С. В. Шамякіна (Мінск) рэчыўныя вобразы І вобразы-тропы: сэнсава-структурнае супастаўленне




Дата канвертавання12.05.2016
Памер81.66 Kb.
С.В. Шамякіна (Мінск)
РЭЧЫЎНЫЯ ВОБРАЗЫ І ВОБРАЗЫ-ТРОПЫ: СЭНСАВА-СТРУКТУРНАЕ СУПАСТАЎЛЕННЕ
Большасць даследчыкаў літаратуры размяжоўвае мастацкія вобразы па розных тыпах і відах. У прыватнасці, вылучаюць вобразы-тропы, да якіх адносяцца некалькі відаў: эпітэты, параўнанні, метафары, метаніміі, гіпербалы і г.д. Вобраз-персанаж адносяць да іншага тыпу. Напрыклад, вядомы беларускі даследчык В. Рагойша адзначае: “У літаратуры паняцце “вобраз” мае некалькі значэнняў. Мы перш за ўсё сустракаемся з так званымі слоўнымі вобразамі, або тропамі… У эпічных, драматычных і ліра-эпічных творах ствараюцца вобразы-персанажы…” [4, с. 74].

Што тычыцца вобразаў-локусаў і вобразаў-рэчаў, дык з імі ў навуцы звязана шмат праблем. Многія даследчыкі ўвогуле не звярталі ўвагі на такія віды вобразаў. Іншыя вылучаюць аб’екты прасторы і прадметы як часткі агульнай карціны свету мастацкага твора, але не лічаць іх самастойнымі вобразамі. Традыцыя нігілістычнага стаўлення да вобразаў прыроды, прасторы і рэчаў ідзе ад работы А. Бурава “Эстэтычная сутнасць мастацтва”, у якой ён цалкам адмаўляў вобразам прыроды ў самастойнай эстэтычнай значнасці, лічыў, што прырода іграе ў творах толькі дапаможную ролю для выяўлення галоўнага прадмета мастацтва – чалавека і яго характару. Мы не можам згадзіцца з такім меркаваннем. Мы лічым, што існуюць вобразы-локусы і рэчы, якія па сваёй змястоўнай структуры, сэнсаваму напаўненню, эстэтычнай значнасці ў сюжэце амаль (ці ўвогуле) раўнацэнныя вобразам-персанажам. Такія вобразы могуць стаяць у цэнтры сюжэта, вызначаць лёс герояў і ўсе дзеянні ў творы. Сучасны расійскі тэарэтык літаратуры В. Халізеў гаворыць адносна вобразаў-рэчаў: “Рэч у літаратурным творы… мае шырокі дыяпазон змястоўных функцый… часам вобразы рэчаў вылучаюцца на авансцэну і становяцца цэнтральным звяном слоўнай тканіны” [6, с. 205-206]. Да таго ж, даследчыкі, якія адвяргаюць самастойны вобразны характар аб’ектаў прыроды і прадметаў, абапіраюцца пры гэтым на іх нібыта меншую значнасць у параўнанні з персанажамі і залежнасць ад апошніх. Але ж і самі персанажы-людзі ў творы істотна адрозніваюцца паміж сабой па значнасці для сюжэта: другарадныя і эпізадычныя менш значныя, чым галоўныя, і таксама могуць уводзіцца ў твор толькі для таго, каб лепш раскрыць, “падсвяціць” асобу галоўнага героя. Але ж гэта не з’яўляецца для навукоўцаў падставай не лічыць іх персанажамі.

Такім чынам, некаторыя даследчыкі прызнаюць існаванне матэрыяльных прадметаў і аб’ектаў прасторы ў якасці самастойных вобразаў твора. Але нам не сустракалася думак аб тым, што названыя віды вобразаў разам з вобразамі-персанажамі ўтвараюць адзіны сэнсава-структурны тып, які мы назавем “рэчыўнымі вобразамі”. Наша задача – доказ гэтага і паказ агульных рысаў ў дадзеных відаў вобразаў, для кантрасту ў параўнанні іх з вобразамі-тропамі.

Адзначым, што хоць, як было сказана вышэй, даследчыкі ў большасці сваёй адмяжоўваюць тропы ад іншых тыпаў вобразаў, але не прыводзяць крытэрыяў такога размежавання, не вызначаюць дакладна, чым адрозніваюцца розныя тыпы вобразаў. Інтуітыўна ж розніца адчуваецца ўсімі. Але, тым ні менш, і тое, і іншае названа “вобразамі”. Што ў іх агульнага і што рознага?

І тропы, і рэчыўныя, і іншыя вобразы падыходзяць пад сучаснае вызначэнне паняцця “мастацкі вобраз”, дадзеная расійскім даследчыкам А. Ястрабавым: “Мастацкі вобраз – гэта абагульненне элементаў рэальнасці, якое аб’ектывізавана ў пачуццёва-успрымаемых формах, што створаны паводле законаў віду і жанру дадзенага мастацтва, у пэўнай індывідуальна-творчай манеры” [1, с. 40]. Але розныя тыпы вобразаў утвараюцца і функцыяніруюць ў творах па-рознаму.

1. У слоўных відах мастацтва – фальклоры і літаратуры – формай рэалізацыі вобраза з’яўляецца слова. Тым ні менш, у тропаў і рэчыўных вобразаў адносіны паміж сэнсам вобразаў і іх слоўнай абалонкай розныя. Вобразы-тропы даследчыкі прама называюць “слоўнымі вобразамі”. Яны прысутнічаюць толькі ў слоўнай форме, у прыгожым пісьменстве. А вось рэчыўныя вобразы – персанажы, локусы і рэчы – ёсць таксама ў жывапісе, у скульптуры, аб’екты ж архітэктуры, увогуле, і ёсць увасобленыя вобразы-локусы. Рэчыўныя вобразы менш звязаны са сваёй слоўнай абалонкай. Калі замяніць словы ў метафары – атрымаецца зусім іншая метафара (ці ўвогуле бязглуздзіца). Слоўная форма, якою выражаны канкрэтны троп, – адзіна магчымая і назаўсёды зададзеная для яго. А вось для вельмі многіх рэчыўных вобразаў іх слоўная форма – па-сутнасці мастацкая дэталь, якую верагодна замяніць на іншую без страты (часам нават без змены) сэнсу. Скажам, у казачных (і не толькі) персанажаў галоўнае не слова, якім яны названы (гэта ўмоўнасць), а функцыі, якія яны выконваюць, і характарыстыкі, якімі валодаюць. Ім магчыма даць іншае імя, а іх усё роўна магчыма будзе пазнаць. Менавіта на гэтым заснавана класічная праца У. Пропа “Марфалогія чарадзейнай казкі”: дзейных асоб казкі даследчык аналізаваў не на падставе іх імён, а, у першую чаргу, паводле тых функцый, якія яны выконваюць. Тое ж назіраецца і з вобразамі локусаў і рэчаў. Напрыклад, у казках існуе шмат магічных прадметаў з рознымі назвамі, але аднолькавай функцыяй: так, функцыю “аздараўлення” могуць выконваць жывая і моцная вада, маладзільныя яблыкі, звярынае малако.

2. І тропы, і рэчыўныя вобразы пэўным чынам суадносяцца са з’явамі рэчаіснасці, але суадносяцца па-рознаму. Узятыя для аналізу тры віды вобразаў названы абагулена – “рэчыўнымі”, таму што па свайму асноўнаму катэгарыяльнаму значэнню вобразы-персанажы, локусы і рэчы суадносяцца з канкрэтнымі адзінкавымі адасобленымі аб’ектамі матэрыяльнай рэчаіснасці, якія магчыма ўспрымаць органамі пачуццяў: жывымі істотамі (якімі часцей за ўсё з’яўляюцца персанажы), аб’ектамі прасторы (локусы), прадметамі (рэчы). Іх магчыма ўявіць сабе ў якасці канкрэтных матэрыяльных адзінак (нават фантастычныя вобразы). У той час як вобразы-тропы выяўляюць адносіны паміж некалькімі рознымі аб’ектамі ці з’явамі (як мінімум двума), або паміж аб’ектам і яго часткай і г.д. Расійская даследчыца І. Раднянская вызначае структуру вобразаў-тропаў наступным чынам: яны могуць быць пабудаваны па “прынцыпу метаніміі (частка ці прыкмета замест цэлага) і прынцыпу метафары (асацыятыўныя адносіны розных аб’ектаў)”. [5, с. 673]. Вобразы-тропы маюць дачыненне адразу да некалькіх з’яў. Напрыклад, эпітэт аб’ядноўвае ў сабе пэўную характарыстыку і абавязковую сувязь з тым, да чаго дадзеная характарыстыка прыкладаецца. У значэнні ж вобразаў-персанажаў, локусаў і рэчаў сувязь абазначаных імі адзінкавых аб’ектаў з іншымі менш цесная. Акрамя таго, рэчыўныя вобразы больш канкрэтныя, а тропы могуць быць увогуле абстрактнымі. На гэтых падставах мы і гаворым пра сэнсавае падабенства розных відаў рэчыўных вобразаў паміж сабой, і ў той жа час – пра іх адрозненне ад тропаў.

Не ўсялякі згаданы ў творы прадмет, месца ці асоба з’яўляюцца ў творы паўнацэннымі рэчыўнымі вобразамі, а толькі тыя, якія маюць значэнне для развіцця сюжэта, на якіх канцэнтруецца ўвага ў творы. Інакш кажучы, рэчыўныя вобразы маюць у творы асаблівую, значную сэнсавую нагрузку.

3. Вышэй адзначалася, што і тропы, і рэчыўныя вобразы ў тэксце выяўляюцца з дапамогай слоў. Але словы ў кантэксце канкрэтных твораў набываюць дадатковыя сэнсы. Так, вобраз-троп – гэта “слова ці моўны выраз, ужытыя ў пераносным значэнні” [4, с. 325]. Ён узнікае, калі паміж двума (ці больш) словамі ўстанаўліваецца новая сувязь, нехарактэрная для побытавага маўлення, і на аснове яе абодва словы ў сукупнасці набываюць новае, пераноснае значэнне. У словах, якімі абазначаны ў тэксце рэчыўныя вобразы, таксама прысутнічаюць дадатковыя сэнсы. Фактычна, можна гаварыць аб тым, што слоўны вобраз – гэта, з лінгвістычнага пункту погляду, слова з дадатковымі ці іншымі, у параўнанні з агульнанароднымі, лексічнымі значэннямі. Гэта адбываецца ў выніку прырашчэнняў сэнсаў да слова, якім абазначаны вобраз. Акадэмік Д. Ліхачоў называў гэтую з’яву “прыбавачным элементам” і пісаў: “Прыбавачны элемент” слова ў паэтычным маўленні змяшчае розныя складнікі: новыя адценні значэнняў, часам (не абавязкова ва ўсіх выпадках) новая экспрэсія, эмацыянальнасць, адценні этычнай ацэнкі з’явы, якая абазначаецца словам” [2, с. 381].

Але і тут паміж тропамі і рэчыўнымі вобразамі існуе пэўная розніца. Дадатковыя, пераносныя значэнні, што мае канкрэтны троп, выяўляюцца толькі ў словазлучэнні, якім ён прадстаўлены, толькі праз спалучэнне як мінімум двух слоў. Пра гэта піша расійскі даследчык І. Мурзак: “…Троп, заснаваны на шматзначнасці слова, цяжка растлумачыць, зыходзячы з асаблівасцей нейкага асобнага слова: з’ява “трапізму” ўзнікае толькі ў словазлучэнні, ў маўленчай канструкцыі” [1, с. 66]. Але пры гэтым сэнс дадзенага тропа вельмі часта (хоць і не заўсёды) магчыма зразумець без астатняй часткі твора, у якім ён быў ужыты, па-за кантэкстам. Напрыклад, тропы з верша А.Куляшова “Бывай…”: “абуджаная сэрцам”, “сцежкі ростані”, “адзінокі сум”, “душа пакрыўджаная” – і без кантэксту, у прынцыпе, магчыма здагадацца, што ўсе яны тычацца нешчаслівага кахання.

У адносінах да рэчыўных вобразаў сітуацыя адваротная. Яны, як правіла, абазначаны ў тэксце адным словам, адной лексемай (калі некалькімі, то ўтвараюць састаўную назву ці імя), але зразумець, якія дадатковыя сэнсы набыло дадзеная слова, інакш кажучы, зразумець сам вобраз, яго змест, магчыма толькі ў кантэксце ўсяго твора. Напрыклад, слова “Іван” само па сабе, па сваім асноўным лексічным значэнні, гаворыць нам толькі аб тым, што гэта ўласнае мужчынскае імя. У кантэксце канкрэтных твораў гэтае слова можа стаць формай розных вобразаў: казачныя Іван-царэвіч і Іван-дурань, Іван Бяздомны з “Масцера і Маргарыты” М.Булгакава, Іван Карамазаў з “Братоў Карамазавых” Ф.Дастаеўскага, і інш. – вельмі адрозныя вобразы-персанажы, кожны са сваім асаблівым зместам, які магчыма ўбачыць і зразумець, толькі прачытаўшы творы цалкам. У той жа час многім персанажам магчыма даць іншае імя амаль без змены сэнсу. Такім чынам, рэчыўныя вобразы маюць меншую залежнасць ад сваёй канкрэтнай слоўнай абалонкі і большую залежнасць ад кантэксту твора, чым вобразы-тропы.

Мы сказалі, што ў вобразах словы, якімі яны абазначаны, набываюць дадатковыя значэнні, што назіраецца і ў тропаў, і ў рэчыўных вобразаў – у гэтым іх падабенства. А розніца паміж імі ў такім плане ў якасці і колькасці дадатковых сэнсаў. Гэтыя значэнні і складаюць змястоўную, сэнсавую структуру вобраза. Звярнуўшыся да работы вядомага даследчыка П. Паліеўскага “Унутраная структура вобраза”, мы высветлім, што ў вобразаў-тропаў гэтая структура даволі простая – складаецца, як правіла, з двух кампанентаў, паміж якімі ўстанаўліваюцца адносіны параўнання, супастаўлення, узаемаадлюстравання [3, с. 76]. Структура ж рэчыўных вобразаў, на нашу думку, з’яўляецца больш складанай, змяшчае ў сабе большую колькасць кампанентаў, і яны могуць уступаць паміж сабой у шматлікія і разнастайныя ўзаемасувязі.

Дадатковыя сэнсы, якія набывае слова, абазначаючы рэчыўны вобраз, можна абагульніць у некалькі груп. Групы сэнсаў і з’яўляюцца кампанентамі структуры вобраза, якія мы вылучаем, а менавіта: культурна-рэчаіснасны кампанент, аўтарская ацэнка, функцыянальна-мэтавы кампанент і мастацкія дэталі. Працэс складвання вобраза з падобнай структурай можна (з некаторым спрашчэннем) прадставіць наступным чынам: аўтар пры стварэнні мастацкага вобраза перапрацоўвае некаторыя жыццёвыя рэаліі і культурныя з’явы (адсюль – культурна-рэчаіснасны кампанент); надзяляе вобраз пэўнымі мэтамі і функцыямі, каб уключыць яго ў структуру тэксту, суаднесці з іншымі вобразамі (функцыянальна-мэтавы кампанент); прыўносіць пэўныя дэталі, каб надаць яму канкрэтнасць і непаўторнасць (кампанент “мастацкая дэталь”), і, у рэшце рэшт, ацэньвае, суадносячы яго са сваімі аксіялагічнымі ўстаноўкамі, этычнымі нормамі і бачаннем эстэтычнага ідэалу (кампанент “аўтарская ацэнка”).

Такім чынам, вобразы-тропы і рэчыўныя вобразы (персанажы, локусы і рэчы) істотна адрозніваюцца па сваім сэнсавым напаўненні, суадносінах паміж зместам і формай і па сваёй змястоўнай структуры. Структура рэчыўных вобразаў больш складаная, чым структура тропаў. Вобразы-локусы і вобразы рэчы блізкія да вобразаў-персанажаў па сваім сэнсавым напаўненні і змястоўнай структуры. Акрамя таго, яны могуць іграць у творы такую ж значную сюжэтную ролю. На гэтых падставах мы аб’ядноўваем персанажы, локусы і рэчы ў адзіную сэнсава-структурную групу вобразаў пад назвай “рэчыўныя”.


Літаратура:


  1. Введение в литературоведение: учебник / Н.Л. Вершинина, Е.В. Волкова, А.А. Илюшин и др.; Под общ. ред. Л.М. Крупчанова. – М.: Изд-во Оникс, 2005. – 416 с.

  2. Лихачёв Д.С. Избранные работы: В 3 т. Т.1: О себе. Развитие русской литературы; Поэтика древнерусской литературы. Монографии. – Л.: Худож. лит., 1987. – 656 с. 1 л. портр.

  3. Палиевский П.В. Внутренняя структура образа // Теория литературы. Основные проблемы в историческом освещении. Образ, метод, характер. // Редакционная коллегия: Г.Л.Абрамович, Н.К.Гей, В.В.Ермилов, М.С.Кургинян. Авторы: Ю.Б.Борев, Г.Л.Абрамович, В.В.Кожинов, П.В.Палиевский и др. – М.: Из-во Академии наук СССР, 1962. – 452 с.

  4. Рагойша В. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах: Дапам. / Вячаслаў Рагойша. – Мн.: “Беларуская Энцыклапедыя”, 2001. – 384 с.

  5. Роднянская И.Б. Образ // Литературная энциклопедия терминов и понятий / Под ред. А.Н. Николюкина. Ин-т научн. Информации по общественным наукам РАН. – М.: НПК «Интелвак», 2003. – 1600 с.

  6. Хализев В.Е. Теория литературы. Учебник: Рецензенты: И.В. Фоменко, Н.К.Гей. – М.: Высш.школа, 1999. – 398 с.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка