Саламея Пільштынова




старонка4/15
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3.06 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   15

СМЕПІНЫ ВЫПАДАК ЗДАРЫЎСЯ Ў РУШЧУКУ
Мела я людзей, даўніх лёкаяў, якія ведалі мужа майго яго мосць пана Якуба Гальпіра. Пасля ягонае смерці яны заўсёды са мною былі і ў Рушчук прыехалі. Быў адзін хлопец, Юзаф, лёгкага сумлення чалавек, але ж яго мусіла трымаць з-за ягонае душы, каб у Турцыі не загінуў альбо ў няволю не трапіў. Ужо яго хацела ў Польшчу вывезці да хрысціян. I вось у Рушчуку мелі мы ля Дуная прыстойнае жытло ad instar кляштара. Знадворку мае пакоі, а ўнутры – кадыні, гэта значыць мужа з жонкаю і дзецьмі.

Той непаважны хлопец, Юзаф, дадумаўся і сярод ночы ўлез у пакой, дзе муж з жонкаю спалі, дык яго муж схапіў, і страшэнна збіў, і ў вязніцу пасадзіў, і быў ён ужо на смерць асуджаны, бо калі хто красці маёмасць улез у спальню ці дзеля кепскага ўчынку з чужою белагаловаю, а да таго ж з турчанкаю, дык быў варты ён смерці. У гэты час моліць мяне хлопец Юзаф, каб дзеля пяці ран Хрыста Пана ў судзе ўпрасіла, каб яго выслухалі, і ён дакажа сваю нявіннасць, бо ён зусім нявінны. Смяяліся ўсе з гэтага, але на такія просьбы мусіла гэта ўчыніць і пайшла да суддзі, просячы яго, каб ён сам Юзафа выслухаў. I вось Юзаф стаў перад судом. I так пачаў Юзаф урачыстую прамову да мяне: «А ці памятаеш, пані, пры жыцці святое памяці пана майго і мужа вашае мосці пані дабрадзейкі часта гаворку вы мелі, што дамы польскія валасы сабе на галаве стрыгуць, і таму, што штодзённа чэшуць грэбнем, галава пасля не смярдзіць, і таму пан хваліў польскіх дам. А вашамосць пані дабрадзейка інакш мовіла: папраўдзе не смярдзяць галовы турчанак, а такія прыгожыя, прыстойна аздабляюць белагаловых, хто валасы доўгія мае і колькі кос заплеценых. Я ж хацеў праўды дабіцца, хто праўду мовіць ці пан мой, ці пані мая, то, стоячы з талеркаю ля стала, каля крэсла альбо табурэткі, за паняю маёй, нюхаў галаву, а тае начы пайшоў да гэтае турчанкі не красці багацце, набытак, не дзеля чаго кепскага, а толькі, прынамсі, хадзіў у чужую спальню, каб панюхаць галаву турчанкі, абы добра ведаць, чыя галава смярдзіць, а чыя пахне». Суддзя і ўсе прысутныя, паслухаўшы ягонае дурное тлумачэнне, вельмі смяяліся, і так суддзя сказаў: «Гэта вар'ят. Я гэтага вар'ята судзіць і асуджаць на смерць не магу, толькі пастанаўляю даць яму 300 кіёў па нагах, каб больш галовы белагаловых перастаў нюхаць». I далі яму па нагах 300 кіёў моцных і вызвалілі той жа гадзінаю.

У той час вялікія войны былі з персамі, з немцамі і з маскалямі. I як была крывавая вайна ў Азове [114], тады мае добрыя прыяцелі, турэцкія паны, на вайну паехалі супраць маскалёў. А калі Пан Бог паслаў туркаў на маскоўскую моц і магутнасць, дык колькі дзясяткаў тысяч туркаў загінула і колькі дзясяткаў тысяч у няволю маскоўскую трапіла, як таксама жонкі і дзеці турэцкія без ліку трапілі ў няволю. Вось і мае добрыя прыяцелі без вестак прапалі, невядома, ці забітыя на вайне, ці ў палоне. Вялікі смутак, плач і лямант падняўся ў дамах маіх добрых прыяцеляў. А я мела натуру, ад Бога дадзеную, што за дробязь, калі ад каго слова добрае чула альбо кавалак хлеба ў хаце іх ела, дык ужо да смер-ці за гэта доўг мела. I так мовіла жонкам маіх прыяцеляў і братам альбо сваякам, да каго гэтыя словы належала мовіць: «Панове мае ласкавыя, калі я ў ваш край і горад прыехала і была ў той час у бядзе, вяльможнае панства мяне прыняло, пад апеку сваю ўзяло і з ласкі Божае і вашае добра мне ў вас жылося, а прытым мой любімы пацыент, сын эстэрэдзы-пашы, што меў пухліну галавы, і ён на вайне загінуў, а засмучаны бацька ледзь не памёр з жалю, я вось вырашыла ехаць з Рушчука праз Польшчу ў Пецярбург да найяснейшай яе мосці імператрыцы, маючы надзеі на Бога і на ласкавую манархію, што мне тых туркаў, дзеля якіх еду, на просьбы мае не адмовіць і выпусціць іх з няволі».

Дык узяўшы Пана Бога на дапамогу, я развіталася з усімі туркамі, і пацыентамі маімі, і са знаёмымі. Далі мне яны 40 туркаў канвою, і я паехала з Рушчука ў Польшчу, узяўшы сваю дачушку і нявольніка пана Юзафа Пільштына, і лёкаяў, і ўсё тое, што мела з ласкі Божае, і, праехаўшы праз Магілёў [115], спынілася проста ў Бары [116].



Раздзел другі
Я ДРУГІ РАЗ ІДУ ЗАМУЖ ЗА ЯГО МОСЦЬ ПАНА ПІЛЬШТЫНА
Прыехаўшы ў Бар, я мела намер пакінуць свайго нявольніка тут у езуітаў з тым, каб ён пісаў сваім бацькам у Карніёлію ў Лайбах, абы за яго прыслалі 300 чырвоных злотых; і няхай сядзіць у Бары ў езуітаў, пакуль за яго не аддадуць грошы, толькі тады будзе вольны яго мосць пан Юзаф Пільштын. Як даведаўся яго мосць дэ Пільштын, што я яго хачу пакінуць у езуітаў, дык пачаў вельмі горка плакаць. Я пыталася пра прычыну слёз, але ён не хацеў мне казаць. Тады мовіла: «Калі не хочаш, яго мосць пане Юзаф дэ Пільштын, мне самой распавесці, дык скажы езуітам». Ён абяцаў, і вось якім быў аповед яго мосці пана Юзафа дэ Пільштына, майго нявольніка, афіцэра ў званні харунжага ў рэгіменце яснавяльможнага яго мосці пана Дамніца, генерала імператарскага войска, які быў раней у турэцкі палон узяты пад Краёвай у 1737 годзе. Ён езуітам сказаў: «Калі мая пані, яе мосць пані Гальпірова, медыцыны лекарка, выкупіла мяне з турэцкае няволі і служыў я ёй два гады, а яна па волі Бога ўдава, і я чалавек вольны, дык рады быў стаць ёй на ўсё жыццё сябрам. Абяцаю такую самую пашану, рэпутацыю і паслугі пасля шлюбу, як і цяпер, калі я – куплены яе нявольнік».

Распавялі мне пра гэты намер іх мосці ксяндзы езуіты і хвалілі, што ён чалавек добры, вялікай адукацыі (пра гэта я раней казала). Карацей, узважыўшы ўсе акалічнасці, што я ўдава, у розных краях бываю, але мяне аніводзін пан, ні стараста не возьме; о! няхай, думаю, будзе воля Божая са мною. Карацей, праз колькі тыдняў я бяру шлюб з яго мосцю Юзафам дэ Пільштынам у Дубне [1].

Прыехаўшы ў Дубна з Бару, мы стараліся знайсці службу майму мужу ў светлага князя яго мосці Сангушкі [2], ардыната, але не маглі дабіцца, каб мог быць афіцэрам у ардынацыі. У гэты час у самыя Запусты прыязджае ў Дубна з Алыкі [3] светлы князь яго мосць Радзівіл [4], гетман польны літоўскі, і ён з вялікай ахвотаю прымае нас; майму мужу адразу дае патэнт на харунжаства, мяне за лекарку бярэ з сабою ў Нясвіж [5] у Літву.

Як кажуць: як ажаніўся, дык і перамяніўся. Ужо муж мой новы не так мяне шануе, як раней, ужо кажа: «Вашая мосць пані толькі лекарка, а я імператарскі, а цяпер літоўскі афіцэр». Пасля такога шчасця заракаўся, што будзе паручнікам, капітанам, штабс-афіцэрам, і ўжо мяне не вартаю сябе лічыў. Але я, аднак, памятаючы прысягу маю і прыпісваючы ўсё гэта волі Пана Бога, экіпіравала яго: вопратку, коней, збрую, пісталеты, каснікі, рынкраг [6], насоўкі, пасцель ды іншым і што патрэбна. Адным словам, выдаткавала на яго 5000, бо гэта і гадзіннікі, і табакеркі, і залатыя сыгнеты. А пасля задумала я з Нясвіжа, горада ў Літве, у ваяводстве навагрудскім, выехаць у Маскву [7] ў Пецярбург вызваляць тых маіх туркаў. Дык пакідаю маю дачку ад першага шлюбу Канстанцыю Гальпірову ў Нясвіжы ў кляштары ў вялебных паненак бенедыктанак на вучобу, бо яна не ведала і слова па-польску, а толькі па-турэцку, і пакінула свой набытак і ўсю рухомасць у кляштары, а што належала мужу майму, тое ўсё яму пакінула. У дадатак да гатовае платы за службу.


ВЫЕЗД 3 НЯСВІЖА Ў ПЕЦЯРБУРГ
Укленчыла я перад светлым князем яго мосцю Радзівілам, гетманам літоўскім, просячы пашпарт і ліст інстанцыяльны [8] ў тую дарогу для мяне да найяснейшай расійскай яе мосці царыцы Анны Іванаўны [9], але князь яго мосць адмовіў мне, кажучы: «Чаго ты паедзеш у такі далёкі і небяспечны край? Вызваляць тваіх знаёмых туркаў? Ці разумна гэта, ці не фамільярна польцы без усялякіх заслуг у расійскага двара ў найяснейшай яе мосці царыцы прасіць за туркаў, непрыяцеляў Масквы? Не дам табе ні пашпарта, ні інстанцыяльнага ліста, бо як на мой ліст яе мосць царыца нічога не ўчыніць, дык гэта мяне зняважыць». Так мне казаў князь Міхал Радзівіл, гетман літоўскі. А я, укленчыўшы перад ім, мовіла яму: «Ваша мосць князю-дабрадзею, хоць ты мне і не дасі пашпарта і ліста, аднак я паеду і маю спадзяванне на Бога майго на найяснейшую манархіню Анну Іванаўну, імператрыцу расійскую, што аддасць яна мне тых туркаў, і я з выгодаю і ў радасці, дасць Пан Бог, вярнуся з Масквы і буду служыць вашай княжацкай мосці». Я развіталася з мужам маім, і з дачкою маёю, і з добрымі прыяцелямі, выспавядалася і ўзяла прычасце ў яго мосці ксяндза Празора, бенедыктына, прыдворнага капелана самой яе мосці княгіні-дабрадзейкі, і выехала з горада Карэлічы ў тую дарогу.

На другі начлег спынілася я пад Наваградкам у карчме, у маёнтку вяльможнага яго мосці пана Лопата [10], бабруйскага старасты, а ў той час наваградскага пісара, які цяжка хварэў на галаву і зубы. Даведаўшыся, што я лекарка, вяльможны яго мосць пан Лопат прыслаў па мяне, каб прыехала з каляскаю і сваімі людзьмі, гэта значыць з Бенядыктам Скалубовічам, пачцівым і годным шляхціцам 3 Літвы, а другі чалавек да коней Юзаф Бяліцкі. I вось толькі я ў двор вяльможнага яго мосці пана Лопата прыехала і лекі ад зубоў дала, як праз дзве гадзіны прыязджаюць госці, двое годных маскалёў, родных братоў Лівенаў. Адзін генерал, a малодшы – палкоўнік. Была там таксама і светлая княгіня яе мосць Радзівілава [11], наваградская ваяводзіха. Дапамаглі вяльможнаму яго мосці пану Лопату мае лекі, таму прасілі гэтыя паны за мной, каб мне гэты вяльможны яго мосць генерал Лівен даў пашпарт у Пецярбург, што гэты генерал з вялікаю ахвотаю ўчыніў. Даў мне пашпарт і рэкамендацыі да многіх паноў і генералаў лістоўна, а вяльможны яго мосць Лопат шчодра забяспечыў мяне на дарогу, і я шчасліва выехала ў Вільню.

У Вільні я спынілася ў езуіцкай карчме і хутка пазнаёмілася з годнымі панамі, і дамамі, і з манашкамі; было гэта ў час Трыбунала, і я забавілася тут тыдні.

Тым часам светлы князь Міхал Радзівіл, гетман літоўскі, з дабрадзейства свайго і літасці нада мною прыслаў мне вельмі хвалебны і карысны ай іпзіаг інструмент, ці пашпарт, які я і цяпер маю пры сабе, і ён засведчвае маю асобу. Пазнаёмілася я і з яснавяльможнай яе мосцю паняю Дунінай [12], народжанай княжною Трубяцкою, маскоўкаю; гэтая пані мела бацькоў у Пецярбургу, бацьку і маці, а таксама дзядзькоў, родную цётку, таксама княгіню Трубяцкую, што была замужам за царэвічам [13], які быў у ганаровым почту нашага найяснейшага яго мосці караля [14] ў час яго каранацыі. А гэтая княгіня Трубяцкая, якая была за літоўскім сенатарам, яснавяльможная яе мосць пані Дуніна, дала мне лісты бацькам сваім і да годнай сваёй фаміліі і вельмі добра мяне ў лістах сваіх рэкамендавала.

Я шчасліва выехала з Вільні, выдаткаваўшы некалькі дзясяткаў чырвоных злотых, і ехала праз Жмудзь праз Біржы [15] ў Рыгу. У Біржах заехала ў карчму, а там удава-гаспадыня, немка, здзіўлялася маёй адвазе, што маладая белагаловая толькі з двума людзьмі адважылася ехаць у такую далёкую дарогу. А горад гэты памежны, тут розныя рабаўнікі збіраюцца, бо Біржы – Польшча, маёмасць светлых Радзівілаў, а Рыга – ужо Масковія, і вось тут заўсёды ліхадзеі знаходзяцца, уласна, як і каля Кіева, і каля Белай Царквы [16], бо я і там усё добра ведаю. I вось як я ад тутэйшых людзей пачула пра небяспеку, дык прасіла іх, каб пра гэта нічога перад людзьмі маімі не ўспаміналі, і гэта таму, каб яны са страху ад мяне не ўцяклі. Напасвіўшы коней, я загадала запрагаць, а гаспадыня таго дому з сынам сваім селі са мною побач у маю каляску, бо меліся ісці да зяцёў сваіх, і паехалі мы на вальны гасцінец. Яны добра растлумачылі мне дарогу: «Тут да вёскі дзве мілі. Едзьце ж гэтым вальным гасцінцам, не патураючы коням, каб да вечара даехалі. Не бярыцеся ні ўправа, ні ўлева».

Я развіталася са сваёю гаспадыняю і загадала дзеля Бога ехаць, аднак не ведаю, якім чынам збіліся мы з вальнага гасцінца на малую дарогу, а тым часам вечар надыходзіць. Ах, вельмі мяне гэта засмуціла. Тут чую гоман вялікі ад мітусні, і іншага выйсця няма, як спыніцца ціха на месцы, аднак двое вершнікаў да нас едуць і шмат людзей пешшу з косамі і каламі, наракаючы, на нас ідуць. Як падышлі да нас, кажуць: «Адкуль такая смеласць, адна белагаловая з двума людзьмі наважылася па гэтых небяспечных дарогах ездзіць?» Адзін вершнік кажа: «Я гаспадар гэтай вёскі, а гэтыя людзі — мае падданыя, на лямант купцовых людзей на вялікім гасцінцы мы ўзрушыліся і ездзілі на дапамогу і вось тых купцоў вызвалілі ад ліхадзеяў, аднак адзін з тых купцоў забіты, а ліхадзеяў было 24, мы чатырох звязалі, а астатнія ўцяклі». I яшчэ распавёў мне гэты шляхціц, што колькі дзён назад адна годная шляхцянка ехала з пяццю людзьмі па гэтай дарозе, і вось яе з людзьмі забілі ліхадзеі, толькі адзін лёкай уцёк. А гэтую забітую шляхцянку пахавалі ў Біржах.

I пытаўся ён у мяне, адкуль я еду гэтай дарогаю. Адказваю: «3 Біржаў». Мовіць мне той шляхціц: «Колькі жыву, гэтай дарогаю толькі сена альбо снапы возяць». Кажу, што заблудзілася. «Ах, – мовіць, – дзякуй Пану Богу, што васпані заблудзіла, бо каб ехала вальным гасцінцам, дык пэўна б тым ліхадзеям у рукі трапіла». А простыя людзі казалі: «Нават калі б біты талер правадніку дала, не змог бы ён лепш правесці сцежкамі да нашае вёскі, як яна і адна вальным гасцінцам прыехала».

Гэты пан шляхціц аказаўся нягжэчным, не ўзяў нас у двор, толькі загадаў у вёску да карчмы паказаць нам дарогу ў змроку, а там габрай неахайны. Надзвычай я знудзілася, спыніўшыся на колькі дзён, бо небяспечна было адной ехаць праз лес і гэтай дарогаю ў Рыгу. I тут воля Божая ўчыніла, што нейкі шляхціц, яго мосць пан Пшэмскі, з-пад Вільні ехаў конна з двума людзьмі, са зброяю ў руках, і меў 14 вазоў, ці падвод, запрэжаных чацверыкамі, ільну, які вёз у Рыгу на карабель, а карабель гэты, ці віціна, стаяў на рэчцы Дзвіна. Дык я таго шляхціца моцна прасіла, каб мяне ў кампанію з сабою ўзяў у Рыгу, што ён з ахвотаю паабяцаў, пачакаў, пакуль мы сабраліся, узяў мой экіпаж, ці каляску, у сярэдзіну сваіх вазоў і так вось шчасліва давёз мяне.


ДА РЫГІ
Вельмі спадабаўся мне гэты пышны горад, і я адразу ж вырашыла пажыць у Рызе колькі тыдняў, каб пазнаёміцца з гэтым прыгожым горадам і яго людзьмі. Заехала ў адну аўстэрыю, дзе гаспадыняю была полька, яе мосць пані Фравіцкая, і жыло там у яе шмат годных польскіх паноў; яго мосць пан Міхал Кроер, яго мосць пан Пшэмскі і шмат іншай шляхты. Кожны з нас меў асобны пакой, вялікія выгоды ў ежы, у пітве, у абслугоўванні, нават музыкаў, і былі мы ў бяспецы. Я пазнаёмілася з годнымі купцамі, а менавіта з яго мосцю панам Бекерам, а таксама з вяльможным яго мосцю панам генералам Бісмаркам [17] і з яе мосцю ягонай, і лячыла таксама людзей рознага стану, і мела сякую-такую карысць, адным словам, з гатовага нічога не страціла і прасіла вяльможнага яго мосць пана генерала Бісмарка дазволіць агледзець туркаў, якія былі тут у рускай фартэцыі ў няволі. I вось мне яго мосць пан Бісмарк з ахвотаю дазволіў пайсці ў кашары, дзе знаходзіліся турэцкія нявольнікі. Дык я з тымі туркамі размаўляла, пытаючыся ў іх па-турэцку пра маіх рушчуцкіх туркаў, і атрымала добрыя і добрасумленныя весткі, дзе і ў якой маскоўскай фартэцыі засталіся, і хто памёр, і хто жывы.

Пазнаёмілася я ў Рызе з адным афіцэрам, харунжым, які зваўся Бурман, быў ён чалавек годны, добры і выдатнай адукацыі кавалер. Ён меў у Рызе адну даму, роўную сабе, удаву, якая жыла ў дастатку і ўсялякія цноты і дасканалыя чалавечыя якасці мела. Гэты яго мосць пан Бурман хацеў мець гэтую даму за сяброўку жыцця, і гэтая дама моцна хацела быць жонкаю таго ж яго мосці пана Бурмана, бо адно аднаму ўзаемна лепшае зычылі, толькі што перашкаджала адна пэўная рэч, а менавіта гэты яго мосць пан Бурман меў бацьку маёра. Гэты ж маёр, штабс-афіцэр, быў вялікай дасведчанасці, знаўся на хірамантыі, гэта значыць, як у каго руку ўбачыць, дык адгадваў, што таму чалавеку было і будзе. I вось калі ў яго нарадзіўся сын, яго мосць пан Юзаф Бурман, дык бацька прарочыў яму, што на 20-м годзе свайго жыцця, і на 25-м годзе, і на 35-м годзе мусіць ганебнаю смерцю памерці. Так сталася, што на 20-м годзе свайго жыцця ўпаў ён у Няву [18] з канём, плывучы на пароме, і толькі адна нага ў стрэмені засталася, але як конь выплыў на бераг і тая выслізнула са стрэмені, і яго вадзяная плынь гадзін сем несла. На шчасце, схапіўся за вялікае дрэва, якое плыло, выхапленае імкліваю плынню, і так з дапамогаю Пана Бога прыплыў да берага.

Другая прыгода яго мосці пана Бурмана была на 25-м годзе ягонага жыцця, калі служыў у польскім войску, як ён казаў, пад булавою яснавяльможнага яго мосці пана гетмана Юзафа Патоцкага [19], гетмана вялікага кароннага, у якім рэгіменце і ў якой кампаніі, па праўдзе кажучы, я забылася, але яго мосць пан Бурман з нейкае прычыны адчуў агіду да службы ў Польшчы, дык дэзерціраваў, а калі ягамосця злавілі з трыма дэзерцірамі, якіх ён намаўляў да ўцёкаў, дык быў засуджаны да смяротнага пакарання, але напярэдадні сваёй смерці неяк удала з-пад варты зноў з двума жаўнерамі ўцёк і паспяхова вярнуўся ў Рыгу, на сваю бацькаўшчыну, і тут у Рызе ў гарнізоне даслужыўся чыну харунжага.

Гэтая дама ягоная, баючыся трэцяга параксізму, які на яго прыйдзе на трыццаць пятым годзе ягонага жыцця, а ў той час быў 35-ы год, хацела пачакаць, каб дажыў 36-га года, абы прайшла злая хвіліна прароцтваў ягонага бацькі.

А як той яго мосць пан Бурман навучыўся па-польску, будучы ў Польшчы, дык быў рады з палякамі весці знаёмства, і я з гэтае прычыны часта яго бачыла і добра пасябравала з гэтым кавалерам, які нe раз вадзіў мяне да свае дамы ў ейны дом.

Аднойчы пайшла жалобная пагалоска, што яго мосць пан Бурман арыштаваны, бо забіў на смерць капітана са сваёй кампаніі. Прычына гэтага забойства была наступная: той нябожчык вельмі кепска гаварыў пра даму яго мосці пана Бурмана, а яго мосць пан Бурман яе абараняў і казаў: «Гэта ніколі праўдаю быць не можа. Я гэтую даму так даўно, так шчыра кахаю і шаную, і яна мяне таксама: яна прыстойная і дабрачынная, што мне і слова непаважнага не дае сказаць, толькі кажа чакаць часу і волі Пана Бога, а як бы яна з чужымі, не дай Божа, такое дазволіла? »

Капітан адказвае смела: «Мне не патрэбны сведкі: я сам актор тае дзеі». Мовіць яго мосць пан Бурман: «Іду на сто чырвоных злотых у заклад, што гэта няпраўда. I хоць я ніколі не меў такога шчасця з жонкаю вяльможнага яго мосці пана дабрадзея мець блізкія адносіны, але калі сёння першы раз пайду, то здолею выклікаць да сябе гарачыя пачуцці яе мосці дабрадзейкі, праз тры гадзіны прашу прыйсці і ўпэўніцца, што кажу праўду».

Так і сталася. Яго мосць пан Бурман з дазволу яго мосці пана капітана пайшоў у ягоны дом і пачаў яе мосці капітанісе прадбачліва і падрабязна распавядаць, што ейны муж на людзях казаў, што кахаецца з той-та і той-та ўдавою, а ці ж не шкода вяльможнай яе мосці пані дабрадзейцы маладосці, бо яго мосць пан капітан кавалер у гадах, а так распусна жыве.

Абзываецца яе мосць пані капітаніха: «Ах, я веру гэтаму. Мой муж такі няўдзячны чалавек, нягоднага жыцця, што аніводная кухарка, аніводная нянька без ганьбы і абразы Божае з дому майго не выйшла, а няхай яго Пан Бог пакарае, каб раптоўнаю смерцю памёр, а мяне Бог аслабаніў ад гэтага кепскага чалавека!»

Яго мосць пан Бурман мовіць: «Такому мужу на злосць трэба vice versa [20] злосцю адплачваць». I так і гэтак словамі ядвабнымі злавіў яе мосць пані капітаніху, абедаў там, піў віно, узяў з чыстага золата табакерку і сеў з ёю на ложку. У гэты час прыходзіць яго мосць пан капітан, узрушана пачынае лаяць сваю жонку. Яна яго ў пяць разоў больш дакарала, што хваліўся на людзях, што мае блізкія адносіны з той дамаю.



Пан капітан адмаўляўся, а яго мосць пан Бурман і іншыя, што разам з панам капітанам прыйшлі, сцвярджалі, што праўда, што так ён казаў. Яго мосць пана капітана тут лепш бы халера ўзяла, выхапіў ён шпагу і тройчы ледзь не закалоў на смерць яго мосць пана харунжага, жыццё якому, аднак, Пан Бог выратаваў. А яго мосць пан харунжы, забыўшыся пра бяду, схапіў шпагу і з першага разу забіў капітана на месцы. Прысутныя не мелі моцы затрымаць яго, і ён пайшоў да свае дамы і распавёў ёй усю гэтую гісторыю і сказаў: «Ведай добра, мая пані, што я за твой гонар рад жыццём рызыкнуць». У гэты час прыйшла варта і арыштавала яго мосць пана Бурмана; дык усе палякі, што тут жылі, шкадавалі яго і хадзілі адведваць; а я была ягонаю прыяцелькай, дык і я наведала ягамосця ў вязніцы, бо ўжо выязджала ў Пецярбург і зычыла хуткага вызвалення. Але ягамосць на гэта не спадзяваўся, бо той капітан быў лютэранін, а яго мосць пан генерал таксама лютэранін, і ўсе штабс-афіцэры мелі да яго даўнія крыўды, і пры гэтым яго мосць пан Бурман быў католік; я яму абяцала, калі б воля Пана Бога была такою і мела шчасце гаварыць з найяснейшаю яе мосцю імператрыцаю і просьба мая каб месца мела, дык яму пад прысягаю абяцала прасіць за яго і даказаць невіноўнасць яго мосці пана Бурмана ў справе смерці пана капітана.
ВЫЕЗД 3 РЫГІ Ў НАРВУ
Прыехаўшы ў Нарву [21] выдатную фартэцу і прыгожы горад, які яшчэ Пятро Аляксеевіч [22], імператар расійскі, адабраў у шведаў (бо раней ён шведскі быў), і пайшла я там да вяльможнага яго мосці пана генерала Тараса Абрамавіча Шацілава [23], які быў камендантам гарнізона, і пыталася пра маіх туркаў, і мела дазвол пайсці да турэцкіх нявольнікаў і пытацца, і атрымала добрыя весткі пра іх, а вяльможны яго мосць пан генерал быў такі ласкавы і гжэчны, што ўзяў да свайго палаца мяне, і людзей маіх, і каляску, і аддала я яму ад яго мосці пана генерала Лівена ліст, што мне яшчэ быў дадзены ў Літве пад Наваградкам. Лячыла я там пані генераліху Шацілаву, жылося мне добра, бо былі гэта людзі бескарыснае дабрыні і пабожнасці. Мела пашану і некалькі дзясяткаў рублёў на дарогу і ліст ад яе мосці пані генераліхі да яе роднага брата ў Пецярбург, да яснавяльможнага яго мосці пана Сямёна Юр'евіча, брыгадзіра, ад сястры ягонай Марыі Юр'еўны. I вось шчасліва прыехала я ў Пецярбург, проста да палаца князя Шарамецьева на Васільеўскім востраве на 25-й лініі, дзе жыў Сямён Юр'евіч Каравулаў [24], брыгадзір, які некалі быў камендантам у Кракаве ў час інкурсіі [25]. I тут была я па-чалавечы прынята гэтымі ягамосцямі, бо ягоная сястра Марыя Юр'еўна добрую мне рэкамендацыю дала. Яе мосць пані Каравулава, брыгадзірыха, цяжарная была і вельмі баялася, бо гэта ўжо сёмае дзіцё, а ранейшыя пры родах паміралі. Дык я яе запэўніла, што з дапамогаю Пана Бога і маёй дасведчанасці не памрэ тое дзіця, што цяпер народзіцца. Я некалі на вёсцы была пры родах аднае беднае шляхцянкі, якую звалі Ганна Стрынкевічоўна (пайшла замуж за яго мосць пана Якубоўскага), а мела гэта панна гадоў сорак і зацяжарала і нарадзіла сына, але ён не крычаў, як звычайна плачуць нованароджаныя дзеці, дык узяла тая баба-прасцяча дзежку, у якой хлеб рашчыняюць, і накрыла ёю тое дзіця, і пакуль палову малітвы прачытала, дзіця заплакала і жыло. Я, ведаючы гэты сакрэт, учыніла тое ж самае з дзіцём яго мосці пана Сямёна Юр'евіча, і назвалі яго Іван Сямёнавіч, і цяпер, дзякуй Богу, жыве, і быў у Кіеве на пакланенні св. Барбары, бо яго ў гэты дзень ахрысцілі.

Пражыла тыдні тры ў спакоі, у пашане ў вяльможнага яго мосці пана Сямёна Юр'евіча з людзьмі, з коньмі, але мяне хвалявала, як бы даступіцца да найяснейшай яе мосці царыцы Анны Іванаўны. Аднак мне ўсе адно сцвярждалі, што цяжка заслужыць такі гонар, людзі па году сядзяць і не могуць падступіцца, каб пагаварыць з ёю, нават супліку даць цяжка, але ёсць тут адна княгіня, з дому Трубяцкіх, а замужам за князем Чаркаскім [26], які быў у той час першым міністрам, дык яе надзвычай шануе яе мосць царыца. Пытаюся, ці магу я знайсці доступ да княгіні Чаркаскае [27]. Кажа мне яго мосць пан Каравулаў: «Можаш з маёю жонкаю; пачакай, няхай яна ўстане пасля родаў і паедзе з візітам, дык разам з маёю жонкаю і ты паедзеш». I вось я паехала з жонкаю яго мосці пана брыгадзіра да светлае княгіні яе мосці Чаркаскае, але мне казалі, што гэтая княгіня скрытая, суровая, хоць бы і якая панна-прыслужніца ці мужчына, а ўсё роўна біць загадае, але тут інакш нельга, трэба да яе на службу прасіцца, бо рада яна розных нацый людзей у двары сваім мець. Адважылася я на ўсё, што Пан Бог і на мяне пашле.

I вось першы раз прыехалі мы да княгіні ў самы Пецярбург, перабраўшыся праз Няву (бо між Васільеўскім Востравам і Пецярбургам цячэ рэчка Нява), княгіня мае палац на Мільённай вуліцы, непадалёку ад асударскага дварца (гэта значыць каля царскага палаца), і вось пра мяне яе мосць княгіня запытала. Адказваю: «Я бязродная шляхцянка, белагаловая, крыху разбіраюся ў лекарстве». Дык мне яе мосць княгіня дазволіла ёй служыць. Гэтая княгіня мела адзіную дачку Варвару Аляксееўну, вялікай годнасці і пабожнасці даму, багацця невыказнага, бо бачыла я сярод іх скарбаў срэбныя бочкі для перавозкі вады, срэбныя насілы, каб насіць тыя бочкі, срэбраныя цэбры, срэбраныя жароўні, адна жароўня, alias срэбраная печка, за 7000 рублёў, такія ж міскі, вазы, кружкі, талеркі, балеі купаць дзяцей, срэбраныя ванны для купання дарослых дам і паноў, такія сервізы майстэрскай работы і калі іх на стол ставілі, дык верх даставаў да бэлькі. Там клалі садавіну, цукар, свечкі і іншае надзвычайнае прыгажосці, такога сервізу я нідзе не бачыла. I мела я ад яе вялікую ласку і ўсялякую павагу, бо мяне яна не выкарыстоўвала на чорнай рабоце, а куды еду — заўсёды ў калясцы. Дачка яе мела каля сябе ледзь не ўсіх дам каталічак, напрыклад, мадмазель францужанку дзеля навучання французскай мове і іншыя дамы для паслуг, і заўсёды нам у нядзелю і на святы была падрыхтавана каляска ехаць у касцёл да айцоў-капуцынаў на святую імшу, і ўсялякая нам абслуга і чалавечнасць. Я сядала за стол заўсёды з яго мосцю князем, а княгіня мая Марыя Юр'еўна часта мела галавакружэнне і з гэтае прычыны не магла бываць часта ў яе мосці царыцы, але з дапамогаю Пана Бога, калі я дала ёй пэўныя дзейсныя лекі, галавакружэнні прайшлі, і яна на доказ нашае дружбы ці майго добрага імя паехала сама да яе мосці царыцы і хвалілася: «Маю такую лекарку, што мяне вылечыла ад мае хваробы».

Таго дня, калі княгіня яе мосць Чаркаская паехала да яе мосці царыцы ў палац, мяне прасіў адзін сляпы бандурыст у двор яе мосці царыца Лізаветы Пятроўны [28], каб што можна дапамагла адной дзяўчыне, прачцы, з 14 гадоў сляпой. На шчасце, гэтая дзяўчына мела нястрашную катаракту, дык я ў гэты ж дзень інструментам зняла тую катаракту, і дзяўчына пачала бачыць на абодва вокі. Прысутныя лёкаі і іншага стану людзі надзвычай дзівіліся, што дзяўчыну, якая была доўгі час сляпою, я так хутка вылечыла. Былі там лёкаі і з вялікага палаца найяснейшае царыцы Анны Іванаўны і князя Бірона [29], Анны спадкаеміцы [30], жонкі Ульрыха дэ Брунсвік, і гэтая слава хутка па тых дварах разнеслася, і мне загадана было з'явіцца да найяснейшае манархіні Анны Іванаўны, расійскае імператрыцы. Мяне старанна шукалі, але не знайшлі ў палацы княгіні Чаркаскае, дзе я ў той час жыла. Пасля ўвечары я прыйшла ў палац, і вялікую мне радасць учыніла яе мосць княгіня, якая таксама ад яе мосці царыцы вярнулася ў свой палац і апавядала, што мяне яе мосць царыца загадала старанна шукаць, бо ведае ўжо, што я адной прачцы інструментам вочы адчыніла, дык тут жа, не бавячыся, загадала яе мосць княгіня Чаркаская, Марыя Юр'еўна, каляскаю сваёю завезці мяне да асударскага дварца; і было гэта ўжо змрокам.



I стала я перад яе мосцю царыцаю Аннай Іванаўнаю. I трэба было тры разы ўкленчыць, пакуль да яе падысці, яна ласкава дала мне пацалаваць руку і запыталася, адкуль я. Кажу: «Полька». Пытаецца яе мосць царыца: «А чаго ў Маскву прыехала?» Кажу: «Была ў Турцыі, у Стамбуле, служыла султанскім дочкам і шмат якім іншым людзям, бо крыху ведаю лекарства. Там пачула, што ў Маскве кіруе дама, і я зычыла сабе такога шчасця ад Пана Бога, каб учыніў мяне годнаю ўбачыць тое сваімі вачамі, пра што чула, і спадзяюся на Бога, што ён і тут, у Пецярбургу, забяспечыць мае патрэбы». Найяснейшая імператрыца Анна Іванаўна так мне мовіла: «Дык ты ў такую далёкую дарогу выбралася і за свой уласны кошт, каб пабачыць мяне?» Я кажу: «Хоць бы і ў некалькі разоў далей было ехаць і яшчэ большыя выдаткі, нічога мяне не хвалюе, нічога я не шкадую, задаволена тым, што ад Бога атрымала такое шчасце: бачу найяснейшую расійскую імператрыцу». Яе мосць царыца прамовіла: «Калі ты хочаш мяне бачыць дык будзеш мець месца ў мяне пры двары маім, нават у маіх ніжніх пакоях». Тут павярнулася яе мосць царыца да тых кавалераў і дам, што стаялі каля яе, і сказала: «Мой бацька пасылаў некалі ў Парыж па слаўнага акуліста і прывёз яго сюды ў Пецярбург за вялікі кошт лячыць нейкага добрага сляпога прыяцеля, але ж той акуліст цэлы год бавіўся тут у Пецярбургу і лячыў таго сляпога і шмат іншых, аднак нікога не вылечыў, а гэтая новая лекарка вылечыла прачку царэўны Лізаветы Пятроўны, як мне казала Марыя Юр’еўна, княгіня Чаркаская». Яе мосць царыца пыталася, як мяне завуць. Кажу: «Саламея». – «А бацьку?» Кажу: «Яўхім». Тады яе мосць царыца назвала мяне: «Саламаніда Яфімаўна, ідзі з маім надворным маршалкам у свой пакой, які табе прызначаны». Яе мосць царыца зноў дала мне пацалаваць руку. А сам яснавяльможны пан надворны маршалак адвёў мяне ўніз, у першы пакой пад пакоем яе мосці царыцы, і загадаў імем яе мосці царыцы тым дамам, што ў гэтым пакоі жылі (сямёра, а я восьмая), каб мяне шанавалі, на што тыя дамы з вялікай ахвотаю згадзіліся быць ласкавымі да мяне. Мяне раптам паклікалі да яе мосці царыцы, дык я нічога з сабою не мела, ні пасцелі, ні лёкаяў, але мне ложак паказваюць, засланы пад кармазынавым аксамітным балдахонам, і коўдру, таксама чырвоную аксамітную, пешкамі падшытую, бо ў Пецярбургу надзвычай холадна, а гэта перад Божым Нараджэннем было. Так я шчасліва засталася ў двары найяснейшае расійскае імператрыцы.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   15


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка