Саламея Пільштынова




старонка12/15
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3.06 Mb.
1   ...   7   8   9   10   11   12   13   14   15

Раздзел пяты
Калі я Богу на славу, а добрым людзям на пацеху чытання распавядала пра асобныя рэчы, якія бачыла альбо пэўнае пра іх чула, дык хачу апісаць тут і пра рэлігію турэцкую так, як ёсць папраўдзе (а не так, як я ў некаторых кнігах у Польшчы чытала), як з Карана мне чыталі.

Калі маці Магамета, турэцкага прарока, малога на руках насіла (так яны мовяць), дык яго анёл выхапіў з ейных рук і занёс на высокую гару, распароў яму чэрава, выняў з яго вантробы і вымыў іх, каб хрысціянскае крыві не засталося, і зноў у яго запхнуў гэтыя вантробы і зашыў зялёнымі ніткамі, і таму іміры-туркі [1] зялёныя шалікі носяць.

Калі ён вырас і, маючы восем жонак, жаніўся з дзевятаю, якая вельмі пекная была, а на тым вяселлі шмат людзей было, яны весяліліся і не хацелі дамоў ісці спаць, а пазіралі на гэтую новую пекную жонку Магамета-прарока. Дык Магамет пачаў маліцца, каб Пан Бог даў, абы з гэтага часу нельга было туркам глядзець на чужых жонак, дык хутка прыйшоў анёл і сказаў Магамету на вуха: «Вазьмі хустку і закрый твар свае жонкі». Так Магамет і зрабіў — закрыў твар свае жонкі. Прысутныя на тым вяселлі пыталіся, навошта закрыў твар свае жонкі. Адказаў: «Так зрабіць толькі што Пан Бог загадаў мне праз анёла, і вы з гэтага часу таксама павінны закрываць твары сваіх жонак, каб адзін твар жонкі другога не бачыў». I з таго часу турэцкія кабеты закрываюць твар перад чужымі мужчынамі.

Праз колькі год, калі ён, як звычайна, ляжаў у ложку з той улюбёнаю сваёй жонкаю, прыйшоў да яго анёл Габрыэль і забраў на сёмае неба; там ён паставіў Магамета перад дзвярыма ў Пана Бога; прарок Магамет пачаў стукаць у дзверы. Спытаўся Пан Бог: «А хто гэта стукае?» Адказаў Габрыэль: «Магамет гэта, лёкай твой улюбёны». Калі ён стаў перад Панам Богам, дык пытаўся ў яго Пан Бог: «Чаго хочаш, лёкай мой верны?» Адказаў: «Я хачу ўхмэту мэту, гэта значыць, каб чалавек маёй веры штодзень з чыстым сэрцам і чыстым целам сто ра-зоў маліўся сапраўднаму Богу». Адказаў Пан Бог: «Асун, няхай так і будзе, як просіш». Спусціўся Магамет з сёмага неба на шостае і ўбачыў там Пана Езуса; яны ветліва прывіталіся. Ён бачыць, што Пан Езус робіць каптаны, якія завуцца гуле (гэтыя каптаны Пан Бог раздае сваім святым), і так запытаўся Пан Езус: «А што там, каханы Магамеце, у Пана Бога выпрасіў?» Адказаў: «Маім туркам выпрасіў, каб штодзень па сто разоў маліліся». Адказаў Пан Езус: «Гэтага быць не можа, каб сын Адама сто разоў на дзень маліўся. Калі я сярод людзей быў, дык сваім хрысціянам такога цяжару не задаваў такім маленнем, а яны і таго не вытрымалі. Ідзі зноў да Пана Бога і прасі зменшыць набажэнства». I вось прарок Магамет зноў пайшоў да Пана Бога і прасіў зменшыць набажэнства. I на гэта Пан Бог згадзіўся, і Магамет зноў вярнуўся да Пана Езуса. Адным словам, у тую ноч быў ён тысячу і адзін раз у Пана Бога і тысячу і адзін раз у Пана Езуса (гэты раздзел Карана завецца па-турэцку Bin bir Kielam), Пан Езус усё яму раіў, што столькі набажэнства – шмат, і вось спыніліся на тым, што Магамету Пан Бог дазволіў, каб штодзень туркі па пяць разоў маліліся з чыстым сумленнем, чынілі ўсеагульную споведзь, гэта значыць, каб кляліся ніколі не грашыць. Турак кажа перад малітваю тры разы «tube Estafurta», і мые сабе рукі, твар і ногі, і становіцца на малітву на чыстым месцы, на кіліме, і каб у час гэтае малітвы ягоны непрыяцель прыйшоў і яму галаву ссек, не павінен ён ні з месца скрануцца, ні слова прамовіць. Тыя малітвы так называюцца: раніцаю Саб намазы, другая малітва ў поўдзень – Уйле, трэцяя малітва ў час вячэрні – Кінды, чацвёртая малітва вечарам, як у нас на пацеры звоняць – Ахшам, пятая малітва, ужо ў дзве гадзіны ночы – Яцы. Гэтыя малітвы ў іх абавязковыя, бо нават сам султан аніколі пазбегнуць іх не можа, ні цяжарныя белагаловыя, адным словам, кожны, хто толькі магаметані­нам завецца, так моліцца без сумненняў. Хіба хто хворы, без сіл і без памяці, той не можа маліцца, але ачуняўшы, дык той доўг набажэнства мусіць аддаць, бо напісана ў іхнім Каране: хто не маліўся як належыць на кіліме на гэтым свеце, той мусіць маліцца на тым свеце на распаленай жалезнай блясе.

Пасля тае аўдыенцыі з Панам Богам загадаў Пан Бог анёлу Габрыэлю ўзяць Магамета-прарока і зноў у дом ягоны, у ложак, дзе забраў, туды і аднесці. Але надышоў дзень, і ўжо анёл Габрыэль не мог яго пры святле несці, дык апусціў з неба ў іншы край, за чатырыста міль ад ягонае жонкі і ад ягонага дому, а яшчэ раней даў яму Пан Бог Каран, з якім Магамет хадзіў па горадзе і людзям распавядаў: «Я, Магамет, мінулае начы быў на сёмым небе і размаўляў тысячу і адзін раз з Панам Богам, таксама столькі ж разоў і з Панам Езусам Хрыстусам на шостым небе, і даў мне Пан Бог тае начы кнігу Каран, і загадаў мне ўвесь люд навучаць».

Людзі з таго горада збегліся слухаць яго, але Магамет не ведаў мовы, на якой у гэтым краі размаўлялі, дык адзін аднаго не разумелі, пра што казалі. Тым часам прыехалі купцы з вярблюдамі, яны мелі дзевяноста дзевяць вярблюдаў, а аднаго цалкам чырвонага. Гэтыя купцы паслухалі тую гутарку і знайшлі тлумача, што ведаў Магаметаву мову.

А вось калі анёл Габрыэль стаў перад Панам Богам, дык Пан Бог пытаўся ў анёла пра Магамета. Ён адказаў: «Апусціў яго з неба ў іншы край, за чатырыста міль ад ягонага дому». Пан Бог на анёла прыкрыкнуў: «А ці смеў ты, анёле Габрыэлю, такую непрыемнасць учыніць майму прыяцелю? Узяў яго з дому ягонага, а пакінуў у чужым краі? Я табе загадваю: спяшайся да яго і бяры яго на свае плечы і занясі ў дом ягоны, да жонкі і дзяцей». Паспяшаўся анёл Габрыэль да Магамета, узяў яго на свае плечы ў прысутнасці ўсіх людзей і тых купцоў, што мелі дзевяноста дзевяць вярблюдаў, а аднаго цалкам чырвонага. I вось паляцеў анёл з Магаметам дахаты, але і тыя купцы з чырвоным вярблюдам таксама прыехалі ў той горад, дзе жыў прарок Магамет.

I вось імгненна з'явіўся Магамет у сваім доме, але Магаметава жонка вельмі была разгневаная на свайго мужа і шмат прыкрых слоў яму мовіла: «Прарокам лічышся, а па начах цягаешся па блудніцах?!» Адказаў Магамет: «Белагаловая, не грашы, не быў я нідзе, крый божа, што ты думаеш, наадварот, гэтае начы быў я ў самога Пана Бога і даў мне Пан Бог наказ, гэтую кніжку Каран, і апусціў мяне анёл у чужы край, дзе я іх мовы не ведаў, і распавёў ім тыя навіны праз тлумача». Жонка, аднак, гэтаму не паверыла. Тады Магамет мовіў: «Калі мне не верыш, дык праз дзевяноста дзён [2] выйдзі з горада ў поле; прыйдуць такія купцы, што маюць дзевяноста дзевяць вярблюдаў, а аднаго цалкам чырвонага, і яны табе распавядуць, што бачылі мяне ў чужым краі за чатырыста міль адсюль, калі я вучыў сваёй веры і меў у руках Каран, і бачылі, як я на анёльскіх плячах ляцеў». Гэтаму Магаметава жонка паверыла і чакала тых купцоў, якія павінны былі прыехаць праз дзевяноста дзевяць дзён з чырвоным вярблюдам, а тым часам гэту гісторыю распавяла яна суседкам і сваякам. Пасля адзін аднаму – і цэлы горад і ўся правінцыя гэтаю весткаю напоўнілася, усе чакалі тыя дзевяноста дзевяць дзён і выйшлі за горад. Так і сталася: прыехалі тыя купцы з чырвоным вярблюдам і пыталіся пра Магамета, што з неба Каран прынёс, пацвярджаючы, «бо мы бачылі, як ён на анёльскіх плячах дадому паляцеў. Пакажыце яго нам, і мы яму дары дамо, і няхай нас вучыць Карану». 3 гэтай гісторыі і сведчання і ўзнікла турэцкая рэлігія.


Туркі посцяць штогод трыццаць дзён, цэлы дзень нічога не ядуць, не п'юць, нават яшчэ і тытуню не кураць, аж пакуль зорак на небе не ўбачыць. Як толькі зоркі ўбачаць, тады ядуць і п'юць, а хто хоча, дык можа і апоўначы ўстаць і есці. Маюць звычай, што ў час тых дзён шмат міласціны раздаюць і гасцей запрашаюць на вячэру, найчасцей убогіх. Напрыклад, найвялікшы паша можа з наймізэрнейшым жабраком за адным сталом сесці. Гэты пост завецца рамазан, і сам султан так посціцца, як і бязродны шляхціц. Посцяцца і дзеці, хоць і султанавыя, з сямі гадоў, а калі слабыя, дык з дзевяці, посцяцца і старыя людзі, калі ж хто хворы альбо падарожны і не можа ад слабасці пасціцца, дык у вольны і спакойны час трэба абавязкова адпасціцца.

Ёсць у туркаў тры дні святаў, што завуцца Курбан Байрам [3]. У час іх рэжуць авечак Пану Богу ў ахвяру, кожны выкупляе сябе і грахі свае. Багаты чалавек дае дзесяць авечак альбо сто, адным словам, колькі хто можа. Гэтае мяса і шкуры раздаюць убогім, але мяса могуць і самі есці. Яны кажуць, што перад раем ёсць вялікая рэчка, а праз тую рэчку ляжыць мост, ён такі вузкі, як волас, а востры, як лязо. Калі каму Пан Бог дазволіць у рай ісці, мусіць ён праз мост ісці, а звычайным спосабам тут не пройдзеш. Дык у гэты час з'явяцца тыя ахвяраваныя авечкі, і чалавек сядае на авечку, а калі за жыццё шмат авечак ахвяраваў, дык усе на дапамогу прыйдуць і гэтага чалавека, што ідзе ў рай, пазбавяць жахаў гэтае ракі і вострага моста, перанясуць, і будзе ён у раі.


Турак ажаніцца не можа, пакуль не будзе мець у хаце пасцелі, кухоннага посуду, місак, меднага стала, свечак і іншых дробных рэчаў, якія неабходныя ў гаспадарцы. Калі мае маці, альбо цётку, ці сястру, альбо сваячку, пасылае іх, каб яму паненку ці ўдаву высваталі, і якая спадабаецца тым белагаловым, ёю і мусіць задаволіцца кавалер. I вось іх вяселле пачынаецца. Усё тое, што мае кавалер, мусіць ён у сваім доме выставіць, павесіць, каб кожны бачыў, што мае свае, а не пазычаныя рэчы. I ў паненкі таксама праз восем дзён ейныя рэчы рассцілаюць, развешваюць. Праз восем дзён (калі ў багатых, дык на конях альбо на мулах) колькі дзясяткаў коней тым дабром наладоўваюць і вязуць да пана маладога з вялікім натоўпам людзей і колькі калясак з белагаловымі, сярод якіх і панна маладая. I вось як толькі да двара прыедуць, пан малады прыходзіць да каляскі, бярэ сваю маладую панну на рукі, нясе яе ў пакоі, хоць і на трэці паверх, і садзіць яе на ad instar трон, для яе прыгатаваны, а ў гэты час усе белагаловыя з адкрытымі тварамі сядзяць і стаяць, бо там лічыцца, што пан малады ў гэты час і ў думках не грэшыць, бо ягонае сэрца прывязана да панны маладое, а хутка пан малады ўцякае з грамады белагаловых, а ў час кінды ідзе пан малады са шматлікімі людзьмі ў джамію, гэта значыць у касцёл, і моліцца. Кінды – гэта вячэрняя малітва. Пасля ідуць яны дамоў у той пакой, дзе панна маладая, і пачынае імам, гэта значыць плябан, з усім людам пытацца, называючы імя панны: «А ці ёсць яна тут?» Паненка нічога не адказвае, а іншая белагаловая прамаўляе за яе: «Ёсць». «А ці клянешся ты гэтаму (напрыклад, Фейзуле) вераю, каханнем і сумленнем?» Адказвае: «Клянуся аж да таго часу, пакуль воля Пана Бога будзе». I гэтымі словамі клятва завяршаецца. Адчыніўшы дзверы, заходзіць пан малады да панны маладое, а тая белагаловая, што была пры ёй, атрымаўшы які падарунак, адходзіць, і яны застаюцца адны, і пан малады па-дымае чырвоную кітайку [4], якою панна маладая з галавы да ног была ўкрытая (гэтая кітайка называецца дуак), і ўпершыню яе бачыць і цалуе, а панна маладая ўзаемна ў руку яго пацалуе, накладзе ў люльку тытуню і падасць свайму мужу; гэтым яна накажа сваю паслухмянасць. Пасля загадае пан малады сваім нявольнікам і нявольніцам падысці і ягонай жонцы руку цалаваць, а пасля есці даваць. Падмацаваўшыся, стол прыбіраюць і ў зала-тых кадзідлах кураць у пакоі lignum aloes. Затым, укленчыўшы, моляцца два разы: на Ахшам і на Яцы. Пасля ідуць спаць, а назаўтра ў лазню.
Ваяваць туркам, паводле Карана, забаронена, самі вайны прагнуць не павінны, хіба што калі ім хто аб'явіць вайну. Калі ідзе на вайну, палову свайго багацця павінен з сабою ўзяць, а гэта таму, калі загіне, каб той, хто ў яго грошы знойдзе, за іх яго пахаваў, а калі яго ў няволю возьмуць, дык яго шанаваць будуць, бо так шмат грошай забралі; а калі ў яго грошы не знойдуць, дык у свой час ён за свае грошы з няволі выкупіцца, а калі б яму выпала на вайне каго забіваць, той толькі закрычыць: «Eiwallaha», адразу ж павінен турак шаблю сваю ў похвы схаваць, а калі здарыцца яму каго ў няволю ўзяць, павінен даць таму есці і піць, вопратку і пасцель, адным словам, каб таму нічога не бракавала, а праз сем гадоў павінен яго з няволі выпусціць. Яны нікога да веры сваёй не прымушаюць, толькі ці то нявольнікам, ці то суседзям-хрысціянам павінен турак тры разы сказаць: «Стань магаметанінам». А гэта таму, кажуць, што на тым свеце будуць у хрысціян пытаць: «Чаму вы туркамі не сталі?» Калі адкажуць далёкія хрысціяне, што «мы пра гэтую веру не чулі і не ведалі», дык тых хрысціян Пан Бог не будзе караць, але тых, што жывуць сярод туркаў, а туркі іх намаўлялі, а хрысціяне гэтага не слухалі, то ўжо турак не вінен перад Богам, а хрысціян караць будзе. Я бачыла сама, што нявольнікі, якіх з няволі выпусцілі, і пашамі, і агамі станавіліся.

У Турцыі нявольніка ці нявольніцу прадаць нельга (як і любога чалавека) пад пагрозай пакарання, хіба што сапраўднага нявольніка, шабляю ўзятага. Напрыклад, маскаль б'ецца з туркамі і трапляе ў палон – ён сапраўдны нявольнік, але адразу, дзе яго ўзялі ў палон, трэба ад кадыя ўзяць паперу, і на ёй павінен падпісацца муффі і паша. Гэтая папера называецца пендзык. Такога ўжо нявольніка кожны купіць смела можа.

Вайна Турцыі з Мальтаю такая: калі трапіць турак у няволю мальтыйскую, дык ужо яго мальтыйцы не выпусцяць да смерці. Калі ж мальтыец трапіць у турэцкую няволю, яго таксама туркі з няволі не выпусцяць, нават за найвялікшыя грошы, але гэтыя мальтыйцы, што трапілі ў палон, нявольнікі самога турэцкага султана. Яны завуцца пайзаны. Пасля, калі султану патрэбны людзі на ваенныя караблі, іх зноў на вайну пасылаюць на тых самых мальтыйцаў. Аднаго разу ў 1753 годзе сабралася тых мальтыйцаў-пайзанаў так шмат, што яны захапілі гвалтам свой карабель з капітанам-пашою, і на Мальту яго адвялі, і самі сябе вызвалілі, а капітан-пашу, свайго пана, у палон узялі, і там сядзеў ён у мальтыйцаў у няволі сем гадоў. Пасля што мальтыйцы самі хацелі, тое ім турэцкі султан мусіў даць за выкуп свайго капітана-пашы, і так яго мальтыйцы вызвалілі. Калі ён вярнуўся з мальтыйскага палону, дык лячыўся ў мяне ў Стамбуле: ён мае пекны палац у Эюпе.

Другі раз такая ж самая авантура здарылася ў 1760 годзе. Аднае пятніцы плыў карабель на мальтыйцаў каля аднаго турэцкага горада, і пачуў капітан-паша, што ў джаміі ўйле, гэта значыць, як у нас на святую імшу, звоняць, дык той капітан-паша загадаў падысці да горада і, кінуўшы якар, сам з усёю сваёю світаю пайшоў у джамію на набажэнства. Тут пайзаны ўзбунтаваліся і туркаў, а было іх на караблі некалькі тысяч, перабілі, усіх левантаў, галандзыяў5 і рэшту туркаў звязалі, якар, адрэзаўшы, пакінулі ў моры, а самі, падняўшы ветразі, на Мальту ўцяклі.

Калі хто да турэцкай веры далучаецца, пытаюцца ў яго: «Чаму хочаш стаць магаметанінам?» Адказвае адшчапенец: «Таму, што хачу добрым чалавекам быць і атрымаць збаўленне», і вось паўтарае ён наступныя словы тры разы: «Batal Dynymde Czyktin Islam Dynymde gieldim», гэта значыць: «Адракаюся ад старое веры і да сапраўднага Новага Запавету далучаюся». I кажа: «La Alah hil Akmen resul» [6]. З гэтымі словамі становіцца сапраўдным туркам. Праз колькі дзён яму робяць абразанне і вучаць Намазу, гэта значыць набажэнству і звычаям, і складваюцца яму, каб і ён нешта меў, адным словам, яны маюць звычай дапамагаць.

Хаўтуры турэцкія. Калі памёр той, хто раней быў хрысціянінам, а пасля стаў туркам, дык яго кладуць голага на катафалк і б'юць дубцамі паў-сюль: па плячах, па чэраве і іншым і так мовяць: «Christian Dzany Czyktin Bisulmanym Dzany Iielsin», гэта значыць: «Няхай хрысціянская душа выйдзе, а турэцкі дух няхай прыйдзе».

Звычай у туркаў у час яды. Хоць бы найвялікшы пан найвялікшы спраўляе банкет, але як найхутчэй ядуць, бо кажуць, што анёлы ля стала людзям служаць, і таму, каб анёлам не абрыднуць, каб яны доўга не стаялі над грэшным чалавекам, таму хутка ядуць і стол прыбіраюць. Ніхто з туркаў не павінен перш есці і піць, пакуль не дасць жывёле, напрыклад, каню, курам і іншым свойскім жывёлам. Гэта з тае прычыны, што так напісана: «Кожны дух хваліць Пана Бога», а калі і яны хваляць, а розуму не маюць, а нам Пан Бог і на іх долю дае, таму не павінны мы, разумныя істоты, адбіраць частку, што Пан Бог сваім стварэнням дае, і, вядома, павінны мы сумленна жыць.

Турэцкае пісьмо найцяжэйшае на свеце, бо кожную літару трэба дваццаць пяць разоў па-іншаму пісаць. Кожны добры пісар павінен дваццаціпяцізначнае пісьмо ведаць, бо хто ведае адназначнае, хто двухзначнае, але найлепшае – фарсі дывані [7]. Таму турэцкія дзеці толькі чытанню і пісанню сем гадоў мусяць вучыцца.

Туркі вераць, што ўсеагульнага суда няма, таму, хто прызначаны ў пекла, туды пойдзе, хто у рай – у рай пойдзе, але гэта будзе пасля Страшнага Суда. Але да таго часу, лежачы ў магіле, ён бачыць, бо мае акенца (калі ў пекла альбо ў чысцец прызначаны), падрыхтаваныя яму пакуты і таму смуткуе і ў магіле мае пекла, гледзячы на яго.

А калі хто прызначаны ў рай, дык ужо мае ў магіле рай, гледзячы на шчасце, якое яму падрыхтавана ў раі. Аднак яны шчыра моляцца і посцяцца і міласціну даюць, свечкі ставяць у джаміях за душы памерлых і сцвярджаюць, што ўсё гэта выратуе іх.

Сходкі турэцкія такія. Найчасцей сходзяцца на кухуін, туды, дзе каву гатуюць, дзе спяваюць, на бандурах граюць, размовамі бавяцца. Бяруць, напрыклад, ока масла, ока мёду, мукі колькі трэба і гатуюць у катле, а як астыне, то ўсе ядуць, і гэта цеста завецца халва, і так яны па чарзе робяць: сёння адзін, заўтра другі, і гэта – іхнія прыстойныя гульні.

Туркі, калі якую гаворку вядуць пра Найяснейшую Панну, дык калі сядзяць, падымаюцца і кажуць, што яна паннаю была перад родамі, у час родаў і пасля родаў, і тым даводзяць з Карана свайго, што хрысціяне на Вялікдзень яйкі фарбуюць. Я ведаю, што не павінна так вульгарна пісаць, але каб давесці непарушную цнатлівасць Панны Марыі, я хачу распавесці і тое, як яны гэта даводзяць, як гонар і цнатлівасць яе падтрымліваюць.

Калі Пан Езус нарадзіўся, а святы Язэп мовіў: «Я не муж ёй, не ведаю жонкі», тады габраі Найяснейшую Панну спаліць хацелі, дык анёл з'явіўся да габраяў у чалавечай постаці і мовіў: «Не спяшайцеся праліць кроў гэтае святое Панны, дам я вам раду, чым выпрабаваць, што яна і пасля родаў панна». I казаў ім узяць галубінае яйка і даткнуцца да яе чыстага цела. «А калі на яйку не будзе крыві, то яе паненства пры родах страчана, а калі кроў на яйку будзе, то яна цнатлівая панна і пасля родаў».

I вось гэтыя няверныя габраі выпрабавалі, і так сталася, што яйка было ў крыві. Так туркі даводзяць, што панна цнатлівая, што анёл Габрыэль прынёс ад Пана Бога лілeю і пакланіўся ёй, і вось зачала яна ад Духа Святога, і завецца Прачыстая Маці Мэйрэм Анна.

Пана Езуса яны лічаць найвялікшым прарокам і мяркуюць, што Яго габраі не замучылі: ці ж мог бы Пан Бог дапусціць і даць такога добрага, такога нявіннага чалавека брыдкім габраям замучыць? Так смешна думаюць, што калі Пану Езусу было дваццаць пяць гадоў, дык яго габраі з гары скінуць хацелі і закідаць камянямі, але Пан Езус прайшоў між імі, а габраі яго не заўважылі і нічога кепскага яму не ўчынілі, у той час, мовяць туркі, забраў Пан Бог Пана Езуса з душою і целам на шостае неба, і там ён да таго часу будзе, пакуль перад Страшным Судом у пятніцу апоўдні не сыдзе з неба. I на тым месцы, дзе Пана Езуса закідаць камянямі хацелі, ёсць вельмі пекная джамія, і на тую гару ў джамію Ён прыйдзе і моцным голасам абвесціць Страшны Суд Пана Бога, і таму туркі ў пятніцу шэсць разоў моляцца. Гэта набажэнства завецца Нізан, і ля тае джаміі, дзе Пан Езус сыдзе з неба, заўсёды ў пэўны час вельмі добрага і ўбранага каня ставяць для паслуг Пана Езуса, каб ёы на каня садзіўся і нёс па свеце Евангелле.

Кажуць, што з таго часу, як Пан Езус на неба ўзышоў на дваццаць пятым годзе жыцця, Юда стаў тварам падобны да Пана Езуса, а габраі, думаючы, што Езуса мучаць, свайго каханага Юду замучылі і раскрыжавалі. Але гэты сакрэт Пан Бог ад Прачыстае Маці затаіў (так мяркуюць туркі), а гэта ўсё дзеля яе большае павагі, бо Прачыстая Маці сама думала, што сына яе габраі замучылі, дык была поўная смутку і тугі. Хіба толькі на Страшным Судзе Божым аб'явіць Пан Бог гэты сакрэт Прачыстай Маці і пацешыць яе, калі пакажа Пана Езуса.

На Страшным Судзе, кажуць, кожная вера будзе мець свайго патрона. Габраі – Майсея, але Майсей адрачэцца тады ад габраяў і скажа перад Богам: «Я ім даў дзесяць тваіх святых прыказанняў, але яны іх не трымаліся. Я ім таго Талмуда не даваў, тых адгаворак, таго запавету». А што Майсей загадаў, каб не кралі, а яны кралі, каб да Пана Бога дарма не звярталіся, а яны па дробязях звярталіся, таму Майсей ад іх адрокся і не хоча за іх заступацца. За туркаў стане Магамет, а за хрысціян – шматлікія патроны і патронкі, але ўсімі Пан Бог будзе пагарджаць і кожнаму назаве ягоны грэх, бо, як кажуць, што неба і зямля і тыя не без віны ў Пана Бога. Тым часам пачне Марыя, Маці Хрыстова, прасіць за хрысціян і ўгневанага Пана Бога ўпросіць і ўмоліць, што Пан Бог так ёй казаць будзе: «О, мая слічная Марыя, о, мая пекная Марыя, прасі мяне не толькі за хрысціян, але прасі мяне за ўвесь люд аямны. Ты адна без граху, ты адна ніколі мяне не аасмуціла, ты адна ніколі Закон мой не парушыла». I вось Марыя прасіць будзе за ўсіх, мовячы: «Ойча мой, не судзі стварэнні твае [8], хто такі чалавек [9], каб ты з ім судзіўся. Даруй віну народу твайму за пакуты мае з пачатку жыцця майго ад тых габраяў і за пакуты сына майго, якога нявіннага на смерць асудзілі і замучылі». У гэты час Пан Бог з радасцю на твары скажа: «О, Марыя, каханая дачка мая, каб мяне гэтыя людзі і болей засмучалі і каб зноў йе поуо свет стварыў, не шкада мне было нічога дзеля цябе, і дарую ўсяму люду зямному правіну і пакаранне». I вось загадвае Пан Бог паказаць Пана Езуса Найяснейшай Панне, пякнейшага за месяц, за зоркі, за сонца, за ўсіх сыноў чалавечых, і так кажа: «Езусе, прывітай цяпер Маці сваю вясёлую». А пасля кажа: «Марыя, а спытай сына твайго, ці мучылі яго калі габраі». I так кажа Пан Езус: «О, мілая Маці мая, ніколі я не пакутаваў, толькі дзеля славы твае большае Пан Бог схаваў ад цябе, каб ты думала, што мяне габраі замучылі, а ты цярпліва гэта ад Бога перанесла, таму стала годнаю быць Маці, апякункаю і заступніцаю ўсяго народа зямнога».

Пасля выводзяць на ланцугах засмучанага Юду, здрадніка, у ранах, у плявоцінах, змучанага, і пытаецца яго Пан Бог: «Юда, а хто ж цябе так змучыў?» Адказвае: «Габраі. Я хацеў здрадзіць Езусу і выдаць яго габраям, але ж замест Езуса яны мяне замучылі». Дык вось такі дэкрэт Божы будзе: «Хто толькі верыў, што Пан Бог ёсць, што Ён можа адправіць кепскіх у пекла, а добрых у рай, што Ен справядлівы, той заступніцтвам Панны Марыі пойдзе ў рай. А той, хто цалкам не верыў, што Пан Бог ёсць, і жыў без веры і надзеі, той мусіць пайсці ў пекла, разам з Юдам, здрайцаю Туркі кажуць: на Страшным Судзе Божым усе стаяць будуць, а Магамет вярхом на кані ў надзвычай вялікім плашчы будзе, і будуць туркі пад яго-ным плашчом хавацца. Усе святыя і надта ўлюбёныя прыяцелі Божыя будуць збоку стаяць, толькі Пан Езус і Марыя, Маці Ягоная, і Магамет-прарок будуць разам з Богам.

Туркі маюць прыказанне, што ім нельга віно і гарэлку піць і музыку слухаць, а пасля Страшнага Суда скажа Пан Бог анёлам: шмат я цярпеў ад народа чалавечага. Прыяцелі мае хочуць пацешыцца, і я з імі. I возьме ён келіх віна нябеснага, бо туркі кажуць, што чатыры рэчкі віна з раю выцякаюць, і будзе піць за Марыю, дачку сваю ўлюбёную, а Марыя кожнаму, хто на свеце не піў, дасць выпіць гэтага віна і дазволіць піць з тых чатырох рэк, а анёлы свае мелодыі заспяваюць і зайграюць. Тады туркі і ўсе людзі скакаць будуць, а з імі і анёлы. А яшчэ туркі мовяць, што Магамет будзе прасіць у Пана Бога Марыю, каб дазволіў яму ўзяць, бо яму было прызначана мець на свеце дзесяць жонак, а ён толькі дзевяць жонак меў. I на тым вяселлі вялікая радасць будзе.

Кожны добры турак возьме ў раі семдзесят жонак анёльскіх. Як яшчэ Магамет на гэтым свеце жыў і туркам абяцаў, што ім Пан Бог па семдзесят жонак дасць, анёльскіх паненак, дык яму туркі не верылі, толькі казалі: няхай мы пабачым тых анёльскіх паненак. Дык Магамет сваёю малітваю ўпрасіў Пана Бога, каб адну паненку з раю на зямлю прыслаў паглядзець туркам. Як толькі гэтая паненка з раю на зямлю заявілася і колькі дзясяткаў тысяч туркаў пабачылі яе, дык кожны хацеў яе сабо ўзяць, і стаў вялікі гвалт між імі. Дык прасіў Магдмет Пана Бога, каб гэтую паненку анёльскую зноў узяў з зямлі ў рай. I вось пайшла яна ў рай пасля малітвы Магаметавай, а тыя паненкі завуцца Гуру Кізлар.

Хоць кожны турак будзе мець у раі семдзесят Гуру Кізлар, аднак жонка ягоная першая ці то панна, ці то ўдава старэйшаю над імі будзе, і тыя Гуру Кізлар служыць ёй будуць, і гэтая ўласная жонка Панам Богам адорана будзе прыгажосцю больш за Гуру Кізлар. I кожны турак на тым свеце будзе з тымі паненкамі і са сваёй жонкаю так жыць, як тут на свеце людзі з жонкамі жывуць, і калі хто памёр і меў у той час дзвесце год, дык уваскрэсне і будзе мець толькі трыццаць тры гады і будзе без барады, толькі будзе мець зялёныя вусы.

Туркі мовяць, што коні, валы і авечкі ўваскрэснуць і будуць мець залатыя валасы ці шэрсць на сабе. Я спрачалася, што гэтага быць не можа, але мовіў мне адзін вялікі эфендзі: «Чаму гэтаму не верыш? Калі Эліаш у рай параю коней паехаў, дык гэта нябесныя коні былі». Ён даў і другое сведчанне, што ёсць авечкі ў раі: калі Абрам святы хацеў сына свайго Ісака (а туркі мовяць: Смаіла) у ахвяру прынесці, дык яму Пан Бог з неба прыслаў барана, які заблытаўся рагамі ў гушчары, яго Абрам і прынёс у ахвяру.


Туркі едуць на адпушчэнне грахоў у Мекку, а па-турэцку – у Кіхабэ. Там няма нічога іншага, толькі адна крыніца, куды святы Абрам выгнаў Агару са Смаілам [10], які ў пустыні плакаў засмаглы, і Пан Бог вочы Агары адкрыў і паказаў крыніцу. Тая крыніца і да сённяшняга дня ёсць, але малая, а ўсіх туркаў, што туды едуць штогод, без ліку, толькі там жыве – восемдзесят тысяч. А тыя, што назад вяртаюцца, бяруць з сабою ў дзежачцы дадому тае вады, і туркі лічаць гэта за адпушчэнне грахоў і п'юць гэту ваду перад скананнем. I гэтая вада завецца Тэм зэмса. Там у Кіхабэ ёсць магіла, па-турэцку — турбэ, Магамета. Там няма магніта, хоць і кажуць, што труна вісіць у паветры, а ён у зямлі пахаваны і зялёным сукном пакрыты, і ўся джамія выслана зялёным сукном, і шмат свечак і ахвяраванняў туды прыносяць. Тыя туркі, што туды едуць, завуцца хаджы.

Дарога, што вядзе да Кіхабэ, вельмі далёкая, небяспечная і галодная, бо ўсё па пясках. Ні травы, ні вады, ні дрэва не ўбачыш ужо за Егіптам. Есць там такая небяспечная пошасць, гэта значыць пакажацца на небе чорнае воблака, як талерка. 3 яго з дапамогаю вольнага ветру паволі ўтворыцца вялікае воблака, а ў ім – колькі дзясяткаў тысяч за воластанчэйшых гадаў. Гэтыя гады завуцца Шамеле [11]. Яны ляцяць разам з ветрам і працінаюць людзей, коней, нават скалы. Імгненна, як трапяць яны ў чалавека, той з вярблюда падае і памірае, і там яго ў пясок заграбуць у той вялікай спякоце, але яны, гады тыя, у чалавеку не застаюцца. 3 часам робяцца з тых целаў муміі, якія лекары выкарыстоўваюць дзеля сваіх патрэб, а найчасцей пры паддымку, крывахарканні і крывавым мочапусканні. Трэба ўзяць мумію, трансмарыну і чырвоны камень ад удару, на лаціне: lapis hematis i mastix, узяць гэта, зрабіць парашок і даваць штодзень па тры разы, штораз чвэрць лота, ваду піць гатаваную з лакрыцаю і з аленевым рогам.

На той дарозе, якою туркі ў Кіхабэ едуць, шмат разбойнікаў-арабаў. Гэтыя арабы ўсе голыя ходзяць. Тыя ўжо культурнейшыя, калі кілімам закрываецца мужчына, а прасцінаю белагаловая. Дамоў яны не маюць (хіба якія найбагацейшыя), а пад намётамі сядзяць, усе агулам, у пясок закапаўшыся. Некаторыя, што наверсе жывуць, ніякай гародніны, ані хлеба не маюць, аднымі фінікамі жывяцца і ваду п'юць, а ніякіх хвароб не маюць, вельмі доўга жывуць, і па дзвесце гадоў, а такія здаровыя і лёгкія, што і на кані не ўцячэш ад іх; шлюбаў з жонкамі не бяруць, толькі як жывёла жывуць, хто дужэйшы, той лепшы. Дзяцей сваіх з вялікай ахвотаю прадаюць за рыс, за масла, за мёд і за іншыя прыдатныя да ежы рэчы. Сыноў сваіх малых разам па некалькі прадаюць туркам, і бацька сам адрэзвае ім іх мужчынскасць і закапвае ў пясок пад небам і сонцам; так на шчасце – хто жывы застанецца, дык добра, а каторы памрэ, там жа ў пяску і заграбе.

Гэтых арабскіх хлопцаў, кастратаў, забіраюць купцы-туркі ў Стамбул, прыгожа іх апранаюць, вучаць іх чытаць, пісаць, спяваць, на кані ездзіць, страляць – што мужчыну належыць, а пасля прадаюць іх у султанскі палац на паслугі фраўцымеру, і вельмі добра ім жывецца. Іншых прадаюць пашам і іншым вялікім панам, і ўсюды тым кастратам добра жывецца. Часам яны ўспамінаюць пра сваіх бацькоў, прывозяць іх у Стамбул з Арабіі і шмат дапамагаюць ім. Ператвараюцца тыя прасцякі ў культурных і гжэчных людзей, я сама з імі размаўляла і ў дамах іхніх бывала. Гэтыя арабы жывуць ля тае дарогі, якою туркі ў Кіхабэ едуць, і заўсёды плаціць мусяць ім за праезд, але аднаго разу ў 1857 годзе здарылася так, што хаджы, едучы назад з Кіхабэ, праз кару прарока Магамета не хацелі арабам звычайных падаткаў даваць, а было іх разам каля васьмідзесяці тысяч, і кожны турак-хаджы меў адпаведную зброю, і быў паша між іх з некалькімі тысячамі войска. Але так смела напалі на іх арабы, аднекуль з-пад зямлі, нябачныя, як мурашы, і ўсе голыя, ледзь хто меў кілім альбо прасцірадла на сабе, толькі кій у руках, а найчасцей нічога ў руках не маючы; сярод іх вельмі шмат было белагаловых – арабак. Заступілі дарогу арабы туркам-хаджам, колькі тысяч трупамі паклалі, а рэшту прымусілі да пакоры, у іх паадбіралі коней, грошы, сукні, зброю, нават і кашулі з плячэй, ледзь колькі дзясяткаў шчасліва ўцякло без шкоды, а гэтыя туркі-хаджы па сто міль голыя дарогаю ішлі. Ужо як у Ерусалім і Вавілон зайшлі, дык ім асобныя людзі адзенне далі. Сярод тых туркаў-хаджы былі і белагаловыя турэцкія, кадыні, бо і турчанкі на адпушчэнне грахоў ездзяць у Кіхабэ, і іх арабы распранулі і голых, як маці нарадзіла, пусцілі разам з туркамі-мужчынамі.

Прашу заўважыць, якая небяспека на той дарозе, што туркі едуць у Кіхабэ да Магамета на адпушчэнне грахоў, але яны і аднаго года прапусціць не могуць, толькі едуць хаджы, нічога іх не палохае, ні смерць, ні страх, ні такія вялікія клопаты. Дай Божа, каб мы, хрысціяне, так палымяна хацелі ў Ерусалім ехаць на адпушчэнне грахоў.

Тое, што кажуць, быццам труна Магаметава жалезная, а з чатырох бакоў стаяць магніты, што ўзнімаюць жалеза, і таму труна вісіць у паветры, байка. Я смела заявіць магу, бо пыталася ў некалькіх соцень туркаў, і кожны з іх адно мовіць, што труна Магаметава ў зямлі ляжыць, як і кожнага чалавека. Такі цуд ёсць у Ерусаліме, што калі з неба каменне на зямлю падала, каб пакараць кепскіх людзей, дык з таго часу адзін камень у паветры застаўся, і гэты камень і да сёння вісіць у паветры, дзякуючы моцы Божай.


Пра сам жа Ерусалім, дасць Пан Бог, як сама там буду, дык з дапамогаю Пана Бога Найвышэйшага лепей напішу. А цяпер толькі тое распавяду, што ведаю дакладна; так атрымліваецца, што ўсе туркі, якія едуць у Кіхабэ на адпушчэнне грахоў, усе яны павінны быць і ў Ерусаліме на адпушчэнні грахоў.

Магіла Пана Езуса такая цудоўная, што ў час Велікоднае ютрані вогненныя прамяні выскокваюць з яе. У прысутнасці праваслаўнага патрыярха, нашых айцоў-бернардынаў, армянскага патрыярха, некалькі тысяч людзей-хрысціян, яшчэ звечара ў перадвелікодную суботу Труну Панскую аглядае сам турэцкі паша, каб духавенства якога ашуканства не ўчыніла, каб люд хрысціянскі не ўводзілі ў зман. I вось, аглядзеўшы і пабачыўшы, што гэтая труна чыстая, нічога ў ёй няма, сам турэцкі паша загадвае прываліць яе магільным каменем і сваёю пячаткаю ў сямі месцах апячатвае і ў поўнач загадвае ўсе срэбраныя і залатыя кандэлябры патушыць, а іх некалькі дзясяткаў тысяч. Як тыя промні з Труны Пана Езуса выскачаць, дык маленькія агнёвыя струменьчыкі ідуць да свечак і ўсе свечкі самі запальваюцца. Праваслаўны патрыярх скрыжоўвае рукі з армянскім патрыярхам; яны трымаюць у руках па пяць свечак і запальваюць іх ад таго святога промня, а ад гэтых свечак іншае духавенства запальвае свае свечкі, а пасля ўсе хрысціяне таксама запальваюць свае свечкі, не па адной, а па некалькі, бо гэтыя свечкі бяруць людзі дадому і пры сконе ў рукі даюць. Гэтыя запаленыя свечкі патрыярхі да барод сваіх прытуляюць і да сукняў, але той агонь лагодны, не гарачы і не шкодлівы. I іншыя людзі, што ад патрыярхаў свечкі запальвалі, таксама свечкі да сваіх твараў падносяць і ў запазуху кладуць, а ён іх не апякае. Але гэтая лагоднасць не доўга трывае, бо што далей, то стае ён гарачэйшы і на звычайны агонь падобны.

Потым неадкладна загадваюць хрысціянам адысці, і сам паша кажа адпячатаць Труну. Убачыўшы свае пячаткі цэлымі, а Труну чыстую, як і была, – сцвярджаюць, што той прамень моцаю Божаю нараджаецца. Шмат хворых, сляпых, кульгавых, нямых, апантаных альбо хто ў смутку, альбо ад Бога ласкі ці збаўлення хто прагне, заўсёды вымаляць сваё на гэтым святым адпушчэнні грахоў у Ерусаліме, спадзяваліся б толькі ўсім сэрцам на Бога.

Шмат хрысціянскіх народаў ёсць на свеце, і прадстаўнікоў усіх знойдзеш у Ерусаліме з дарагімі дарамі, толькі з нашае Польшчы ніхто не бывае, а з Францыі, Гішпаніі, Сіцыліі, Германіі, Італіі, Венгрыі, з Чэхіі, з Індыі, з Масковіі і іншых розных краёў пілігрымы ідуць у Ерусалім на адпушчэнне

Чула я ад аднаго янычар-агі, турка, што там шэсць гадоў на пасадзе быў і жыў там з жонкаю сваёю і дзецьмі, і пры ім такая авантура здарылася. Адна арабка-зладзейка патаемна на акно залезла, думаючы што-небудзь украсці. I вось цудам Божым скінула яе на дол, і яна адразу памерла ў прысутнасці шматлікіх арабаў, дык арабы ўзбунтаваліся на гэты касцёл, бо Пан Езус белагаловую пакараў смерцю, і запатрабавалі ад духавенства дзесяць кес грошай: тая белагаловая мела сорак гадоў і штогод з пятнаццаці гадоў нараджала па двое дзяцей, а цяпер да пяцідзесяці гадоў магла б нарадзіць дваццацёра дзяцей, і за тых дзяцей, што меліся нарадзіцца, трэба даць дваццаць кес. Дык духавенства касцёл і кляштар зачынілі, бо колькі дзясяткаў тысяч арабаў збеглася. I вось янычар-ага, што ў той час жыў у Ерусаліме, як мне сам ён і ягоная жонка распавялі, памірыў з вялікай цяжкасцю тых арабаў і мусіў ім даць дваццаць кес грошай, толькі пасля гэтага адступілі тыя арабы.

Чытаў мне адзін каталіцкі ксендз грэчаскую кнігу пра хрысціян, што завуцца якубіты. Гэта, напрыклад, як мы завёмся палякі, а іншыя – немцы, маскалі і іншыя, так яны завуцца якубіты. Маюць яны вельмі вялікую краіну, багатую, нікому не падпарадкаваную, моцную, ляжыць яна глыбока ў Індыі. Іх кароль ці князь завецца Ян Прэзбітар, і ён у іх за святара. Калі ж ён памрэ, дык выбіраюць другога і гэты павінен звацца Ян Прэзбітар. Ягоны двор, ці замак, – невымоўнае прыгажосці і пышнасці, адным словам, срэбраная агароджа і краты вакол ягонага палаца, а пасярод – вельмі пекная царква. Гэтая царква на чатырнаццаць паверхаў, гэта значыць трынаццаць цэркваў адна на адной. У самай ніжняй царкве збройнага войска стане сорак тысяч, апрача людзей, якія моляцца. Есць такі звычай, што кожны месяц у іншай царкве святую імшу служыць той самы Ян Прэзбітар. Першая царква называецца царквою Святога Пятра, другая – Святога Андрэя, трэцяя – Святога Якуба, чацвёртая – Святога Яна. На кожнага апостала ёсць асобная царква, а трынаццатая царква завецца рай. Яна прысвечаная Святой Тройцы. Якубіты маюць Евангелле і рытуал ад самога святога Пятра. Яны цалкам прытрымліваюцца габрайскае веры: абразанне, шабасы, і ўсіх дзесяці прыказанняў, і ўвесь закон Майсееў, але не Талмуд, а Новы Запавет, святы крыж, споведзь, прычасце, і ўсіх сакрамантаў і царкоўных прыказанняў так моцна трымаюцца, што хто якое прыказанне парушыць, таго смерцю пакараюць. ІПмат войнаў шчасліва вялі супраць індзіян-паганцаў. Люд вельмі прыгожы, станісты, святую ж імшу па-нашаму адпраўляюць. У гэтай краіне шмат кляштараў для абодвух полаў; гэты край бяспечны, таму ад якубітаў шмат людзей на адпушчэнне грахоў прыязджае і пешшу паломнічае ў Ерусалім.

Была свечка ў Ерусаліме над Труною Пана Езуса коштам сто тысяч кес, якую нейкі хрысціянскі кароль ахвяраваў, і вось нядаўна на Вялікдзень разгневаліся праваслаўныя, што іх ранейшую свечку,таксама вялікае вартасці, знялі і збоку павесілі, а тую, што ад каталіцкага караля, коштам сто тысячкес, якая вісела над Труною Пана Езуса, разгневаныя праваслаўныя каменнем, кіямі, хто чым меў збівалі. Нават і дзеці, хто толькі быў у царкве на адпушчэнні грахоў, і вось скінуўшы яе, зноў сваю павесілі на тым месцы.

У Ерусалім прыязджаюць на адпушчэнне грахоў габашы [12], і па-турэцку яны таксама завуцца габашы. Іхні край такі вялікі, прасторны і людны, што турэцкі султан баіцца ім вайну аб'яўляць, а гэта край багаты, а народ вельмі мужны, ваяўнічы. Хіба што часам туркі, што побач жывуць (бо з Турцыяй мяжуюць), бяруць іх у палон, цішком уварваўшыся ў габашынскія межы. Тым жа спосабам і габашы бяруць туркаў у палон, я шмат бачыла мужчын і белагаловых габашоў у Стамбуле ў няволі ў турэцкіх дамах, іншыя ўжо і туркамі сталі. Скура ў іх не белая, але і не чорная, а люд прываблівы тварам і вачыма. Я размаўляла з імі, пыталася, якой яны веры, называліся хрысціянамі. Тады я запытала: «Якія дні посціце?» – «Пятніцу і суботу», – кажуць. Калі я хацела дазнацца пра Святую Тройцу, адказвалі, што Святы Дух ад Бога Бацькі і Сына зыходзіць, дык зразумела, што яны католікі, але калі спытала, ці падпарадкоўваюцца яны Рыму, Святому Айцу, дык адказаць не змаглі, бо былі гэта маладыя людзі, шмат пра веру не ведалі. Выпала мне пра гэта размаўляць з адным біскупам армянскім, вельмі вучоным чалавекам, які пра тых габашоў вельмі добра ведаў, бо быў сапраўдным Адзэм. Адзы па-польску завуцца персіяне, але ывуць яны вельмі далёка ў Персіі, там, дзе іх імператар сталіцу мае, адтуль і гэты армянскі біскуп быў, і ён мовіў мне, што гэтыя габашы – прававерныя католікі і падпарадкоўваюцца Рыму, і яны аніводнаму імператару, ні каралю не падлеглыя, я ж не ведаю, ці ёсць яны на мапах і як завецца іх кароль.

Бываюць у Ерусаліме і курды [13], а іх краіна называецца Курдыстан. Яны ўсе папісты, гэта значыць, што падпарадкоўваюцца Святому Айцу, бо яны прававерныя католікі, але мешаныя з туркамі, і тамтэйшыя туркі па-іншаму трымаюцца, як стамбульскія туркі, і бесперастанку ваююць з турэцкім султанам разам з католікамі. Апавядаў мне адзін турак Абдул-ага, якому я вярнула зрок. Гэты Абдул-ага разам з дванаццаццю іншымі ваеннымі янычарамі трапіў у палон да тых курдаў, і яны страшна іх мучылі, калі прывезлі дамоў; распрануўшы дагала, бічавалі, а пасля вяроўкаю ад галавы аж да ног да дрэва прывязалі так, як дзяцей спавіваюць, і нічога зусім есці не давалі, а па баках, дзе кішэні ў жупанах, на тым месцы цела нажом прарэзваюць: гэтым бедным туркам-нявольнікам іхнія рукі ўпіхвалі ў гэтыя раны і казалі: «Вы, туркі, народ ганарысты, любіце хадзіць па рынках і рукі засоўваеце ў кішэні, дык і тут можаце фанабэрыцца, будучы прывязанымі да гэтых дрэў і ў кішэнях рукі трымаючы». I да таго часу іх звязаных трымаюць і голадам мораць, аж пакуль у пакутах не памруць, а пасля памерлых у рэчку кідаюць.

А гэты Абдул-ага з дапамогаю Божаю так выратаваўся. Жыло ў той вёсцы шмат хрысціян, мешаных з тымі ж курдамі, і вось адна паненка-каталічка штоноч да яго прыходзіла, па колькі кавалкаў хлеба яму ў рот клала і малаком паіла, ды так яго два тыдні падмацоўвала, а іншыя, адзінаццаць, ад акут і голаду памерлі. А вось аднае начы яна прывяла каня пад сядлом, прынесла сукню, зброю і,адвязаўшы яго ад дрэва, так яму мовіла: «Чалавеча Божы, ведай, што я каталічка, Татаю мяне завуць,папісткаю, ці латынянкаю. Туркі некалі захапілі майго бацьку і брата ў палон, але іх не мучылі і праз тры гады вызвалілі. I яны здаровыя дадому прыехалі, а я цяпер замужам за адным чалавекам, атолікам, але ён у часе безупынных войнаў трапіў у турэцкую няволю, але я маю вартыя даверу лісты, што ён жыве ў няволі ў добрага пана, і мы спадзяёмся, што хутка ён вольны стане і сюды да нас прыездзе, і таму я маю літасць да туркаў і хачу табежыццё выратаваць, бо гэтаму вера мая мяне вучыць, каб кожнаму чалавеку дабро чыніла ад літасці Божае». I дала яму добрую мазь і пластыр, кабзагаіць тыя кішэні, якія меў на целе. I вось гэтытурак быў вызвалены паненкаю, і яна асядлала ямусама каня, і, дапамогшы яму на каня сесці, самасела на другога каня, апранутая па-мужчынску іўзброеная, дала яму ежу: хлеба, вэнджанага мяса,сыра і іншае і сем чырвоных злотых, і адвезла набяспечную дарогу, і назвала вёскі і гарады, якія ёнмусіць праязджаць. I вось шчасліва даехаў той Абдул-ага да Вавілона, а з Вавілона да Стамбула. Але ад тых пакут у яго пачала балець галава, а пасля ён аслеп. А я яго з ласкі Пана Бога вылечыла. I чулая ад яго, што ўдзень і ўначы ён моліцца за тую паненку-курдыянку.

Ёсць у Ерусаліме людзі, што прыязджаюць на адпушчэнне грахоў з Персіі, гюрдзы [14], прававернае каталіцкае веры, але цяпер яны зусім ні духавенства, ні царквы не маюць. Я не ведаю, чаму так сталася, але каб нашыя паслы хацелі, лёгка б ім дапамаглі, бо прыкра, што колькі дзясяткаў тысяч юдзей без споведзі і без святых сакрамантаў памірае. А ім дазволілі праваслаўную веру прыняць, нейкі капуцын ужо быў у Рыме, але мала чагодабіўся, бо быў убогі. Я чула ад шматлікіх людзей,што той край і людзі ягоныя таму завуцца гюрдзы,што святы Юры, а па-грэчаску Георгі, каралеўскуюдачку ад смерці выратаваў, цмока забіў і дзівоснацэлы край ахрысціў.
Чытаў мне адзін армянскі каталіцкі ксёндз з Ерусаліма ўсю гісторыю пра нараджэнне Пана Езуса. Больш падрабязная гісторыя, як падаецца ў нас, бо тая кніжка ў Ерусаліме яшчэ і арабскаю, і габрайскаю мовамі напісана, ненадрукаваная, але пабожныя людзі яе па-грэчаску і па-армянску перапісваюць і выдрукоўваюць у сваіх краінах. Тры вешчуны, што бачылі тую зорку, адразу пасля зачацця заўважылі ў той зорцы Прасвятую Панну, якая трымала на руках Пана Езуса. I вось як той цар убачыў на небе камету, дык адразу ж сабраў усіх сваіх настаўнікаў і пытаўся, што гэта можа значыць. Адказалі настаўнікі, што стагоддзі гэтую зорку бачылі і тое спраўдзіцца мусіць, што Панна Сына народзіць і гэты Сын стане на тым камені, што Адам даў шатану замест закладу ці распіскі. Бо ў гэтай самай гісторыі апавядаецца і пра жыццё Пана Езуса, і Панны Марыі, і ўсяго роду, з якога Прачыстая Маці паходзіць паводле прадказанняў Бога і прарокаў, што маецца нарадзіцца Пан Езус у доме Язэпа з дому Давіда.

Той заклад шатану быў дадзены, калі Адам з Еваю саграшылі, сарваўшы яблык, і былі выгнаныя з раю, і прыйшлі на свет, а была ноч, і цемра іх агарнула, яны баяліся цемры і плакалі, не ведаючы, дзе яны, а гэта ўжо на досвітку было. А шатан, ведаючы, што хутка будзе дзень, прыйшоўда Адама і кажа: «Што дасі мне, калі я табе дзень і святло зраблю?» Адам адказаў шатану: «Што я табе магу даць, як бачыш, нічога свайго ў мяне няма?» Шатан мовіць: «Тое мне дай, што з гэтага часу мець будзеш – нашчадкаў». Адам, не ведаючы нават, што такое нашчадкі: «Няхай мае нашчадкі тваімі будуць», – адказаў. Шатан хацеў заклаД, дык прыцягнуў камень, загадаўшы ўзяць яго ў рукі ці пакласці на яго рукі. «I гэта дай мне ў заклад». I вось узяў Адам камень у абедзве рукі і кляўся над гэтым каменем, што сваіх нашчадкаў ён аддае шатану, і тут абедзве рукі пакінулі свой след на камені. Узяўшы гэты камень, шатан кінуў яго ў рэчку Іярдан, а тым часам пачаўся дзень, і Адам думаў, што гэта шатан дзень учыніў.

Пасля ў свой час, калі святы Ян хрысціў Пана Езуса ў Іярдане, Пан Езус якраз стаў на тым камені, што Адам даў шатану ў заклад, і гэты камень пад нагамі Пана Езуса ў пыл рассыпаўся, так загінуў той заклад.

Калі Тры Вешчуны прыйшлі з дарамі да батлейкі, то перш-наперш аддаў дары святы Каспар Прасвятой Панне, і бачыў ён Пана Езуса ў абліччы немаўляці, а святы Мельхер бачыў маладога чалавека на руках Прасвятое Панны, а святы Балтазарбачыў Пана Езуса ў абліччы сталага чалавека на руках Прасвятое Панны, і так дзеялася тры дні, калігэтыя Вешчуны Пана Езуса ў трох асобах бачылі: гэта азначае Святую Тройцу.


Ёсць у Арменіі такая царква, дзе захоўваецца частка альбо цэлая рука святога Георгія. Там Пан Бог такі цуд паказвае: бярэ армянскі патрыярх разам з усім духавенствам сорак кілімаў, кладзе адзін на другі і на самым версе, на саракавым кіліме, ставяць срэбраны рондаль, а ў ім – размаітыя зёлкі, кветкі і алей, ды над гэтым святым алеем дзён сорак малітоўныя спевы і набажэнствы адпраўляюць і рукою святога Георгія, армянскага патрыярха, жагнаюць той святы алей; і вось з моцы Пана Бога без агню ён кіпіць і гатуецца, і такі водар разносіцца, што прысутным людзям душы ажыўляе. Гэтым алеем дзяцей хрысцяць. Мовіў мне армянскі князь, які каталіком стаў, што сам гэты цуд бачыў і калі пальцам даткнуўся, бо не хацеў верыць, дык апарыўся; і шмат армян, якія туды на адпушчэнне грахоў едуць, усе гэты цуд бачаць.

У гэтай самай царкве пахаваны Тэрыдадэс і ягоная жонка і шмат іншых святых. Там калі б, напрыклад, дзесяць тысяч людзей прыехала, любой нацыі, няхай, туркі, габраі і іншыя, дык усім ім сытна есці і піць даюць. I хоць бы дзесяць гадоў жылі, ім рады будуць, а ім нічога больш не гатуюць, не пякуць хлеб, толькі тое, што трэба мніхам, а Пан Бог множыць тую ежу, і ўсе даволі маюць.

I такі цуд у царкве гэтай дзеецца, што толькі раз раніцою дроў у печ накладаюць, а цэлы дзень, аж да поўначы, хлеб пякуць і ежу вараць. Часам і ў печы не выграбаюць, і кухню не падмятаюць, а назаўтра ўсё чыстае знаходзяць. Калі ім вельмі хутка хлеб патрэбны, дык на чарэнь хлеб кладуць, і ён з моцы Пана Бога добра выпякаецца.

Ёсць у Персіі армянская царква, дзе захоўваюцца рэліквіі святога Яна Хрысціцеля і святога Кіркора, які, як серафім, лятаць умеў, бо калі яму ў жыцці людзі дакучалі, ён на вачах шматлікага натоўпу з гары на іншую гару пералятаў, і цяпер туды штодзённа вялікія натоўпы людзей на адпушчэнне грахоў едуць і ідуць, нават туркі і розных рэлігій людзі. I кожны, хто на тую магілу клаўся і Пана Бога пра што прасіў дзеля святога Кіркора, дык адразу ж, лёгка заснуўшы на гэтай магіле, у сне ачыць таго святога, які пытаецца: «Чаго хочаш?» I гэты чалавек у сне ўсё памятае, калі ёсць ласка Панская, каб ён атрымаў міласціну ад Бога, дык святы Кіркор абяцае яму ад Бога на той мове, якую хто ведае. Крануўшы пальцам, ён кажа чалавеку: «Устань і ідзі з мірам, я вымаліў табе тую ласку ў Пана Бога, але яе на дабро ўжывай». I як чалавек прачнецца, адразу на сваім целе знак убачыць, дзе яго святы крануў, і гэты знак аж да смерці не сыходзіць. Калі той чалавек, напрыклад, хацеў умець на размаітых інструментах граць, дык цяпер людзям кажа: «Я ўжо ўмею граць». Прысутныя, не верачы гэтаму, падаюць яму размаітыя інструменты, а ён так добра грае, нібыта вучыўся гэтаму майстэрству дзесяць гадоў. Якая мелодыя ў галаву прыйдзе, дык адразу добра і правільна яе на інструменце грае на здзіўленне ўсіх прысутных. Калі, напрыклад, хто хоча добры голас мець, то гэтую ласку атрымае тым самым спосабам, як і першы, і адразу добра спявае. I размаітыя ласкі ад гэтага святога ўсе людзі атрымліваюць. Бясплодныя дзяцей нараджаюць, сляпым зрок вяртае і размаітыя хваробы лечыць, што ёсць на свеце, – усё робіць тым спосабам, толькі багацця і вялікае сілы не дае. Раней святы Кіркор і гэта даваў, але шмат людзей на зло ўжывала гэтую ласку Божую. Каго Пан Бог не хоча выслухаць, і ён, чалавек гэты, бачыць святога Кіркора ў сне, дык яму кажа святы Кіркор: «Устань і ідзі з мірам, не хоча Пан Бог табе даць, чаго просіш». I ўсім людзям у адной постаці з'яўляецца.


Чытаў мне адзін чалавек даўнія дзеі грэчаскае гісторыі і пра Стамбул, што калі хрысціянскі імператар фундаваў велічную царкву Айя-Сафія, такую вялікую, прасторную і дарагую, дык убачыў, што ў гоным скарбе грошай не стала, і пачаў імператар хвалявацца, што няма чым закончыць гэтую пекную царкву, лічачы, што калі ён сам не закончыць, хто ведае, ці захочуць дзеці і нашчадкі ягоныя гэтую царкву дабудаваць, бо звычай гэтага свету такі, што дзецям ніколі не падабаецца бацькоўская фундацыя альбо рада. Тым часам, калі той імператар быў так заклапочаны, стаў перад ім вельмі станісты хлопец анёльскае прыгажосці і, пакланіўшыся імператару, сказаў: «Найяснейшы імператар, пан мой хоча вашай імператарскай мосці спрыяць і пазычыць столькі чырвоных злотых, колькі дзесяць вярблюдаў забярэ, і самі, ваша імператарская мосць, можаце наведаць майго пана, а я пакажу палац». Імператар, узрадаваўшыся гэтай добрай навіне, перамяніў свой убор, каб яго ніхто не пазнаў, узяў з сабою дзесяць адданых лёкаяў, і паехалі яны з імператарскага палаца за тым хлопцам да брамы, якая завецца Эдыкуле, і непадалёку ад яе заехалі да аднаго палаца, дзе імператара з ягонымі людзьмі вельмі ветліва прынялі і дзесяць вярблюдаў, чырвонымі злотымі нагружаныя, ля палаца стаялі. I вось сказаў гаспадар таго палаца: «Гэтыя грошы, што я вашай імператарскай мосці пазычаю, можаш, ваша імператарская мосць, на хвалу Бога затраціць». Дык яго мосць імператар падзякаваў за ласку і абяцаў заўсёды памятаць гэта; развітаўшыся з гаспадаром, у добрым настроі ён вярнуўся з лёкаямі і сваімі прыяцелямі ў свой палац і шчасліва закончыў тую велічную царкву Айя-Сафія.

Тут прыпамінае сабе імператар, як мог бы ён таго чалавека аддзячыць, што яму грошы пазычыў. I вось аднаго дня загадаў імператар добрага каня з сядлом, аздобленым жэмчугам і дыяментамі, з такою самаю збруяю і гунькаю багатаю, і шмат ншых каштоўных рэчаў у падарунак узяць ды пайшоў сам з натоўпам люду і прыдворных, прагнучы ўшанаваць свайго прыяцеля, і былі з ім тыя прыдворныя даўнія, што разам золата бралі; паехалі проста да Эдыкуле да свайго прыяцеля з падарункамі, але так доўга і старанна шукалі той палац, ды ніяк знайсці не маглі нават падобнага да яго, і толькі цяпер зразумелі ласку Божую і святыя справы Ягоныя.

Гэтая царква, калі была дабудаваная, яшчэ на той дзень назвы не мела, дык раіўся імператар з духавенствам і добрымі прыяцелямі, пад якім тытулам свянціць яе. I ў той час, як сам імператар з усімі міністрамі быў у той царкве, адзін рамеснік забыў нейкі патрэбны інструмент на версе царквы. А тут прыехаў той хлопец, пан якога імператару грошы даў, і так сказаў таму рамесніку: «Не лезь на верх царквы па свой інструмент, бо ведаю добра, што ўпадзеш і памрэш. Заклінаю цябе гэтай царквы імем, якое яму Прачыстая Маці дала, Айя-Сафія». Дык імператар вельмі ўзрадаваўся многім прыемным рэчам. Першае, што царкве ягонай імя дала сама Прачыстая Маці; другое, што лёкая свайго прыяцеля і дабрадзея ўбачыў і хацеў яго пекна прывітаць, па-сяброўску прыняць, запытацца пра ягонага пана, распавесці яму заўчорашняе жаданне пабачыцца і што іх палац яны старанна шукалі, узрадаваўся і мовіў: «Я хацеў са сваім дваром наведаць твайго пана». Але той хлопец адказаў: «Найяснейшы імператар, заўсёды мой пан будзе рады вашай імператарскай мосці, і палац ягоны лёгка знойдзеш, толькі яшчэ даволі часу да таго моманту, будзь пэўны, імператар». I вось у міг вока знік гэты гжэчны хлопец у прысутнасці ўсяго двара.

Перад царквою Айя-Сафія на цвінтары (што цяпер туркі ў джамію ператварылі) стаяць мураваныя слупы, надзвычай высокія, і я чула ад многіх хрысціян, якія шчыра сцвярджалі, што пад тымі слупамі павінны быць кашы з хлябамі, якімі Пан Езус, яшчэ жывучы на свеце, надзяляў народ.


Ерусалім – святое месца на зямлі, якое шануюць ва ўсім свеце, а найбольш – хрысціяне, што адусюль на адпушчэнне грахоў прыязджаюць. Тая краіна, што завецца Габешы, так далёка ад Індыі, што цэлы год мусяць морам плысці ў Ерусалім. Чула я ад надзейных людзей, якія былі ў Ерусаліме ў той год, як габешы прыехалі; яны бачылі на фэсце трох годных людзей, гутарылі з імі, і тыя мовілі, што выехала з дому восемдзесят чалавек, але ад небяспечнае дарогі і нязручнасцей семдзесят сем з іх памерлі і толькі трое прыехалі шчасліва; гэтыя трое ўжо не хочуць больш у свой край вяртацца, бо ўпадабалі сабе ў Ерусаліме жыць, дзеля міласці Пана Бога і збавення душы свае, а таксама і пагарджаючы светам. Чаму ж туды на фэст французы, немцы, чэхі, маскалі і іншыя людзі прыязджаюць, на гэтае святое месца, толькі ніхто пахваліцца не можа, што паляка альбо польку бачыў?
1   ...   7   8   9   10   11   12   13   14   15


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка