Сакалова Вёсачка Сакалова




Дата канвертавання01.05.2016
Памер15.79 Kb.
Сакалова

Вёсачка Сакалова стаяла ў глыбіні Сар’янскай Пушчы, дзе праз яе ў дзікім яры прабіраецца да Сар’янкі рачулка Тур’я. Калі ў сярэдзіне лютага 1943 г. пачалася карная экспедыцыя, ужо праз тыдзень ад яе пачатку сюды пачалі сцякацца ўцалелыя жыхары спаленых зарэчных, памежных вёсак – тыя, каму ўдалося ўцячы ад аблавы ў Расіцкіх лясах. У Сакалове такіх набралася пад сотню чалавек, у большасці жанчыны з дзецьмі. Тамсама было нямала і партызан, якія напачатку даволі актыўна супраціўляліся ворагу. Але карнікі, пераадолеўшы супраціўленне партызан, рушылі ў наступ.



Жыхарка Кіева Валянціна Іванаўна Гачкоўская ўспамінае:

Я сама з Расіцы. Нашы ўцёкі на пачатку вайны на ўсход былі непаспяховымі і драматычнымі. Бацьку забілі проста з самалёта, бо ён ехаў па вялікай дарозе, а мы – побач па лясных сцежках. Калі палілі Расіцу, я ў жаху кінулася ў лясы. Мне тады было 12 гадоў. Не пераказаць, дзе я тулялася начамі, ды ўрэшце лёс звёў нас з матуляй у Сакалове, дзе было ўжо шмат людзей. Калі здалёк пачала даносіцца страляніна, а неба зацягнулася дымам, усе затрывожыліся і пачалі збірацца да ўцёкаў. Але гэта ўдалося толькі партызанам. А ўцекачоў, загрузлых у снягах, пералавілі, шмат каго пастралялі. У Сакалове пачалі ладзіць абоз, як пасля выявілася,– для спалення ў Ракшнях.

Мяне прыкмеціў камандзір-немец. Дасюль не ведаю, што яму прыйшло ў галаву, але ён загадаў пасадзіць мяне ў сані разам са сваёй абслугай. Мама, відаць, ужо ведала, што яе чакае, і на развітанне аддала мне свае валёнкі. Праз слёзы, ад’язджаючы, я бачыла яе босай на ганку хаты побач з маім братам Мішам. Мы яшчэ не пераехалі ручай, як ззаду пачуліся стрэлы. Сакалова спалілі. Колькі там загінула мясцовых, а колькі бежанцаў – невядома. Ведаю толькі, што майго стрыечнага брата забілі на вачох у жонкі, а яе, Ксеню, паранілі разрыўной куляй у таз – яна была на восьмым месяцы цяжарнасці…

Маму з маім брацікам Мішам спалілі ў Ракшнях. Брата Антона расстралялі ў Саласпілсе, брат Іван загінуў на фронце. Я засталася адна блукаць па свеце…

Помнічак на месца спалення людзей у Сакалове рабяты з клуба “Шукальнік” спачатку везлі на байдарцы па Асуніцы і Сар’янцы, а затым на руках данеслі праз Пушчу. Зараз у тых мясцінах глухамань на шмат кіламетраў, бязлюддзе. Затое ў Хатыні шматлюдна, яны аддаюць даніну памяці і вёсачцы Сакалова, яе ахвярам.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка