Сацыяльна-псiхалагiчныя асаблівасці работы прафсаюзнага лідэра ў працоўным калектыве Ждановіч Ж. К., старшыня прафкама




Дата канвертавання17.03.2016
Памер70.9 Kb.
Сацыяльна-псiхалагiчныя асаблівасці работы прафсаюзнага лідэра ў працоўным калектыве

Ждановіч Ж.К., старшыня прафкама

прафсаюзнай арганізацыі САШ № 126
Вось ужо на працягу 7 гадоў я з'яўляюся старшынёй прафсаюзнага камітэта дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя агульнаадукацыйная школа № 126 г. Мінска”.

Я лічу, што сёння правільна гаварыць аб тым, што ў сучасных умовах сфарміраваліся два яркія тыпы прафсаюзных лідэраў. Першы- “сацыяльна-працоўны менеджэр”, ён на сучасным узроўні вырашае ўсе тыя пытанні, з якімі “чалавек прыходзіць у прафкам”, другі - “прафсаюзны змагар”. Гэта лідэр з пэўнай устаноўкай на жорсткі дыялог з вышэйшым эшалонам улады, які падмацаваны, у тым ліку, пратэстнымі дзеяннямі, неабходнымі для дасягнення адпаведных галіновых мэт.

Маючы пэўны вопыт работы, я лічу сябе прафсаюзным лідэрам першага тыпу - “сацыяльна-працоўны менеджэр”, так як стараюся ў сваёй грамадскай працы ўлічваць іерархію патработнікаў працоўнага калектыву.

Наша прафсаюзная арганізацыя створана ў 1973 годзе. За гэты час членамі прафсаюзнай арганізацыі з'яўляліся сотні і больш работнікаў.Зараз у нас 100 % прафсаюзнае членства, таму што работа па матывацыі прафсаюзнага членства не прыпыняецца. У склад прафсаюзнага камітэта школы ўваходзяць людзі як з вялікім вопытам прафсаюзнай дзейнасці, так і маладыя калегі, што дазваляе забяспечыць пераемнасць і пазбегнуць дэфіцыту граматных кіраўнікоў.

Для нас вельмі важнай з'яўляецца сацыяльная функцыя працоўнага калектыву, таму што яна арыентавана на інтарэсы саміх педагогаў і работнікаў школы, на задавальненне іх матэрыяльных і духоўных патрэб перш за ўсё шляхам стварэння на рабоце камфортных умоў працы, спрыяльнага мікраклімату, які выклікае ў людзей жыццярадасны настрой, жаданне працаваць у сваёй школе. Наш калектыў уяўляе сабой адзінае цэлае, а кансалідуе яго прафсаюз, таму што дае магчымасць усім членам прафарганізацыі адчуваць сябе патрэбнымі працаваць і адпачываць разам. У нашы сумесныя часы адпачынку мы наведваем розныя куточкі Беларусі, проста гаворым “без гальштука”. Школьны прафсаюз бярэ на сябе таксама задавальненне многіх другіх патрэб работнікаў – жыллё, лячэнне, павышэнне кваліфікацыі, ахова працы. Дарэчы, агульнымі намаганнямі праф. камітэта, адміністрацыі школы, прафарганізацыі мы сталі пераможцамі Рэспубліканскага агляда-конкурса на лепшую арганізацыю прафсаюзам грамадскага кантролю па ахове працы за 2007 год. Гэта работа працягваецца пастаянна, яна на штодзённым кантролі.

Нельга эфектыўна працаваць, калі інтарэсы спраў адрываюцца ад інтарэсаў работніка, ад яго асабістых патрэб.

Такім чынам, стварыўшы калектыў, важна пасля арганізаваць і накіраваць яго штодзённую дзейнасць. Наша прафсаюзная арганізацыя ўключае ў сябе наяўнасць разумнага ўзгаднення дзеянняў прафкамітэта, адміністрацыі школы, членаў прафсаюза. Кіруе школай сёння дырэктар, Кавалеўская М.Ф., якая правільна разумее ролю прафсаюзнай арганізацыі школы, падтрымлівае ініцыятывы прафкамітэта, што дазваляе наладжваць супрацоўніцтва ў сістэме сацыяльнага партнёрства. І наша сумесная праца знайшла свой адбітак у агульным рэйтынгу школ Фрунзенскага раёна , дзе наша арганізацыя заняла пачэснае 2 месца сярод школ па стану работы за 2009 год.

Зладжанасць – другая важная сацыяльна-псіхалагічная функцыя. Яна залежыць ад таго, у якой ступені выражаны ў настаўнікаў, работнікаў школы цэнтраімклівыя псіхалагічныя “сілы” (пачуцці, жаданні, імкненні і ўстаноўкі, інтарэсы, перакананні), якія злучаюць і ўтрымліваюць іх разам. На маю думку, нашы педагогі цягнуцца адзін да аднаго, жадаюць разам працаваць і адпачываць, а таксама дарыць добры настрой і сваім быўшым калегам. Прафсаюзным камітэтам арганізоўваюцца традыцыйныя сустрэчы і віншаванні нашых педагогаў-ветэранаў , якія працавалі ў школе. Мы разам з імі святкавалі юбілей заслужанай настаўніцы, ветэрана працы- Беляковай Валянціны Мікалаеўны. Зразумела, гэта заўсёды цёплыя сустрэчы, на якіх перадаецца жыццёвы вопыт маладым, педагагічныя напрацоўкі, нейкі своеасаблівы настрой на жыццё і працу.

Вечары сустрэчы з ветэранамі працы пакідаюць у сэрцах нашых педагогаў самыя прыемныя і сардэчныя ўспаміны.І ветэраны не могуць не выразіць словы ўдзячнасці нам за цёплы і радушны прыём. Таксама наш калектыў традыцыйна святкуе юбілеі школы, дзе мы рады сустрэцца і з прадстаўнікамі ўлады, з ветэранамі, са сваімі шэфамі, з выпускнікамі школы. Усе члены прафсаюзнай арганізацыі прымаюць актыўны ўдзел у арганізацыі такіх свят.

Наступная сацыяльна-псіхалагічная функцыя кіравання – гэта ўдасканаленне сваей дзейнасці. У нашым калектыве пастаянна ідзе праца па ўдасканаленню сваей як педагагічнай, так і грамадскай дзейнасці: курсавая падрыхтоўка, наведванне семінараў, удзел у конкурсах. Многія педагогі абараняюць Гранты, атрымліваюць прэміі Мінгарвыканкама.

У гэтым годзе дастойна прадстаўляла сваю настаўніцкую дынастыю на прафсаюзным фестывалі “Педагагічныя дынастыі” наш член прафсаюзнай арганізацыі Кульбіцкая І.М., якая заняла прызавое месца ў гарадскім этапе конкурса.

Нарэшце, да ліку сацыяльна-псіхалагічных функцый адносіцца развіццё самакіравання ў калектыве. У адрозненні ад кіравання, якое рэгуліруе жыццядзейнасць арганізацыі адміністрацыяй школы, самакіраванне ажыццяўляецца “ўнутры”, дзеяннямі саміх удзельнікаў. Нашы настаўнікі ў той ці іншай ступені бяруць на сябе многія кіраўніцкія функцыі, у тым ліку сацыяльна-псіхалагічныя: удзельнічаюць у арганізацыі работы педкалектыву, яго зладжанасці, актывізацыі, удасканаленні, развіцці самакіравання. Многія з іх уваходзяць у склад прафкамітэта. Усе гэтыя функцыі накіраваны на стварэнне спрыяльнага сацыяльна-псіхалагічнага клімату ў калектыве.

Важную ролю ў стварэнні спрыяльнага клімату ў калектыве выконвае старшыня прафкамітэта, прафсаюзны лідэр, які знаходзіцца ў цэнтры гэтай арганізацыі, як бы паміж членамі калектыву і наймальнікам (адміністрацыя).

Прафлідэр павінен быць аўтарытэтным сярод сваіх работнікаў, мець вопыт работы і прафесійны, і жыццёвы, новыя ідэі спалучаць з патрэбамі.

Дык які сацыяльна-псіхалагічны партрэт прафлідэра?

Важным фактарам, які аказвае станоўчы ўплыў на настрой і паводзіны людзей, з'яўляецца ўзровень культуры. Культура праяўляецца ў сукупнасці ведаў псіхалогіі чалавека, уменні ўздзейнічаць на яго, а таксама ў авалоданні навыкамі самарэгуляцыі.

Мая грамадская работа прафлідэра звязана з праяўленнем інтэлекта, вытрымкі, жадання весці дыялог з людзьмі, уменнем пераконваць, арганізоўваць і накіроўваць дзейнасць у канструктыўнае рэчышча.

Зыходзячы з практыкі работы прафсаюзным лідэрам, я лічу, што сцвярджэнню станоўчага вобразу лідэра садзейнічаюць такія якасці як: упэўненасць у сабе, уменне ўступаць у дыялог, кантактнасць і праніклівасць у зносінах, здольнасць працаваць з людзьмі, уменне выслухаць субяседніка, уменне браць на сябе адказнасць, абараняць інтарэсы і правы работнікаў.

Мая жыццёвая практыка паказвае: людзі настолькі давяраюць прафлідэру, наколькі ён сам упэўнены ў сабе. У паводзінах гэта ўпэўненасць выражаецца ў такіх знешніх праявах, як: спакой і сабранасць, уменне несці адказнасць за свае ўчынкі, выкарыстанне гібкага падыходу да людзей і абставін, прыняцце аргументаванай крытыкі ў свой адрас. Заўсёды стараюся адэкватна ацаніць свае магчымасці і дасягненні ў рабоце, спрабую выносіць урок са сваіх памылак і своечасова прызнаваць і выпраўляць іх.

Устанаўліваючы кантакт з людзьмі ў сваёй прафсаюзнай арганізацыі, я спрабую зразумець, даведацца, чым яны жывуць, якія ў іх праблемы і намеры. Таму на пачатковай стадыі прадметнага дыялога менш гавару сама, а прадстаўляю слова свайму субяседніку. Мой субяседнік – асоба. Асоба – гэта канкрэтны чалавек, які з'яўляецца прадстаўніком нашай дзяржавы, грамадства і групы (сацыяльнай у данным выпадку), які ўсведамляе свае адносіны да людзей, акружаючых яго, і сацыяльнай рэальнасці, які ўключаны ва ўсе адносіны апошняй, займаецца своеасаблівым відам дзейнасці і надзелены спецыфічнымі і сацыяльна-псіхалагічнымі асаблівасцямі.Развіцце асобы абумоўлена рознымі фактарамі. Ад таго, наколькі мы ведаем і ўлічваем спецыфіку іх праяўлення, залежыць эфектыўнасць разумення ўсіх індывідуальных і сацыяльных дзеянняў і ўчынкаў чалавека .

Камунікабельнасць і кантактнасць у зносінах дазваляюць мне завязваць і падтрымліваць неабходныя прафесійныя і дзелавыя адносіны.

Слухаючы свайго калегу, работніка школы, па магчымасці стараюся загаварыць з ім “на адной мове”, у выніку чаго чую адказ: “Так, Вы сказалі тое, з чым я пагаджуся ”. Канечне, не заўсёды з першай размовы можна дасягнуць агульных думак, перакананняў, але калі сапраўдны лідэр зацікавіўся праблемамі чалавека , то дыялог атрымаецца канструктыўным.

На маю думку, важнай якасцю ў прафлідэра з'яўляецца ўменне браць на сябе адказнасць. Яно звязана са здольнасцю прадбачыць усе магчымыя варыянты, а таксама пераконваць члена прафсаюзнай арганізацыі ў тым, што гэта прадбачанне рэальна, што так і будзе. І яшчэ адна важная якасць характару прафлідэра, якасць майго характару – гэта наш эмацыянальны бок – суперажыванне і спачуванне. Суперажыванне – гэта здольнасць зразумець праблемы чалавека. Спачуванне – гэта дапамога члену калектыва разабрацца ў некаторых жыццёвых пытаннях.

Зразумела, садзейнічаючы ўстанаўленню сардэчнасці і добразычлівасці ва ўзаемаадносінах з людзьмі, стараюся стварыць неабходны падмурак для адкрытасці, шчырасці, чыстасардэчнасці.

Са свайго вопыту я лічу, што пазітыўным вынікам дзейнасці прафлідэра можна лічыць, калі ён разумее сацыяльна-эканамічную і грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне, палітычныя і эканамічныя праблемы, якія стаяць перад дзяржавай, а таксама важна жаданне прыняць удзел у стваральнай працы на карысць сваёй дзяржаве.

На маю думку вельмі важна, каб прафлідэр быў юрыдычна падкаваны. Я стараюся ўдасканальваць свае веды ў вобласці прававой, эканамічнай сферы з мэтай дасягнення аўтарытэта як у наймальніка, так і ў работнікаў, што, безумоўна, прыводзіць да сапраўднага забеспячэння рэалізацыі механізма абароны праў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза. Я ўдзячна за дапамогу, якую аказвае нам, прафлідэрам, наша Фрунзенская раенная арганізацыя г. Мінска Беларускага прафесійнага саюза работнікаў, адукацыі і навукі. Семінары, на якіх выступаюць спецыялісты розных накірункаў, брашуры, дапаможнікі, інфармацыйныя лісты – усе гэта дапамагае прафлідэру ў рабоце.



Сайты Мінскага гаркама, раённай прафарганізацыі дазваляюць вывучаць новыя нарматыўна-прававыя акты. Курсы па ахове працы, семінары, якія арганізоўвае Мінскі гарадскі камітэт Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, даюць новыя веды і па пытаннях аховы працы, вядзення калектыўных перагавораў, справаводстве ў прафарганізацыі, па пытаннях арганізацыі, нарміравання і аплаты працы, па пытаннях працоўнага заканадаўства.

Такім чынам, падагульняючы, хачу сказаць, што ўпэўнена ў тым, што пазітыўны мікраклімат у калектыве, у прафсаюзнай арганізацыі – адзін з важнейшых кампанентаў дзейнасці любой установы, магчымы толькі пры наяўнасці высокай ступені сацыяльнай абароны работнікаў. І ад таго, як сябе праяўляе прафсаюзны лідэр, будзе залежыць не толькі яго аўтарытэт, але і ў цэлым давер да прафарганізацыi.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка