Сацыяльнае канструяванне рэальнасці ў беларускім афіцыйным дыскурсе




старонка2/5
Дата канвертавання14.03.2016
Памер0.85 Mb.
1   2   3   4   5

Чацвёрты ўзровень легітымацыі складаюць сімвалічныя універсумы – сістэмы тэарэтычнай традыцыі, у якіх змешчаны разнастайныя галіны значэнняў і інстытуцыянальны парадак ва ўсёй яго сімвалічнай цэласнасці. Сімвалічны універсум разумеецца “як матрыца ўсіх сацыяльна аб’ектываваных і суб’ектыўна рэальных значэнняў; цэлае гістарычнае грамадства і індывідуальная біяграфія разглядаюцца як з’явы, якія адбываюцца ў межах універсуму” [3, с.157]. На гэтым узроўні легітымацыі інтэграцыя асобных інстытуцыянальных працэсаў дасягае свайго памежнага існавання.

Сімвалічныя універсумы легітыміруюць індывідуальную біяграфію і інстытуцыянальны парадак. Намічная функцыя сімвалічнага універсуму ў тым, што ён “ставіць усё на свае месцы” ў жыцці індывіда. Як бы чалавек не адхіляўся ад усведамлення гэтага парадку (у маргінальных сітуацыях), сімвалічны універсум дазваляе яму “вярнуцца да рэальнасці” – а менавіта да рэальнасці паўсядзённага жыцця. Паколькі гэта сфера, да якой адносяцца ўсе ролі і формы інстытуцыяналізаваных паводзін, то сімвалічны універсум гарантуе легітымацыю інстытуцыянальнага парадку, якому адводзіцца галоўнае значэнне ў іерархіі чалавечага досведу.

Сімвалічныя універсумы вычарпальна інтэгруюць усе адасобленыя інстытуцыянальныя працэсы. Грамадства цяпер набывае сэнс.

Хаця стварэнне сімвалічнага універсуму прадугледжвае тэарэтычную рэфлексію каго-небудзь, кожны можа жыць у гэтым універсуме ў натуральнай устаноўцы. Сам універсум не патрабуе больш ніякай легітымацыі. Паколькі сімвалічны універсум легітыміруе інстытуцыянальны парадак на самым высокім узроўні агульнасці, тэарэтызаванне датычна сімвалічнага універсуму можна назваць легітымацыяй у квадраце. Усе легітымацыі – ад датэарэтычных да касмічных – могуць лічыцца механізмамі падтрымання універсуму. Поспех пэўных канцэптуальных механізмаў залежыць ад улады, якой надзелены тыя, хто кіруе гэтымі механізмамі.
Рэканструкцыя асноўных палажэнняў канцэпцыі Бергера і Лукмана дазваляе выказаць некаторыя папярэднія меркаванні датычна ролі дзяржавы ў сацыяльным канструяванні беларускай рэальнасці.

Калі храналагічна мы вызначаем беларускі афіцыйны дыскурс і сістэму яго інстутуцыянальных практык адрэзкам у 15 год, то варта казаць не проста пра нязначную аб’ектывацыю дзяржаўных інстытуцый, што дасягаецца ўжо дзякуючы аднаму факту іх стварэння. За 15 год інстытуцыянальны парадак новай улады быў трансляваны не толькі некалькім генерацыям маладых беларусаў, але і перададзены як мінімум аднаму пакаленню тых, хто гэты парадак падтрымлівае. Бергер і Лукман кажуць пра люстэркавы эфект пры перадачы інстытуцыянальнага парадка новаму пакаленню, дзякуючы якому аб’ектыўнасць інстытуцыянальнага свету “павялічваецца” і “ўмацоўваецца” не толькі для “дзяцей”, але для заснавальнікаў гэтых інстытуцый. То бок можна фіксаваць, што ўжо толькі з улікам працягласці свайго існавання дзяржаўныя інстытуцыі здолелі атрымаць уласную самавідавочную рэальнасць і ў некаторых выпадках нават анталагічны статус. Таму, калі афіцыйны дыскурс артыкулюе формулы кшталту “Так гэта робіцца”, можна меркаваць, што нават для носьбітаў гэтага дыскурсу ўласны інстытуцыянальны парадак больш не падаецца празрыстым і зразумелым.

Больш за тое, можна назіраць, што ўлада ўсялякім чынам імкнецца, каб створаны ёй інстытуцыяналізаваны свет успрымаўся як рэіфікаваны, прыродны. Усе спробы альтэрнатыўных дыскурсаў рэканструяваць афіцыйныя практыкі, паказаць іх сканструяванасць (пры чым не такую ўжо і даўнюю), жорстка караюцца. Пра гэта сведчыць і сітуацыя з маргіналізаваннем альтэрнатыўнага (апазіцыйнага) дыскурса (дыскурсаў), і манапалізацыя ўладай публічнай прасторы, і пераслед незалежных навукоўцаў і інстытуцый. Дзіўным у гэтай сувязі падаецца свабодны дасяг да дакументаў найноўшай эпохі, у прыватнасці, да афіцыйнай газеты “Советская Белоруссия”, аналіз якой за пэўны перыяд часу дазваляе рэканструяваць дзяржаўны дыскурс, паказаць яго генезіс, чалавечую “прыроду” і адпаведна паставіць пад сумнеў ягоную відавочнасць і нязменнасць.

У якасці эмпірычнага матэрыялу мы бярэм афіцыйнае друкаванае выданне – газету “Советская Белоруссия”. Газета выходзіць 5 разоў на тыдзень, пры гэтым яе наклад, пачынаючы з другой паловы 1994г., вагаўся ад 200 тысяч да 500 тысяч асобнікаў (самы нізкі наклад – каля 203 тысяч асобнікаў – фіксаваўся ў 1995г. у сувязі са складаным матэрыяльным становішчам выдання). Падобная працэдура ўлады сістэматычнага і бесперапыннага знаёмства са сваімі інстытуцыянальнымі значэннямі цалкам апраўдана і непасрэдна ўпісваецца ў палажэнне сацыяльнага канструктывізму пра легітымацыю інстытуцыянальнага парадку. Паколькі, як адзначаюць сацыяльныя канструктывісты, чалавечыя істоты лянівыя, няпамятлівыя, а часта яшчэ і глупыя, усялякая інстытуцыя дзеля падтрымання сваёй устойлівасці мусіць перманентна, а часам і навязліва (выпадкі прымусовай падпіскі на “Советскую Белоруссию” неаднаразова фіксаваліся) трансляваць спрошчаныя інстытуцыянальныя формулы, каб іх было лёгка вывучыць і запомніць наступным пакаленням.

Паколькі сацыяльны канструктывізм сцвярждае важнасць аналізу ролей у сацыяльным канструяванні рэальнасці, нам падаецца апраўданым факусіраванне нашай працы менавіта на ролі дзяржавы як найбольш моцнага і паспяховага гульца ў полі сацыяльных інтэракцый. Забягаючы наперад, ужо цяпер можна адзначыць рэіфікаванасць пэўных ролей, калі частка самасвядомасці, аб’ектываваная ў ролі, успрымаецца ў якасці непазбежнага лёсу, за які індывід здымае з сябе адказнасць. Факт трэцяга (і відаць, не апошняга) тэрміна кіравання дзейнага беларускага прэзідэнта ўпісваецца ў парадыгму такой рэіфікацыі.

Як бачна, катэгорыі сацыяльнага канструктывізму знаходзяць сваю прымяняльнасць для вырашэння задачы рэканструкцыі сацыяльных практык, якія здзяйсняе дзяржава, і іх “дэнатуралізацыі”. Праўда, мы тут можам не пазбегнуць папроку, які часта чуюць прыхільнікі дадзенага метада: маўляў, мэты канструктывістаў часта палягаюць у палітычным, а не тэарэтычным вымярэнні: “Сказаць, што Х – сацыяльна сканструяваны, значыць настойваць на магчымасці і пажаданасці таго, каб Х быў зменены” [20, р.61]. Адказ на падобныя закіды можа палягаць у захаванні навуковай дыстанцыі ад аналізуемых феноменаў і ўстрыманні ад ацэначных меркаванняў датычна той ці іншай інстытуцыі, ролі, практыкі, ідэі.


1.2. Ч.Тэйлар: Сацыяльная імажынерыя як канцэпт

разумення сацыяльных працэсаў


Філасофскую падтрымку сваім ідэям сацыяльны канструктывізм у большай ступені пачаў знаходзіць з пачаткам гісторыі Заходняга мадэрніці. Апошні прапанаваў такі тып рэфлексіі, якая глядзіць крытычна на сацыяльныя захады з пункту гледжання перашкодаў, якія яны маюць для індывідуальнага чалавечага росквіту.
1.2.1. Паняцце сацыяльнай імажынерыі
Базавая гіпотэза Чарльза Тэйлара ў кнізе Modern Social Imaginaries (2004) заключаецца ў тым, што цэнтральным для заходняга мадэрніці ёсць новая канцэпцыя маральнага парадку грамадства, якая бярэ свой пачатак з ХVІІ стагоддзя з тэорый натуральнага права Лока і Гроцыюса. Спачатку гэта ідэя была ў розумах некаторых уплывовых мысляроў, потым сфармавала сацыяльную імажынерыю (social imaginary, социальное воображаемое1) вялікіх страт, а пазней і ўсяго грамадства.

Заходняе мадэрніці неадлучна ад пэўнага віду сацыяльнай імажынерыі, пад якой Тэйлар разумее нешта больш шырокае і глыбокае, чым пэўныя інтэлектуальныя схемы, якія выкарыстоўваюць людзі, калі думаюць пра сацыяльную рэальнасць. Для Тэйлара сацыяльная імажынерыя – гэта “хутчэй шляхі, праз якія людзі ўяўляюць сваю сацыяльную экзістэнцыю, як яны падыходзяць адзін адному, якія маюць чаканні і якія глыбейшыя нарматыўныя паняцці і вобразы ўгрунтаваны ў гэтых чаканнях” [21, p.23].

Існуюць важныя адрозненні паміж сацыяльнай імажынерыяй і сацыяльнай тэорыяй. Тэйлар прымае тэрмін імажынерыя, паколькі, па-першае, факусуецца на тым, як звычайныя людзі ўяўляюць сваё сацыяльнае атачэнне, і гэта не заўсёды выражаецца ў тэарэтычных тэрмінах, але ў вобразах, гісторыях і легендах. Па-другое, тэорыяй часта валодае меншасць, тады як сацыяльная імажынерыя тычыцца вялікіх групаў людзей (калі не ўсяго грамадства). І трэцяе адрозненне: сацыяльная імажынерыя – гэта тое агульнае разуменне, якое робіць магчымым агульныя практыкі і шырока падзелены сэнс легітымацыі [21, р.24].

Наша сацыяльная імажынерыя, заўважае Тэйлар, ва ўсялякі момант – складаная. Яна інкарпаруе сэнс чаканняў, якія мы маем адзін да аднога, пэўны від агульнага разумення, якое дазваляе нам выконваць калектыўныя практыкі, з якіх складаецца нашае сацыяльнае жыццё. Такое разуменне ўлучае і фактычнае, і нарматыўнае вымярэнне, то бок мы разумеем звычайны ход рэчаў, і адначасова сюды ўплецена ідэя, як гэтыя рэчы павінны адбывацца, якія памылкі зрабілі б практыку немагчымай.

Тое, што Тэйлар называе сацыяльнай імажынерыяй, пашыраецца за межы непасрэднага фонавага разумення, якое надае сэнс партыкулярным практыкам. Шырэйшае схопліванне гэтага канцэпта не мае дакладных межаў. Гэта якраз прырода таго, што сучасныя філосафы апісваюць як “бэкграўнд”. Гэта насамрэч “у значнай ступені неструктураванае і неартыкуляванае разуменне нашай цэлай сітуацыі, унутры якой партыкулярныя рысы свету выяўляюць свой сэнс” [21, р.26]. Сацыяльная імажынерыя ніколі не можа быць адэкватна выражана ў форме экспліцытных дактрынаў праз сваю неабмежаванасць і няпэўнасць. Таму Тэйлар кажа не пра тэорыю, а пра імажынерыю.

Ва ўсялякі момант мы можам казаць пра “набор” калектыўных дзеянняў, які маецца ў распараджэнні пэўнай групы грамадства. Гэта звычайныя, знаёмыя дзеянні: ад удзелу ва ўсеагульных выбарах да гутаркі з незнаёмцам. Такое імпліцытнае схопліванне сацыяльнай прасторы не падобнае на тэарэтычнае апісанне гэтай прасторы, калі адрозніваюцца розныя тыпы людзей і нормы, звязаныя з імі. Разуменне імпліцытнага ў практыцы суадносіцца з сацыяльнай тэорыяй у такой жа ступені, як здольнасць арыентавацца ў знаёмай мясцовасці з мапай гэтай мясцовасці. Як правіла, кожны можа добра арыентавацца без усялякай мапы. Такім жа чынам людзі маюць справу з сацыяльнай імажынерыяй да таго, як мелі справу з тэарэтызаваннем наконт саміх сябе.

Важнай часткай гэтага шырэйшага бэкграўнда з’яўляецца сэнс маральнага парадку, пад якім Тэйлар разумее не толькі нормы, угрунтаваныя ў сацыяльнай практыцы, але і сэнс таго, што робіць гэтыя нормы рэалізуемымі. Гэта сутнасная частка кантэкста дзеяння.

Мадэрная тэорыя маральнага парадку паступова прапітвае і трансфармуе заходнюю сацыяльную імажынерыю. У гэтым працэсе тое, што спачатку з’яўляецца проста ідэалізацыяй, вырастае ў складаную імажынерыю праз звязванне з сацыяльнымі практыкамі, часткова традыцыйнымі, але якія часта трансфармуюцца самім кантактам. Гэта ключавы пункт у разуменні маральнага парадку. Магчыма, ён не стаў бы дамінуючым у заходняй культуры без гэтага пранікнення/ трансфармацыі імажынерыі.

Каб праілюстраваць трансфармацыю сацыяльных практык з улікам сацыяльнай імажынерыі, Тэйлар звяртаецца да двух гістарычных прыкладаў – Вялікіх рэвалюцыяў мадэрнага Заходняга свету ў ЗША і Францыі. Пераход быў значна мякчэйшым і менш катастрафічным ў першым выпадку, таму што ідэалізацыя папулярнага суверэнітэту злучылася адносна непраблематычна з існуючай практыкай народных асамблей. У другім выпадку няздольнасць перавесці той жа самы прынцып на ўстойлівыя і ўзгодненыя практыкі была крыніцай канфлікту і няпэўнасці цягам больш за стагоддзе. Але ў абодвух выпадках, падкрэслівае Тэйлар, было ўсведамленне гістарычнага першынства тэорыі, якая з’яўляецца цэнтральнай для мадэрнай ідэі рэвалюцыі, з дапамогай чаго мы наважваемся перарабліваць наша палітычнае жыццё адпаведна ўзгодненым прынцыпам. Такі канструктывізм стаўся цэнтральнай асаблівасцю мадэрнай палітычнай культуры.

Што дакладна адбываецца, калі тэорыя ўкараняецца і трансфармуе сацыяльную імажынерыю? Тэйлар на гэтае пытанне адказвае наступным чынам. Збольшага людзі прыдумляюць, імправізуюць ці ўводзяцца ў новыя практыкі. Яны бачаць сэнс у новай перспектыве, спачатку сфармуляванай у тэорыі, і гэтая перспектыва – гэта той кантэкст, які надае практыкам сэнс. То бок новае разуменне становіцца дасягальным для ўдзельнікаў тым спосабам, якога не было раней. Гэтае разуменне пачынае вызначаць контуры іх свету і можа ўрэшце рэшт пачаць лічыцца самавідавочнай формай рэчаў.

Але працэс, калі тэорыя перараблівае сацыяльную імажынерыю, не аднабаковы. Для таго, каб тэорыя набыла канчатковы сэнс, стала кантэкстам для практык, тэорыя павінна быць “схематызавана” (адсылка да Канта) у сферы агульнай практыкі. Новая практыка са сваім імпліцытным разуменнем можа быць грунтам для мадыфікацыі тэорыі, якая ў сваю чаргу можа ўплываць на практыку і так далей.

Тое, што Тэйлар называе “доўгім маршам”, гэта “працэс, калі новыя практыкі (ці мадыфікацыі старых практык) альбо развіваліся праз імправізацыю сярод пэўных групаў і страт насельніцтва (да прыкладу, публічная сфера сярод адукаваных эліт ў ХVІІІ стагоддзі, прафсаюзы сярод працоўных у ХІХ стагоддзі); альбо калі эліты такім спосабам рэкрутавалі шырэйшую сацыяльную базу (да прыкладу, Якабінская арганізацыя ў Парыжы)” [21, р.30]. Таксама ў часе свайго павольнага развіцця шэраг практыкаў паступова змянілі сваё значэнне для людзей і такім чынам дапамаглі кастытуяваць новую сацыяльную імажынерыю. Ва ўсіх выпадках вынікам сталася глыбокая трансфармацыя сацыяльнай імажынерыі ў Заходніх грамадствах.

Тэйлар асобна ўдакладняе: тое, што заходняе мадэрніці пачалося з ідэі парадку, якая спачатку была тэорыяй, а пазней сфармавала сацыяльную імажынерыю, не варта ўспрымаць як “ідэалізм”, калі ідэям прыпісваецца незалежная сіла ў гісторыі. Насамрэч тое, што мы бачым у гісторыі чалавецтва – гэта чалавечыя практыкі, якія з аднаго боку, з’яўляюцца матэрыяльнымі практыкамі, што выконваюцца людзьмі ў прасторы і часе, і з іншага боку, гэта самаканцэпцыі, спосабы разумення. Яны часта непадзельныя толькі таму, што самаразуменне – гэта істотная ўмова практыкі, якая дае сэнс для ўдзельнікаў. Таму чалавечыя практыкі – гэта від рэчы, які дае сэнс, пэўныя ідэі ўнутраныя для іх. Немагчыма адрозніць чалавечыя практыкі і іх ідэі без таго, каб не задаць пытанне “Што выклікае што?”

Агульнае правіла ў гісторыі, сцвярджае Тэйлар, – няма ніякага агульнага правіла, якое б ідэнтыфікавала адзін парадак матывацыі як заўжды рухаючую сілу. Ідэі заўжды ўваходзяць ў гісторыю абгорнутымі ў пэўныя практыкі, нават калі апошнія – гэта толькі дыскурсіўныя практыкі.


1.2.2. Формы мадэрнай сацыяльнай імажынерыі
Тэйлар вылучае тры формы мадэрнай заходняй сацыяльнай імажынерыі, ці тры спосабы сацыяльнага самаразумення, якія з’яўляюцца ключавымі для мадэрніці: эканоміка, публічная сфера і дэмакратычнае (народнае) самакіраванне.

Эканоміка – гэта першае вымярэнне грамадзянскай супольнасці для дасягнення ідэнтычнасці, незалежнай ад дзяржавы. Чым больш грамадства паварочваецца да камерцыі, тым больш яно становіцца цывілізаваным, усё больш жыве ў міры (не ў стане вайны). Стымул да прыбытку разглядаецца як “ціхая страсць”; калі ён пашыраецца ў грамадстве, то дапамагае кантраляваць і забараняць гвалтоўныя страсці.

Мы бачым заходняе грамадства як эканоміку – дзейнасць па вытворчасці, абмену і спажыванні, якая фармуе сістэму з яе законамі і ўласнай дынамікай. Эканамічнае вызначае цяпер шляхі, якімі мы звязаны, самадастатковую ў прынцыпе сферу суіснавання. У сацыяльнай імажынерыі гэта працягваецца да нашых дзён у выглядзе найбольш важнай мэты і парадку грамадства як эканамічнага супрацоўніцтва і абмену.

Публічная сфера і народнае самакіраванне прадстаўляе індывідаў як калектыўных агентаў. І гэтая новая калектыўная агентнасць – сярод найбольш уражвальных рысаў заходняга мадэрніці.

Публічная сфера – гэта агульнае месца, дзе грамадзяне сустракаюцца праз розныя медыя (друкаваныя, электронныя), а таксама твар-да-твару, абмяркоўваюць справы агульнага інтарэсу і такім чынам здольныя сфармаваць агульную думку. Публічная сфера – гэта мутацыя сацыяльнай імажынерыі, неабходная для развіцця мадэрнага грамадства.

Публічная сфера трансцэндзіруе локальныя тэматычныя (topical) прасторы. Публічная сфера, якая з’явілася ў ХVІІІ стагоддзі, – гэта метатэматычнае (metatopical) агульнае месца. Такія прасторы канстытуяваныя агульным разуменнем, без яго яны не існуюць.

Экстрапалітычны характар мадэрнай публічнай сферы істотна важны. З мадэрнай публічнай сферай “прыходзіць ідэя, што палітычная ўлада павінна быць пад кантролем з боку чагосьці знешняга – дыскурса, які паходзіць з рацыянальнасці, а не ўлады ці традыцыйнага кіраўніцтва” [21, р.65]. Экстрапалітычны статус – гэта новае для публічнай сферы: усіх сябраў палітычнага грамадства (ці прынамсі, усіх кампетэнтных і адукаваных сябраў) варта разглядаць у ролі тых, якія фармуюць грамадства па-за дзяржавай.

Яшчэ адзін аспект навізны публічнай сферы – гэта ейная радыкальная секулярызаванасць. Паняцце секулярнасці радыкальнае ў тым сэнсе, што яно кантрастуе не толькі з боскім пачаткам грамадства, але і з ідэяй грамадства як канстытуяванага чымсьці, што трасцэндзіруе сучаснае агульнае дзеянне. Публічная сфера – гэта асацыяцыя, якая не канстытуюецца нічым іншым па-за агульным дзеяннем, якое мы выконваем унутры яе: прыходзячы да агульнай думкі, дзе магчыма, праз абмен ідэямі. Існаванне публічнай сферы як асацыяцыі – гэта толькі наша супольнае дзеянне ў гэтым накірунку.

Народны суверэнітэт (самакіраванне) – гэта трэці кампанент у вялікім звязаным ланцугу мутацый у сацыяльнай імажынерыі якая дапамагла канстытуяваць мадэрнае грамадства. У гэтым пункце Тэйлар зноў вяртаецца да тэзіса, што паспяховасць укаранення новых ідэй ці практык залежыць ад таго, наколькі бярэцца да ўвагі сацыяльная імажынерыя. Па сутнасці, разрывы будуць адчувацца найменш балюча, калі новая сацыяльная імажынерыя будзе прыходзіць праз рэтраспектыўную рэінтэрпрэтацыю. Зноў узгадваючы прыклад рэвалюцыі ў ЗША, філосаф адзначае, што ў дадзеным выпадку народны суверэнітэт змог нарадзіцца, таму што ён меў зразумелае і неаспрэчнае інстытуцыянальнае значэнне – сіла старых рэпрэзентацыйных інстытуцый (выбарных асамблей) дапамагла праінтэрпрэтаваць новы канцэпт у практычных паняццях.

І наадварот. Першыя няўстойлівыя гады Французскай Рэвалюцыі былі выкліканыя тым негатыўным фактам, што змена ад легітымацыі дынастычнага кіравання да народнага не мела ўзгодненага значэння суверэнітэта нацыі ў шырокай сацыяльнай імажынерыі. Змаганне разгортвалася паміж рознымі рэвалюцыйнымі фракцыямі: якім павінна быць правільнае інстытуцыянальнае выражэнне суверэнітэта нацыі – праз рэспубліканскую ці канстытуцыйную манархію, праз прамое ці непрамое прадстаўніцтва інтарэсаў, праз рэпрэзентацыю розных інтарэсаў ці непадзельнае выражэнне агульнай волі. Невырашальны пункт паміж гэтымі рознымі інстытуцыямі і працэдурамі ўрэшце рэшт быў вырашаны шляхам выкарыстання сілы, прычым ад імя народа.

Пераход, падсумоўвае Тэйлар, можа толькі адбыцца, калі “народ” (прынамсі важныя меншасці актывістаў) разумее і інтэрналізуе тэорыю. Для палітычных актараў разуменне тэорыі – гэта здольнасць увасобіць яе ў практыкі. Яны разумеюць тэорыю праз практыкі. Тое, што дае сэнс нашым практыкам, гэта наша сацыяльная імажынерыя. Такім чынам, для пераходу крытычным з’яўляецца тое, што людзі (ці актыўныя сегменты) падзяляюць сацыяльную імажынерыю.

Такім чынам, сацыяльную імажынерыю народа ў пэўны перыяд можна разглядаць як пэўны набор практык, якія маюць сэнс. Каб трансфармаваць грамадства згодна новаму прынцыпу легітымацыі, неабходна улічваць два аспекты: (1) актары павінны ведаць, што рабіць, павінны мець практыкі ў сваім наборы, каб усталяваць новы парадак; і (2) актары павінны пагадзіцца, якія гэта будуць практыкі [21, р.119].

У якасці памежнай формы сацыяльнай імажынерыі Тэйлар называе прастору моды – як чацвёртую структуру адначасовасці. Яна адрозніваецца ад трох вышэй названых формаў, таму што дзеянні індывідаў звязаны ў прасторы моды адмысловым чынам. У прасторы моды дзейнічае структура гарызантальнай, адначасовай, узаемнай прысутнасці, якая не з’яўляецца агульным дзеяннем, а хутчэй узаемным паказам. Гэта мае значэнне для кожнага з індывідаў, паколькі яны з’яўляюцца сведкамі і со-дэтэрмінатарамі дзеяння. Прастора моды становіцца ўсё больш важнай у мадэрным урбаністычным грамадстве, дзе вялікая колькасць людзей не ведае адзін аднога, але ўзаемна ўплывае, фармуючы непазбежны кантэкст жыцця адзін аднога.
1.2.3. Актыўная і аб’ектыўная імажынерыя
Аналізуючы мадэрныя грамадствы і іх сацыяльную імажынерыю, Тэйлар рэканструюе працэсы канструявання сацыяльных практык. Першае, што разбурае арганічную метафару грамадства, – гэта эканоміка, якая нішчыць вобраз грамадства як спецыфічную гаспадарку, якая кіруецца каралём.

Новы гарызантальны свет у секулярны час улічвае два супрацьлеглыя спосабы ўяўлення грамадства – агентнасць (Agency) і аб’ектывацыя (Objectification) [21, р.163]. З аднаго боку, мы становімся здольнымі ўявіць новыя свабодныя гарызантальныя спосабы калектыўнага агенцтва і адпаведна ўступіць і стварыць такія агенцыі, паколькі яны знаходзяцца ў нашым наборы практык. З іншага боку, мы становімся здольнымі да аб’ектывацыі грамадства як сістэмы працэсаў, у некаторай ступені аналагічных прыродным. Такім чынам, грамадства – гэта і поле агульнага дзеяння індывідаў, і ландшафт, які наносіцца на мапу, аналізуецца, рэпрэзентуецца.

Тэйлар падкрэслівае, што такое бачанне грамадства дазваляе палітычнае абмяжоўваць экстрапалітычным – іншымі сферамі жыцця са сваімі мэтамі і цэласнасцю. Апошнія такім чынам убудаваныя ў мадэрную сацыяльную імажынерыю, што яна дазваляе ўспрымаць грамадства ў экстрапалітычных формах: не толькі праз так званую палітычную эканоміку, але таксама праз розныя аспекты таго, што называецца сацыялогіяй. Самае агульнае значэнне грамадства ў мадэрным сэнсе ўказвае на аб’ект, які можа быць схоплены і вывучаны ў розны спосаб, у якім палітычнае з’яўляецца толькі адным і неабавязкова самым фундаментальным кампанентам.

Мадэрная імажынерыя, такім чынам, уключае не толькі катэгорыі, якія дазваляюць агульнае дзеянне, але таксама катэгорыі працэсу і класіфікацыі, якія здараюцца па-за спінамі агентаў. Гэтыя два пункты, якія Тэйлар называе актыўныя і аб’ектыўныя катэгорыі, не могуць быць аддзеленыя і адыгрываюць камплементарную ролю ў нашым жыцці. Яны роўныя і належаць аднаму і таму ж дыяпазону ўяўленняў, якія паходзяць з мадэрнага маральнага парадку. Да прыкладу, дыскусіі ў публічнай сферы залежаць і складаюцца з развіцця адукаванага, аб’ектыўнага разумення грамадства ў эканамічным, палітычным, юрыдычным планах. Грамадская думка разглядаецца з адной перспектывы як ідэальна рацыянальны прадукт спакойнага і ўзважанага абмеркавання. З іншага боку публічная сфера непазбежна з’яўляецца агульным дзеяннем. Абмеркаванне мае вынік – яно выкрышталізоўваецца ў грамадскую думку, калектыўнае меркаванне. Больш за тое, гэтае меркаванне становіцца паступова, але непераадольна прынцыпам легітымацыі.

Па сутнасці, тут Тэйлар паўтарае ідэю Бергера і Лукмана пра працэсы аб’ектывацыі (інстытуцыяналізацыі) і інтэрналізацыі, дзякуючы якім канструюецца сацыяльная рэальнасць. Дапаўненне Тэйлара каштоўнае тым, што ён падкрэслівае, што ўяўленне грамадства ў такіх паняццях стала магчымым толькі ў варунках мадэрніці.

Ва універсальнасці канцэпта мадэрнай сацыяльнай імажынерыі нам бачыцца месца для крытыкі пазіцыі Тэйлара. Па сутнасці, філосаф надзяляе мадэрную сацыяльную імажынерыю характарам усясветнага пашырэння, робячы скідку на рознае праламленне яе ў розных традыцыях. Тэйлар аднак кажа пра рознасць нацыянальных маршрутаў ва ўсталяванні мадэрнага парадку, і канцэпт мадэрнай сацыяльнай імажынерыі дазваляе ўбачыць гэтыя адрозненні сярод іншых ліберальных дэмакратый, падобных на паўночна-атлантычныя. Мадэрныя сацыяльныя імажынерыі займелі рознае ўвасабленне ў нацыянальных гісторыях, нават на Захадзе. Гэта папярэджвае супраць чакання простага паўтарэння заходніх формаў, калі імажынерыі адаптуюцца ў іншых цывілізацыях. Але па Тэйлару атрымліваецца, што эканоміка, публічная сфера і народнае самакіраванне ў той ці іншай ступені, на тым ці іншым узроўні няўхільна павінны атрымаць сваё ўкараненне. Беручы пад увагу фундаментальную здагадку Тэйлара, варта казаць пра “шматлікія мадэрніці” (multiple modernities), розныя шляхі ўсталявання і ажыўленння інстытуцыянальных формаў, якія становяцца непазбежнымі.

1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка