Сафійскі сабор (падарожжа другое)




Дата канвертавання15.03.2016
Памер110.05 Kb.
САФІЙСКІ САБОР

(падарожжа другое)
Дождж паціху сціхаў. Струменчыкі танюсенькімі нітачкамі слізгацелі-вывіваліся па шкле, таму за вокнамі аўтобуса будынкі і дрэвы на вуліцах Полацка здаваліся сюррэалістычнымі выявамі з карцін Пікасо. Вечна няўрымслівы вецер, напэўна, ужо стаміўся, вырашыў хоць на нейкі час адпачыць. І адразу хмары расступіліся—наперад выступіла доўгачаканае сонейка. На тварах людзей з’явіліся ўсмешкі: надвор’е не радавала з самага ранку, і ужо хацелася змяніць настрой, адчуць нейкую ўзнёсласць ад наведвання такой цудоўнай мясціны. Полацк, умыты майскім дажджом, урэшце чакаў сваіх гасцей.

Пакінуўшы Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр, мы спяшаліся да Дзвіны, туды, дзе знаходзіцца яшчэ адна наша святыня—сабор святой Сафіі. Аўтобус, павіляўшы некаторы час па шматлікіх вузкіх вулачках старажытнага горада, неяк нечакана вырваўся на прастор: перад намі рассцілалася шырокая гладзь ракі. Непадалёк бачны быў вялікі мост цераз яе. Аўтобус спыніўся на бетонным пляцы на беразе Дзвіны.

Розныя думкі звычайна наведваюць вандроўніка-турыста, калі той спыніцца ў гэтым святым месцы. Хто прыгадае імёны славутых палачан, што сваёй плённай асветніцкай дзейнасцю ўславілі нашу Беларусь у стагоддзях, а хто проста залюбуецца навакольнай прыгажосцю гэтага унікальнага месца. Менавіта тут, на правым беразе Дзвіны, у месцы, дзе яна сустракаецца з рэчкай Палатой, і быў пабудаваны вядомы на ўвесь свет адзін з чатырох храмаў святой Сафіі, астатнія тры-- у Канстанцінопалі, Ноўгарадзе, Кіеве.

Мне чамусьці ўспомніўся пісьменнік Вацлаў Ластоўскі і яго славутыя “Лабірынты”, дзе ён сцвярджае, што менавіта пад Дзвіной, амаль пад тым самым месцам, дзе мы зараз знаходзіліся, праходзіць знакаміты падземны ход, знайсці які імкнулася не адно пакаленне беларусаў.”Куды ж вядзе гэты падземны ход?—спытаеце вы,--напэўна, да скарбаў?”І сапраўды, да сапраўдных скарбаў, калі верыць легендзе пра Полацак, адной са шматлікіх, вядомых пра горад. Да знакамітай полацкай старажытнай бібліятэкі. Вось як апісвае яе Вацлаў Ластоўскі, знаўца беларускай гісторыі:”Аддзел бібліятэкі, у якім я знаходзіўся, складаўся з помнікаў старасвецкіх арабскіх, грэцкіх, індускіх і егіпецкіх пісьменнікаў. Аграмадныя фаліянты, пісаныя на пергаміне і шоўкавых тканінах, залягалі ўсе сцены: унізе, каля сцен, у дубовых, абіваных сярэбранай бляхай скрынях разложаны былі звіткі, пісаныя на розных мовах…Тут я бачыў не толькі фаліянт полацкай летапісі, пісанай рукой княжны Ефрасінні, але і летапісы шмат ранейшых перыядаў існавання нашага горада…”

Я стаяў, абапіраючыся на металічныя парэнчы невялікіх масткоў, любаваўся шырокімі водамі Дзвіны і думаў пра тое, што гэтыя воды могуць шмат расказаць аб нашых продках—дружынах князя Усяслава Чарадзея, якія несумненна былі тут, на гэтым месцы; аб купцах—мясцовых і іншаземных, аб простых сялянах у світках і поршнях. Успамінаючы нашага пісьменніка Вячаслава Адамчыка, можна, змяніўшы крыху яго словы, сказаць пра гэта так: сплылі тыя воды, што памятаюць старажытны Полацак, але хочацца таксама пакінуць—кожнаму ў свой час—памяць аб сабе. Аб усім гэтым думаў я, стоячы над магутнай плынню нашай славутай Дзвіны. А справа, на вялікім узгорку, над старадрэвінамі, ужо выступала постаць старажытнага, але вечна маладога Сафійскага храма.

Вядомыя розныя фотаэцюды гэтай мясціны, зробленыя і ўзімку, і ўлетку. Але аб’ядноўвае іх адно: Сафійскі сабор горда паўстаў на беразе Дзвіны і задумліва ўзіраецца ўдалеч—высокі, велічны і…асляпляльна-белы, чысты душою і сэрцам, якімі павінны быць тыя, хто наведвае гэты храм, а зараз ужо музей гісторыі нашай Бацькаўшчыны. Адлюстраванне яго ў цёмна-сініх водах ракі плыве, дрыжыць, гайдаецца. І так адразу хочацца агучыць пейзаж голасам званоў—вечных вестуноў праўды.

Так хацелася затрымацца тут, на набярэжнай, але раптоўна сыпануў дождж, ды такі няслабы, што людзі кінуліся да вялікай высокай лесвіцы, што вяла да пагорка. Але яе не было—толькі металічны каркас, карунак без прыступак. Самыя смелыя, у асноўным падлеткі, пачалі караскацца па ім наверх, астатнія—па тропцы, амаль вертыкальнай. Нарэшце мы каля ўвахода.

У запісную кнігу. Полацкі Сафійскі сабор, помнік архітэктуры XI—XVIII ст. Пабудаваны пры князю Усяславе Брачыслававічы (Чарадзею) паміж 1044—1066 гадамі як праваслаўны пяцінефавы* крыжова-купальны храм з трыма гранёнымі апсідамі* (Гранёныя апсіды былі характэрныя для драўляных храмаў. Ні ў Кіеве, ні ў Ноўгарадзе такія апсіды не сустракаюцца!), сямю купаламі (паводле іншых звестак, купалоў было пяць, а гады збудавання 1050—1060г.г.) На кожным фасадзе (акрамя ўсходняга) было па шэсць прамавугольных плоскіх лапатак*, што адпавядалі ўнутранаму падзелу памяшкання шаснаццаццю слупамі на нефы, тры сярэднія нефы заканчваліся апсідамі. Над сяродкрыжжам сабора быў цэнтральны купал (на барабане). Пабудавана старажытная Сафія была ў форме куба з рабром 26,4м. Уздоўж ўсходняга фасаду ў XII—XIIIст. зроблены розныя дабудовы. Тут таксама знаходзілася княжацкая пахавальня. Сцены сабора складзены з прыроднага каменю і плінфы* ў тэхніцы паласатай муроўкі (муроўка са схаваным радам, што стварала двухколерную гаму паверхні), характэрнай для полацкай школы дойлідства...

З вялікім хваляваннем пераступаем парог. Каля ўвахода нас сустракае экскурсавод і ў першую чаргу абвяшчае аб тым, што святая Сафія—гэта зараз музей і адначасова канцэртная зала і што пасля кароткай экскурсіі мы пераканаемся ў гэтым.

Як мы ведаем, храмы ўсіх канфесій заўсёды будаваліся і будуюцца па пэўных канонах, і падабенства іх, як знешняе, так і ўнутранае, відавочнае. Але кожны з храмаў ствараўся ў свой час і мае пэўную, непаўторную гісторыю нараджэння і лёс. А колькі з іх было знішчана бальшавікамі! І вось зараз, пераступіўшы парог святыні, раптоўна адчуваеш, колькі стагоддзяў згінула ў цемры часу пасля таго, калі першы камень быў закладзены ў падмурак сабора; якія набажэнствы адбываліся тут праваслаўнымі, уніятамі—менавіта гэтым канфесіям у розныя часы належаў наш храм, і таму ў інтэр’еры добра бачныя іх рысы; і што гісторыя сабора налічвае ўжо амаль цэлае тысячагоддзе…

І ўсё ж унутранае ўбранне храма нагадвае сотні падобныя да яго пабудовы і адначасова здзіўляе сваёй непаўторнасцю. Напрыклад, асабліва вылучаецца сваім убраннем багата аздобленая золатам катэдра, адкуль калісьці епіскап звяртаўся да паствы з прамоваю…

Нездарма ў Сафійскім саборы праводзяцца розныя фестывалі духоўнай музыкі. Храм вельмі прасторны—гукі тут нідзе не сустракаюць перашкод, жывуць у ім, лунаючы пад самым купалам. Акустыку святой Сафіі можна параўнаць, пэўна, толькі з акустыкай Барысаглебскай царквы у Гародні (пабудавана ў сярэдзіне XII cт.), “прадстаўніцай” другой беларускай архітэктурнай школы, гродненскай,—у сцены гэтага храма ўмураваны галаснікі*—керамічныя сасуды, якія звычайна паляпшалі акустычныя якасці будынка… Будаўнікі полацкага храма вельмі ўдала вырашылі праблему пашырэння ўнутранай прасторы будынка. Суадносна з візантыйскімі традыцыямі, унутраны аб’ём сабора падзелены на пяць прадольных радоў-“калідораў”—нефаў пры дапамозе калон (у нашым храме я налічыў шаснаццаць калон). Узнікае справядлівае пытанне: чаму сабор зрабілі такім прасторным? Мабыць, дзеля акустыкі? Існавала яшчэ адна прычына: у смутны, небяспечны для Полацка час усе жыхары горада маглі схавацца ў храме, што патрабавала вельмі значнага ўнутранага прастору. Напрыклад, да нашага часу захавалася царква ў вёсцы Мураванка Шчучынскага раёна , які з’яўляецца так званым абарончым храмам.

У запісную кнігу. Сафійскі сабор разам са сваім горадам перажыў шмат разбурэнняў і пажараў (быў спалены ў 1607, 1643 г.г. У 1494—1505 г.г. ён становіцца храмам-крэпасцю, што было абумоўлена ўмовамі часу, абставінамі палітычнага жыцця дзяржавы. Аб гэтым сведчыць план Полацка 1579 г. З 1596 па 1839г.г. храм быў уніяцкім. У 1620 г. сабор быў перабудаваны ў каталіцкім стылі пад кіраўніцтвам уніяцкага архіепіскапа Язафата Кунцэвіча. У заходняй частцы знялі пяць купалоў і надбудавалі на тым месцы дзве вежы. Сапраўднай рэканструкцыі сабор патрабаваў пасля 1 траўня 1710 г. падчас Паўначнай вайны, якраз напярэдадні адыходу рускіх войск. Існуюць розныя меркаванні наконт таго, чаму выбухнуў парахавы склад, размешчаны ў саборы па прыказу Пятра I. Выбухам былі разбураны сцяна, левы алтар, некаторыя калоны, а таксама скляпенні. Некаторыя гісторыкі схіляюцца да таго, што гэта сам цар прыказаў узарваць храм…Новая перабудова адбылася паміж 1738—1750 г.г. пад кіраўніцтвам архітэктара І..К.Глаўбіца—у стылі позняга (віленскага) барока. У XVIII ст. Сафійскі сабор—гэта трохнефавая мураваная базіліка* з дзвюма шмат’яруснымі вежамі на галоўным фасадзе*. З усходняга боку ў кампазіцыю будынка ўключаны рэшткі сцен, склеп і гранёныя апсіды храма XI ст. Старажытныя апсіды і сіметрычная ім прыбудова ўтвараюць своесасблівы трансепт*. Яго гранёныя крылы* завершаны ў цэнтры купалам з ліхтарыкамі. Цэнтральны неф завершаны фігурнымі франтонамі* на фасадзе і з боку алтарнай апсіды. Галоўны фасад аздоблены ляпнымі гірляндамі на пілястрах*, авальнымі нішамі на гранёных крылах , пінаклямі* па вуглах ярусаў вежаў і франтонаў. Бакавыя фасады дэкарыраваны спаранымі пілястрамі і ляпнымі гірляндамі.

Адразу каля ўвахода нас сустрэла—не здзіўляйцеся!—другая святая Сафія, старажытная—у мініяцюры. Прыгожы макет храма. Белы-белы, як снег, будынак гэты быў зусім не падобны на сучасны Сафійскі сабор, а нагадваў больш кіеўскую або наўгародскую Сафію.



Нейкая хітрынка мільганула ў вачах нашага экскурсавода, каля яна з усмешкай спытала нас, ці не хочам мы перанесціся ў XI стагоддзе. Усе, вядома, згадзіліся. Экскурсавод падвяла нас да лесвіцы, што вяла ўніз, у нейкае скляпенне. Аказалася, што пад усім саборам размясцілася цэлая экспазіцыя. Галоўны экспанат яе—рэшткі падмурку XI cтагоддзя—знакамітая кладка са схаваным радам з рознакаляровай плінфы (плоскай цэглы). Асабліва мяне ўразілі—не, не манеты старажытнага скарбу і не пярсцёнкі або зброя,--а два кавалкі плінфы з “аўтографамі”, якім ужо амаль тысяча гадоў. На адным кавалку адбітак рукі старажытнага будаўніка і нейкі надпіс на стараславянскай мове, а на другім (ніякіх жартаў!)—пяціканцовая зорка. Падробка, такога ў той час проста не магло быць,--скажаце вы і памыліцеся. Зорка, як і свастыка (толькі наадварот!)—гэта рунічныя знакі, што сімвалізуюць сонцаварот і ўдачу ў жыцці. Таму, пакідаючы на плінфе такі “аўтограф”, старажытны будаўнік жадаў храму доўгага жыцця і, як бачым, не памыліўся: полацкая Сафія стала падмуркам, калыскай хрысціянства, помнікам дойлідства XI—XVIII стагоддзяў. А падмурак сабора здзіўляе сваёй магутнасцю, надзейнасцю. І можна было не падымацца наверх, каб паназіраць, як змяняўся храм пасля кожнай перабудовы: рамантуючы сцены, будаўнікі ў першую чаргу звярталі сваю ўвагу на падмурак і рамонт заўсёды пачыналі менавіта з яго. Таму там, пад зямлёю, у скляпенні, па фрагментах падмурку розных стагоддзяў можна было прасачыць, як змянялася тэхналогія кладкі ў розныя перыяды нашай гісторыі…

І зноў мы наверсе. Адразу ж прыцягвае ўвагу каменная алтарная перагародка, якая складаецца з трох ярусаў. Вельмі ўразіла размалёўка (выканана тэмперай*) XVIII стагоддзя “Тайная вячэра”—пад трэцім ярусам, у цэнтры, а над гэтым творам у барочным ляпным картушы*--“Спас нерукатворны”.

Па перыметры залы размешчаны вітрыны са шматлікімі экспанатамі, каля якіх, напэўна, можна правесці цэлы дзень. Цэнтральную частку залы займаюць рады лавак. Экскурсія завершана. Стомленыя, людзі размясціліся на адпачынак. Перад намі, на хорах, знаходзілася яшчэ адна святыня полацкай Сафіі—арган*. Як растлумачыла экскурсавод, арган быў размешчаны тут у 1985 годзе, пасля апошняй рэстаўрацыі храма.

На хорах з’явіліся дзве жанчыны. Адна, арганістка, пакланілася нам і заняла сваё месца перад мануаламі.* Другая, вядучая, абвясціла пачатак арганнага канцэрта. І тут паплылі цудоўныя гукі—таката Баха гучала моцна, магутна, напаўняла прастору невядомай энергіяй. Дзіўна было назіраць, як мяняюцца твары тых, хто яшчэ хвіліну таму, здавалася, выглядаў стомленым ад доўгай дарогі і насычанага ўражаннямі дня. У гэтым святым месцы музыка Баха, Гендэля, Шуберта набывала зусім іншы сэнс, гучала па-новаму, неяк урачыста, узнёсла. Гавораць, калі чалавек з парашутам упершыню робіць крок у паветраную бездань, ён або ніколі больш не паўторыць гэтага, або, адчуўшы, як лунае, трапечацца ад новых пачуццяў яго сэрца, будзе вяртацца сюды, пакуль жыве. Я, напэўна, адчуваў сябе такім парашутыстам, які ўпершыню ступіў у бездань новых адчуванняў—тым больш у такі дзень, и мне захацелася вярнуцца сюды яшчэ неаднойчы… Гэта быў сапраўды новы, моцны і, на жаль, ужо апошні акорд нашага падарожжа…

Калі чароўная музыка сціхла, мы яшчэ нейкі час не ўставалі з месца: хацелася як мага даўжэй пабыць тут, запомніць усё-усё, што адбылося за апошнія некалькі гадзін і, урэшце рэшт, захаваць гэтае ўражанне на доўгі-доўгі час…

Аўтобус зноў рассякае майскае вячэрняе паветра, ляціць, як стомленая ўжо птушка, на поўдзень Беларусі. Полаччына засталася дзесьці там, на поўначы, дзесьці там, у старажытнасці…Наша машына часу імчыць стомленых, але шчаслівых людзей назад, у XXI стагоддзе—дадому…


У СЛОЎНІК:
*Алтар (лац. altaria ад altus—высокі)—ахвярнік; асобнае збудаванне ў гонар багоў; у праваслаўных і некаторых уніяцкіх храмах—сталы ( або прастолы) для выканання таінства. З XIV—XV ст. аддзяляюцца іканастасам. Алтары ставіліся ва ўсходняй частцы храма ў завяршэнні галоўнага нефа (галоўны алтар) і аддзяляліся алтарнай перагародкай, а таксама ў тарцах бакавых нефаў (бакавыя алтары).
*Апсіда (ад грэч. apsis(apsidos)—скляпенне, дуга, паўкруг, арка)—выступ будынка паўкруглай, часам шматвугольнай формы, пакрыты паўкупалам ці самкнёным паўскляпеннем. У хрысціянскіх храмах апсіды ўзводзіліся з усходняга боку, у іх размяшчаўся алтар.
*Арган (грэч. organum—прылада, інструмент)—клавішны духавы інструмент, самы вялікі і вельмі стары (III ст. да н.э.). На сцэне канцэртнага зала мы бачым толькі фасад аргана з часткай труб. Сотні іх знаходзяцца за кулісамі сцэны і размешчаны ярусамі ўверх і уніз. У сучасных арганах колькасць труб даходзіць да 30 тысяч. Самыя вялікія вышынёй больш за 10 метраў, самыя маленькія—10 міліметраў. На выканальніцкім пульце, за якім сядзіць арганіст, размешчана некалькі (ад 2 да 7) клавіятур-мануалаў, якія адказваюць за розныя па вышыні рэгістры. Асобая клавіятура—нажная педаль, якая мае 32 клавішы для ігры наском і абцасам.
*Базіліка (лац. basilica, ад грэч. basilike—царскі дом)—прамавугольны ў плане будынак, які складаецца з трох ці пяці падоўжных частак (нефаў), аддзеленых адзін ад аднаго каланадай ці аркадай. Сярэдні, галоўны, неф заўсёды вышэйшы за бакавыя, а верхнія часткі яго сцен выступаюць над дахамі сярэдніх. У Візантыі базілікай называлі палац архонта базілеўса—вышэйшай духоўнай асобы горада, затым—грамадскі будынак. Пазней базілікі сталі выкарыстоўвацца хрысціянамі для сходаў, іх планіроўка набыла форму лацінскага крыжа, дзякуючы перасячэнню падоўжных нефаў папярэчным (трансептам).
*Барабан (ад татар.барабан—бубен)—у архітэктуры верхняя частка будынка, якая нясе купал, абапіраючыся на сцены, слупы, ветразі. Мае цыліндрычную ці гранёную форму, можа мець светлавыя праёмы або быць глухім.
*Ветразь—трохкутная выгнутая паверхня ў купальнай канструкцыі. Якая нагадвае напоўнены ветрам карабельны ветразь. Спалучэнне чатырох ветразяў забяспечвае пераход ад прамавугольнай у плане падкупальнай прасторы да акружнасці барабана ці купала дзякуючы ўтворанаму кругу з асноў сферычных трохкутнікаў.
*Галаснікі—невялікія керамічныя сасуды ў выглядзе жбаноў, якія ўмуроўваліся ў тоўшчу сцяны адтулінамі ўнутр памяшкання з мэтай паляпшэння акустычных якасцей будынка, узмацнення гука, памяншэння вагі сцен.
*Картуш (франц. cartouche—патрон, ад італьянск. cartoccio—скрутак, ад лац. charta—папера)—скульптурнае або ляпное ўпрыгожванне ў выглядзе не зусім разгорнутага скрутка, звітка, у якім ёсць авальнае ці круглае поле (стылі барока, ракако, класіцызм). На картушы змяшчалі гербы, эмблемы, надпісы, маскі.
*Лапатка—плоскі вертыкальны выступ на сцяне канструкцыйнага ці дэкаратыўнага характару. Адрозніваецца ад пілястры адсутнасцю базы і капітэлі.
*Неф (франц. nef, ад лац. navis—карабель)—прадаўгаватая прамавугольная ў плане прастора будынка, абмежаваная сценамі або радамі слупоў, калон, аркадамі. Адрозніваюць сярэдні, бакавыя, папярочныя (трансепт) нефы. На перакрыжаванні сярэдняга і папярочнага нефаў часта ўзводзілі купал на барабане. У бакавых і галоўным нефах размяшчалі алтары.
*Пілястра (франц. pilastre, ад лац. pila—слуп)—плоскі вертыкальны выступ на паверхні сцяны. Пілястра мае тыя ж часткі, што і калона (ствол, капітэль, база), яе ствол могуць праразаць канелюры. Служыць для члянення фасадаў будынка з мэтай надання яму большай выразнасці, а таксама для ўмацавання найбольш напружаных частак сцен.
*Тэмпера (італьянск. tempera, ад лац. temperare—змякчаць, змешваць)—фарба, якая складаецца з пігмента, замешанага на яечным жаўтку, бялку або казеіне, і пасля разбаўленая вадой. Пасля высыхання ў вадзе не разбаўляецца. Тэмпера дазваляе стварыць мяккія і разнастайныя танальныя і колеравыя пераходы, аксамітную матавую фактуру.
*Фрыз (франц. frise)—сярэдняя гарызантальная частка антаблемента, размешчаная паміж архітравам і карнізам. Звычайна запаўняўся скульптурнымі ці жывапіснымі кампазіцыямі.
Жнівень 2007г. Дз.Л.Пятровіч





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка