Сацыяльнае канструяванне рэальнасці ў беларускім афіцыйным дыскурсе




старонка3/5
Дата канвертавання14.03.2016
Памер0.85 Mb.
1   2   3   4   5

Праўда, на самым прыканцы кнігі Тэйлар усё ж такі робіць сціплую заўвагу, спасылаючыся на посткаланіяльныя даследаванні, што нарэшце пераадольваецца тэндэнцыя бачыць мадэрніці як адзіны працэс. Еўрапейская мадэль разумеецца як першы аб’ект для некаторай творчай імітацыі, але як адна мадэль сярод многіх, “правінцыя” ў мультыфармальным свеце [21, р.195].
1.2.4. Сацыяльная імажынерыя і ідэалогія
Відавочна, Тэйлар сам адчувае, што самае слабае месца ў ягонай канцэпцыі – гэта наданне мадэрнай заходняй сацыяльнай імажынерыі сэнсу цывілізацыйнага першынства. Існуе “цёмны бок мадэрнай сацыяльнай імажынерыі” ў перспектыве яе сувязяў з тым, што марксісты называюць ідэалогіяй – скажонай ці памылковай свядомасцю. Філосаф задаецца пытаннем: “Тое, што мы ўяўляем, можа быць чымсьці новым, канструктыўным, адкрытым для новых магчымасцей ці яно можа быць проста фіктыўным, нават небяспечна памылковым?” [21, р.184]

У сваім выкарыстанні паняцця сацыяльнай імажынерыі Тэйлар спалучае абедзве альтэрнатывы. Ведучы ўнутраны дыялог з самім сабой, Тэйлар пагаджаецца, што імажынерыя можа быць памылковай, то бок скажаць пэўныя крытычныя факты. Але яна ніколі не можа быць зведзена толькі да ідэалогіі. Сацыяльная імажынерыя мае канстытутыўную функцыю, якая робіць практыкі магчымымі і сэнсоўнымі. У гэтым сэнсе яе памылковасць не можа быць татальнай. Падобна ўсім формам чалавечага ўяўлення, сацыяльная імажынерыя можа быць поўнай фікцый і ўціску, але яна – істотны канстытутыўны элемент рэальнасці. Таму ў мадэрным грамадстве сацыяльная імажынерыя не можа быць рэдукаванай да ілюзорнай мары.

На наш погляд, у гэтым пункце аргументацыя Тэйлара гучыць непераканаўча, паколькі ён не разводзіць паняцці “ідэалогіі” і “сацыяльнай імажынерыі” з дапамогай дыскурсіўных сродкаў, а ледзь не надае анталагічны статус мадэрнаму маральнаму парадку і яго сацыяльнай імажынерыі.

Тэйлар непаслядоўны ў вызначэнні статусу сацыяльных ведаў, якія, згодна канструктывістам, пазбаўлены ацэначных і кагнітыўных аспектаў. Калі веды задавальняюць галоўнаму крытэрыю – паспяхова канструяваць сацыяльную рэальнасць, канструктывізм не дае падставы для іх крытыкі. Тэйлар дае непрыхаваныя негатыўныя ацэнкі сацыяльным імажынерыям, якія правакуюць таталітарныя выклікі, але, па сутнасці, з ягонай канцэпцыі не вынікае – чаму мадэрная імажынерыя заходніх ліберальных грамадстваў – гэта “добра”, а, да прыкладу, камунізм – гэта “кепска”.

Паняційныя сродкі сацыяльнага канструктывізму насамрэч дазваляюць толькі аналізаваць, як менавіта той ці іншы тып канструявання рэальнасці працуе, і пакуль мы не бачым, як у канструктывісцкай перспектыве магчыма вылучыць ідэалогію ў якасці асобнага тыпу сацыяльнай імажынерыі. Таму звернемся да іншай оптыкі.

Нам падаецца, што датычна зместу паняцця “ідэалогія” Тэйлар знаходзіцца ў даляглядзе таго, што Славой Жыжэк называе “рэпрэзенталісцкай” праблематыкай, калі ідэалогія звязваецца з “ілюзіяй”, з памылковай, скажонай рэпрэзентацыяй сацыяльнага кантэнта [19, р.7]. Жыжэк адзначае, што палітычны пункт гледжання можа быць дакладным (“праўдзівым”) датычна свайго аб’ектыўнага кантэнта і быць цалкам ідэалагічным; і наадварот, ідэя, што палітычны пункт гледжання дае сацыяльны кантэнт, можа апынуцца татальна няслушнай і пры гэтым не быць “ідэалагічнай”. Жыжэк звяртае ўвагу на тое, што многія аўтары паказваюць такую фундаментальную стратагему ідэалогіі, як зварот да некай самавідавочнасці: “Дайце фактам казаць самім за сябе” – гэта “архе-сцвярджэнне” ідэалогіі. Тут, на думку Жыжэка, знаходзіцца адна з задач постмадэрнай крытыкі ідэалогіі: вызначыць элементы ўнутры існуючага сацыяльнага парадку, якія ўказваюць на антаганістычны характар сістэмы і такім чынам адводзяць нас ад самавідавочнасці яе ўсталяванай ідэнтычнасці.

Важнымі для нас з’яўляюцца развагі Жыжэка датычна ўдакладнення зместу паняцця ідэалогіі, што дазваляе, у сваю чаргу, праясніць дэфініцыю сацыяльнай імажынерыі.

Жыжэк пагаджаецца, што сёння, у эпоху позняга капіталізму, насамрэч складана вывесці дакладнае азначэнне ідэалогіі. Вага ідэалогіі ў яе празрыстым разуменні зменшана, паколькі “экспансія новых мас медыя ў прынцыпе дазваляе ідэалогіі эфектыўна пранікаць у кожную пору сацыяльнага цела” [19, р.14]. Індывіды не дзейнічаюць так, як яны рабілі гэта раней перадусім з меркаванняў сваіх вераванняў ці ідэалагічных перакананняў – сістэма абыходзіць ідэалогію ў сваёй рэпрадукцыі і пакладаецца на эканамічны прымус, юрыдычную і дзяржаўную рэгуляцыі і г.д. Але форма свядомасці “пост-ідэалагічнага” грамадства – нягледзячы на цынічнае, “цвярозае” стаўленне, якое абараняе ліберальную “адкрытасць” у справе “меркаванняў”, ігнараванне патэтычных ідэалагічных фраз і следаванне толькі утылітарнай і/ці геданістычнай матывацыі – па сутнасці застаецца ідэалагічнай: яна ўцягвае серыю ідэалагічных меркаванняў (на сувязях паміж “каштоўнасцямі” і “рэальным жыццём”, на персанальнай свабодзе, etc.), якія неабходныя для рэпрадукцыі існуючых сацыяльных стасункаў.

Такім чынам, адзначае Жыжэк, мы прыходзім да наступнага разумення ідэалагічнага феномена: гэта ні ідэалогія як экспліцытная дактрына і артыкуляваныя перакананні датычна прыроды чалавека, грамадства і універсуму, ні ідэалогія ў сваім матэрыяльным існаванні (інстытуцыі, рытуалы і практыкі, якія даюць цела ідэалогіі), але гэта няўлоўная сетка імпліцытных, квазі-“спантанных” меркаванняў і адносінаў, якія фармуюць непераадольны момант рэпрадукцыі “не-ідэалагічных” (эканамічных, юрыдычных, палітычных, сексуальных) практык. Таму наўпроставы зварот да экстра-ідэалагічнага прымусу (рынку, да прыкладу) – гэта ідэалагічны жэст par excellence: рынак і мас медыя дыялектычна ўзаемазвязаны; мы жывем ў грамадстве, дзе медыя структуруюць наша ўспрыманне рэальнасці загадзя і робяць рэальнасць неадрознай ад яе “эстэтызаванага” вобраза. Няма выразнай дэмаркацыі паміж ідэалогіяй і рэальнасцю, ідэалогія заўжды працуе ва ўсім, што мы ведаем як “рэальнасць”.

Тое, што дапамагае ўсё ж такі вылучыць ідэалогію з сацыяльнай імажынерыі – гэта прапанова Жыжэка следам за Марксам улічваць, што прымардыяльная міфалагічная свядомасць дакласавага грамадства, з якога выраслі ідэалогіі, – гэта не ідэалогія, хаця яна відавочна “ілюзорная”, “няправільная”. Ідэалогія ў слушным сэнсе паўстае толькі з падзелу працы і класавага расколу, толькі тады “няправільныя” ідэі губляюць свой “непасрэдны” характар і “распрацоўваюцца” інтэлектуаламі для таго, каб служыць (легітымізаваць) існуючым адносінам дамінавання. Для Маркса ідэалогія заўжды была дзяржаўнай, і дзяржава сама па сабе – першая ідэалагічная сіла. Гэтае напружанне паміж “спантаннасцю” і арганізаваным прымусам, падсумоўвае Жыжэк, прадстаўляе від рэфлектыўнай дыстанцыі ў самым сэрцы паняцця ідэалогіі: ідэалогія заўжды, па азначэнні, “ідэалогія ідэалогіі” [19, р.19].


1.2.5. Сацыяльная імажынерыя ў постсавецкай рэфлексіі
На постсавецкай прасторы паняцце сацыяльнай імажынерыі актыўна выкарыстоўваюць такія даследчыкі, як Леанідас Донскіс і Уладзімір Фурс.

Літоўскі сацыяльны тэарэтык Леанідас Донскіс у сваёй кнізе “Формы нянавісці: заклапочаная імажынерыя ў мадэрнай філасофіі і літаратуры” (2003) аналізуе мадэрныя формы калектыўнай нянавісці і больш агульна – разнастайныя варожыя рэакцыі на мадэрніці, такія як тэорыі змовы, ідэалагічны фанатызм і таталітарызм, сэнс адчужэння і страты культурных каранёў. Усе гэтыя феномены паўстаюць як негатыўныя маніфестацыі мадэрнай маральнай імажынерыі. Вось як вызначае Донскіс сам канцэпт: “Мадэрная маральная імажынерыя – гэта від сімвалічнага праекта для набора этычных канцэптаў і ідэй, маральных каштоўнасцей і пазіцый, калектыўных успамінаў і сентыментаў, рэпрэзентацый і вобразаў сябе і іншых, унутры якіх мы спрабуем патлумачыць сябе і свет вакол нас” [18, р.13]. Яна намагаецца “злучыць тых галіны ведаў і здольнасцей свядомасці, якія былі падзелены мадэрніці: праўду і каштоўнасць, традыцыю і інавацыю, кантроль і эмпатычную адкрытасць, знешнюю экспертызу і чалавечую блізкасць, катэгарызацыю і спачувальнае разуменне” [18, р.13].

Больш за тое, “маральная імажынерыя ўдзельнічае, рэпрэзентуе і інтэрпрэтуе сацыяльную рэальнасць. Урэшце рэшт, яна стварае сацыяльную рэальнасць” [18, р.13]. Маючы на ўвазе ўсеабдымны характар маральнай імажынерыі, Донскіс дадае: “Як феномен, які злучае думку і дзеянне, маральная імажынерыя прыйшла стварыць усе мадэрныя палітычныя ідэалогіі” [18, р.14]. “Сацыяльная і культурная крытыка, рэлігійнае і палітычнае іншадумства, невялікія утапічныя супольнасці і глабальныя палітычныя эксперыменты, любоў і спачуванне чалавеку, маніпуляцыя і прамыўка мазгоў, сацыяльная інжынерыя і цынічнае адмаўленне чалавечага жыцця і свабоды, нянавісць і фанатызм – усё гэта феномены маральнай імажынерыі” [18, р.14]. Нарэшце, “маральная імажынерыя інкарпарыруе і пераафармляе элементы навуковай, гуманітарнай, высокаінтэлектуальнай літаратуры і мастацтваў, але таксама можа добра аб’яднаць шэраг прыземленых вобразаў і рэпрэзентацый рэальнасці – папулярную культуру, плёткі, паклёп і сэнсацыйныя гісторыі рознага гатунку” [18, р.14]. У сваёй кнізе Донскіс імкнецца забяспечыць глабальны і паслядоўны аналіз цёмнага боку мадэрнай маральнай імажынерыі ў яе найбольш гвалтоўных анты-мадэрных праявах.

Уладзімір Фурс паняцце сацыяльнай імажынерыі (социального воображаемого) лічыць “ёмістым і шматмерным”. Сярод іншых характарыстык, якія даюцца сацыяльнай імажынерыі ў сацыяльна-філасофскай традыцыі ад Кастарыядыса да Тэйлара, Фурс вылучае наступныя: “…вобраз маральнага парадку грамадства, які ўтрымліваецца ў сацыяльнай імажынерыі, не столькі нарматыўна прадпісвае некаторыя пэўныя накірункі дзеяння, колькі вызначае межы магчымага для сацыяльных практык, акрэслівае ўяўны далягляд магчымага дзеяння… Сацыяльная імажынерыя заўжды недавызначаная і нестабільная, што пакідае месца для стабілізуючай інтэрпрэтацыі і карэктуючай пераінтэрпрэтацыі; у яе арганічна ўбудаваны герменеўтыка і крытыка” [13, с.14]. Гэтыя рысы сацыяльнай імажынерыі, на думку Фурса, служаць пераадоленню універсалісцкіх клішэ разумення сацыяльна-гістарычнай дынамікі і дазваляюць улічыць разнастайнасць “не-заходніх” (“альтэрнатыўных”) праектаў грамадскай і культурнай мадэрнізацыі.

Фурс спрабуе прымяніць паняцце сацыяльнай імажынерыі для аналізу грамадскага бытавання беларускай публічнасці і заўважае, што такая даследчыцкая задача прадугледжвае ўлік складанага генезісу і іерархічнай арганізацыі сацыяльнай імажынерыі: магчымасці як спантаннага афармлення ў руцінах паўсядзённага жыцця, так і мэтанакіраванага фармавання і наяўнасці як дарэфлексіўнага ўзроўню “само сабой зразумела” (“доксы”), так і ўзроўню экспліцытна выражаных і крытычна правяраемых прадстаўленняў. Варта таксама ўлічваць, што мэтанакіраванае фармаванне сацыяльнай імажынерыі “сімвалічнымі стратэгіямі”, якія надбудоўваюцца над “даксічным” узроўнем, не зводзіцца да рацыянальна-крытычнага высвятлення невідавочных зместаў, але ўключае таксама схаванае мадэляванне ўспрымання і ацэнкі сацыяльнага свету [13, с.15].

Фурс пры рэканструктыўным аналізе сацыяльнай імажынерыі ў тым ці іншым грамадстве прапануе карыстацца трохузроўневай схемай сацыяльных практык. У адпаведнасці з дадзенай схемай, рацыянальная празрыстасць сацыяльнага ўзаемадзеяння лакалізавана на сярэднім узроўні. Пры гэтым “рацыянальнасць” прадугледжвае суб’ектыўнае ўсведамленне, адкрытасць для пастаронніх, арганізуючае значэнне правілаў шчырай гульні і наяўнасць экспліцытных працэдур. Ніжэй гэтага ўзроўню знаходзіцца слой паўсядзённых практык, якія накіроўваюцца пераважна дарэфлексіўнай практычнай свядомасцю, якая грунтуецца на невідавочных культурных ведах, імпліцытных прымхах і г.д. Вышэй ўзроўню рацыянальных сацыяльных абменаў размешчаны слой спекулятыўных практык, якія прадугледжваюць валоданне экстраардынарнымі рэсурсамі, звязанымі, у прыватнасці, з манапольным становішчам. Спекулятыўныя практыкі задзейнічаюць не толькі матэрыяльныя (эканамічныя і палітыка-адміністратыўныя) рэсурсы, але і патэнцыял “улады намінацыі” – улады вызначаць сапраўднае значэнне сацыяльных рэчаў шляхам выкарыстання медыятызаваных вобразаў свету [13, с.15].

Сфармуляванае Тэйларам паняцце сацыяльнай імажынерыі і спробы яго прымянення на постсавецкай просторы пераконваюць у плённасці далейшых даследаванняў сучасных грамадстваў у падобным рэчышчы. Уласцівасць сацыяльнай імажынерыі быць гнуткім і шматмерным паняццем дазваляе ейнае ўкараненне пры аналізе розных сацыяльных феноменаў, прычым у розных традыцыях і цывілізацыях, а не толькі ў заходніх ліберальных дэмакратыях.

Прапанаваная Фурсам трохузроўневая схема пры аналізе сацыяльнай імажынерыі бачыцца прадуктыўнай пры аналізе кантэнту і ролі дзяржаўных сацыяльных практык у канструяванні сучаснай беларускай рэальнасці. Нам падаецца цікавым прасачыць, якім чынам узаемадзейнічаюць розныя слаі сацыяльнай імажынерыі у беларускай сітуацыі; на якім узроўні дзейнічае і да якога ўзроўню апелюе афіцыйны дыскурс; якія сродкі выкарыстоўвае дзяржава для ўздзеяння на сацыяльную імажынерыю беларускага грамадства.


2. Беларускі афіцыйны дыскурс у газеце

“Советская Белоруссия”


Беларуская дзяржава з’яўляецца галоўным актарам ў канструяванні сацыяльнай рэчаіснасці. Знаходзячыся на ўзроўні ўладных практык, афіцыйны дыскурс мае выключныя рэсурсы на манапольнае стварэнне і валоданне пэўнай карцінай свету. У гэтым сэнсе дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі з’яўляюцца наўпроставым правадніком афіцыйнага дыскурса ў кагнітыўным і нарматыўным планах.

Газета “Советская Белоруссия”1 (першая назва – “Рабочий”, пазней “Савецкая Беларусь”, “Советская Белоруссия”, цяпер “СБ – Беларусь сегодня”) ад пачатку свайго існавання (1927г.) з’яўлялася выданнем органаў улады (ЦК КПб(Б), Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Кабінета міністараў пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь) і адпаведна ўяўляе сабой унікальную крыніцу матэрыялаў, якія прадукуюць і прэзентуюць беларусам дзяржаўнае бачанне сацыяльнага свету. Ад 1995г. месца заснавальніка “СБ” займае Адміністрацыя прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, што дазваляе лічыць “СБ” прыярытэтным медыя каналам прэзентацыі і самапрэзентацыі сённяшняга афіцыйнага дыскурса.

Рэканструкцыя матэрыялаў “СБ” (улічваючы перыядычнасць “СБ” 5 разоў на тыдзень, агульная колькасць прагледжанага матэрыялу за перыяд другой паловы 1994-першай паловы 2009гг. складае прыблізна 4 тыс. нумароў, ці каля 18 тыс. друкаваных аркушаў) дае магчымасць адсачыць працэс станаўлення сённяшняга інстытуцыянальнага парадку ад моманту прыходу да ўлады першага прэзідэнта Беларусі. Мы дазволім сабе выказаць меркаванне, што пераважная большасць сучасных інстытуцый паўстала менавіта разам з кіраваннем Аляксандра Лукашэнкі, калі традыцыйныя сацыяльныя інтэракцыі набылі новае ўвасабленне і з’явіліся раней не вядомыя віды сацыяльных стасункаў. Многія палітолагі зыходзяцца на думцы, што першыя прэзідэнцкія выбары 1994г. “прайшлі па-за межамі ўласна палітычнай прасторы і сталі хутчэй рэферэндумам аб даверы састарэлай дзяржаўнай машыне – Аляксандр Лукашэнка свядома супрацьпастаўляў народ палітыкам, дыскрэдытаваў дзяржаўныя ўстановы, палітычныя ўстановы, палітычныя інстытуты і ўладу ўвогуле” [2, с.35].

Зрэшты, сваю піянерскую ролю ў перабудове грамадства адкрыта акрэсліў і сам Аляксандр Лукашэнка, выступаючы праз тыдзень пасля сваёй першай перамогі на сесіі Вярхоўнага Савета РБ: “Я как Президент заявляю вам, членам правительства… всё, что было до 10 июля, ушло в небытие. Перед нами открывается новая страница в истории белорусского народа” [СБ, 1994, 22 ліпеня]1.


2.1. Інстытуцыяналізацыя прэзідэнцкай улады ў 1994-1996 гг.
Аналіз першых гадоў прэзідэнцкага кіравання на матэрыяле “СБ” дазваляе вылучыць два ключавыя аспекты ў інстытуцыяналізацыі афіцыйнага дыскурса. Па-першае, працэсы аб’ектывацыі і інстытуцыяналізацыі дзяржаўных значэнняў адбываліся ў накірунку ўмацавання і легітымацыі прэзідэнцкай улады, і па-другое, інстытуцыянальны парадак фармаваўся ў накірунку дзяржаватворчасці ў межах суверэннай Рэспублікі Беларусь.

Першыя месяцы кіравання Аляксандра Лукашэнкі адзначыліся выразным трэндам фармавання і ўмацавання прэзідэнцкай інстытуцыі. Тое, што сацыяльны канструктывізм называе працэсамі хабітуалізацыі і аб’ектывацыі, у беларускім кантэксце выглядае прыкладна так.

Перадусім варта адзначыць, што з ініцыятывай заснавання прэзідэнцкай інстытуцыі выступіў Вярхоўны Савет, хаця мэтазгоднасць такога дзяржаўнага ўладкавання выклікала дыскусіі ў тагачасным грамадстве. Пасля перамогі Лукашэнкі ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў “СБ” стрымана каментуе асобу новага прэзідэнта і найбольш важным вынікам лічыць ухваленне народам самога інстытута прэзідэнцкай улады, а таксама дэмакратычнасць правядзення выбараў: “…каждый гражданин имел возможность высказать в избирательной кабине то, что думает, чувствует, желает” [СБ, 1994, 13 ліпеня].

Ужо праз чатыры дні пасля абрання на пост прэзідэнта Лукашэнка дае прэс-канферэнцыю, дзе адкрыта заяўляе пра маючыя адбыцца інстытуцыянальныя змены: “Сейчас идет перетряска былой правительственной структуры. Формируется “президентская вертикаль” – небольшая администрация-аппарат, своего рода “мозговой центр”, где будут работать толковые люди”2 [СБ, 1994, 14 ліпеня]. Праз тыдзень Лукашэнка падпісвае “Указ аб утварэнні адміністрацыі Прэзідэнта” [СБ, 1994, 26 ліпеня].

Адметна, што аналітыкі “СБ” не адразу разглядзелі ў камандзе Лукашэнкі самастойную палітычную сілу, здольную падпарадкаваць сабе ўсіх астатніх суб’ектаў. У артыкуле “Президент и парламент: компромисс, компромат, консенсус” журналістка Ніна Шэлдышава называе прэзідэнцкую групоўку “трэцяй сілай”, якая атрымала перамогу на ўзроўні грамадскіх настрояў, але палітычна дагэтуль ніяк не аформілася: “Не с правыми, не с левыми, а с народом…” – это формула, сослужившая хорошую службу Александру Лукашенко в предвыборной кампании, оказывается крайне уязвимой в иных ситуациях. Ибо между “правыми” и “левыми” придется выбирать, если хочешь вести последовательную, а не путаную и эклектичную политику… Пока можно сказать, что этот выбор будет зависеть, увы, не от желания президента, а от расстановки политических сил” [СБ, 1994, 23 ліпеня].

Прадказанням журналісткі не наканавана было спраўдзіцца. Лукашэнка і не збіраўся далучаць сябе да пэўнай палітычнай ідэалогіі, а наадварот, упарта апеляваў да матываў паўсядзённага жыцця і “здаровага сэнсу” беларусаў: “Я прагматик, и понимаю, что политика – это искусство возможного, зачастую – искусство разумного компромисса. Настоящий политик, искренне желающий добра своей стране, своему народу, должен уметь подняться над личными идеологическими пристрастиями. Единственная идеология, способная всех нас объединить, – это идеология гражданского согласия и народного благосостояния” [СБ, 1994, 29 ліпеня].

Штодзённасць, якая стала падставовай у інстытуцыянальных значэннях сацыяльных стасункаў пры новай уладзе, на наш погляд, з’яўляецца ключавой для разумення поспеху феномена Лукашэнкі. Ад пачатку свайго кіравання ён свядома выкарыстоўвае паўсядзённую, нечаканую для традыцыйных установаў вышэйшай улады, мову і патрабуе гэтага ад сваіх падначаленых. Так, Лукашэнка скасаваў праект чарговага даклада па прычыне яго надзвычайнай складнасці і патлумачыў, што “мысль президента должна быть понята не только политикам и банкирам, но в первую очередь – избирателям” [СБ, 1994, 19 ліпеня].

Але зварот да датэарэтычнага ўзроўню суайчыннікаў – толькі адзін са складнікаў поспеху Лукашэнкі, які няўхільна здзяйсняў пераразмеркаванне рэсурсаў улады-ўласнасці на сваю карысць. Згодна прэзідэнцкаму Указу за №19 ад 4 жніўня 1994г. “Аб стварэнні Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, новаму ўпраўленню даручалася фінансавае, матэрыяльна-тэхнічнае і сацыяльна-побытавае забеспячэнне не толькі адміністрацыі прэзідэнта, але і парламента рэспублікі. На старонках “СБ” старшыня Камісіі па эканамічнай рэформе Вярхоўнага Савета Леанід Козік рэзонна заўважае, што Указ фактычна парушае канстытуцыйны прынцып падзелу ўладаў: “Вопрос о собственности – не праздный и не случайный, поскольку давно известно: кто платит, тот и заказывает музыку” [СБ, 1994, 11 жніўня].

Лукашэнка ад пачатку свайго кіравання і дзейнічаў згодна прагматычнага матыву, уласціваму штодзённаму кантэксту, – якраз на ўзроўні прыказак, прымавак, народных паданняў і герояў. Ягонае выказванне кшталту таго, што “в поисках выхода из кризиса Беларусь может рассчитывать лишь на собственные силы и ресурсы” [СБ, 1994, 20 верасня], якраз укладаецца ў народнае разуменне мудрасці і гаспадарлівасці.

Лукашэнка пазіцыянуе сябе адзіным прадстаўніком інтарэсаў народа, таму ўсялякія пасярэднікі ў выглядзе іншых палітычных сілаў і нават закона для яго фактычна не маюць значэння. Каментуючы незадавальненне Вярхоўнага Савета з нагоды стварэння Упраўлення справамі прэзідэнта, Лукашэнка ў інтэрвію расійскаму журналісту Андрэю Караулаву спакойна выкладае сваю пазіцыю: “Я просто хочу навести порядок, хочу, чтобы был один хозяин. Я буду хозяином, поскольку меня народ избрал. Но извините, хаоса не потерплю. А вот им надо было поднять целую бурю в обществе, что Лукашенко, дескать, нарушил закон…” [СБ, 1994, 31 жніўня].

Своеасаблівае захапленне выклікае энергія і паслядоўнасць Лукашэнкі ў накірунку да манапалізацыі ўлады. Сфармаваўшы за першыя паўтары месяцы кіравання ўласныя працоўныя органы – адміністрацыю прэзідэнта і Кабінет Міністраў пры прэзідэнце РБ – Лукашэнка звяртаецца да рэфармавання дзяржаўнага кіравання і эканомікі. Выступаючы ў верасні 1994г. на рэспубліканскай нарадзе кіраўнікоў мясцовага кіравання, Лукашэнка адкрыта дэкларуе сваё жаданне максімальна пашырыць паўнамоцтвы выканаўчай улады і стварыць “принципиально новую – президентскую – вертикаль власти” [СБ, 1994, 20 верасня].

Лукашэнка непрыхавана шантажыруе Вярхоўны Савет, які адмаўляецца ўносіць ягоныя змены ў Закон “Аб мясцовым самакіраванні і мясцовай гаспадарцы ў РБ”, згодна якому скасоўваюцца Саветы першаснага ўзроўню, ствараюцца мясцовыя адміністрацыі, а прэзідэнт атрымлівае права прызначаць кіраўнікоў рэгіянальных выканкамаў, што “позволит проводить эффективную государственную политику на местах, а также предоставит возможность избавиться от некомпетентных и бездействующих руководителей областного и районного звена” [СБ, 1994, 20 верасня].

У артыкуле “Президент зовет к согласию” Лукашэнка прапануе спецыфічную формы згоды для Вярхоўнага Савета з тым, каб прасунуць сваю прапанову па рэформе дзяржаўнага кіравання: “Если Верховный Совет не согласится с самым главным – отдать исполнительную власть президенту, как предусматривает Конституция, не согласится на ту вертикаль исполнительной власти, которая необходима для управляемости в государстве, не исключена возможность создания на местах небольших по составу параллельных властных структур – администраций президента. Они будут наделены необходимыми властными полномочиями, в том числе возможностью пользоваться финансовой поддержкой центральной власти” [СБ, 1994, 22 верасня].

Самае цікавае, што тактыка Лукашэнкі апынаецца эфектыўнай і Вярхоўны Савет урэшце рэшт ратыфікуе рэформу прэзідэнта па стварэнні прэзідэнцкай вертыкалі.

Жорсткую лінію паводзін Лукашэнка прадпрыняў і датычна газеты “СБ”, у заснавальніках якой да апошняга моманту заставаўся Савет Міністраў (Кабінет Міністраў пры прэзідэнце). Напрыканцы 1994г., ідучы насустрач законным патрабаванням дэпутатаў Вярхоўнага Савета, “СБ” двойчы (22 і 23 снежня) спрабавала надрукаваць на сваіх старонках даклад Сяргея Антончыка з абвінавачваннямі ў карупцыі сябраў каманды адміністрацыі прэзідэнта: “Глубоко убеждены, что, запретив трансляцию выступления Сергея Антончика по телевидению, но широко изложив противоположную точку зрения, власти породили ненужную волну слухов и самых нелепых предположений, нанесли урон прежде всего авторитету Александра Лукашенко. Дальнейшее замалчивание только усугубит эту грубую ошибку” [СБ, 1994, 22 снежня]. Але абодва разы з тыпаграфіі газета выходзіла з пустымі палосамі, паколькі Лукашэнка забараніў друкаваць скандальны матэрыял. 28 снежня на старонках “СБ” былі змешчаны выключна рэкламныя матэрыялы, а ўжо 29 снежня 1994г. газета выходзіць за подпісам новага в.а. галоўнага рэдактара.

У пачатку 1995г. заснавальнікам “СБ” становіцца Адміністрацыя прэзідэнта, а ў ліпені гэтага ж года Указам прэзідэнтам галоўным рэдактарам прызначаецца Павел Якубовіч, які кіруе “СБ” па сёння. Такім чынам, жорсткі прэсінг на цэнтральную дзяржаўную газету скончыўся перамогай прэзідэнцкай групоўкі, якая атрымала ў сваю капілку магутны медыя канал. За рэдактарствам Паўла Якубовіча “СБ” больш не дазваляла сабе крытыкі ў адрас прэзідэнцкай інстытуцыі і асабіста Лукашэнкі.

1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка