар, бо там і аўстэрыя ёсць, і вёска, і вось гэты нягоднік бавіўся там з адною белагаловай, апранутаю па-мужчынску, быццам гэта ягоны таварыш, і чакаў фэсту; каб ён толькі тыя скарбы вачамі ўбачыў на алтары, дык ужо з рук бы ягоных нідзе не дзеліся. I вось гэты чарнакніжнік піў (з усіх кепскіх учынкаў п’янства – найгоршы) і, напіўшыся, пачаў свае сакрэты адкрываць люду, што ў той карчме быў, ён дастаў адну шклянку, якая ўся была крывёю спісана нейкімі характарамі [120], і калі гэтую шклянку трымаў як належыць для піцця, дык быў бачны, а як павярнуў яе ўверх дном, дык яго не бачылі, і ён з людзей шапкі знімаў, і яны не маглі ад яго абараніцца, бо яго не бачылі.

I вось адзін жаўнер, што піў з ім, тут і гаворыць яму: «Мілы браце, дай мне гэтую шклянку; пагляджу, ці магу і я гэта ўчыніць». Той жлукта даў яму ў рукі шклянку, а жаўнер яе на зямлю кінуў і разбіў. Асобныя людзі пачалі крычаць: «Новых вяровак на гэтага злачынцу, трэба яго звязаць, бо чараўнік». Адказаў чараўнік: «I старымі ўжо можаце вязаць, бо без той шклянкі нічога не ўмею». Значыць, яго злавілі, звязалі і да генерала ў Олміц завезлі. Запытаны ён быў пра той з чыстага золата туалетны столік, і пра тое срэбра з Вроцлава, і пра іншыя без ліку страчаныя рэчы, што ад чараў згінулі. Ва ўсім прызнаўся і сказаў, дзе закапаў, іх выкапалі, і зноў гэтыя рэчы трапілі гаспадарам. I я гэтага чалавека пакінула ў Олміцы ў вязніцы, як і тую белагаловую, што была па-мужчынску апранутая. Выпіўка і Прачыстая Маці не дапусцілі больш злое чыніць.
3 Олміца я зноў вярнулася ў Найзу, у Алаву, і ўбачыла бязмерную моц прускага войска, якое цягнулася з Вроцлава ў Алаву. У дарозе спаткалася са штабс-афіцэрамі, у якіх пыталася, адкуль едуць і куды. Паказала я ім свае пашпарты, і яны мне далі двух жаўнераў, каб мяне ніхто нічым не пакрыўдзіў, дык я шчасліва даехала ў Вроцлаў.

Калі я спынілася перад вроцлаўскаю брамаю, мяне не хацелі пускаць у горад, бо ў той час толькі на тры гадзіны быў адкрыты ўваход у горад, і то з дазволу каменданта. А ўсё гэта таму, што прускі кароль у гэты дзень сам прыехаў у Вроцлаў.

Мае людзі па-нямецку добра не ўмелі, а я сама баялася пайсці, бо, можа, тыя тры гадзіны закончацца і брама зачыніцца, дык я ў горадзе застануся, а людзі і каляска з коньмі – у прадмесці, і я баялася рабунку: у той час там шмат войска стаяла. Дык я свайго чалавека, Бенядыкта Скалубовіча, паслала ў горад да таго гаспадара, у якога мы стаялі два гады таму, калі ехалі ў Карніёлію, а той гаспадар жыве недалёка ад касцёла езуітаў, пад знакам «Чырвоны паляк». Той гаспадар даў мне лісты ў Вену да свае роднае сястры, а я цяпер ад яе зноў лісты ўзяла да таго гаспадара, дык мовіла: «Бенядыкт, ты ідзі да нашае карчмы «Пад чырвоным палякам» і кажы: «Пане гаспадар, твая сястра з Вены прыехала, і не пускаюць яе ў горад. Схадзі, васпан, да вяльможнага яго мосці пана каменданта і вазьмі дазвол, каб магла трапіць у горад». Стары гаспадар за галаву схапіўся: «Мы, вроцлаўскія абывацелі, рады былі б выехаць з Вроцлава, а чаго мая сястра з Вены, з бяспечнага горада, сюды прыехала ў такі час! I што ж мне, небараку, чыніць?» Холадам пабег ён да каменданта, выстараўся прапустку і жаўнера, каб ягоную сястру пусцілі ў горад, і вось прыбег да мяне, і я заехала ў браму. Зазірнуў ён у каляску — аж не сястра, а толькі я. Немец кідаецца да майго Бенядыкта, але я мовіла: «Даруй мне, пане мілы, бо мой чалавек не шмат умее па-нямецку, а мусіў ён казаць: «Мая пані прыехала, што ліст узяла ад сястры вяльможнага пана, а ён, прасцяк, мовіў, што сястра прыехала». Гэтым астудзіла немца і шчасліва даехала да ягонае аўстэрыі ў Вроцлаве.

Заставалася ў той карчме дзён 15. Бачыла, што мне на коней і на людзей выходзіць удзень больш як чырвоны злоты, а тут аніводнае душы не выпускаюць з горада па загадзе найяснейшага Фрыдэрыка, прускага караля [121] ў 1739 годзе.

Я палічыла тыя злотыя, што мушу тут выдаткаваць у такі дарагі час, і вырашыла: паеду сама да яго мосці караля, калі чаго добрага даб'юся, дык слава Богу, а калі не – ніхто не будзе ведаць майго намеру.

I вось я паехала. Пад'ехала да палаца і пайшла на верхнія пакоі, бо мяне першая варта лёгка пусціла. А калі ўжо ў пакой самога яго мосці караля ўвайсці хацела дык не хацела мяне варта пускаць. Я прасіла шамбеляна, каб дазволілі мне мець аўдыенцыю ў яго мосці караля.

Шамбелян паведаміў, што «стаіць ля пакоя нейкая белагаловая і хоча мець аўдыенцыю ў вашай каралеўскай мосці». Гэты манарх, поўны цікавасці, якую патрэбу мае тая белагаловая, выслаў да мяне гіхаймерота [122] Айхіта, свайго сакратара, які ў мяне зацікаўлена пытаўся, адкуль я. Кажу: «3 Польшчы, харунжыха». – «Адкуль едзеш». – «З Вены». – «Чаго хочаш?» Мовіла: «Не скажу васпану, толькі самому яго мосці каралю». Пайшоў да караля. Кароль зацікавіўся, што гэта за сакрэт маецца распавесці белагаловая, прысылае да мяне другога сакратара, гіхаймерота Шумахера. Ён мне так мовіў: «Мадам, самы найвялікшы сакрэт можаш мне распавесці, бо я найбліжэйшы сакратар яго мосці караля». Аднак я сказала: «Даруй мне, вяльможны пане, але я не распавяду. Калі самому яго мосці каралю, дык распавяду, а калі аўдыенцыі мець не буду – паеду да свае карчмы». Яго мосць кароль цікавы ведаць, што я хачу яму распавесці, дазволіў мне прыйсці ў ягоны пакой. I вось, прыйшоўшы, я ўкленчыла і пацалавала ягонае крысо і так мовіла: «Ir Kinigliche maister, fercainsy mir die umgileginhaitin das ich far ursaht hab Zycht got in Hymel das ich Pinginet derzuvenig main mut», гэта значыць: «Найяснейшы кароль, прабач мне, ваша каралеўская мосць, за маю фамільярнасць, бо вымушана ад майго цяжкага становішча чыніць гэта, а просьба мая такая: дазволь мне выехаць з Вроцлава ў Польшчу, калі гэта магчыма, альбо загадай даць на мае патрэбы, гэта значыць суфіцыенцыю мне, людзям і коням маім, бо я, бязродная шляхцянка, мала маю на дарогу». На што мне кароль яго мосць адказаў: «Auf aler weis Madam wil sy farin ich la sir hajte ain passport gieben, wilsi hir blaiben ich wil ir farflegung las in untgebyn, гэта значыць: «Мадам, калі хочаш ехаць, загадаю васпані пашпарт даць, а хочаш тут забавіцца, загадаю ўсялякую суфцыенцыю даць». Я кінулася яму ў ногі і прасіла пашпарт, і ён на маіх вачах загадаў адразу напісаць і даць мне ў рукі. Пасля шмат у мяне распытваў, адкуль еду і чаго ездзіла.

Адказвала на ўсё добрасумленна, нават, што ў Стамбуле і ў Пецярбургу і іншых была. Пасля гэтае гутаркі, засведчыўшы маю павагу, я выйшла з пакоя яго мосці караля і ў вітальні прасіла яго мосць пана сакратара свой пашпарт, каб хутчэй даў мне яго, але пан сакратар мовіў: «Мадам, едзь зараз у сваю карчму. Праз тры гадзіны прыедзеш, і будзе гатовы пашпарт». Аднак я пабаялася: ужо цяпер ягамосць ведае мой сакрэт, што я распавяла яго мосці каралю; як я ў карчму паеду і зноў прыеду, дык можа мяне варта не пусціць, таму кажу: «Irginadun, я жыву ў аўстэрыі, у вельмі нявыгаднам доме. Тыя тры гадзіны, што маю там правесці, лепш я тут забаўлюся і ўслужу пану дабрадзею». Бачыць пан сакратар, што мяне не збудзе, загадаў адразу пісару напісаць, пячатку прыкласці і аддаў мне пашпарт у рукі. Я з радасцю ў карчму прыехала і паказала купцам свой выязны пашпарт, і ўсе вельмі дзівіліся, што магла яго дастаць, чаго аніводзін не змог, бо іншыя па шэсць месяцаў стаялі, а пашпарта не маглі атрымаць.

3 Вроцлава я паехала ў Пётркаў, дзе ўзяла лёкая. 3 Пётркава ў Люблін, з Любліна ў Львоў паехала. У Львове даведалася, што мой муж, яго мосць пан Пільштын, адабраў мой дэпазіт у яснавяльможнай яе мосці Шчытавае, кашталяніхі смаленскае, і дачку маю Канстанцыю Гальпірову, і ўсё патраціў, і сам пад арыштам сядзіць за нейкі ўчынак афіцэрскі, што яму не дазваляецца з пакоя выйсці, але, аднак, пры сабе дзвюх белагаловых трымае, адну прачку, другую гаспадыню, пачуўшы гэта, я вельмі замаркоцілася.

Я думала, што тут у мужа застануся і мы будзем цешыцца з нашчадка нашага, што нарадзіўся ў Вене, сына Францішка, і я крыху набытку прывезла, бо ў Вроцлаве пару ўбораў, залатымі галунамі абшытых, свайму мужу справіла, на якія выдаткавала шэсцьсот польскіх злотых, кавалак палатна за дванаццаць чырвоных злотых і іншых рэчаў патрэбных, а тут бачу з боку мужа майго нянавісць і марнатраўства. Задумала паслаць свайго чалавека Стафана па маю дачушку ў Алыку, каб ён выкраў маю дачку ў майго мужа і каб мне яе сюды ў Львоў прывёз.

Але гэты кепскі чалавек, Стафан, не рабіў так, як яму загадала, а, прыехаўшы ў Алыку, заехаў да майго мужа і ўсё яму распавёў, чаму я яго навучыла. Дык мой муж не прыслаў мне дачку, а прыгатаваў атруты і даў Стафану. Стафан прыехаў з Алыкі ў Львоў і шукаў хвіліну, каб мне падсыпаць тую атруту. I падсыпаў, і я з'ела яе з макаронамі, і хутка так цяжка захварэла, што ледзь не звар'яцела, адным словам, разоў чатырыста ванітавала. Наведалі мяне законніцы з ласкі сваёй, панны-бенедыктынкі армянскае нацыі, яе мосць панна Аўгусцінава Алаіза, іх мосці ксяндзы-езуіты, напрыклад, яго мосць ксёндз Пакаслаўскі і яго мосць ксёндз Кіянкоўскі, і армянскай нацыі яго мосць ксёндз Колчан, і яго мосць ксёндз Міхалевіч. Ніхто не спадзяваўся, што я выжыву, я таксама нічога не ведала пра сябе, дык мамка, кухарка, той жа Стафан і іншыя парасцягвалі мой набытак. Пасля цудоўна Пан Езус мяне вылечыў, але ў мяне зубы выпалі, валасы вылезлі, кіпці пазлазілі, нават уся скура з мяне злупілася. Праз дванаццаць тыдняў ужо магла ў касцёл хадзіць, есці, піць. Аднаго разу ўбачыла князя яго мосць Міхала Радзівіла, гетмана літоўскага, у касцёле і прасіла за свайго мужа, каб яго ўжо з-пад арышту вызваліў, што той мне лёгка абяцаў учыніць.

У гэты час прыехаў вяльможны яго мосць пан Бранёўскі [123], падчашы брэсцка-куяўскі з Баліч [124] і прасіў мяне, каб з ім паехала і лячыла еймосць ягоную, якая такую мела хваробу, што як зацяжарыць, дык на пятым альбо сёмым месяцы дзіцё скіне і ўжо шасцёра скінула. Будучы цяжарнаю сёмым, ужо ўсе знакі былі, што зноў скіне. Дык даў мне гэты яго мосць Бранёўскі дваццаць чырвоных злотых, і мы паехалі ў калясцы разам з ягамосцем дабрадзеем у Балічы, дзе, прыехаўшы, наколькі мне Бог даў умельства, клапацілася я пра здароўе тае пані, і Пан Езус дапамог мне, што гэта дзіцятка моцаю Пана Бога было даношана і шчасліва нарадзіла вяльможная еймосць Базыля Бранёўскага, падчашніковіча брэсцка-куяўскага.

У час гэтага лекавання прыехаў туды мой муж, яго мосць Юзаф Пільштын, з-пад арышту з Алыкі, але вельмі кепскае было ў яго становішча, усё страціў: і што меў, і што ў мяне забраў. Але я ўжо зусім не хацела жыць са сваім мужам, не вельмі настойвала разводзіцца, а хацела жыццё сваё ў сепарацыі праводзіць і хацела проста з Баліч ехаць у Камянец і ў Хоцін, а там у Рушчук над Дунаем, дзе мае чатыры нявольнікі-туркі, што мне яе мосць царыца дала, а светлы князь Міхал Радзівіл, гетман літоўскі, адабраў і ў Турцыю адаслаў. Я з ласкі Божае спадзявалася, што ад гэтых туркаў, аднак, колькі тысяч вазьму, бо яны туркі сумленныя былі, ну а я ў Львове яшчэ дамовілася, каб мяне вяльможны яго мосць пан Бранёўскі ўжо не ў Львоў адвёз, а ў Камянец. Але ж гэта ўсё перамянілася, як мой муж прыехаў. Мяне ён у тую дарогу не пусціў і ўпёрся, каб абавязкова жыла з ім і назад ехала ў Львоў. Так і сталася, зацяжарала я зноў сынам маім другім, Станіславам дэ Пільштынам, але я сабе думала: «Як толькі ў Львоў прыеду, дык адразу ад мужа свайго ўцяку ў кляштар». Так і сталася. Уцякла я адразу з каляскі, пайшла ў касцёл, а з касцёла ў кляштар вяльможных матак-бернардынак, а муж мой каханы цапнуў з каляскі мой куфар з сукнямі, з грашыма і іншым, што там было, потым фурыі і спрэчкі чыніў з паннамі бернардынкамі, што я ўжо таго шуму выцерпець не магла і сама выйшла да яго да брамкі і мовіла: «Відаць, гэта воля Пана Бога. На, вазьмі мяне і з'еш». Ён мяне схапіў, пацягнуў на адзін рускі могільнік, дзе меў нанятую сваю халупку, і там з маім мужам мы колькі тыдняў пражылі, і тое, што я здаўна ў іх мосцей паненак-бернардынак мела, таксама ад іх выцягнуў, патраціў, так што я зноў нічога не мела. Аднойчы з вялікім плачам і нараканнем сказала мужу майму: «Бачыш мяне, цяжарную белагаловую, да такой нястачы давёў ты мяне, памятай, што я цябе з турэцкае няволі выкупіла за трыста чырвоных злотых, чын харунжага вяльможнаму пану выпрасіла і сукні, коні, вупраж, сёдлы, гадзіннікі, сыгнеты, табакеркі, пасцель, бялізну ды іншыя выдаткі на яснавяльможнага пана мела, не такой я ад вяльможнага пана ўзнагароды і пашаны чакала, а яшчэ і цяпер дзе што маё схопіш, дык забярэш і змарнатравіш, і яшчэ мне забараняеш ехаць шчасця шукаць! Давядзецца мне, маркотнай белагаловай, з голаду памерці пры вяльможным пане, бо цяпер ты і службы не маеш». Ходзіць мой муж па хаце і думае, што б мне на гэта адказаць, і так мовіў: «Параю табе, мая жонка, як ад усіх бед і нястач пазбавіцца. Купі сабе за тры грошы аршэніку [125] і атруціся, дык ні родаў, ні мамкі не трэба». Калі я гэтыя словы пачула, цяжка ўздыхнула, плакаць і гаварыць перастала, пераканала сябе і на Пана Бога паклалася, ды з таго часу шукала спосабу, як бы пакінуць свайго мужа.

Тут прыехаў вяльможны яго мосць пан Тамашэўскі, які некалі ў мяне лячыўся ў Любліне ад ішыясу і раматусу, тады вылечыла я гэтага ягамосця, і ён таксама ў адказ дабрадзейства ўчыніў: майго мужа намовіў, каб мне дазволіў паехаць у Турцыю забраць мой доўг у маіх туркаў-нявольнікаў, дык мой муж мне дазволіў, а вяльможны яго мосць пан Тамашэўскі пазычыў каляску, коней і лёкаяў і адаслаў мяне ў Жванец [126]. Калі я спынілася ў Жванцы, дык мяне не хацелі прапусціць на той бок ягамосці-намеснікі, хоць мела пашпарт з трыбунала ад яснавяльможнага яго мосці пана маршалка Вадзіцкага [127], хоць выхрыстаў, папоў, блудных кабет і даўжнікоў лёгка прапускалі, а мяне не хацелі нават і назад адпусціць.

У гэты час, Пану Богу дзякуй, адна годная мяшчанка, купчыха, яе мосць пані Сеферава два гады хварэла, і гэтая хвароба пагражала смерцю, бо я шмат такіх ведала, што ад гэтай хваробы памерлі, і вось прыехаў яго мосць Сефер з жонкаю сваёю і яго мосць пан Стафан Мількановіч з жонкаю сваёю, і пераканалі яго мосць пана-намесніка, што несправядліва закрыў мне тую дарогу, і ўзялі мяне з сабою ў Камянец, і лячыла я яе мосць паню Сефераву, якая ачуняла.

Даведалася яснавяльможная яе мосць пані Патоцкая [128], кашталяніха брацлаўская, што я ў Камянцы-Падольскім, дык прыслала па мяне каляску і забрала мяне ў староства сваё, у Смотрыч [129], дык я лячыла ногі гэтае яснавяльможнае пані, бо яна зусім не магла хадзіць. Калі дзе якую патрэбу мела, дык яснавяльможную яе мосць паню кашталяніху насілі, а я так удала вылечыла, што і цяпер з ласкі Пана Бога яна здаровая. Таксама лячыла я ў той час яснавяльможную яе мосць паню Ламжынскую, старасціху Думаноўскую, таксама вяльможнага яго мосць ксяндза Малахоўскага, піяра, дык мне Пан Езус дапамог на пяцьдзясят чырвоных злотых, і я аддала іх у дэпазіт яснавяльможнай яе мосці пані кашталянісе брацлаўскай, а гэта з той рацыі, што мела сына Францішка толькі з мамкаю, а тут цяжарная еду ў Турцыю, Бог ведае, ці прыеду жывая, ды і дачка мая Канстанцыя, бедная дзяўчынка, дык я верыла, што гэтая пабожная пані яшчэ і свайго даложыць, і маім дзецям дапамагаць будзе, бо ўзяла ж у сваю апеку майго сына Францішка з ласкі свае панскае – малое дзіця ледзь два гады мела – і загадала майму дзіцяці стварыць усе выгоды, нагляд, і яшчэ пісала тая яснавяльможная яе мосць дабрадзейка да яснавяльможнага яго мосці пана Патоцкага, ваяводы кіеўскага, каб ад сябе загадаў даць мне пашпарт і ліст напісаў да яго мосці пана Мандзялёўскага, у той час рэгіментара [130] памяжовага. У лісце выказала, чаму мне не варта дарогу закрываць, бо я – белагаловая веры годнае і па сваіх справах еду за мяжу. Праз дзён дзесяць атрымалі мы спрыяльны адказ ад яснавяльможнага Патоцкага, ваяводы кіеўскага (бо я і сама ад сябе ліст пісала ў форме суплікі). Атрымаўшы гэты спрыяльны інструмент, а таксама пашпарт, узяла я дазвол у вяльможнага яго мосці пана Бякерскага [131], генерала і каменданта камянецкага, на вольны праезд да турэцкае зямлі. Прыйшоў таксама ў той час і ліст ад майго мужа, яго мосці пана Юзафа Пільштына, каб не хвалявалася, каб нішто здароўю майму і дзіцяці нашаму не шкодзіла; а раней мовіў: «атруціся», а ўсё таму, бачу, што думаў, мо я яму грошай прышлю.

Развітаўшыся з паняй маёй, яснавяльможнай яе мосцю паняю Патоцкаю, кашталяніхаю брацлаўскаю, старасціхаю сматрыцкаю, паехала я з Імем Божым у Хоцін толькі з адным хлопцам, Бенядыктам Скалубовічам. У той час, як я прыехала ў Жванец, і добрага слова не сказала іх мосцям панам намеснікам, бо мне яны несправядліва дарогу закрылі былі, хутка я прыехала ў Хоцін. Суправаджаў мяне адзін годны таварыш, вяльможны яго мосць пан Ніцецкі, падчашы, з той кампаніі, што і ў Жванцы была, дай Божа таму годнаму кавалеру здароўя. У той час як я прыехала ў Хоцін, вялікі бунт узнялі туркі супраць самога янычар-агі, што мусіў сабе галаву і твар пераміткаю [132] завязаць, як белагаловая апрануцца, і так з палаца свайго ўцякаць, а я ў той час была ў пакоі пашы з ягонаю жонкаю і дзецьмі. На пачатку яшчэ гэтага паўстання пісаў быў хоцінскі паша ў Стамбул да турэцкага султана, паведамляючы яму, што янычары пачалі бунтаваць. Дык адзін турак прыехаў з некалькімі сотнямі вершнікаў і ў Хоціне тых паўстанцаў перадушыў, асобных на выгнанне паслаў, а ранейшаму янычар-агу Алі-азе даў вялікае падмацаванне і канвою колькі соцень людзей, а сам выехаў з гонарам, з набыткам, з жонкаю, з дзецьмі з Хоціна ў Стамбул. I гэтаму ж янычар-агу, што з Хоціна ехаў у Стамбул, рэкамендаваў мяне яго мосці хоцінскі паша, каб мяне ў дарозе не пакінуў і ў Бухарэст завёз, і дадаў, што я – добрая лекарка; гэта ўсё той янычар-ага з ахвотаю ўчыніў і абяцаў мне ў дарозе ўсялякую апеку.

Толькі ў дарозе загадаў запрасіць мяне да сябе і размаўляў са мною, але я бачу, што ён стары чалавек, гадоў восемдзесят мае, надзвычай перапалоханы і хворы на цяжкую крывавую дызентэрыю. Я ж аптэкі не мела, толькі ў дарозе зёлкамі і карэньчыкамі ратавала яго, напрыклад, rad. tormentilla, rad. caramphilat, rad. bisztorta [133] і іншымі, якімі разумела, зёлкамі, так мы прыехалі шчасліва ў Ясы [134] на Валахіі, і там я застала вяльможнага яго мосць ксяндза Рыгарскага, Societatis Iesu [135], і паспавядалася ў яго, і ўзяла святое прычасце, і паехалі мы далей на Мультаны [136] ў Бухарэст; у дарозе мела я вялікія выгоды, бо мне даў ён свайго чалавека, венгра Уладзіслава Тапліцу, годнага шляхціца, які трапіў быў у палон і таго ж Алі-агі нявольнікам стаў.

Есці, піць, што толькі душа мая хацела, магла я прасіць са спіжарні ягонае, і абяцаў ён мне падараваць, прыехаўшы ў Стамбул, таго нявольніка, Уладзіслава Тапліцу, і вось мы шчасліва прыехалі ў Бухарэст.

Я цяжарнаю была і штодзень чакала родаў, дык хацела як найхутчэй да Рушчука даехаць, бо спадзявалася там даўніх прыяцеляў знайсці. Але мяне мой пацыент Алі-ага на колькі дзён затрымаў, пасля сам выбраўся ў дарогу да Стамбула, а я назаўтра мелася з Бухарэста выехаць на паштовых у Сілістру [137], бо ведала, што там трыбунальскі паша, зяць імператараў, які завецца Якуб-паша, і мелася прасіць у яго ferman, гэта значыць ардынанс у Рушчук, каб мае нявольнікі, якіх я з Пецярбурга прывезла ў Літву і якіх у мяне яснавяльможны князь адабраў і адаслаў у Бендэры, цяпер мне аддзячылі, што я іх з маскоўскае няволі вызваліла. Пераначавала я адну ноч у Бухарэсце, а назаўтра па палудні выбралася з пакоя і села ў вазок з маім верным і пачцівым лёкаем Бенядыктам Скалубовічам, і толькі з месца рушылі, як сустракае нас годны турак і пытаецца, ці не ў гэтым доме лекарка з Полыдчы. Дык гаспадар адказаў: «Вунь яна, што з брамы выехала». Гэты турак кланяецца мне і ад імя Алі-агі просіць дзеля Бога, каб сёння не ехала, толькі гэтую ноч пе-раначавала і выратавала яго ад вялікага болю ног, а я беднаю шляхцянкаю ў той час была, бо толькі пяць бітых шустакоў [138] мела, ні сукняў, ні пасцелі, бо ўсё муж мой, яго мосць пан Пільштын, прагуляў, а пацыент мой, яго мосць пан Алі-ага, нічога не даў, адно мне таго нявольніка-венгра падараваў і абяцаў яго са Стамбула ў Рушчук прыслаць, дык я мусіла з вазка вылезці і рэчы свае ў пакой аднесці, бо мне той хворы турак даў тры чырвоныя злотыя на аптэку, каб лячыла ягоныя хворыя ногі. Дык пайшла я ў аптэку і купіла, што мне трэба, зрабіла пластыры і аддала майму пацыенту, а сама вярнулася ў свой пакой. Пасля вячэры пайшла з Імем Божым спаць, і гэтай жа ноччу даў мне Пан Бог сына Станіслава Костку Пільштына.

Назаўтра прысылае да мяне турак мой, каб не ад'язджала, толькі каб з ім раней пабачылася, бо хоча ў мяне дасканала вылечыцца, бо мае пластыры добра дапамаглі. I вось яму мая гаспадыня адказала: «Пэўна, не паедзе, бо ёй Пан Езус даў сына». Тады ў вялікай радасці прыходзіць да мяне мой турак з віншаваннем і дзякуе за добрыя лекі; убачыў ён мяне, бедную белагаловую, што мала ці, папраўдзе, нічога не мела, і, узрушаны маёй вялікай галечаю, так мне мовіў: «Нічога табе дарма, мая пані лекарка, не дам, толькі за тваё лячэнне, колькі яно варта, столькі заплачу. Цяпер мусіш пасля родаў сорак дзён тут ляжаць, дык мяне можаш дасканала вылечыць». I пайшоў у лаўку і купіў мне шэсць кавалкаў ядвабнае тканіны ў паскі, таксама ядвабную коўдру, матрац, аксамітнае ўзгалоўе, адным словам, чаго ў мяне не было праз маю галечу, тым мяне Пан Бог забяспечыў праз таго добрага пацыента, бо ён мне пакоік мой увесь і ложак абабіў новым атласам у паскі. Магла ўжо без сораму ляжаць, хоць бы мяне і годныя людзі наведалі.

Казала я прасіць да мяне ксяндза Мікалая, закону святога Францішка, каб мне пашукаў куму і дзіця маё ахрысціў, бо ў Бухарэсце мала католікаў.

Гэта набожны pater з ахвотаю ўчыніў, сабраў мне кумоў пар тры, сярод якіх быў граф, і залацільшчык, і купец, бо тут сярод простых вельмі мала католікаў. I вось шчасліва дзеля Бога ахрысцілі мне сына майго трыццаць першага ліпеня тысяча семсот сорак другога года і далі яму імя Станіслаў Костка, а кум з прычыны пабожнасці свае прасіў даць яму імя Георгі, бо колькі дзяцей хрысціў, толькі ім гэтае імя даваў. I вось я шчасліва адляжалася пасля родаў сорак дзён і ўзяла тысячу дзвесце злотых барышу ад таго турка, бо сталі здаровымі ягоныя ногі, і адтуль і адсюль. Ды і разныя пацыенты трапіліся мне ў Бухарэсце, дык вывезла 3000 польскіх злотых і выехала на паштовых з Бухарэста ў горад Сылістра, які ля Дуная, а там быў вялікі трыбунальскі паша, імператараў зяць Якуб-паша. У гэтага пашы прасіла я ферман у Рушчук, каб туркі мае, якіх я з Масквы, з Пецярбурга прывезла і якіх у мяне яснавяльможны яго мосць князь Радзівіл адабраў і ў Бендэры адаслаў – гэтыя мае нявольнікі, туркі, жылі ў Рушчуку – дык я хацела ад іх, каб далі мне за сябе па пяць тысяч польскіх. I вось мне яснавяльможны Якуб-паша ахвотна даў ардынанс, мубашыра, гэта значыць свайго шляхціца, які са мною разам Дунаем паехаў з Сылістры ў Рушчук – таксама ля Дуная горад – да рушчуцкага суддзі, каб ён тых маіх туркаў выклікаў у суд і мае дваццаць тысяч ад іх па законе забраў.

I вось я шчасліва з Сылістры выехала ў Рушчук з тым шляхціцам пашы і з ардынансам. Прыехаўшы ў Рушчук, мы аддалі лісты нашы і ардынанс. I былі да нас ласкавыя рушчуцкія паны, напрыклад, ваявода Хаджы-Ахмет-паша, яснавяльможны пан дэ Магілабей, і іншыя, і сам суддзя. I двое туркаў, маіх нявольнікаў, хутка без суда і клопату з радасцю да мяне прыехалі, бо ў вёсках жылі, і так мне мовілі: «Ты матуля наша і пані, а мы сапраўдныя нявольнікі твае, але не можам так шмат даць, колькі ад нас патрабуеш, злітуйся і вазьмі ад нас, што даць можам». Дык з прычыны сяброўства з іншымі панамі, што за іх прасілі, я па іх просьбе згадзілася з імі, узяла пяць тысяч польскіх і праз суд распіскі ім дала, а таго шляхціца, аддзячыўшы за ягоныя клопаты і адпісаўшы ліст Якубу-пашу, адаслала назад.

А два туркі, нягоднікі, вельмі мне супраціўляліся, не хацелі нічога даць. Спачатку казалі, што князь яго мосць Радзівіл ім загадаў, каб яны мне нічога не давалі, іншы раз мовілі, што яны самі ўцяклі з няволі, а я іх толькі на дарозе знайшла і з Масквы ў Літву прывезла, дык мне толькі за фатыгу можна даць, а не дзесяць кес, як я ад іх патрабую. I не хацелі яны падпарадкоўвацца закону, а падалі на апеляцыю ў Стамбул і самі паехалі ў Стамбул. Тым часам прыехаў да мяне на лячэнне адзін турак, якога звалі Хасан-паша, з Біліграда, сляпы на абодва вокі. Старгаваўся ён са мною за дзевяноста чырвоных злотых і адразу даў пяць ды абяцаў праз тры дні даць 85 чырвоных злотых. Значыцца, пачала я яго лячыць і лячыла дзён пятнаццаць, і стаў ён бачыць. Мовіла яму: «Пане Хасан, ужо не пяць дзён, а пятнаццаць, ды бачу, што мне абяцаных 85 чырвоных злотых не даеш». Тады мой добры Хасан-паша ўзяўся мяне з Імем Божым прасіць, каб я яго дасканала вылечыла, а што да грошай, дык ужо і шэлега не мае, але абяцаў, што мне будзе пяць гадоў за гэта служыць. I вось з ласкі Божае задаволена я была гэтым і лячыла яго далей так дасканала, што бачыў, як і раней.

Гэтаму Хасан-пашы купіла я каня, забяспечыла на дарогу і паслала ў Стамбул з лістом да Ях'і-пашы, што быў у няволі ў Пецярбургу, калі мне Анна Іванаўна загадала выдаць чатырох туркаў, і гэта Ях'я-паша добра ведаў.

Тыя два туркі, нягоднікі Ібрагім-ага і Хусейн-ага, што раней паехалі ў Стамбул і пайшлі на Дыван, дабіваліся свайго інтарэсу, даказваючы сваю праўду, што мне нічога не павінны даваць, і згодна з іх тлумачэннямі атрымалі дэкрэт, каб мне крыху толькі далі за тое, што я іх везла і карміла ў дарозе. Але ж мой лёкай Хасан-паша, якому я вылечыла вочы і паслала з лістом у Стамбул да Ях'і-пашы, быў чалавек спрытны, разумны і верны. Аддаўшы ліст Ях'і-пашу, ён больш вусна пра інтарэс распавёў, чым я пяром накрэсліла, і вось мой добры паша, не зважаючы на клопаты, сам паехаў да візіра і засведчыў, што праўда на маім баку, што я іх выслужыла і выпрасіла ў найяснейшай яе мосці імператрыцы, і яны мае ўласныя нявольнікі. I атрымаў мне такі ардынанс, каб пасля прачытання яго тых двух туркаў тут жа закавалі і аддалі ў мае рукі, і вольна мне іх да жорнаў прыкаваць, каб малолі, і вольна мне іх у Польшчу браць, калі б зноў здарылася, каб туркі ў палон трапілі, дык іх не варта і за злоты выкупіць, бо мяне за маю стараннасць, вернасць і выдаткі не захацелі шчодра аддзячыць. I вось мой паслухмяны Хасан-паша, атрымаўшы ардынанс і ліст, alias адказ ад Ях'і-пашы мне, выехаў са Стамбула, і шчасліва прыехаў да мяне ў Рушчук. Як мой лёкай Хасан-паша да мяне прыехаў, я забараніла яму, каб нічога нікому не гаварыў, што я маю такі спрыяльны ардынанс са Стамбула.

I вось праз колькі тыдняў прыехалі і мае два туркі-нявольнікі са Стамбула, бо яны там па сваіх справах бавіліся, і прыйшлі да мяне і кажуць: «Мілая пані, мусім з васпаняю ў суд ісці. Мы маем ферман нічога васпані не даваць». Я таксама кажу: «Згаджаюся з воляю Божай і з урадам стамбульскім». Значыцца, пайшлі мы ў суд, і паказалі суддзю мае нявольнікі свой ардынанс, дзе напісана, каб яны мне нічога не давалі. I так мовіў да мяне яго мосць пан суддзя: «А што мне тут чыніць, мілая пані? Ужо дэкрэт маецца, я яго парушаць не магу».

Я ж таксама адказваю: «Ваша мосць пане суддзя, у мяне таксама ёсць моцны стамбульскі дэкрэт, дык і яго парушыць не можаш». Дастала свой ардынанс і дала на чытанне суддзі. Як суддзя на людзях ардынанс прачытаў, перапалохаліся мае нявольнікі, а іншыя прысутныя надзвычай былі здзіўлены. Дык суддзя мовіў тым двум туркам: «Хочаце яе мосць паню лекарку супакоіць ці вас загадаю закуць і ў яе рукі аддаць, і будзеце яе нявольнікамі?» Адзін, Ібрагім-ага, мовіў: «Я пайду пашукаю за сябе паручыцеля, а сам пайду дадому і аддам грошы». I мы выйшлі з дому суддзі, а Хусейн-ага ў шаленстве кідаецца на мяне і клянецца, што заб'е мяне. А я са смехам кажу яму: «Пане Хусейн, ты думаеш, што нашы полькі заечыя сэрцы маюць, як вашыя балгаркі альбо валашкі?» I дастала пару набітых круціц [139] з кішэні і працягваю: «У мне хопіць пораху на лёкаяў васпана. Аддай, васпан, што мне належыць, а пасля няхай тое будзе, што Бог дасць». Прысутныя пацяшаліся са смеласці маёй. Карацей, за чатыры тыдні атрымала я ад гэтых двух туркаў-нявольнікаў польскіх васемнаццаць тысяч, і мы пагадзіліся, і гэтыя туркі такое мне зычылі: «Калі б такая патрэба была, казалі, пайшлі б мы зноў у няволю, а ты, каб заўсёды вольная была, матуля нашая».

Я ў гэтым Рушчуку шчасліва жыла і з усіх бакоў пацыентаў і значныя барышы з ласкі Божае мела.


У гэты час прыязджае той венгр Махмет, а па-хрысціянску Уладзіслаў, нявольнік Алі-агі, з якім я з Хоціна ў Бухарэст прыехала, бо той Алі-ага недалёка ад Стамбула памёр у дарозе, аднак не забываў пра сваё абяцанне гэтага венгра мне падараваць. I ўсіх сваіх нявольнікаў перад смерцю вызваліў, даў ім вольныя лісты і кожнаму па сто леваў і сукні, што мелі. Той Алі-ага меў сто дваццаць нявольнікаў і нявольніц у дарозе і ў Стамбуле, а венгру Уладзіславу Тапліцы загадаў: едзь ты назад з адным байрактарам, гэта значыць харунжым, з Разграда [140] ў Рушчук да пані лекаркі. I даў яму сукні, і сто леваў, і ліст вольны. Але гэты Уладзіслаў быў чалавек малады, не практычны, ён аддаў свой вольны ліст і сто леваў на захаванне свайму таварышу, харунжаму. Так яны ў Рушчук прыехалі, і венгр да мяне прыйшоў і кажа: «З'явіўся па загадзе майго пана Алі-агі і хачу служыць васпані». А харунжы мовіў: «Ты ж дурань, пане венгр. Ці ж можаш ты пані лекарцы служыць, калі ты мой нявольнік? Пан твой перад смерцю сваёй мне падарыў цябе». I вось з гэтага шум зрабіўся. Пайшлі мы ў суд. Я мовіла: «Гэты нявольнік – мой». Харунжы таксама сказаў, што ягоны, сведкаў жа мы не мелі. I так таго венгра ацанілі: шэсцьсот леваў варты, і каб яго прадалі, дык і мне, і харунжаму па трыста леваў далі б, альбо калі яго хоча харунжы, няхай мне трыста леваў дасць, а калі я хачу гэтага венгра, дык каб я харунжаму дала трыста леваў, але на мой выбар. Дык я, на Пана Бога спадзеючыся, што ў свой час зноў можа быць хрысціянінам, бо не па добрай волі стаў туркам, а таму, што ў палон трапіў, я дала трыста леваў харунжаму і ўзяла сабе венгра, які мне верна, і пільна, і пабожна служыў.

У той час у Рушчуку захварэў сын мой, Станіслаў Костка, на хваробу святога Валента, і так доўга, на цэлы тыдзень, і штодзень па колькі разоў, і так цяжка, што без надзей на жыццё, ад гэтай хваробы я такую вялікую тугу мела, што ледзь жывая засталася. Але мне людзі тутэйшыя параілі, што тут ёсць непадалёку ад Рушчука адзін святы Дзмітры, вельмі добры, ён з дапамогаю Пана Бога ад усіх хвароб і недамаганняў лечыць. Дык я туды паехала са сваім дзіцем і, паводле тутэйшага звычаю, купіла барана і казала прынесці яго ў ахвяру. Мяса і скуру ўбогім раздалі; у час службы Божае дзіця таму святому Дзмітрыю ў труну паклалі, яно ні плакала, ні грудзей не брала, толькі калацілася ў курчах і муках, аж пачарнела. Як толькі імша закончылася, дзіця заплакала. Яны, тыя папы, дзіця з труны вынялі і мне, маці, здаровае і вясёлае далі. Бачыла я, што там у труне яно так упацела, нібыта ў вадзе ляжала, і хутка грудзі ўзяло і здаровае было, дзякуй Богу на вякі.

Калі я жыла ў Рушчуку, была там адна нявольніца-немка ў аднаго турка. Тая нявольніца вельмі мяне прасіла, каб я яе выкупіла, што я з задавальненнем хацела зрабіць і давала за яе і трыста, і чатырыста леваў, аднак яе пан, той турак, не захацеў нявольніцу прадаваць. Тады я ёй трыццаць леваў падаравала і такую параду дала: «Уцякай ад свайго пана, але нічога не бяры, апраніся ў жаночае, як сялянкі ў вёсцы ходзяць, і ўцякай за Дунай у Гіяргеву [141], у Бухарэст». I дапамагла той немцы, што паказала, дзе святую імшу адпраўляюць, і яна паспавядалася, і прычасце ўзяла, бо ў Рушчук толькі таемна каталіцкі ксёндз прыязджае дзеля набажэнства некалькіх католікаў, рушчуцкіх жыхароў. Але тая дурная, бязбожная немка набрала колькі магла сукняў, хустак ды іншых рэчаў, і ў турэцкім строі, наняўшы фуру, пераехала з Рушчука праз Дунай у Гіяргеву, і паехала ў Бухарэст, заехала ў карчму, дзе музыкі граюць, адразу скінула з сябе ферэдзу і яшмак [142] і скакаць пачала са жлуктамі.

Яе пан адразу ж да мяне прыслаў, пытаючыся пра сваю нявольніцу. Я адказала, што не ведаю. Той турак шмат выдаткаваў, за ёю пагоню пасылаючы. Потым атрымаў вестку, што яна ў Бухарэст уцякла. Паехаў за ёю і знайшоў у карчме, ужо пераапранутую, ужо сукні турэцкія загадала на нямецкія перашыць, памарнатравіла, папрапівала беднага турка рэчы.

Пытаецца ў яе турак, чаму ўцякла. Яна адказвае адразу ж: «Пані лекарка мяне намовіла, каб уцякала і адраклася ад добрае турэцкае веры, а кепскую хрысціянскую прыняла, і загадала мне паспавядацца і прычасціцца». Тут нападкі на мяне пачаліся. Той турак з нявольніцаю з Бухарэста вярнуліся ў Рушчук, і выклікаў ён мяне да суддзі, а тая так мне ў вочы сыпала: «Ты ж мяне ў кепскую веру намовіла, ты ж мне трыццаць леваў дала!» I ўсё больш мяне абвінавачвала і ўсіх рушчуцкіх католікаў і ксяндза. Я ж толькі паклалася на волю Божую і дапамогу Ягоную, бо гэтая справа крымінальнаю была. Раптам суддзя так мовіў: «Ты ж старэйшая за паню лекарку, дык чаго ты яе паслухала? Было табе лепей пані лекарку намовіць, каб яна турчанкаю стала! Але, відаць, здаўна ты, блудніца, лёгкаветранка, жлукта, нападаеш на чужых людзей!» I загадаў даць ёй сто чыбукоў па плячах, прывязаўшы рукі да слупа. Вішчала яна, як казёл. А турку мовіў: «Ведаеш, браце, што кожная птушка ў клетцы, хоць бы цукар ела, радая вылецець адтуль, так і нявольнікі з няволі радыя ўцячы; трэба добра пільнаваць сваю нявольніцу».

А мне, аднак, прысудзіў выдаткі вярнуць, якія той турак меў, яе шукаючы, і мусіла даць дзвесце пяцьдзясят леваў і дзякавала Пану Богу за вызваленне. Пасля, пражыўшы ў Рушчуку каля двух гадоў – ужо мела ледзь не сорак тысяч сваіх, – захацелася мне на бяду сваю зноў у Польшчу. I вось выбралася я ў дарогу Дунаем з Хасан-пашою, туркам маім, з венграм Уладзіславам, нявольнікам маім, і з Бенядыктам, палякам, верным маім лёкаем, і з сынам маім Станіславам, і паехалі мы вазамі ў Галач [143], а з Галача ў Ясы на Валахіі.


Прыехалі мы ў Ясы ў бытнасць князя яго мосці Канстанціна Маўрыкардайскага [144], і наняла я там сабе жытло. Сустрэла я там пачцівых, годных людзей у двары таго князя, напрыклад, вяльможнага яго мосць пана Яна Дэйму, сакратара, яго мосць пана Эпіса, яго мосць пана Сталя. Яны рэкамендавалі мяне яго мосці князю, і вось мела я значную пенсію, прадукты і пакой, дык у Ясах пражыла колькі месяцаў, а Хасан-паша, мой турак, такі быў мне верны і ўдзячны, што не толькі мне ўсялякага дабра зычыў, а нават рады быў, пэўна, і рай мне даць, думаючы, што ягоная турэцкая вера вельмі добрая, і заўсёды намаўляў мяне да турэцкае веры, жадаючы майго збаўлення. Бачачы ягоную палкасць да збаўлення, пачала я мовіць: «Мой каханы Хасане, бачу, што ты добра ведаеш сваю веру. Калі ласка, распавядзі мне сумленна з пачатку аж да канца, я таксама табе, мілы браце, сваю хрысціянскую з пачатку раскажу аж да канца, і я пагляджу, ці будзеш мне зычыць, каб я ад свае адраклася (крый божа), а турэцкую прыняла». I так мы сабе вольнымі гадзінамі гаманілі, ён мне аднаго дня пра турэцкую, а я другога пра Хрыстуса і пра догмы веры. Так Дух Святы ўчыніў, што ён запалаў да хрышчэння, што не захацеў мяне чакаць у Ясах, а раней паехаў у Жванец, а са Жванца ў Чорнаказінец [145] да яснавяльможнага яго мосці ксяндза біскупа Дамбоўскага і так распавёў пра мяне, што я яго святое веры навучыла, і ён прагне хрышчэння. I быў дзеля Бога ахрышчаны. Яго сам яснавяльможны ксёндз біскуп Мікалай Дамбоўскі [146] ахрысціў, і цяпер ён вельмі добры і пабожны хрысціянін, і завецца зараз Мікалай Надольскі. Ажаніўся ў Чорнаказінцы і жыве ў Навасёлцы, там ягоная жонка і дзеці, і яснавяльможны яго мосць ксёндз-біскуп дапамагае яму, адным словам, добры хрысціянін.

Венгр Уладзіслаў, каханы чалавек, служыў мне верна, ды я падумала: хоць я за яго і дала трыста леваў, але калі буду доўга трымаць, тады мала буду мець заслуг, ведаючы, што ён у сваім краі багаты і добры шляхціц, дык я яго сабрала і дала колькі леваў на дарогу, каб ехаў у Венгрыю на сваю бацькаўшчыну, і пакінула яго ў езуітаў у Ясах.

3 Ясаў, развітаўшыся з добрымі прыяцелямі, я выехала з Бенядыктам Скалубовічам і прыняла жаўнера, імператарскага дэзерціра Юзафа, фурмана, і дзяўчыну, і белагаловую Соф'ю Бераздэцкую, і мы шчасліва праз Хоцін у Камянец-Падольскі прыехалі, і была я па-чалавечы прынятая яснавяльможным яго мосцю панам генералам Дамінікам Бякерскім, камендантам камянецкім ды іншымі годнымі яснавяльможнымі, а таксама і рознага стану людзьмі, і адразу забрала сына свайго Францішка Пільштына ў яснавяльможнай яе мосці пані Патоцкае, кашталяніхі брацлаўскае, якога пакідала з мамкаю на ейную панскую ласку, а дачка мая ад першага шлюбу Канстанцыя Гальпірова заставалася ў Алыцы з маім мужам яго мосцю панам Юзафам Пільштынам, а муж мой з Алыкі прывёз яе ў Львоў і аддаў яе ў кляштар вялебным законніцам-бенедыктынкам армянскае нацыі. Я пра яе з ласкі Божае клапацілася яшчэ з Турцыі, пасылала грошы, а цяпер, спыніўшыся ў Камянцы, паслала па яе, і яна прыехала да мяне ў Камянец, жыла колькі месяцаў у пакоі з дзеткамі маімі.

Мужа зусім не хацела, ні з ім жыць, ні таксама старацца пра развод, бо я хацела ў набажэнстве жыць, таму што мне замужжа косткаю ў горле стаяла, такі мне свет стаў агідны. Я ў Камянцы шмат выдаткавала, бо мела чатыры коні, колькі людзей, дзетак і заўсёды гасцей, дык хацела ў душы, каб дзяцей у добрым месцы пакінуць, а самой зноў назад вярнуцца ў Ясы дзеля заробку.


1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   ...   15


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка