Садоўская А. Л., Сёмуха Д. П. Бду, Мінск Фразеасемантычнае поле




Дата канвертавання29.03.2016
Памер85.82 Kb.
Садоўская А. Л., Сёмуха Д. П.

БДУ, Мінск
Фразеасемантычнае поле маладосць /старасць у беларускай мове
Перадусім варта адзначыць, што сема маладосці прадстаўлена ў фразеалагічным матэрыяле разнастайнымі лексемамі, напрыклад: прыметнікамі, у тым ліку і субстантываванымі, – малады (Маладой дзеўцы ўсё смех; Малады розум – палявы вецер: бяжыць і гудзіць), молад (Стар любіць сквар, а молад любіць холад; Як малада была, то ўсім каляда была), маладзенькая, маладзёшанек (Жні пшанічку прызеляненькую, аддавай дачку маладзенькую; Рад бы радзёшанек, як бы другі раз быў маладзёшанек), дзявочы, дзявоцкі, малайцовы (Удаўцова і ўдавінае сэрца, як зімовае сонца, а малайцовае і дзявоцкае, як летняе сонца; Чэсць дзявочае шчасце беражэ), свежы (На свежую кветку пчолка ляціць, а на старую і чорт не глядзіць); назоўнікамі – маладосць (Пытае старасць, што прыгатавала маладосць; Старасць не радасць, а маладосць не навек), сямілетка (Узяў жонку-сямілетку, што не вымеце хаты ўлетку. Узнікае дадатковая сема ‘вельмі маладога ўзросту, малая’); прыслоўямі – змоладу (Змоладу балі спраўлялі, пад старасць галышамі сталі); безасабова-прэдыкатыўнымі словамі, суадноснымі з прыслоўямі, – молада, маложа (Зелена – молада; Чым старэе, ты правее, а чым маложа, тым дарожа); словазлучэннямі ‘прыметнік+назоўнік’ – маладыя гады, маладыя лета (Гады маладыя за ўсё вартней; Маладыя лета яму варочаюцца), дзевіч вечар (Уздумала бабка дзевіч вечар, пашла танцаваць; Успомніла бабка дзевіч вечар ды й заплакала) і інш.

Сема ‘старасць’ у фразеалагічным фондзе беларускай мовы вербальна прэзентавана праз наступныя лексемы і канструкцыі: назоўнікі – старасць (Пытае старасць, што прыгатавала маладосць; Прыйдзе старасць – будзе слабасць), змярканне (Пражыла ў бяздоллі ад рання да змяркання); прыметнік стары (Стары воўк знаець тоўк); дзеяслоў старэць (Ці кот шалеець, ці дзеўка старэець); словазлучэнні рознай будовы, у тым ліку і прэдыкатыўныя, – на старасці лет (На старасці лет здзівіла Аўдоля (Тэкля) белы свет); лета старыя (Лета старыя, а розум дзіцячы); век зжыць (Век зжыў, а вума не нажыў) і інш.

Носьбітамі атрыбутаў маладосці выступаюць такія суб’екты, як дзеўка, дзевачка, дзяўчына, дзяўчата (Як дзеўкаю: а кіс, бо пераскочу; як бабаю: кату, бо ўпаду; Харошая дзевачка хлопцам занозачка; Маліна не тое, што дзяўчына: чым болей спее, тым смачней будзе; Дзяўчата так хутка растуць, як грыбы пасля дажджу); хлопец ( У нас такая прыпеўка: дзе хлопец, там і дзеўка); унук (Вось табе, бабка, навука, не хадзі за ўнука); маладыя людзі (Маладым людзям толькі жартушкі ў галаве); жаніх (Што да чаго стасуецца: баба к мужыку, а дзеўка к жаніху) і інш.

Суб’екты састарэлага ўзросту абазначаюцца наступнымі лексемамі: стары (Стары, кажуць, змуста, да без яго ў дварэ пуста; Багатаму красць, а стараму лгаць); старшы, старэйшы (Старшых і ў пекле шануюць; Бацькоў любі, старшых паважай; Паважай старэйшых, бо сам стары будзеш); старац (У марцы яшчэ мерзнуць старцы); дзед, дзядуля (Волас сівее – дзед дурэе; Падсадзі на печ дзядулю, цябе ўнукі падсадзяць); баба, бабка (Бабы каюцца, а дзеўкі замуж збіраюцца; Старой бабе і на печы ўхаба; Добра бабцы і ў шапцы); старуха (Усе старухі – сварухі (варкатухі)).

На мяжы фразеасемантычных палёў старасці і жабрацтва стаіць лексема старац: Старац зубоў не мае, а асушкі збірае; Старац зубоў не мае, а сухары носіць. Разам з тым, “старац у светаўспрыманні беларусаў з’яўляўся медыятарам, вестуном “іншасвету”, цесна звязаным з ідэяй дарогі як шляху памерлых; надзяляўся мудрасцю і магічнымі здольнасцямі (знахарства, варажба). Паказальна, што, ходзячы па зямлі, Бог, паводле беларускіх павер’яў, сам набывае вобраз Старца” [1, с. 487–488]. У прыказках Бог прама называецца старым хазяінам: Бог – стары хазяін: не спіць і не гуляець, а ўсё на грэшных прымяраець, каму кнуцця, каму плецця. Такім чынам старасць сакралізуецца, а нарматыўны моўны канон беларусаў прадвызначае паважлівае і далікатнае стаўленне да старых і старэйшых: Старога блюдзі да парадку; Шануй старое, як дзіця малое; Старшых і ў пекле шануюць; Паважай старэйшых, бо сам стары будзеш.

Справа ў тым, што “старасць у народным разуменні – не толькі ўзроставы адрэзак, што набліжае да канца жыцця, але пэўная катэгорыя, напоўненая асаблівымі сакральнымі сэнсамі. Адыход ад актыўнай гаспадарчай дзейнасці суправаджаўся ўзмацненнем духоўнага складніка існавання старога чалавека, калі яго сацыяльны статус не проста падвышаўся, але ўваходзіў у плашчыню маральнага і каштоўнаснага. Блізкасць да <…> пераходу ў засветы вызначала стаўленне да старых як да асобаў, што наўпрост ужо могуць кантактаваць з замагільнымі сферамі” [3]. У святле ўсяго вышэй сказанага цалкам натуральным з’яўляецца суадносіць старасць з сакральнай мудрасцю, праўдай, розумам і ўвасабленнем жыццёвага вопыту: Стары з пуця не звядзець; Старая свіння глыбока рые; Стары вол ніколі баразны не сапсуець; Чым старэе, тым правее, чым маложа, тым дарожа; Як пасівеў, то паразумнеў; Старага чалавека пабранка – двару папраўка; Стары гаворыць – гародзіць, ды на праўду выходзіць; Старасць – слабая на ногі, моцная на розум і інш.

Разам з тым, вобраз старасці ў беларускай этнакультуры і фразеалогіі амбівалентны: старыя людзі могуць суадносіцца не толькі з боскім пачаткам і мудрасцю, але і з нячыстым, дэманічным пачаткам, у прыватнасці, – з чортам і адсутнасцю таго ж жыццёвага досведу: Сівіна ў бораду, а чорт у рабро; Сівізна ў бораду, а чорт у ногі; Сівізна ў бораду, а чорт у ляшкі; Як малое падае, то анёл з пярынкаю, а як старое, то чорт з бараною; Падвёз чорт бабку ў пекла.

На карысць думкі пра сувязь старых з нячыстай сілай “працуюць” таксама і іх знешнія характарыстыкі, якія неаднойчы называюцца ў фразеалагізмах: аблезлая галава, плеш, адсутнасць зубоў, доўгая барада, магчыма, горб. Так, згодна з народнай традыцыяй, і адсутнасць валасоў, і форма зубоў або наогул іх адсутнасць сведчылі пра далучэнне чалавека да нячыстай сілы, чарадзеяў-медыятараў [1, c. 64]. Можна згадаць хаця б выраз чорт лысы. У выглядзе старой бабкі з горбам уяўляюць і Бабу Ягу (у беларускай міфалогіі дэманічны вобраз ведзьмы).

Знешнімі ж атрыбутамі маладосці ў фразеалагізмах выступаюць заплеценая каса, краса, красата, пекната (напрыклад: Дзявочая краса – заплеценая каса; Каса – дзявочая краса, малайцу заноза; У дзеукі думкі ўсе ў касе; Дзеўка без касы не мае красы; За маладым – пекната, а за старым сухата і інш.). “Шматлікія легенды, казкі, загадкі і замовы сведчаць, што валасы з’яўляюцца жыццядайным асяродкам, у якім злучаны фізічныя і духоўныя сілы чалавека, і адначасова яны ўяўляюцца самым актыўным каналам энергетычнага сілкавання чалавека ад космасу” [1, с. 62]. Таму доўгія валасы, заплеценыя ў касу, натуральна лічыць злучальным звяном паміж маладосцю і жыццядайнай сілай Сусвету. Такім чынам з’яўляецца дадатковае тлумачэнне фізічнай моцы і хараства маладых людзей. Разам з тым, у фразеалагічных адзінках падкрэсліваецца часовасць і хуткаплыннасць прыгажосці і маладосці: Старасць не радасць, а маладосць не навек. Гэта ў святле сказанага можа быць патлумачана і паступовай стратай маладосцю сваіх атрыбутаў – каналаў сувязі з касмічнай энергіяй.

Маладосць характарызуецца таксама дынамізмам, хуткім ростам, спрытам, сілай і кемлівасцю: Дзяўчата так хутка растуць, як грыбы пасля дажджу; Дзяўчата растуць так скора, як лён; Малады верабей, ды спрытны; Малады сілу паказвае, а стары спосабу шукае; Малады розум – палявы вецер: бяжыць і гудзіць.



Статыку старасці раскрываюць такія атрыбуты, як фізічная немач, няздольнасць да працы і навучання, заскарузласць думак: Прыйдзе старасць – будзе слабасць; Як стануць сыпацца валасы, то і памяць з галавы; Волас сівее – розум слабее; Галава сівее, то розум дурэе; Старога чалавека вучыць цяжка; Позна старога сабаку вучыць на задніх лапах хадзіць; Дрэва гнецца пакуль маладое, старое не сагнеш, а толькі зломіш; Старога мяшка не залатаеш; Як дзеўка – казу пераскочыць, бабай стане – за курыцу спаткнецца; Стара баба нядужа, да работы нясужа; Стары гаворыць, як плот гародзіць.

Праз няздатнасць да працы па гаспадарцы, страту працаздольнасці падчас гаворыцца пра непатрэбнасць старых людзей: Стары што лом: валяйся пад вуглом. Разам з тым, “пакідаць старых сам-насам лічылася вялікім грахом і асуджалася ў народзе. Гэтая традыцыя мае глыбокія карані. Згодна з легендай, у далёкія часы старых вывозілі ў лес, дзе яны дажывалі апошнія дні. Адзін сын пашкадаваў свайго бацьку і парушыў гэты звычай, схаваўшы яго ў каморцы. За гэта бацька выратаваў сына ад голаду. Калі быў неўраджайны год, ён сказаў, што гумно пакрыта неабмалочаным жытам (у той год быў вельмі добры ўраджай). Сын “абадраў” тое жыта і атрымаў насенне. Калі людзі даведаліся пра гэта, “то перасталі кідаць старых бацькоў” [2, с. 33].

Значную ўвагу народная афарыстыка адводзіць пераемнасці паміж маладосцю і старасцю, таму што, па-першае, моладзь павінна ўвабраць жыццёвую мудрасць і вопыт, каб быць развітай духоўна і матэрыяльна пад старасць, па-другое, каб не перапыніць пераемнасці самабытных традыцый пэўнай групы – сям’і, роду, народа. З улікам таго, што для маладосці характэрны невялікі набор ведаў і вопыту (Малады – дурны; Зелена-молада; Маладосць – дурносць; Маладым людзям толькі жартушкі ў галаве; Маладой дзеўцы ўсё смех), крыніцай атрымання народнай мудрасці з’яўляюцца менавіта старыя людзі: Што кажа стары на глум – бяры малады на вум; Стары гаворыць – гародзіць, да на праўду выходзіць. Калі ж гэтая пераемнасць парушаецца, узнікае наступная сітуацыя: Галава пасівела, а розуму не набрала; Ужо сівы, а ў галаве пуста; Лета старыя, а розум дзіцячы; Стары, да дурны; Век зжыў, а вума не нажыў. У дадзеным выпадку адлюстравана прамая залежнасць ўзроўню вопыту і ведаў ад намаганняў у маладосці. Старасць – гэта мудрасць, але вопыт, а разам з тым і матэрыяльны дабрабыт, трэба назапашваць змоладу. Мэта існавання закладваецца ў маладосці і рэалізуецца падчас ўсяго жыцця.

Аднак тут бываюць адыходжанні ад агульнапрынятых у калектыўнай свядомасці ўяўленняў і нормаў. Менавіта таму сучасныя вучоныя, акрамя каляндарнага, вылучаюць яшчэ тры ўзросты чалавека: біялагічны, сацыяльны і псіхалагічны. Біялагічны ўзрост адлюстроўвае ступень фізіялагічнага развіцця, сацыяльны – на колькі гадоў мы выглядаем у вачах людзей, якія знаходзяцца вакол нас, а псіхалагічны – той, якому мы ўнутрана адпавядаем. Гэта ж пацвярджае і народная мудрасць, напрыклад: Другі і ў старасці малады, а іншы стары і ў маладосці; Малады, але спелы; Мала пражыта, ды многа перажыта; Стары, ды мыслі маладыя; Косці старыя, але душа маладая; Бывае, што і малады пазайздросціць старому і інш.

Маладосць і старасць у парэміях суадносяцца з апазіцыяй цяпло – холад: Я молад, люблю холад; Стар любіць сквар, а молад любіць холад; Старой бабе і на печы ўхаба; Старая баба і ў пятроўку на печы мерзнець; На старасці і ўлетку холадна. Прасочваецца пэўны паралелізм: стары – фізічная немач – баіцца холаду, малады – фізічная моц – любіць холад. Адзначаецца цудадзейная сіла холаду: Як мароз ды холад, дык і стар молад; У холад кожны молад; На марозе то й баба красна.

Варта дадаць, што фразеалагічныя адзінкі з кампанентамі маладосць, старасць, вытворнымі ад іх лексемамі і словамі, якія ўтрымліваюць у сабе семы ‘маладосць, старасць’, не заўсёды ўваходзяць непасрэдна ў семантычнае поле ступеняў чалавечага жыцця. Фразеасемантычныя палі могуць перасякацца. Напрыклад, пэўная колькасць адзінак тэматычна далучаецца да фразеасемантычнага поля кахання, шлюбу, гендарных стасункаў, напрыклад: Жні пшанічку прызеляненькую, аддавай дачку маладзенькую; Шчабеча дзяўчына, шчабеча: відна, замуж хоча; Маладога людзі жэняць, а старога чорт не ажэніць; На свежую кветку пчолка ляціць, а на старую і чорт не глядзіць; Жыць за старым – быць у павазе, а за маладым – у знявазе і інш.

Некаторыя ўстойлівыя адзінкі прымыкаюць да фразеасемантычнага поля ‘маральна-этычнае або разумовае выхаванне’, якое з’яўляецца адной з асноўных задач у маладосці: Замаладу прыўчаць трэба; Дрэва гнецца пакуль маладое, старое не сагнеш, а толькі зломіш; У маладосці не жалей сына косці, пад старасць бацьку падзякуе; Што вывучыў у маладосці, таго не забудзеш у старасці; Маладому наўчыцца, старому не забыцца і інш.

Такім чынам, прааналізаваныя намі фразеалагічныя адзінкі семантычнага поля ‘маладосць, старасць’, з аднаго боку, прэзентуюць рэзкае супрацьпастаўленне дадзеных этапаў жыцця (перадусім на фізічным узроўні), з іншага боку, – перадаюць цесную ўзаемасувязь і ўзаемаабумоўленасць паміж імі. Шчыльная знітаванасць маладосці і старасці праяўлена як на ўзроўні сацыяльных адносінаў (пераемнасць паміж пакаленнямі), так і ў натуральным развіцці кожнай індывідуальнай асобы – маладосць забяспечвае і прадвызначае старасць.


Спіс літаратуры


  1. Беларуская міфалогія : энцыклапедычны слоўнік. / С. Санько, Т. Валодзіна, У. Васілевіч [і інш.]. – Мінск : Беларусь, 2004. – 592 с.

  2. Беларусы. Т. 5. Сям’я / В. К. Бандарчык, Г. М. Курыловіч, Т. І. Кухаронак і інш. ; Рэдкал. В. К. Бандарчык і інш. / Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі. – Мінск : Бел. навука, 2000. – 375 с.

  3. Валодзіна, Т. В. Старасць і старыя [Электронны рэсурс] / Т. Валодзіна, В. Ракіцкі. – Рэжым доступу:http://KRYŬJA.org/artykuly/bielaruskaja_atliantyda/starasc_i_staryia.html – Дата доступу: 30.02.2011.

  4. Прыказкi i прымаўкi: У 2 кн. / пад рэд. А. С. Фядосiка. – Мiнск: Навука i тэхнiка, 1976. – Кн. 1. – 559 с.; Кн. 2. – 620 с.



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка